Будь умным!


У вас вопросы?
У нас ответы:) SamZan.net

1995 План- Жыццёвы шлях паэта

Работа добавлена на сайт samzan.net: 2015-07-10

Поможем написать учебную работу

Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.

Предоплата всего

от 25%

Подписываем

договор

Выберите тип работы:

Скидка 25% при заказе до 15.5.2024

ПІМЕН ПАНЧАНКА

1917-1995

План:

  1.  Жыццёвы шлях паэта. Пачатак літаратурнай творчасці (аналіз вершаў са зб. “Упэўненасць”, “Вераснёвыя сцягі”).
  2.  Патрыятычны і гуманістычны пафас твораў П.Панчанкі ў гады ВАв (кн. “Дарога вайны”, “Далёкія станцыі”, “Табе, Беларусь”).
  3.  Тэматыка і праблематыка цыкла вершаў П.Панчанкі “Іранскі дзённік”.
  4.  Паэма “Маладосць у паходзе” як паэтычная біяграфія пакалення, да якога належаў і сам паэт.
  5.  Супрацьстаянне адмоўным тэндэнцыям у жыцці грамадства ў творчасці паэта 60-80-х гадоў (зб. “Гарачы лівень”, “Пры святле маланак”, “Крык сойкі”, “Вячэрні цягнік” і інш.)

6.Творы П.Панчанкі 80-90-х гадоў: выяўленне ў іх трывогі за лёс нацыі, адчуванне ўласнай віны за тое, што робіцца, пафас пратэсту супраць адмоўных з’яў у грамадстве (зб. “І вера, і вернасць, і вечнасць”, “Высокі бераг”, “Горкі жолуд” і інш.)

Лiтаратура:

Падручнікі:

1.Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4т. Т.3. / Нац. акад. навук Беларусі імя Я.Купалы. –  Мн.: Беларуская навука, 2002. – С. 312 – 349.

2.Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. (20 – 50 гады): Падручнік / Пад агул. рэд. М.А.Лазарука, А.А.Семяновіча. –  2-е выд., дапрац. і дап. – Мн.: Выш. шк., 200. – С. 411– 446.

3. Гісторыя беларускай савецкай літаратуры: 1917–1940 і 1941 – 1980 гг. — Пад агульн. рэд.  Лазарука М.Л., Семяновіча А.А. – Мн., 1981, 1983.

4. Гісторыя беларускай савецкай літаратуры . Ч.1. Пад агульн. рэд.  І.Я.Навуменкі, П.К.Дзюбайлы, Д.Я.Бугаёва. — Мн., 1981.

Навукова-метадычная :

  1.  .Бугаёў Дз. Арганiчнасць таленту. – Мн., 1989. – С. 235-255.
  2.  “Бачу вас побач...”: Лісты В.Быкава да П.Панчанкі // Полымя. – 2001. – № 8. – С. 155-164.
  3.  Барадулін Р. Сам сябе не выдумляў...: Пра П.Панчанку // Полымя. – 2000. – № 4. – С. 162-173.
  4.  Бельскі А. “Каб... навек засталіся людзьмі”: Тв-ць П.Панчанкі // Род. слова. – 2000. – № 10. – С. 44-48.
  5.  Бугаёў Дз. Сейбіт праўды і чалавечнасці // Бугаёў Дз. Талент і праца. – Мн., 1979. – С. 235-255.
  6.  Бярозкін Р. П.Панчанка: Паэзія ваенных год // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. – Мн., 1984. – С. 368-415.
  7.  Бярозкін Р. Паэзія – маё жыццё: Літ-крыт. арт. – Мн., 1989. – С. 64-76.
  8.  Гарэлік Л. Кантрасты і парадоксы жыцця: духоўныя арыенціры ў паэзіі П.Панчанкі // Род. слова. – 2002. – № 7. – С. 22-26.
  9.  Гніламёдаў У. З любоўю і болем: Творчае аблічча П.Панчанкі // Полымя. – 2001. – № 1. – С. 244-270. № 8.
  10.  Крыніца. – 1997. – № 2.
  11.  Мiшчанчук М. У гэтым прыцемку трагiчнасць эпохi // Роднае слова. – 1995. – №1.
  12.  Марцiновiч А. Дарога у запаведнае. – Мн., 1991. – С. 103-110.
  13.  Мікуліч М. На зломе часу: Старонкі інтэрв’ю, дыялогі. – Мн., 1995. – С. 54-60.
  14.  Мішчанчук М. З назіранняў над лірыкай П.Панчанкі ваеннай пары // Беларуская літаратура ў ВНУ і школе: Праграмы вывучэння і выкладання. – Гродна: ГрДУ, 1999. – С. 141-147.
  15.  Мішчанчук М. Палітычная лірыка П.Панчанкі як тэндэнцыя часу // Бел. мова і літ. у шк. – 1989. – № 7. – С. 47-52.
  16.  Рагуля А. Пафас станаўлення: Літ-крыт. арт. – Мн., 1991. – С. 218-229.

АГ. Гэта — адзін з буйнейшых беларускіх паэтаў XX ст., магчыма, самых няўрымслівых і неспакойных. Яго творчасць адзначана асабліва гарачлівымі мастакоўскімі шуканнямі, ненатольнымі эмоцыямі і страсцямі, імкненнем да высокіх ідэалаў і сумненнямі ў іх, шматгалоссем жыцця і яго супярэчнасцямі. Пра Панчанку смела можна сказаць, што ён сын сваёй эпохі і адначасова яе апанент. Гэта — паэт еўрапейскай традыцыі: паэзія была для яго спосабам духоўнага далучэння да жыцця праз лірычнае перажыванне свету. Змястоўнасць гэтага перажывання, яго эстэтычная накіраванасць і інтэнсіўнасць даюць ўяўленне пра аблічча паэта і пра яго тэмперамент. Вядомы крытык Р. Шкраба на гэты конт заўважыў вельмі дакладна: «П. Панчанка піша толькі пра тое, што ўскалыхнула яго самога, прымусіла мацней біцца сэрца, вывела яго з раўнавагі. Неабыякавасць, пачуццё асабістай зацікаўленасці, імкненне давесці свой погляд, падзяліцца самым патаемным з другім чалавекам — у гэтым ёсць ад-знака сапраўднай паэзіі: Я вершы пішу, бо душа ўстрыіюжана // Любоўю і болем за кожнага з вас» Маладосць, 1973.№1. С. 188.

Паэт сучаснасці — такое вызначэнне за ім замацавалася даўно і трывала. Некаторыя могуць запярэчыць: а як жа інакш, ці магчымы сапраўдны паэт па-за сваей эпохай, па-за часам? Не, вядома. I усё ж у Панчанкі сувязь з сваім часам была асабліва нераўнадушная, асабліва абвостраная, што адбілася на ўсім ідэйна-мастацкім, жанрава-стылявым вобліку яго паэзіі, яе эмацыянальным ладзе. Таму першае, што хацелася б адзначыць, пачынаючы гаворку пра П. Панчанку, — гэта яго выдатны талент лірыка, талент, які відзён літаральна ў кожным творы незалежна ад таго, што мы называем ідэалагічным зместам і светапогляднай канцэпцыяй, якія прысутнічаюць у вершы. Лірыка Панчанкі, сказалі б мы, — гэта драма, якая здарылася з ім самім — беларусам XX ст. Беларуская літаратура (у тым ліку і паэзія Панчанкі) у многім трымалася на адзінстве агульнай сацыяльнай эмоцыі — упэўненасці, што заўтра будзе лепш, чым сёння. Адным з першых, да каго прыйшло празрэнне, быў П. Панчанка. У пачатку 60-х г. ён напісаў верш пад назвай «Жарты і скептык», у якім паказаў спрэчку двух людзей — чалавека «пе-радавога», захопленага навуковымі адкрыццямі, які збіраецца ляцець на Марс, і «адсталага», які лічыць падобныя намеры заўчаснымі («На цаліне не ўсе палі пажаты, машыны грузнуць на Палессі ў нас»). Сам Панчанка быў, вядома, на баку свайго «перадавога» героя. Але прайшлі гады, а з імі з'явіўся і вопыт — паэт навучыўся больш глыбока пазнаваць жыццёвыя супярэчнасці, і яны пачалі ўяўляцца яму з цягам часу не такімі простымі і лёгкімі, як раней. Каб вырашыць усе праблемы, адных палётаў на Марс, аказваецца, недастаткова: “Знаю, што ў калысцы // Нам не аставацца. // Толькі сэрца часам просіць злітавацца: // «Не спакушай нас высокай песняй // Гэтак рана, Галактыка. // Як валуны неачэсаныя — // У нас цяжкія характары. // Ёсць у нас і турмы // 3 арміяй канвойнай, // Ёсць ў нас плямёны // 3 каменнага веку. // Мы яшчэ ў жорсткасці, // Мы яшчэ ў войнах, // Мы яшчэ ў мосці, // А ты нам — пра Вегу” («За вогненнымі вякамі»)

Гэта было напісана ў сярэдзіне 60-х г., калі ўсе былі да сама забыцця захоплены «пакарэннем» космасу, шырокімі крокамі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, менш звяртаючы ўвагі на што дзённыя, зямныя справы. Палітычная тыранія, таталітарызм жорсткая эксплуатацыя, войны як сродак дасягнення сваіх эгаіс тычных мэтаў — усё гэта спаўна было ўласціва і нам, таму «перадавому» ладу, які мы называлі сацыялізмам. Паэт многія рэчы называе сваімі імёнамі, яго вобразныя абагульненні, публіцыстычныя па свайму напалу, прасякнуты ўнутраным пачуццём драматызму. Паэт вылучае рэальны крытэрый для ацэнкі гістарычнай перспектывы, ставячы ў цэнтр увагі чалавека, жыццяздольнасць і гарманічнасць якога будуць вызначацца тым, наколькі ён будзе адпавядаць чалавеку («Без чалавечнасці не будзе вечнасці»).

На працягу свайго жыцця ён знаходзіўся ў неадназначных адносінах з партыяй і ўладамі, але ў цэлым быў абласканы імі, меў пачэснае званне — народны паэт Беларусі (1973), з'яўляўся Ганаровым акадэмікам АН Беларусі (1994), лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1981, за кнігу вершаў «Где ночует жаворонок?»), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1968, за зборнік вершаў «Пры святле маланак»), Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1959, за паэму «Патрыятычная песня»). Званні і прэміі ў дадзеным выпадку, думаецца, даваліся заслужана — яны адпавядалі і таленту паэта, і актыўнасці яго грамадзянскай пазіцыі.

Нарадзіўся Пімен Панчанка (Пімен Емяльянавіч Панчанка) 23 жніўня 1917 г. у горадзе Рэвелі (цяпер Талін) у беларускай сям'і, якая апынулася тут напярэдадні першай сусветнай вайны ў пошуках заробку. Бацька і маці паэта — беззямельныя сяляне з Міншчыны — вярнуліся ў Беларусь толькі ў 1921 г., прайшоўшы суровую жыццёвую школу. Вярнуўшыся, бацька Емяльян Арцёмавіч працаваў у Бягомлі, Кіраўску, Талачыне ў мясцовых лясгасных арганізацыях. Праз гады паэт успомніць: «У мястэчку Бягомль, у дрымучых лясах вярхоўя Бярэзіны, прайшло маё дзяцінства.

Пасля грамадзянскай вайны бацька працаваў дзесятнікам, (б'ездчыкам, прарабам, ляснічым. Я часта ездзіў з ім то на пасадку лесу, то на новыя распрацоўкі і кожны раз бачыў многа новага і цікавага ў жыцці леснікоў, лесарубаў, возчыкаў, падсочніц, сплаўшчыкаў»3. У 1932 г. ён скончыў сямігодку ў Бягомлі, у 1934 — педагагічныя курсы ў Бабруйску. 3 гэтага часу і да 1939 г. настаўнічаў у сельскай школе ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. Адначасова завочна вучыўся на філалагічным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута».

Пачатак літаратурнай дзейнасці прыпаў на сярэдзіну 30-х г., калі ў альманаху «Ударнікі» (1934, № 3) былі надрукаваны яго вершы «Ураджайнае» і «Моладзі», у газеце «Літаратура і мастацтва » (1935, 23 снежня) — «3 песняю вясны», «Сустрэча».

Што такое паэзія? Гэта пытанне, думаецца, мае сэнс у дачыненні да творчасці кожнага паэта, калі яго творчасць — сапраўднае мастацтва. У кожным выпадку паэзія выступае ў сваіх, адметных абрысах і якасцях. Паэтычная дарога П. Панчанкі адзначана ля сваіх вытокаў такімі вось радкамі, у якіх непасрэднасць пачуцця спапучаецца з яскравай, пластычнай вобразнасцю: “Адгрукаў гром. Адгаманіла лета // На мове зор малінавых і кветак. // Там, дзе гулі пшаніцы і жыты, // Сядзяць снапы, як рыжыя браты” («Упэўпенасць»)

3 такіх вершаў складаўся першы зборнік паэта — «Упэўненасць» (1938). Цяжка ў іх пазнаць будучага няўрымслівага. палемічнага, філасофскі-публіцыстычнага П. Панчанку, якім ён стаў у 60—70-я гг. і пазней. У адным з інтэрв’ю на пытанне — як узнікла назва першай кнігі — паэт адказаў: «Назва маёй першай кнігі прыйшла ад самаўпэўненай маладосці, ад адчування, што ўсё пад сілу, на ўсё хапае сіл. Гэта адно. А другое — гэта тое, што сам лад жыцця рабіў нас упэўненымі ў шчаслівым заўтрашнім дні. Скажу прасцей: вялікая вера ў камунізм, у перамогу справы Леніна, у тое, што мы з кожным годам будзем жыць лепш і лепш і што гэта залежыць толькі ад нас саміх, ад плёну нашай працы. Гэтая душэўная ўпэўненасць і нарадзіла паэтыч ную ўпэўненасць. Назву кнігі падказала само жыццё!».

Выяўленчасць, пластыка, жывапіс Панчанкі не прадвяшчалі ў ім паэта глыбокіх псіхалагічных перажыванняў, якім ён стаў пазней. Аднак і ў тых, першых вершах былі шчырасць пачуццяу, глыбокае захапленне стваральнай дзейнасцю чалавека. Хто чытаў маладога П. Панчанку, помніць даўнія яго радкі верша «Радзіме»:Я спакойны юнак, можа, нават крыху сарамлівы,.. // Не пакрыўджу і птушкі, бо знаю: ёй хочацца жыць: // Але тых, хто жадае напасці на кран мой шчаслівы, // Я сваімі рукамі бсз жалю гатоу задушыць”.

За радком стаяў жывы характар, непадробны, своеасаблівы досыць акрэслены і індывідуальны. Характер няпросты! Ужо гэтыя радкі маладога Панчанкі адзначаны пэўным дуалізмам характару лірычнага героя. 3 аднаго боку, ён поўны пяшчоты і ласкі, з другога — надта калючы і грозны, гатовы на рашучы ўчынак. Можна было дапусціць, што юнак валодае немалым маральна-энергетычным патэнцыялам і нават ніякавата было ад думкі: а што, калі ён раптам і сапраўды абрыне на кагосьці гэты патэнцыял, што тады будзе?

У 20—30-я гг. час нанава ставіць спрадвечныя пытанні аб суадносінах асабістага і грамадскага, свабоды і неабходнасці, чалавека і прыроды. Калі для прадстаўнікоў старэйшых пакалення пісьменнікаў вырашэнне гэтых і іншых пытанняў патрабавала ўнутранай перабудовы, то для П. Панчанкі — равесніка Каст-рычніка — яно давалася больш натуральна і нязмушана. Яблыня, што расла, як сірата, ля вёскі (верш «Яблыня»), ахвотна перасяляецца ў калгасны сад. Грамадскае ўспрымаецца як сваё, блізкае, роднае.

Сёння — заднім, як кажуць, чыслом — можна папракнуць паэта ў недахопе праўдзівасці, спрошчанасці ў падыходзе да рэчаіснасці, некаторай просталінейнасці, прастаце. Але гэта была змястоўная прастата! Калі гартаеш першыя яго кнігі, думаеш пра паэтычных настаўнікаў, у якіх вучыўся П. Панчанка, пра мастацка-стылявыя вытокі яго песні. 3 самага пачатку вельмі блізкімі яму былі Янка Купала, Якуб Колас, народная песня, а таксама руская савецкая паэзія 20—30-х гг. «Я іду... Рассцілаюць дзяўчаты ільны...» — Панчанка вучыцца ў Купалы. Вучыцца, але не пераймае ўласцівага народнаму песняру непаўторна купалаўскага ідэалізаванага стаўлення да рэчаіснасці, а імкнецца выпрацаваць сваё, уласнае светаўспрыманне, звязанае з больш адкрытымі, псіхалагічна індывідуалізаванымі адносінамі да рэ-чаіснасці, якія паэт сцвярджаў у першай і ў наступных сваіх кнігах. Ён рана зразумеў, што паэзія — гэта, гаворачы словамі паэта Я. Вінакурава, «мастацтва, у якім чалавек аддае апошняе, Што ў яго ёсць, — самога сябе».

Ніхто яшчэ, здаецца, не пісаў пра тое, што ў творчасці П. Панчанкі плённа распрацоўваліся традыцыі М. Багдановіча з уласцівай для яго ўстаноўкай на самавыяўленне. А яны адгукнуліся, узмацніўшы шчырасць, асабовасць яго лірыкі, даверлівасць і задушэўнасць.

Другі зборнік — «Вераснёвыя сцягі» (1940). Ен развіваў папярэднія матывы творчасці паэта. У ім болей, чым у папярэдняй кніжцы, імкнення да жыццёвых рэалій, канкрэтнасці і верагоднасці, але не менш і просталінейнасці, прывычных схем. Аўтарскія сімпатыі і антыпатыі палярна размежаваныя: “Я не выпушчу стрэльбу з рукі, // Пакуль ёсць паны ў палацах, // Пакуль ёсць на зямлі жабракі. (»Жабракі»).У гэтым таксама праявіўся характар паэта, творчасць якога •казалася ангажаванай тагачаснай ідэалогіяй, якая дыктавала адпаведныя сацыяльныя, маральна-этычныя і эстэтычныя по-гляды і ўяўленні.

«Вераснёвыя сцягі» адлюстравалі беластоцкія ўражанні Панчанкі. Ён трапіў у Беласток восенню 1939 г. — з вызваленчым паходам Чырвонай Арміі. Туг, у гэтым горадзе, ён упершыню сустрэўся з буржуазнай рэчаіснасцю і, здаецца, упершыню ў яго паэзіі выразна прагучалі сатырычныя ноты. У паэме «Беластоцкія вітрыны», у некаторых даваенных вершах узнікае размова пра духоўныя каштоўнасці чалавека, праяўляецца запал палеміста, сцвярджаецца гераічная прырода савецкага ладу. I ў гэтым сэнсе сам паэт быу сынам свайго часу, падрыхтаваным да цяжкіх выпрабаванняў.

Ён не выходзіць за межы традыцыйнай паэтыкі. Аднак ужо ў некаторых даваенных рэчах («Пра смерць», «Беластоцкія вітрыны») паэт быццам бы хоча, намагаецца пашырыць абсягі маналагічнасці, шукае шляхі да поліфанічнасці стылю, які мог бы зблізіць з жыццём, з рознымі пунктамі гледжання. Паэма «Бе ластоцкія вітрыны» напісана пад моцным уздзеяннем Маякоўскага, на якога раўняліся многія паэты 30-х г. і пазнейшай пары. У Маякоўскага яны вучыліся актывізацыі і ўзбуйненніо лірычнага пачатку, маштабнасці паэтычнага мыслення, якое ахоплівала разам з унутраным, інтымным і сацыяльныя буры часу.

У 30-я г. ізноў выразна чуўся пах пораху, ішла падрыхтоўка да новай вайны, якую савецкае партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва разумела як новую хвалю сусветнай рэвалюцыі, якая нягледзячы на ўсе чаканні, як ні дзіўна, усё яшчэ марудзіла, не выбухала. Аўтар «Беластоцкіх вітрынаў» калі і думаў пра сусветную рэвалюцыю, то не настолькі, каб ахвяраваць пачуццём радзімы, роднаснасці з усім любімым і блізкім. Напрыклад, у тым жа вершы «Радзіме», да якога мы ўжо звярталіся, у голасе паэта чуліся новыя, глыбока патрыятычныя пачуцці: “Я малым хлапчуком палюбіў твае пушчы і нівы. // I блакітныя рэкі, і мора зялёных лугоў. // Ты мяне гадавала, як маці, і рос я шчаелівым. // Не зазнаўшы галечы, з атрадам вясёлых сяброў...

Вайны чакалі, да яе рыхтаваліся, прагназавалі, але выбухнула яна неяк неспадзявана раптоўна і не такой, якой яе ўяўлялі. Да вайны паэт, як і большасць савецкіх людзей, жыў казачна-рамантычнымі ілюзіямі пра магчымую вайну, пра шабельныя атакі і лёгкія перамогі «малой крывёю» ды яшчэ і на чужой тэрыторыі. Ваенная рэальнасць аказалася іншай. Шлях з Беластока, дзе П. Панчанка пасля паходу ў Заходнюю Беларусь застаўся служыць літсупрацоўнікам армейскай газеты, на ўсход, пехатою праз вогненныя вёскі і гарады, быў неверагодна цяжкі: “Брыдуць натоўпы за натоўпамі, // Катомак пыльныя гарбы // Нібыта з веку дапатопнага // Сівую мывалаклі быль”.

Перад вачыма паўставалі карціны чалавечай трагедыі, і ў чуйным, уражлівым сэрцы паэта спляліся пачуцці патрыятызму і нянавісці да ворага. Ён знаходзіць патрэбныя словы, эпічныя мазкі, інтанацыю, каб перанесці гэтыя пачуцці і назіранні ў верш. Адзначым адразу, што ў суровыя гады вайны слова Панчанкі дасягнула асабліва высокага грамадзянскага ўздыму і лірычнай праніклівасці.

У яго перажываннях спалучыліся любоў і нянавісць: “Краіна мая, радасць мая, // Песня мая маладая! // Па нівах тваіх, па тваіх гаях // Сынава сэрца рыдае'".

А побач — выразны заклік: «Страляй маё гора, без стомы ў немцаў з гарматаў і стрэльбаў...»"

Паэзія і нянавісць, як вядома, не надта паміж сабой гарманіруюць. Але ёсць і іншы пункт погляду, якога прытрымліваўся і П. Панчанка: «Паэты, — занатоўваў ён у дзённіку — заўсёды павінны пісаць пра любоў — да радзімы, да жанчыны, да дзяцей, да прыроды. А дзе любоў, там і нянавісць, і ўсё астатняе».

Літаратурная прадукцыя паэта-франтавіка вельмі разнастайая: публіцыстычныя і сатырычныя вершы, фельетоны, востра-бадзённыя артыкулы, нарысы.

Многія з яго ваенных вершаў скідаліся на часова акупіраваную ворагам Беларусь з самалётаў — як лістоўкі. Іх і цяпер яшчэ можна сустрэць у музеях Вялікай Айчыннай вайны. На працягу 1943—1944 гг. была створана лірычная паэма «Нянанісць», якая ўслаўляла подзвіг салдата. Творы, у якіх адлюстраналіся ваенныя эпізоды і сітуацыі, здзіўляюць праўдзівасцю паказу перажыванняў і паводзін людзей на вайне. Дастаткова ўспомніць шырокавядомы верш «Герой» (1943) пра подзвіг салда-пехацінца, які «лёг на змяіныя скруткі дроту», каб па яго спіне пайшлі ў атаку «дзвесце салдацкіх запыленых ботаў», і баявая задача была, такой цаной, вырашана.

Вядома: калі грукочуць гарматы, маўчаць музы, аднак муза Панчанкі не толькі не маўчала — яго паэтычны дар развіваўся, і развіццё ішло ўглыб. Вайна не перашкодзіла яму стаць выдатным паэтам-інтравертам, які якраз у гэты час, як заўважыў Р. Бярозкін, «пачынае ўсё больш і больш асвойваць законы ўнутранага пераўтварэння з'явы ў перажыванне, факта — у пачуццё, у роздум, у споведзь і гэта не прывяло паэта да адрыву ад рэчаіснасці, а наадварот, яно азначала, што паэт пачынае глыбей пранікаць у сутнасць жыццёвых працэсаў і з'яў»13 Бярозкін Р. Пімен Панчанка. Мн., 1968. С. 49—50. Асоба паэта ў Панчанкі зрабілася, інакш кажучы, своеасаблівым інструментам для выяўлення паэтычнай душы рэчаіснасці, узмацніўся суб'ектыўны пачатак, набыла высокую каштоўнасць непаўторнасць уласнага чалавечага вопыту. У творах перыяду вайны, пачынаючы з 1942—1943 гг., часцей за ўсё немагчыма знайсці мяжу паміж сферай інтымнага і грамадзянскага — спалучэнне аднаго з другім выліваецца ў надзвычай арганічным лірычным пафасе, які шырока ўключае тэму вечных каштоўнасцей чалавека. У цяжкай напружанай атмасферы ваеннай рэчаіснасці нарадзіўся пяшчотны, філігранна апрацаваны вобраз сініх касачоў — як сімвал Радзімы, мірнага жыцця і хараства (верш «Сінія касачы»):А калісьці і я прачынаўся ў бацькаваіі хаце. // Чэрвень. Раніца. Росы і цішыня. // На гародзе епявае паціху маці // Пра жаўнера маладога, пра гнядога каня. // А пад вокнамі мята п'е сонца гарачае // 1 глядзяць мне ў вочы красой нерастрачанай // Сінія касачы.” 

«Сінія касачы» успрымаюцца як фрагмент аўтабіяграфіі паэта, пададзенай у форме інтымнага лірычнага перажывання, арганічна спалучанага з супольным, агульным: “Пяць франтоў мяне пылам гарачым абсыпалі. // За ванну перамерана тысячы вёрст. // 3 успнмінамі крочыў пад ветрамі сіплымі // I з надзеяй на студзеньскім холадзе мёрз. // I заўсёды здалёк, праз прасторы вялікія // Усміхаліся мне і дамоў мяне клікалі // Сінія касачы”. Панчанка П. Дарога ваііны. С. 34—35.

Незвычайна тонкім і вельмі асабістым лірызмам прасякнуты вершы «*** Будуць вечна сады расывітаць...», «Ты скажы мне, зязюля», «У мяне не забілі нікога...», «*** Лес асенні глуха гудзе...», «*** Толькі лісцем рабін шалахні...», «*** Я прысягаў не раз, не двойчы...», якія сведчаць — і паэт гэта добра ведаў —што паэзія паводле сваёй прыроды з'ява інтуітыўная, што счапленне вобразаў і слоў падпарадкавана тут часта толькі паэтычна-гукавым законам. Лірычныя вобразы П. Панчанкі, яскрава перадпючы думкі і перажыванні аўтара, змяшчаюць у сабе свет род-най зямлі, сувязь часоў і пакаленняў. У яго ваеннай лірыцы— характэрная паэтычная з'ява таго часу! — назіраем узмацненне пачуцця гістарызму. Пра народ: «Ён, магутны, у пушчы адвечныя рушыў». Паэт звяртаецца да ёмістага народнага слова, якое ўвабрала ў сябе стагоддзі чалавечай гісторыі.

У вайну давялося ваяваць на чатырох франтах: Заходнім, Бранскім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім, а Дзень Перамогі сустракаць ажно ў Іране, куды ён нечакана трапіў разам са штабам арміі і рэдакцыяй франтавой газеты, у якой служыў, на пачатку 1944 г.: “Дзіўна тут усё і незнаёма: // Песня-крык і востры пах пладоў, // Казачныя постаці харомаў, // Сцены глінабітныя платоў.// На асфальце трапяткія цені, // Пад лістною звонянь арыкі, // I пераліваецца адзеннем // Буйны вір натоўпаў гаваркіх. // I калі гарачымі вачыма // 3-пад чадры і ранка шугане, // Мімаволі ты прашэпчаш імя, // Чутае калісьці: — Шаганэ...  («У Тэгеране»)

«Іранскі дзённік»—выдатная з'ява ў беларускай літаратуры. Загадкавы Усход здзівіў беларускага паэта сваімі сацыяльнымі кантрастамі. 3 Іранам (Персіяй) ён быў знаёмы да гэтага толькі па кнігах, казках «Тысячы і адной ночы», вершах С. Ясеніна (які, дарэчы, у Іране і не быў), перакладах М. Багдановіча. Паездка ў Іран абвастрыла патрыятычныя і інтэрнацыянальныя пачуцці. Заслуга П. Панчанкі ў тым, што ён убачыў Іран такім, якім ён ёсць — з яго экзотыкай, старажытнай культурай, даўнімі звычаямі і страшэннай галечай: I дзе яны, князены дочкі. // Што ззялі заморекай красой? // Вось гэта, што чэрпае з бочкі // Руды селядцовы расол? // Ці тая гандлярка худая, // Што варыць з баранінай плоў? // Іду я, і злосць разбірае: // Ну хто гэта казак наплёў? («Рамантыка»).

«Іранскія» вершы насычаны арыгінальнай, сакавітай вобразнасцю, гумарам і іроніяй, як, напрыклад, верш «Бутэлька Цынандалі», у якім перад чытачом разгортваецца стракатая карціна ўсходняга базара. Чаго толькі тут няма: «Дываны  персідскія, пярсцёнкі», копія з Гагена, ром і бром, абразы армянскія і тонкі звонкага Саадзі вершаў том, пацеркі, вясёлкавыя шалі, дарагіх гадзіннікаў гара...» Аднак усё гэта па праўдзе мала цікавіць паэта: Кніг індускіх я чытаць не ўмею, // Шоўк не для салдата, Дываны'? // Гэта рэч. Усходняй казкай вее. // Вось калі б іх бачыў да вайны”.

 I ў думках паэт вяртаецца ў разбураную вайной Беларусь: Будзе яшчэ некалі багатым // Мой адбудаваны новы дом. // А цяпер няма ў мяне і хаты. // Попел не прыкрыеш дываном. («Бутмька Цынандалі»).

Перамога, якая заспела яго ў Іране, адгукнулася ў яго творчасці шэрагам цудоўных вершаў, якія да гэтага часу здзіўляюць, перажываннем незвычайнасці моманту, адчуваннем цішыні, спакою, палёгкі ў жыцці салдата: «Першы раз на маім мінамёце мірна свецяцца тры дажджынкі».

Фанфарны «Сон пра апошні залп», таксама напісаны ў Іра не, хвалюе высокім ідэйна-эмацыянальным уздымам, патэтыкай мірных, жыццесцвярджальных пачуццяў: “Дажджы прамяністыя, з хмар ападайце! // Жыты, прарастайце, // Сады, зацвітайце! // Вяртайцеся, людзі, з няволі, з палону: // Жанкі — да мужчынаў, // Мужчыны — да жонак, // У сажалкі — рыбы. // Сярпы — на палетак, // Музыкі — да скрыпак, А пчолы — да кветак!

Дэмабілізаваўшыся з арміі, Панчанка вяртаецца ў Беларусь, перапоўнены шчасцем і прагай жыцця. Краіна ўзнімалася з руін, гаіла нанесеныя вайной раны. Заканчэнне вайны, перамога над ворагам мацавалі веру ў доўгачаканы мір, надзею на тое, што ўжо ніхто не парушыць адноўленага натуральнага ладу жыцця, заваяванага дарагой цаной шчасця. 3 твораў, напісаных у гэты час, можна адзначыць цыкл «Сустрэча з Вільняй», верш «Забытыя словы», «*** Я тэмы для вершаў старанна вышукваў...» Падрыхтаваны перад вайной да друку зборнік «Трывожныя зарніцы» ў час вайны згарэў. Часткова, па памяці, ён быў узноўлены ў пасляваеннай кнізе «Гарачыя вятры» (1947).

I ў першыя пасляваенныя гады творчая ўдача чакала паэта там, дзе ён шырока і праўдзіва глядзеў на свет. Здаецца, ніхто не звяртаў увагі на верш «Вечныя словы», напісаны ў 1946 г. Дарэмна — ён цікавы. Мова народа, гаворыцца ў ім, неўміручая, таму што ў ёй пакінулі след яго жыццё, культура, побыт.

Пасляваенная паэзія П. Панчанкі вельмі разнастайная з тэматычнага боку, ён услаўляе стваральную дзейнасць савецкага народа, барацьбу за мір, выкрывае падпальшчыкаў вайны, імкнецца раскрыць шматгранны вобраз радзімы.

У 1945 г. ён стварыў дзве паэмы — «Іспанская ноч» і «Маладосць у паходзе». «Іспанская ноч» прысвечана іспанцам-інтэрнацыяналісгам, якія ў час Айчыннай вайны змагаліся ў беларускіх партызанскіх атрадах. Гэта расказ пра барацьбу з ворагам і ка-ханне маладых герояў, пра высокія маральныя ідэалы, да якіх яны імкпуліся. У паэме шмат сітуацый і падрабязнасцей, якія не пакідаюць чытача абыякавым. «Маладосць у паходзе» напісана ў іншым сюжэтна-тэматычным ключы. Гэта адна з першых спробаў азірнуццца назад, на вытокі біяграфіі, асэнсаваць пройдзены шлях. Адразу скажам, што з сённяшняга гледзішча «Маладосць у паходзе» ўяўляецца своеасабліваю энцыклапедыяй колішніх нашых ідэалагічных блуканняў, памылак, якія пачыналіся ў самым дзяцінстве: “Купальскія агні... Была задачка! // Ісці ці не ісці? Мы піянеры. // Бязбожнікі. Арлы. Барацьбіты. // Мы ведаем дзядоўскія хітрошчы // — Цымбаламі нас клічуць, спакушаюць // Купальскімі агнямі, жніўнай песняй, // Страшэннымі легендамі. Не пойдзем! // Нам вырашыць патрэбна неадкладна, // Як на бяду і гора ўсім буржуям // Равдзьмухаць рэвалюцыі пажар. // А заадно бязлітасна ў атрадзе // Ухілы і загібы ліквіднуць... "

Так выглядаюць у паэме 20-я гады. Туг яшчэ прысутнічае аўтарская іронія, якой афарбаваны погляд на іх праз адлегласць амаль двух дзесяціголдзяў. Далей ідзе падзея больш сур'ёзная -калектывізацыя, аўтар, ужо без усякай іроніі, темпераментна кляйміць і выкрывае тых, каго называлі кулакамі. Гэта, на думку паэта, цені мінулага, прадстаўнікі старога, варожага свету, з праявамі якога ён неадчэпна змагаўся, па сутнасці, усё жыццё. У паэме «Маладосць у паходзе», малюючы жахлівую (магчыма, і насуперак волі аўтара) карціну высылкі кулакоў, лірычны гером выступае ад імя люмпенізаванай часткі вёскі: “Адвозілі іх на казённых санках // Пад вечар. Галасілі нема бабы. // Выжлятнікі пакінутыя былі // На маладзік. Узрадаваныя людзі // Яшчэ хавалі па праклятай звычцы //За шулы вочы. Мы ж, як іх паўпрэды, // Ішлі за кулакамі, на ўсю глотку // 3 вясёлай бессардэчнасцю крычалі: // «Ага, ага, у Сібір вас высылаюць, // А мы ваш мёд і дулі будзем есці».

«Маладосць у паходзе» задумана як твор біяграфічны, у якім жыццё паэта спалучаецца з падзеямі вялікай гісторыі — такімі, як паход у Заходнюю Беларусь, Вялікая Айчынная вайна, вяртанне ў разбураны, засыпаны попелам Мінск. Аднак па ўсім відаць, што гэтае спалучэнне з гісторыяй, з лёсам краіны прыводзіць не да ўзбагачэння духоўнага свету лірычнага героя, яго індывідуальнасці, а наадварот: ён гатовы растварыцца ў масе, пазбавіцца ўсведамлення свайго «я». «Я — сталінскі салдат!» — спяшаецца заявіць пра сябе лірычны герой, а заадно і сам аўтар, прызнаючы гэтым самым, што У «сталінскага салдата» не павінна быць аніякіх асабістых сакрэтаў, «прыватных», непадуладных рэжыму думак. Паэма «Маладосць у паходзе» сведчыць, што вірус таталітарызму глыбока сядзеў у душы Паэта, як і ў душах многіх і многіх яго сучаснікаў. Пройдзе час, і гэтая заслона спадзе з вачэй, але гэта будзе не хутка...

Восенню 1945 г. П. Панчанка даслаў у рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва» трывожны «Ліст з Ірана» (дзе паэт усё яшчэ знаходзіўся ў складзе савецкіх войск). Аўтар на прыкладзе кніг сваіх таварышаў — Э. Агняцвет, А. Астрэйкі, М. Лужаніна — прааналізаваў стан беларускай паэзіі таго часу. Побач са шчырай, глыбокай лірыкай аўтар адзначаў у многіх вершах брак унутранай праўдзівасці, недакладнасць паэтычнага слова, агульшчыну, недахоп цікавасці да ўнутранага ў чалавеку. Трэба сказаць, што падобных недахопаў не пазбег і сам П. Панчанка, паэзія якога з цягам часу губляе рысы спавядальнасці, набытыя ў ваенны перыяд, адчуванне складанасці жыцця, якая аказалася як бы заслоненай радасцю перамогі. Краіна залечвала раны вайны, аднаўляючы эканоміку, будавалася. У Панчанкі адна за другой выходзяць кнігі «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), адзпачаныя, дарэчы, тымі ж самымі недахопамі, пра якія ён вёў гаворку ў «Лісце з Ірана», крытыкуючы сваіх калег. Не жадаючы адстаць ад імклівага дня, ён даволі аператыўна адгукаўся на яго падзеі, у тым ліку розныя даты, юбілеі, але, імкнучыся адлюстраваць з'явы рэчаіснасці, не заўсёды мог улавіць глыбінную, шматгранную сувязь часу і чалавека, знайсці тое, што звязвае справу чалавека з яго душэўным самаадчуваннем, слова з учынкам, «гра-мазянскае» з «маральным», «інтымным». Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што добрыя, таленавітыя вершы былі, напрыклад, у «Беларусі» (1948).

Тым не менш, у цэлым яго паэзія шмат у якіх момантах разышлася з праўдай жыцця і з тым «чалавечым вымярэннем», якое складае яго гуманістычную сутнасць. Замінаў культ асобы, таталітарызм ідэалагічных установак і мыслення У многіх вершах («Свой горад»,  «Ураджай 47 года», «Зарачанскі музей», «Мінск навагодні») аўтар выдаваў жадаемае за рэальнае, не мог утрымацца ад ідэалізацыі, прыхарошвання рэчаіснасці, схематызму.

Ідэалагічна  нагрузка пранікала ў выглядзе своеасаблівых «давескаў» нават у пейзажную лірыку. Вось, напрыклад, якім цудоўна-непаўторным вобразам пачынаецца верш «Пасля апошняй навальніцы»:А цішыня такая нечуваная // Апала на балоты і палі, // Што кракне качка у трысці туманным — // За многа вёрст пачуе недзе ліст // 1 ападзе з бляшаным ціхім шкрогатам // На васпаваты брук, на мокрую дарогу там”.

Майстэрства тут надзвычай высокае — гукамі і рытмікай аўтар перадае і шоргат ліста, і тое, як ён кружыцца, падае... Аднак ён не дазволіў сабе абмежавацца «голай» эстэтыкай і не закрануць, так сказаць, працоўныя будні грамадства: “1 раптам зноў грымоты пад нябёсамі: // Мо лета зноў вяртаецца да нас? // Не, то шаша грукоча лад калёсамі, // То хлеб вязе дзяржава ў дар калгас.

Асноўнае месца ў зборніку «За шчасце, за мір!» заняла міжнародная тэма, аднак трэба прызнаць, што, па вядомых прычынах, і ў гэтай сферы паэту не стае самастойнасці ў рабоце з матэрыялам, вышэй каментавання падзей ён, па сутнасці, не паднімаецца.

Многае стала мяняцца з 1953 г., калі памёр Сталін. Пачынаецца так званы перыяд «адлігі», намеціліся дабратворныя змены і ў літаратуры, пэўная пераацэнка каштоўнасцей. Гэты працэс не пакінуў абыякавым і П. Панчанку. У вершы «Анкета» (1954) даецца аўтарская ацэнка зробленаму: “Калі мая песня каго й хвалявала, // То тая, апранутая у шынсль... // Растрачана дзён незваротных нямала // На дробязь, на глупства, на тосты, на мель.

«Анкета» была надрукавана ў зборніку «Шырокі свет» (1955) — Кнізе пераходнага перыяду, якая стваралася пасля смерці Сталіна і мела прыкметна больш удумлівага і рэалістычнага стаўлсння да жыцця. Тут адлюстравалася пашырэнне маральных і сацыяльна-грамадскіх даляглядаў творчасці Панчанкі, гуманізацыя погляду на свет і на чалавека. Вельмі сімпатычны, напрыклад, верш «Шапка эстонца», у якім згадваюцца жыццёвыя першавытокі паэта на зямлі Эстоніі і паэтызуецца глыбока гуманістычнае, неадчужанае пачуццё прыязнасці паміж працоўным людам розных нацыяналынасцей. Канкрэтнае ўвасабленне гэтага пачуцця — шапка са сціплымі грашыма, сабранымі з выпадку народзін малога і шчыра-зычлівае слова, сказанае эстонцамі, што прыйшлі ў адведкі, пра якія і расказваецца ў творы.

Жанравая прырода многіх старонак гэтага зборніка не пазбаўлена нарысавасці ў добрым сэнсе слова. Паэта цікавяць розныя, але больш за ўсё бытавыя праявы жыцця, з якімі звязаны чалавечыя ўчынкі і лёсы. Верш «Дачка» прысвечаны дзяўчыне, якая падалася на цалінныя землі Казахстана, — яе паклікала рамантыка, прага волі. Ад хатняга наладжанага дабрабыту (у маці быў ужо на прыкмеце і «жанішок») — у голы стэп. «Хлеба ўдасталь, а ёй, бачыш, трэба змагацца за хлеб», — паціскаюць плячыма сваякі. Сэнс і навізна верша, думаецца, у тым, што яго гераіня, насуперак абставінам, выступае з асабістай ініцыятывай, ажыццяўляе права на свабодны выбар, сама будуе свой лёс.

У вершы «Спарышы» расказваецца пра нешчаслівае кахане хлопца да дзяўчыны, якая выйшла замуж за другога. У жыцці — сітуацыя самая звычайная, а для тагачаснай паэзіі, прама скажам, непажаданая: як гэта так, каб савецкі чалавек ды быў нешчаслівы? Панчанка, раскрыўшы гісторыю ўзаемаадносін маладых людзей, даволі смела пайшоў на парушэнне звыклай традыцыі.

Сярэдзіна 50-х г. адзначана спробай дэмакратычнага абнаўлення грамадства. У 1956 г. адбыўся XX з'езд партыі, які выкрыў культ асобы Сталіна і звярнуў большую ўвагу на чалавека як на мэту і меру ўсіх магчымых грамадскіх пераўтварэнняў. 3 беларускіх паэтаў гэта раней за іншых адчуў Панчанка. Найбольш моцныя вершы, напісаныя ў 1955—56 гг., — «Радзіме», «Здарэнне ў гасцях», «Прыстасаванцы», «Выстаўка ў Дамаску», якія сталі яго водгукам на падзеі, грамадзянскім учынкам і споведдзю. Выкрыццё культу асобы зрабіла моцнае ўражанне на паэта: “Дзяўчына падмане — // памучыцца сэрца ды сцерпіць, // Разыдзешся з другам — // балюча, ды час перамеле; //А вось калі вера ў бацьку // загіне у сэрцы // — На хвілю змярцвееш // і чорпымі стануць праменні... («Радзіме», 1956).

Але ідэалагічная ангажаванасць і вера ў камунізм не пахіснуліся. У гэтай сувязі Р. Бярозкін пісаў ў сваёй манаграфіі пра паэта: «3 рашэнняў партыйнага з'езда, з падзей, што яму спадарожнічалі, Панчанка вынес маральны ўрок, які можна сфармуляваць так: твая непахісная вера ў справу Леніна, у камунізм, твая адданасць рэвалюцыйнаму ідэалу — жывая страсць твайго сэрца і розуму, адзіны сэнс твайго жыцця, і гэта вера, гэта адданасць павінны быць заўсёды відушчымі, заўсёды творчымі, каб да нашай велічнай справы ніколі не прыліпалі бяздушнасць і фальш, фанфаронства і акасцянелая догма».

Вядома, паэт шмат перажываў, але цяжкую праўду сустрэў мужна. Ленінскія ідэі ў яго ўяўленні, як і ва ўяўленні многіх яго сучаснікаў, былі спалучаны з традыцыйнымі каштоўнасцямі народнага быцця, і гэтую спалучанасць ён высока цаніў і правяраў ёю рэальны змест грамадскага жыцця. Паўставала аднак неадчэпнае пытанне: хто ж вінаваты ў памылках і недахопах, у парушэннях так званай рэвалюцыйнай законнасці, у тым, што ўсё ідзе не так, яі трэба? Хто перашкаджае? Перашкацжаюць — лічыў паэт — тыя, хто падмяняе жывую, актыўную дзейнасць яе імітацыяй, практычную працу канцылярскімі цыркулярамі, — бюракраты, паразіты, мяшчане, прыстасаванцы. Ён і тады, і пазней быў упэўнены, што ёсць сапраўдныя савецкія людзі, а побач «мноства абывацеляў, здзірцаў, якія дбаюць толькі аб чынах, пасадах, грошах, машынах, дачах, уладзе ды салодкім жыцці...» Пагэтаму не стамляецца абвінавачваць чыноўнікаў і «мяшчанства» ў індывідуалізме і паталагічнай празе да ўласнасці, сцяжальніцтве.

У напісаным якраз у гэты час вершы «Здарэнне ў гасцях» ён з абурэннем гаворыць пра тых, хто купляе кнігі «для мэблі», невыпускаючы іх з палону зашклёных шафаў: “Мірыцца з палонам дубовым не хочуць // Палкі навальнічныя слоў. // Патрэбны ім шчырыя сэрцы і вочы, // Людзей трапяткая любоў.

Эстэтычная рэальнасць лірыкі П. Панчанкі — гэта рэальнасць яго «я», як яно раскрылася ў вершах. Такая рэальнасць знаходзіцьу гэты час выяўлснне ў рэзкіх кантрастах (у тым ліку эмацыянальных), нечаканых супастаўленнях, імклівых пераходах, маральнай бескампраміснасці. Яго паэзія сцвярджае, калі так можна сказаць, дыялектычны погляд на рэчаіснасць, у якім спалучаны мяккі лірызм з даволі жорсткім аналітызмам. Расце напружанасць верша, яго сацыяльная напоўненасць. Паэтычнае захапнленне жыццём ужываецца і сумяшчаецца з іранічным і нават сатырычным поглядам на яго. А ў некаторых вершах, як, напрыклад, у «Прыстасаванцах» (1956), сатыра пераважае. Гэта — узор лірыка-сатырычнай паэзіі, выкрыцця і агалення звыродных з'явішчаў той сістэмы, што потым набудзе азначэнне камандна-бюракратычнай. Тлумачальны слоўнік дае наступнае вызначэнне паняццю “прыстасаванец»: «Чалавек, які прыстасоўваецца да абставін, утойваючы свае сапраўдныя погляды». У паэта — сваё, мастацка-публіцыстычнае вызначэнне, больш канкрэтнае і больш ёмістае: Станкоў не знаюць, араць не ўмеюць, // Да воза з гноем не йдуць і блізка. // Разумнае, вечнае, добрае сеюць // Між мас працоўных амаль з калыскі. // Разлік дакладны ды плюс удача, // Паклон начальству ды жартаў крышку — // Глядзіш і стаўка, а там і дача, // Грунтоўны базіс ашчаднай кніжкі”.

З'едліва развенчвае аўтар ніжэйшы «эшалон» функцыянераў дзяржаўнай і грамадска-палітычнай сістэмы, іх пустапарожняе гучпаслоўе і закаранелы дагматызм, абмежаванасць думкі, эгаізм: “Заплылі твары кароўім лоем, // Нос падпірае тупая веліч...» Кожная страфа — як афарызм, як цэласная фраза, якая мае свой пачатак і лагічнае завяршэнне. Пры гэтым паэт карыстаецца як сродкамі сатыры («Цытата з вока, цытата з вуха...»), так і патрабаваннямі пазітыўнай грамадзянскай пазіцыі і сумленнага публіцыста, што, на яго думку, і давала яму такое права. Пазней, у І972 г., на гэты конт ён выказаўся такім чынам: «Я маю права на крытыку горшага ў нашым грамадстве, бо я сын яго, люблю свой лад, ува мне боль і радасць народа, і я прымаю наша жыццё цалкам — са светлым і цёмным».

Упершыню верш быў надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» 27 кастрычніка 1956 г. Найбольш смелай і вострай з'яўлялася канцоўка — яна акумуліравала ў сабе ўсю выкрывальную энергетыку верша: “А хто памкнецца іх быт парушыць, // Адразу трапіць у іх засаду — // Яны аблаюць, яны заглушаць, // Яны задушаць салідным задам. // Я знаў на фронцс, што вораг — вораг. // А як жа стукнуць па гэтых мордах? // Між нас прыжыўся, зашыўся ў норы // Прыстасаванцаў агідны ордэн.

Вядома, тым, пра каго ён быў напісаны, верш не спадабаўся Асабліва гэтыя дзве страфы, якія аўтар пасля першай, газетнай публікацыі, напалоханы ўласнай смеласцю і баючыся непрыемнасцей, вырашыў урэшце скараціць. Затое, каб ураўнаважыць змест і пазбегчы «ідэйных хібаў», давялося чатыры радкі дапісаць. Гэта быў кампраміс, так сказаць, ганаровая нічыя: Сярод народа такіх не многа, // Ды вельмі ж хітра яны нам шкодзяць. // Нам замінае вось гэта погань, // Як пыл дарожны ў цяжкім паходзе”.

У выніку, пайшоўшы на кампраміс, аўтар асадзіў публіцыстычны запал — у такім выглядзе затым верш неаднойчы перадрукоўваўся ў паэтычных зборніках.

Працяг тэмы раскрыцця адмоўных з'яў у жыцці грамадства аналагічнымі лірыка-публіцыстычнымі сродкамі знаходзім у вершах «*** Трэснула, грукнула...», «Верхалазы», «Навагодняе слова», напісаных з неперадаваемым майстэрствам: “Трэснула, грукнула, грымнула з покатам. // Хлынула цёплае неба на дол. // (Вось і сімфопію слухаем, покуль там // Творцы сядзяць над музычнай нудой). // I бліскавіцы без нудных лічыльнікаў // Суткі ўсхвалёнана паляць сябе. // (Прыстасаванцы хаваюцца ў шчыліны, // Слон кабінетны трывожна сапе).

Вобраз навальніцы сустракаўся ў яго і раней. Дастаткова ўспомніць даваеннай пары верш «Красавіцкая навальніца» (1937): «Я люблю часіну навальніцы, // Калі б'е пярун па ўсіх ладах // I злуюцца ў хмарах бліскавіцы, // Кроплі асыпаючы на дах», аднак у гэтым і іншых падобных вершах аўтар не выходзіць за межы навальніцы як прыроднай з'явы. Не тое — цяпер. Мысленне Паэта стала больш асацыятыўным, павернутым у сацыяльна-маральны бок жыцця, дзе якраз і адбываліся тыя дабратворныя працэсы, якія вітаў паэт. Незвычайная інтэнсіўнасць пачуцця, непасрэднасць і свежасць перадаюцца не толькі змястоўнай логікай, але і інтанацыйнай і рытмічнай структурай верша, усёй мастацкай формай яго твораў, якая становіцца надзвычай актыўнай. Аўтар, скажам, вельмі эфектыўна ўжывае абвостраны прыём супрацьпастаўлення: Не магу цярпець я верхаглядаў. // Верхалазам — тысяча пашан («Верхалазы»).

Размах мастацкіх пошукаў шырокі: з аднаго боку, ён набліжае паэта да традыцый Маякоўскага, з другога — да народнай песні. Ад народнай песні ідуць такія вобразы: «Недзе салавей ў дуброве», «Шумлівыя пушчы, празрыстыя воды, Радзіма, любоў мая светлая», «Дзяўчына па садзе вячэрнім ідзе», «Адвеялі буры ад роднага дома хлапца маладога», «Сады ў радасным чаканні стаяць, набухшы ад расы».

У вершы «*** У акенца тваё...» шмат ад свабоднага верша, які пачаў тады шырока распрацоўвацца ў творчасці некаторых беларускіх паэтаў, але ж колькі ў ім напеўнасці!: “ У акенца тваё // Я пастукаў зязюльчыным ранкам // Пасля салаўінага вечара // 1 перапёлчынай ночы. // Вока тваё, як зорка, // Бліснула з-за фіранкі: // Хто там? // Хто ты // І чаго ты хочаш?”.

У гэты ж час была створана паэма «Патрыятычная песня (1957), якая з'явілася пасля падарожжа на цеплаходзе “Грузія” вакол Еўропы летам 1957 г., што стала магчымым у выніку пашырэння міжнародных кантактаў Савецкага Саюза. Паэма была напісана, прызнаваўся аўтар, за тыдзень. Гэта своеасаблівы рэпартаж з далёкіх дарог, сустрэч з рознымі гарадамі, краінамі, людзьмі. Лірычнаму герою (у дадзеным выпадку гэта сам паэт) карціць «пачуць, чым дыхае зямля». У звычайнай турыстычнай паездцы зрабіць гэта не проста, але цікавых, свежых уражання\ назбіралася шмат. Многае знайшло водгук у сэрцы паэта, спарадзіла ўспаміны пра вызваленчую місію савецкага воіна ў гады змагання з фашызмам. У паэме нямала лірычна-асабістых адступленняў, якія вяртаюць аўтара ў перажытае: “Нада мною аблок // Залатыя і белыя копы. // Хто іх толькі прыдумаў, // А можа я сам іх стварыў? // Праляцела ўсё: // Маладосць. // 'Заляцанні, // Акопы... // Што са мною такое? // Няўжо я раблюся старым?'”.

Ноткі рэфлексіі, якія чуюцца ў гэтых радках, па-свойм сведчаць пра пашырэнне спектра эмацыянальнага перажыванння свету.

«Кніга вандраванняў і любові» (1959), а таксама зборнік «Тысяча небасхілаў» (1962), з'явіліся падрахункам творчых, здабыткаў паэта перыяду «адлігі». У гэтых кнігах ёсць тое, што можна назваць захапленнем жыццём: «Сэрца і тугой, і сонцам поўнае, і жыццё — цудоўнейшая рэч!..» Слова ў ягоным радку пачынае пачуваць сябе больш вольна і нязмушана, намецілася тэндэнцыя ўзаемадзеяння жанраў. Перастаў назірацца ранейшы кантрастны падзел на «інтымную» лірыку і «палітычную» – аўтар дамагаецца сінтэзу аднаго і другога і піша літаральна пра ўсё: і пра Радзіму, пра каханне і закаханых, пра лясы і азёры, пра верхалазаў і прыстасаванцаў, чыноўнікаў і функныянераў.

У тыя, цяпер ужо аддаленыя часы крытыкі, каб пахвалі якога-небудзь паэта, часта казалі: «Яму да ўсяго ёсць справа» У дачыненні да Панчанкі гэта выслоўе не было нацяжкай. Яму сапраўды да ўсяго была справа, ён перад усім і ўсімі адчуваў свой абавязак паэта (як Маякоўскі — нават перад «вішнямі Японіі»), аднак аб чым бы ён ні пісаў, ён абавязкова зыходзіў з уласнага характару (а характар у лірыцы, як вядома, з'ява першаступеннай важнасці). Цікава і дакладна выказаўся на гэты конт у прадмове да адной з кніг яго вершаў перакладчык Я. Хелемскі: «Відаць, я не памылюся, калі скажу, што Панчанка самы тэмпераментны з беларускіх паэтаў. Чытачу з ім ніколі не сумна. Вершы яго тэндэнцыйныя, ён ад нараджэння схільны да спрэчкі, ён нікога не пакідае раўнадушным. Яму не ўласціва ідылічнасць і танны аптымізм. Размоўная інтанацыя яго гранічна верагодная і  даверлівая».

Мастацкі свет паэта набывае плюралістычнасць, якой яму раней, у пасляваеннае дзесяцігоддзе, не ставала, — шматколернасць, своеасаблівы паліфанізм, шматсэнсавасць. Па прычыне гэтай плюралістычнасці не ўсё, што выходзіла з-пад пяра, адразу трапляла ў друк. Трэба сказаць, што і Панчанку даводзілася пісаць «у стол». Створаны ў 1956 г. верш «*** На сходах часта ў звон мы гучна б'ём...» з'явіўся ў друку толькі ў 1993-м— праз 37 гадоў: “Каб разжаваць пытанняў важных соль, // Да старшыні ў кабінет нас клічуць. // «Трэ узгадніць!» — і пальцам тыц у столь. // А там, наверсе, столь падлогай лічуць. // А потым рубам ставіцца задача: // «На гідрабуд хутчэй, на цаліну!» // Каб выламаць пасля, як рабрыну, // Радок мой для чарговай справаздачы. // Цікава там! Ды што ты ні кажы, // Сягоння я за іншае ў трывозе... // Грабуць зямлю зубастым каўшы // Аднолькава на Свіслачы і Волзе. // Аднолькава убогі пах катлет // У душных падарожніцкіх харчэўнях... // Я сам штодзень кіплю ў жыцця катле, // Навошта мне набег? Я не качэўнік. Вядома, падобную ідэалагічную разняволенасць і крытыку “ўстояў» яму б не даравалі, пагэтаму Панчанка, хоць і лічыўся паэтам смелым, нават не рашыўся прапанаваць верш у друк. Дарэчы, калі разважаць у гэтым напрамку, дык ён і сам не надта шанаваў плюралізм думак, што добра відаць у адным з самых адметных панчанкаўскіх вершаў, напісаных у пачатку 60-х г. «Размова з наследнікамі». Тады, як вядома, надзвычай востра стаяла праблема «бацькоў і дзяцей» — спрачаліся «маладыя» і «старыя». У спрэчцы, на баку «бацькоў» прыняў удзел і Панчанка, ірвануўшыся, як кажуць, з месца ў кар'ер: “Неверагодна, неверагодна! // Мы ўжо для будучыні не прыгодны, // I для сучаснасці мы не прыгодны: // Нашы наследнікі — // Люд не лагодны. // Мы кансерватары ўсе // Тупаватыя, // Вы — завадатары бур // 1 наватары. // Мы ўсе аўральнікі, // Культа стваральнікі // Вы — праўдалюбцы, // Хлусні выкрывальнікі. // Мы — гераічныя, // Вы — гіранічныя”.

Лірычная стыхія гэтага верша раскачваецца паміж ідэалам і рэальнасцю, тэмай і контртэмай, паміж сцверджаннем рэчаіснасці і яе крытыкай, і аўтар у сваёй гарачлівасці выглядае часам залішне катэгарычным і запальчывым, але яму не адмовіш у шчырасці. Не ўсё ў нашай гісторыі так проста, — хоча сказаць ён, не ўсё так адназначна, як можа каму-небудзь паказацца. Над гэтым пытаннем паэт шмат думаў. 3 цягам часу (1966) ён пакіне такі запіс у сваім дзённіку: «На Сталіна заўсёды падала святло Леніна, таму мы і верылі яму да канца». У гэтым запісе, як і ва ўсёй творчасці Панчанкі, адбілася дваістасць светапогляду «шасцідзесятнікаў»: пратэст супраць сталінізму і ўхваленне так званай ленінскай «праўды». Гэта дваістасць добра відаць у «Ра мове з наследнікамі»: “Змоўкніце на міг усе гіронікі: // Нам гарчэй успамінаць аб кульце, // А салдацкай веры і героікі // Не чапайце і не крытыкуйце. // Нашы душы і без вас памучылі // Кар'ерысты, хамы, спекулянты, // Валакітчыкі і валютчыкі, // Аглабельшчыкі і пасквілянты. // Хоць здавіла // Праўда нас шурпатая, // Ні на міг // Не згасла вера ў партыю. // Нашы сэрцы // Не ў дагматным воцаце, // Ленінскі агонь // У нашым вопыце”.

Паэт адначасова і любіць «наследнікаў», і «чубіць», тузае іх, але справа не ў гэтым. ён не ўлічвае, на жаль, таго, што канфліктнасць пакаленняў на ўсіх узроўнях — арганічная ўласцівасць сацыялістычнай фармацыі, дзе кожнае пакаленне вымушана, зваёўваючы месца пад сонцам, ва ўсіх недахопах абвінавачваць папярэднікаў і прапаноўваць свае рэцэпты выхаду з крызісу. Жадаючы рэабілітаваць сацыялістычную ідэю, аўтар «Размовы з Наследнікамі» прапануе ідэю міра і згоды паміж пакаленнямі: “Двум пакаленням // За працай не цесна: // Мы з аднаго // Ваяўнічага цеста. // У юнацтве мы некалі перажылі // Развітанне з зямлёй і тугу па зямлі. // У сорак першым, далёкім і горкім, // На пераправах ішлі мы ка дну, // Марачы ўбачыць чырвоную зорку, // Хоць бы адзіную, хоць бы адну. // На крыле самалёта.

Тэма пакаленняў, «размова з наследнікамі», што ўзнікла ў пару адлігі», востарай крытыкі сталінскай спадчыны, мела свой працяг у далейшай творчасці П. Панчанкі. Пазней у асабістых запісах ён занатуе такую думку: «Яшчэ пра змену пакаленняў. Не трэба ні спрачацца, ні засланяць, ні ўступаць. Трэба, каб усё было натуральна, каб тон жыццю задавалі самыя разумныя, сумленныя і таленавітыя людзі, а не прабіўныя дзялкі і бюракраты». Пажаданне — добрае. Трэба адзначыць, што барацьба з так званымі перажыткамі старога, прыватным уласніцтвам, мяшчанствам, як ужо адзначалася, скразная панчанкаўская тэма. У зборніку «Тысяча небасхілаў» ёсць верш пад назвай «Расказ аб загінуўшай дружбе». Яго лірычны асудаае былога сябра за тое, што той стаў уласнікам: Цябе сустрэў я выпадкова, // Твой дом убачыў, хлеў і тын. // –Знайшоў шчасліную падкову, — // Пажартаваў :з ухмылкаіі ты. // У два паверхі дом. Камоды. // 1 віск у хлеве парасят. 1//  вепрукі, і вуллі мёду, // 1 фальварковы пышны сад. //  Пад вокнамі ніводнай кветкі, // Часнок ды памідораў жар. // Адвозіць іх матацыклетка // Аператыўна на базар”.

Сапраўднасць верша, мера яго лірычнай годнасці, як вядома, у значнай ступені вызначаюцца інтэнсіўнасцю і дабраякаснасцю першапачатковага творчага імпульсу. У дадзеным выпадку гэтаму першапачатковаму імпульсу дабраякаснасці якраз і не стае. Дарэмна  аўтар дэмагагічна бэсціць чалавека толькі за тое, што той праяўляе неблагую прыватную ініцыятыўнасць — вырошчвае і прадае на  базары памідоры і часнок. Ды яшчэ і прыпісвае яму невядома што: “Такі і сірат ашукае, // Забыўшы смак сухіх пайкоў. // На сэрцы прагнае сцякае // Тлушч рыжы з дымных кумпякоў. // Няўжо аб гэткім шчасці марыў. // Калі, паклаўшы на траву, // Табе Радзіма белай марляй // Забінтавала галаву? // Адкінь усё і крыкні: «Годзе!» // Інакш між нас да скону дзён // Сяброў не знойдзеш і не дойдзеш // Туды, куды мы ўсе ідзём.

Так заканчваецца гэты дзіўны верш, дзе ўсё пастаўлена, як кажуць, з ног на галаву. Сёння мы лічым мяшчанства, асабліва актыўную, ініцыятыўную яго частку, так сказаць, сярэднім класам, без якога любое грамадства не будзе стабільным. Панчанка – чалавек свайго часу, ён так не лічыў. «Расказ аб загінуўшай дружбе» і некаторыя іншыя вершы сведчаць, што ў сваіх антыўласніцкіх і антымяшчанскіх выпадах паэт даволі часта дапускаў перакосы, упадаючы ў залішне грубы маралізм. Пройдзе нямала часу, і паэт, вяртаючыся поглядам у мінулае, напіша: “Даруй, жыццё, што ў слабасці часовай, // Калі імгла мне засцілала зрок, // Я горкія разгубленыя словы // Бяздумна ўстаўляў у свой радок. // Яны мой боль, яны не мой характар, // Я не хвалюся, толькі знаеш ты, // Які цяжкр на абгарэлых трактах // Узвальвалі на сэрца мне франты. // I ў чалавска грэшнага я веру, // 1 на памылках дробных не лаўлю. // Ні птушцы, ні затуканаму знеру // Я кулю аніколі не пашлю.” («*** Даруй, жыццё...»). 

Гэтым трапяткім «даруй, жыццё» паэт як бы прасіў прабачэння і вяртаў да сябе любоў і павагу чытача...

У канцы 50-х г. давялося пабываць у ЗША, у складзе беларускай дэлегацыі на XIII сесіі Генеральнай асамблеі ААН у верасні 1958 г. Летам 1960 г. ён гасцяваў у Канадзе (шэкспіраўскі фестываль), крыху пазней наведаў Турцыю, Грэцыю, Італію, Туніс, Марока, Сенегал, Гвінею... «Тут сэрца кожнае на хутары» — гэтак:кажа ён пра капіталістычную рэчаіснасць, і ў гэтым, вядома, шмат праўды, аднак творам пра «заграніцу» ў многім замінае просталінейнасць і схематызм. Яны наскрозь палітычныя. Уражанне ад «замежных» вершаў паэта такое, што яны напісаны чалавекам, які залішне прадузята глядзіць на тое жыццё і парадкі, куды ён трапіў, нярэдка даючы зразумець, што міжнацыянальная блізкасць для яго важней, чым нацыянальная асаблівасць якога-небудзь народа. Аўтар цешыць надзею, што чалавецтва возьмецца нарэшце за розум і пачне жыць паводле законаў сусветнага братэрства...

Пасля вяртання з замежных камандзіровак па-новаму, з нейкай асаблівай замілаванасцю ўспрымалася роднае: “Росная зялёная айчына! // На цябе, паўнюткую святла, // Пазіраюць круглымі вачыма // Птушаняты з круглага дупла. // 3 гнёздаў мы даўно павыляталі, // Ды не развучыліся глядзець, // Як паспелым полі, па атаве // Дождж грыбны на дыбачках ідзе («...Дождж ідзе...»). Панчанка П. Нью-Йоркскія малюнкі. Мн., 1960. С. 50.

Вобраз «роснай зялёнай айчыны» знойдзены ў паэтавым сэрцы, ён натуральны, вынашаны і надзвычай арганічны — з грыбным дажджом, што «на дыбачках ідзе».

У розныя перыяды творчасці паэзія П. Панчанкі аказваецца павернутай да чытача рознымі сваімі гранямі, тэмамі і праблемамі. Пара «адлігі» выклікала ў ім глыбокі одум, ён разважае і над самім літаратурным працэсам. Шмат што ў тагачаснай літаратуры яго не задавальняе: «Пра ўсё мы пішам так прачула: пра  лёс і лес, пра лён і лом. Эклектыка, ты нас кранула сваім запыленым крылом», — і ён шмат што пераглядае ў сваёй уласнай творчасці. У выніку ў паэта (і не толькі ў аднаго яго) у 60-я  адбываюцца працэсы пераацэнкі каштоўнасцей, узрастае ўвага і цікаўнасць да чалавечай асобы. Якраз у гэты час убачыла свет адна з лепшых кніг П. Панчанкі — «Пры святле маланак» (1966) створаная аўтарам пасля вяртання з далёкіх падарожжаў на радзіму. Магчыма, пагэтаму ад кнігі вее цішынёй беларускага прыроднага ландшафту і нейкай нават правінцыяльнасцю ў добрым сэнсе слова. Паэт зачараваны прыгажосцю роднага ўлоння.

Прыгадваецца ў сувязі з гэтым англійскі эстэтык і філосаф  Кодуэл (XX ст.), які лічыў, што ў аснове мастацтва знаходзіцца канфлікт паміж «чалавекам натуральным» і «чалавекам грамадскім». Каб пераадолець гэты канфлікт, паэт імкнецца з сферы «грамадскай», адчужанай (службовыя абавязкі, пасяджэнні, камандзіроўкі) да бацькоўскага парога, на прыроднага ўлонне, да самога сябе. Чуццё паэта не падводзіла Панчанку. Ён правільна ўчуў глыбінныя зрухі ў чалавечым свеце, страту таго што называецца чалавечай цэласнасцю. Таму ён і змагаецца з аднабаковым утылітарна-практычным падыходам да рэчаіснасці, імкнецца сцвярджаць устойлівасць духоўнага свету чалавека, яго прыгажосць: “З-за турбот і сходаў языкатых // Беззваротна страцілі мы ўсе // Тысячы палаючых закатнў // I світанні трацім пакрысе” (« Чалавечнасць»).

Пейзаж з'яўляецца вынікам жыццесцвярджальных тэндэнцый у яго творчасці, паэтызацыяй красы і хараства роднаы краю. Радок натхняецца зямным і незямным, жыве глыбокім творчым намаганнем і заклікае да гэтага чытача.

Разняволенасць асобы і думкі выразна адчуваецца ў вершы “Край паэтаў», якім паэт адкрыў свой зборнік «Пры святле маланак ». Гэта — прызнанне ў любові да роднага краю: Там зязюлямі завуцца ўсе кукушкі, // Гэтым краем з Кішынёва ехаў Пушкін. // Там прыгонных шмат паэтаў замарылі. // Там Міцкевіч закахаўся ў Марылю. // 1 Тарас у Пецярбург ішоў праз слёзы. // На яго шляху журыліся бярозы... // Дзе ж той край залатакосы, край зялёны — // Рык ласіны, // Звон пчаліны, // Мора лёну?”. 

Герой верша «Край паэтаў» — Беларусь, яе прырода, духоўны свет, культура. У падтэксце аўтар аспрэчвае даўнія намовы нібыта духоўнай беднасці беларусаў, аб няздатнасці нацыянальна запрыгоненага люду да сацыяльнай і мастацкай твор-часці. Адсюль — як доказ адваротнага — мажорнасць паэтызацыі першавысноў роднай красы ў прыродзе і ў чалавечых душах, у глыбокіх паданнях, народных песнях, у гісторыі абуджэння краю.

У 60-я г. у паэзіі Паычанкі паўстаў жывы, «не эклектычны» чалавек у багацці і непаўторнасці яго біяграфіі і лёсу. Пра гэта сведчыла «Пры святле маланак», выклікаўшы жывую цікавасць крытыкі. «Агнямі дзвюх навальніц, — сказаў пра кнігу Р. Бярозкін, — учарашняй ваеннай і сённяшняй мірнай, “прыроднай” ~ азораны старонкі зборніка». Атмасферу вайны, маральны клімат вайны П. Панчанка, трэба сказаць, не забываў ніколі. Боль, які пасяліўся ў паэтавым сэрцы з той пары, не дае пакою: «Сябры мае, // Прашу цішэй паліць: // Зямлі яшчэ баліць. // 1 мне баліць».

Адчуванне мінулай вайны ў паэта глыбока асабістае і выпакутаанае, ён гаворыць па праву памяці, па праву абавязку. Успамін пра вайну — верш «Апельсіны», не пазбаўлены, дарэчы, яскравых жывапісных «эфектаў», аднак яны не выдуманыя, натуральныя, узятыя з перажытага. Сюжэт верша такі: вайна ўжо коціцца на захад, наступаючыя байцы на хаду частуюцца трафейнымі апельсінамі, якія выпадкова, пад нейкім разбітым гарадком, трапілі да армейскага начпрода: “У залатых вясёлых апельсінах // Быў прысмак перамогі. // Дажылі. // На восем вёрст за намі ў снезе сінім // Аранжавыя кветкі расцвілі. // Пакуль мы гарадок разбіты бралі, // Ішлі на захад па чужых слядах, // Забітыя сябры на снезе спалі // У белых апельсінавых садах”.

Напісаць пра вайну так мог толькі той, хто сам быў на фронце. I яшчэ адна рыса яго паэзіі 60-х г. — яна становіцца ўсё больш і больш спавядальнай і аналітычнай. Адзін з лепшых у зборніку з гэтага пункту гледжання, — верш «Жыццё маё...», у якім задушэўна-сцішаны лірызм сінтэзуецца з публіцыстычнымі інтанацыямі. Гэта — споведзь перад часам з усімі яго бедамі супярэчнасцямі, перад роднай людскасцю з адчуваннем уласнай вінаватасці за невымерныя страты і ўсе цяжары прымусу, нечалавечых адносін, за парабаванне чалавечых душ:  “Мой белы свет, // Мой свет цяжкі ды мілы, // Я ведаю, як трэба шмат рабіць, // Каб нам было бліжэй, чым да магілы, // Да шчасця і да сонечных арбіт. // Таму крывінкай кожнай ненавіджу // Я раўнадушных, // Чэрствых, // Прагных, // Хіжых, // Якія, каб паболей адхапіць, // Гатовы праўду Леніна забыць. // Гаворыце, што выйшлі вы з народа? // Куды? Чаму? // Якой цяпер пароды? // Я са свайго народа не выходзіў, // I жыць да скону буду ў народзе”.

У паэта, як бачым, усё глыбей развіваецца пачуццё жыцёвай праўды як ісціны ў працэсе яе руху і спасціжэння. Ён як бы і абараняе «праўду Леніна», але прынцып вузка зразуметай партыйнасці саступае месца больш шырокаму, агульначалавечаму погляду на рэчы. «Жыццё маё...» прасякнута антынаменклатур- ным пафасам. «Гаворыце, што выйшлі вы з народа?» — у гэтым рытарычным пытанні ёсць пераклічка з вядомай песняй «Вышлі мы все із народа». «Куды? Чаму? Якой цяпер пароды?» Пытанні адначасова змяшчаюць як бы і адказ: выйшлі — значыць пакінулі народ, здрадзілі яму. Аўтар выступае, па сутнасці, супраць партыйнай гегемоніі над жыццём грамадства і — аб'ектыўна —супраць самога ладу, які к таму часу ў многім ужо вычарпаў запас праўды, на якім трымалася яго існаванне: “ Мне сорамна народ агітаваць, // Каб людзі больш і больш штодня рабілі, // Мясілі гліну, валуны драбілі: // Ён ведае і сам, як працаваць... 

Гэта, думаецца, сказана і старым, і новым ідэолагам, якія хацелі б рэгламентаваць развіццё чалавечай асобы і думкі, пазбавіць чалавека свабоды творчасці і самастойнасці. Паступова паэт пачынае вызваляцца ад віруса таталітарызму, але працэс гэты ідзе спакваля і даволі марудна.

У пачатку 60-х г. ён стаў весці дзённік. Сярод запісаў за 196І  г. сустракаем і такі: «Дзяржава рабочых і сялян. Але хто авучыў сялян любіць зямлю?» Падобныя пытанні — наколькі нечаканыя, настолькі ж, аказваецца, на той час і актуальныя, —пачынаюць усё больш турбаваць паэта, і гэты працэс дазваляе гзрабіць вывад аб пашырэнні анталагічных, быційных абсягаў паэтавага мыслення і абнаўленні на гэтай аснове сістэмы духоўных каштоўнасцей. Адной з такіх, найбольш прыярытэтных каштоўнасцей для чалавека заўсёды была родная мова. Панчанка як паэт пра гэта добра ведаў і з жахам адчуваў актыўны наступ асіміляцыі: “Кажуць, мова мая аджывае // Век свой ціхі: ёй знікнуць пара // Для мяне ж яна вечна жывая, // Як раса, як сляза, як зара”.

Гэтак пачынаецца верш «Родная мова», у якім апяваецца прыгажосць і духоўная змястоўнасць роднага слова, якое ўтрымлівае ў сабе генетычную памяць пакаленняў, самабытнасць народнага светаўспрымання і нацыянальны каларыт. Гэта, на думку паэта, яскрава адлюстравалася ў непаўторным ладзе мовы, у яе лексіцы, напрыклад, у назвах месяцаў.  Ён згадвае гэтыя назвы і ў кожнай знаходзіць адбітак душэўна-эмацыянальнага вопыту беларуса: «Студзень — з казкамі снежных аблокаў, Люты — шчодры на сіні мароз, // Сакавік — з сакатаннем і сокам, // Непаўторных вясковых бяроз...» Узрушана і прачула гучаць заключныя радкі: Ці плачу я, ці пяю, // Ці размаўляю з матуляю — // Песню сваю,  мову сваю // Я да грудзей прытульваю.

П. Панчанка яшчэ і яшчэ раз даказвае, што яго вершы – шчырая і заклапочаная размова з сучаснікам аб праблемах надзённых і неадкладных. Аўтару ўласціва дачыненне да ўсяго, што адбываецца ў свеце. Занепакоенасць і трывога гучаць у яго зборніку лірыкі «Снежань» (1972). Гэта тоненькая кніжачка, але вельмі разнастайная паводле свайго зместу. Лірычны герой гэтай кніжкі — чалавек грамадскі, але нельга яго абмяжоўваць толькі грамадскай характарыстыкай. Ён — не абстрактнае ўвасабленне сацыяльнай практыкі. У кожнага ёсць сваё жыццё. А хіба ў паэта яго няма? Іншая справа, што яно звязана з жыццём усіх. «Жыццё ўсіх» праламляецца ў яго праз прыватны лёс чалавечай адзінкі. Але адзінка гэтая з багатай душой. Вось, здавалася б сваё, прыватнае: «I мяне хвароба тузанула, ведзьме рыхтавала на пасаг». Не, праз уласнае, асабістае паэт звяртаецца да нас, наталяе нашу прагу пазнання. Значэнне прыватнага, асабістага можам зразумець толькі ў сувязі з агульным, таму што жыццё кожнага чалавека стала цяпер поўнасцю залежаць ад шляхоў і лёсу ўсяго чалавецтва. Персанальнае ў паэта асэнсоўваецца ў спалучэнні з мноствам іншых лёсаў, падзей, фактаў. Адсюль паўната пачуццяў і роздуму. Адсюль жа — узмацненне ролі паэтычнай выразнасці, што дабратворна адбілася на творчай своеасаблівасці  П. Панчанкі. Яго характар выступае вельмі цэласна, аб'ёмна. I што асабліва важна: у гэтым характары лёс чалавечы спалучаецпа лёсам народным, які добра бачны ў многіх вершах, паэмах, публіцыстыцы...

У зборніку «Снежань» шмат пытанняў: Хоць не парожняя дзяжа ў нас, // 1 добры хлеб наш не гарчыць, // 1 Ленін мудрую дзяржаўнасць // Нам даў, што трэба берагчы. // Ды часам думаеш да стомы: // Што нам нясе шалёны век? // А хто такія мы? // А што мы? // Якім ты станеш, чалавек?” — такое пытанне пастаўлена ў вершы «*** Ламае час былыя шычкі...» Пытанне нялёгкае, і яно, думаецца, робіць гонар таму, хто яго задаў. Яно патрабуе роздуму. У дзённіку паэта (студзень, 1972 г.) чытаем: «Вельмі добра сказаў адзін рускі паэт: «А я погиб на той, гражданской, и комиссары в пыльных шлемах склонились молча надо мной». Гэта было напісана пасля Айчыннай. Але ідэалы Кастрычніка, Леніна — вечныя. I дзе б мы ні гінулі — мы загінулі за рэвалюцыю». Але рэвалюцыю, на думку Панчанкі, абылгалі, падарвалі давер. Адсюль — прысмак гаркоты і суму ў заключнай страфе: А восень сыпле горкім лісцем, // I вечнасць свішча ў трысці. // Як цяжка ўсім да простых ісцін // Праз лес хлусні старой дайсці”.

«Ах, божа мой, як доўга мы хлусілі і верылі ва ўласную хлусню», — такое прызнанне паэт даверыў свайму дзённіку ў 1962 г. Сёння гэта ўспрымаецца, як крык душы.

У зборніку «Снежань» усё яшчэ ўспыхваюць трывожныя спалахі і вуркоча сцішаны гром мінулай вайны, наследствы якой асэнсоўваюцца паэтам праз чалавечы лёс. Верш «Іх вечныя агні» Інапісаны ва ўласцівай Панчанку яснай, без упрыгожанняў, стрымана-строгай манеры, і ў ім, на нашу думку, вельмі добра пера-дадзена любоў і спачуванне паэта да чалавека, пакрыўджанага пайной. У абмалёўцы постацей такіх людзей паэт дасягае асаблівай мастацкай сілы: “Да болю можа кожны прыцярпецца // I да няшчасця, толькі не яны, // Што страцілі дзяцей... // Гарыць для іх цяпельца // На тым далёкім беразе вайны. // Ці зойдзе сонца, ці на дзень займецца. // Адны сярод вялікай цішыні // Старыя маці ў печах старасвецкіх // Штодзённа паляць вечныя агні”.

Пра якія агні ідзе гаворка? Пра звычайныя — гаспадыні гатуюць вячэру, але паэт у побытавым здолеў угледзець рысы іншага — рысы своеасаблівай містэрыі, якая творыцца на нашых вачах у сціплых хацінах ваенных удоў і мацярок: “Уюцца каснікі агню і скачуць, // I твары ўзнікаюць з небыцця. // Цалуюць іх кабеты, ціха плачуць // I не клянуць самотнага жыцця".

Як заўсёды, паэта не пакідае клопат: “Калі ж ты, сонца, у глечык // Нацэдзіш мёду ўсім? 

Філасафічнасць прыйшла да яго з узростам — у 1967 г. ён адзначыў сваё пяцідзесяцігоддзе. У 60-я г. мы  не раз пераконваліся, што яго радок станавіўся больш і больш удумлівы: у вершах адбіваўся роздум над сэнсам жыцця і часам.

Вершы філасофскага гучання: «Вопыт», «*** Прырода надзіва праўдзіва...», «*** Паўвека...  Гэта шмат — паўвека...» «*** Не люблю я слова «пакарыцель»...», «Мае настаўнікі». У іх можна бачыць умацаванне сацыяльна-філасофскай светапогляднай асновы паэзіі Панчанкі. Шырэй стаў яго свет, глыбей пагляд — у мінулае і ў будучыню. Менавіта ў гэты час можна было назіраш, як нарастала, абвастралася ў Панчанкі пытанне адносін чалавека да навакольнага асяроддзя. Гэтае пытанне ў яго творчасці мае сваю гісторыю. У вершы «Гэтак будзе» (1950) — былі такія радкі: “3 нас ніхто нахлебнікам прыроды // Не жадае быць. // Мы кажам так: // — Харашэй, прырода, год ад году // Пасля нашых на цябе атак!

Але па часе ён пераасэнсаваў тэму ўзаемадачыненняў чалавека і прыроды, пачаў раскрываць згубнасць павярхоўна-спажывацкіх адносін да навакольнага асяроддзя і яго багаццяў. У выніку гэтага і з'явіўся верш «***  Не люблю я слова «пакарыцель»...»: “Не люблю я слова «пакарыцель», // Не люблю я слова «уладар», // Вось зямля зялёная — бярыце // Для жыцця, і працы, і для мар. // Хто ўладарыць, той і ўдарыць раптам // — Па надзеі, па душы жывой. // Пакарэнне пахне трохі рабствам, // Карай, і рабункам, і крывёй.

Тэма прыроды асэнсоўваецца тут у якасна новых сувязях з духоўным жыццём чалавека. Адносіны людзей да свету, прыроды звязаны з іх узаемаадносінамі. Прырода патрабуе ад людзей маральнай устойлівасці. Яна, паводле пераканання паэта, мае вялікую выхаваўчую сілу; гарманічная асоба, даводзіць ён, немагчыма без духоўна развітага пачуцця прыроды, з якой звязана не толькі практычная дзейнасць, але і ўсё яго жыццё. «Не люблю я слова «пакарыцель»...» — адзін з узораў публіцыстычнай лірыкі, пазбаўленай пустога гучнаслоўя і дэкларатыўнасці, публі-цыстычны пафас пераведзены ў «рэгістр» гарачага асабістага прамаўлення. Перакананне паэта грунтуецца пры гэтым не на вонкавай заклікавай гучнасці радка, а на дасканаласці ўнутранай формы: майстэрскай агучанасці («Хто ўладарыць, той і ўдарыць раптам»), этымалагічнай выверкай каранёвай сутнасці звыклых слоў і дэфініцый, увядзеннем размоўнай лексікі, нават газетнага жаргону.

«Больш вады і неба на душу» — для паэзіі гэта як бы банальнасць, сцёртыя словы, шаблон, але толькі не ў Панчанкі, які ўмеў любой банальнасці, нават шаблону і штампу надаваць нейкае новае адценне, новае гучанне. Атрымліваецца фактычна тое, што тэарэтыкі-фармалісты 20-х г. называлі эфектам «астранення», маючы на ўвазе прарыў пісьменніка за мастацкую ўмоўнасць, за традыцыйную эстэтыку, паказ прывычнага як новага, раней незнаёмага.— родпай прыроды, лесу, зямлі, вады, неба, пачуццё адзінства з вытокамі свайго лёсу, з усім, што застаецца ў памяці сэрца. У вершы  «Сармацкае кадзіла» паэт скардзіцца: “Кветкі ў лесе ёсць, // Але не тыя: // Да Чырнонай кнігі збеглі ўсе. // Дзе ты, кураслеп лясны? // Дзе ворлік? // А калісь было ўсяго надзіва! // Як збяднеў у нас зялёны свет. // Дзе знайсці сармацкае кадзіла, // Соп-траву, І меч-траву, і познацветм. 

Паэт хацеў спалучыць вопыт сучаснай цывілізацыі з радаснай памяццю гэтых «першасных» адчуванняў.

3 біяграфіі Панчанкі вядома, што яго дзяцінства прайшло на мілай сэрцу Бягомльшчыне, на лясным улонні. «Мяне заўсёды здзіўляла, — піша паэт у эсэ «Пра сябе», — якія ў нас разнастайныя непаўторныя лясы: магутныя пушчы, заўсёды ўсхваляваныя асіннікі, звонкія высокія бары, прасторныя дубровы, вясёлыя бярозавыя гаі, застыўшыя ў непрыступных капонах ельнікі, калінавыя і чаромхавыя зараснікі... Для беларускіх хлапчукоў лес — першая школа, зялёная энцыклапедыя. Ён шуміць, пяе, шалясціць, кукуе, перагукваецца, вые, гудзе, грозна маўчыць. Духмяная звонкая зямля, родны дом, напоўнены казкамі, паданнямі, легендамі. 3 малых гадоў усе мы вучыліся пасвіць у лесе кароў, збіраць ягады і грыбы, вязаць венікі, выразаць з балотнай бярозы чачоткавыя кіі, а з лазы — дудкі ісвісткі, знаходзіць птушыныя гнёзды, запасаць на зіму арэхі і рабіну. Мы ніколі не баяліся свайго лесу».

Адсюль бярэ выток вобраз «сваёй баравіны», які ўзнікае ў яго паэзіі ў 70-я г. : “ У кожнага быць павінна // Свая баравіна, // Дае трымаюць на зялёных руках // Сосны // Самас зыркае сонца. // Дзе б я ні быў — // Баравіна са мной. // Хоць аднойчы за лета // Мне трэба // Паляжаць пад высокай сасной, // Парадніць вочы з небам”.

Пасля дзесяткаў твораў аб «малой радзіме» і дзяцінстве вершы Панчанкі захапляюць чытача новым пунктам гледжання, свежым паваротам тэмы, выклікаюць нечаканыя асацыяцыі, роздум пра тое, пра што, здавалася, сказана ўжо ўсё. Мы бачым, што сустрэча са «сваёй баравінай» наталяе духоўную прагу лірычнаі героя, які адчувае, што «заваяванне», «пакарэнне» чалавекам прыроды ўзнялося на новую, больш акгыўную ступень, што ён — Чалавек XX стагоддзя, — будучы істотай прыроднай, праз гэту неабачлівую актыўнасць парушыў сувязі з прыродай, зрабіўшы спробу падпарадкаваць яе сабе: “Хмары плаваюць над намі, // Зеляніна ўсё радзей. // Раз'яднанне, раз'яднанне // Дрэў, і птушак, і людзей. // Лісця жоўтае кружэнне, // Насцярожанасць травы, /// Адчужэннс, адчужэнне // Ад высокай сінявы («** Хмары плаваюць над намі... »).

Перамога над прыродай, на думку паэта, вядзе да адмаўленння жыцця, паэзіі, да іх знішчэння. Тэму гарманічнасці чалавека і прыроды, пераадолення адчужанасці ён развівае на многіх старонках сваіх паэтычных кніг 70—80-х гг. і ў дзённікавых запісах, часта досыць наіўных: «Жонкі міністраў, сядзьце з жонкамі трактарыстаў, пагаварые пра ўраджай, пра малых, парайцеся пра моды — і знікне ра'яднанасць, — пісаў паэт у сваім дзённіку. — Жонка сакратара райкома, жонка сакратара абкома, жонка сакратара ЦК, паедзце ў сяло, дапамажыце выбіраць бульбу, павойкайце разам з бабамі, палайце сваіх мужоў — во пойдзе кіраўніцтва!» 

Творчая эвалюцыя Панчанкі — прыклад таго, як разам з часам развівалася творчая самастойнасць мастака, як ён усё глыбей авалодваў думкай пра неабходнасць сувязі ідэаіа з жыццём, прагрэсу, з гуманізмам. Паэт да канца жыцця быў упэўнены, што паэзія — неабходны і незаменны спадарожнік чалавека ў жыцці, яна патрэбна людзям для шчасця, у ёй праяўляецца духоўнае багацце людзей, яна выклікае боль і радасць, усмешку і слёзы. Гэтая творчая канцэпцыя мастака адлюстравалася ў кнігах «Крык сойкі»   (1976), “Вячэрні цягнік» (1977). 3 іх выданнем былі праблемы. «Паехаў у выдавецтва, - расказвае паэт. — Цэнзура і аддзел прапаганды знялі новага зборніка «Крык сойкі» некалькі вершау, у тым ліку «То ў надзеях, то ў скрусе...», «Мала вар'яцтва ў нашай паэзіі», «Я гаварыў занадта гучна...», «Замоўкнуў жураўліны скрып калысак...» Хацелі зняць і назву зборніка і такі ж верш, і яшчэ некаторыя...

Бяздарную агульшчыну друкуюць ахвотна, хоць яе ніхто не чытае. А тут усюды нешта мроіцца, нешта іх палохае. Ах, гэтыя дробныя чыноўнікі-кар'ерысты! Літаратуры ад іх няўтульна, і каб жа мы не былі камуністамі, патрыётамі».

Вершы, пра якія ўспамінае паэт, былі надрукаваны пазней ужо ў час перабудовы. Вось адзін з такіх вершаў: То ў надзеях, то ў скрусе // Безаглядна жывеш // Нібы конь той, па крузе // Ўсё ідзеш і ідзеш. // Спадзяешся і верыш, // Што наперадзе ёсць // I паэзіі неруш, // 1 сама маладосць. // Мы штодня сабе хлусім... // Ну, а ісціна дзе ж?  // Нібы конь той, па крузс // Ўсё ідзеш і ідзеш...”.

Гэта вельмі панчанкаўскія радкі, якія  характарызуюць яго лірыку як дакладную кардыяграму ўнутранага жыцця паэта, здольнага на глыбокае самавыяўленне. Глыбокае і надзвычай праўдзівае, з прыкметамі рэфлексіі і моцнага суму, нават безнадзенасці, якая густа афарбоўвае гэтую размову аўтара са сваім аlter ego: “Дні імчацца імкліва, // Не шкадуючы сіл, // За апошні маўклівы // Свой зямны небасхіл. // Я не веру ў цуды, // I туга не грызе // Я развеяны ўсюды // Па шматку, па слязе.”

I, нарэшце, заключная страфа: Было шчасця не многа. // Больш агонь ды бяда... // Не шкада мне нічога? // Усяго мне шкада". ('«** То ў надзеях, то ў скрусе...”) 

Гэта — верш-споведзь, шэдэўр Панчанкавай лірыкі, аднак падабацца аддзелу прапаганды ён зразумела, не мог...

Лірыка гэтага часу — сведчанне неўладкаванага стану чалавечай асобы і грамадства, стану роднай мовы і культуры. Аўтар робіць спробу паэтычнага самааналізу, намацвання першапрычын інфляцыі, эстэтычнага бяздзеяння слова. Шукаючы паратунку ад роспачы, ён апелюе да высокага аўтарытэту Янкі Купалы: “Іду, як заўсёды, у купалаўскі сад, // Падняўшы каўнер і насунуўшы кепку. // А ў садзе шуміць залаты лістапад, // Шапчу я: Іван Дамінікавіч, кепека... // Працуем, а нас не чытаюць амаль, // Жартуем, а людзям чамусьці не смешна... («Творчасць»).

Нейкія «тэктанічныя» зрухі ў грамадскай глебе паэту адкрыліся, аднак на Панчанку, як ужо гаварылася, моцна паўплывала “адліга» 50—60-х гт., і ён працягваў заставацца «шасцідзесятнікам», верыў у ленінізм і ленінскія нормы партыйнага кіраўніцтва, верыў у трываласць самой «сістэмы». У дзённікавым запісе ад 26 лютага 1976 г. П. Панчанка адзначае: «Вельмі дрэнныя вершы да з’езда партыі напісалі Броўка, Танк і іншыя паэты, як нашы, так і рускія. А ўсё з-за боязі страціць кар'еру, жадання быць на віду. Але так нельга, гэта ўжо прастытуцыя палітычная. І пра камуністаў, пра партыю трэба пісаць толькі выдатна, з усёй аддачай душы, калі ты ў справу Леніна верыш глыбока». Гэта трэба разумець у тым сэнсе, што паэзія заўсёды была для Панчанкі сродкам духоўнага пераўтварэння чалавека, далучэння яго да маральнасці і прыгажосці, да гуманістычнага ідэала, што, на жаль, не заўсёды па тых ці іншых прычынах удавалася.

Сам паэт страсна змагаецца за чалавечую асобу, за чалавечыя якасці. У яго вершах часам наглядаем рэзкі пераход ад лірычнай замілаванасці да антаганізму і непрымальнасці.  Уласцівая для  паэта апавядальнасць пераходзіць у палымяную публіцыстыку — і тут яму, як кажуць, няма роўных: “Былы мой друг зрабіўся жмотам, // Прыварак чэрпае густы, // Ірву яго старыя фота, // Палю няшчырыя лісты, // Не гіне род майстроў нажывы // А я малюся аб адным: // Не дай мне, божа, стаць ілжывым, // Зайздросным, злосным і старым («*** Даверлівая прастадушнасць... »).

Але ён бачыць, як усё ўскладнілася. У канцы 1980 г. запісвае ў дзёнпіку: «Мараль наша у многім паляцела пад адхон. Зладзецства, карупцыя, хабарніцтва, гультайства... Часамі  хочацца, каб Сталін вярнуўся і навёў парадак з гэтым несусветным жульніцт вам! Махлярствам! Накапіцельствам!».

Што аднак не здраджвае паэту — гэта любоў да жыцця ва ўсіх яго праявах, да роднай прыроды і побыту. Адметнымі паэтычнымі з'явамі пачатку 80-х г. у гэтым сэнсе сталі зборнікі «Маўклівая малітва» (1981), «Сіні ранак» (1984), у якіх ён падвойвае і патройвае свае намаганні прарвацца праз наслаенні ілжывасці, хлусні, казёншчыны, спажывецтва, прыстасавальніцтва і  зноў далучыцца да першаснай і ўстойлівай чалавечай прыроды: “Зрабіўся відушчым ты толькі цяпер: // Нам век не вучыць, а вучыцца: // Рабіць, памыляцца, узнімацца, цярпець, // Вучыцца ў бабра і ваўчыцы; // Нястомнасці вечнай — у мураша, // Зімовай трываласці ў дрэва... // Замоўкні ты ныць, трапяткая душа, // Табе адпачынку не трэба”.

Вершы 80—90-х гг. — гэта вяртанне да тых мясцін, «дзе начуе жаваранак», да вытокаў. У аўтара выразнае імкненне да «ўневерсальных» ісцін, якія «далучаюць» чалавека да жытнёвага поля, да зорнага неба, да бясконцасці сусвету», да высокай думкі: “Дзе начуе жаўранак, // Скажыце, // Ці на лёгкім воблаку, // Ці ў жыце? // Запытаўся некага // Я ўранні... // Гэта пачалося ўжо // Вяртанне // Праз жыццё, // Удачы і няўдачы, // Да палёў, // Духмяных і гарачычых // Запытаўся, // Ды ніхто не чуе... // Пэўна, у сэрцы Жаўранак начуе'' («Вяртанне»).

У сувязі з такімі вершамі ўспамінаецца вызначэнне сутнасці паэзіі, якое даў філосаф Кант: «незацікаўленае сузіранне». Такое адчуванне паэзіі знаходзім у многіх творах гэтай пары. Звернемся, напрыклад, да верша «*** Даволі вам, дзеці», у якім паэт запрашае дзяцей (дзеці — яго нязменная любоў) выйсці ў жнівеньскую ноч на цёмнае жытнёвае поле. Навошта? Каб сэрцам адчуць магутнасць і веліч светастварэння, прыгажосць начной прыроды, кантакт з якой жывіць душу чалавека: “Там позняе лста, // Там соннае жыта // I зорныя ліўні. // Бяздонне сусвету // Бывае такое глыбокае // Толькі ў жніўні”.

Напісана гэта не маладым чалавекам, а сталым, але, паглядзіце, свежасць успрымання засталася. Яна аплоднена мудрым жыццёвым вопытам, які паэт хоча перадаць нашчадкам. I гэта не нейкае спецыялыіае выхаваўча-педагагічнае мерапрыемства, а акт паэтычнага пазнання жыцця: “Жыццё вас запоўніць // Вучобай і працай, // I шчырым каханнем, // Бо сэрцы запомняць // I зоркавы лівень, // 1 цёплага жыта дыханне.”

Знешне яго вершаваныя формы выглядаюць традыцыйна, але гэта толькі на першы погляд. Асаблівасці мастацкай формы строга падначалены змястоўным задачам. Лірычнае дзеяннс падкрэсліваецца і узмацняецца сродкамі гнуткай, выразнай і надвычай актыўнай паэтыкі. Незвычайная моўная экспрэсіўнасць выклікана дынамікай думкі і эмоцый, ледзь улоўнымі імгненнымі пераходамі аднаго пачуцця ў другое, глыбокім лірызмам. Пейзаж з уласцівымі для яго дэталямі дае адчувапне бязмежнасці жыцця, якое далёка выходзіць за рамкі вершаванага тэкста.

Паэт як бы нараджаецца зноў, нанова, зноў адкрывае шырока вочы на гэты горкі і радасны свет, каб наталіць душу яго прыгажосцю. Асеннія журавіны, што прывезлі землякі з-пад Бягомля, выклікаюць у яго цэлую гаму перажыванняў: Я узяў невялікую жменю, // Божа мой, // Што за смак, // Што за сок! // Журавіны, // Дзяцінства, // Здзіўленне... // Пачакай ты, магільны пясок.

Тут ёсць тое, што ў паэзіі называецца сапраўднасцю перажывання і што нельга падмяніць ніякім, нават самым эфектным эпітэтам ці моднай метафарай. Словам, Панчанка быў і застаўся адным з самых шчырых, самых «псіхапагічных» беларускіх паэтаў, які валодаў рэдкім уменнем настолькі канкрэтна, падрабязна, з увагай да дэталяў, з захаваннем надзвычай тонкіх душэўных адценняў расказаць пра сябе і пра час, што знікае ўласцівае паэзіі — як жанру — адчуваные сумарнасці лірычнага героя і выразна прадстае складанасць і зменлівасць душы паэта, які імкнецца пашырыць сувязі асобы і свету, межы чалавечага ў чалавеку, зрабіць гэтыя кантакты не толькі шматбаковымі, але і больш непасрэднымі, асабістымі, нават інтымнымі.

У паэзіі, як і ў іншых жанрах літаратуры 80-х г., узнялася цікавасць да анталагічных праблем быцця, да вечных тэм мастацкага пазнання, і справа не абмежавалася проста далейшым развіццём традыцыйнага жанра лірычнай медытацыі. Гаворка ішла аб інтэлектуальным і адначасова маральным узроўні паэзіі, аб новым узроўні паэтычнага мыслення. Панчанка адчуў смак да шырока разгорнутай метафары — вобразнага ўвасаблення пэўнай жыццёвай з'явы; «раўнапраўе дрэў», «крык сойкі», «рэвалюцыя сэрцаў і душ», «зямля мая — зялёнае гняздо» — значэнне гэтых і іншых метафарычных выразаў у яго вершах раскры-ваецца падрабязна і шматгранна, абагачаючы асацыятыўнасць (цэлыя гронкі метафар) стылю, паглыбляючы разуменне тых гуманістычных каштоўнасцей, якія сцвярджаюцца ў яго творчасці, узмацняючы абаяльнасць самога лірычнага характару, паэтычнасць успрымання свету. Лірыка-публіцыстычны стыль ста-новіцца шматгранны: паэту не чужыя і апавядальна-размоўная інтанацыя, і узвышана-рамантычны пачатак, і сатырычная накіраванасць. Багацце вобразнай мовы дае магчымасць гарманічна спалучаць учэпістасць сацыяльнага погляду з паэтызацыяй рэчаіснасці, духоўных магчымасцей чалавека. Аднак цяпер паэта турбуе не столькі жаданне змяніць свет, колькі — пазнаць яго, наглядзецца на яго прыгажосць, зразумець духоўныя асновы светабудовы. Яго паэзія ў канкрэтных падзеях і лёсах намагаецца выявіць прысутнасць усеагульных (анталагічных) законаў быцця. Яна становіцца эзатэрычнай, гэта значыць, у чымсьці таямнічай.

У сферу лірычнага перажывання трапляе космас з яго «зорнай таямніцай», якая налічвае стагоддзі і тысячагоддзі. У зборніку “Маўклівая малітва» ёсць такія строфы: “Жнівеньская ноч як звар'яцела, // Развязала чорныя мяхі. // Сотні тысяч зорак пераспелых // Сыплюцца на мокрыя імхі. // Галаву і сэрца мне працяла // Млечным Шляхам. // Край сасновы мой // Сёння ноччу нейкім стаў працягам // Зорнай таямніцы веканой... (« *** Жнівеньская ноч як звар 'яцела»).

Старажытнагрэчаскі філосаф Анаксагор лічыў, як вядома, што адзінае, дзеля чаго чалавеку варта з'явіцца на свет і жыць, дык гэта толькі «дзеля таго, каб назіраць неба і на ім зоркі, Месяц і Сонца». Сучасны беларускі паэт таксама хоча вярнуць чалавека ва ўлонне прыроды, далучыць да высокіх духоўных, эстэтычных перажыванняў.

Зыходзячы з усяго гэтага, можна канстатаваць, што ў пачатку 80-х г. у П. Панчанкі пачынаецца новы творчы этап, звязаны з знаннем таго, што некалі Б. Пастарнак называў «непреложностью обшего хода вещей». Ён няспынны — «агульны ход рэчаў” ў гэтай сваёй магутнай няспыннасці валодае лекарскімі ўласцівасцямі — паглыбляе чалавечы светапогляд, адорвае мудрасцю. Любімую думку Б. Пастарнака — пра «врачующую непреложность мира» згадваеш, чытаючы Панчанкава «*** Вецер грукнуў форткай...»: Лістападу радуйся і снежню, // I вятрам асеннім і снягам. // I малая крыўда здаецца смешнай, // I як слаўна жыць — адчуеш сам.

Эмацыянальныя падзеі ў гэтым вершы адбываюцца ў сферы непасрэднага светаўспрымання і адначасова на ўзроўні светапогляду. Паэт арыентуецца, можна сказаць, на цыклічнасць, на паўтараемасць быцця, і гэта дазваляе кожны раз, кожны год пачынаць усё з пачатку, жыць не ў гісторыі, а ў вечнасці. Шкала іншых каштоўнасцей пры гэтым не толькі не звужаецца, а наадварот — як бы пашыраецца. Ён прыходзіць да думкі, што многія перажываемыя чалавекам супярэчнасці тояцца ў самой прыродзе быцця, няспынным развіцці свету і імкненнях асобы. Пры гэтым у аўтара няма наўмыснага імкнення быць “мудрым” няма нейкіх абавязковых сентэнцый, хаця сам верш яго стаў яшчэ больш зладжаны, афарыстычны.

Адзін з такіх вершаў — «Схема жыцця». У ім аўтар адкідае ўсё малазначнае і дробнае і пакідае самую сутнасць — “схему”, як ён кажа: “Робім да стомы. Цягнемся. Марым. // Век здаганяем. Героямі ходзім. // Ззяем, як сонца. Чарнеем, як хмары. // Нешта губляем. Амаль не знаходзім. // Моцна кахаем. Ад шчасця заходзімся. // Рады, як чэрці. Як людзі, сумуем. // Сварымся. Мірымся. I разыходзімся. // Дзён не хапае. Тьдні марнуем. // Любім дзяцей. Патураем ім. Цешымся. // Радуюць дзеці. Дзеці палохаюць. // Грукне бяда — ад адчаю хоць вешайся. // Ну і наследнікі! Ахаем, охаем. // Верым з калыскі, што лепшае спраўдзіцца. // Побыт бацькоўскі не памятаем. // Плачам. Рагочам. Клянёмоя не скардзіцца. // Дзесьці насмецім. Не падмятаем...”.

Колькімі гадамі раней такія радкі, такі тон для Панчанкі былі зусім неўласцівыя. Замест трывожнага «крыку сойкі» цяпер назіраем як бы прымірэнне з эмпірычнай стракатасцю быцця, канстатацыяй яго звыклай паўтараемасці, прызнанне і сцверцвярджэнне гэтай паўтараемасці як яго, калі хочаце, сутнасці: “ Не заўважаем. Чула клапоцімся. // Успамінаем. I забываем. // Хутка узносімся. Коцімся, коцімся. // Маем, што трэба. Нічога не маем. // Планы складаем. Махаем рукою. // Зрэдку бушуем. Ціха згараем. // Прагнем спакою. Не бачым спакою, // Моўчкі хварэем. I паміраем".

Нехта, магчыма, замест паэзіі ўбачыць тут усяго толькі вершаваную інфармацыю пра пэўныя падзеі і здарэнні, але гэта не так. З'ява разглядаецца тут у яе сутнасці, цэласнасці станаўлення і завершанасці. Перад намі завершаны паэтычны твор. Беларускі аўтар уключаецца ў абмеркаванне агульначалавечай праблематыкі і фактычна прыходзіць да думкі, якую знаходзім у філосафаў -экзістэнцыялістаў і якая заключаецца ў тым, што быццё паўтараецца, але чалавечая сутнасць (дабрыня, разумнасць, пачуццё адказнасці) не прагрэсіруе. Чалавек — адзінокі і досыць безабаронны, — такую выснову таксама можна зрабіць ў гэтым вершы.

Актыўнасць паэта не спадае. Зборнік «Лясныя воблакі» выйшаў у 1985 г. У рэцэнзіі на яго В. Зуёнак задаваў пытанне: «Чым хвалюе, знаходзіць сугучча ў нашых пачуццях, думках — як заўсёды, так і на гэты раз— паэзія Пімена Панчанкі?»

I адказваў на яго: «Канкрэтнасцю светаразумення, светаўспрымання. Канкрэтнасцю народнага ладу. Канкрэтнасцю адчування канкрэтнага чалавека. Канкрэтнасцю той, з якой бярэ ў руку ратай вясковую грудку зямлі ці ўзважвае на ладоні жнівеньскую — з аднаго коласа — сямейку зярнят. Той канкрэтнасцю з якой слухае каваль звон металу. Канкрэтнасцю, з якой хлапчук-свавольнік спрабуе на зуб марозную крохкасць сакавіцкага ледзяша».

Аднак пры ўсёй істотнасці гэта — толькі адна з граней індывідуальнасці паэта, лірычны характар якога канцэнтруе ў сабе і складанасць свету, і яго прыгажосць, і веліч. Творчасць П. Панчанкі— злабадзённая, неаддзельная ад свайго часу. Пры гэтым ён ніколі не паступаўся ні мастацкасцю, ні талентам. Наадварот, сувязь з часам узмацняла яго талент і эстэтычныя здабыткі паэзіі. Маральнае ўспрыманне рэчаіснасці, вастрыня сацыяльнага погляду вядуць да таго, што ён рашуча пераадольвае фактаграфічнасць, эмпірычнасць, а таксама павярхоўную эмацыянальнасць. Факт становіцца прычынай для роздуму, узаемадзейнічае з іншымі жыццёвымі фактамі і з'явамі. Паэт па-ранейшаму імкнецца гаварыць пра тое, што яму рупіць, і ў гэтым сэнсе ён ніколькі не паступаецца індывідуальнасцю. Наадварот, быццам яшчэ больш востра адчувае сваё «я». Вакол яго асобы ствараецца пэўная духоўная «аўра» — ідэйна-эстэтычнае поле паэтычнай творчасці з уласцівым для яго маральным напружаннем. Яго трывожыла усё — вынішчэнне лясоў, непрадуманае будаўніцтва буйных прамысловых (і не толькі прамысловых) аб'ектаў, забруджванне навакольнага асяроддзя, радыенукдіды, якія ўсё шырэй распаўсюджваюцца па зямлі.

Характэрная паэту ўнутраная палемічнасць у гэты час нечым аддалена напамінае Дастаеўскага. Даследчык творчасці Дастаеўскага М. Бахцін у сваіх працах прыйшоў да вываду, што асноўнае значэнне ў ідэйна-мастацкай сістэме гэтага пісьменніка мае дыялог. Дастаеўскі, як вядома, вызначаўся тэмпераментам палеміста, якому ўласціва было сцвярджаць сваю думку ў вострай спрэчцы з апанентамі. У вершах П. Панчанкі часта таксама прыкметна постаць рашуча настроенага апанента. Параўнанне асаблівасцей мастацкай сістэмы Дастаеўскага і сучаснага паэта П. Панчанкі больш чым нечаканае, тым не менш, думаецаа пэўнае дачыненне паміж іх паэтыкамі ёсць. Прысутнасць нябачнага апанента ў Панчанкі дапамагае яму паўней раскрыць свае перажыванні і выказаць думкі, паўней рэалізаваць свой стыль. У якасці апанента (асабліва ў апошніх кнігах) выступаў і сам час з яго нялёгкімі пытаннямі: «Калі з нас кожны  мірна ў пасцелі мяккай спаў, хлапчук, а не граміла, ларок абрабаваў».

Паэт жыў з думкай пра чалавека, аб яго выхаванні і духоўным забеспячэнні. Менавіта такі — верш «Хто вінаваты?», якім ёсць штосьці ад газетнага фельетона, з характэрным, амаль што абавязковым для яго «антыгероем»: “Спачатку пазбавіцца рад // Ад бацькоўскае хаты, // А маці — у горад, // Даюць на яе // Трэці светлы пакой. // На хатчыны грошы, // На матчыны грошы // Абставіць кватэру багата, // А потым і маці цішком — // У Дом састарэлых // На вечны спакой! 

Працяглы час мы рабілі выгляд і гаварылі, што ў нас пабудавана грамадства развітога сацыялізму, што ў выніку скасавання прыватнай уласнасці нарадзіўся новы чалавек, для якога ўласціва «поўная эмансіпацыя чалавечых пачуццяў і якасцей», «пераадоленне адчужэння», вяртанне да «сапраўднай чалавечай сутнасці». Аднак, як высветлілася, гэтага, на жаль, не адбылося. Больш таго, адбыўся рэгрэс — адыход, адступленне ад высокіх чалавечых норм маральнасці. Гэты рэгрэс і турбуе аўтара верша «Хто вінаваты?» Адкрытая журналісцкая — «фельетонная форма не толькі не перашкаджае – паглыбляе яго філасофска-этычны сэнс. Захаваць чалавечае ў сабе азначае для паэта захаваць духоўныя, маральныя каштоўнасш, без якіх немагчыма жыццё на зямлі. Гэта і ёсць, на наш погляд, галоўная ідэя верша «Хто вінаваты?» —ідэя, якая надае цэласны ракурс усёй кнізе «Лясныя воблакі», прасякнутай прагай духоўнасці, імкненнем пазнаць непазнанае. У яго ніколі не было схільнасці да душэўнай утульнасці. Погляд на свет адзначаны бескампраміснай аналітычнасцю. Не толькі гумар, іронія, але нават і екі сарказм (як гэта мы бачылі ў вершы «Хто вінаваты?»), які іншы раз набліжаецца да гратэскных форм, — важнейшыя бакі творчай індывідуальнасці паэта, яго стылю, які другім сваім бокам звязаны з глыбінным лірыімам, паэтызацыяй рэчаіснасці, імкненнем да маштабнасці, рэалістычнай прастаты, аб'ёмнай дэталі і вобраза.

3 сярэдзіны 60-х г. пачаўся перыяд перабудовы. Кнігі Панчанкі 80—90-х гт. напаўняюцца галасамі самога жыцця, да бясконцасці, як аказваецца, шматстайнага, складанага і зменлівага. Да перабудовы паэт паставіўся, як нам здаецца, шчыра, але, як гэта здаралася з ім часам і раней, надта паспешліва: Гэта новая рэвалюцыя, // Гэта новы Кастрычнік ідзе, // Мы—байцы. // Прэч хлусню рэзалюцый! // Толькі праўду штодня,  // Для людзей...

У другой палове 80-х г. кнігі па-ранейшаму выходзілі даволі часта: «1 вера, і пернасць, і вечнасць» (1986), «Горкі жолуд» (1988), “Неспакой” (1988). Аўтар напружана абмяркоўвае праблему чалавека, яго маральных, духоўных вартасцей. Лірыка П. Панчанкі багатая на думку, на філасофскі, духоўны змест. Па часе яму ўсё больш адкрывалася шматмернасць быцця, яго глыбінныя пласты і прычынна-залежныя сувязі.

Па сутнасці, аўтар змагаецца за тую ж самую ідэю, за яе ачышчэнне і дыстыляванасць, не падазраючы і на гэты раз, што яна ўтапічная, што адлегласць ад ўтопіі да рэальнасці яшчэ нікому не ўдалося пернадолець.

У назве зборпіка «I вера, і вернасць, і вечнасць» ёсць, відаць, пераклічка з кнігай М. Танка «Прайсці праз вернасць» (1979), у якой прагучала тэма вернасці паэта ідэалам свайго пакалення і сваёй эпохі. У прынцыпе П Панчанка таксама, нягледзячы ні на што, заўсёды прымаў свой час і яго ідэалы і, адпаведна, размаўляў з чытачом, калі так можна сказаць, на мове паэзіі і мове ідэалогіі. Зборнік «I вера, і вернасць, і вечнасць» пачынаецца вершам «3 імем Леніна»:

Працягваецца і ўласна публіцыстычная тэндэнцыя ў яго творчасці, пра што сведчаць вершы «*** Кажуць, трэба стварыць чалавека...», «Ціхія», «Кабінеты», «Запасныя гнёзды», у якіх сімпатьп і антыпатыі аўтара, як гэта заўсёды было для яго ўласціва, размяжоўваюцца, а агульны настрой рэзка пагаршаецца: “Абрыдла пустаслоўя недарэчнасць, // Не цешаць ні сябры, ні кнігі, ні радня. // Наіўна я пісаў пра чалавечнасць: // Заместа працы — усюды балбатня. // Не сніся мне, жытнёвае маленства, // Развеяўся начлежны цёплы дым // А навакол — адны  мерапрыемствы, // На мове канцылярскай мы гудзім. // А клён гарыць разгневана і пекна. // А ў мяне — ~Чарнобыль на душы. // Мажліва, мне сысці на год у пекла? // Ды не прапусцяць: // Мала паграшыў”.

Час перабудовы выяўляецца ў Панчанкі не апасродкавана, не шляхам нейкіх аналітычных выкладак, а праз шчырасць самога паэта, для якога паэзія была і заставалася не толькі спосабам выказвання, але і, без перабольшання можна сказаць, спосабам жыцця. «Пісаць — як жыць.», — такім было aiter ego, і ён, углядаючыся ў жыццё, многае пачынае разумець па-іншаму. «Нас доўга кармілі, — адзначае ён у артыкуле «У бурны час», — салодкімі казкамі пра «светлую будучыню». Нават цукеркі такія выпускаліся «Счастливое детство»-. Уяўляеце: «Дайце мне чатырыста грамаў «Счастливого детства». Альбо: «Молодым везде у нас дорога, Старикам везде у нас почет».

Цяпер уся надзея на маладых».

Вершы і дзённікі гэтай пары перапоўнены роздумам, скаргамі, пераацэнкаю старога, каяннем: “Я рос бяздумным дурнем, як і ўсе, // 1 славіў росквіт. // Светлы век машынны. // Глядзеў з пагардай на каня ў аўсе, // На воз бацькоўскі свежай канюшыны”.

Так пачынаецца напісаная ў сярэдзіне 80-х г. «Паэма сорам і гневу» - твор вельмі, калі так можна сказаць, «панчанкаўскі своеасаблівая «споведзь сына веку»: “Я цэрквы закрываў. // Я абразы паліў, // Сялянскую маёмасць перапісваў. // I нюхалі нішчымныя палі // Кароў галодных // Родныя мне пысы. Я сек сады, // Прынёс бяду лясам, // Я сеяў кукурузу на балотах, // Абкрадзены народ // Пачаў цягнуць і сам, // I п'яніцы валяліся пад плотам”.

У гэтай споведзі ёсць усё: і сорам, і гнеў, і абурэнне. І гэта было б падобна на плён буйной фантазіі аўтара, каліб не праўдзівыя, неабвержныя факты: “То я ўзрасціу няўмек і гультаёў. // Застой. Крадзёж. // На складах — горы дрэні. // Зямлі і праўды, // Мовы і гаёў // Ірвалі мы спрадвечныя карэнні”.

Нарэшце герой панчанкаўскай паэзіі зразумеў тое, пра што здагадваўся даўно: рэвалюцыя яму здрадзіла. Памянялася ўлада, а чалавек як быў, так і застаўся ўбаку, за бартом, хоць гаварыць пра яго, і ўслаўляць сталі больш, чым калі. Цяпер ён як бы здагадваецца, што тое, што выдавалася за камуністычную ідэю, у [сапраўднасці з'яўлялася адчужэннем чалавека ад улады, ад права распараджацца прадуктамі сваёй праць, выло да насілля і беззаконня.

Заканчваецца « Паэма сораму і гневу» наступным чынам: “Дык хто мы? // Песняры ці хлусняры? // Я добра жыў: // Пакутваў і спагадваў, // Я веру Леніну // 3 дзіцячне пары // Няхай агнём бязлітасным гарыць // Свет бюракратаў, махляроў і гадаў”.

У паэце нібыта прачнуўся прарок — своеасаблівы біблейскі Іерэмія, які пранікнёным сваім розумам, валодаючы дарам уяўлення і прадбачання, пільна ўглядаецца ў звівы і павароты нацыянальнага лёсу, імкнецца ўбачыць скрытыя яго абрысы. 




1. политической денационализации при сохранении у власти бывшей коммунистической элиты
2. Nightmre Tles Кошмарные рассказы Кармические видения I Лагерь полон боевыми колесницами ржущими лош.
3. Лабораторная работа 2 Знакомство со средой Cisco Packet Tracer
4. один большой часовой механизм
5. АКАДЕМИЯ ПРАВА И УПРАВЛЕНИЯ ИНСТИТУТ ТЮМЕНСКИЙ ФИЛИАЛ УЧЕБНОМЕТОДИЧЕСКИЙ К
6. Интраспинальное введение местных анестетиков
7. Алеш к словам шейха Салиха альЛюхайдана которые он выставил на саляффоруме 22ого октября 2013 г.html
8. РЕФЕРАТ дисертації на здобуття наукового ступеня кандидата технічних наук Київ 2001.html
9. Приобщение детей к русской культуре и декоративно-прикладное творчество
10. Грусть от того что не видишь добра в добре
11. Место красит человека
12. Это один из крупнейших исходов населения в последние десятилетия нынешнего столетия
13. временным формам английского глагола в действительном и страдательном залоге
14. то принципиальная закономерность Можно ли предложить концепцию которая описывала бы различие между полуша
15. РЕФЕРАТ дисертації на здобуття наукового ступеня кандидата філологічних наук Київ ~ Дисе
16. Контрольная работа- Система та процес бухгалтерського обліку
17. реферату- Планування стадії процедури аудиту та складові аудиторського ризикуРозділ- Економічні теми Пла
18. Город Стекла Позже о разрушении особняка Джейс мог припомнить не так уж и много
19. Вторая природа грозит оказаться единственной о чем реально свидетельствует нарастающий процесс физическ
20. Тема практичного заняття ’ 1 Поняття предмет метод і система трудового права