Будь умным!


У вас вопросы?
У нас ответы:) SamZan.net

гэта змаганьне за ліквідаваньне ўсялякае грамадзкае няроўнасьці усялякае эксплюатацыі і ўсялякага ўбоств

Работа добавлена на сайт samzan.net:


Іван Франко

“Пра сацыялізм”

Мова арыгіналу: украінская. Ліцьвінскае(беларускае) выданьне, 2013г.

Што такое сацыялізм?

Сацыялізм - гэта змаганьне за ліквідаваньне ўсялякае грамадзкае няроўнасьці, усялякае эксплюатацыі і ўсялякага ўбоства, змаганьне за  справядлівейшы, шчасьлівейшы ад цяперашняга лад, а менавіта такім чынам, каб цяперашні прадукцыйны капітал, то бок глеба, фабрыкі, машыны ды іншыя прылады працы, а гэтак жа ўсялякая сыравіна, замест стану прыватнае ўласнасьці некалькіх людзей, мусяць перайсьці ва ўласнасьць грамадзкасьці. (Пад капіталам разумеем ня толькі грошы, якія даюць адсоткі, але і ўсялякія іншыя карысьці, якіх ўладальнік не ўжывае сам непасрэдна, але якія такім ці іншым чынам павінны даваць яму прыбытак. Такім чынам, каб мець капітал, недастаткова мець грошы, машыны, фабрыкі, сыравіну і г.д., але гэтыя рэчы павінны прыносіць прыбытак і павялічваць капітал, гэта значыць у краіне павінны быць людзі без капіталу, якія для пракорму павінны працаваць на капіталістаў і ўладальнікаў. Без працоўных няма капіталу. Напрыклад, найлепшая прадзільня складае капітал толькі тады, калі для яе ў нейкім краі ёсьць працоўныя і ёсьць сыравіна для пераапрацоўкі, а калі перанесьці яе ў бязлюдную пушчу альбо закапаць у зямлю, то яна перастае быць капіталам. Гэтак жа ўладальніка вялізарных палёў у амерыканскіх стэпах альбо ўладальніка золата на дне мора нельга назваць капіталістамі).

Тым самым сацыялізм адваротны ўсялякім падзелам, - ён ня хоча адбіраць ад аднаго, а даваць іншым, лічачы ўсё, што цяпер мае чалавецтва, за вынік працы ўсяго чалавецтва ад доўгіх стагодзьдзяў, - што, такім чынам, несправядліва даваць яго ў выключнае валоданьне некалькім людзям, якія могуць зьнішчыць тое, над чым іншыя працавалі, альбо ўжываць яго нават у шкоду працаўнікам. Найсправядлівейшая справа, калі тое, што да гэтага часу выпрацавала чалавецтва, належала толькі ёй ўсёй, было яе супольнасьцю і вечнай уласьцівасьцю, зь якой аднолькава можа карыстацца кожны і да якой са свайго боку ён павінен прыкласьці сваёй працы, колькі зможа.

Ці скасоўвае цалкам сацыялізм прыватную ўласнасьць?

Не. Рэчы, якімі кожны чалавек непасрэдна карыстаецца, напрыклад, ежа, адзеньне - застануцца прыватнай уласнасьцю. Сацыялізм скасоўвае толькі ўласнасьць на такія рэчы, валоданьне якімі дапамагае эксплюатаваць іншых.

Хто і якім чынам эксплюатуе працоўныя клясы?

Эксплюатуюць іх усе ўладальнікі буйных капіталаў, ці то ў грошах (ранцье), ці то ў фабрыках й машынах (фабрыканты), ці то ў глебах (уладальнікі буйных зямельных маёнткаў), ці то ў жылых будынках у гарадах, ці то, урэшце, у таварах, прызначаных на продаж. Бо ўсё гэта капіталы, якія паўсталі з працы многіх людзей і многіх пакаленьняў, а гэта значыць павінны служыць грамадзкасьці, а не адзінкавым асобам у шкоду іншым. Вялікія капіталы ў руках такіх адзінак маглі паўстаць толькі праз эксплюатацыю працы іншых, то бок праз частковае прысвойваньне таго, што іншыя вырабілі. А справядлівасьць кажа, каб той, хто працуе, меў таксама і тое, што вырабіць, а калі ён працуе чужой прыладай, тады аддаваў бы іх ўладальніку толькі тое, што належыць па ўжытку прылады. Тым часам зараз мы бачым зусім ня тое. Працоўны вырабляе ўдзень тавараў, напрыклад, 5 зол. вартасьці, а атрымлівае 1 зол., г.зн. працадаўца 4 зол. яго заробку хавае ў сваю  кішэню. Знакаміты нямецкі сацыяліст Карл Маркс зразумела даказаў, што менавіта з такіх толькі дадатковых вартасьцяў, вырваных ад працоўных, паўсталі ўсе капіталы. Тут не абавязкова трэба разумець толькі заробкавую плату. Домаўладальнік, што наймае пакоі за вялікі кошт, за некалькі або некальканадцаць гадоў павярне ўсе сродкі, якія выдаткаваў на ягоную пабудову, і далейшыя прыбыткі ён атрымлівае ўжо дарам ад бедных людзей, якія ня маюць уласнага дому. Такім чынам мы бачым, што цяперашняя эксплюатацыя ёсьць ня толькі там, дзе працадаўцы надужываюць працоўных, як нехта сьцьвярджае, - яна ўсюды, дзе толькі ёсьць асобныя клясы: працадаўцы і працоўныя, купцы, фабрыканты, багацеі і бедныя. Яе асьвячаюць цяперашнія законы; супраціўляцца супраць яго эксплюатаваным адное й тое ж , што супраціўляцца ўладзе і законам, і мы, напрыклад, часта бачым, што падчас г.зв. забастовак, войска й паліцыя сілаю прыгнечвае і гоніць рабочых працаваць за такі кошт, які пажадалі ўсталяваць працадаўцы.

Ці можа капіталіст плаціць працоўным усю вартасьць іхняга заробку?

Ня можа, таму што ў такім выпадку ягоны капітал не толькі не ўзрасьце, а, наадварот, хутка зьнікне цалкам.

Чаму?

Бо ён, як звычайна кажуць, “ня можа вытрымаць канкурэнцыі”. Канкурэнцыя ў гэтым выпадку - гэта вечная барацьба капіталістаў паміж сабой. Хто мае тавары, імкнецца прадаць іх як мага хутчэй і як найкарысней; хто мае фабрыку, імкнецца фабрыкаваць хутчэй, найбольш й найтаньней; хто мае памяшканьні да найму, імкнецца сдаваць іх найбольш і найдаражэй: хто мае глебы, імкнецца апрацаваць іх як мага хутчэй і атрымаць зь іх як мага больш выгады . Усе быццам ціснуцца адзін перад адным. Але акрамя таго бачым, што часьцяком багацейшы апярэджвае бяднейшых і здабывае найбольш карысьці, а бедныя губляюць. Напрыклад, купец, жадаючы прадаць больш сваіх тавараў, мусіць пусьціць іх найтаньней. Калі ён пусьціць іх таньней іншых, якія прадаюць такія ж тавары, тады больш пакупнікоў прыйдзе да яго, такім чынам, іншыя прададуць менш і адносна страцяць. А калі ён можа прадаць таньней бяз страты? Відавочна, тады, калі выпрацоўка гэтага тавару менш каштуе. А мы ведаем, што хто вырабляе чагосьці шмат адразу, таму выпрацоўка каштуе таньней, напрыклад, таньней вырабляць нейкую рэч машынамі, чым рукамі. Таму толькі багацейшы капіталіст, можа вырабляць шмат тавараў адразу, з дапамогай машын і г.д., можа прадаваць іх таньней. Акрамя таго, маючы шмат тавараў, ён прадае іх у розных месцах і можа быць упэўненым, што хоць страціць у адным месцы, затое заробіць на іншых. Якраз таму драбнейшы капіталіст ня можа гэтага зрабіць і вымушаны ўвесь час губляць ў такой барацьбе, бо хоць ён робіць з дапамогай машын, і маючы менш тавараў, выносіць іх на адзін гандаль, і страціўшы там раз, падае зусім. Такім чынам мы бачым, што ў выніку канкурэнцыі вялікія капіталы ўвесь час быццам пажыраюць меншыя і сыходзяцца ў руках кожны раз меншае колькасьці багацеяў. Зь іншага боку, і тавары, хоць некаторыя, з-за канкурэнцыі становяцца ўсё таньней.

А чаму ж працоўныя стала жывуць у галечы, калі спажывецкія тавары таньнеюць?

Розныя тавары, праўда, таньнеюць (сукно, мэталёвыя вырабы і інш), але затое даражэюць рэчы, патрэбныя для жыцьця: хлеб, мяса і іншыя прадукты. А акрамя таго, плата працоўнага не павялічваецца так хутка, як ягоныя патрэбы, і хоць, напрыклад, працоўнаму сто гадоў таму плацілі 50 цэнтаў, а зараз плацяць гульдэн, дык гэтага ня толькі нельга назваць падвышэньнем платы, але хутчэй  зьніжэньнем яе, бо 100 год таму працоўны мог удвая лепш жыць за 50 цэнтаў, чым сёньня за гульдэн. Наогул, за працу працоўнаму плацяць цяпер паводле тых жа самых законаў, што і за ўсялякі іншы тавар.

Дык, значыць, чалавечая праца таксама тавар?

У адпаведнасьці з тым, што цяпер бачым, можам сказаць, што яна сапраўды тавар, i тое найтаньнейшы і найгорш аплачваемы. Мы ўжо ўзгадалі, што звычайна плацяць толькі малую частку ейнае вартасьці, а ўсёй вартасьці - ніколі. Але і гэтая частка не заўсёды роўная, і капіталісты намагаюцца ўвесь час зьменьшваць яе, як толькі можна. Працоўны ня можа ім пярэчыць, бо, ня маючы ўласных сродкаў, павінен альбо браць тое, што яму даюць, альбо гінуць. Іншы тавар можа чакаць, пакуль знойдзецца такі, што дасьць за яго столькі, колькі купец патрабуе, - але тавар працоўнага - ягоная праца - ня можа чакаць, бо голад ня толькі мучыць, але неўзабаве адбірае ягоныя сілы і робіць яго няздольным да працы.

Які ж у адпаведнасьці зь цяперашнім ладам сярэдні кошт працы працоўнага?

Кошт працы працоўнага за цяперашнім ладам разьлічваюць гэтак жа, як кошт ўсялякага іншага тавару. Як кошт усялякага тавару мусіць складаць хоць бы столькі, колькі каштавала стварэньне гэтага тавару, гэтак жа і кошт працы складзе столькі, колькі неабходна на стварэньне працоўнага, гэта значыць на ягоную папярэднюю прафэсійную адукацыю і на ўтрыманьне яго жывым падчас працы. Што сродкі папярэдняе адукацыі ўлічваюць да кошту працы , гэтага ніхто не адмаўляе; бачым жа, што кваліфікаваным працоўным плацяць даражэй, што плата, напрыклад, друкароў, гадзіншчыкаў, мэханікаў і г.д. большая ад тачкароў, метляроў, лесарубаў і іншых, бо праца першых патрабуе доўгае папярэдняе падрыхтоўкі, якая самому працоўнаму каштавала нямала часу, сілаў і грошай. Аднак менавіта гэтыя сродкі, якія выдаткаваў перад тым сам працоўны пад час навукі, выраўноўваюцца лішкам платы (і гэта не заўсёды!) Гэтак, што ўласьцівы сярэдні кошт, можна сказаць, аднолькавы ва ўсіх працоўных, без уліку іхняга рамяства, зручнасьці, сілы й пільнасьці

Ці гэты кошт нязьменны?

Не. Ён то часам падае ніжэй ступені жыцьцёвых патрэбаў працоўнага, то зноў уздымаецца вышэй, але заўсёды надоўга.

Чаму так адбываецца?

Так адбываецца і так мусіць адбывацца таму, што калі, напрыклад, плата ўзвысіцца ў нейкай ваколіцы, адразу зь іншых ускраінаў нацягнецца больш працоўных, альбо мясцовыя працоўныя з-за крыху лепшых умоваў жыцьця часьцей ажэняцца, а таму колькасьць дарослых і малалетніх працоўных хутка павялічваецца і ўзнікае большы наплыў працоўных да фабрык, з часам іх будзе больш там, чым трэба, гэтак што ўсе ня змогуць атрымаць працы. Гэтыя беспрацоўныя ёсьць асуджанымі на галодную сьмерць, і таму яны гатовыя прадаваць сваю працу любым коштам, абы выжыць. Гэтым карыстаюцца працадаўцы. Бо яны лічаць за лепшае мець працоўнага танным коштам, і альбо прымаюць тых галодных па нізкім кошце, альбо зьніжаюць плату ўсім сваім працоўным. Такім чынам мы бачым, што гэтае хістаньне заробкавае платы не зусім залежыць ад чалавечае волі, а больш ад чыньнікаў, якія безумоўна вынiкаюць зь цяперашняга ладу. Кожны капіталіст вырабляе на ўласную руку як мага больш тавараў і ўціскае працоўных, але ня ведае, ці купіць на торжышчы хто ягоныя тавары, альбо ці не наносяць іншыя іх яшчэ больш і таньней. А калі капіталіст заробіць на торжышчы раз, тады ён імкнецца вырабляць яшчэ больш, каб і далей перамагаць у канкурэнцыі, ён павялічвае на хвіліну заробак; праз гэта ён прыцягвае больш працоўных да сваёй фабрыкі, што неўзабаве вядзе да новага зьніжэньня платы. Пры цяперашняй сьляпой канкурэнцыі так мусіць дзеяцца, і навукоўцы назвалі гэтыя сталыя зьмены заробкавае платы «заробкавым законам Рыкарда», бо ангельскі вучоны Рыкарда першы адкрыў і даказаў гэты закон. Вось ён: сярэдні заробак пры цяперашнім ладзе ня можа доўга перавышаць тае нормы, якая ёсьць неабходнай на ўтрыманьне працаўніка ў адпаведнасьці са звычайнымі патрэбамі гэтага краю і тых стасункаў, у якіх ён жыве. Гэтая жыцьцёвая патрэба ня ўсюды і не заўсёды аднолькавая. Ангельскі працоўны ніяк не абыйдзецца без шматлікіх такіх рэчаў, безь якіх абыходзіцца наш, а кітайскі працоўны выжыве і з такой платай, зь якой наш памрэ з голаду. Некаторыя навукоўцы спрабуюць адмаўляцца закону Рыкарда, даказваючы, што заробак, напрыклад, за апошнія 100 год у сярэднім вельмі павысіўся. Ужо раней мы сказалі, што такое ўзвышэньне платы разам з падвышэньнем коштаў на прадукты харчаваньня і іншыя неабходныя ў жыцьці рэчы - толькі бачнае. Тут павінны яшчэ дадаць, што ня толькі прадукты падаражэлі, але з разьвіцьцём адукацыі і ўсялякія іншыя патрэбы працоўнага павялічыліся. Калі, напрыклад, 100 год таму кнігі і газэты чыталі толькі збольшага паны, то зараз кніга альбо газэта стала амаль жыцьцёвай патрэбай кожнага працоўнага і г.д. Згодна з законам Рыкарда, заробак не падвышаецца цалкам у такім дачыненьні, у якім павялічваюцца патрэбы працоўных.

Ці будзе гэты закон дзейнічаць і пры сацыялістычным ладзе?

Пры сацыялістычным ладзе дзеяньне гэтага закона ня толькі што не патрэбна, а, наадварот, ён страціць зусім моц, бо сёньняшняя сьляпая капіталістычная канкурэнцыя зьнікне, і тавары будуць вырабляць у адпаведнасьці з патрэбамі і ўмовамі спажыўцоў, акрамя таго, чалавечая праца ўжо ня будзе таварам, які можна прадаваць і купляць, а будзе першым абавязкам ўсіх грамадзянаў, і працоўныя перастануць дамагацца толькі кавалка хлеба, каб не памерці з голаду, перастануць зьнішчаць сваё здароўе залішняй працай, якая ўзбагачае ня іх, а працадаўцаў, а будуць цалкам карыстацца усімі дасягненьнямі сумеснае працы.

Да чаго вядзе ідэя сацыялізму?

Ідэя сацыялізму вядзе да ўсеагульнае вольнасьці ўсіх людзей, да роўнасьці іх ня толькі перад законам (цяперашняя роўнасьць перад законам выглядае гэтак, быццам хто суцяшае галоднага тым, што ён мае права быць сытым, не даючы яму хлебу; што нам з таго, што на паперы ёсьць абяцанай роўнасьць перад законам, калі ў жыцьці на кожным кроку бачым, што гэта няпраўда, што на багатага няма роўных правоў, што бедны ня можа паскардзіцца за сваю крыўду і што за такі ж ўчынак беднага караюць удвая цяжэй, чым багатага), але да роўнасьці перад грамадзтвам, якое кожнаму дае аднолькавую магчымасьць карыстацца з усіх сваіх установаў. Напрыклад, зараз усе маюць права хадзіць у школу і вучыцца, але ці ўсе могуць? Сацыялізм хоча ўсім даць магчымасьць карыстацца навукай, мастацтвам і выгодамі жыцьця, а толькі там, дзе гэта ёсьць, можна казаць пра сапраўдную вольнасьць. Ідэя сацыялізму вядзе ўрэшце да найшчыльнейшага збратаньня (фэдэрацыі) людзей зь людзьмі і народаў з народамі, як вольных з вольнымі й роўных з роўнымі, вядзе тым самым да скасаваньня ўсялякага падданства, усялякае палітычнае залежнасьці, усялякага паняволеньня аднаго народу іншым, і да ліквідацыі войнаў, якія ёсьць чужымі чалавечай прыродзе, зьнішчаюць прагрэс, адзічаюць чалавека. Ідэя сацыялізму вядзе тым самым і да скасаваньня ўсялякіх клясавых прывілеяў і ўсіх саслоўяў і да поўнага ўраўноўвання правоў мужчыны з правамі жанчын. Бо пакуль жанчына будзе мець падпарадкаванае становішча адносна мужчыны, да таго часу нельга казаць пра аніводную роўнасьць ды пра аніводную вольнасьць.

Чаму сацыялізм скасоўвае асобныя саслоўі?

Сацыялізм мусіць быць адваротны саслоўям альбо грамадзкім клясам, якія зараз бачым, ужо хоць бы таму, што яны зьяўляюцца найвялікшай перашкодай на шляху да чалавечае роўнасьці, таму што яны, ускладаючы вечна аднолькавую працу на аднаго, не дазваляюць ім атрымліваць ўсебаковае адукацыі, - а іншых, даючы ім магчымасьць жыць без працы, робяць дармаедамі і п'яўкамі працоўных клясаў.

Які ж новы лад ставіць сацыялізм замест цяперашняга?

Дакладна прадугледзець гэты будучы лад складана, але галоўныя падставы, на якія ён мае абаперціся, такія: замест прыватнае ўласнасьці на капітал - уласнасьць агульная, нацыянальная, грамадзкая, замест грамадзкіх клясаў - ўсебаковая адукацыя кожнага грамадзяніна і праца па чарзе ў розных галінах вытворчасьці, замест цяперашняе сьляпое канкурэнцыі - свабодная ўмова грамады з грамадою, народу з народам; замест цяперашніх галечы і барацьбы за існаваньне - сталы дабрабыт, абаперты на сталую працу і бесперапыннае разьвіцьцё ўсіх прыроджаных здольнасьцяў кожнага грамадзяніна.

Хто будзе клапаціцца пра гэта ўсё?

Супольнасьць грамадзянаў, якая будзе зацікаўленай у тым, каб усе суграмадзяне былі найкарысьнейшымі грамадзе, а гэта магчыма толькі пры найлепшым і шматбаковым развіцьці.

Ці будзе абшчына мець сродкі для такое адукацыі кожнага свайго сябра?

Абшчына, якая складаецца з саміх працоўных людзей, пэўна будзе мець столькі сродкаў, бо яна ўся будзе тварыць быццам адна вялікая гаспадарка, а мы ведаем, што вялікая гаспадарка сьледзтвам належнага кіраваньня і абсталяваньня (добрай эканоміі) можа мець заўсёды больш сродкаў і прыбыткаў, чым некалькі малых асобных гаспадарак разам узятых, хаця б у іх было разам столькі ж працоўнае сілы, колькі і ў вялікай гаспадарцы. Акрамя таго, трэба зьвярнуць увагу і на тое, што ў сацыялістычным ладзе кожны працоўны будзе перакананы, што ад ягонае працы  залежыць павелічэньне агульнага дабрабыту, такім чынам і ягонага дабрабыту - таму ён будзе працаваць лепш і больш ахвотна, чым зараз, калі ведае, што са сваёй працы ён сам будзе мець мала карысьці. Зрэшты, і цяпер нават тых капіталаў, якія складае народ на патрэбы дзяржавы, разам з тымі, якія высмоктваюць зь яго багацеі і ліхвяры, хапіла б на тое, каб кожнаму чалавеку ў дзяржаве даць належнае выхаваньне, калі б, зразумела, іх цалкам павярнуць на гэтую мэту і калі б найбольшая колькасьць зь іх ня йшла на войска, гарматы, фартыфікацыі, плату для дармаедаў альбо проста на рэчы раскошы і на распусту вышэйшых саслоўяў.

Такім чынам, ці можна будучую сацыялістычную грамаду лічыць чымсьці накшталт цяперашняе дзяржавы?

Ніяк нельга, бо будучая грамада будзе складацца з роўных паміж сабой людзей, з саміх працоўных, якія будуць, праўда, усе палітычнымі людзьмі, падобна да цяперашніх чыноўнікаў, але аніякае асобнае платы за гэта мець ня будуць, акрамя таго, што заробяць.

Ці ёсьць новай ідэя сацыялізму ў гісторыі?

Зусім не. Ужо з самых старажытных часоў яна шырылася і ў жыцьці і ў навуцы. Мы, напрыклад, ведаем, што ў найбольшай часткі цяперашніх эўрапейскіх народаў, у вельмі старажытныя часы, зямля была агульнай грамадзкай уласнасьцю (рэшткі гэтае грамадзкае ўласнасьці захаваліся у многіх мясцовасьцях яшчэ і да гэтага часу, а ў Расеі ўсю зямлю і яшчэ дагэтуль лічаць грамадзкай ўласнасьцю) ведаем далей, што першыя хрысьціянскія абшчыны жылі спачатку па правілах, падобных да сучаснага сацыялізму, што ў шматлікіх старажытных і сучасных навукоўцаў сацыялістычныя ідэі выяўляліся дастаткова выразна, хоць уласьцівага сучаснага сацыялізму яшчэ не было на сьвеце. Нарэшце, і ўвесь чалавечы прагрэс ёсьць збольшага сацыялізмам, таму што ён складаецца на сумеснай працы людзей і збольшага на сумесным карыстаньні з таго, што раней зроблена ці прыдумана. У прыватнасьці, найноўшыя часы буйное фабрычнае прамысловасьці і машынаў выразна выяўляюць вобраз сацыялістычнага спосабу працы.

А чаму ж не атрымаліся былыя сацыялістычныя спробы?

Былыя сацыялістычныя спробы не маглі атрымацца з-за вялікіх хібаў, якія ў   кожнай бачым. Старажытная агульнасьць глебаў, напрыклад, не магла ўтрымацца таму, што ёй не хапала агульнае апрацоўкі гэтых глебаў і справядлівага, абапертага на сумленнай працы, падзелу дасягненьняў. Гэтак жа і сацыялістычная хрысьціянская абшчына не ўтрымалася з-за недахопу сумеснае працы. А мы ведаем, што сумесная праца - гэта першая ўмова сацыялізму, і што цяпер, калі на выпрацоўку малое іголкі трэба спалучыць сумесную працу некалькіх альбо некалькіх дзясяткаў людзей - гэтая ўмова сапраўды існуе, што, такім чынам, адна палова сацыялістычнага ладу, і гэта найскладанейшая палова, ўжо ўведзеная ў жыцьцё.

Чаго ж яшчэ бракуе?

Бракуе толькі правільнага падзелу прыбыткаў для сумеснага ўжываньня працоўнымі, а гэта як раз і мае на мэце сацыялістычная рэформа.

Ці ёсьць магчымай такая рэформа?

Такая рэформа ня толькі магчымая, але нават непазьбежная, бо сучасны фабрычны стан, нягледзячы на ўсялякія дробныя меры засьцярогі, не можа доўга захоўвацца, пакуль не адменіць падставу ўсялякае няроўнасьці і ўсялякае эксплюатацыі - прыватную ўласнасьць прадукцыйнага капіталу.

Навошта  сацыялістычная прапаганда, калі сама рэформа ёсьць непазьбежнай?

Сацыялістычная прапаганда мае на мэце не раптоўна зрабіць саму рэформу, а зрабіць яе менавіта разумна, абдумана і дасканалейшым чынам тлумачыць. Яна хоча, падрыхтаваўшы і адукаваўшы народ, дапамагчы страшнаму, крываваму выбуху, што праз большы ўціск кожным разам, галечу і павялічэньне пралетарыяту быў бы непазьбежным і для ўсяе чалавечае асьветы, для ўсяго разьвіцьця вельмі шкодным.

Ці могуць працоўныя і пры цяперашнім стане мець нейкую карысьць з ураду?

Могуць, але толькі тады, калі іхнія прадстаўнікі будуць падаваць свае галасы пад час ухвалы законаў для цэлае дзяржавы, і калі інтарэсы працоўных, як клясы, якая не толькі самая шматлікая, але і найважнейшая ў дзяржаве, будуць стаяць вышэй за інтарэсы ўсіх іншых слаёў. Да такога ўплыву на ўрад мусяць ісьці працоўныя, бо, прымаючы законы паводле сваёй думкі і для свайго дабра, яны змогуць паступова пераўтвараць у жыцьцё той высокі ідэал, які вызначае ім навука і натуральная непазьбежнасьць.

А ці адпавядае чалавечае прыродзе тая сыстэма, якой дамагаецца сацыялізм, ці, можа, яна штучная, як некаторыя яе называюць?

Такія папрокі могуць рабіць толькі людзі, якія нічога ня думаюць. Бо ад самага пачатку свайго існаваньня чалавек крочыць да шчасьця і дабрабыту, што далі б яму магчымасьць узьняцца па-над звярынай барацьбой за існаваньне і дасягнуць нейкага ідэалу чалавечае дасканаласьці. Калі дагэтуль можна было дасягнуць нейкага ідэалу ў тысячах і тысячах выпадкаў, калі людзі праз навуку, працу, сумленнасьць і ўсебаковае разьвіцьцё, пры належным матэрыяльным дастатку даходзілі да вельмі высокае ступені чалавечае дасканаласьці й задавальненьня (узгадаю тут Сакрата, Шэкспіра, Гётэ, Міля), і гэта не было чужым іх прыродзе, дык чаму ж шчасьце, дабрабыт і разьвіцьцё павінны быць чужымі цэлым масам народаў? А казаць, што людзей так ужо стварылі, каб адныя былі шчаслівыя, а іншыя не, каб адны працавалі і цярпелі пазбаўленьня, а іншыя жылі і атрымлівалі асалоду бяз працы - гэта ёсць вельмі вузкімі, безчалавечнымі і эгаістычнымі развагамі вышэйшых слаёў, а перад працоўнай клясай - гэта самае вялікае злачынства, якое толькі можа зрабіць чалавек. Зрэшты, гэта старыя байкі, якія ня маюць аніякага значэньня, найменьшае здаровае рацыі. Калісьці гэтак жа верылі і сьцьвярджалі, што зямля так ужо створаная, што яна плавае ў вадзе і што сонца круціцца вакол яе - а цяпер ніхто ўжо ня верыць у гэтую дзіцячую казку.

А ці ёсьць магчымым сацыялізм у нас, у Польшчы, а ў прыватнасці ў Галіччыне?

Як ўсюды, так і ў нас ёсьць эксплюататары i эксплюатуемыя - ёсьць працоўная кляса па сёлах і па гарадах, становішча якой ня толькі ня лепшае, а часта нават горшае, чым дзе-заўгодна. Зямля нашых хлебаробаў надзвычай раздробленая, яна ня здольная нават пракарміць на працягу году сям’ю і, уганяючы яе ў пазыкі, вельмі хутка робіцца ўласнасьцю ліхвяроў, банкаў альбо багацееў, а калі і можа пракарміць сяк-так сельскую сям’ю, дык ўсё-ткі не дае ёй аніякае магчымасьці пасылаць дзяцей у школы,  разьвіваць іх,  як трэба, апрацоўваць глебу і ўдасканальваць гаспадарчыя прылады і набываць патрэбныя ў гаспадарцы веды - а гэта служыць прычынай заняпаду сельскіх гаспадарак, якія ніякім чынам ня могуць вытрымаць канкурэнцыі з большымі, хоцьбы трохі ўмела кіраванымі гаспадаркамі. Вялікая частка нашага сельскага насельніцтва - гэта цалкавіты пралетарыят, а другая частка - напалову пралетарыят, бо дарма, што ён мае малую рэальнасьць, а павінен на працягу большае часткі года шукаць заробку дзе-небудзь, такім чынам павінен падлягаць таму самаму жалезнаму закону Лассаля (Рыкарда), які мы раней абазначылі. Аб гарадзкіх працоўных, зразумелая справа, трэба сказаць гэта самае, толькі ў большай ступені. Такім чынам мы бачым, што глебы для сацыялізму ў нас дастаткова і што нашыя адносіны так жа, як і ўсюды, дамагаюцца хуткае зьмены.

Ці супярэчыць сацыялізм нашаму патрыятычныму пачуцьцю?

 Зусiм не, - і такі дакор нават сьмешны. Бо сказана ўжо, што сацыялізм адваротны ўсялякаму ўціску, эксплюатацыі, - ці чалавека чалавекам, ці народа народам. Такім чынам, калі запануе вольнасьць і адзінства сярод народаў, тады кожны зможа разьвівацца найлепей, не выносячы ўціску ад іншага, як гэта маем цяпер. Наадварот, можам сказаць, што разьвіцьцё кожнае народнасьці, сапраўды пасьпяховае і свабоднае, можа наступіць толькі пры сацыялістычным ладзе, бо гэты лад самы свабодны і забясьпечвае народу матэрыяльнае існаваньне.

 А можа, самага патрыятычнага пачуцця дастаткова для нас, палякаў? Можа, менавіта толькі вяртаньне палітычнае незалежнасьці асчасьлівіць наш народ, а тады і сацыяльная рэформа для нас непатрэбная?

 Хто так кажа, той альбо асьлеплены ў канец, альбо нічога ня думае. Бо палітычная незалежнасьць нічога не значыць для людзей пры ўнутранае сацыяльнае няволі. Якая карысць будзе нашаму народу з таго, што нашыя падаткі замест расейскага ці прускага будзе браць і марнаваць ўрад, складзены з нашых уласных паноў, якія клапоцяцца, як і расейскія і прускія, пра сябе саміх, а не пра народны дабрабыт? Што нам карысьці з таго, што будзем мець ўласнага караля, калі ліхвяры і капіталісты будуць зьдзіраць і эксплюатаваць нас па-ранейшаму? Наадварот, пакуль не дамо народу надзеі на сацыяльную рэформу, гэта значыць на паляпшэньне матэрыяльнага існаваньня, да таго часу ён усёй масай не паўстане да змаганьня  за сваю і нашу палітычную незалежнасьць. Трэба забясьпечыць яму перадусім хлеб і ўсе дасягненьні ягонае працы, а тады аніякая сіла, ні адзін наезд не сагне нашага народа ў ярмо няволі, не пазбавіць яго незалежнасьці. Іншага шляху няма!




1. нролла Московской области М
2. КОНЬЮНКЦИЯ ДИЗЮНКЦИЯ Ж~НЕ ТЕРІСТЕУ ФУНКЦИЯСЫНЫ~ ЛОГИКАЛЫ~ ЭЛЕМЕНТТЕРІ
3. Е или И В травяном насто быть в уныни находиться в раздумь сушить на батаре идти по опушк спаса
4. лет. Но не страшно если ребенок начал осваивать азы хоккея и в более старшем возрасте
5. Обращение языческого мышления
6. студия Студия Коррекции фигуры Спортклуба PMGym
7. Вторжение космических тел в атмосферу Земли
8. 2000 гр 1 Орлов Антон Глазунов В
9. тема норм Соглашения о создании Международного Валютного Фонда их содержание и значение
10. Вариант 1 Вариант 2 Вариант 3 Вариант 4 Вариант 5 Вариант 6 Вариант 7.
11. Хищение особо ценных предметов и документов
12. Реферат- Международная торговля золотом
13. тема ее состав и структура Исполнитель- Специальность- ФиК Группа- 2 зачетной книжки-
14. 5 ББК 32965 Гаврилов А
15. Реферат- Современный уровень развития переносной флэш-памяти и USB-брелко
16. а у червні 2004 року подала в суд позов про визнання договору купівліпродажу недійсним і визнання за нею права
17. Утверждаю проректор по учебной работе
18. і На фоні гіподинамії яка притаманна сучасній людині вікові зміни з~являтись можуть вже у віці 3540 років
19. Преобразователи напряжение-ток
20. «Ночевала тучка золотая» (о метафоре)