Будь умным!


У вас вопросы?
У нас ответы:) SamZan.net

метадычных матэрыялаў Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь

Работа добавлена на сайт samzan.net:

Поможем написать учебную работу

Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.

Предоплата всего

от 25%

Подписываем

договор

Выберите тип работы:

Скидка 25% при заказе до 25.11.2024

PAGE  13

Акадэмiя кіравання
пр
ы Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь

Cicтэма адкрытага навучання 

С.Ф.Шымуковіч

Вялікая Айчынная вайна
савецкага народа

(у кантэксце Другой сусветнай вайны)

Курс лекцый

Мінск 2004


УДК 947.084.8(076.6)

ББК 63.3(2)722

Ш61

Серыя заснавана ў 2001 г.

Рэкамендавана да выдання Камісіяй па прыёмцы і атэстацыі электронных версій вучэбных і вучэбна-метадычных матэрыялаў Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь.

Шымуковiч С.Ф.

Ш61           Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): Курс лекцый. – Мн.: Акадэмiя кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, 2004 – 230 с.

ISBN  985-457-317-6

Курс лекцый прызначаны для студэнтаў сістэмы адкрытай адукацыі Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, якія навучаюцца па спецыяльнасці "Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка".

УДК 947.084.8(076.6)

ББК 63.3(2)722

ISBN  985-457-317-6

Шымуковiч С.Ф., 2004

Акадэмiя кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, 2004


ЗМЕСТ

[0.1] Лекцыя 1. Уводзіны

[0.2] Гістарыяграфія, крыніцы

[0.3] Перыядызацыя Другой сусветнай вайны

[1]
РАЗДЗЕЛ I. САВЕЦКІ САЮЗ І ІНШЫЯ КРАІНЫ СВЕТУ НАПЯРЭДАДНІ І Ў ПАЧАТКУ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

[2] ТЭМА 1. МІЖНАРОДНАЕ СТАНОВІШЧА НАПЯРЭДАДНІ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

[2.1] Лекцыя 2. Міжнароднае становішча напярэдадні Другой сусветнай вайны

[2.2] Міжнародная дзейнасць Германіі ў 30-х гг. XX ст.

[2.3] Антыкамінтэрнаўскі пакт. Складванне блока агрэсіўных дзяржаў

[2.4] Мюнхенскае пагадненне

[2.5] Спроба стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе

[2.6] Савецка-германскія дагаворы

[2.6.1] Кантрольныя пытанні да тэмы №1

[3]
ТЭМА 2. ПАЧАТАК ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ І ПАДЗЕІ ў БЕЛАРУСІ

[3.1] Лекцыя 3. Пачатак Другой сусветнай вайны і падзеі ў Беларусі

[3.2] Пачатак Другой сусветнай вайны

[3.3] Уступленне войск Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну

[3.4] Уз’яднанне Беларусі. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні ў заходніх абласцях БССР

[3.5] Становішча ў краінах Балтыі.
Утварэнне Малдаўскай ССР

[3.6] Савецка-фінляндская вайна

[3.6.1] Кантрольныя пытанні да тэмы №2

[4]
ТЭМА 3. АКУПАЦЫЯ ГЕРМАНІЯЙ КРАІН ЕЎРОПЫ

[4.1] Лекцыя 4. Акупацыя Германіяй краін Еўропы

[4.2] «Дзіўная вайна»

[4.3] Пашырэнне германскай агрэсіі ў Еўропе

[4.4] «Бітва за Англію»

[4.5] Агрэсія Германіі на Балканах

[4.6] Рух Супраціўлення ў краінах Еўропы

[4.7] Падрыхтоўка Германіі да вайны з Савецкім Саюзам

[4.7.1] Кантрольныя пытанні да тэмы №3

[5]
ТЭМА 4. СССР НАПЯРЭДАДНІ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

[5.1] Лекцыя 5. СССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны

[5.2] Мерапрыемствы партыйных, савецкіх і гаспадарчых органаў па ўмацаванню абароназдольнасці краіны

[5.3] Народная гаспадарка БССР напярэдадні вайны

[5.4] Ідэалагічная работа напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны

[5.5] Ваенная рэформа ў СССР

[5.6] На мяжы з Германіяй

[5.6.1] Кантрольныя пытанні да тэмы №4

[6]
РАЗДЗЕЛ ІІ. БАРАЦЬБА САВЕЦКАГА НАРОДА СУПРАЦЬ ГЕРМАНСКАЙ АГРЭСІІ

[7] ТЭМА 5. ПАЧАТАК ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

[7.1] Лекцыя 6. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны

[7.2] Мэты Германіі ў вайне супраць Савецкага Саюза. Характар і асаблівасці вайны

[7.3] Напад Германіі на СССР

[7.4] Прыгранічныя баі ў Беларусі

[7.5] Арганізацыя абароны краіны

[7.6] Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.

[7.7] Прычыны няўдач Чырвонай Арміі летам-восенню 1941 г.

[7.8] Маскоўская бітва

[7.9] Пачатак стварэння антыгітлераўскай кааліцыі

[7.9.1] Кантрольныя пытанні да тэмы №5

[8]
ТЭМА 6. АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ

[8.1] Лекцыя 7. Акупацыйны рэжым

[8.2] Планы нямецкіх захопнікаў па выкарыстоўванню акупіраваных тэрыторый

[8.3] Складванне сістэмы кіравання акупіраванымі тэрыторыямі

[8.4] Гаспадарчае рабаванне Беларусі

[8.5] Калабарацыя на Беларусі

[8.5.1] Кантрольныя пытанні да тэмы №6:

[9]
ТЭМА 7. ПАРТЫЗАНСКАЯ І ПАДПОЛЬНАЯ БАРАЦЬБА СУПРАЦЬ ГЕРМАНСКІХ АГРЭСАРАЎ НА ЗАХОПЛЕНАЙ ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

[9.1] Лекцыя 8. Партызанская і падпольная барацьба на акупіраванай тэрыторыі

[9.2] Станаўленне народнага супраціўлення

[9.3] Шырокае распаўсюджанне партызанкі на Беларусі

[9.4] Партызанка у перыяд вызвалення Беларусі

[9.5] Падпольная барацьба

[9.5.1] Кантрольныя пытанні да тэмы №7

[10]
РАЗДЗЕЛ Ш. РАЗГРОМ ФАШЫСЦКАГА БЛОКА. ЗАВЯРШЭННЕ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ І ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВОЙНАЎ

[11] ТЭМА 8. ПАДЗЕІ НА ФРАНТАХ ВАЙНЫ. КРУШЭННЕ НАСТУПАЛЬНАЙ СТРАТЭГІІ ГЕРМАНСКАГА ВЕРМАХТА

[11.1] Лекцыя 9. Падзеі на франтах вайны. Крушэнне наступальнай стратэгіі германскага вермахта

[11.2] Пашырэнне маштабаў Другой сусветнай вайны. Перамогі саюзных войск у Афрыцы, Міжземнамор’і і на Ціхім акіяне

[11.3] Ваенныя дзеянні на савецка-германскім фронце

[11.4] Сталінградская і Курская бітвы. Карэнны пералом у вайне

[11.5] Умацаванне антыгітлераўскай кааліцыі. Праблема другога фронту

[11.5.1] Кантрольныя пытанні да тэмы №8

[12]
ТЭМА 9. ВЫЗВАЛЕННЕ БЕЛАРУСІ АД ГЕРМАНСКІХ ЗАХОПНІКАЎ

[12.1] Лекцыя 10. Вызваленне Беларусі ад германскіх захопнікаў

[12.2] Пачатак вызвалення Беларусі

[12.3] Першыя аднаўленчыя мерапрыемствы

[12.4] Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён»

[12.5] Узаемадзеянне партызан, падпольшчыкаў і насельніцтва з войскамі Чырвонай Арміі

[12.6] Аднаўленне народнай гаспадаркі

[12.6.1] Кантрольныя пытанні да тэмы №9

[13]
ТЭМА 10. САВЕЦКІ ТЫЛ У ГАДЫ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

[13.1] Лекцыя 11. Савецкі тыл у гады вайны

[13.2] Перавод эканомікі СССР на ваенны лад

[13.3] Усходнія раёны СССР – асноўная ваенна-прамысловая база

[13.4] Дапамога СССР па ленд-лізу

[13.5] Працоўны подзвіг савецкага народа

[13.6] Ураджэнцы Беларусі – героі савецкага тылу

[13.7] Дзейнасць беларускіх устаноў і арганізацый у савецкім тыле

[13.8] Палітычная агітацыя і прапаганда

[13.8.1] Кантрольныя пытанні да тэмы 10

[14]
ТЭМА 11. ЗАКАНЧЭННЕ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ І ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВОЙНАЎ

[14.1] Лекцыя 12. Заканчэнне Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. Перамога

[14.2] Адкрыццё другога фронту

[14.3] Вызваленчы паход у Еўропу

[14.4] Крымская канферэнцыя

[14.5] Берлінская аперацыя

[14.6] Патсдамская канферэнцыя

[14.7] Разгром Квантунскай Арміі. Капітуляцыя Японіі

[14.8]
Удзел воінаў-беларусаў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у складзе саюзных армій і Еўрапейскім руху Супраціўлення

[14.9] Беларусь – адна з краін-заснавальніц ААН. Страты беларускага народа ў вайне

[14.10] Нюрнбергскі працэс над ваеннымі злачынцамі

[14.11] Вынікі і ўрокі вайны

[14.11.1] Кантрольныя пытанні да тэмы №11

[15]
ЗАКЛЮЧЭННЕ

[15.1] Лекцыя 13. Заключэнне

[16]
ПЫТАННІ ДА ЗАЛІКУ

[17]
СПІС ЛІТАРАТУРЫ


УВОДЗІНЫ

Лекцыя 1. Уводзіны

Дваццатае стагоддзе вызначалася незвычайнай жорсткасцю ў адносінах паміж народамі свету. Менавіта ў гэты час пачынаюцца сусветныя войны, узнікаюць дзесяткі рэгіянальных канфліктаў, хутка разрастаецца зараза тэрарызму. Але найбольш кровапралітнай і жорсткай з усіх вядомых узброеных канфліктаў была Другая сусветная вайна. Яе ўздзеянне на лёс народаў Еўропы і СССР было вызначальным. Менавіта з гэтай нагоды патрабуецца больш глыбокае і комплекснае вывучэнне гэтай важнейшай падзеі XX стагоддзя. Разгортванне ваенных падзей, паказ трагедыі і выпрабаванняў, што выпалі на долю беларускага народа – важнейшая задача факультатыву пад назвай «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа» (у кантэксце Другой сусветнай вайны).

Навуковае асэнсаванне падзей 1939-1945 гг. прадаўжаецца. З цягам часу ў даследчыкаў узнікаюць новыя пытанні, новыя спрэчкі, у выніку якіх праглядаецца шэраг раней безапеляцыйных высноў. Шмат пытанняў і ў айчыннай гістарыяграфіі застаецца спрэчнымі ці да канца не высветленымі. Вось як выглядае іх кароткі пералік:

  1.  дакладныя звесткі аб колькасці загінуўшых грамадзян СССР і БССР да апошняга часу не выяўлены;
  2.  уклад саюзнікаў у справу разгрому гітлерызму трактуецца неадназначна. Неапраўдана перабольшваецца на Захадзе роля ЗША і Англіі і недаацэньваецца ўклад народаў СССР у Перамогу;
  3.  празмерна ўзносяцца талент і здольнасці савецкіх ваеначальнікаў, якія дабіваліся перамог за кошт празмерных і неапраўданых страт з боку салдат. Адначасова аб прыроднай кемлівасці, гераізме і мужнасці, гуманізме, духоўнай і фізічнай сіле салдат і малодшых камандзіраў Чырвонай Арміі гаворыцца мала;
  4.  амаль не распрацавана пытанне аб штодзённым жыцці простага насельніцтва ва ўмовах вайны – як у тыле Чырвонай Арміі – так і пад акупацыяй нямецкімі войскамі;
  5.  вельмі важным з’яўляецца пытанне аб ускладанні Захадам адказнасці на кіраўніцтва СССР за развязванне Другой сусветнай вайны, што з’яўляецца спробай перанесці адказнасць за сваю палітыку «замірэння» Германіі;
  6.  для Беларусі вельмі актуальнымі з’яўляюцца пытанні разгортвання і сутнасці савецкай партызанкі і падпольнага супраціўлення акупантам і дзейнасці іншых антыфашысцкіх арганізацый – такіх як Армія Краёва;
  7.  мала вядома аб удзеле беларусаў у руху Супраціўлення ў Заходняй Еўропе, а так сама аб удзеле беларусаў у ваенных дзеяннях на баку саюзнікаў у складзе Арміі Андэрса і іншых ваенных фарміраванняў антыгітлераўскай кааліцыі;
  8.  не менш актуальнымі для Беларусі з’яўляюцца пытанні, звязаныя з калабарацыяй. Аднабаковы падыход да гэтай з’явы не ідзе на карысць нашай навуцы.

Такія аднабаковыя падыходы не з’яўляюцца навуковымі, супярэчаць асноўным прынцыпам гістарызму. Акцэнт на адмоўных, як і перабольшванне станоўчых бакоў не дазваляе аб’ектыўна разгледзець ваенныя і палітычныя працэсы, якія разгортваліся на рубяжы 30-х – 40-х гг. ХХ стагоддзя. У той час задача гістарычнай навукі – праўдзіва асвятляць мінулае, асабліва яго найбольш складаныя, пераломныя старонкі.

Гістарыяграфія, крыніцы

За 60 год, што прайшлі пасля завяршэння Другой сусветнай, заходняя і айчынная гістарыяграфія назапасіла шмат навуковых даследаванняў. Гэта публікацыі дакументаў, артыкулы, навуковыя манаграфіі, мемуары былых вайскоўцаў і палітычных дзеячаў і г.д. У шэрагу краін удзельніц вайны ствараюцца буйныя абагульняючыя працы: у Вялікабрытаніі падрыхтавана 66 тамоў Гісторыі Другой сусветнай вайны, у ЗША вы даюцца 99, у Японіі 100 тамоў. Шмат прац напісана ў Германіі.

У савецкай і айчыннай гістарыяграфіі можна ўмоўна вылучыць некалькі этапаў у вывучэнні і апісанні падзей Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў:

  •  Першая палова 1940-х гг. Гэта літаратура вайны – інфармацыйная, агітацыйна-прапагандысцкая, яна мела мабілізацыйную і патрыятычную функцыю. Прац навуковага характару яшчэ не было. Але да навуковых прац можна далучыць распрацоўкі савецкага Генеральнага штаба – які планаваў правядзенне буйных вайсковых аперацый;
  •  Другая палова 1940-х – сярэдзіна 50-х гг. Пасля вайны пачынаецца навуковае даследаванне падзей вайны – але ва ўмовах культу асобы Сталіна пераважае суб’ектывісцкі падыход, перабольшванне ролі І.В.Сталіна ў дасягненні Перамогі над Германіяй;
  •  Другая палова 50-х – сярэдзіна 60-х гг. У даследаваннях гэтага перыяду вядучае месца адводзіцца кіруючай ролі КПСС у барацьбе на франтах, на акупаванай тэрыторыі і працы ў савецкім тыле. Распрацоўваюцца пытанні героікі савецкага народа;
  •  Другая палова 60-х – пачатак 80-х гг. У гэты час напісаны фундаментальныя абагульняючыя працы. Але даследчыкі не здолелі выйсці за рамкі ідэалагічных і палітычных ацэнак, панаваўшых у савецкай гістарыяграфіі. Гэтыя працы адпавядаюць крытэрыям усебаковага і аб’ектыўнага разгляду шматлікіх праблем вайны;
  •  Другая палова 80-х – па наш час. Гэта перыяд крытычнага і комплекснага асвятлення падзей вайны, асабліва маладаследаваных праблем.


Гістарыяграфія.
Для беларусаў пачатак другой сусветнай вайны – гэта ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Гэтай падзеі прысвечаны шэраг прац, якія былі апублікаваныя як напярэдадні Айчыннай вайны, так і ў наш час. Гэта артыкулы гісторыкаў У.Палуяна, У.Ладысева, Л.Лыча, В.Селяменева, Я.Бараноўскага, А.Вялікага ў зборніках: «Назаўсёды разам. Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР» (Мн., 1999) і «Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Гісторыя і сучаснасць». Матэрыялы міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі
17-18 верасня 1999 г. (Мн., 2000).

Даследаванні па гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны можна падзяліць на некалькі тэматычных групаў. Адна з найбольш вялікіх – гэта гістарыяграфія вайсковых аперацый. Першыя працы з’явіліся ў канцы 40 – пачатку 50-х гг.: І.Р.Караткоў і С.М.Шышкоў «Победа Красной Армии в Белоруссии» (М., 1946), Я.Салдаценка «Советская Армия – освободительница Белоруссии» (Мн., 1948), М.М.Мінасян «Победа в Белоруссии: Пятый Сталинский удар!» (М., 1952). У гэтых працах разглядаліся толькі перамогі над вермахтам у 1943-1944 гг. У 60-80-х гг. з’явіліся працы, у якіх аналізаваліся прычыны няўдач Чырвонай Арміі летам 1941 г.: В.А.Анфілаў «Начало Великой Отечественной войны» (М., 1962), «Провал «блицкрига» (М., 1974), М.К.Андрушчанка «Народное ополчение Белорусси» (Мн., 1980), «На земле Белорусии летом 1941 г.» (М., 1985), Я.С.Паўлаў «В суровом сорок первом» (Мн., 1985) і іншыя.

Найбольш распрацаванай тэмай (і не выпадкова) з’яўляецца гісторыя партызанскага руху на Беларусі. Першыя працы належаць партыйным і дзяржаўным кіраўнікам, арганізатарам партызанскага руху – П.К.Панамарэнку, М.В.Зімяніну, Ц.С.Гарбунову. З канца 40-х гг. пачалі з’яўляцца і навуковыя даследаванні С.Ф.Ажгірэя, Н.Е.Гракава, Ф.В.Круглікава, П.Я.Цярэнцева і інш. У 1951 г. пад аўтарствам Л.Цанавы з’яўляецца калектыўная праца беларускіх гісторыкаў «Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков» у двух тамах. У манаграфіі выкарыстана вялікая база крыніц, грунтоўна распрацаваны пытанні стварэння і дзейнасці партызанскіх фарміраванняў, упершыню асветлена дзейнасць Арміі Краёвай. У 50-80-я гады з’явілася звыш 40 манаграфій і 100 кніг мемуараў, якія былі прысвечаны пытанням партызанскага руху і падпольнай барацьбы на Беларусі. Выключную каштоўнасць для далейшых даследаванняў маюць: зборнік дакументаў і матэрыялаў у трох тамах «Всенародная борьба в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (нюнь 1941 – нюль 1944)», «Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков» у трох тамах, а так сама чацвёрты том «Гісторыі Беларускай ССР» выдадзены ў 1975 г., які цалкам прысвечаны падзеям другой сусветнай вайны на Беларусі.

Яшчэ адна група даследаванняў прысвечана дзейнасці нямецкага акупацыйнага рэжыму на Беларусі. Па адзначанай праблеме выдадзены дзесяткі зборнікаў дакументаў і матэрыялаў, манаграфій. Сярод іх працы М.М.Загарулькі, А.Ф.Юдзянкова «Крах экономических планов фашистской Германии на временно оккупированной территории СССР» (М., 1970), І.С.Краўчанкі, А.І.Залескага, В.П.Раманоўскага «Немецко-фашистский оккупационный режим (1941-1944 гг.)» (Мн., 1965), А.А.Фактаровіча «Крах аграрной политики немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии» (Мн., 1979) і інш. Беларускія эмігранты – былыя дзеячы калабарацыі – займаліся выданнем зборнікаў дакументаў, мемуараў і навуковых прац: «Другі ўсебеларускі кангрэс» (Мюнхен, 1954), «За дзяржаўную незалежнасць Беларусі» (Лондан, 1960), К.Акула «Змагарныя дарогі» (Мюнхен, 1962), Я.Малецкі «Пад знакам Пагоні. Успаміны» (Таронта, 1976), I.Касяк «3 гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу» (Нью-Йорк, 1956), Шнэк У. «Беларуская Краёвая Абарона» (Мельбурн, 1984) і інш., у якіх са свайго пункту гледжання асвятлялі падзеі падчас акупацыі яе гітлераўскай Германіяй.

У апошні час пачалі з’яўляцца працы, прысвечаныя ліквідацыі шматлікіх «белых плям» падзей вайны на Беларусі. Гэта тычыцца гісторыі польскай Арміі Краёвай у Заходняй Беларусі, пра дзейнасць якой выйшлі працы Ю.Весялкоўскага «Што прывяло Армію Краёву на Беларусь» (Лондан, 1995), В.І.Ермаловіча, С.У.Жумара «Огнём и мечом: хроника польского националистического подполья в Белоруссии (1939-1953 гг.)» (Мн., 1994) і Я.І.Сямашкі «Армія Краёва на Беларусі» (Мн., 1994). Праблеме беларускага калабарацыянізму прысвечана кніга А.К.Салаўёва «Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах» (Мн., 1995), манаграфія А.А.Кавалені «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі 1941-1944: Вытокі. Структура. Дзейнасць» (Мн., 1999). Сістэма акупацыйнай прапаганды на Беларусі ў 1941-1944 гг. была прааналізавана ў манаграфіі С.У.Жумара «Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны» (Мн., 1996). Усе гэтыя пытанні разглядаліся ў працы Ю.Туронка «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» (Мн.,1993).

Новыя падыходы ў навукоўцаў з’яўляюцца ў даследаваннях традыцыйных тэм савецкай партызанкі і падполля. У 1992 г. выйшла праца К.І.Дамарада «Партийное подполье и партизанское движение в Минской области 1941-1944», у 1995 г. калектыўная праца «Мінскае антыфашысцкае падполле». На старонках гэтых кніг вяртаецца добрае імя Кавалёву – аднаму з кіраўнікоў савецкага падполля ў г. Мінску. Па новаму разглядаюцца ў даследаваннях і армейскія аперацыі на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.: у І.В.Цімаховіча «Битва за Белоруссию 1941-
1944 гг.» (Мн., 1994), У.І.Лемяшонка «Вызваленне - без грыфа «Сакрэтна!» (Мн., 1996), I.А.Басюка «Навагрудскі кацёл» (Мн., 1998).

Разам з тым многія «белыя плямы» яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў. Па сутнасці – сапраўднае вывучэнне падзей Другой сусветнай вайны на Беларусі толькі пачынаецца.

Перыядызацыя Другой сусветнай вайны

Другая сусветная вайна цягнулася амаль шэсць год з 1 верасня 1939 года па 2 верасня 1945 года. У яе была ўцягнутая 61 дзяржава, у якіх пражывала больш за 80% насельніцтва планеты. Ваенныя дзеянні адбываліся на тэрыторыі 40 дзяржаў, а таксама на большасці марскіх і акіянскіх прастораў. У гістарыяграфіі Другая сусветная вайна падзяляецца на пяць асноўных перыядаў:

  •  Першы перыяд (1 верасня 1939 – 21 чэрвеня 1941 гг.) характарызуюцца актыўнай дзейнасцю Германіі ў Еўропе. Пад час яго германскія войскі пры дапамозе саюзнікаў захапілі амаль усю Еўропу. У азіяцкім рэгіёне Японія праводзіла агрэсіўную захопніцкую палітыку ў Кітаі пры неўмяшальніцтве вядучых краін рэгіёну – Вялікабрытаніі і ЗША;
  •  Другі перыяд (22 чэрвеня 1941 – 18 лістапада 1942 гг.) характарызуецца пачаткам ваеннага супрацьстаяння Германіі і СССР, пад час якога планы «маланкавай вайны» правальваюцца. Пачынаецца Вялікая Айчынная вайны савецкага народа. Значна пашыраецца кола ўдзельнікаў вайны – да яе далучаюцца ЗША, якія зведалі агрэсіўны напад Японіі. Складваецца моцная антыгітлераўская кааліцыя;
  •  Трэці перыяд (19 лістапада 1942 – 31 снежня 1943 гг.) – гэта карэнны пералом у Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайне. У выніку перамог СССР на ўсходнім фронце, ЗША ў Ціхім акіяне, Англіі і ЗША ў Афрыцы – адбываецца пераход стратэгічнай ініцыятывы да саюзнікаў;
  •  Пад час чацвёртага перыяду (1 студзеня 1944 – 9 мая 1945 гг.) адбываецца поўны разгром германа-італьянскага блока, быў адчынены другі фронт (заходні) у Еўропе, капітулявала Германія. У гэты перыяд скончылася Перамогай Вялікая Айчынная вайна. Адначасова пачынае складвацца сістэма пасляваенных адносін паміж дзяржавамі свету;
  •  У завяршальны пяты перыяд (9 мая – 2 верасня
    1945 г.)
    адбываецца разгром імперыялістычнай Японіі, народы Азіі вызваляюцца ад японскіх акупантаў. Але адначасова, ўпершыню ў гісторыі, без усялякіх падставаў, супраць мірнага насельніцтва выкарыстоўваецца ядзерная зброя. І гэта робіць не краіна-агрэсар, а ЗША – адна з краін-пераможцаў. Такім антычалавечным фактам была завершана Другая сусветная вайна.

Перыядызацыя падзей вайны на Беларусі супадае з разгледжанай намі агульнай перыядызацыяй. Больш падрабязна выдзяляюць перыяды, звязаныя з акупацыяй, існаваннем акупацыйнай сістэмы і вызваленнем беларускай тэрыторыі. Асобныя перыядызацыі існуюць у дачыненні развіцця партызанкі і падполля, дзейнасці калабаранцкіх арганізацый і па некаторым іншым праблемам.


РАЗДЗЕЛ I. САВЕЦКІ САЮЗ І ІНШЫЯ КРАІНЫ СВЕТУ НАПЯРЭДАДНІ І Ў ПАЧАТКУ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

ТЭМА 1. МІЖНАРОДНАЕ СТАНОВІШЧА НАПЯРЭДАДНІ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

Лекцыя 2. Міжнароднае становішча напярэдадні Другой сусветнай вайны

Асноўныя паняцці:

італьянскі фашызм; германскі нацызм; японскі мілітарызм; бальшавізм; Версальскі мір; «вялікія краіны»; «жыццёвая прастора»; палітыка «замірэння»; Рурскі крызіс 1923 г.; план Даўэса; «Рэйнскі гарантыйны пакт»; Ліга Нацый; рэпарацыі; сістэма калектыўнай бяспекі; «Пакт чатырох»; Жэнеўская канферэнцыя па разбраенню; путч аўстрыйскіх нацыстаў; Саарская вобласць; плебісцыт; вермахт; палітыка «балансу сіл»; англа-германскае марское пагадненне; італа-германскі саюз; мяцеж у Іспаніі; «палітыка неўмяшальніцтва»; «Пагадненне аб неўмяшанні»; дыктатура генерала Ф.Франка; «Антыкамінтэрнаўскі пакт»; «Траісты пакт»; «вось Берлін-Рым-Токіа»; Маньчжоў-Го; «японскае пытанне»; «далёкаўсходні Мюнхен»; «дактрына Манро»; судэта-нямецкая партыя; Мюнхенская канферэнцыя; Судэцкая вобласць; Славацкая рэспубліка; пратэктараты Багемія і Маравія; «Дырэктыва аб адзінай падрыхтоўцы ўзброеных сіл да вайны на 1939-1940 гг.»; VI кангрэс Камінтэрна (1928 г.); «перамовы дзеля перамоваў»; «размовы» з Берлінам; германа-савецкі дагавор аб ненападзенні; «сакрэтны дадатковы пратакол».

Міжнародная дзейнасць Германіі ў 30-х гг. XX ст.

30-я гады – гэта час вельмі напружанага міжнароднага жыцця ў свеце, і асабліва – у Еўропе. Асэнсаваць падзеі міжнародных адносін можна толькі праз прызму галоўных агрэсіўных ідэалогій, якія панавалі ў гэты час. Гэта італьянскі фашызм, германскі нацызм і японскі мілітарызм. Рамантычны бальшавізм пачатку 1920-х гг. ужо саступае свае пазіцыі, але яго догмат «сусветнай рэвалюцыі» не дазваляе Маскве наладзіць нармальныя адносіны з еўрапейскімі дэмакратыямі і выкарыстоўваецца замежнай дыпламатыяй ў антысавецкай дзейнасці.

Асноўныя палажэнні фашызму, нацызму і японскага мілітарызму прыкладна аднолькавыя, толькі ў розных краінах рабіўся ўціск на розных іх складаючых. Гэта аднапартыйнасць палітычнай сістэмы; перавага дзяржавы над асобай; непрыкрыты нацыяналізм – які аб’яўляў аб гістарычнай «абранасці» нямецкай, японскай і італьянскай нацый; гэтым нацыям патрабавалася большая «жыццёвая прастора», метадам яе здабычы з’яўлялася вайна; вайна аб’яўлялася вышэйшым дасягненнем чалавецтва; з гэтай нагоды яшчэ адна прыкмета ідэалогій – мілітарызм, які прывёў да панавання ВПК у эканоміцы і палітыцы; аб’ядноўваў іх яшчэ ваяўнічы антыкамунізм. Нацысты і японскія мілітарысты больш увагі надзялялі нацыянальнаму пытанню, вынішчэнню «шкодных» нацый, пашырэнню «жыццёвай прасторы» для сваіх нацый за кошт суседніх народаў. Германскі нацызм вырашаў тэрытарыяльнае пытанне праз ваенны націск на Усход – Drang nach Osten – значыцца на СССР. Італьянскі фашызм больш імкнуўся да аднаўлення былой Рымскай імперыі – палітычнага панавання ў рэгіёне.

Выдзяляецца некалькі этапаў у еўрапейскай дыпламатычнай дзейнасці 1920-1930-х гг., і галоўным прынцыпам іх вылучэння ёсць актыўнасць германскага боку. Менавіта гэтая краіна вяла найбольш актыўную знешнюю палітыку для пераадолення наступстваў Версальскага мірнага дагавору па выніках першай сусветнай вайны, згодна з якім Германія апынулася ў прыніжаным стане. Першы этап – з 1923 па 1933 г. – гэта барацьба дыпламатыі дэмакратычнай Германіі за пераадоленне наступстваў Версальскага міру шляхам міжнародных канферэнцый і дасягнення ўступак з боку «вялікіх дзяржаў». Адначасова досыць добра развіваюцца адносіны паміж Германіяй і СССР. Другі перыяд пачынаецца з 1933 г. – з прыходам да ўлады нацыянал-сацыялістычнай партыі пад кіраўніцтвам А.Гітлера. Ідэалогія нацызму патрабавала «жыццёвай прасторы» для немцаў – а дасягнуць яе магчыма было праз вайну. Рэзка абвастраюцца адносіны паміж Германіяй і СССР, і, што цікава, – паміж Германіяй і Італіяй. Пачынаецца падрыхтоўка Германіі да вайны ў Еўропе. Адначасова спробы еўрапейскіх краін і СССР стварыць сістэму калектыўнай бяспекі праваліліся. Трэці перыяд – з вясны 1936 г. па восень 1938 г. – гэта палітыка вызначэння прыярытэтаў Германіі ў Еўропе і свеце, яе ўзмацнення, складвання лагера саюзнікаў і будучых ахвяраў. У гэты перыяд найбольш яскрава прасочваюцца рознагалоссі паміж «вялікімі краінамі», якія прыводзяць да патворству Гітлеру праз палітыку так званага «замірэння» і ў спробах накіраваць агрэсію на Усход – супраць СССР. Чацвёрты перыяд – з восені 1938 па лета 1939 г. – гэта перыяд пасля «Мюнхенскай змовы», якая адчыніла дзверы Германіі да распальвання сусветнай вайны.

Нестабільнасць у Еўропе пачатку 1920-х гг. скончылася Рурскім крызісам 1923 г. Францыя вымушана была ўвесці свае войскі ў важны прамысловы раён Германіі з мэтай прымусіць яе выплачваць непамерныя рэпарацыі. Відавочна, гэта было немагчыма без эканамічнага адраджэння Германіі. Летам 1924 г. у Лондане краіны-пераможцы зацвердзілі «план Даўэса», згодна з якім паліліся значныя інвестыцыі ў германскую эканоміку – асабліва з боку амерыканскіх кампаній. Восенню 1925 г. у Лакарна (Швейцарыя) быў падпісаны «Рэйнскі гарантыйны пакт», які ўстанаўліваў дэмілітарызаваны характар Рэйнскай зоны. Францыя і Бельгія абавязваліся паважаць вызначаную ў Версалі заходнюю мяжу Германіі. У 1926 годзе Германія была прынятая ў Лігу Нацый у якасці вялікай дзяржавы, дзе атрымала пастаяннае месца Савеце. У 1932 г. Германія дабілася канчатковай адмены рэпарацый і атрымала палёгкі ў справе ўзбраення арміі, але пры ўмове, што будзе створана сістэма калектыўнай бяспекі пры яе ўдзеле. Адначасова ў 1926 г. у Берліне быў падпісаны савецка-германскі дагавор аб ненападзенні і нейтралітэце. Вельмі актыўна развіваліся савецка-германскія ваенныя стасункі. Вялікая колькасць германскіх ваенных атрымлівала адукацыю ў савецкіх ваенных навучальных установах, а самае галоўнае – яны атрымлівалі практычны вопыт танкавых і авіяцыйных баёў. Валодаць Германіі цяжкімі ўзбраеннямі і авіяцыяй, а роўна і ўтрымліваць падрыхтоўчыя цэнтры было забаронена Версальскім дагаворам.

Прыход да ўлады нацыстаў стаў паваротным момантам не толькі ў палітычным жыцці Германіі, але і еўрапейскіх краін. Ужо ў 1933 г. А.Гітлер паставіў мэтай дабівацца скасавання версальскіх абмежаванняў і вяртання Германіі калоній, страчаных пасля першай сусветнай вайны. Адначасова Германія адмаўлялася ўдзельнічаць у стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі. Гэтыя памкненні нацыстаў вызвалі падтрымку насельніцтва Германіі – партыя прыйшла да ўлады праз парламенцкія выбары. Ідэі рэваншу за «версальскую ганьбу», тэорыя расавай выключнасці «арыйцаў», пашырэння для іх жыццёвай прасторы, вынішчэння «шкодных народаў» (асабліва – багатага ў Германіі яўрэйскага) аказаліся папулярнымі ў дробных уласнікаў, беспрацоўных, а таксама ў часткі інтэлігенцыі, працоўных і моладзі.

Галоўным напрамкам дзейнасці нацысцкага кіраўніцтва на міжнароднай арэне стала патрабаванне адмены абмежаванняў на ўзбраенне Германіі, якія прадугледжваліся Версальскім дагаворам. Вялікабрытанія і Францыя згадзіліся на ўступкі ў абмен на гарантыі бяспекі. Распачынаецца перыяд палітыкі «замірэння» Германіі – якая ўключала і станоўчае для Германіі вырашэнне пытання аб лёсе нямецкай меншасці на тэрыторыі іншых краін. Кіраўніцтва Англіі і Францыі не здолелі разглядзець небяспекі фанатызму Гітлера і ідэалогіі нацызму. Лічылася, што «замірэнне» прывядзе да падзення рэжыму Гітлера, а калі вырашыць супярэчнасці паміж Англіяй, Францыяй і Германіяй, армію апошняй можна накіраваць на разгром камуністычнага Савецкага Саюза. Так, 15 ліпеня 1933 г. прадстаўнікі чатырох дзяржаў (далучылася Італія) падпісалі ў Рыме «Пакт чатырох» – аб супрацоўніцтве. Пакт хутка разваліўся, бо ў кастрычніку 1933 г. Германія выйшла з Лігі Нацый і пакінула Жэнеўскую канферэнцыю па разбраенню. У пачатку 1934 г. паміж Германіяй і Польшчай падпісваецца пакт аб ненападзенні, а ў ліпені Берлін актыўна падтрымаў узброены путч аўстрыйскіх нацыстаў у Вене, які праваліўся дзякуючы ваеннаму націску Італіі. У гэты час Рым знаходзіць паразуменне з Парыжам у справах супрацьстаяння Германіі, якая ўсё болей ігнаруе Версальскія дамоўленасці.

13 студзеня 1935 г. пасля 15 год кіравання Саарскай вобласцю праз мандат Лігі Нацый, на плебісцыце 90,9% яго ўдзельнікаў выказаліся за ўз’яднанне з Германіяй, і з 1 сакавіка 1935 г. багацейшы вугальны рэгіён Саар увайшоў у склад Рэйху. Гэта значна ўзмацніла эканамічную моц краіны. У 1935 г. Гітлер аднавіў ўсеагульную вайсковую павіннасць, пачаўся адкрыты выпуск цяжкога ўзбраення. Германія прыступіла да стварэння моцнай арміі, авіяцыі і флоту. 21 мая 1935 г. рэйхсвер быў перайменаваны ў вермахт, Гітлер стаў вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. 11 красавіка 1935 года ў Стрэзэ па ініцыятыве Францыі і Італіі пачалася міжнародная канферэнцыя па германскаму пытанню. Удзельнікі канферэнцыі рэзка асудзілі аднабаковыя парушэнні Версальскай дамовы збоку Германіі. Практычнага характару рэзалюцыі не мелі, але яны паказалі аб адыходзе Францыі ад чэмберленаўскай палітыкі «замірэння» і складванні антыгерманскага італа-французскага саюзу. Але Захад не здолеў супрацьстаяць аднабаковаму выхаду Германіі ў Версальскай сістэмы. У гэты час Англія, занепакоеная збліжэннем Францыі і Італіі, у якасці супрацьвесу гэтаму саюзу выкарыстала Германію. Ужо некалькі стагоддзяў гэтая краіна выкарыстоўвала палітыку «балансу сіл» на кантыненце, і, па меркаванню лонданскіх палітыкаў, гэта дазваляла Англіі верхаводзіць у еўрапейскіх справах. Але XX стагоддзе прынесла новыя рэаліі ў знешнюю палітыку Еўропы, і англійская дыпламатыя своечасова іх не зразумела. У чэрвені 1935 г. было заключана сенсацыйнае англа-германскае марское пагадненне, якое ўводзіла суадносіны паміж флатамі краін 100:35 пры роўным па моцы падводным флоце. Разам з флотам аднаўляліся і сухапутныя войскі.

Ужо да канца 1935 г. Германія сфарміравала 31 баяздольную дывізію. У кароткі тэрмін і за амерыканскія інвестыцыі было пабудавана 300 новых ваенных заводаў, рэканструявана і мадэрнізавана авіяцыйная прамысловасць. Да сярэдзіны 30-х гадоў ХХ ст. у германскую прамысловасць было ўкладзена 27 млрд. марак, 70% належалі амерыканскім фірмам. У 1938 г. Германія мела 30 самалётабудаўнічых, 15 авіяматорных і 110 дапаможных авіязаводаў. Калі да 1932 г. у Германіі не было ні воднага ваеннага самалёта, то ўжо ў 1934 г. іх было пабудована 840, у 1936 г. – 2530, у 1938 г. – 3350, а ў 1939 г. ужо мелася 4733 самалёты навейшых мадыфікацый. Ваенная вытворчасць Германіі з 1934 г. па 1940 г. вырасла ў 22 разы. На гэтую моц абапіралася кіраўніцтва Германіі пры прыняцці важных міжнародных рашэнняў. Напрыканцы 1935 г. адбылася вызначальная падзея, якая паклала падмурак складвання агрэсіўнага блоку краін ў Еўропе, і лідэры Лігі Нацый – Англія і Францыя нічога не зрабілі – каб гэты італа-германскі саюз разваліць.

Антыкамінтэрнаўскі пакт. Складванне блока агрэсіўных дзяржаў

3 кастрычніка 1935 г., у адпаведнасці з галоўнымі прыярытэтамі фашысцкай знешняй палітыкі, пачынаецца агрэсія Італіі ў Паўночна-Усходняй Афрыцы. Да таго, Італія заручылася згодай Францыі на гэтую акцыю. Ужо 5 мая 1936 г. італьянскія войскі захапілі сталіцу Абісініі (Эфіопіі). Вельмі жорстка супраць агрэсіі выступіла ў Лізе Нацый Англія – італьянская агрэсія пагражала яе калоніям ў Афрыцы. Прынятыя гэтай міжнароднай арганізацыяй пад націскам СССР і Англіяй санкцыі (эмбарга на экспарт зброі, забарона на займы і крэдыты, абмежаванне гандлю, закрыццё Суэцкага канала для італьянскіх судоў) мелі вынікам міжнародную ізаляцыю Рыма. Адначасова 7 сакавіка 1936 г. Берлін санкцыянуе ўвод войск вермахта ў Рэйнскую дэмілітарызаваную зону. Рашэнне было станоўча успрынятае большасцю насельніцтва Германіі, як факт аднаўлення яе тэрытарыяльнага суверэнітэту. Ліга Нацый толькі канстатуе факт парушэння міжнародных дамоваў. 21 сакавіка 1936 г. Гітлер у ўрачыстых абставінах заявіў: «...дух Версаля знішчаны». Краіны-агрэсары знаходзяць паразуменне, і Мусаліні нічога не заставалася як прымірыцца са сваім былым ворагам – Гітлерам.

Беспакаранасць агрэсіі натхняла нацыстаў і фашыстаў да новых акцый. У ліпені 1936 г. у Іспаніі пачаўся ваенна-фашысцкі мяцеж супраць рэспубліканскай улады. Германія і Італія арганізавалі ў падтрымку мяцежнікаў ваенную інтэрвенцыю. Міжнародны камітэт салідарнасці з Іспаніяй, утвораны ў Парыжы сабраў 800 млн. франкаў у фонд падтрымкі Народнага фронту. Звыш 35 тыс. чалавек з 54 краін свету (з іх 3 тыс. савецкіх дабравольцаў) змагаліся ў 7 інтэрбрыгадах, каля 7 тыс. загінула ў баях (у тым ліку танкісты-беларусы П.Е.Купрыянаў і М.А.Сяліцкі, якім было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза). Толькі СССР пастаўляў у Іспанію зброю, паліва, медыкаменты, харчаванне; арганізаваў эвакуацыю мірнага насельніцтва.

Англія і Францыя прытрымліваліся «палітыкі неўмяшальніцтва» ў справы Іспаніі. «Пагадненне аб неўмяшанні» падпісалі 27 еўрапейскіх краін. Яно забараняла ўвоз зброі, ваенных матэрыялаў і тэхнікі ў Іспанію. Ліга Нацый выказала толькі сабліва «хваляванне наконт падзей у Іспаніі». У сакавіку 1939 г. рэспубліка пала, устанавілася дыктатура генерала Ф.Франка. Урады Вялікабрытанія і Францыя афіцыйна прызналі дыктатарскі рэжым.

24 кастрычніка 1936 г. падпісваецца пакт аб утварэнні «вось Берлін-Рым», згодна якому Германія прызнала анэксію Абісініі, Італія не ўмешвалася ў аўстрыйскія справы і абедзве дзяржавы абяцалі праводзіць агульную лінію ў адносінах вайны ў Іспаніі. 25 лістапада 1936 г. Германія і Японія заключылі «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога ў лістападзе 1937 г. далучылася Італія, а крыху пазней – Вугоршчына, Маньчжоў-Го, Сіам, Балгарыя, Фінляндыя, Румынія, Данія, Славакія і Харватыя і інш. У снежні 1937 г. Італія выйшла з Лігі Нацый і такім чынам канчаткова прывязала сябе да агрэсіўнага блоку дзяржаў на чале з нацыскай Германіяй. Ужо ў верасні 1940 г. Германія, Італія і Японія заключылі ў Берліне ваенна-палітычны і эканамічны
саюз –
«Траісты пакт» (так званая «вось Берлін-Рым-Токіа»). Фармальна Антыкамінтэрнаўскі пакт з’яўляўся ідэалагічным пагадненнем. Але акрамя барацьбы супраць уплыву Камінтэрна ў сакрэтным дадатку да яго прадугледжвалася абавязацельства бакоў не аказваць дапамогу СССР, калі ён будзе ў стане вайны з адным з яго ўдзельнікаў. Гэта закладвала асновы ваенна-палітычнага саюзу трох агрэсараў і вяло да падзелу сфер ўплыву ў Еўропе і Азіі. Адначасова сама назва пакту павінна была зняць занепакоенасць заходнееўрапейскіх краін стварэннем такога саюзу – бо абвяшчалася аб антыбальшавіскім яго накірунку. Гэта дазволіла Гітлеру спакойна рыхтавацца да пашырэння «жыццёвай прасторы» для арыйскай расы ў Еўропе.

Заходнееўрапейскія дэмакратыі не здолелі адыйсці ад прынцыпаў палітыкі «замірэння», распаўсюдзіўшы іх і на новых агрэсараў. Н.Чэмберлен санкцыянаваў аншлюс Аўстрыі, у выніку 11 сакавіка 1938 года на яе тэрыторыю ўвайшло
200-тысячнае германскае войска. 13 сакавіка Аўстрыя «уз’ядналася» з Германіяй. Толькі СССР прызываў да жорсткага, у тым ліку ваеннымі сродкамі, адпору агрэсару, але гэтыя прапановы не знайшлі паразумення ў Лізе Нацый.

Вельмі напружаная сітуацыя склалася на Далёкім Усходзе, дзе барацьбу за тэрытарыяльны перадзел вяла Японія. Яна разлічвала ўвайсці ў кола «вялікіх» дзяржаў, але была зняважана Англіяй і ЗША пад час падпісання Портсмуцкага міру па выніках Русска-японскай вайны. Таму ўвайсці ў кола «вялікіх» краін свету яна імкнулася праз усталяванне свайго панавання ў Кітаі і ў басейне Ціхага акіяна. У верасні 1931 г. японскія войскі акупіравалі паўночны Кітай – Маньчжурыю і стварылі там марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-Го. «Пераемнасць» улады сімвалізаваў былы імператарам Кітая – Пу-І, які юрыдычна ўзначаліў урад краіны, але фактычна не меў ніякіх паўнамоцтваў. Ліга Нацый ў лютым 1933 г. асудзіла захоп Маньчжурыі і патрабавала вярнуць яе Кітаю. У адказ Японія выйшла з Лігі Нацый у сакавіку 1933 г. і пачала рыхтавацца да новых тэрытарыяльных захопаў. У 1937 г. японскі ўрад разгарнуў шырокамаштабную агрэсію ў цэнтральным Кітаі, захапіўшы вялікую тэрыторыю з багатымі прыродныя рэсурсы. Савецкі Саюз аказаў падтрымку кітайскаму ўраду Гаміньдан і заключыў з ім 21 жніўня 1937 г. дагавор аб ненападзенні. У лістападзе 1937 г. у Бруселі адкрылася канферэнцыя 19 краін, якая абмяркоўвала «японскае пытанне». Удзельнікі канферэнцыі маральна асудзілі агрэсара і абмежавалася добрымі пажаданнямі ў адрас Кітая. Урады Англіі, Францыі і ЗША рабілі спробы справакаваць савецка-японскую вайну, чаму спрыяла жорсткая пазіцыя СССР у адносінах да японскай агрэсіі. Так, з 1936 па 1938 гг. на ў сходняй мяжы СССР адбылося 230 узброеных савецка-японскіх канфліктаў. Летам 1938 г. японскія войскі былі разгромлены каля возера Хасан, а ў маі-жніўні 1939 г. у раёне р. Халхін-Гол (Мангольская народная рэспубліка). Падчас адкрытай інтэрвенцыі Японіі супраць МНР савецкія і мангольскія войскі здолелі разбіць японскую групоўку лікам у 38 тыс. салдат. Гэтае паражэнне перапыніла намеры японскіх мілітарыстаў на Далёкім Усходзе, пераарыентавалі галоўны накірунак іх агрэсіі ў паўднёвыя рэгіёны Ціхага акіяна. Гэта супярэчыла памкненням Англіі. Яшчэ перад катастрофай пад Халхін-Голам Японія атрымала падтрымку сваёй палітыкі ад Лондана. У чэрвені
1939 г. паміж гэтымі краінамі было падпісана пагадненне, згодна якому Англія абавязвалася не супрацьдзейнічаць Японіі ў Кітаі
(і Савецкай Расіі) калі апошняя не будзе пагражаць англійскім калоніям у рэгіёне – Індыі, Сінгапуру і інш. Гэтае пагадненне больш вядома як
«далёкаўсходні Мюнхен».

Цікавую пазіцыю займалі ў знешнепалітычных справах ЗША. Яшчэ ў XIX ст. у Кангрэсе была прынятая дактрына знешнепалітычнай дзейнасці – «дактрына Манро». Сутнасць яе: Амерыка – для Амерыкі. Яна прадугледжвала неўмяшальніцтва ЗША у еўрапейскія справы, якія не датычыліся нацыянальных інтарэсаў Амерыкі, але і справы амерыканскага кантыненту аб’яўляліся выключнай манаполіяй амерыканскага ўраду. Спробу прэзідэнта В.Вільсана ў пачатку XX ст. (першая сусветная вайна) выйсці на шырокую міжнародную арэну амерыканская палітычная эліта не прыняла і ЗША вярнуліся пасля першай сусветнай вайны да прынцыпаў «дактрыны Манро».

Мюнхенскае пагадненне

Да 1938 г. узрасла напружанасць ў Еўропе. У лістападзе 1937 г. Гітлер на нарадзе з ваенным кіраўніцтвам паставіў мэту – далучыць да Рэйху Чэхаславакію, якая займала выгаднае стратэгічнае палажэнне ў цэнтры Еўропы і мела добра развітую прамысловасць (10-е месца ў свеце). Гэта было магчыма толькі пры нейтральнай пазіцыі Францыі і Англіі. Н.Чэмберлен
24 сакавіка 1938 г. заявіў, што адмаўляе Чэхаславакіі ў дапамозе пры агрэсіі з боку Германіі. Але ўрад Чэхаславакіі разлічваў на дагаворы аб узаемадапамозе з Францыяй і СССР. 22 жніўня 1938 г. нарком замежных справаў СССР М.Літвінаў заявіў германскаму паслу ў СССР Шуленбургу, што СССР акажа Чэхаславакіі усялякую падтрымку, якую тая запросіць. Да верасня 1938 г. на заходняй мяжы СССР сканцэнтраваў 40 дывізій і танкавы корпус, яшчэ 36 дывізій рыхтавалася да перакідвання. Але 27 верасня 1938 г. Н.Чэмберлен папярэдзіў прэзідэнта Чэхаславакіі Э.Бенеша аб неўмяшальніцтве ў канфлікт з Германіяй Англіі і Францыі.

Цікава, што зачэпкай для захопу краіны стала пытанне аб становішчы нацыянальнай меншасці у Чэхаславакіі – судэцкіх немцаў. Нібыта ў гэтай краіне правы немцаў былі абмежаваныя. У красавіку 1938 г. судэта-нямецкая партыя лідэра Генлейна, абапіраючыся на фінансавую і палітычную падтрымку Берліна, запатрабавала ад урада шырокай аўтаноміі – а па сутнасці – выхаду вобласці са складу Чэхаславакіі. Так была выкарыстаная карта распальвання міжнацыянальнай варожасці ўнутры адной краіны. У напружаных абставінах урады Вялікабрытаніі і Францыі патрабавалі ад Э.Бенеша адмовіцца ад пагаднення з Савецкім Саюзам і ўступіць Гітлеру.

29-30 верасня 1938 г. у Мюнхене была склікана канферэнцыя, у якой бралі ўдзел А.Гітлер, Н.Чэмберлен, Э.Даладзье і Б.Мусаліні. Па пагадненню Чэхаславакія страціла 1/5 тэрыторыі і каля 5 млн. чалавек насельніцтва, 33% прамысловых прадпрыемстваў. Праз некаторы час Германія аб’явіла Чэхаславакію ачагом «небяспекі і пагрозы еўрапейскаму міру» і падштурхнула Славакію да аддзялення ад Чэхіі. 18 сакавіка 1939 г. Славацкая рэспубліка была афіцыйна ўзятая пад «ахову» германскага Рэйху. А 16 сакавіка 1939 г. чэшскія вобласці Багемія і Маравія сталі «германскім пратэктаратам», іншыя раёны краіны перадаваліся Польшчы і Венгрыі.

22 сакавіка 1939г. Германія пад пагрозай ваеннай акцыі дамаглася ад Літвы перадачы Рэйху Клайпеды (Мемель) – буйнога марскога порта на Балтыцы. Ужо ў красавіку 1939 г. Гітлер разарваў дамоўленасці з Англіяй аб марскіх узбраеннях, а Італія распачала ваенную акупацыю Албаніі. Такім чынам, Мюнхенскае пагадненне стала рашаючай падзеяй на шляху развязвання Другой сусветнай вайны. Палітыка «замірэння» агрэсараў, якую праводзілі Вялікабрытанія, Францыя, не дазволіла стварыць адзіны фронт дзяржаў, здольны разам супрацьстаяць блоку агрэсараў. 11 красавіка 1939 г. Гітлер зацвердзіў «Дырэктыву аб адзінай падрыхтоўцы узброеных сіл да вайны на 1939-1940 гг.». У гэтым дакуменце паслядоўна былі вызначаны прыярытэты германскай агрэсіі – спачатку Польшча, потым Францыя і Англія, а так сама іх дробныя еўрапейскія саюзнікі і толькі ў апошнюю чаргу – «паход на Усход». Аб гэтых планах адразу стала вядома ў Лондане, Парыжы, Вашынгтоне і Маскве. Згубнасць палітыкі «замірэння» стала відавочнай для ўсіх патэнцыяльных ахвяр Германскай агрэсіі.

Спроба стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе

Мерапрыемствы па стварэнню сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе храналагічна можна падзяліць на два перыяды. Мяжа паміж імі праходзіць вясной 1939 г. Першы перыяд характарызуецца панаваннем палітыкі «замірэння», ігнараваннем ролі СССР у супрацьстаянні блоку агрэсіўных дзяржаў, надзеямі заходніх дэмакратый павярнуць германскую агрэсію супраць СССР. У другі перыяд прыходзіць да лонданскіх і парыжскіх палітыкаў разуменне неабходнасці цесных кантактаў з Масквой у стварэнні еўрапейскай сістэмы бяспекі.

Важным этапам фарміравання міждзяржаўных адносін з’явілася праца Жэнеўскай міжнароднай канферэнцыі па разбраенню (1932-1935 гг.) з удзелам прадстаўнікоў 63 краін. Дэлегацыя СССР прапанавала здзейсніць прынцып усеагульнага і поўнага разбраення, але іншыя дзяржавы не падтрымалі гэтую прапанову. Па ініцыятыве СССР у маі 1935 г. былі падпісаны савецка-французскі і савецка-чэхаславацкі пакты аб узаемадапамозе супраць агрэсіі. Гэтыя ініцыятывы маглі б стаць сур’ёзным падмуркам стрымлівання агрэсіўнай палітыкі Германіі і яе саюзнікаў і паслужыць асновай стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Але сур’ёзнай перашкодай для знешняй палітыкі СССР былі пастановы VI кангрэса Камінтэрна (1928 г.) дзе гаварылася аб хуткай «сусветнай рэвалюцыі» і краху сістэмы капіталізму. Такія ўстаноўкі УКП(б) і Камінтэрна ў большасці краін захаду ўспрымаліся як заклік да «сусветнай рэвалюцыі». Не дабаўлялі міжнароднага аўтарытэта Савецкаму Саюзу сталінскія рэпрэсіі. Палітычная актыўнасць на міжнароднай арэне Масквы ў 30-я гг. успрымалася як спроба навязаць камуністычныя ідэалы. Толькі ў 1939 г. ад гэтых стэрэатыпаў пачалі адыходзіць.

У сакавіку-красавіку 1939 г. урады Англіі і Францыі прадставілі Польшчы, Грэцыі, Румыніі і Турцыі дадатковыя гарантыі бяспекі. У сакавіку 1939 г. пачаліся кансультацыі паміж урадамі СССР, Англіі і Францыі аб магчымым падпісанні пагаднення аб узаемадапамозе і аказанні помачы іншым еўрапейскім краінам, супраць якіх пачалася агрэсія. Савецкаму Саюзу прапаноўвалі аказваць неадкладную ваенную дапамогу не толькі Англіі і Францыі, але і тым краінам, якім яны гарантавалі бяспеку, што было заведама непрымальнай для савецкага ўрада ўмовай, бо яны не ўтрымлівалі прынцыпу ўзаемнасці і ставілі СССР у няроўнае становішча. У іх не прадугледжвалася абавязкаў дапамогі Англіі і Францыі СССР у выпадку нападзення Германіі на Савецкі Саюз.

З 15 чэрвеня па 2 жніўня 1939 г. «перамовы дзеля перамоваў» праходзілі ў Маскве, адбылося 12 пасяджэнняў. У выніку былі дасягнутыя дамоўленасці аб прадаўжэнні перамоў і аб падпісанні палітычнага і ваеннага пагадненняў.

Ваенныя місіі прыбылі ў Маскву толькі 11 жніўня, але яны мелі права падпісваць пагадненні. З 12 па 21 жніўня адбылося дзевяць пасяджэнняў, 15 жніўня на прапанову кіраўніка Генштаба Чырвонай Арміі Б.М.Шапашнікава дэлегацыям Англіі і Францыі не было што адказаць. Да таго, паўстала праблема праходу савецкіх войск праз польскую тэрыторыю. Польшча катэгарычна не згаджалася на ўвод Чырвонай Арміі на сваю тэрыторыю. Яна разлічвала на дагавор ад 19 мая 1939 г. з Францыяй, па якому апошняя аказвала неадкладную дапамогу Варшаве. 25 жніўня 1939 г. пагадненне аб узаемадапамозе з Польшчай падпісала Англія. Варшава спадзявалася на дапамогу з Захаду і ігнаравала прапановы Масквы. Перамовы зайшлі ў тупік.

Адначасова Берлін працягвай дыпламатычную гульню як з Лонданам і Парыжам, так і з Масквой. Да апошняга часу першым Гітлер даваў надзею на тое, што яго агрэсія будзе накіравана ў першую чаргу супраць СССР, і гэты факт паралізаваў магчымасці брытанскай і французскай дыпламатыі да крытычнага ўспрымання рэчаіснасці, якая склалася ў свеце. 11 жніўня швейцарскі дыпламат К.Буркхардт са згоды ўрадаў Англіі і Францыі сустракаўся з Гітлерам, які завяраў Захад у антысавецкім накірунку сваёй палітыкі. Пра гэтыя кантакты ведалі ў Маскве, што не дабаўляла даверу гэтым краінам. Мэта Гітлера – не дапусціць складвання адзінага антыгерманскага фронту вялікіх дзяржаў была з поспехам дасягнутая. З мая 1939 г. і Масква пачала атрымліваць канкрэтныя прапановы па заключэнню міждзяржаўнага пагаднення. Каб пазбегнуць пагрозы складвання шырокай антысавецкай кааліцыі, СССР ідзе на кантакты з Гітлерам.

Савецка-германскія дагаворы

26 ліпеня 1939 г. савецкаму паверанаму ў Берліне Г.Астахаву было заяўлена аб жаданні Германіі «на справе даказаць магчымасці дамовіцца па любым пытанням, даць любыя гарантыі» СССР. Савецкі ўрад праяўляў празмерную асцярожнасць, змяняючы назвы кантактаў з Берлінам з «перамоваў» на «размовы». Апошняя прапанова з Берліна заключыць дагавор аб ненападзенні прыйшла ў Маскву 20 жніўня. А ўжо 23 жніўня ў Маскву прыляцеў германскі міністр замежных спраў І.Рыббентроп, які вечарам 23 жніўня падпісаў разам з П.Молатавым германа-савецкі дагавор аб ненападзенні тэрмінам на 10 гадоў. Адначасова быў падпісаны «сакрэтны дадатковы пратакол». У ім агаворвалася пытанне аб размежаванні сфер інтарэсаў ва Усходняй Еўропе – гэтае ёсць падставай абвінавачваць СССР у пасобніцтве германскай агрэсіі. Ці так гэта? Сапраўды, Савецкі Саюз атрымліваў гарантыі бяспекі, але дакумент не ўтрымліваў артыкулаў аб ваенным супрацоўніцтве і не абавязваў бакі весці баявых дзеянняў супраць трэціх краін, альбо аказваць дапамогу ў ваенных канфліктах. Пагадненні не рабілі СССР і Германію саюзнікамі ні фармальна, ні фактычна. Тым не менш, СССР стаў староннім наглядальнікам за тым, як Германія па чарзе разграміла асноўных канкурэнтаў у Еўропе і падрыхтавала базу да нападу на СССР. СССР ад палітыкі стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі перайшоў да палітыкі фарміравання асабістай сферы ўплыву ў Еўропе і тэрытарыяльнай экспансіі. З восені 1939 г. Масква апынулася ў стане поўнай міжнароднай ізаляцыі.

Але, разам з тым, дагавор меў і станоўчыя вынікі – асабліва для народа Беларусі. Ажыццявілася ўз’яднанне беларускага народа, аднавілася гістарычная справядлівасць. За перадваенныя гады на Усходзе краіны было ўведзена ў эксплуатацыю звыш 9 тыс. новых заводаў, фабрык, шахт, што садзейнічала ўмацаванню абароны дзяржавы. Падпісаны германа-савецкі дагавор не мог паўплываць на рэалізацыю планаў Берліна па развязванні агрэсіі супраць Польшчы.

Вынікі: Такім чынам, на працягу 1930-х гг. ініцыятывы СССР па стварэнню калектыўнай сістэмы бяспекі на еўрапейскім кантыненце вельмі цяжка знаходзілі паразуменне з боку кіруючых колаў Англіі, Францыі, Польшчы. Урады гэтых краін больш імкнуліся дасягнуць сваёй бяспекі за кошт СССР, накіроўвалі агрэсію нацысцкай Германіі на Усход. У выніку Савецкі Саюз прымае прапановы Германіі і падпісвае з ёй дагавор аб ненападзенні. Далейшая гісторыя пакажа памылковасць такой палітыкі – але і Захад у адносінах з Берлінам памыляўся не адзін раз.

Кантрольныя пытанні да тэмы №1

  1.  Якія пункты германскай, японскай і італьянскіх радыкальных ідэалогій 1920-1930-х гг. аказвалі найбольшы ўплыў на палітыку гэтых дзяржаў?
  2.  Што такое «план Даўэса», кім і дзеля чаго ён быў распрацаваны?
  3.  Як складваліся савецка-германскія стасункі да 1933 г.?
  4.  Як ставіліся асноўныя еўрапейскія краіны да падзей у Аўстрыі ў 1934 г.?
  5.  У чым сутнасць брытанскай палітыкі «балансу сілаў» і чаму яна не адпавядала рэчаіснасці 1930-х гг.?
  6.  Якую палітыку на Далёкім Усходзе праводзіла Японія? Якія падзеі вымусілі гэтую краіну скарэктаваць галоўныя накірункі агрэсіі?
  7.  У чым ёсць сутнасць Мюнхенскіх пагадненняў?
  8.  Якія асноўныя этапы ў стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе вы ведаеце? У чым іх сутнасць?
  9.  Чаму англа-франка-савецкія перамовы не мелі станоўчага выніку?
  10.  Як вы ацэньваеце падпісанне пакта аб ненападзе паміж Германіяй і СССР?


ТЭМА 2. ПАЧАТАК ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ І ПАДЗЕІ ў БЕЛАРУСІ

Лекцыя 3. Пачатак Другой сусветнай вайны і падзеі ў Беларусі

Асноўныя паняцці:

«план Вайс»; «сакрэтныя пратаколы»; аперацыя «Гімлер»; Другая сусветная вайна; германа-польская вайна 1939 г.; абарона Брэсцкай крэпасці 1939 г. «лінія Керзана»; акупацыя Албаніі; Беларускі і Украінскі франты; вызваленчы паход; гарантыі бяспекі беларускаму насельніцтву; загад Э.Рыдз-Сміглы; Катынская справа; уз’яднанне; акт гістарычнай справядлівасці; дагавор аб сяброўстве і мяжы паміж СССР і Германіяй; чацвёрты падзел Польшчы; Адукацыя на роднай мове; Народныя сходы; дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР; Віленскі край; адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел; нацыяналізацыя; калектывізацыя; рэпрэсіі; дэпартацыя; падпольныя арганізацыі; пагадненні аб узаемадапамозе з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй; «Прыбалтыйская канфедэрацыя»; «лінія Манэргейма»; «маральнае эмбарга»; «ўрад Куусінена».

Пачатак Другой сусветнай вайны

Польшча, як краіна, якой дасталася шмат германскіх зямель па выніках Першай сусветнай вайны, была адной з галоўных мішэняў для Гітлера. Але надзвычай вялікія абшары і вялікая колькасць насельніцтва гэтай дзяржавы патрабавалі ад Германіі добрай падрыхтоўкі. Пакуль Германія інкарпаравала Аўстрыю і Чэхію, Варшаву ўпэўнівалі ў сяброўстве з боку Берліна. Так было 16 лютага 1937 г. пры наведванні Варшавы Г.Герынгам, і 5 лістапада 1937 г., калі Гітлер заверыў польскага пасла ў Германіі аб нязменнасці юрыдычнага і палітычнага статуса былога прускага, а зараз польскага Данцыга.

Але 11 красавіка 1939 г., пасля вырашэння чэшскага пытання, Гітлер зацвердзіў «план Вайс», які прадугледжваў ліквідацыю Польшчы. 28 красавіка Германскае кіраўніцтва аб’явіла аб дэнансацыі сваіх абавязкаў аб ненападзенні, заключаных паміж Польшчай і Германіяй у 1934 г.

Да канца жніўня 1939 г. падрыхтоўка да нападзення на Польшчу была завершана. 22 жніўня 1939 г. Гітлер правёў нараду вышэйшага каманднага складу, дзе выказаў канкрэтныя мэты вайны супраць Польшчы, а 23 жніўня 1939 г. было заключана савецка-германскае пагадненне аб ненападзе, антыпольскае згодна «сакрэтнаму пратаколу». 31 жніўня 1939 г. Гітлерам была падпісана дырэктыва аб нападзе на Польшчу.

У ноч з 31 жніўня на 1 верасня 1939 г. германскія спецслужбы правялі аперацыю «Гімлер». Эсэсаўцы ў польскай форме, пад кіраўніцтвам штурмбанфюрэр СС А.Наўёкса «захапілі» радыёстанцыю ў горадзе Глейвіц, з якой прагучаў зварот на польскай мове «...аб’ядноўвацца і біць немцаў». Раніцай 1 верасня 1939 г., пасля выступлення Гітлера, Германія напала на Польшчу. Звязаныя пагадненнямі аб узаемадапамозе,
3 верасня вайну Германіі аб’явілі Францыя, Англія і яе калоніі і дамініёны. Пачалася Другая сусветная вайна.

Насельніцтва Польшчы з энтузіязмам сустрэла вестку аб рашэннях Англіі і Францыі ўступіць у вайну. Разам з Польшчай яны мелі: 172 дывізіі, каля 4000 танкаў, звыш 7600 самалётаў, да 36000 гармат і мінамётаў. Германія мела толькі 103 дывізіі, 3200 танкаў, звыш 4000 самалётаў і 26000 гармат і мінамётаў. Але, як і разлічвалі ў Берліне – саюзнікі здрадзілі і на гэты раз. 15 верасня наступленне, якое магло карэнным чынам змяніць сітуацыю на франтах, так і не пачалося. На заходняй мяжы Германія трымала толькі 23 дывізіі супраць 110 французскіх і англійскіх.


Суадносіны войск Германіі і Польшчы на пачатак вайны

Дыві-зій

Салдат

Танкаў

Самалётаў

Караблёў

Гармат і мінамётаў

Германія

62

1,6 млн.

2 800

2 000

100

6 000

Польшча

39

1 млн.

870

407

13

4 300

Суадносіны

1,6:1

3,5:1

5:1

8:1

1,5:1

Вайна пачалася не толькі для палякаў – але і для беларусаў, бо яны складалі каля 15% насельніцтва Другой Рэчы Паспалітай. Прыклад мужнасці праявілі беларусы ў баях на ўзбярэжжы Гдыні, пры абароне Модліна і Хеля. Гераічнай старонкай стала абарона Брэсцкай крэпасці (з 14 па 18 верасня 1939 г.). Абаронцы адбілі 7 варожых атак і страцілі палову саставу. Не атрымаўшы падмацавання, яны з 17 на 18 верасня пакінулі пазіцыі і адышлі ў паўднёва-заходнім накірунку. Гарнізон Брэсцкай крэпасці (каля 4 тыс.) на 40% складаўся з рэзервістаў-беларусаў.

Да 16 верасня германская армія акупіравала большую частку тэрыторыі Польшчы і выйшла на «лінію Керзана» – мяжу рассялення беларусаў і ўкраінцаў. Польскі ўрад 16 верасня эмігрыраваў у Румынію, а затым у Лондан. Гераічна змагалася Варшава, якая 27 верасня капітулявала. Страты польскай арміі былі значнымі. Загінула каля 65 тыс. салдат, прыкладна 140 тыс. былі паранены, у германскім палоне аказалася каля 400 тыс. салдат і афіцэраў польскай арміі, у тым ліку 70 тыс. беларусаў. Некалькі тысяч беларусаў у складзе польскіх ваенных часцей перабралася на Захад, у Францыю, Англію. Беларусы прынялі актыўны ўдзел у баях на франтах Афрыкі і Заходняй Еўропы.

У ходзе польскай кампаніі значнымі былі і германскія страты, што надоўга затрымала пачатак германскага наступлення на Францыю. Аднак прыклад Германіі развязаў рукі іншым краінам – удзельніцам Траістага пакту. У красавіку 1939 г. італьянскія фашысты пачалі акупацыю Албаніі.

Уступленне войск Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну

Кіраўніцтва Германіі падштурхоўвала Маскву да актыўных дзеянняў супраць Польшчы. Але савецкі ўрад дзейнічаў вельмі асцярожна, бо было добрае разуменне адказнасці за развязванне Сусветнай вайны. Маскве патрабавалася легальная падстава для ўвядзення войскаў на тэрыторыю Польшчы. Націск германскага кіраўніцтва пастаянна ўзрастаў, ім выкарыстоўвалася карта страты для Масквы зоны ўплыву ў Польшчы, якая была вызначана паводле жнівеньскіх «пратаколаў».

11 верасня быў аддадзены загад аб стварэнні Беларускага (камандуючы М.П.Кавалёў) і Украінскага (камандуючы С.К.Цімашэнка) франтоў, а 16 верасня яны былі разгорнуты і падрыхтаваны для вызваленчага паходу. Усяго мелася 60 стралковых, 13 кавалерыйскіх дывізій і 18 танкавых брыгад агульнай колькасцю каля 600000 чалавек, 5467 сярэдніх і цяжкіх гармат, 4000 танкаў і 2000 самалётаў. Але толькі пасля 16 верасня, калі польскі ўрад падаўся ў эміграцыю і ніхто не гарантаваў бяспеку беларускаму насельніцтву, савецкі ўрад абвясціў аб увядзенні Чырвонай Арміі на тэрыторыю, якую засяляюць брацкія беларускі і украінскі народы. 17 жніўня польскаму паслу ў Маскве была ўручана нота, у якой СССР брала на сябе забеспячэнне гарантый грамадзянскіх і маёмасных правоў «польскім» беларусам і украінцам. Урад Польшчы прызнаў, што стану вайны краіны з СССР няма, СССР таксама не аб’яўляў вайны Польшчы. Таму ў загадзе Вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброеных сіл Польшчы маршала Э.Рыдз-Сміглы 17 верасня польскім войскам прадпісвалася не ўступаць у баі з савецкімі воінскімі падраздзяленнямі, за выключэннем спроб раззбраення. Загад Э.Рыдз-Сміглы садзейнічаў таму, што ваенных дзеянняў паміж польскімі і савецкімі войскамі фактычна не было. Зафіксавана каля 40 выпадкаў супраціўлення пагранічных патрулёў, а таксама баі пад Кобрынам, Вільняй, Сапоцкіным. Найбольш упартыя баі разгарнуліся 20-21 верасня ў Гродне. У перыяд з 17 па 30 верасня 1939 г. страты войск Беларускага фронту склалі 996 чалавек загінуўшымі і 2002 параненымі. Да 2 кастрычніка Чырвоная Армія ўзяла ў палон
450 тыс. салдат і афіцэраў польскай арміі (афіцэраў – каля
20 тыс.). Трагічным быў лёс афіцэрства. Па рашэнню Палітбюро ЦК УКП(б) ад 5 сакавіка 1940 г. іх расстралялі пад Катынью «без прад’яўлення абвінавачванняў».

Паход Чырвонай Арміі пачаўся 17 верасня 1939 г. і працягваўся 12 дзён. Да 22 верасня былі занятыя Беласток і Брэст. Савецкаму Саюзу адыйшлі тэрыторыі, якія былі анексіраваны Польшчай у 1920 г. – гэта прыкладна 190 тыс. кв. км з насельніцтвам каля 12 млн. чалавек, у асноўным украінцаў і беларусаў. Заходняя мяжа СССР была перасунутая на захад на 250-300 км. Лінія сутыкнення савецкіх і германскіх войск у асноўным супадала з «лініяй Керзана». 25 верасня 1939 г. у Брэсце адбыўся парад савецкіх і нямецкіх войск – патэнцыяльных ворагаў.

Уз’яднанне народаў Украіны і Беларусі з’явілася актам гістарычнай справядлівасці. Большая частка насельніцтва Заходняй Беларусі сустракалі савецкіх салдат кветкамі, хлебам-соллю. У некаторых месцах стыхійна ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія раззбройвалі паліцэйскіх і асаднікаў, бралі пад ахову чыгуначныя масты, прадпрыемствы, іншыя аб’екты. Органамі новай улады з’яўляліся часовыя ўправы і сялянскія камітэты.

У адпаведнасці з сакрэтным пратаколам, прыкладзеным да дагавора аб сяброўстве і мяжы паміж СССР і Германіяй ад
28 верасня 1939 г., перакройваліся сферы ўплыву ў Польшчы. Усходняя частка Варшаўскага ваяводства і ўсё Люблінскае адыходзілі Германіі. Узамен у сферу інтарэсаў савецкай дзяржавы ўключалася тэрыторыя Літвы і частка заходніх паветаў Беластоцкага ваяводства з пераважна польскім насельніцтвам, а таксама некаторыя ўсходнія часткі паветаў Варшаўскага ваяводства.

Пагадненні з фашысцкай Германіяй дэзарыентавалі рэвалюцыйныя і антыфашысцкія сілы ў іншых краінах, ускладнілі становішча камуністычных партый. Кіраўнік польскага ўраду ў эміграцыі В.Сікорскі кваліфікаваў савецка-германскую дамоўленасць ад 28 верасня як чацвёрты падзел Польшчы. У дэкрэце польскага прэзідэнта Савецкі Саюз быў названы агрэсарам. Аб’яўлялася аб пачатку барацьбы за ўзнаўленне суверэнітэту Польшчы ў межах да 1 верасня 1939 г.

Уз’яднанне Беларусі. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні ў заходніх абласцях БССР

Пасля працяглага перыяду нявырашанасці аграрнага пытання беларускія сяляне атрымалі магчымасць здзейсніць свае эканамічныя патрэбы. Сялянскія камітэты дзялілі памешчыцкую, асадніцкую, царкоўную землі, бралі на ўлік маёмасць, інвентар, жывёлу і запасы збожжа ў маёнтках. Малазямельныя і беззямельныя сяляне атрымалі 431 тыс. га ворнай зямлі, 14 тыс. коней і 33,4 тыс. кароў, ім выдзелілі зерне на пасеў. У выніку было ліквідавана памешчыцкае землеўладанне, серадняцкая праслойка ў вёсцы стала пануючай.

У гарадах часовыя ўправы бралі на ўлік фабрыкі і заводы, арганізоўвалі вытворчасць, забяспечвалі насельніцтва харчаваннем, наладжвалі медыцынскае абслугоўванне, вялі барацьбу са спекуляцыяй, адчынялі школы. Адчыняліся бясплатныя бальніцы, амбулаторыі, медыцынскія пункты. Восенню 1939 г. адчыніліся новыя школы (усяго было 5643 школы, з іх 4278 – з беларускай мовай навучання). Адукацыя дэмакратызавалася, пераводзілася на родную мову. У школы пайшлі дзесяткі тысяч дзяцей рабочых і сялян.

Аднак пытанні аб дзяржаўнай уладзе, аб самавызначэнні Заходняй Беларусі, згодна з палітычнай еўрапейскай традыцыяй, маглі быць вырашаны толькі ці праз рэферэндум-плебесцыт ці паўнамоцным прадстаўнічым органам, абраным народам. Масква была вельмі зацікаўлена ў чысціні прававой працэдуры далучэння да СССР новых тэрыторыяў. 1 кастрычніка 1939 г. была прынятая пастанова Палітбюро ЦК УКП(б) «Пытанні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны», якая складалася з 33 пунктаў. Пастанова абавязвала склікаць Украінскі і Беларускі Народныя сходы з выбарных, вызначала змест рашэнняў, якія павінны былі прымацца на сходах.

Выбары адбыліся 22 кастрычніка 1939 г. у абстаноўцы палітычнага ўздыму і пад пільным наглядам Камуністычнай партыі. На 929 участкаў прыйшло 2672280 асобаў (гэта 96,7% выбаршчыкаў), з іх 96,7% галасавалі за «народны спіс». З 929 абраных дэпутатаў Народнага сходу прадстаўнікоў сялянства – 563, рабочых – 197, інтэлігенцыі – 112, служачых – 29, саматужнікаў – 25. Сярод іх беларусаў налічвалася 621, палякаў – 127, яўрэяў – 72, украінцаў – 53, рускіх – 43 і 13 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Пераважалі былыя актыўныя ўдзельнікі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.

Народны сход аднагалосна прыняў 29 кастрычніка дэкларацыю аб устанаўленні Савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Аднагалосна была прынятая і дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, дзе змяшчаўся зварот да Вярхоўнага Савета СССР і БССР аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і БССР, аб’яднанні беларускага народа ў адзіную дзяржаву ў мэтах «пакласці канец раз’яднанню беларускага народа». 30 кастрычніка былі прыняты дэкларацыі аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці і канфіскацыі памешчыцкіх зямель. 17 верасня Народны сход абвясціў Днём усенароднага свята.

2 лістапада нечарговая V сесія ВС СССР першага склікання задаволіла просьбу Народнага сходу Заходняй Беларусі і ўключыла Заходнюю Беларусь у склад СССР з уз’яднаннем яе з БССР. На нечарговай III сесіі ВС БССР 14 лістапада прымаецца закона, у якім было запісана: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і ўз’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве». У склад БССР увайшла тэрыторыя плошчай 100 тыс. кв. км. з насельніцтвам 4,7 млн. чалавек. Плошча БССР павялічылася са 125,6 тыс. кв. км да 225,6 тыс. кв. км, насельніцтва – з 5,6 млн. да 10,3 млн. чалавек. У складзе БССР было ўтворана 10 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Віцебская, Вілейская, Гомельская, Мінская, Магілёўская, Палеская, Пінская і 188 раёнаў.

1 лістапада 1939 г. беларусы даведаліся, што Віленскі край Савецкі ўрад адлучыў ад Заходняй Беларусі і перадаў Літве. Гэта 6656 кв. км. з 457 тыс. чалавек, з якіх літоўцаў было толькі 100 тыс. Пагадненне аб яе перадачы было падпісанае яшчэ
10 кастрычніка 1939 г., але яно не публікавалася, аж пакуль выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі і беластоцкая сесія не адышлі ў гісторыю. Волі насельніцтва ніхто не пытаў і нацыянальнага складу яго не ўлічваў.

Далейшыя мерапрыемствы на далучаных тэрыторыях выдзяляюцца ў некалькі груп. Гэта ўвядзенне адзінай сістэмы адміністрацыйнага падзелу і стварэнне сістэмы органаў улады; эканамічныя і сацыяльныя пераўтварэнні; змены ў культуры і адукацыі; мерапрыемствы ў сферы абароны.

У канцы 1939 г. у Заходняй Беларусі быў уведзены новы адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел: вобласці, раёны, сельсаветы. Створаны 5 абласцей – Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і 101 раён. 24 сакавіка 1940 г. тут адбыліся першыя выбары ў Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР. У галасаванні ўдзельнічала 99,3% выбаршчыкаў. За кандыдатаў «блока камуністаў і беспартыйных» прагаласавала 98,1% выбаршчыкаў. У органах кіравання – як савецкіх, так і партыйных – пераважалі спецыялісты, прысланыя з Усходняй Беларусі і Савецкай Расіі. Колішнія сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі арыштоўваліся і рэпрэсіраваліся, а партыя была яшчэ ў 1938 г. распушчана Камінтэрнам, разам з Польскай камуністычнай партыяй. У канцы 1939 – пачатку 1940 г. былі створаны партыйныя органы кіравання. Для арганізацыі іх работы накіравалі 4500 камуністаў. У пачатку 1941 г. дзейнічалі ўжо 1232 пярвічныя партарганізацыі, якія аб’ядноўвалі 16048 камуністаў. Да мая 1940 г. на работу сярод моладзі з усходу было накіравана 6200 камсамольцаў. У верасні дзейнічала ўжо 2041 пярвічная камсамольская арганізацыя, якая аб’ядноўвала 23611 камсамольцаў. Гэтыя арганізацыі павінны былі ажыццяўляць сярод мясцовага насельніцтва пільны ідэалагічны кантроль. Была забаронена дзейнасць усіх палітычных партый, акрамя камуністычнай.

У эканоміцы адбываліся сацыялістычныя пераўтварэнні. У лістападзе-снежні 1939 г. пачалася нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку, дробных і банкаў. Адначасова пашыраліся існаваўшыя прадпрыемствы, будаваліся новыя фабрыкі і заводы. У канцы 1940 г. тут дзейнічалі 392 прамысловыя прадпрыемствы, на якіх былі заняты каля 40 тыс. рабочых. Аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці павялічыўся амаль у 2 разы ў параўнанні з 1938 г. і склаў 27,6% прамысловай вытворчасці рэспублікі. У другой палове 1940 г. пачалося інтэнсіўнае будаўніцтва аэрадромаў, мастоў, віядукаў, пад’язных дарог. Гэтыя мерапрыемствы хутка пашыралі колькасць пралетарыяту – сацыяльнай апоры савецкай улады. Лічылася, што сялянства ў Заходняй Беларусі знаходзіцца пад моцным уплывам дробнабуржуазнай ідэалогіі маёмаснікаў і з гэтай нагоды не можа выконваць ролю апоры савецкага строю на новых тэрыторыях.

У сельскай вытворчасці ствараліся калектыўныя гаспадаркі, але ўлады не пайшлі па шляху масавай прымусовай калектывізацыі. Гэта абавязкова б вызвала ўсеагульнае сялянскае выступленне, якое паставіла б пад сумленне правамоцнасць дабравольнага далучэння Заходняй Беларусі да СССР. Тым не менш, да чэрвеня 1941 г. мелася 1115 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 49 тыс., ці каля 7% сялянскіх гаспадарак. Іх абслугоўвалі 101 МТС з 997 трактарамі і сельскагаспадарчымі машынамі. На землях лепшых маёнткаў было арганізавана 28 саўгасаў. Пераход да калектывізацыі выклікалі супраціўленне часткі сялян, асабліва заможных, але выпадкі падпалу калгасных будынкаў, тэрарыстычных актаў былі адзінкавымі. Нацыяналізацыя прамысловасці, пераадоленне беспрацоўя, павышэнне заработнай платы, пераразмеркаванне зямлі забяспечылі пэўны рост жыццёвага ўзроўню рабочых і сялян.

Пасля 20-ці год моцнай паланізатарскай палітыкі насельніцтва атрымала магчымасці развіваць і карыстацца дасягненнямі сваёй, беларускай культуры. Сістэма адукацыі была пераведзена на родную мову. З 5643 школ (ахоплівалі
774,5 тыс. дзяцей) 4278 былі беларускамоўнымі, а ў 1365 дзеці вучыліся на рускай, польскай, яўрэйскай і літоўскай мовах. Былі адкрыты 4 ВНУ і 25 педвучылішчаў, медвучылішчаў, тэхнікумаў. На беларускай, польскай мовах сталі выдавацца газеты, адкрыліся 5 драмтэатраў і 100 кінатэатраў, 220 бібліятэк з фондам 446 тыс. кніг. Улічваліся і нацыянальныя асаблівасці заходняга рэгіёну. У 1940 г. у Беластоку былі адчынены польскі і яўрэйскі драматычныя тэатры. У красавіку 1941 г. у Гродне адкрыўся музей польскай літаратуры імя Э.Ажэшкі, працавалі рэдакцыі польскага радыёвяшчання.

Напружанасць у грамадстве выклікалі арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях рэспублікі. 5 снежня 1939 г. кіраўнік НКУС СССР Л.Берыя загадаў высяляць з заходніх абласцей Беларусі работнікаў лясной аховы і ваенных асаднікаў. З лютага 1940 г. па 20 чэрвеня 1941 г. было рэпрэсіравана больш як 125 тыс. чалавек. Сярод дэпартыраваных ва ўсходнія і паўночныя раёны Савецкага Саюза былі асаднікі, работнікі лясной аховы, члены іх сямей, арыштаваныя раней паліцэйскія, жандары, фабрыканты, памешчыкі, асобы, якія не жадалі прымаць савецкае грамадзянства і інш.

Пры падтрымцы польскага эміграцыйнага ўрада і касцёла на тэрыторыі Заходняй Беларусі была створана канспіратыўная сетка польскага падполля. Толькі з кастрычніка 1939 г. па ліпень 1940 г. былі выкрытыя 109 падпольных арганізацый, якія аб’ядноўвалі 3231 удзельніка, з якіх 2904 чалавекі былі польскай нацыянальнасці. Самымі ўплывовымі падпольнымі арганізацыямі былі «Саюз узброенай барацьбы», «Саюз польскіх патрыётаў», «Стральцы», «Сокал», «Вызваленцы», «Партызанка». Яны рыхтавалі аднаўленне Польшчы ў межах да 1 верасня 1939 г.

Абапіраючыся на эканамічны і навукова-тэхнічны патэнцыял усёй краіны, заходнія вобласці БССР за год і дзевяць месяцаў пасля ўз’яднання зрабілі значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў, нягледзячы на недахопы камандна-адміністрацыйнай сістэмы.

Становішча ў краінах Балтыі.
Утварэнне Малдаўскай ССР

Намнога складаней была сітуацыя ў Прыбалтыцы і Малдавіі. Восенню 1939 г. савецкі ўрад прапанаваў Балтыйскім дзяржавам падпісаць пагадненні аб узаемадапамозе. Яны былі падпісаны 28 верасня 1939 г. з Эстоніяй, 5 кастрычніка з Латвіяй, 10 – з Літвой. Дамоўленасці прадугледжвалі аказанне бакамі ўсялякай дапамогі на выпадак нападу якой трэцяй краіны; забаранялі бакам удзел у кааліцыях, накіраваных супраць аднаго з бакоў; на тэрыторыі Прыбалтыкі размяшчаліся ваенныя базы Чырвонай Арміі, але СССР «не спакушалася на суверэнныя правы бакоў, якія дамаўляліся». Падчас перамоваў ад Каўнаса, Рыгі і Таліна не хавалі інфармацыі аб усталяванні паміж СССР і Германіяй сфер уплыву, адпаведна Прыбалтыка ўжо была абмежавана ў сваіх дыпламатычных пошуках.

Нас больш цікавіць пагадненне паміж Масквой і Літвой ад 10 кастрычніка, згодна якому Літва атрымала Вільню і Віленскі край. Міністр замежных спраў Літвы Ю.Урбшыс лічыў такую прапанову з боку Масквы за выключны гістарычны шанец для Літвы «вярнуць» Вільню, у той час як адмова Каўнаса выклікала б канфлікт. Адначасова з Прыбалтыйскімі дзяржавамі Савецкім Саюзам былі падпісаны пагадненні аб пастаўках нафты, жалеза, бавоўны і іншай сыравіны. Прысутнасць Чырвонай Арміі прыдавала прыхільнікам сацыялістычнай ідэі смеласці і рашучасці. Так, у Рызе пры насельніцтве каля 350 тыс. чалавек у антыўрадавых дэманстрацыях і мітынгах удзельнічала каля за
100 тыс. чалавек.

Адначасова з узмацненнем пазіцый Германіі ў Еўропе, Прыбалтыйскія краіны ўсё больш схіляліся на бок Берліна. Урадамі гэтых краін быў створаны антысавецкі ваенна-палітычны саюз «Прыбалтыйская канфедэрацыя», наладжваліся кантакты з Германскім МЗС. У чэрвені 1940 г. урад СССР абвінаваціў прагерманскі ўрад Літвы ў правакацыйных дзеяннях і стварэнні антысавецкай кааліцыі, што парушала ўмовы раней падпісаных пагадненняў, і запатрабаваў змены ўрада і права размесціць дадатковыя вайсковыя часткі ў стратэгічных раёнах краіны. Урад Літвы, а так сама ўрады Латвіі і Эстоніі згадзіліся 14 чэрвеня на ўльтыматыўныя савецкія ўмовы.

У далейшым праводзяцца выбары ў народныя сеймы Літвы і Латвіі. Гэтыя органы, а так сама Дзяржаўная Дума Эстоніі з 21 па 24 ліпеня 1940 г. прынялі дэкларацыі аб увядзенні ў краінах Савецкай улады, уступленні ў склад СССР і правядзенні сацыялістычных пераўтварэнняў. Так, у выбарах у літоўскі Сейм у ліпені 1940 г. прыняло ўдзел 94,8% выбаршчыкаў. За кандыдатаў блоку працоўнага народа прагаласавала 97,8%, супраць – толькі 2,2%, дэпутатамі Сейма сталі 52 камуністы і 48 беспартыйных. 3-5 жніўня 1940 г. Вярхоўны Савет СССР прымае Прыбалтыйскія краіны у склад СССР.

Ці былі гэтыя працэсы «акупацыяй» Прыбалтыкі? На тэрыторыях гэтых краін не было савецкай акупацыйнай адміністрацыі. Уваходжанне прыбалтыйскіх рэспублік у склад СССР адбылося паводле рашэння нацыянальных устаноўчых органаў, створаных на аснове праведзеных выбараў. Гэта стала падставай для прызнання законным ўваходжанне Прыбалтыкі ў склад СССР з боку вялікіх дзяржаў на Патсдамскай канферэнцыі ў 1945 г., а таксама на Хельсінскай канферэнцыі ў 1975 г.

28 чэрвеня 1940 г., «у адпаведнасці з дамоўленасцю паміж СССР і Румыніяй», Чырвоная Армія перайшла Днестр і заняла Тэрыторыю Бесарабіі і Паўночнай Букавіны. У жніўні 1940 г. на гэтых землях з далучэннем Малдаўскай аўтаномнай рэспублікі была ўтворана Малдаўская ССР.

Савецка-фінляндская вайна

З жніўня 1939 г. Масква праводзіла палітыку далучэння да СССР тэрыторый, уключаных у сваю «сферу ўплыву» згодна з сакрэтнымі пратаколамі да савецка-германскіх пагадненняў. Апошняй у чарзе стаяла Фінляндыя – з увядзеннем яе ў палітычную арбіту Масквы, па-сутнасці, аднаўлялася былая мяжа Расійскай імперыі пачатку XX ст. Вырашэнне фінляндскага пытання адпавядала і мэце забеспячэння бяспекі паўночна-заходніх подступаў да Ленінграда, бо мяжа праходзіла ў 32 км. ад горада. Сучасныя артылерыйскія сістэмы дазвалялі абстрэльваць калыску рэвалюцыі з тэрыторыі Фінляндыі.

У кастрычніку 1938 г. па кастрычнік 1939 г паміж СССР і Фінляндыяй ішлі перамовы аб урэгуляванні савецка-фінскай мяжы. Савецкі Саюз прапанаваў Суомі перадаць сабе ў арэнду на 30 год порт Ханко, а так сама абмяняць частку фінскай тэрыто-
рыі – 2761 кв. км на 5529 кв. км савецкай тэрыторыі ва ўсходняй Карэліі. Але на значна меншай фінскай тэрыторыі знаходзілася
8 буйных цэлюлозна-папяровых камбінатаў і ГЭС Раўхала, якая вырабляла трэцюю частку энергіі ў Фінляндыі, а так сама развітая транспартная сетка. СССР прапаноўваў незаселеную і нераспрацаваную тэрыторыю.

Фінскі бок адхіліў прапановы Масквы. СССР выкарыстаў ваенны інцыдэнт на мяжы і 30 лістапада 1939 г. часткі Чырвонай Арміі перасеклі савецка-фінляндскую мяжу. Кіраўніцтва СССР разлічвала на хуткую перамогу – за 14 дзён, аднак вайна зацягнулася. У складзе Чырвонай Арміі на савецка-фінскім фронце ўдзельнічала ад 550 да 760 тыс. чал. Вайна была дрэнна падрыхтавана, кіраўніцтва краіны не дала Генштабу часу для распрацоўкі дэталёвага плана дзеянняў і разгортвання ваенных частак. Фінскае камандаванне вельмі ўдала выкарыстоўвала ўсе магчымасці мясцовасці і прыродных умоваў, а так сама магутнасці «лініі Манэргейму». Таму на першым этапе баёў у снежні 1939 г. яны мелі пэўныя перавагі, а савецкія войскі панеслі вялізарныя страты. З 11 лютага 1940 г.пачаўся другі этап ваенных дзеянняў. Чырвоная Армія была ўзмоцнена танкавымі і авіяцыйнымі злучэннямі, атрымала цёплае абмундзіраванне. У пачатку сакавіка была пераадоленая «лінія Манергэйма», і войскі пачалі наступленне на сталіцу Фінляндыі.

Збоку СССР у ваенных дзеяннях прымалі ўдзел да 760 тыс. чалавек, 11 тыс. гармат, 3000 танкаў, 3000 самалётаў, караблі Балтыйскага і Паўночнага флатоў, Ладажскай флатыліі. З боку Фінляндыі – усе яе ўзброеныя сілы колькасцю каля 600 тыс. чалавек (разам з рэзервам), каля 900 гармат, 270 самалётаў, 60 танкаў і 29 караблёў. Ваенную і дыпламатычную падтрымку фінам аказвалі Англія, Францыя, Швецыя, Нарвегія, Італія. На баку фінаў змагаліся тысячы дабравольцаў з Еўропы і Амерыкі. Вялікія краіны дамагліся 14 снежня 1939 г. выключэння СССР з ліку членаў Лігі Нацый. Ужо 2 снежня 1939 г. ЗША ўвялі «маральнае эмбарга» на пастаўкі ў СССР авіяцыйнай тэхнікі і тэхналогій. А англійскі ваенны кабінет разгледзеў 7 лютага
1940 г. мерапрыемствы па ажыццяўленню інтэрвенцыі супраць Савецкага Саюза, нават планавалася нанесці паветраныя бомбавыя ўдары па нафтавых промыслах Закаўказзя.

Цікава, што з пачаткам вайны на тэрыторыі Фінляндыі быў створаны паўстанцкі «ўрад Фінляндскай Дэмакратычнай Рэспублікі» – ці так званы «ўрад Куусінена». Гэтая акцыя была дзейснай спробай палітычнага націску на Хельсінкі. Яна давала зразумець ураду Суомі, што непрыняцце патрабаванняў СССР можа прывесці да змены палітычнага строю ў гэтай краіне. Было нават распачата стварэнне «фінляндскай народнай арміі». Падчас перамоваў у сакавіку 1940 г. выкарыстанне фактара «Куусінена» вымусіла Хельсінкі прыняць усе ўмовы савецкага ўрада.
12 сакавіка 1940 г. мірнае пагадненне было падпісана ў Маскве, Фінляндыя захавала свой суверэнітэт, але ўмовы СССР ёй прыйшлося выканаць усе і ў поўным аб’ёме.

Вайна была вельмі непапулярнай сярод савецкага народу. Чырвоная Армія панесла неапраўдана вялікія страты. Гэта 65 тыс. чалавек забітымі, 20 тыс. страчанымі без вестак, параненымі і абмарожанымі каля 200 тыс., захварэўшымі – 51 тыс. чалавек. Вайна паказала слабасць Чырвонай Арміі – што ў вялікай ступені паўплывала на рашэнне Гітлера перапыніць падрыхтоўку нападу на Англію і пераарыентаваць агрэсію на Усход – супраць СССР. Калос у яго ўяўленні стаяў на гліняных нагах.

Вынікі: Як бачна, сацыяльна-палітычныя працэсы ў заходніх рэгіёнах СССР у перадваенныя гады цяжка назваць адназначнымі. Разам з тым, дзякуючы намаганням кіруючых колаў СССР у 1939-1940 гг. адбылося значнае ўзмацненне краіны. Больш чым на 20 млн. чалавек павялічылася колькасць насельніцтва Савецкага Саюза, на 400 тыс. кв. км. пашырылася яго тэрыторыя. У складзе Савецкага Саюза заходнія вобласці Украіны і Беларусі ўключыліся ў агульнасаюзны працэс сацыяльна-эканамічнага развіцця. Асноўным зместам пераўтварэнняў, праведзеных тут у канцы 1939 – першай палове 1940 г., быў падзел памешчыцкіх зямель, нацыяналізацыя банкаў і прамысловасці, рэканструкцыя прамысловых прадпрыемстваў, пачатак калектывізацыі сельскай гаспадаркі, шырокае культурнае будаўніцтва. Абапіраючыся на эканамічны і навукова-тэхнічны патэнцыял усёй краіны, заходнія рэгіёны пасля ўз’яднання зрабілі значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў.

Кантрольныя пытанні да тэмы №2

  1.  Як заходнія краіны выконвалі свае саюзніцкія абавязкі перад Польшчай у верасні 1939 г.?
  2.  Якія суадносіны былі ў сілах паміж Англіяй, Францыяй і Польшчай з аднаго боку – і Германіяй з другога боку?
  3.  Што можна сказаць аб удзеле беларусаў у ваенных падзеях верасня 1939 г.?
  4.  На якой падставе пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну?
  5.  Як да прыхода Чырвонай Арміі ставілася мясцовае насельніцтва і часткі польскай арміі?
  6.  Як складваліся ўзаемаадносіны паміж СССР і прыбалтыйскімі краінамі ў 1939-1940 гг.?
  7.  Што стала прычынай савецка-фінскай вайны? Якія вынікі для СССР мела вайна з Фінляндыяй?


ТЭМА 3. АКУПАЦЫЯ ГЕРМАНІЯЙ КРАІН ЕЎРОПЫ

Лекцыя 4. Акупацыя Германіяй краін Еўропы

Асноўныя паняцці:

дзіўная вайна; «пятая калона»; «Псіхалагічная вайна»; дырэктыва «Гельб»; групы армій «А», «В» і «С»; план «Рот»; «вішысцкі ўрад» А.Петэна; Камп’ен; калабарацыянізм; Бітва за Англію; У.Чэрчыль; аперацыя «Марскі леў»; шыфравальная машына «Энігма»; урад Цвятковіча; урад Сімовіча; дагавор аб сяброўстве і ненападзенні паміж СССР і каралеўствам Югаславіі; «Рух Супраціўлення»; Армія Краёва; Камуністычная партыя Францыі; «Свабодная Францыя»; Нацыянальны савет Супраціўлення; Народна-вызваленчыя армія Югаславіі; гарыбальдзійскія брыгады; нацыянальна-вызваленчы рух; «план Барбаросса»; «бліцкрыг»; маланкавая вайна; ваенна-прамысловы комплекс; ваенная інфраструктура; загад «Аб камісарах».

«Дзіўная вайна»

Пасля верасня 1939 г. баявыя дзеянні паміж Германіяй, Англіяй і Францыяй былі прыпынены да вясны 1940 г. Дзе-нідзе на прасторах Атлантыкі адбываліся сутычкі паміж ваеннымі караблямі. Дзеянні авіяцыі бакоў не выходзілі за межы разведвальных палётаў. 8 месяцаў «дзіўнай вайны», бяздзеяння англа-французкіх і германскіх войск, скончыліся 10 мая 1940 г. Пачалося шырокамаштабнае наступленне вермахта на заходнім фронце.

Гэты час заходнія краіны выкарыстоўвалі, каб паспрабаваць перанакіраваць германскую агрэсію супраць Савецкага Саюза.
З верасня 1939 г. па красавік 1940 г. адбылося каля 160 тайных сустрэч паміж прадстаўнікамі Германіі, Англіі і Францыі. Антысавецкая кампанія з боку Англіі і Францыі значна ўзмацнілася з правядзеннем Савецкім Саюзам жорсткай палітыкі ў адносінах да Прыбалтыкі і ў сувязі з савецка-фінскай вайной.

Гітлераўскае кіраўніцтва выкарыстала перыяд «дзіўнай вайны» для падрыхтоўкі ўзброеных сіл; выпуску новых узораў баявой тэхнікі і боепрыпасаў; для абучэння войск новым прыёмам вайны з улікам вопыту баявых дзеянняў у Польшчы. Актыўна праводзілася агітацыйна-прапагандысцкая дзейнасць у заходніх краінах. На стварэнне добрага іміджу нацызму і стварэнне «пятай калоны» Берлінам было выдаткавана звыш 250 млн. марак. «Псіхалагічная вайна» мела станоўчыя вынікі для нацыстаў. Колькасць прыхільнікаў Гітлера ў Францыі і Англіі была досыць вялікая.

Пашырэнне германскай агрэсіі ў Еўропе

Восенню 1940 г. Германія распачала новы этап захопніцкай дзейнасці ў Еўропе. За адзін дзень 9 красавіка 1940 г. сіламі адной германскай дывізіі была захоплена Данія. Больш цяжкасцей вызвала акупацыя Нарвегіі. У гэтай аперацыі ўдзельнічала каля 100 тыс. салдат вермахта, сілы ВМФ Рэйха і паветраныя сілы. Армія Нарвегіі налічвала каля 16 тыс. Пад час хуткіх і нечаканых дэсантных аперацый, якія падтрымалі прадстаўнікі «пятай калоны» нямецкія войскі захапілі: Осла, Арэндал, Берэнн і нш. гарады. Толькі на Поўначы краіны разгарнулася барацьба за важны порт Нарвік. Дапамагалі яго абараняць англійскі ВМФ. Вельмі хутка Германія захапіла важны плацдарм на поўначы Еўропы і багацейшыя запасы якаснай жалезнай руды і інш. сыравіны.

Наступны крок – 29 кастрычніка 1939 г. Гітлер падпісаў дырэктыву «Гельб» па захопу Францыі. Германія пачала хуткую падрыхтоўку да рашаючай бітвы. На Заходнім фронце былі сканцэнтраваныя групы армій «А», «В» і «С» з прафесійным асабовым складам салдат і афіцэраў – якія пераможна прайшлі па Чэхіі, Польшчы, Дініі, Нарвегіі. Вермахту супрацьстаяла яшчэ больш вялікая групоўка саюзных войск. Вядома, што буйнейшая армія была ў Францыі. Бельгійская армія налічвала 22 дывізіі, галандская – 11, англійская – 10.

Суадносіны войск на Заходнім фронце вясной 1940 г.

Салдат

Дывізій

Гармат

Танкаў

Самалётаў

Германія

3 млн.

136

7378

2445

3643

Саюзнікі

4 млн.

148

13874

3373

3833

У тым ліку Францыя

2,240 млн.

105

10700

3063

1200

Французская армія спадзявалася на магутную абарончую «лінію Мажыно» – якая прыкрывала германа-французскую мяжу. На франка-бельгійскай мяжы абарончай лініі Францыя не мела. Гэта скарыстала германскае камандаванне, якое вырашыла нанесці галоўны ўдар моцнай танкавай групоўкай у раёне Ардэн і Седана, каб далей выйсці ў тыл армій саюзнікаў. 10 мая 1940 г. нямецкія войскі групы армій «В» уварваліся ў Бельгію, якая да
28 мая была акупіравана разам з Галандый і Люксембургам. Каля 500 тыс. салдат і афіцэраў бельгійскай арміі склалі зброю.

Арміі саюзнікаў былі паралізаваныя хуткасцю падзей і бяздзейнічалі. 18 мая пачалося наступленне групы армій «А» праз Ардэны. Вельмі хутка войскі вермахта выйшлі да ўзбярэжжа ў раёне Дзюнкерка, дзе адрэзалі ад асноўных сіл 40 англійскіх, французскіх і бельгійскіх дывізій – каля 340 тыс. салдат. Аднак 24 мая Гітлер аддаў стоп-загад, і гэтая групоўка не была знішчана – а здолела да 4 чэрвеня 1940 г. эвакуіравацца ў Англію, пакінуўшы немцам усю зброю і ваенную тэхніку. Ваенныя дзеянні цалкам перанесліся на тэрыторыю Францыі. 5 чэрвеня ў адпаведнасці з планам «Рот» пачалося наступленне вермахта ў цэнтральныя раёны Францыі. Французская армія амаль не аказвала супраціўлення. 14 чэрвеня войскі вермахту маршыравалі па Елісейскіх палях у Парыжу, а 22 чэрвеня 1940 г. кіраўнік новага прагерманскага ўраду маршал А.Петэн у Камп’ене падпісаў зневажальныя ўмовы капітуляцыі. Менавіта ў
Камп’ене – бо 11 лістапада 1918 г. там падпісвала ўмовы капітуляцыі кайзераўская Германія. Такім чынам у поўнай меры праявіліся памкненні да
рэваншызму нацызму. Маршал А.Петэн вымушаны быў падпісаць перамір’е і з Італіяй, якая ўступіла ў вайну 10 чэрвеня 1940 г.

Па ўмовах капітуляцыі толькі на Поўдзень Францыі распаўсюджвалася ўлада «вішысцкага ўрада» А.Петэна
(ад горада Вішы). Паўночная Францыя з Парыжам стала зонай нямецкай акупацыі; Італія акупіравала частку Паўднёва-усходняй Францыі. Французская армія скарачалася да 100 тысяч. «Ураду Вішы» дазволілі захаваць калоніі, за кошт якіх яму трэба было аплачваць утрыманне на сваёй тэрыторыі германскіх войск. Ваеннапалонныя заставаліся ў Германіі і выкарыстоўваліся на прымусовых работах (гэта каля 5% мужчынскага насельніцтва Францыі). Урад маршала Петэна стаў на шлях супрацоўніцтва з захопнікамі – ці калабарацыі.
Калабарацыянізмгэта сістэма адносін, якая прадугледжвае добраахвотнае супрацоўніцтва з акупантамі ў ваеннай, палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай галінах на карысць агрэсара.

Паралельна з ваеннымі дзеяннямі ў Еўропе, італьянскія войскі праводзілі захопніцкую палітыку ў Афрыцы. Яны захапілі Брытанскія Самалі, частку Кеніі, Судан, а ў верасні 1940 г. праніклі праз Лівію ў Егіпет, аднак тут былі спынены і разбіты англічанамі.

У ваеннай кампаніі супраць Францыі вермахт страціў
27 тыс. забітымі, 18,4 тыс. прапаўшымі без вестак, 111 тыс. раненымі. Ваенныя аналітыкі адзначалі, што «страты дапушчальныя, калі ўлічваць грандыёзнасць дасягнутага поспеху». А поспех быў выключны – за два з паловай месяцы Германія акупіравала Данію, Нарвегію, Галандыю, Бельгію і Францыю, агульная плошча тэрытарыяльных набыццяў –
980 тыс. кв. км з насельніцтвам 66,3 млн. чалавек.

«Бітва за Англію»

Пасля капітуляцыі Францыі Англія ў адзіночку супрацьстаяла Германіі. Згубны курс «замірэння» урада Н.Чэмберлена прывёў да яго паражэння на парламенцкіх выбарах 10 мая 1940 г. Кааліцыйны ўрад на чале з лідэрам кансерватараў У.Чэрчылем заняў вельмі жорсткую антыгерманскую пазіцыю.
4 ліпеня У.Чэрчыль у выступленні перад парламентам заявіў аб вайне да пераможнага канца і адмёў усе варыянты перамоў з Гітлерам. У сваю чаргу – Берлін у гэты перыяд быў гатовы да кампрамісу з Лонданам, аб чым было сказана Гітлерам у сваёй прамове ў рэйхстагу 19 ліпеня 1940 г.

Вермахт рыхтаваўся да выканання дырэктывы №16 «Марскі леў». Акупацыя Англіі павінна была распачацца
17 ліпеня 1940 г. Трынаццаць ударных дывізій, агульнай колькасцю каля 260 тысяч чалавек павінны былі пераправіцца праз Ла-Манш. Аднак Англія ўяўляла сабой вельмі крэпкі арэшак. Для паспяховага правядзення аперацыі Германіі патрабавалася значная перавага ў паветраных сілах і на моры. Аднак менавіта ў Англіі былі вельмі моцныя паветраныя сілы і самы моцны ваенна-марскі флот у свеце. Пачатак аперацыі «Марскі леў» некалькі разоў пераносіўся. Спробы Германіі паслабіць краіну масавымі бамбардзіроўкамі не мелі вялікага выніку. З ліпеня па канец кастрычніка 1940 г. англійская авіяцыя страціла 915 знішчальнікаў, нямецкія страты склалі 1733 самалётаў.

У.Чэрчыль разумеў ўсю небяспечнасць становішча краіны, таму ён звяртаецца 25 чэрвеня 1940 г. да І.В.Сталіна і да кіраўніцтва ЗША, каб схіліць іх да агульнай барацьбы супраць Германіі. Аднак Англія не ўяўляла сур’ёзнай палітычнай сілы, таму Масква пакінула прапановы У.Чэрчыля без адказу. А ЗША «рабіла грошы» на еўрапейскай вайне – ваенная прадукцыя пастаўлялася абодвум бакам. Так, прыватныя фірмы ЗША да 1944 г. пастаўлялі нафтапрадукты гітлераўскай Германіі. Толькі вясной 1941 г. урад ЗША стварыў ваенныя базы ў Грэнландыі і Ісландыі, і актывізавалася барацьба супраць германскіх падводных лодак у Атлантыцы.

Толькі 14 верасня 1940 г. нямецкія ваенныя пераканалі Гітлера адкласці аперацыю «Марскі леў» на нявызначаны тэрмін у сувязі з вялікай ступенню рызыка правалу, хаця ўсе папярэднія ваенныя аперацыі вермахта былі не менш рызыкоўныя. Але сухапутныя генералы былі нязвыклыя да правядзення вялікіх марскіх дэсантных аперацый. Такім чынам – у Еўропе застаўся толькі адзін сур’ёзны канкурэнт – гэта СССР. Толькі пасля разгрому ўсходняга велікана Гітлер разлічваў канчаткова перамагчы Англію.

Вельмі хутка ў Лондана з’явіўся моцны козыр ў ваеннай і дыпламатычнай барацьбе супраць Германіі. 27 кастрычніка 1940 г. брытанскія матэматыкі раскрылі прынцып работы нямецкай шыфравальнай машыны «Энігма». Гэта дазволіла ведаць аб усіх перагаворах германскага ваеннага камандавання. Было канчаткова высветлена, што агрэсіі супраць Англіі ў бліжэйшай будучыні не будзе.

Агрэсія Германіі на Балканах

Пасля перамогі над Захадам асаблівую ўвагу Берліна прыцягвалі краіны Балканскага рэгіёну. Па-першае, гэта быў важны стратэгічны рэгіён у планах падрыхтоўкі вайны супраць СССР. Балканскія краіны пры правядзенні адпаведнай работы з іх урадамі маглі стаць саюзнікамі Берліна і іх тэрыторыю, матэрыяльныя і людскія рэсурсы можна было б выкарыстаць у вайне супраць Савецкага Саюза. Да таго, на Балканах вельмі моцны ўплыў мела Англія – і гэты ўплыў трэба было ліквідаваць.


У адносінах да Балгарыі, Румыніі, Венгрыі і Фінляндыі праводзілася палітыка як прамога націску, так і выкарыстоўвалася пакрыўджанасць гэтых краін на СССР, асабліва Румыніі і Фінляндыі. Новым саюзнікам абяцаліся і значныя тэрытарыяльныя набыцці на Усходзе.

Румыніі абяцалі вярнуць Малдавію (Бесарабію) і дадаць паўднёвыя раёны Украіны. У адказ урад Антанэску дазволіў ўвесці на тэрыторыю краіны германскія войскі і даў згоду на сумеснае нападзенне на СССР. Аналагічную згоду даў урад Фінляндыі восенню 1940 г., якой была абяцана Карэлія і Ленінградская вобласць, акрамя тэрыторыі багацейшых нікелевых радовішчаў.

Пасля жорсткага націску з Берліна ў сакавіку 1941 г. аб далучэнні да «траістага пакта» заявіў урад Балгарыі. Гэта рашэнне было з незадавальненнем успрынятае балгарскім народам. У выніку ў краіну былі ўведзены нямецкія войскі. Берлін так сама апрацоўваў урад Югаславіі. Вельмі моцную падтрымку Германіі аказвалі сепаратысцкія колы харвацкіх нацыяналістаў. 25 сакавіка 1941 г. урад Цвятковіча падпісаў пратакол аб далучэнні да «траістага пакту». Гэта выклікала востры палітычны крызіс у краіне і прывяло да дзяржаўнага перавароту 27 сакавіка 1941 г. Новы ўрад генерала Сімовіча
5 красавіка 1941 г. заключыў дагавор аб сяброўстве і ненападзенні паміж СССР і каралеўствам Югаславіі. СССР імкнуўся захаваць незалежнасць Югаславіі і Грэцыі, але такія памкненні ў склаўшайся рэчаіснасці ў Еўропе былі немагчымымі да выканання. Падпісанне такога дагавору перакрэслівала ўсе планы гітлераўскай Германіі, таму без аніякіх цырымоніяў
6 красавіка 1941 г. германскія, італьянскія і венгерскія войскі ўторгліся ў Югаславію. Яшчэ не дамогшыся канчатковай перамогі, 12 красавіка Гітлер падзяліў Югаславію паміж Германіяй, Італіяй, Венгрыяй і Балгарыяй. А 18 красавіка 1941 г. у Сараеве быў падпісаны акт аб капітуляцыі Югаславіі. Харватыя была абвешчана «незалежнай» дзяржавай.

Найбольш моцныя пазіцыі Англія мела ў Грэцыі. Менавіта з гэтай нагоды, адначасова з агрэсіяй супраць Югаславіі разгарнуліся ваенныя дзеянні супраць Грэцыі. Гарыстая мясцовасць спрыяла грэкам, якія доўгі час малымі сіламі трымалі абарону на горных перавалах на балгарскай і албанскай межах. Падтрымку Грэцыі аказаў англійскі экспедыцыйны корпус, які налічваў 50 тыс. чалавек. Але ў выніку здрады камандуючага грэчаскай арміі яна 23 красавіка капітулявала. Германскія і італьянскія войскі акупіравалі краіну і шматлікія астравы ў Эгейскім моры, у тым ліку востраў Крыт, якому адводзілася роля плацдарма для захопу Суэцкага канала і краін Бліжняга Усходу. Паўднёва-усходняя Еўропа аказалася пад кантролем агрэсараў, якія значна ўмацавалі свае пазіцыі. Краіны, якія не пайшлі насустрач агрэсіўным планам Берліна, страцілі сваю нацыянальную незалежнасць.

Рух Супраціўлення ў краінах Еўропы

Акупацыя сваёй краіны, страта нацыянальнай незалежнасці ў любой краіне і ў любы гістарычны час выклікае масавы рух за аднаўленне страчаных пазіцый. З першых дзён германскай акупацыі такі рух узнік у большасці еўрапейскіх краін – гэтая барацьба вядома ў гісторыі Другой сусветнай вайны як «Рух Супраціўлення». У ім ўдзельнічалі людзі розных сацыяльных слаёў – інтэлігенцыя і буржуазія, рабочыя і сяляне; розных палітычных і рэлігійных поглядаў – камуністы і сацыялісты, лібералы і кансерватары, беспартыйныя, хрысціяне і мусульмане. Але ў іх была адна агульная мэта – супрацьстаяць германскаму акупацыйнаму рэжыму і аднавіць незалежнасць сваіх краін.

З восені 1939 г. антыгерманскае супраціўленне ўзнікае ў Польшчы. Польскі антыгерманскі рух актыўна падтрымліваўся польскім эміграцыйным урадам В.Сікорскага ў Лондане. Значную сілу прадстаўляла Армія Краёва, якая дзейнічала так сама і на тэрыторыі Заходняй Беларусі.


У Францыі адным з ініцыятараў антыгерманскага руху была Камуністычная партыя. У сваім Маніфесце ад 10 ліпеня 1940 г. яна заклікала да стварэння шырокага фронту барацьбы за свабоду Францыі. За межамі краіны барацьбу з Германіяй працягвала
«Свабодная Францыя» на чале з генералам де Голем, утвораная ў чэрвені 1940 г. у Лондане. Заклік камуністаў меў вынік – у пачатку ліпеня 1941 г. французскія антыфашысты аб’ядналіся ў Нацыянальны фронт, а ў маі 1943 г. быў створаны Нацыянальны савет Супраціўлення. У краіне ствараліся атрады вольных стралкоў – франціераў і партызан. У пачатку 1944 г. у «Французскіх ўнутраных сілах» налічвалася каля
500 тыс. чалавек.

Камуністы сталі найбольш уплывовай антыфашысцкай сілай і ў Югаславіі. Ужо восенню 1941 г. у радах югаслаўскіх партызан налічвалася каля 70 тыс. чалавек. У лістападзе 1942 г. была сфарміравана Народна-вызваленчыя армія, якая пачала вызваляць раёны краіны. Антыгерманскі рух набываў у Югаславіі ўсенародны характар. Менавіта з гэтай нагоды барацьба з партызанамі ў славянскай Югаславіі, як і з партызанамі ў СССР вялася з боку нямецкіх войскаў надзвычай жорстка. За час акупацыі Югаславіі загінула звыш 1,7 млн. югаслаўскіх патрыётаў.

Рух Супраціўлення не абмяжоўваўся тэрыторыяй акупаваных краін і еўрапейскім рэгіёнам, ён пашыраўся на ўвесь свет. Антыфашысты дзейнічалі ў Швецыі, Швейцарыі, у краінах Лацінскай Амерыкі, Кубе, Аўстраліі, Мексіке, Аргенціне, Бразіліі. У краінах-агрэсарах – Італіі, Аўстрыі, Румыніі, Балгарыі, Харватыі, Фінляндыі, Венгрыі – таксама разгортвалася патрыятычная барацьба. У Італіі дзейнічалі гарыбальдзійскія брыгады. Іх аб’яднанне – «Дабраахвотнікі свабоды» на пачатак 1945 г. налічвала 350 тыс. чалавек.


Узнікненне руху Супраціўлення было гістарычна заканамерным. Гэта быў пратэст дэмакратычнага грамадства супраць антычалавечнага, тэрарыстычнага характару так званага «новага парадку» з яго жудаснымі формамі расавай і іншымі формамі дыскрымінацыі насельніцтва. Рух Супраціўлення базіраваўся на праверанай векавым вопытам розных народаў
ідэі нацыянальна-вызваленчага руху. А менавіта ў рамках такога руху магчыма аб’яднанне розных, палітычных груп, незалежна ад іх класавай прыналежнасці і ідэйна-палітычнай арыентаванасці.

Падрыхтоўка Германіі да вайны з Савецкім Саюзам

Ужо 21 ліпеня 1940 г. галоўнакамандуючы нямецкіх сухапутных сіл фельдмаршал Браўхіч атрымаў загад распрацаваць план вайны супраць Савецкага Саюза. 18 снежня 1940 г. Гітлер падпісаў дырэктыву №21, больш вядомую пад назвай «план Барбаросса», якая была накіравана на хуткі разгром Савецкага Саюза. Ваенна-палітычнае кіраўніцтва Германіі разглядала СССР як праціўніка, які пераўзыходзіць вермахт па колькасці зброі, ваеннай тэхнікі і колькасці салдат. Але ў якасных адносінах немцы былі перакананы ў значнай сваёй перавазе.

Падрыхтоўка да вайны з СССР складалася з стандартнага пераліку мерапрыемстваў, гэта ўдасканаленне ўзброеных сіл і ваеннай вытворчасці, актывізацыя дыпламатычнай дзейнасці, узмацненне ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва.

У лютым-чэрвені 1941 г. на Усход былі перакінуты асноўная колькасць сухапутных войск і авіяцыі, створаны наступальныя групоўкі, распрацоўваліся пытанні ўзаемадзеяння розных родаў войск і сілаў вермахта з арміямі саюзнікаў. Асаблівая ўвага надавалася мабільнасці войскаў – доля танкавых і матарызаваных частак павялічылася да 18%. Значна выраслі рэзервы галоўнага камандавання. На ўзбраенне вермахта прыходзіла шмат новай тэхнікі, асабліва наступальных яе відаў. Павялічвалася колькасць супрацьтанкавых сродкаў у войсках. Важная роля адводзілася разведцы – паветраныя сілы люфтвафэ на 17% былі скамплектаваныя з разведвальных самалётаў. Чырвоная Армія лічылася «роўным праціўнікам».

Бліжэйшымі мэтамі вермахта лічылася знішчэнне асноўных сілаў Чырвонай Арміі ў заходняй частцы СССР, потым хуткімі клінападобнымі прарывамі танкавых частак акружыць іншыя баяздольныя часткі – каб недапусціць іх адыходу ў глыб тэрыторыі. Канчатковай мэтай з’яўляўся выхад вермахта на лінію Архангельск-Волга-Астрахань. Пры гэтым, важны прамысловы ўральскі рэгіён хоць і быў пакінуты СССР, але яго дзейнасць паралізавалася бамбардзіроўкамі люфтвафэ. Гэтыя планы атрымалі назву – «бліцкрыг», ці маланкавая вайна. Сапраўды, тэрмін разгрому СССР вагаўся ад 8 да 16 тыдняў – і ніяк не больш.

Што датычыцца прамысловай палітыкі Германіі, то акупацыя краін Заходняй Еўропы дазволіла ёй значна ўзмацніць свой ваенна-эканамічны патэнцыял. У распараджэнні германскага ВПК аказалася вытворчыя магутнасці акупаванай часткі Францыі а гэта 97% чыгуну і 94% сталі, 79% здабычы вугалю, 100% жалезнай руды краіны. Магутнасці металургічнай прамысловасці Рэйху павялічыліся на 13-15 млн тон. На прадпрыемствах Рэйху працавала больш за 1 млн. замежных рабочых і ваеннапалонных. Германія назапасіла значныя запасы стратэгічных відаў сыраві-
ны – каляровых металаў і нафтапрадуктаў. Акрамя невялікіх асабістых нафтавых рэсурсаў выкарыстоўвалася нафту Румыніі, Аўстрыі, Венгрыі, Польшы; у Францыі было захоплена 8,8 млн. тон паліва.

Наогул, у сістэме ВПК на маі 1941 г. колькасць працоўных дасягнула 5,5 млн. чалавек. У 1940 г. прамысловасць Германіі дала вермахту 10250 самалётаў, 2200 танкаў і бронемашын, 5900 гармат, каля 1352 тыс. вінтовак, 171 тыс. кулямётаў і аўтаматаў. Перадавая аўтамабільная прамысловасць забяспечвала высокую ступень матарызацыі і манеўранасці ўзброеных сіл. Паскорана будаваліся чыгуначныя дарогі, аўтастрады, аб’екты ваеннай інфраструктуры – палігоны, казармы, аэрадромы. На тэрыторыі Польшчы іх было пабудавана да мая 1941 г. 100, а на тэрыторыі Германіі – 250. Мадэрнізаваліся арміі ваеннай інфраструктуры ў Фінляндыі, Румыніі і Венгрыі.

Значна павялічылася лічбавая колькасць вермахта. З лета 1940 г. пачалося фарміраванне 40 новых дывізій, якія перадыслацыраваліся на Усход, у тым ліку ў Румынію і Нарвегію, узмацнялася ўзбраенне армій саюзнікаў.

На плануемым тэатры баявых дзеянняў немцы стварылі шырокую разведвальную сетку. Склалася вельмі напружанае становішча на дзяржаўнай граніцы. Толькі на ўчастку 17-га Брэсцкага пагранатрада (працягам у 180 км) у 1940 г. было затрымана 1242 варожых лазутчыкаў і дыверсантаў. Многія агенты здолелі стварыць на тэрыторыі БССР свае дыверсійныя цэнтры.

Ужо 30 сакавіка 1941 г. працэс падрыхтоўкі нападу на СССР прыняў няўхільны характар. На нарадзе каманднага саставу вермахта Гітлер падкрэсліў неабмежаваныя паўнамоцтвы германскіх вайскоўцаў у адносінах да грамадзянскага насельніцтва. Былі канчаткова адобраныя планы, якія ўтрымлівалі галоўныя накірункі гаспадарчага выкарыстоўвання захопленых тэрыторый. Гэтыя планы прадугледжвалі галодную смерць дзесяткам мільёнаў савецкіх грамадзян – так званае «радыкальнае скарачэнне карэннага насельніцтва шляхам запланаванага голаду і насільнага высялення».

Актыўныя дзеянні прадпрымаліся на дыпламатычным накірунку. 27 верасня 1940 г. у Берліне быў падпісаны пакт паміж Германіяй, Італіяй і Японіяй, згодна з якім свет падзяляўся паміж гэтымі краінамі. Каб заспакоіць Маскву і замаскіраваць антысавецкі характар дамоўленасцей, у лістападзе 1940 г. Гітлер «прапановаў» СССР далучыцца да пакту, пры гэтым Маскве абяцаліся тэрыторыі Персідскага заліву, Індыя і рэгіён Бліжняга Усходу. Але сам Гітлер не лічыў гэтыя прапановы сур’ёзнымі, і Сталін так сама гэта вельмі добра разумеў. Але Маскву вельмі турбавала верагоднасць весці вайну на два франты – з Германіяй і Японіяй. Японія так сама не была падрыхтаваная да актыўных дзеянняў па некалькім накірункам. У верасні 1940 г. яна захапіла Паўночны Індакітай і пашырала экспансію на Поўдні. Таму Масква выкарыстала гэтую асаблівасць японскага становішча і 13 красавіка 1941 г. у Маскве тэрмінам на 5 год было падпісана пагадненне аб нейтралітэце паміж СССР і Японіяй. Тым не менш, 2 ліпеня 1941 г. у праграме нацыянальнай палітыкі Японіі прапісваецца магчымасць вырашэння так званай «паўночнай праблемы» пры станоўчым развіцці германа-савецкай вайны.

Псіхалагічная вайна Германіі супраць насельніцтва СССР была амаль безвыніковай. Тут нацызм сутыкнуўся з вельмі моцнай камуністычнай ідэалогіяй, якая не дазволіла пранікнуць на савецкую тэрыторыю ідэям нацызму і такім чынам стварыць «пятую калону». Асаблівую цікавасць мае загад па вермахту «Аб камісарах» ад 6 чэрвеня 1941 г. Ім прадугледжвалася бязлітаснае знішчэнне палітычнага кіраўніцтва Чырвонай Арміі. Менавіта гэты загад яшчэ падкрэслівае ідэалагічную сутнасць вайны нацыскай Германіі супраць СССР. Менавіта носьбіты камуністычнай ідэалогіі з’яўляюцца галоўнымі ворагамі Германскай дзяржавы, якая ўвасабляе сабой будаўніка «новага свету». І канкурэнты – а камуністычная ідэалогія так сама прапаноўвала будаўніцтва новага свету – падлягалі фізічнаму знішчэнню. Формы мірнай палемікі паміж ідэалогіямі нацызм не прызнаваў.

Вынікі: на працягу 1940 г. – пачатку 1941 г. уся дзейнасць Германіі зводзілася да падрыхтоўкі нападу на СССР. Перамога над Францыяй патрабавалася Гітлеру для забеспячэння тылоў і выкарыстання захопленых прадпрыемстваў на карысць ВПК Рэйху. Тое ж датычыцца і агрэсіі на Балканах. СССР быў галоўнай перашкодай нацыскай Германіі на шляху да сусветнага панавання. Дзякуючы праведзенай паскоранай індустрыялізацыі СССР становіцца адной з самых прамысловаразвітых краін свету. На прамысловай моцы базіруецца яго ваенная магутнасць. Але Савецкі Саюз – гэта яшчэ і смяротны ідэалагічны вораг, бо камуністычная ідэалогія так сама прапаноўвае варыянт будаўніцтва свету. Але прынцыпы будаўніцтва камуністычнага грамадства карэнным чынам супярэчаць нормам нацызму. Менавіта з гэтай нагоды пад час падрыхтоўкі вайны акрэсліваецца антычалавечы характар палітыкі нацызму на плануемых да захопу тэрыторыях.

Кантрольныя пытанні да тэмы №3

  1.  Як выкарыстоўвалі час «дзіўнай вайны» Англія, Францыя і Германія?
  2.  З якіх краін пачалося пашырэнне агрэсіі Германіі ў Еўропе і па якіх прычынах?
  3.  Якімі магчымасцямі валодалі арміі саюзнікаў, і чаму яны імі не скарысталіся ў адпоры германскай агрэсіі?
  4.  Што такое калабарацыянізм, і якія палітычныя сілы былі «бацькамі» гэтай з’явы?
  5.  Чаму Германія не распачала ваенную аперацыю супраць Англіі? Як звалася гэтая аперацыя з боку Англіі і з боку Германіі?
  6.  Якія мэты мела германскае кіраўніцтва, распачынаючы агрэсію на Балканах?
  7.  На базе якой ідэі існаваў Рух Супраціўлення ў Еўропе і іншых краінах свету?
  8.  Якія мерапрыемствы на дыпламатычным накірунку прадпрымала Германія пад час падрыхтоўкі да вайны з СССР?
  9.  Чаму пад час падрыхтоўкі да вайны з СССР Германія не здолела стварыць у СССР сваёй «пятай калоны»?


ТЭМА 4. СССР НАПЯРЭДАДНІ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

Лекцыя 5. СССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны

Асноўныя паняцці:

цэнтралізаваная прамысловасць; цяжкая індустрыя; ваенна-эканамічны патэнцыял; дэфіцыт; нацыянальны даход; міжнародныя санкцыі; «бюджэт вайны»; 7-дзённы рабочы тыдзень; індустрыяльна-сельскагаспадарчая рэспубліка; энергазабяспечанасць; механізацыя сельскай гаспадаркі; ваенныя аддзелы пры партыйных органах; «несаюзная моладзь»; ЛКСМБ; тэрытарыяльнае камплектаванне арміі; кадравая сістэма; Закон аб усеагульнай вайсковай павіннасці; Генштаб; новы тэкст прысягі; танкавыя карпусы; аўтаматычная зброя; сродкі сувязі; аператыўна-стратэгічныя вучэнні; «План абароны дзяржаўнай мяжы 1941 г.»; заява ТАСС ад 14 чэрвеня 1941 г.; дактрына «прэвентыўнага ўдару»; Заходняя Асобая ваенная акруга; умацаваныя раёны.

Мерапрыемствы партыйных, савецкіх і гаспадарчых органаў па ўмацаванню абароназдольнасці краіны

Комплекс мерапрыемстваў Савецкага ўрада з мэтай умацавання абароназдольнасці меў наступныя накірункі: мерапрыемствы ў гаспадарчай палітыцы, ваенная рэформа і ваенныя прыгатаванні да вайны, а так сама ўнутраная сацыяльныя палітыка і ідэалагічныя мерапрыемствы. Важнай складаючай была так сама дыпламатычная гульня на супярэчнасцях унутры траістага пакту.

У сярэдзіне 1920-х гг. у СССР пачалася індустрыялізацыя, у выніку якой была пабудавана моцная цэнтралізаваная прамысловасць, праўда, за кошт сельскай гаспадаркі. Эканамічнае развіццё CCCР праходзіла за кошт асваення ўсходніх раёнаў краіны (Паволжа, Урал, Сібір, Казахстан) якія знаходзіліся далёка ад заходняй мяжы і былі недасягальнымі для варожай авіяцыі, стварэння там новых прамысловых цэнтраў. У перадваенныя гады было ўведзена ў эксплуатацыю звыш 9 тыс. новых заводаў, фабрык, шахт. Пераважнае развіццё атрымала цяжкая індустрыя – аснова ВПК. На яе долю ў 1930-х гг. прыходзілася звыш 30% усіх капіталаўкладанняў у прамысловасць. Былі пабудаваны такія гіганты, як Магнітагорскі, Кузнецкі і Нова-Тагільскі металургічныя камбінаты, ажыццёўлена тэхнічная рэканструкцыя вугальнай базы на Украіне, створаны новы вугальны басейн у Сібіры і на Урале, асвоены Волга-Уральскі нафтавы раён. Хутка развівалася каляровая металургія. Былі ўведзены: нікелевыя камбінаты на Кольскім паўвостраве, Паўдневым Урале і ў Запаляр’і; алюмініевыя заводы на Урале, свінцовыя ў Казахстане; Сярэдне-Уральскі, Орскі і Балхашскі медзеплавільныя камбінаты. Гэта дазволіла значна скараціць імпарт каляровых металаў. Па-сутнасці, да 1940 г. СССР забяспечыў сябе неабходнымі прамысловымі вытворчасцямі для належнага статусу краіны ўзмацнення ваенна-эканамічнага патэнцыялу і існавання развітага ваенна-прамысловага комплексу.

Магутнасці савецкіх танкавых і авіяцыйных заводаў вясной 1941 г. у 1,5 разы перавышалі германскую прамысловасць. За
18 перадваенных месяцаў (да ліпеня 1941 г.) Чырвоная Армія атрымала каля 7000 танкаў, каля 18000 баявых самалётаў. Прамысловасць выпусціла 82 тыс. мінамётаў і гармат, больш чым 105 тыс. кулямётаў розных мадыфікацый, каля 100 тыс. аўтамабіляў.

Але камандная сістэма кіравання гаспадаркай дапускала пэўныя пралікі. Так, тэмпы выплаўкі сталі і чыгуну за 1938-
1940 гг. узраслі ўсяго на 3%, у той час як
выпуск сродкаў вытворчасці вырас на 53%, а прадукцыі машынабудавання на 76%. Наглядаўся востры дэфіцыт сыравіны, што адмоўна адбівалася на развіцці савецкай абарончай прамысловасці.


За
гады індустрыялізацыі (1928-1940 гг.) СССР павялічыў нацыянальны даход больш чым у пяць разоў, вытворчасць электраэнергіі ў 9,7 разоў, здабычу вугалю ў 4,7 разоў, выплаўку сталі ў 4, нафты – у 2,7 разоў. Галоўная галіна вытворчасці – машынабудаванне – давала ў 1940 г. прадукцыі ў 20 разоў больш. Па некаторых паказчыках эканамічнага развіцця СССР перагнаў вядучыя краіны капіталістычнага свету – Англію і Францыю.

Спецыфічныя адносіны склаліся ў 1939-1941 гг. у СССР і Германіі. Да палітычных дагавораў дадаваліся эканамічныя дамоўленасці, згодна з якімі Германія атрымлівала з СССР выключна каштоўную сыравіну, а СССР – прамысловае абсталяванне і навейшыя ўзбраенні, легіраваную сталь, оптыку, сродкі сувязі і г.д. Для СССР гэтыя адносіны былі вельмі карыснымі – бо новае тэхналагічнае абсталяванне, у выніку міжнародных санкцый, з іншых краін Савецкаму Саюзу пастаўляць было забаронена. У грашовых адносінах германскія пастаўкі ў СССР дасягнулі сумы ў 462,3 млн. марак.

Пагроза вайны патрабавала выдаткаваць з бюджэту значныя сродкі на абарону. Па-сутнасці, перадваенныя бюджэты СССР – гэта «бюджэты вайны». У 1938 г. на абарону было выдаткавана 23 мільярды рублёў, а ў 1940 г. 57 мільярдаў, ці 32,6% дзяржаўнага бюджэту.

Ствараючы ваенна-эканамічны патэнцыял краіны, кіраўніцтва Савецкага Саюза імкнулася ўдасканальваць арганізацыю вытворчасці і ўмацоўваць дысцыпліну на прадпрыемствах і ва ўстановах. Згодна загаду Вярхоўнага савета СССР ад 26 чэрвеня 1940 г. ycе працоўныя пераходзілі на
8-гадзінны рабочы дзень i
7-дзённы рабочы тыдзень, актывізавалася барацьба за ўмацаванне дысцыпліны на вытворчасці, забаранялася самавольна пакідаць рабочыя месцы. Усе гэтыя мерапрыемствы падтрымалі савецкія прафсаюзы на IX пленум ВЦСПС.

Народная гаспадарка БССР напярэдадні вайны

За гады індустрыялізацыі Беларусь ператварылася ў індустрыяльна-сельскагаспадарчую рэспубліку. Былі створаны новыя галіны прамысловасці: станкабудаўнічая, сельскагаспадарчага машынабудавання, цэментная, хімічная. Шырока вялося прамысловае будаўніцтва, асабліва ў заходніх абласцях БССР. Была ўведзена ў эксплуатацыю электрастанцыя ў Мазыры, а таксама другая чарга БелДРЭС. Ажыццяўлялася рэканструкцыя раней уведзеных прадпрыемстваў у Мінску, Віцебску, Гомелі, Оршы. Колькасць працоўных і служачых павялічылася за пяць перадваенных гадоў (з 1937 г. па 1941 г.) амаль удвая – з 645 тыс. да 1136 тыс.

Але перабольшваць поспехі беларускай прамысловасці не трэба – на тое былі свае натуральныя прычыны. У 1940 г. на Беларусі пражывала 4,8% насельніцтва СССР, у той жа час удзел рэспублікі ў агульнасавецкай вытворчасці не перавышаў 2%.
У пераліку на душу насельніцтва ўзровень прамысловай прадукцыі быў ніжэйшы ў 2,4 разы. Па
энергазабяспечанасці беларуская прамысловасць саступала агульнасавецкім паказчыкам у 4,6 разы і нават даваенным польскім у два разы. Галіны металаапрацоўкі і машынабудавання – самыя перадавыя – давалі толькі 15,2% ад агульнай вытворчасці беларускай прамысловасці, і прыкладна 72% прамысловай прадукцыі рэспублікі давалі чатыры ўсходнебеларускія гарады: 23,1% – Віцебск, 21,2% – Мінск, 16,6% – Гомель і 11,5% – Магілёў.

Натуральныя прычыны такога адставання беларускай прамысловасці вельмі простыя – БССР знаходзілася ў вельмі небяспечнай прыгранічнай зоне – побач з верагоднымі ваеннымі праціўнікамі – Польшчай, а потым і Германіяй. Развіваць цяжкую прамысловасць такім чынам тут не мела аніякай рацыі, да таго, на Беларусі не было ніводнага радовішча прыроднай сыравіны, прыгоднай для развіцця цяжкай прамысловасці. А ў індустрыялізацыі савецкай краіны галоўны акцэнт быў зроблены менавіта на развіцці цяжкай прамысловасці. Тым не менш, гаварыць аб заняпадзе беларускай прамысловасці так сама няправільна, яна хутка развівалася, але гэта датычыцца галін, традыцыйных для рэгіёну – ільноапрацоўкі, дрэваапрацоўкі, харчовай і швейнай прамысловасці. Гэтыя галіны так сама працавалі і на абароназдольнасць краіны – яны забяспечвалі армію абмундзіраваннем, харчаваннем і іншымі бытавымі рэчамі.

Важную гаспадарчую і ваенна-стратэгічную значнасць мела развіццё транспартнай сістэмы. У гэтай галіне ў перадваенныя гады былі занятыя 142 тыс. рабочых і служачых. За кароткі час была рэканструявана ўся чыгуначная гаспадарка. Працягласць чыгункі на тэрыторыі БССР у 1940 г. дасягнула 5,7 тыс. км супраць 3,8 тыс. км у 1913 г. Яе грузаабарот у параўнанні з 1913 г. павялічыўся ў 4 разы. Паскорана развіваўся аўтамабільны транспарт – у 1940 г. аўтапарк рэспублікі налічваў больш за 21 тыс. машын. Даўжыня аўтадарог з цвёрдым пакрыццём перавысіла
11 тыс. км.

У сельскай гаспадарке наглядалася існаванне двух сістэм – калгасна-саўгаснай у цэнтры і на ўсходзе Беларусі і пераважна індывідуальна-падворных гаспадарак на захадзе Беларусі. Але гэтая сітуацыя была часовая – усеагульная калектывізацыя была толькі справай часу. Урад у перадваенныя гады пачаў праводзіць мерапрыемствы па эканамічнай стымуляцыі працы калгаснікаў. Уводзілася грашовая ці натуральная аплата за адпрацаваныя працадні, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў i саўгасаў, павышаўся ўзровень механізацыі сельскагаспадарчых работ. Сялянам дазволілі мець асабістыя прысядзібныя гаспадаркі і нават жывёлу – гэта так званыя «сталінскія каровы». Аднак у калгаснай сельскай гаспадарцы назіраліся нізкая ўраджайнасць, адставанне развіцця жывёлагадоўлі, недахоп механізатараў i калгасных кадраў масавых спецыяльнасцей, пакуль яшчэ слабае выкарыстанне сельскагаспадарчых машын. Калгаснае кіраўніцтва не мела аніякай свабоды ў вырашэнні гаспадарчых пытанняў – яно вымушана было толькі выконваць загады з цэнтра – дзе мала што ведалі пра гаспадарчыя асаблівасці канкрэтнага рэгіёну.

Хуткае развіццё прамысловасці і механізацыя сельскай гаспадаркі запатрабавала вялікую колькасць кадраў, і менавіта ў 1940 г. пачалі стварацца навучальныя ўстановы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых. Былі створаны тры тыпы прафесійна-тэхнічных устаноў – рамесныя вучылішчы, чыгуначныя вучылішчы і школы фабрычна-заводскага навучання. У 1940-1941 навучальным годзе ў Беларусі мелася 40 такіх школ, 15 рамесных і 6 чыгуначных вучылішч. Пашыралася сетка сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у 1940-1941 навучальным годзе дзейнічала 128 тэхнікумаў і вучылішч. Інжынераў і спецыялістаў кіруючага рангу рыхтавала сістэма вышэйшай адукацыі. Ужо ў 1940 г. у БССР працавала 25 ВНУ.

Ідэалагічная работа напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны

Ужо ў 1939 г. у ЦК, абкамах і райкамах партыі былі створаны ваенныя аддзелы, якія ажыццяўлялі кіраўніцтва ваенна-мабілізацыйнай работай і патрыятычным выхаваннем насельніцтва. Кожны камуніст, асабліва з кіруючага складу, абавязаны быў валодаць адной з вайсковых прафесій, актыўна ўдзельнічаць у рабоце абарончых арганізацый.

Важную ролю ў абароназдольнасці краіны адыгрывалі грамадскія арганізацыі, саюзы. Іх дзейнасць праходзіла пры цесным супрацоўніцтве і пад кантролем партыйных органаў. Толькі ў беларускім Асаавіяхіме ў 1940 г. налічвалася звыш
200 тыс. чалавек, было падрыхтавана напярэдадні вайны каля 500 парашутыстаў, 6450 кулямётчыкаў, 500 снайпераў, а таксама 720 тыс. «варашылаўскіх стралкоў» і значкістаў «Гатоў да працы і абароны», «Гатоў да проціпаветранай і проціхімічнай абароны». Аэраклубы БССР ў 1939 г. падрыхтавалі 1112 лётчыкаў. Праўда, якасны стан работы жадаў лепшага.

Значная частка падлеткаў і юнацкай моладзі была аб’яднана ў дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі, якія мелі важную ролю ў ідэйна-палітычным і ваенна-патрыятычным выхаванні дзяцей. Так, піянерская арганізацыя Беларусі ў 1940 г. налічвала 18478 піянерскіх атрадаў, якія аб’ядноўвалі каля 400 тыс. дзяцей. Вядучую ролю ў ідэалагічным выхаванні моладзі адыгрываў камсамол Беларусі. Калі ў чэрвені 1938 г. ЛКСМБ аб’ядноўваў каля 118 тыс. чалавек, то вясной 1941 г. у яго шэрагах знаходзілася 264621 чалавек, якія стаялі на ўліку ў 15791 «пярвічке». Камсамольскія арганізацыі займаліся наладжваннем палітычнай работы і ў асяроддзі «несаюзнай моладзі». Была створана сістэма палітнавучання моладзі. У 1939 г. у рэспубліцы працавала 8115 палітшкол і кружкоў, у якіх займалася звыш 155 тыс. камсамольцаў і несаюзнай моладзі. Пры ЦК ЛКСМБ і ў абкомах камсамола былі створаны лектарскія групы, якія прапагандавалі марксісцка-ленінскую тэорыю сярод моладзі.

Цэнтрамі культурна-асветнай работы сярод насельніцтва былі клубы, хаты-чытальні, масавыя бібліятэкі. У 1940 г. у рэспубліцы налічвалася 3919 клубаў i Дамоў культуры, 1387 хатаў-чытальняў i 4172 масавых бібліятэк. Больш чым у два разы, у адрозненні з 1930 г. узрасла колькасць выдаваемых у рэспубліцы перыядычных выданняў. У 1940 г. выходзілі 252 газеты, 27 часопісаў, гадавы тыраж якіх перавышаў 194851 тыс. экземпляраў.

Дзейнасць беларускіх літаратараў, мастакоў, дзеячаў тэатру і іншых мастацкіх накірункаў была прасякнутая ідэямі класавай барацьбы, супрацьстаяння ідэйным і рэальным ворагам савецкай дзяржавы. Пільны нагляд над культурай ажыццяўляла камуністычная партыя. 1938-1940 гады выйшлі ў свет зборнікі вершаў Я.Купалы «Ад сэрца», П.Броўкі «Шляхамі баравымі», драматычная паэма П.Глебкі «Над Бярозай-ракой», М.Клімковіча «Кацярына Жарнасек», А.Куляшова «Юнацкае святло» i «Мы жывём на граніцы». Культура выконвала такім чынам важную функцыю выхавання ў насельніцтва пачуцця адказнасці за будучыню савецкай улады.

Ваенная рэформа ў СССР

Ваенныя дзеянні на Усходзе і ў Фінляндыі паказалі пралікі ў камплектаванні і падрыхтоўцы Чырвонай Арміі. Урад пачаў праводзіць мерапрыемствы па рэфармаванню арміі. Рэформа ўключала вырашэнне пытання камплектавання і кадравага забеспячэння; пашырэння ідэалагічнай працы ў арміі; пераўзбраенне войскаў новай зброяй.

Да 1939 г. быў завершаны пераход ад тэрытарыяльнага камплектавання і арганізацыі арміі да кадравай сістэмы, якую замацаваў Закон аб усеагульнай вайсковай павіннасці ад
1 верасня 1940 г. Па яму зніжаўся прызыўны ўзрост з 21 гада да 19 гадоў, павялічваўся тэрмін службы, пашыралася сетка ваенных навучальных устаноў. Праведзеная работа дазволіла за два перадваенныя гады павялічыць армію ў 3,5 разы, яе колькасць дасягнула 5,3 млн. чалавек. У лютым 1941 г. па прапанове кіраўніка Генштаба Р.Жукава быў прыняты план пашырэння сухапутных войскаў амаль на 100 дывізій, хаця мэтазгодней было даўкамплектаваць па штатах ваеннага часу тыя дывізіі, якія ўжо меліся.

Да 1941 г. афіцэраў рыхтавалі 19 акадэмій, 10 ваенных факультэтаў пры грамадзянскіх ВНУ, 7 вышэйшых ваенна-марскіх вучылішчаў, 203 ваенных вучылішчаў, 68 курсаў удасканалення. Але дзейнасць гэтых устаноў не вырашала праблем недахопу кваліфікаваных кадраў, асабліва пасля масавых рэпрэсій у Чырвонай Арміі. За 1937-1939 гг. з арміі было звольнена 36892 чалавек (без уліку паветраных сіл). Большасць з іх былі расстраляныя. У маі 1940 г. праверка Наркамата абароны, праведзеная сакратаром ЦК УКП(б) А.Жданавым паказала, што Наркамат не меў аператыўнага плана вайны, не ведаў сапраўднага становішча ў арміі, не забяспечыў належнага прыкрыцця межаў, не забяспечыў палявой вывучкі войскаў. У выніку, да лета 1940 г. частка рэпрэсіраваных афіцэраў – каля 11 тыс. чалавек былі адноўлены ў арміі.

Згодна з меркаваннямі У.Чэрчыля і Гебельса рэпрэсіі замацавалі Чырвоную Армію, узмацнілі ідэйнасць армейскага камандавання. Гэта пазбавіла Сталіна ад ваенных загавараў нават пад час самых цяжкіх часоў для краіны і яго асабіста ў 1941 г. Узмацніць ідэйнасць арміі меркавалася праз узмацненне дзейнасці палітычных органаў арміі і флоту. У студзені 1939 г. Прэзідыўм Вярхоўнага Савета СССР зацвердзіў новы тэкст прысягі.

Рост колькаснага саставу Чырвонай Арміі запатрабавала ад ваеннай прамысловасці СССР адпаведнай колькасці зброі, да таго, пачалася праводзіцца праграма пераўзбраення арміі новымі відамі тэхнікі, якая адпавядала самым апошнім патрабаванням.
А на канец 1930-х гг. Чырвоная Армія мела самую разнастайную зброю айчыннай вытворчасці. Асабліва адставала авіяцыйная прамысловасць. У 1939 г. быў створаны Наркамат авіяцыйнай прамысловасці, былі рэканструіраваныя і пабудаваныя новыя авіязаводы. На працягу 1939-1940 гг. былі створаны знішчальнікі Як-1, МіГ-3, ЛаГГ-3, пікіруючы бамбардзіроўшчык Пе-2, штурмавік Іл-2. У масавым плане паступаць у войскі яны пачалі толькі ў пачатку 1941 г. Знішчальнікаў новых тыпаў паступіла ў ВПС 1946, бамбардзіроўшчыкаў Пе-2 – 458, штурмавікоў Іл-2 – 249 штук.


Ваенныя поспехі вермахта, які пераняў шмат у савецкіх інструктараў пад час супрацоўніцтва ў 1920-я гг. паказалі перавагі буйных танкавых злучэнняў.
Тым не менш, у лістападзе 1939 г. у СССР танкавыя карпусы расфарміроўваюць, узамен ствараюць матарызаваныя дывізіі. Летам 1940 г. зноў ствараюць танкавыя карпусы. Да гэтага часу канструктары М.Кошкін, Н.Кучарэнка і А.Марозаў ствараюць сярэдні танк Т-34, а Ж.Коцін стварае цяжкі танк КВ. Танкі прымаюць на ўзбраенне ў канцы 1939 г., але іх серыйная вытворчасць пачалася толькі ў другой палове 1940 г. Да чэрвеня 1941 г. у армію накіравана 1861 танкаў Т-34 і КВ.

Перад вайной былі створаны А.Косцікавым рэактыўныя мінамётныя ўстаноўкі – знакамітыя «Кацюшы», новы станкавы кулямёт В.Дзегцярова, самазарадная вінтоўка Ф.Токарава, пісталет-кулямёт Г.Шпагіна. З 1939 г. на пачатак вайны прамысловасць вырабіла 105 тыс. розных кулямётаў і каля
100 тыс. аўтаматаў.
Але па насычанасці аўтаматычнай зброяй і некаторым іншым паказчыкам Чырвоная Армія значна саступала вермахту. Асабліва гэтае датычылася сродкаў сувязі. Асноўныя сродкі сувязі былі правадныя – тэлефон і тэлеграф. Радыёстанцый было мала, асабліва ў паветраных сілах.

Аднак быў узяты курс на паскораную падрыхтоўку ўсіх родаў войск да вайны. У снежні 1940 г. адбылася нарада вышэйшага каманднага складу Чырвонай Арміі і аператыўна-стратэгічныя вучэнні на картах. Было выказана шмат заўваг на адрас Генштаба, кіраўніцтва акруг, Наркамата абароны, якія ўлічваліся ў далейшай дзейнасці.

На мяжы з Германіяй

Вясной 1941 г. Генштаб Чырвонай Арміі распрацаваў «План абароны дзяржаўнай мяжы 1941 г.», згодна якому войскі памежных акруг павінны былі не дапусціць ворага на тэрыторыю СССР, скаваўшы яго пад час абароны ў абарончых умацаваных раёнах, што дазволіць правесці мабілізацыю і развёртванне галоўных сіл Чырвонай Арміі, стварыць тым самым умовы для галоўнага наступлення. Гэтыя задачы ўскладваліся на 60 дывізій першага стратэгічнага эшалону, размеркаваныя паміж 5 заходнімі памежнымі акругамі.

Негледзячы на заяву ТАСС ад 14 чэрвеня 1941 г., якая адмаўляла магчымасці вайны з Германіяй, 15 чэрвеня прымаюцца меры па тэрміноваму ўзмацненню баяздольнасці арміі. Гэтыя меры адпавядалі раней прынятым дакументам – «Плану абароны... 1941 г.» і ваеннай дактрыне «прэвентыўнага ўдару».

У красавіку-маі дзеля папаўнення войска заходніх акруг было прызвана з рэзерву (нібыта на ваенныя зборы) 800 тыс. чалавек. У маі пачалася перадыслакацыя бліжэй да мяжы 66 дывізій з унутраных акруг. 12 чэрвеня да мяжы па начах падцягваліся 63 дывізіі рэзерваў заходніх акруг. Войскі прыгранічных акруг складалі каля больш паловы ўсёй Чырвонай Арміі. Часці Заходняй Асобай ваеннай акругі складаліся з 44 дывізій агульнай колькасцю 671,9 тыс. чалавек. У войсках было 10087 гармат і мінамётаў, 2201 танкаў і 1685 самалётаў (у асноўным устарэлых узораў).

Гэта былі буйныя сілы, дастатковыя да паспяховай абароны. Але асабовы склад большасці дывізій, асабліва танкавых фарміраванняў, быў укамплектаваны па штатах мірнага часу. Большасць мабілізацыйных запасаў знаходзілася каля дзяржаўнай мяжы. Чырвоная Армія рыхтавалася да апераджальнага ўдару, таму войскі прыкрыцця для другога і трэцяга стратэгічных эшалонаў не развёртваліся, савецкае ваеннае кіраўніцтва неадэкватна ацэньвала свае магчымасці. Так, асабовы састаў Заходняй асобай ваеннай акругі пад камандаваннем генерала арміі Д.Паўлава налічваў ад 37% да 71% штатаў ваеннага часу ў залежнасці ад канкрэтнай часткі. Забяспечанасць тылавых органаў транспартам складала 40-45%.
З 6 механізаваных карпусоў толькі адзін меў амаль поўную матэрыяльную частку. Асновай танкавага парку і авіяцыі былі машыны ўстарэлых марак. Ваенна-паветраныя сілы размяшчаліся скучана, блізка ля мяжы і не мелі цэнтралізаванага кіравання і сучасных сродкаў сувязі.

Новая граніца пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР заставалася неабсталяванай, будаўніцтва новых 4-ох умацаваных раёнаў – Гродзенскага, Асавецкага, Замброўскага, Брэсцкага толькі адставала ад плану. Да чэрвеня 1941 г. было пабудавана толькі 505, а абсталявана толькі 193 доўгатэрміновых агнявых збудаванняў з запланаваных 1174. Для сістэмы абароны заходніх межаў Беларусі гэта было нішто. Умацаванні старой дзяржаўнай савецка-польскай мяжы паскоранымі тэмпамі разбураліся.

Вынік: Напрыканцы 1930-х гг. пачалася паскораная падрыхтоўка Савецкага Саюза да непазбежнай вайны з Германіяй.
У гэтай дзейнасці ўрад СССР абапіраўся на моцную прамысловую базу, партыйна-ідэалагічны апарат і ваенныя сілы Чырвонай Арміі. У 1941 г. праводзіліся канкрэтныя мерапрыемствы па недапушчэнню германскай арміі на тэрыторыю СССР, але з-за неадэкватных ацэнак баяздольнасці арміі і памылковай стратэгіі гэтыя мерапрыемствы не дасягнуць тых мэтаў, якія ставіліся.
Падзеі Вялікай Айчыннай вайны паказалі, што ваенна-эканамічны патэнцыял краіны не быў выкарыстаны ў поўнай меры для ўмацавання абараназдольнасці.

Кантрольныя пытанні да тэмы №4

  1.  Чаму цяжкая прамысловасць у СССР развівалася галоўным чынам у ўсходніх раёнах?
  2.  Як развіваліся міждзяржаўныя гаспадарчыя стасункі ў 1939-1941 гг. паміж СССР і Германіяй?


  1.  Якую ролю адыгрывала прамысловасць БССР у забеспячэнні абароназдольнасці Савецкага Саюза?
  2.  Па якіх накірунках развівалася ідэалагічная праца сярод насельніцтва СССР напярэдадні вайны з Германіяй?
  3.  У чым сутнасць кадравага пытання ў Чырвонай Арміі ў канцы 1930-х гг.?
  4.  Якім чынам адбывалася пераўзбраенне Чырвонай Арміі новымі відамі зброі?
  5.  Якія мерапрыемствы прадпрымала савецкае ваеннае камандаванне вясной-летам 1941 г. па пераадоленню агрэсіі Германіі? Што было памылковага ў гэтых мерапрыемствах?


РАЗДЗЕЛ ІІ. БАРАЦЬБА САВЕЦКАГА НАРОДА СУПРАЦЬ ГЕРМАНСКАЙ АГРЭСІІ

ТЭМА 5. ПАЧАТАК ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

Лекцыя 6. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны

Асноўныя паняцці:

«прэвентыўная» вайна; план «Барабароса»; «маланкавая вайна»; ідэалагічная вайна; тэорыя расавай непаўнавагі; «націск на ўсход»; айчынная вайна; група армій «Цэнтр»; прэвентыўны ўдар; страты Чырвонай Арміі; ўдарныя кулакі; Беластоцкі выступ; дыверсанты; Брэсцкая крэпасць; «кактэйль Молатава»; Указ «Аб ваенным становішчы»; мабілізацыйны народнагаспадарчы план; эвакуацыя; Дзяржаўны Камітэт Абароны; картачная сістэма; Стаўка Вярхоўнага Камандавання; палітрукі; асобыя аддзелы НКУС; знішчальныя батальёны; Народнае апалчэнне; Буйніцкае поле; бітва за Маскву; асаднае становішча; ваенны парад 7 лістапада; контрнаступленне савецкіх войск; ленд-ліз; «Атлантычная хартыя»; Аб’яднаныя нацыі; пытанне аб межах; савецка-англійскі дагавор аб саюзе.

Мэты Германіі ў вайне супраць Савецкага Саюза. Характар і асаблівасці вайны

22 чэрвеня ў 3 гадзіны 30 хвілін нямецкая армія ўварвалася на працягу ўсёй мяжы ад Балтыйскага да Чорнага мора на тэрыторыю СССР. Савецкаму паслу ў Берліне В.Дэканозаву і наркому па замежных справах В.Молатаву былі перададзены дакументы, у якіх вайна аб’яўлялася «прэвентыўнай», мэта яе – «пазбавіць сусветную цывілізацыю ад небяспекі бальшавізму». Такім чынам нацыскае кіраўніцтва Германіі спрабавала абгрунтаваць свой напад на СССР.

Непасрэдная падрыхтоўка да нападу на Савецкі Саюз была распачатая адразу пасля захопу еўрапейскіх краін. Галоўным дакументам з’яўлялася дырэктыва №21, вядомая як план «Барабароса», падпісаная А.Гітлерам 18 снежня 1940 г. Гэты стратэгічны план дэталёва распрацоўваўся гітлераўскім ваенным камандаваннем і ўяўляў сабой комплекс ваенных, палітычных і эканамічных мерапрыемстваў.

У ваеннай частцы прадугледжвалася ў ходзе «маланкавай вайны» разграміць узброеныя сілы Савецкага Саюза. Галоўны ўдар вермахт нанасіў на Беларусі, дзе дзейнічала група армій «Цэнтр». Група армій «Поўнач» павінна была ліквідаваць часці Чырвонай Арміі ў Прыбалтыцы і захапіць Ленінград. Група армій «Поўдзень» павінна была акружыць і ліквідаваць савецкія войскі на правым беразе Дняпра каля Кіева. У першыя дні вайны планавалася разграміць галоўныя сілы Чырвонай Арміі. У далейшым, да 15 жніўня трэбы было дасягнуць Масквы, а на поўдні авалодаць Данецкім басейнам і да 1 кастрычніка завяршыць аперацыю супраць СССР. Савецкі Саюз заганяўся ў азіяцкую частку, за лінію Астрахань-Волга-Архангельск і страчваў галоўныя прамысловыя раёны. Уральскія прадпрыемствы разбураліся пад час масіраваных налётаў люфтвафэ.

У палітычным сэнсе вайна супраць СССР – гэта перш за ўсё ідэалагічная вайна. У гэтай вайне сутыкнулася дзве радыкальныя ідэалогіі, якія стаялі на краях палітычнай палітры – камуністычная і нацыская. Камуністычная ідэалогія ўспрымалася нацыстамі як вораг яшчэ з 1920-х – пачатку 1930-х гг., калі менавіта камуністы былі галоўнымі палітычнымі канкурэнтамі нацыянал-сацыялістаў пад час германскіх парламенцкіх выбараў. Камуністычная ідэалогія прапаноўвала свой від будучага грамадства, і прынцыпы яго будаўніцтва карэнным чынам супярэчылі тэорыям, распрацаваным нацыстамі. Менавіта з гэтай нагоды яе носьбіты падлягалі фізічнаму вынішчэнню, а дзяржавы, якія будавалі сваё жыццё на падставе камуністычнай ідэалогіі, павінны былі знікнуць з палітычнай карты свету.

У дадатак да ідэалогіі, была прывязаная тэорыя расавай непаўнавагі славянскага насельніцтва. Менавіта за кошт славянскай тэрыторыі, у выніку так званага «націску на ўсход» (Drang nach Osten), Гітлер прапаноўваў пашырыць для трэцяга Рэйху «жыццёвую прастору» германскай нацыі. Нацыстамі ставіліся пад сумленне здольнасці славян ствараць уласныя дзяржавы на падставе таго, што менавіта ў СССР кіруе «савецкі яўрэйска-бальшавісцкі рэжым». З гэтай нагоды вайна адрознівалася ад германа-французскай, германа-нарвежскай накіраванасцю на татальнае знішчэнне ўсіх носьбітаў варожай ідэалогіі, прадстаўнікоў «шкодных нацый», а так сама ўсіх, хто не выкажа пакорнасці заваёўнікам.

У гаспадарчым сэнсе рыхтавалася татальная эксплуатацыя мясцовых рэсурсаў усіх відаў на карысць Германіі, пры гэтым мерапрыемствы насілі характар прамога рабаўніцтва.

З боку СССР вайна насіла справядлівы, вызваленчы характар за будучыню краіны і яе народаў. Менавіта такі характар айчыннай вайны падкрэсліў у сваім выступленні
3 ліпеня 1941 г. па радыё лідар краіны І.Сталін.

Напад Германіі на СССР

Да пачатку вайны Германія цалкам адмабілізавала свае ўзброеныя сілы. У чэрвені 1941 г. у склад германскага вермахта ўваходзіла 214 дывізій, з якіх 152 дывізіі і 2 брыгады былі сканцэнтраваны супраць СССР. Акрамя нямецкіх ваенных злучэнняў каля граніц Савецкага Саюза былі разгорнутыя 29 дывізій і 16 брыгад саюзнікаў Германіі – Фінляндыі, Венгрыі, Італіі і Румыніі. Усе злучэнні адпавядалі штатнаму раскладу ваеннага часу. Да нападу на СССР былі створаны аператыўныя групоўкі з 190 дывізій. Агульная колькасць асабовага складу каля граніц Савецкага Саюза складала 3,5 млн. чалавек.

Савецкі Саюз да чэрвеня 1941 г. меў 303 дывізіі і 22 брыгады, з якіх 166 дывізій і 9 брыгад знаходзіліся ў заходніх ваенных акругах. Агульная штатная колькасць узброеных сіл СССР напярэдадні вайны была каля 5,3 млн. чалавек, з якіх у заходніх ваенных акругах былі дыслацыраваныя 2,9 млн. чалавек.

Суадносіны груповак вермахта і Чырвонай Арміі на пачатак лета 1941 г.

Чырвоная Армія

Суадносіны

Вермахт

Асабовы склад, млн. чалавек

2,9

1:1,2

3,5

Танкавых дывізій

40

2,3:1

17

Механізаваных дывізій

20

1,2:1

16,5

Гармат і мінамётаў, тыс.

49,3

1,6:1

31,0

Танкаў і знішчальных гармат тыс.

10,0

2,8:1

3,5

Ваенных самалётаў, тыс.

7,7

1,9:1

4,0

Што датычыцца суадносін сіл на беларускім напрамку, то войскам Заходняй асобай ваеннай акругі 22 чэрвеня 1941 г. супрацьстаяла вялікая групоўка вермахту, так званая група армій «Цэнтр» пад камандаваннем фельдмаршала фон Бока.

Суадносіны войск групы армій «Цэнтр» і Заходняй Асобай ваеннай акругі

Асабовы склад

Дывізій

Гармат і мінамётаў

Танкаў

Самалетаў (баявых)

ЗахАВА

627 300

44

10 087

2202 (новай канструкцыі 383)

1789 (новай канструкцыі 303)

Вермахт

820 000

50

14 300

1800

1680

Канцэнтрацыя германскіх войск на мяжы з СССР пачалася ўвосень 1940 і працягвалася да чэрвеня 1941 г. Савецкае ваенна-палітычнае кіраўніцтва адзначала, што каб прадухіліць раптоўны ўдар і разграміць нямецкую армію неабходна апярэдзіць праціўніка ў разгортванні і атакаваць германскую армію на галоўным накірунку прэвентыўным ударам Чырвонай Арміі ў момант разгортвання сіл вермахта і арганізацыі фронту і ўзаемадзеянне радоў войск. На астатніх участках дзяржмяжы прадугледжваецца актыўная абарона. Аднак такія планы не збыліся. Як адзначыў кіраўнік генштабу сухапутных сілаў вермахту Ф.Гальдэр, «наступленне нашых войскаў, як бачна, з’явілася для праціўніка на ўсёй працягласці фронту поўнай тактычнай нечаканасцю...».

Прыгранічныя баі ў Беларусі

Напад на СССР, у тым ліку на Беларусь, гітлераўцы пачалі моцным артылерыйскім абстрэлам прыгранічных раёнаў, пасля чаго ў наступленне перайшлі сухапутныя войскі. Адначасова фашысцкая авіяцыя бамбіла месцы размяшчэння савецкіх войск, аэрадромы, казармы, чыгуначныя вузлы, гарады і інш. У першы дзень баявых дзеянняў паветраныя сілы СССР страцілі 1200 баявых самалётаў, 738 з іх было знішчана на тэрыторыі Беларусі, прычым 528 непасрэдна на аэрадромах. Нехапала боепрыпасаў, і таран выкарыстоўваўся савецкімі лётчыкамі ў якасці апошняга сродку бою. Яго роля як маральнага фактара, была даволі высокай, таран дастаўляў шмат непрыемнасцей германскім паветраным асам. У першыя гадзіны вайны таранілі варожыя самалёты лётчыкі П.С.Рабцаў, А.С.Данілаў, С.М.Гудзімаў, Д.В.Кокараў.

Галоўны ўдар па савецкіх войсках у Беларусі германская армія нанесла ў раёнах Брэста і Гродна ў паласе абароны 3-й і 4-й савецкіх армій. Тут колькасць нямецкіх войскаў у жывой сіле і тэхніцы пераўзыходзіла савецкія войскі ў 5 разоў. Гэтыя два ўдарныя кулакі павінны былі зламаць супраціўленне Чырвонай Арміі з наступным выхадам на аператыўную прастору і авалоданнем гарадамі Мінск і Смаленск. У першыя дні вайны быў дапушчаны стратэгічны пралік савецкага ваеннага камандавання. На Беластоцкім выступе было сканцэнтравана 26 савецкіх дывізій, у тым ліку 8 танкавых і 4 матарызаваных, а гэта каля 350 тыс. салдат і афіцэраў і 2 тыс. танкаў. Флангавыя ўдары германскіх войскаў на Брэсцкім і Гродзенскім напрамках прывялі да таго, што гэтыя сілы трапілі ў акружэнне.

У выніку мэтанакіраванай дзейнасці дыверсантаў у тыле Чырвонай Арміі былі разбураны вузлы сувязі, згублена кіраўніцтва войскамі. 22 чэрвеня ў штаб Заходняга фронту (створанага з войск Акругі) з Масквы прыйшла дырэктыва наркома абароны С.Цімашэнкі, у якой патрабавалася неадкладна распачаць наступальныя дзеянні «з мэтай разгрому нямецкіх груповак у раёнах, дзе яны парушылі дзяржаўную граніцу». Арганізаваць наступленне было немагчыма, але з самага пачатку вайны германскія войскі адчулі на сабе моц супраціўлення, якога яны не сустракалі ў Еўропе. Нягледзячы на адыход часцей Чырвонай Арміі ад Гродна, 29-я танкавая дывізія контратакавала праціўніка і часова адкінула яго на некалькі кіламетраў на захад.

Усяму свету вядома гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Знаходзячыся ў поўным акружэнні, без вады і ежы, пры вострай нястачы боепрыпасаў і медыкаментаў, гарнізон крэпасці амаль месяц мужна змагаўся з ворагам. Гарнізон чакаў наступлення Чырвонай Арміі і зняцця блакады, але Чырвоная Армія была ўжо далёка на Усходзе. Мужнасць і гераізм праявілі афіцэры П.М.Гаўрылаў, I.М.Зубачоў, Я.М.Фамін, У.В.Шаблоўскі, М.В.Несцярчук, А.I.Махнач, сяржанты Р.К.Семянюк, А.Д.Раманаў, Т.Г.Грабянюк і інш. За бессмяротны подзвіг Брэсцкай крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой».

26 чэрвеня 1941 г. нямецкія механізаваныя часці ўжо падступілі да сталіцы Беларусі. Войскі 13-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П.М.Філатава ўтрымлівалі рубяжы да 28 чэрвеня. Гераічна змагаліся воіны 100-й стралковай дывізіі генерал-маёра І.М.Русіянава, якія выкарыстоўвалі для барацьбы з варожымі танкамі звязкі гранат, а таксама бутэлькі з гаручай сумессю – знакаміты «кактэйль Молатава» і знішчылі больш як 100 танкаў і бронемашын праціўніка. Аднак, з паўднёвага захаду да сталіцы прарваўся 47-мы матарызаваны корпус з групы Гудэрыяна. 28 чэрвеня ў акружэнне пад Мінскам трапілі войскі 3-й, 4-й, 10-й і значная частка сіл 13-й савецкіх армій. Па звестках нямецкага камандавання ў аперацыях пад Беластокам, Брэстам і Мінскам часці вермахта захапілі ў палон 330 тыс. ваеннаслужачых, больш за 3000 гармат і 3332 танкі, а таксама шмат боепрыпасаў і вайсковай маёмасці.

Мінск вельмі пацярпеў пад час абароны. Горад рэгулярна бамбіла нямецкая авіяцыя, ён гарэў. Цэнтралізаваная эвакуацыя з горада не праводзілася. Яшчэ 24 чэрвеня штаб Заходняга фронту, кіраўнікі кампартыі і ўрада рэспублікі выехалі ў Магілёў. Пры гэтым не быў эвакуіраваны архіў СНК БССР, а кіраўніцтва Вярхоўнага Савета пакінула ў сейфе спісы членаў урада, кіруючых работнікаў Вярхоўнага Савета, ЦК ЛКСМБ з указаннем хатніх адрасоў і пералічэннем членаў іх сем’яў. На падставе гэтых дакументаў адбыліся першыя масавыя арышты і расстрэлы ў Мінску.

Арганізацыя абароны краіны

У першы дзень вайны да грамадзян СССР па радыё звярнуўся намеснік старшыні СНК В.М.Молатаў, які ад імя Савецкага ўраду прызваў «забяспечыць перамогу над ворагам» шляхам арганізацыі належнай абароны. Разам з разуменнем цяжкага стану на франтах і растучай перспектывай зацяжной вайны пачала фарміравацца сістэма мерапрыемстваў па пераводу ўсяго жыцця краіны на ваенныя рэйкі і ствараецца сістэма надзвычайных органаў кіравання.


Ужо 22 чэрвеня 1941 г. Прэзідыум ВС СССР прыняў Указ
«Аб ваенным становішчы». У краіне ўводзілася абавязковая працоўная павіннасць, звышурочныя работы, устанаўліваўся надзвычайны распарадак работы для дзяржаўных ўстаноў, прамысловых і гандлёвых арганізацый, а таксама ваенныя нормы забеспячэння насельніцтва таварамі і прадуктамі харчавання, на тэрыторыі ўсіх пагранічных рэспублік уводзілася ваеннае становішча.

30 чэрвеня 1941 г. ЦК ВКП (б) і СНК СССР прынялі мабілізацыйны народнагаспадарчы план на ІІІ квартал 1941 г., які патрабаваў тэрмінова пачаць мабілізацыю ўсіх рэсурсаў краіны для забеспячэння патрэб ваеннай абароны. Прадугледжвалася неадкладна ажыццяўляць эвакуацыю – мэтанакіраванае перабазіраванне насельніцтва, абсталявання прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прадуктаў харчавання, маёмасці, матэрыяльных і культурных каштоўнасцей з месцаў, якім пагражала акупацыя. У выніку яе Урал, Заходняя Сібір і Сярэдняя Азія пераўтварыліся ў асноўную базу ваеннай эканомікі СССР. Сюды за ліпень-снежань 1941 г. былі эвакуіравана 2593 прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку 1523 буйныя, галоўным чынам з сістэмы ВПК. Гэта 85% магутнасцяў авіяцыйнай прамысловасці, 9 асноўных танкавых заводаў, амаль 95% прадпрыемстваў Наркамата ўзбраенняў. Але фактычна цалкам быў страчаны Данецкі прамысловы рэгіён.

25 чэрвеня 1941 г. была арганізавана Цэнтральная эвакуацыйная камісія пры СНК БССР, якую ўзначаліў старшыня рэспубліканскага СНК І.С.Былінскі. У надзвычай цяжкіх умовах з тэрыторыі Беларусі было выратавана абсталяванне і кадры 124 буйных прамысловых прадпрыемтваў і каля 1,5 млн. жыхароў Беларусі, больш за паўмільярда руб. грашовага фонду, 60% трактароў, 18% камбайнаў, 53% буйной рагатай жывёлы і інш. Раёнамі размяшчэння беларускай прамысловасці сталі Паволжа, Урал, сярэдняя паласа РСФСР, Заходняя Сібір.

29 чэрвеня 1941 г. ЦК ВКП(б) і СНК СССР прымаюць дырэктыву аб прынцыпах перабудовы ўсяго жыцця краіны на ваенны лад, уся дзейнасць у тыле падпарадкоўваецца выключна інтарэсам фронту. Значна пашыралася кантрольная функцыя партыі. На 1170 буйных прадпрыемстваў былі прызначаны парторгі ЦК, з лістапада 1941 г. аднаўляюцца палітаддзелы пры МТС і ў саўгасах. Ствараюцца спецыялізаваныя Наркаматы – танкавай прамысловасці ў верасні і мінамётнай зброі ў лістападзе. Дзеля вырашэння праблемы працоўных кадраў ствараецца Камітэт па ўліку і размеркаванню працоўнай сілы. Страта значнай часткі эканамічнага патэнцыялу прывяла да крытычнага падзення аб’ёмаў прамысловай вытворчасці ў СССР у другой палове 1941 г. Тым не менш, за ліпень-снежань 1941 г. у СССР было выраблена 4,8 тыс. танкаў, 8,2 тыс. самалётаў, 30 тыс. гармат, 42 тыс. мінамётаў, каля 90 тыс. пісталетаў-калямётаў і каля 1,6 млн. карабінаў. Але гэтага было мала, бо страты склалі за той жа перыяд 6 млн. адзінак стралковай зброі, каля 20 тыс. танкаў, 101 тыс. гармат і мінамётаў, 17 тыс. самалётаў.

30 чэрвеня 1941 г. ствараецца Дзяржаўны Камітэт Абароны (ДКА) на чале з Старшынёй СНК СССР І.В.Сталіным. ДКА цэнтралізаваў дзяржаўнае і ваеннае кіраўніцтва. Грамадзяне краіны, партыйныя, савецкія, камсамольскія і ваенныя органы абавязаны безагаворачна выконваць рашэнні і распараджэнні ДКА. Ён вырашаў пытанні пераводу эканомікі на ваенны лад, ажыццяўляў мабілізацыю людскіх і матэрыяльных рэсурсаў краіны, ажыццяўляў падрыхтоўку рэзерваў і кадраў для Узброеных Сіл і прамысловасці, арганізоўваў эвакуацыю, перавод прадпрыемстваў у вызваленыя раёны і аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі ў заходніх абласцях краіны. 4 верасня 1945 г. яго дзейнасць ДКА была прыпынена.

Асаблівую вастрыню набываюць пытанні забеспячэння насельніцтва харчаваннем. З 18 ліпеня па канец 1942 г. уводзіцца картачная сістэма. Яна распаўсюджваецца толькі на 4 катэгорыі грамадзян: рабочых, служачых, іждзевенцаў і дзяцей да 12 гадоў. Нормы былі вельмі невялікія – ад 800 грамаў хлеба ў дзень для рабочага да 400 – для дзяцей. З агульнай колькасці насельніцтва СССР у 200 млн. чалавек цэнтралізавана забяспечвалася ў 1941 г. толькі каля 56 млн. Сяляне павінны былі разлічваць толькі на свае прысядзібныя ўчасткі.

У сферы ваенных мерапрыемстваў з 22 чэрвеня, у адпаведнасці з Указам Прэзідыўма ВС СССР, праводзіцца масавая мабілізацыя ваеннаабавязаных. У абставінах вялікага пытрыятычнага ўздыму шмат падавалася заяў аб добраахвотным уступленні ў рады арміі. На працягу аднаго тыдня было мабілізавана звыш 5 млн. чалавек, з тэрыторыі БССР – каля 500 тыс.чалавек. Да 1 снежня 1941 г. дзеючая армія атрымала 291 дывізію і
94 брыгад.

Для непасрэднага кіраўніцтва ваеннымі дзеяннямі на франтах 23 чэрвеня 1941 г. была створана Стаўка Галоўнага Камандавання, якая 10 ліпеня была пераўтворана ў Стаўку Вярхоўнага Камандавання пад старшынствам І.Сталіна, які прызначаецца наркомам абароны і Вярхоўным Галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі СССР. Для ўзмацнення ідэалагічнай работы ў Чырвонай Арміі з 16 ліпеня 1941 г. аднаўляецца інстытут ваенных камісараў – «прадстаўнікоў партыі і ўрада ў войску», а ў ротах і батальёнах уводзіліся пасады палітрукоў.

Прымаюцца надзвычайныя меры па пераадоленню панічных настрояў у арміі. У жніўні Стаўка аддае загад №270, па якому тых, хто здаецца ў палон, трэба лічыць дэзерцірамі і здраднікамі Айчыны, іх сем’і падлягаюць арышту. Ліквідацыя дэзерціраў у прыфрантавой паласе ўскладвалася на асобыя аддзелы НКУС, створаныя ў ліпені 1941 г. У верасні 1941 г. пры кожнай стралковай дывізіі ствараліся заградзіцельныя атрады, якія павінны былі выкарыстоўваць зброю супраць панікёраў.

24 чэрвеня 1941 г. СНК СССР прымае пастановы аб стварэнні ў прыфрантавой паласе знішчальных батальёнаў. Галоўная іх мэта – барацьба з дыверсійнымі і дэсантнымі групамі праціўніка. Да канца ліпеня ў СССР было арганізавана 1755 такіх батальёнаў агульнай колькасцю звыш 328 тыс. чалавек.
Да 15 ліпеня 1941 г. у БССР было створана 78 знішчальных батальёнаў (больш за 13 тыс. чалавек) і 300 груп самаабароны
(27 тыс. чалавек). На знішчальныя батальёны, акрамя ваенных задач – ліквідацыі дыверсантаў і паветранага дэсанту, ускладвалася задача ратавання матэрыяльных і культурных каштоўнасцяў ці знішчэння прамысловасці і матэрыяльных рэсурсаў, якія не падлягалі эвакуацыі. Найбольшы размах гэтая дзейнасць атрымала на ўсходзе БССР, куды войскі вермахта прыйшлі як у пустыню.

Народнае апалчэнне так сама было формай масавага патрыятычнага руху. Яно выканала ролю часовага заслону на шляху ірваўшыхся на ўсход войск вермахта. У кароткі час у яго запісалася да 1 млн.чалавек. Было створана каля 60 дывізій народнага апалчэння. Але дрэнна ўзброеныя і неабучаныя апалчэнскія дывізіі ў баях неслі вялізарныя, амаль 100%-ныя страты. Да таго, істотны ўрон мела народная гаспадарка, якая недалічвалася кваліфікаваных рабочых рук. Па меры зніжэння напружанасці на франтах расфарміравалі апалчэнне.

Толькі на 12-ы дзень пасля пачатку вайны, 3 ліпеня, калі вызначыліся маштабы страт і сталі відавочнымі паражэнні Чырвонай Арміі ў памежных раёнах, савецкі народ пачуў па радыё незвычайнае і па форме і па зместу выступленне старшыні ДКА І.В.Сталіна. У ім Сталін растлумачыў прычыны адступлення арміі, апраўдаў перадваенны саюз з Германіяй, даў ацэнку вайне – як вайне татальнай, якая вядзецца на знішчэнне.
З гэтай нагоды вайна была названая
«Айчыннай».

Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.

Нягледзячы на тое, што германскія войскі акружылі савецкую групоўку каля Мінска, спроба з ходу фарсіраваць водны рубеж на Бярэзіне і выйсці да Дняпра вермахту не ўдалося. Толькі 1 ліпеня часці 47-га германскага танкавага корпуса змаглі прарвацца на ўсходні бераг Бярэзіны. Так сама ўпарта абараняліся часці 47-га стралковага корпуса генерал-маёра С.І.Паветкіна і 4-га паветрана-дэсантнага корпуса генерал-маёра А.С.Жадава ў раёне Бабруйска. Гэта дазволіла заняць баявыя рубяжы свежым савецкім дывізіям, падцягнутым на лінію Дняпра з цэнтральных раёнаў краіны.

12-16 ліпеня цяжкія баі за Оршу вялі войскі 18-й (палкоўніка П.К.Жывалёва) і 73-й (палкоўніка А.І.Акімава) стралковых дывізій са складу 20-й арміі Заходняга фронту, а таксама знішчальны батальён з ліку 1200 мясцовых жыхароў. Пад Оршай 14 ліпеня ўпершыню нанесла ўдар па ворагу батарэя рэактыўных установак пад камандаваннем капітана І.А.Флёрава.

З 3 па 26 ліпеня савецкія войскі гераічна абаранялі Магілёў. Праціўнік сканцэнтраваў тут 4 пяхотныя і 1 танкавую дывізіі, матарызаваны полк СС «Вялікая Германія» і іншыя вайсковыя фарміраванні. Ім супрацьстаялі часці 61-га стралковага корпуса генерал-маёра Ф.А.Бакуніна і байцы народнага апалчэння. Толькі воінамі 172-й дывізіі генерал-маёра М.Ц.Раманава за 10 дзён баявых дзеянняў было знішчана 179 танкаў і бронетранспарцёраў, каля 4 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Асабліва ўпартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім поле пад Магілёвам. Цяжкія баі адначасова ішлі на подступах да Віцебска і Гомеля.

1 ліпеня камандуючым Заходнім фронтам быў прызначаны нарком абароны маршал С.К.Цімашэнка. Былое кіраўніцтва фронту і частку вышэйшых камандзіраў на чале з камандуючым генералам арміі Д.Р.Паўлавым за быццам бы «бяздзейнасць» і «баязлівасць» былі асуджаны і расстраляны.

Адначасова з абарончымі баямі камандаванне Чырвонай Арміі летам 1941 г. правяло шэраг наступальных аперацый.
6 ліпеня 1941 г. войскі 20-й арміі генерал-лейтэнанта П.А.Курачкіна сіламі 5-га і 7-га механізаваных корпусаў нанеслі контрудар у напрамку Сянно-Лепель. Адбылася буйнейшая
танкавая бітва з пачатку Другой сусветнай вайны, у якой удзельнічала больш як 1500 танкаў і бронемашын. Праціўнік быў адкінуты на 30-40 кіламетраў. Але 7-мы механізаваны корпус быў спынены сіламі 47-га нямецкага матарызаванага корпуса на подступах да Лепеля, а 5-ты савецкі корпус апынуўся ў акружэнні, з якога да 10 ліпеня 1941 г. у раён Оршы выйшла толькі частка савецкіх войскаў. У нямецкі палон пад Лепелем трапіў сын Сталіна – Якаў.

Другой наступальнай аперацыяй савецкіх войскаў на Беларусі летам 1941 г. з’яўляецца Рагачоўска-Жлобінская аперацыя, праведзеная войскамі 21-й арміі генерал-палкоўніка Ф.І.Кузняцова. 13 ліпеня 63-ці стралковы корпус генерал-лейтэнанта Л.Р.Пятроўскага правёў контрудар, вызваліў гарады Рагачоў і Жлобін. Нямецкія войскі былі адкінуты на 20-30 кіламетраў у напрамку Бабруйска. Контрудар войскаў 21-й арміі скаваў сілы 8-мі нямецкіх дывізій, што не дазволіла ім хутка фарсіраваць Днепр і выйсці на аператыўную прастору ў напрамку Раслаўль-Смаленск.

Такі ход баявых дзеянняў выклікаў трывогу ў стаўцы вярхоўнага галоўнакамандавання Германіі. Вермахт спыніў наступленне ў канцы ліпеня 1941 г. на Смаленскім напрамку і перайшоў да ўмацавання флангаў групы армій «Цэнтр». У гэтых умовах для абароны гомельскага напрамку савецкае кіраўніцтва 24 ліпеня стварыла Цэнтральны фронт, кіраваць якім прызначылі генерал-палкоўніка Ф.І.Кузняцова.

У першай дэкадзе жніўня нямецкае камандаванне кінула ў наступленне на Гомель звыш 25 дывізій, галоўным чынам танкавых і матарызаваных. Баі за горад працягваліся амаль
20 дзён. Пад сценамі горада вермахт страціў звыш 80 тыс. сваіх салдат і афіцэраў, каля 200 танкаў і 100 самалётаў. У ноч з 19 на 20 жніўня 1941 г. савецкія войскі і апалчэнцы пакінулі Гомель. Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі была акупіраваная нямецкімі войскамі.

Трагізм першых дзён вайны вынікаў не толькі з вялікіх тэрытарыяльных страт, але з велізарных людскіх страт, якія несла Чырвоная Армія. Так, за 18 першых сутак абарончай аперацыі ў Беларусі войскі Заходняга фронту панеслі страты агульнай колькасцю 417790 чалавек, а ўсяго за 6 месяцаў 1941 г. страты Чырвонай Арміі склалі 4473800 чалавек.

Вялікая колькасць савецкіх салдат і афіцэраў патрапілі ў германскі палон: у «катлах» пад Беластокам, Гродна і Мінскам больш за 300 тыс. чалавек, пад Віцебскам, Оршай, Магілёвам і Гомелем – 450 тыс. чалавек, пад Смаленскам – 180 тыс.чалавек, пад Чарнігавам – 100 тыс.чалавек, пад Бранскам і Вязьмай –
663 тыс. чалавек.
Але быў нанесены і адчувальны ўрон групе армій «Цэнтр». Вермахт страціў у 1941 г. на Беларусі каля 1000 танкаў і 150 тыс. ваеннаслужачых забітымі і параненымі.

Абарончыя баі ў Беларусі далі магчымасць савецкаму камандаванню разгарнуць войскі другога стратэгічнага эшалона на рубяжы рэк Заходняя Дзвіна-Днепр, дазволілі мабілізаваць непасрэдныя рэзервы краіны, каб даць адпор ворагу. Намечаныя камандаваннем вермахта тэрміны захопу Смаленска і Масквы былі сарваны.

Прычыны няўдач Чырвонай Арміі летам-восенню 1941 г.

Прычыны таго, што вайна пачалася для Савецкага Саюза з грандыёзных паражэнняў на франтах, самыя розныя. Яны датычацца як палітычных, так і ваенна-тэхнічных і тактычных бакоў.

Перш за ўсё, у краіне складваўся культ асобы І.Сталіна, састаўной часткай якога было сталінскае «прадбачанне» палітычнай сітуацыі ў свеце. Згодна з яго шапказакідальніцкімі заявамі, накшталт «...калі вайна і пачнецца, то яна будзе весціся на тэрыторыі агрэсара і малою крывёю, а на варожы ўдар Чырвоная Армія здольная адказаць сакрушальным трайным ударам». Сур’ёзна дэзарыентавала камандаванне Чырвонай Арміі, асабліва штабы заходніх ваенных акруг, заява ТАСС ад 14 чэрвеня 1941 г., абвяргаючая як беспадстаўныя чуткі аб намеры Германіі ў хуткім часе напасці на СССР. Гэтая ўпэўненасць Сталіна мацавалася на тых падставах, што Германія яшчэ ваявала з Англіяй. Да таго, па ацэнках савецкага Генштаба суадносіны сіл паміж Германіяй і СССР былі на карысць СССР.

Данясенні савецкіх разведчыкаў, а так сама інфармацыя, якая паступала ад англійскага кіраўніцтва і па дыпламатычным каналам, дзе ўказваліся дні і нават гадзіны пачатку вайны, эфектыўна нейтралізавалася нямецкай дэзінфармацыяй.

Планы вядзення вайны, распрацаваныя ў савецкім Генштабе перад вайной не адпавядалі сітуацыі, якая складвалася на франтах. Замест выкарыстання падзвіжнай абароны, якая прадугледжвала адыход пад націскам ворага ад аднаго падрыхтаванага рубяжа да другога, пры гэтым затрымліваючы яго пранікненне, выкарыстоўвалася тактыка контрудараў, у якіх гінулі дзесяткі тысяч салдат і яшчэ больш пападалі ў акружэнні, пры нязначных аператыўных выніках.

Германія своечасова перавяла сваю эканоміку на ваенны лад, ажыццявіла мілітарызацыю ўсёй краіны, далучыла да свайго патэнцыялу эканоміку Заходняй Еўропы. Вермахт меў дэталёва распрацаваны план «Барбароса» і двухгадовы вопыт вядзення буйнамаштабных баявых аперацый, загадзя правёў мабілізацыю і канцэнтрацыю высокамабільных ўдарных груповак на заходніх савецкіх граніцах. Якасная перавага нямецкіх узброеных сіл была відавочнай.

Баяздольнасць Чырвонай Арміі была нізкай з прычын раскіданасці частак на вялікай тэрыторыі, незавершанасці будаўніцтва абарончых аб’ектаў на новай мяжы, недахопу падрыхтаваных камандных кадраў, незавершанасці ваеннай рэформы. Тым не менш, савецкае кіраўніцтва лічыла, што колькаснай перавагі над ворагам дастаткова, каб яго разграміць.

На баяздольнасці Чырвонай Арміі вельмі адмоўна сказаліся масавыя рэпрэсіі супраць ваенных кадраў. Асабліва гэтае датычылася вышэйшага каманднага саставу. Масавыя рэпрэсіі паралізавалі ініцыятыўнасць тых камандзіраў, якім пакінулі жыццё. Сляпое выкананне дырэктыў Стаўкі і Генштаба не адпавядала хуткім зменам абставін на франтах і вяло да вялізарных страт і паражэнняў.

Вельмі адмоўна сказалася на развіцці ваенных падзей выключна дрэнная сувязь у арміі, якая базіравалася на правадных тэлефонах. Перад нападам нямецкія дыверсанты паралізавалі амаль усю сістэму сувязі. У будучым ні Стаўка, ні Генштаб часта не будуць дакладна ведаць аб сітуацыі на франтах, што прывядзе да прыняцця памылковых загадаў.

Да прычын паражэнняў можна дадаць яшчэ дзесяткі фактараў. Гэта і недастатковая ўвага да выкарыстання авіяцыі пры правядзенні вайсковых аперацый, забарона адступаць нават пад пагрозай акружэння і шмат чаго яшчэ. Але галоўнае, трагедыя паражэнняў праявілася не ў першыя дні памежных баёў, а пад час контрбаёў 23-30 чэрвеня. Яны паказалі, што нашы войскі на ўсіх узроўнях – ад Стаўкі да малодшых камандзіраў не былі падрыхтаваныя ў сваёй масе не толькі да першых, нечаканых баёў, а да вайны наогул.

Маскоўская бітва

6 верасня 1941 г. Гітлер выдае дырэктыву аб наступленні на Маскву. Галоўную ролю ў ім павінны былі выканаць танкавыя злучэнні і авіяцыя. Планам прадугледжвалася разграміць савецкія войскі каля Вязьмы і Бранска, а потым праследаваць адыходзячыя войскі Заходняга фронту на шырокім участку ад верхняга цячэння Волгі да Акі і заняць такім чынам Маскву. Дзеля гэтага была сканцэнтравана моцная групоўка – 77 дывізій, каля 1 млн. чалавек, 14 тыс. гармат, 1700 танкаў, 950 самалётаў. Чырвоная Армія значна саступала вермахту, на Заходнім фронце было толькі 770 танкаў, 364 самалёта, 9150 гармат.

Генеральны наступ пачаўся 30 верасня, а 2 кастрычніка на Заходні фронт абрушыліся галоўныя нямецкія сілы. Нямецкія дывізіі прарвалі фронт у некалькіх месцах і хутка акружылі пад Вязьмай 19, 20, 24 і 32-ю арміі. Да 6 кастрычніка пад Бранскам так сама ў акружэнне папалі часці 3, 13, 50 армій. Увогуле, немцы захапілі ў палон каля 663 тыс. салдат і афіцэраў, 1242 танкі і 5412 гармат. Прычыны катастрофы былі відавочнымі – гэта перавага праціўніка ў тэхніцы, панаванне люфтвафэ ў паветры, значныя пралікі Стаўкі і яе кіраўніка ў арганізацыі абароны. Склалася рэальная пагроза з’яўлення нямецкіх танкаў пад Масквой.

Тым не менш, супраціўленне Чырвонай Арміі было надзвычай моцным. Нават ў акружэнні яе часткі працягвалі баявыя дзеянні, скаваўшы значныя сілы вермахту. За тры тыдні наступлення немцы выкарысталі палову дывізій, якія значна пацярпелі. Стаўка прымала надзвычайныя меры для выпраўлення сітуацыі. Камандаванне абароны Масквы ўсклалі на Р.Жукава. Хутка перакідвалі баяздольныя злучэнні з Далёкага Усходу і Сярэдняй Азіі. У першую чаргу прыкрываліся чыгуначныя і шасэйныя дарогі – найбольш зручныя для наступлення танкавых калон. Каля паўмільёна масквічоў, пераважна жанчын, будавалі абарончыя рубяжы. На дапамогу арміі прыйшлі знішчальныя батальёны і дывізіі народнага апалчэння.

15 кастрычніка ДКА прымае пастанову «Аб эвакуацыі сталіцы СССР горада Масквы», згодна з якой урадавыя і партыйныя ўстановы, дыпламатычныя прадстаўніцтвы пераводзіліся ў Куйбышаў. Але гэта не адзначала, што горад будзе здадзены. 17 кастрычніка партыйнае кіраўніцтва Масквы па радыё абвергла чуткі аб здачы горада. 19 кастрычніка ў сталіцы было ўведзена асаднае становішча. 7 лістапада ў 8 гадзін раніцы ў Маскве прайшоў традыцыйны ваенны парад, прысвечаны чарговай гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі. Роля гэтага параду была надзвычай вялікай. Былі знятыя дакументальныя стужкі, якія паказвалі па ўсёй краіне і на франтах. Гэтыя стужкі дарылі надзею, унушалі аптымізм грамадзянам краіны і салдатам.

Пасля кароткага перапынку, 15-16 лістапада наступленне вермахта аднавілася. Нямецкія войскі спрабавалі абыйсці Маскву з поўначы – праз Клін і Кашыру. Але далей канала Масква-Волга яны ўжо не здолелі прасунуцца. Рэзервы германскай групоўкі былі вычарпаны.

Канец лістапада – пачатак снежня 1941 г. сталі кульмінацыяй бітвы пад Масквой. Вермахт да гэтага часу сутыкнуўся з вялізарнымі стратамі, якія значна паўплывалі на маральны дух у войску. Страты немцаў з 22 чэрвеня па 10 снежня
1941 г. склалі 775 тыс. чалавек. Толькі пад Масквой, з 16 лістапада да 5 снежня, вермахт страціў звыш 155 тыс. чалавек забітымі і параненымі, каля 800 танкаў, 300 гармат і да 1500 самалётаў. Гэта былі лепшыя германскія дывізіі, якія мелі вопыт пераможных войнаў. 8 снежня Гітлер аддае загад аб стратэгічнай абароне на ўсім працягу фронту.

Але да гэтага часу ўжо пачалося контрнаступленне савецкіх войск (5-6 снежня). Моцнымі лабавымі ўдарамі на флангах была прарваная абарона немцаў. Адначасова актыўныя дзеянні распачалі савецкія войскі ў Крыму і пад Ленінградам з мэтай недапусціць перакідвання дадатковых сілаў пад Маскву. Да пачатку лютага 1942 г. савецкія войскі прасунуліся на захад на 100-250 км. Былі вызвалены ад захопнікаў Маскоўская і Тульская вобласці. А да красавіка 1942 г. вораг быў адкінуты на 350-
400 км, было вызвалена 60 гарадоў. Савецкія войскі наблізіліся да тэрыторыі БССР, а праз разрыў, які празвалі
«Суражскія вароты» на працягу 1942 г. адбывалася забеспячэнне партызанскіх атрадаў на Беларусі. План «бліцкрыгу» быў сарваны, намеціўся паварот у вайне на карысць СССР. Узмацніўся аўтарытэт Чырвонай Арміі на міжнароднай арэне, змяніліся стэрэатыпы, з якімі многія заходнія палітыкі падыходзілі да СССР.

У баях за Маскву і Тулу вызначыліся стралковыя дывізіі, якімі камандавалі нашы землякі генералы У.Р.Вашкевіч і М.М.Макаўчук, а таксама падпалкоўнікі камандзіры злучэнняў А.А.Барэйка, Е.У.Дабравольскі, М.М.Мультан, І.Л.Рагуля, А.Д.Церашкоў, П.М.Чарнышоў.

Бітва пад Масквой мела надзвычай значны міжнародны рэзананс. На фронт былі запрошаны прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, а так сама міністр замежных спраў Англіі А.Ідэн, які быў з візітам у Маскве. Ён ўбачыў сваімі вачамі маштабы паражэння немцаў. Больш цеснымі сталі кантакты паміж краінамі, якія ваявалі супраць краін «траістага пакту» і Савецкім Саюзам. Менавіта з СССР У.Чэрчыль і Ф.Рузвельт атаясамлівалі перамогу над Гітлерам. Выраслі аб’ёмы дапамогі СССР па лініі ленд-лізу.

У выніку паражэння вермахту пад Масквой, японскі ўрад вырашыў не распачынаць вайну з СССР, да вясны 1942 г., а перанесці галоўны націск на басейн Ціхага акіяну. План вайны супраць Савецкага Саюза «Кантокуэн» быў распрацаваны летам 1941 года, і да верасня групоўка Квантунскай арміі была павялічана ў 2,5 разы да 1 млн. чалавек. Аднак перамога Чырвонай Арміі вымусіла Токіа перагледзіць свае планы акупацыі савецкага Далёкага Усходу.

Пачатак стварэння антыгітлераўскай кааліцыі

Першыя прапановы з боку Англіі і ЗША аб ваенна-эканамічнай падтрымцы СССР прагучалі 22 і 23 чэрвеня 1941 г. Але памеры дапамогі залежалі ад таго, «які час пратрымаецца Расія». 12 ліпеня была падпісана савецка-англіяская дэкларацыя аб аказанні ўзаемадапамогі і аб немагчымасці заключаць сепаратныя мірныя дагаворы з Германіяй без узаемных кансультацый. 30 ліпеня ў Маскву прыляцеў саветнік прэзідэнта ЗША Г.Гопкінс, які быў уражаны абарончымі магчымасцямі краіны. Тым не менш, закон аб ленд-лізе не адразу быў пашыраны на Савецкі Саюз.

Аснова для ўтварэння антыгітлераўскай кааліцыі была закладзена 14 жніўня 1941 г., калі прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт і брытанскі прэм’ер-міністр У.Чэрчыль на ваенна-марской базе Арджэнція (востраў Ньюфаўндлен) падпісалі дэкларацыю, вядомую як «Атлантычная хартыя». 24 верасня да яе далучылася 10 краін, у тым ліку СССР. А з 29 верасня па 1 кастрычніка 1941 г. у Маскве адбылася канферэнцыя трох краін – СССР, ЗША, Англіі на якой былі абмеркаваны пытанні ваенна-тэхнічнай дапамогі СССР. Саюзнікі абавязваліся пачынаючы з 1 кастрычніка штомесяц пастаўляць у СССР 400 самалётаў, 500 танкаў і інш. зброю. СССР узамен пастаўляў стратэгічную сыравіну. Такім чынам, на СССР распаўсюджваўся закон аб ленд-лізе (англ. lend-lease – даваць узаймы, здаваць у арэнду) – праграма перадачы ўрадам ЗША у форме заёму ці арэнды ваеннай тэхнікі, зброі, амуніцыі, стратэгічнай сыравіны, харчавання, розных тавараў і паслуг краінам-саюзнікам па антыгітлераўскай кааліцыі.

Значнай падзеяй, якая вымусіла ЗША ўступіць у вайну супраць фашысцкага блока з’явілася нападзенне 7 снежня
1941 г
. японскіх войск па амерыканскай ваенна-марской базе Пёрл-Харбор на Гавайскіх астравах. 8 снежня Англія таксама аб’явіла вайну Японіі. 11 снежня Германія і Італія аб’явілі вайну ЗША. Зона вайны пашырылася на Ціхі акіян.

1 студзеня 1942 г. прадстаўнікі 26 дзяржаў, у тым ліку ЗША, СССР, Англіі, Кітая, падпісалі ў Вашынгтоне дэкларацыю аб сумеснай барацьбе супраць агрэсара. Гэтыя краіны сталі называцца «Аб’яднанымі нацыямі».

З першых кантактаў паміж урадамі СССР і саюзнікаў Сталін ставіў пытанне аб адкрыцці другога фронту ў Паўночнай Францыі, тым больш што абставіны спрыялі гэтай аперацыі. Начальнік штаба арміі ЗША Дж.Маршалл да пачатку 1942 г. распрацаваў адпаведны план, але ён быў адхілены Ф.Рузвельтам, які больш клапаціўся пра ваенныя дзеянні супраць Японіі на Ціхім акіяне. У.Чэрчыль матываваў сваю адмову тэхнічнымі цяжкасцямі правядзення маштабнай дэсантнай аперацыі. Аперацыя магла быць падрыхтавана не раней лета 1943 г. Рэальныя мэты ўрадаў ЗША і Англіі былі відавочныя – знясіліць у ўзаемнай вайне дзвюх гігантаў – СССР і Германію і пасля хуткай і лёгкай перамогі дыктаваць сваю волю на міжнароднай арэне.

Шмат перашкод у складванні кааліцыі стварыла пытанне аб межах. СССР настойваў прызнання сваіх межаў на 22 чэрвеня 1941 г., з чым не згаджаўся ўрад Англіі. Таму пры падпісанні савецка-англійскага дагавора аб саюзе і пасляваенным супрацоўніцтве гэтае пытанне не згадвалася. Праз два тыдні было падпісана савецка-амерыканскае пагадненне «Аб прынцыпах, якія выкарыстоўваюцца ва ўзаемнай дапамозе ў вядзенні вайны супраць агрэсіі». Такім чынам, былі замацаваныя прынцыпы арганізацыі антыгітлераўскай кааліцыі. Краіны «Траістага пакту» сутыкнуліся з перспектывай паражэння супраць саюзу краін, які валодаў значна мацнейшым ваенным і эканамічным патэнцыялам.

Вынікі: Вайна паказала ўсе хібы камандна-адміністратыўнай сістэмы, якая склалася ў СССР, але менавіта вайна падкрэсліла і станоўчыя бакі гэтай сістэмы. Была праведзена эвакуацыя асноўных магутнасцяў ВПК, хутка праведзена мабілізацыя ваенных і працоўных рэсурсаў. Краіна была перабудаваная на жыццё ва ўмовах татальнай вайны. Тым не менш, катастрофа 1941 г., велізарныя страты Чырвонай Арміі ляжаць на сумленні кіраўнікоў краіны і арміі – І.Сталіна, К.Варашылава, Л.Берыя, П.Молатава і інш. Першыя перамогі былі атрыманы хутчэй насуперак дзейнасці гэтых асобаў – гэта быў подзвіг народа, яго асабістая ахвяра, пакладзеная на алтар барацьбы з нацызмам.

Кантрольныя пытанні да тэмы №5

  1.  Як кіраўніцтва Германіі абгрунтавала свой напад на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 г.?
  2.  Якую стратэгію вайны супраць СССР выбрала камандаванне вермахта? Дзе рыхтаваўся галоўны ўдар германскай арміі?
  3.  Як складваліся ваенныя мерапрыемствы па абароне сталіцы БССР – горада Мінска?
  4.  Як адбывалася эвакуацыя матэрыяльных і культурных каштоўнасцяў з тэрыторыі БССР? Якія рэгіёны СССР прымалі прадпрыемствы з БССР?
  5.  Якімі паўнамоцтвамі валодаў Дзяржаўны Камітэт Абароны?
  6.  Якую ролю адыгрывалі дывізіі народнага апалчэння ў першы этап вайны?
  7.  Што вы можаце сказаць пра баі на тэрыторыі ўсходняй Беларусі?
  8.  Якія прычыны паражэнняў Чырвонай Арміі метам
    1941 г. Вы можаце пералічыць?
  9.  Якія вынікі мела перамога Чырвонай арміі ў бітве пад Масквой?
  10.  Як складвалася антыгітлераўская кааліцыя ў 1941-
    1942 гг.? Якія інтарэсы мелі яе галоўныя ўдзельнікі?


ТЭМА 6. АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ

Лекцыя 7. Акупацыйны рэжым

Асноўныя паняцці:

буферныя дзяржавы; план «Ост»; Міністэрства акупіраваных усходніх тэрыторый; Інструкцыі аб асобных абласцях да дырэктывы №21; «Ольдэнбург»; «Зялёная папка»; ваеннае праўленне; палявыя камендатуры; гаспадарчыя службы; дапаможны адміністрацыйна-паліцэйскі апарат; Генеральная акруга «Беларусь»; Генеральная акруга «Літва»; генеральны камісарыят; галоўныя камісарыяты; акруговыя камісарыяты; бургамістры; біржы працы; зямельная рэформа; абшчынныя гаспадаркі; дзяржаўныя маёнткі; палітыка генацыду; ахоўныя дывізіі; паліцэйскі апарат; Літоўскі батальён; сістэма лагераў і турмаў; гета; калабарацыяністы; Беларуская народная самапомач; Беларускі корпус самааховы; Саюз беларускай моладзі; Беларуская цэнтральная рада; Беларуская краёвая абарона.

Планы нямецкіх захопнікаў па выкарыстоўванню акупіраваных тэрыторый

Праекты новага палітычнага рэжыму на Усходзе ў Берліне розныя нацысцкія ўстановы распрацоўвалі ўжо з красавіка 1941 г., але яны ўсе мелі характар праектаў, бо не былі зацверджаны Гітлерам. Асноўная схема, якую прапаноўвалі Гітлеру была наступная: «буферныя дзяржавы без сваёй інтэлігенцыі». Але Гітлер і некаторыя яго паплечнікі схіляліся да іншай думкі аб будучым акупіраваных тэрыторый – летам 1941 г. галоўны нацыст адмовіўся ад пераўтварэння ўсходніх абшараў у васальныя тэрыторыі і вырашыў цалкам іх каланізаваць. Аднак планы гэтыя знаходзіліся ў прамой залежнасці ад падзей на фронце і па сведчанню генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубе, ён нават летам 1943 г. не ведаў, які лёс прызначаны быў зямлі, якой ён кіраваў.

За падставу ў гаспадаранні на ўсходніх землях быў узяты адзін з праектаў выкарыстання захопленых тэрыторый. У адпаведнасці са спецыяльным планам «Ост» прадугледжвалася пасля перамогі над СССР высяленне 2/3 насельніцтва за Урал на працягу 30 гадоў (у тым ліку, 75% з Беларусі), 10-15% падлягалі анямечанню, частка насельніцтва падлягала вынішчэнню (галоўным чынам яўрэі і камуністы). Пакінутаму мясцоваму насельніцтву адводзілася адзіная роля – быць таннай рабочай сілай. Для рэалізацыі плана 17 ліпеня 1941 г. было створана асобнае Міністэрства акупіраваных усходніх тэрыторый (Reichsministerium fűr die besetzten Ostgebiete) на чале з А.Розенбергам. Практычныя мерапрыемствы па ўсталяванню «новага парадку» былі выкладзены ў «Інструкцыі аб асобных абласцях» да дырэктывы №21 (план «Барбароса»), выдадзенай 13 сакавіка 1941 г., і шэрагу іншых дакументаў, якія сведчаць аб тым, што немцы старанна і загадзя рыхтаваліся да ажыццяўлення рабавання захопленых тэрыторый.

На нарадзе вышэйшых службовых асоб 16 ліпеня 1941 г. Гітлер заявіў, што савецкія тэрыторыі павінны быць навечна далучаны да Рэйху. Была выпрацавана праграма каланізацыі ўсходніх тэрыторый, якая прадугледжвала мерапрыемствы па панаванню акупантаў, кіраванню тэрыторыяй і эксплуатацыі яе рэсурсаў – «...как сподручнее разделить гигантский пирог, чтобы мы во-первых, господствовали, во-вторых, управляли, в-третьих, могли эксплуатировать». Што цікава – непасрэдна ў склад Рэйху павінны былі ўвайсці Прыбалтыка і Крым.

Асноўнай часткай планаў з’яўлялася гаспадарчае выкарыстанне СССР у інтарэсах эканомікі Германіі. За выкананне гэтых задач адказвала спецыяльная арганізацыя пад кодавай назвай «Ольдэнбург», якая з пачаткам вайны дзейнічала як эканамічны штаб «Ост». Галоўныя мэты і задачы германскай эканамічнай палітыкі ў СССР былі адлюстраваны ў спецыяльных дырэктывах ці ў так званай «Зялёнай папцы». За тыдзень да пачатку вайны з СССР у ваенна-эканамічным ведамстве рэйхсмаршала Г.Герынга былі выдадзены «Дырэктывы па вядзенні гаспадаркі на новазанятых усходніх тэрыторыях». З іх вынікала, што выключнае значэнне для далейшага вядзення вайны будзе мець неадкладная і поўная эксплуатацыя захопленых абласцей у інтарэсах ваеннай эканомікі Германіі, у асаблівасці ў вобласці харчавання і нафтавай галіны.

Складванне сістэмы кіравання акупіраванымі тэрыторыямі

Непасрэдна пад час таго, як вермахт акупіраваў тэрыторыю Беларусі, уводзілася ваеннае праўленне. Праз некаторы час, пасля аддалення фронту, улада павінна была быць перададзена цывільным органам улады. Адміністрацыйныя задачы арміі – гэта падтрыманне парадку і бяспекі дзеля гаспадарчага выкарыстання рэгіёну франтавымі і акупацыйнымі атрадамі. Кіраваў ваеннай адміністрацыяй камандуючы тылам групы армій «Цэнтр» генерал Макс фон Шэнкендорф. Пры яго штабе дзейнічаў галоўны камандзір СС і паліцыі Эрых фон Бах, які падпарадкоўваўся Гімлеру. Яму падначальваліся айнзацгрупы, галоўнай мэтай якіх былі вынішчэнне яўрэйскага насельніцтва, савецкіх і партыйных функцыянераў, а так сама ваеннапалонных.

Камандуючаму тылам Шэнкендорфу падпарадкоўвалася сетка тэрытарыяльных палявых камендатур, а ім – шматлікія мясцовыя камендатуры, якія ствараліся амаль ва ўсіх гарадах і райцэнтрах. Пры камендатурах дзейнічалі гаспадарчыя службы. Яны займаліся хаатычнымі рэквізіцыямі харчовых тавараў для вермахту, займаліся рабаўніцтвам культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Але гэты ваенна-паліцыйскі нямецкі апарат не мог сам справіцца з усімі задачамі – таму пачынае стварацца дапаможны адміністрацыйна-паліцэйскі апарат з мясцовага насельніцтва. Так распачалася на Беларусі калабарацыя. Але найбольшую актыўнасць у стварэнні гэтых устаноў, асабліва на заходніх землях, праявілі польскія дзеячы, якія такім чынам імкнуліся ўзяць рэванш за 1939 г. Пад аховай нямецкай жандармерыі ў вёскі вярталіся былыя польскія землеўладальнікі, і там пачалі адбывацца скандальныя сцэны гвалту. У ваколіцах Ліды нават былі забітыя сярод беларускіх сялян.

17 ліпеня шэфам цывільнай нямецкай акупацыйнай улады на Беларусі быў прызначаны вядомы дзеяч нацыскай партыі Вільгельм Кубэ. Але рэальна ўлада цывільнаму апарату В.Кубэ была перададзена толькі 1 верасня 1941 г. і толькі на частцы тэрыторыі Беларусі.

Нямецкія ўлады ўвялі свой адміністрацыйны падзел Беларусі. Яна была аб’яўлена Генеральнай акругай у складзе рэйхскамісарыята «Остланд», але па меркаванню А.Розенберга – гэта была часовая з’ява. Кіраўнік «Остланду» Лёзэ так сама ацаніў гэта аб’яднанне як «вельмі шкоднае». Але гэта было толькі пачаткам. Не вызначаным канчаткова летам-восенню 1941 г. было пытанне аб межах Беларусі.

Беластоцкую вобласць Гітлер далучыў 12-22 ліпеня 1941 г. да Усходняй Прусіі. На гэтай тэрыторыі дзейнічалі нормы нямецкага права. Паўднёвыя раёны Брэсцкай, Гомельскай, Палескай і Пінскай абласцей былі далучаны да рэйхскамісарыята «Украіна». Туды ж адышлі гарады Брэст, Пінск, Мазыр, а таксама ўсе раёны, што знаходзіліся на поўдзень ад чыгункі Брэст-Гомель. Усё справаводства на гэтых тэрыторыях вялося на ўкраінскай і нямецкай мовах. Частка Вілейскай вобласці далучалася да Генеральнай акругі «Літва». Гэтыя страты Міністэрства А.Розенберга планавала кампенсаваць за кошт далучэння ў будучым тэрыторый на ўсходзе – Смаленскай і інш. абласцей. Але нават і гэтыя памеры Генеральнай акругі былі абмежаваныя – на тэрыторыі Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей і ўсходніх раёнаў Мінскай акупанты ўтварылі так званую вобласць армейскага тылу групы армій «Цэнтр», якая падпарадкоўвалася нямецкай ваеннай адміністрацыі.

Такім чынам, пад уладай генеральнага камісара В.Кубэ апынулася толькі Баранавіцкая, значная частка Вілейскай, заходнія і паўночныя раёны Мінскай вобласці, а таксама паўночныя раёны Пінскай вобласці (усяго 68 раёнаў з 192, што былі ў складзе БССР перад пачаткам вайны) – гэта не больш трэці даваеннай тэрыторыі Беларусі. Паводле звестак акупацыйных уладаў на 4 снежня 1941 г. тут пражывала 3 млн. 138 тыс. чалавек.

На працягу верасня 1941 г. на гэтай тэрыторыі быў створаны апарат акупацыйнай цывільнай улады, які замяніў вайсковае кіраўніцтва. Цывільнае кіраўніцтва мела тры ступені – найвышэйшай інстанцыяй быў генеральны камісарыят у Мінску, сярэдняя ступень – гэта галоўныя камісарыяты ў Мінску і Баранавічах, але яны не мелі вялікай ролі і ў сакавіку 1943 г. былі ліквідаваныя. Ніжэйшую прыступку займалі акруговыя камісарыяты (гебітскамісарыяты), усяго іх было
10 – Баранавіцкі, Барысаўскі, Вілейскі, Ганцавіцкі («Прыпяць»), Глыбоцкі, Лідскі, Мінскі, Навагрудскі, Слонімскі і Слуцкі. Горад Мінск знаходзіўся ў час нямецкай акупацыі на палажэнні
асобнага камісарыята і падпарадкоўваўся толькі генеральнаму камісарыяту Беларусі. Апарат генеральнага і акружных камісарыятаў камплектаваўся выключна нямецкімі служачымі.

Разам з органамі нямецкага кіравання ў акругах ствараліся ўправы, у якіх працавалі прадстаўнікі мясцовай калабарацыі. Звычайна аддзелы ўправы дубліравалі назвы і функцыі нямецкіх аддзелаў акруговых камісарыятаў. Напрыклад, у складзе Мінскай гарадской управы былі створаны аддзелы прамысловасці, гаспадаркі, працы і аховы здароўя. Аднак, без санкцыі нямецкіх акупацыйных уладаў адміністрацыя ўправы не магла вырашаць нават самыя звычайныя пытанні гаспадарчага і грамадскага жыцця ў гарадах і іншых населеных пунктах адміністрацыйных акруг.

Адміністрацыя ў раёнах стваралася з ліку мясцовых калабарацыяністаў. На чале ўсёй раённай адміністрацыі стаяў бургамістр. Звычайна бургамістры прызначаліся з ліку беларускіх эмігрантаў.

На тэрыторыі сельсаветаў акупанты стварылі воласці, якія ўзначальвалі прызначаныя імі бургамістры. У вёсках акупацыйную ўладу прадстаўлялі старасты. Уся вертыкаль створанай сістэмы ўлады кантралявалася нямецкімі чыноўнікамі.

Трэба адзначыць, што генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ не валодаў паўнатой улады ў сваім рэгіёне. І гэта значна ўскладніла яго становішча. Так, усе паліцэйскія органы і ўстановы СС знаходзіліся ў выключным падпарадкаванні рэйхсфюрэра Гімлера; усе інстанцыі (зондэрфюрэры, ландвіртшафтсфюрэры), адказныя за эксплуатацыю акупіраваных усходніх абшараў рэальна былі пад непасрэдным кіраўніцтвам ведамства Герынга; самастойна дзейнічалі прадстаўнікі прапагандысцкага ведамства Геббельса; не падпарадкоўваліся генеральнаму камісарыяту пошта і чыгункі, а так сама ваенныя камендатуры. Гэтая сістэма паралельных органаў улады дзейнічала нескаардынавана, неэфектыўна, варожасць паміж кіраўнікамі ведамстваў адбівалася на дзейнасці мясцовых устаноў, і найбольш цярпела ад гэтага мірнае беларускае насельніцтва. Германскае кіраўніцтва спадзявалася на хуткую перамогу – таму вырашаць праблемы ў сістэме кіравання не спяшаліся.

Гаспадарчае рабаванне Беларусі

В.Кубэ атрымаў прызначэнне на Беларусь разам з наступнай дырэктывай: «прыстасаванне і выкарыстанне тэрыторыі для германскай ваеннай гаспадаркі», але дырэктыва не мела падрабязных інструкцый. Па сутнасці, прынцып быў адзін – усё, што будзе зроблена для Германіі – добра, астатняе – фальш.

Каб паставіць на службу Рэйху эканоміку Беларусі, акупанты ўжо на працягу ліпеня 1941 г. правялі рэгістрацыю на біржах працы працаздольнага насельніцтва ў гарадах. Усе прадпрыемствы і ўстановы Беларусі былі ўзяты на ўлік, была праведзена іх дэталёвая інвентарызацыя. Напрыклад, у Мінску гэта акцыя была завершана да 20 ліпеня 1941 г. У выніку праведзеных акупантамі мерапрыемстваў ужо 1 снежня 1941 г. у Мінску працавала 73 прадпрыемствы, у снежні 1942 г. – 117, а ў красавіку 1943 г. – 150 прадпрыемстваў. Сярод іх было
20 прадпрыемстваў металургічнага профілю, 14 тэкстыльных,
21 транспартнае, 7 хімічнай і будаўнічай вытворчасці,
6 дрэваапрацоўчых, 3 электрастанцыі і г.д. Рабочыя і служачыя падвяргаліся жорсткай эксплуатацыі. Працоўны дзень у сярэднім складаў 12 гадзін у суткі.

Трэба адзначыць, што разам з камандна-адміністрацыйнымі метадамі акупанты выкарыстоўвалі і эканамічныя метады кіравання гаспадаркай. На 1 ліпеня 1942 г. на тэрыторыі генеральнай акругі «Беларусь» працавала 33 банкі, а ў 1943 г. іх было ўжо каля 100. Абапіраючыся на завышаны курс маркі, банкі выкачвалі грошы з рэгіёну і такім чынам фінансавалі вайну. Акрамя збору грашовых лішкаў банкі праводзілі крэдытаванне гаспадаркі, узаемаразлікі паміж прадпрыемствамі розных рэгіёнаў Беларусі, праводзілі аперацыі з каштоўнымі паперамі.

У аграрнай палітыцы акупантаў вылучаюць тры асноўныя этапы. Першы праводзіўся з лета 1941 г. да пачатку вясны 1942 г. У гэты перыяд захавалася калгасная сістэма пад відам «абшчынных гаспадарак» і «дзяржаўных маёнткаў» (саўгасы). Пакінуты пасады старшынь, брыгадзіраў, афіцыйна не распускаліся праўленні, рэвізійныя камісіі і г.д. Але інвентар і жывёла былі абвешчаны ўласнасцю германскай дзяржавы. У Заходняй Беларусі, дзе не паспелі правесці калектывізацыю, адбыўся зварот да індывідуальнай гаспадаркі. Вярталіся маёнткі былым уладарам – панам, асаднікам, заможным сялянам. Яны лічыліся адміністратарамі, кіраўнікамі былых сваіх маёнткаў, але права маёмасці на зямлю і інвентар не мелі. Там жа ствараліся дзяржаўныя маёнткі для будучых нямецкіх каланістаў.

Другі этап (вясна 1942 г. па лета 1943 г.) пачаўся з прыняцця закону «Аб новым парадку землекарыстання» ў лютым 1942 г., які адмяняў калгасную сістэму і дэклараваў магчымасць трох пераходных формаў землекарыстання: абшчыннай гаспадаркі (замест калгасаў), земляробчых таварыстваў (кааператывы) і індывідуальнай сялянскай гаспадаркі. Гэта было вынікам правалу аграрнай палітыкі, заснаванай на захаванні калгасаў і неабходнасцю атрымаць падтрымку сялян – бо пачынаўся масавы партызанскі рух. Так сама неабходна было забяспечыць патрэбы Германіі ў прадуктах харчавання.

У заходніх абласцях рэспублікі ўзаконьваліся аднаасобныя гаспадаркі, права маёмасці распаўсюджвалася толькі на прысядзібныя ўчасткі. На калгасных землях ствараліся аб-
шчынныя гаспадаркі. Сельскагаспадарчыя работы там вяліся супольна, а ўборка ўраджаю асобна кожным дваром на надзеле (6-7 га на двор). Устанаўлівалася калектыўная адказнасць за здачу натуральнага падатку, выкананне распараджэнняў аку-
пантаў. Абавязковыя пастаўкі, якія дасягалі памераў паловы ўраджаю дапаўняліся аперацыямі па канфіскацыі сельскагас-
падарчай прадукцыі. Таму для сялян палёгкі гэтае «рэфарма-
ванне» не прынесла.

Трэці этап (лета 1943 г. па лета 1944 г.) пачаўся з прычыны паражэння пад Сталінградам, пагаршэнне становішча ў сельскай гаспадарцы і росту партызанскага руху.

3 чэрвеня 1943 г. была абвешчана «Дэкларацыя аб сялянскім праве ўласнасці», якая ўстанаўлівала для сялян замест «права ўладання» права прыватнай ўласнасці на зямлю. У першую чаргу зямлю атрымлівалі сяляне, якія супрацоўнічалі з акупацыйнымі ўладамі. Але з верасня 1943 г. пачалося вызваленне Беларусі і палажэнні «Дэкларацыі» сталі неактуальныя.

Значныя страты ў вайне супраць СССР патрабавалі ад Германіі вялікіх падмацаванняў для дзеючай арміі. Кіраўніцтва Рэйху выкарыстоўвала працоўныя рэсурсы акупіраваных тэрыторый, у тым ліку і Беларусі, у якасці рабочай сілы для прамысловасці і сельскай гаспадаркі Германіі. Працэс гэты пачаўся з канца 1941 г., але буйныя памеры набыў на пачатку 1943 г. Дастаткова адзначыць, што толькі гаспадарчая інспекцыя групы армій «Цэнтр» і генеральнай акругі «Беларусь» штодзённа накіроўвалі на працу ў Рэйх 500-1000 рабочых. Усяго за гады вайны нямецкія акупацыйныя ўлады накіравалі на работы ў Германію звыш 400 тыс. жыхароў Беларусі, з якіх прымусовым шляхам былі накіраваны каля 380 тыс. чалавек.

У адносінах да мясцовага насельніцтва нямецкія ўлады з першых дзён свайго гаспадарання распачалі палітыку генацыду. Праграма каланізацыі акупіраваных усходне-славянскіх тэрыторый прадугледжвала прымусовае высяленне, якое было заменена пасля паражэння пад Масквой і Сталінградам на знішчэнне 75% насельніцтва Беларусі і засяленне «вызваленых» зямель нямецкімі каланістамі.

Яшчэ ў маі 1940 г. Г.Гімлер паведамляў, што важнейшай справай усходняй палітыкі з’яўляецца ачышчэнне далучаных да Рэйху тэрыторый на Усходзе ад асоб «чужой расы». Ён жа патрабаваў не лічыцца з абставінамі, выкарыстоўваючы сілу, ісці напралом пры ажыццяўленні каланізацыі і вынішчэнні славянскіх народаў. А ў «Загадзе аб выкарыстанні ваеннай юрысдыкцыі ў раёне «Барбароса» і аб асобных мерапрыемствах у войсках ад
13 мая 1941 г.» паведамлялася: «За дзеянні, учыненыя супраць варожых грамадзянскіх асоб, не існуе ніякага прымусовага праследавання нават у тым выпадку, калі дзеянні з’яўляюцца адначасова ваенным злачынствам або правапарушэннем».

Практычнаму ажыццяўленню злачынных задум нямецкага фашызму супраць славянскіх народаў спрыяла бесперапынная ідэалагічная апрацоўка салдат вермахта і войскаў СС. Магутны апарат нацысцкай прапаганды на працягу некалькіх гадоў метадычна атручваў свядомасць грамадзян Рэйху ідэямі ваеннай агрэсіі і расавай перавагі. За 1941 г. нямецкія акупанты знішчылі на беларускай зямлі каля 100 тыс. мірных жыхароў, спалілі 120 вёсак разам з 3945 іх жыхарамі. Для падтрымання парадку на тэрыторыі Беларусі былі размешчаны 5 ахоўных дывізій і створаны паліцэйскі апарат. Акрамя таго, дзейнічалі аператыўныя групы рэйхсфюрэра СС Гімлера, якія распачалі масавы тэрор супраць насельніцтва. Агульная колькасць ваенна-паліцэскіх сіл на Беларусі дасягала 160 тыс. чалавек. Летам-восенню 1941 года на Беларусь былі ўведзены ўкраінскія і літоўскія прафашысцкія ваенныя фарміраванні, якія адрозніваліся асаблівай жорсткасцю нават у параўнанні з нямецкімі вайскоўцамі. Літоўскі батальён толькі з 5 кастрычніка па
7 лістапада 1941 года знішчыў 43 тысячы мірных беларусаў.

У 1942 г. забойствы і катаванні мірнага насельніцтва Беларусі набылі сістэмны характар. За акрэслены перыяд акупанты спалілі 772 вёскі, разам з 46992 жыхарамі. Акупанты стварылі сістэму лагераў і турмаў для розных катэгорый зняволеных. Ваеннапалонныя ўтрымліваліся ў дулагах, шталагах, афлагах, цывільныя асобы ў працоўных лагерах СД, перасыльных лагерах СС, штрафных лагерах, гета. На Беларусі было ўтворана каля 260 лагераў, буйнейшым быў Трасцянецкі пад Мінскам, дзе нацысты знішчылі 206500 чалавек. Для яўрэйскага насельніцтва былі створаны гета. Яны сталі месцам масавай бойні, дзе загінулі сотні тысяч яўрэяў.

З набліжэннем лініі фронту да Беларусі акупанты ўзмацнілі расправу над насельніцтвам, вывозілі ў Рэйх тэхналагічнае абсталяванне і сыравіну. 7 верасня 1943 г. нямецкая армія атрымала загад ператварыць тэрыторыю, якую яна пакідае, у «зону пустыні». У загадзе, у прыватнасці, гаварылася: «Усе без выключэння дамы неабходна паліць, печы ў дамах падрываць з дапамогай ручных гранат. Калодзежы прыводзіць у непрыгоднасць шляхам знішчэння пад’ёмных прыстасаванняў, а таксама кідаючы ў іх нечыстоты. Стагі саломы і сена, а заадно ўсялякага роду запасы паліць, сельскагаспадарчыя машыны і тэлеграфныя слупы падрываць, паромы, лодкі тапіць». Адступаючы, нямецкія войскі з педантычнасцю выконвалі гэты загад. I, як вынік, у 1943 г. акупанты спалілі 2653 вёскі разам з 84188 жыхарамі. Асабліва цярпелі ад ворага прыфрантавыя раёны. За перыяд нямецкага генацыду на Беларусі гарадское насельніцтва рэспублікі страціла звыш 1063 тыс. жыхароў, беларуская вёска – 445594 мірных жыхароў, 155594 з якіх згарэлі разам з 5454 вёскамі. На беларускай зямлі нямецкія акупанты закатавалі звыш 810 тыс. савецкіх ваеннапалонных.

Асабліва ўзмацніліся рэпрэсіўныя мерапрыемствы супраць мірнага насельніцтва ў зоне кіравання ваенных і ў Генеральным камісарыяце восенню 1943 г. пасля забойства В.Кубэ. Адміністрацыю камісарыята ўзначаліў генерал СС Готберг, які перанёс метады дзейнасці сваёй установы ў сцены грамадзянскай адміністрацыі.

Калабарацыя на Беларусі

Калабарацыяністы (ад франц. соllaboration-супрацоўніцтва.) – асобы, якія супрацоўнічалі з акупацыйнымі ўладамі. Нездарма гэта слова мае французскае паходжанне. Менавіта ўрад Францыі, які ўзначаліў маршал А.Петэн, абвясціў калабарацыю галоўным прынцыпам адносін з германскім нацысцкім урадам пасля параджэння ў 1940 г.

У заходнееўрапейскіх краінах дзейнасць калабарацыяністаў трактуецца як палітычнае, ідэалагічнае і ваеннае супрацоўніцтва з акупантамі. Да апошняга часу ў нас калабарацыя ацэньвалася як здрада радзіме. Да калабарацыяністаў адносяць супрацоўнікаў інстытутаў мясцовага самакіравання і паліцыі, у іх ліку Беларускай народнай самапомачы (БНС), Беларускага корпуса самааховы (БКС), Саюза беларускай моладзі (СБМ), Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) і Беларускай краёвай абароны (БКА). Па розных звестках, калабарацыянісцкі рух на Беларусі налічваў каля 100 тыс. чалавек, значная колькасць з якіх была вымушана далучыцца да яго акупантамі і іх памагатымі шляхам прымусу.

Калабарацыя на Беларусі была вынікам пэўных патрэб з боку акупацыйных уладаў – як ваенных, так і цывільных, у стварэнні дадатковых апаратаў кіравання. Гэты дапаможны апарат пачаў стварацца яшчэ летам 1941 г. Вялікія надзей на пераўтварэнне гэтага апарату ў самастойныя нацыянальныя ўрады мелі як польскія нацыянальныя дзеячы, так і нешматлікія беларускія нацыяналісты, якія актыўна пайшлі на супрацоўніцтва з нацыстамі яшчэ да лета 1941 г.

Акрамя ўтылітарных патрэб ад калабарантаў, акупацыйныя ўлады мелі яшчэ і пэўныя ідэалагічныя мэты. Галоўная сярод
іх – гэта пашырэнне антырускіх настрояў праз падтрымку нацыянальных рухаў на Украіне, Беларусі і ў Прыбалтыцы. Менавіта з гэтай нагоды перыядычна з’яўляліся праекты і ідэі аб стварэнні на акупіраванай тэрыторыі нацыянальных «дзяржаў».


Трэба адзначыць, што нават
ідэйныя беларускія калабаранты, якія паставілі на «германскую карту», не былі адзіным лагерам. Яны падзяляліся на некалькі груповак, варожа адна да другой настроеных, якія да таго абапіраліся на розныя германскія ведамствы. Так, можна вылучыць групоўкі Р.Астроўскага, ксяндза В.Гадлеўскага, І.Ермачэнкі, Ф.Акінчыца, В.Іваноўскага і ішн.

Спачатку найбольш актыўна развярнулася супрацоўніцтва паміж Кубэ і Астроўскім, якому было даручана кіраванне неафіцыйным Паралельным Бюро (Нэбэнбюро), якое дубліравала дзейнасць галоўнага камісарыяту. Але хутка гэта супрацоўніцтва прыпынілася з прычыны прыезду ў Мінск Ермачэнкі, які прэтэндаваў на ролю адзінага лідэра беларусаў. Ён абвінаваціў Астроўскага ў супрацоўніцтве з камуністамі, і той павінен быў выехаць у Смаленск, дзе знайшоў падтрымку ваенных уладаў.

Беларуская народная самапомач была створана
22 кастрычніка 1941 г., кіраўніком яе загадам А.Розэнберга быў прызначаны Ермачэнка. Ствараючы БНС, нямецкія акупацыйныя ўлады хацелі паказаць пэўным колам мясцовага насельніцтва, што на Беларусі пачалося будаўніцтва нацыянальнага інстытута самакіравання.

Кіруючым органам Беларускай народнай самапомачы з’яўлялася Цэнтральная рада (Цэнтраль), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Склад Цэнтральнай рады БНС зацвярджаў В.Кубэ. Акруговыя і раённыя праўленні, а таксама старшыні валасных аддзелаў прызначаліся адпаведнымі кіраўнікамі мясцовай нямецкай адміністрацыі.

Практычна БНС займалася вырашэннем толькі сацыяльных пытанняў: зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання і вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Напачатку такая дзейнасць БНС у пэўнай ступені адпавядала інтарэсам германскіх акупацыйных уладаў. Але паступова Беларуская народная самапомач ператварылася ў палітычны рух і пачала злучацца з органамі адміністрацыі.

У сакавіку 1943 г. на з’ездзе Цэнтральнай рады і акруговых кіраўнікоў БНС быў выпрацаваны мемарандум, які патрабаваў ад нямецкіх уладаў аўтаноміі Беларусі і стварэння беларускага ўрада і беларускага войска. Падкрэслівалася, што «урад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну, як ворагу беларускага народа». Падобныя дзеянні кіраўніцтва БНС не спадабаліся перш за ўсё кіраўніцтву СС на Беларусі. У выніку кіраўнік БНС I.Ермачэнка быў зняты з пасады і высланы з Беларусі. Яго месца заняў В.Іваноўскі. Паводле распараджэння германскіх уладаў ад 18 сакавіка 1943 г., дзейнасць БНС у далейшым абмяжоўвалася толькі аховай здароўя і матэрыяльнай дапамогай насельніцтву. У чэрвені 1943 г. Беларуская народная самапомач была рэарганізавана ў Беларускую самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, вярбоўкай новых членаў.

Асаблівая ўвага з боку вермахта і кіруючых колаў калабарацыі надавалася стварэнню Беларускага корпуса самааховы (БКС), які пачаў фарміравацца па ініцыятыве генеральнага камісара Беларусі В.Кубэ летам 1942 г., як вайсковая структура беларускіх калабарацыяністаў. Практычная работа па арганізацыі БКС даручалася вайсковай камісіі, якая была ўтворана загадам I.Ермачэнкі. Адпаведныя камісіі былі арганізаваны і ў акругах генеральнага камісарыята «Беларусь».

Планавалася стварыць у кожным раёне адзінкі БКС ад роты да батальёна, усяго 3 дывізіі. I.Ермачэнка, які быў прызначаны камандуючым БКС, і яго паплечнікі разгарнулі актыўную дзейнасць. Былі арганізаваны курсы па падрыхтоўцы афіцэраў-беларусаў, праводзілася шырокая прапагандысцкая кампанія. Але германскія акупацыйныя ўлады так і не ўбачылі ў БКС нейкай баяздольнай узброенай сілы для барацьбы супраць партызан і Чырвонай Арміі. Створаныя фарміраванні самааховы не былі ўзброены немцамі належным чынам. Усяго з чэрвеня 1942 па красавік 1943 гг. было створана 20 батальёнаў самааховы. Але з прычыны слабага ўзбраення і актыўнай прапагандысцкай дзейнасці партызан атрады БКС былі небаяздольнымі і лёгка разганяліся партызанамі.

Восенню 1942 г. цікавасць немцаў да БКС пачала слабець. Замест гэтага яны вырашылі стварыць беларускія паліцэйскія батальёны на чале са сваім, нямецкім, камандным складам. Вясной 1943 г. германскія ўлады расфарміравалі атрады БКС.

Актыўную пазіцыю займалі кіруючыя колы калабарацыі ў справе ажыццяўлення прагерманскай маладзёжнай палітыкі. Актыўную працу сярод моладзі праводзіў Ф.Акінчыц, які стварыў у Берліне Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю. Ён працаваў у аддзеле прапаганды міністэрства Розэнберга і наездамі бываў на Беларусі. Але яго спроба стварыць аддзелы партыі на Беларусі сутыкнулася з цвёрдай забаронай акупантаў на ўсялякую дзейнасць палітычных арганізацый. Таму Акінчыц узяў накірунак на стварэнне маладзёжнай арганізацыі.

22 чэрвеня 1943 г. у Мінскім гарадскім тэатры адбылося ўрачыстае пасяджэнне, на якім было аб’яўлена аб стварэнні Саюза беларускай моладзі. На ім прысутнічалі В.Кубэ і іншыя вышэйшыя кіраўнікі нямецкай акупацыйнай адміністрацыі. На гэтым пасяджэнні былі прыняты статут і праграма СБМ, зацверджаныя пасля генеральным камісарам Беларусі.

Вышэйшым кіруючым органам СБМ з’яўляўся Цэнтральны штаб на чале з М.Ганько і Н.Абрамавай, які знаходзіўся да ліпеня 1944 г. у Мінску, а потым перабраўся ў Берлін. Пры штабе было
4 аддзелы, у тым ліку і
«Працоўная група» па вярбоўцы і адпраўцы моладзі на работу ў Германію. На месцах былі створаны акруговыя і раённыя штабы СБМ.

Дзейнасць гэтай маладзёжнай арганізацыі вызначалі нямецкія акупацыйныя ўлады: выхаванне праваднікоў германскай палітыкі, падрыхтоўка беларускай моладзі для працы на ваенных заводах Германіі, служба ў ваенна-дапаможных часцях вермахта. Члены арганізацыі насілі спецыяльную форму, мелі свой друкаваны часопіс «Жыве Беларусь» і інш. Саюз беларускай моладзі знаходзіўся пад кантролем аддзела моладзі Генеральнага камісарыята «Беларусь».

СБМ налічваў у 1944 г. 12635 чалавек, з якіх, па розных звестках, ад 3,5 да 5 тыс. былі накіраваны на работу і вучобу ў Германію.

27 ліпеня 1943 г. В.Кубэ са згоды міністра Розэнберга дае дазвол на стварэнне Камітэту ці Рады Даверу. У склад яе ўвайшлі па аднаму з назначаных акруговымі камісарамі прадстаўнікоў акруг, а таксама шэсць чалавек ад цэнтра: В.Іваноўскі – мінскі бургамістр, Ю.Сабалеўскі – ад «Беларускай самапомачы», К.Рабушка – ад «прафсаюзаў», М.Ганько, Н.Абрамава – ад «Саюза беларускай моладзі». Рада не мела самастойнага статусу, з’яўлялася састаўной часткай генеральнага камісарыяту. Адначасова быў дадзены дазвол на дзейнасць некаторых грамадскіх арганізацый – Беларускага навуковага таварыства.

Але 22 верасня 1943 г. В.Кубэ быў забіты паводле ўдалага замаху, здзейсненага Аленай Мазанік і Марыяй Восіпавай. Яго пераемнік на пасадзе генеральнага камісара кіраўнік СС на Беларусі генерал фон Готберг распачаў шырокую рэпрэсіўную палітыку. Да таго, акрамя антыпартызанскага характару яна мела рабаўніцкі накірунак. У 1943 г. ваеннае становішча Германіі рэзка пагоршылася. Яна страціла значную частку акупіраваных тэрыторый, асабліва балючымі былі страты сельскагаспадарчых раёнаў поўдня СССР. Патрабавалася тэрмінова кампенсаваць гэтыя страты за кошт павелічэння эксплуатацыі Украіны і Беларусі. Але адначасова з рэпрэсіямі супраць мірнага насельніцтва ўлады пайшлі на далейшыя ўступкі нацыяналістам.

У снежні 1943 г., калі быў вызвалены ад нямецкіх акупантаў шэраг раёнаў Усходняй Беларусі, акупацыйныя ўлады аб’явілі аб стварэнні дапаможнага дарадчага органа нямецкага кіравання на Беларусі – Беларускай Цэнтральнай Рады. У БЦР акупанты бачылі сродак мабілізацыі сіл беларускага народа для барацьбы з партызанамі і Чырвонай Арміяй і больш эфектыўнага выкарыстання беларускай эканомікі ў сваіх інтарэсах. Пэўныя колы беларускай калабарацыі, з свайго боку, спадзяваліся стварыць беларускую дзяржаўнасць пад пратэктаратам Германіі.

У склад БЦР уваходзіла 14 чалавек. Яе кіруючым органам быў прэзідыум, у які ўваходзілі Р.Астроўскі (прэзідэнт), С.Кандыбовіч, Ф.Кушаль, У.Родзька, Ю.Сабалеўскі, М.Шкялёнак. Структурна БЦР складалася з 12 аддзелаў.

Фармальна германскія акупацыйныя ўлады перадалі ў сферу падпарадкавання БЦР справы сацыяльнага забеспячэння, культуры, адукацыі і Беларускай краёвай абароны, хаця на месцах усе гэтыя накірункі па-ранейшаму знаходзіліся ў руках германскай акупацыйнай адміністрацыі.

Адным з найбольш значных мерапрыемстваў БЦР быў
II Усебеларускі кангрэс, які адбыўся 27 чэрвеня 1944 г. у Мінску. Ён быў скліканы па прапанове Р.Астроўскага з дазволу генеральнага камісара Беларусі К. фон Готберга. Удзельнікі II Усебеларускага кангрэса накіравалі прывітальную тэлеграму А.Гітлеру. Калі ўлічыць ваенна-палітычнае становішча ў 1944 г., то можна зрабіць выснову, што II Усебеларускі кангрэс больш нагадваў спектакль, які паставілі акупацыйныя ўлады разам з артыстамі з БЦР. 30 чэрвеня 1944 г. большасць членаў БЦР пакінула Мінск і накіравалася ў Кёнігсберг, а адтуль у Берлін.

З’яўленне Беларускай краёвай абароны (БКА) звязана з загадам генеральнага камісара фон Готберга ад 23 лютага 1944 г., у якім гаварылася: «На прапанову Прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады ад 18.02.44 г. загадваю аб утварэнні Беларускай краёвай абароны для барацьбы супраць бальшавізму». Аналагічны загад БЦР, якая называла сябе беларускім урадам, аб стварэнні БКА быў выдадзены 6 сакавіка 1944 г.

Аснову БКА складала прымусова мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908-1924 гг. нараджэння. За няяўку ў вызначаны тэрмін прадугледжвалася смяротная кара. У выніку праведзенай мабілізацыі Беларуская краёвая абарона на канец красавіка-май 1944 г. складала 45 батальёнаў (39 стралковых і 6 сапёрных), якія налічвалі прыкладна каля 30 тыс. чалавек. Але, як сведчыць хроніка Беларускай Цэнтральнай Рады, пераважная большасць структур БКА ў гэты час знаходзілася толькі ў стадыі арганізацыі. Шэфам галоўнага камандавання БКА быў прызначаны маёр Ф.Кушаль, а яго намеснікам – лейтэнант В.Мікула.

Галоўная мэта БКА – барацьба разам з паліцыяй супраць партызан. Але створаныя батальёны не апраўдалі надзей немцаў. Большасць беларускага насельніцтва адмоўна ставілася да ідэй стварэння БКА. Многія з тых, каму пагражала мабілізацыя, уцякалі ў лясы да партызан. Пад уплывам агітацыі партызан і падпольшчыкаў адбылося масавае дэзерцірства вайскоўцаў з пераходам іх са зброяй да партызан. Відаць, таму немцы перасталі забяспечваць створаныя батальёны зброяй і ваеннай амуніцыяй. Фарміраванні БКА выкарыстоўваліся ў асноўным для аховы складоў і іншых гаспадарчых мэт.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў частка фарміраванняў БКА апынулася ў Германіі. Калі ў 1945 г. у Германіі кіраўнікі БЦР пачалі ствараць брыгаду СС «Беларусь», у яе ўступіла 1094 чалавекі. Палову з іх склалі былыя вайскоўцы з БКА.

Вынікі: Крах палітыкі беларускіх калабарантаў вынікаў з таго, што акупацыйныя ўлады не ставіліся да яго сур’ёзна. Яны толькі выкарыстоўвалі беларускіх нацыяналістаў у сваіх мэтах, адначасова праводзілі палітыку рабавання і знішчэння мірнага насельніцтва. Ці мог беларускі народ у такіх абставінах падтрымаць калабарантаў? Вядома, што не! Перамогі Чырвонай Арміі на франтах вайны, актыўная дзейнасць беларускіх партызан і падпольшчыкаў, патрыятызм і разважлівасць насельніцтва рэспублікі не дазволілі нямецкім акупантам і мясцовай калабарацыі ажыццявіць у поўнай меры свае мэты на беларускай зямлі.

Кантрольныя пытанні да тэмы №6:

  1.  Якія планы мела германскае кіраўніцтва ў адносінах да выкарыстоўвання акупіраваных усходніх абшараў?
  2.  Якія органы ўлады былі створаны адразу пасля акупацыі Беларусі? Як доўга яны існавалі на беларускай зямлі?
  3.  Калі былі створаны органы цывільнай нямецкай акупацыйнай улады? Хто ўзначальваў сістэму цывільнай улады на Беларусі?
  4.  Якая тэрыторыя павінна была ўвайсці ў склад Генеральнай акругі «Беларусь» і якая тэрыторыя ў выніку была пад кіраўніцтвам генеральнага камісарыяту?
  5.  Якія мэты былі ў стварэнні паралельных органаў улады з ліку мясцовых асоб? Як такіх асоб называюць у еўрапейскай традыцыі?
  6.  Якія асаблівасці меў беларускі калабарацыянісцкі рух? Якія арганізацыі беларускіх калабарантаў вы ведаеце?
  7.  Чаму асабліва ўзмацнілася палітыка генацыду восенню 1943 г. і якія вынікі гэта мела?
  8.  Чаму акупацыйная палітыка і калабарацыя пацярпелі поўны крах на Беларусі?


ТЭМА 7. ПАРТЫЗАНСКАЯ І ПАДПОЛЬНАЯ БАРАЦЬБА СУПРАЦЬ ГЕРМАНСКІХ АГРЭСАРАЎ НА ЗАХОПЛЕНАЙ ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Лекцыя 8. Партызанская і падпольная барацьба на акупіраванай тэрыторыі

Асноўныя паняцці:

Partisan; этапы партызанкі; тэрытарыяльныя партызанскія атрады; дырэктыва «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага»; мэты партызанкі; Пінскі партызанскі атрад; Ц.П.Бумажкоў і Ф.I.Паўлоўскі; Бацька Мінай; кароткатэрміновыя курсы і падрыхтоўчыя цэнтры; аперацыя «Прыпяцкія балоты»; «Віцебскія вароты»; Паўночна-Заходняя аператыўная група; ЦШПР; БШПР; атрады; брыгады; занальныя і абласныя партызанскія злучэнні; «гарнізон Ф.I.Паўлоўскага»; партызанскія зоны; Асобы беларускі збор; вываз астрабайтэраў; партызанскі рэзерв; баявы рэйд партызанаў; карныя экспедыцыі; калабаранты; «зямельнае пытанне»; Саюз узброенай барацьбы; Арміі Краёвай; закрытае пісьмо «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР»; план «Бура»; «Рэйкавая вайна»; «Канцэрт»; падполле; падпольны гаркамы партыі; Мінскае падполле; газета «Звязда»; «Юныя мсціўцы»; «Акруговы беларускі антыфашысцкі камітэт Баранавіцкай вобласці»; «Камітэту барацьбы з нямецкімі акупантамі»; «Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі».

Станаўленне народнага супраціўлення

Партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны – адна з найбольш даследаваных старонак з падзей ваеннага часу. Але і ў гэтай справе ёсць шмат асаблівасцяў і рыс, аб якіх мала гаварылася раней. Партызанскі рух на Беларусі меў пэўную перыядызацыю і да таго, ярка акрэсленыя рэгіянальныя асаблівасці.


Слова
«партызан» (ад франц. partisan – член атрада, арганізаванага з прадстаўнікоў народных мас для барацьбы з ворагам на акупіраванай тэрыторыі) шырока вядома з часоў сярэднявечча ў Еўропе. Пазней партызанамі пачалі называць удзельнікаў узброенай барацьбы супраць іншаземных захопнікаў у варожым тыле. Такім чынам, партызанскі рух не з’яўляецца нацыянальнай беларускай з’явай, але справа ў тым, што дзейнасць партызанскіх атрадаў на Беларусі ў гады апошняй вайны набыла асабліва значныя памеры. Супраць акупантаў на барацьбу з цягам часу падняўся народ. У радах антыфашысцкага руху на тэрыторыі рэспублікі налічвалася каля 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў. 374 тыс. чалавек з’яўляліся байцамі 1255 партызанскіх атрадаў (каля ў 213 брыгад).

Партызанка на Беларусі мае некалькі перыядаў свайго развіцця, кожны з іх мае свае адметнасці. Першы этап – арганізацыйны, калі толькі шукаліся формы барацьбы ў тылу ворага. Гэта чэрвень – снежань 1941 г. Яшчэ адна прыкмета гэтага перыяду – гэта крызіс партызанкі, які праявіўся ў паражэннях на фронце і ў пазіцыі чакання, якую заняло мірнае насельніцтва. Другі этап беларускай партызанкі пачаўся ў снежні 1941 г. і цягнуўся да канца лета 1942 г. Гэта перыяд пераадолення крызісу і рэзкага росту колькасна партызанскага руху. У гэты перыяд адбываецца супрацьстаянне ў цэнтры Беларусі паміж цывільнай нямецкай адміністрацыяй Генеральнай акругі Беларусь і партызанамі ў барацьбе за падтрымку ад мірнага насельніцтва. У гэты перыяд вызначаецца арганізацыйная структура партызанкі, рух атрымлівае шырокую падтрымку ад «Вялікай зямлі». Трэці перыяд цягнуўся з восені 1942 па восень 1943 г. Менавіта ў гэты час колькасць памылак нямецкіх акупацыйных улад дасягнула крытычнай масы, і насельніцтва перайшло на пазіцыі падтрымкі партызанаў. Ствараюцца велізарныя партызанскія зоны, якія ахопліваюць значныя тэрыторыі. Праводзяцца буйныя вайсковыя і дыверсійныя аперацыі. Чацьвёрты перыяд беларускай партызанкі цягнуўся з восені 1943 г. па лета 1944 г. Гэты перыяд адзначаны пачаткам вызвалення Беларусі і ўдзелам у гэтым і партызан. Найбольшага ўздыму дасягае «рэйкавая вайна». Менавіта да гэтага перыяду адносіцца значнае ўзмацненне савецкай партызанкі на захадзе Беларусі. Да таго, пасля забойства Вільгельма Кубэ масавыя рэпрэсіі і карныя экспедыцыі спрыялі разгортванню ўсенароднага характару антынямецкай барацьбы і ў цэнтры Беларусі.

Падрыхтоўка да партызанскай вайны на Беларусі на выпадак вайны з нацысцкай Германіяй ці Польшчай пачалася яшчэ ў 1930-я гг. Згодна з загадамі савецкага Генштаба стваралася заканспіраваная сетка дыверсійных груп і адзіночак у гарадах і на чыгунках, арганізаваліся манеўраныя партызанскія атрады, ствараліся базы забеспячэння ўсім неабходным. Так, у схронах былі закладзены боепрыпасы, амуніцыя, шмат харчавання, каля 50 тыс. вінтовак, 150 кулямётаў, узрыўчатка. Кіравалі гэтай работай партыйныя органы і камандуючы войскамі Беларускай ваеннай акругі І.П.Убарэвіч. Усяго было створана
6 тэрытарыяльных партызанскіх атрадаў – Бабруйскі, Барысаўскі, Мінскі, Мазырскі, Полацкі і Слуцкі, у складзе 300-500 прафесіяналаў, якія прайшлі абучэнне ў спецыяльных закрытых школах. На чале атрадаў стаялі вопытныя кіраўнікі – удзельнікі партызанкі ў гады першай сусветнай і антыпольскай партызанкі пачатку 1920-х гг. С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, К.П.Арлоўскі, А.М.Рабцэвіч.

Аднак, у 1937-1938 гг. гэтыя работы былі звернутыя – большасць «тайных» партызан было рэпрэсіравана, атрады ліквідаваны, схроны перададзены арміі. Гэта было вынікам рэпрэсій супраць генералітэту і афіцэрства Чырвонай Арміі, а так сама вынікам прыняцця новай ваеннай дактрыны – прэвентыўнага ўдару Чырвонай Арміі, якая не прадугледжвала акупацыі тэрыторыі СССР, а баявыя дзеянні планаваліся «на чужой тэрыторыі і малой крывёй». У выніку гэтага, у 1941 г. партыйнаму і ваеннаму кіраўніцтву ўсю работу па стварэнню падпольнай і партызанскай сеткі прыйшлося весці з нуля.

Асноўныя задачы і метады, а так сама характар разгортвання партызанскага руху былі зададзены шэрагам распараджэнняў партыйных і савецкіх органаў агульнасавецкага і рэспубліканскага маштабу. 29 чэрвеня 1941 г. была выдадзена Дырэктыва СНК СССР і ЦК УКП(б), якая патрабавала стварэння ў захопленых раёнах партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп, падрыву мастоў, парушэння ліній сувязі, падпальвання складоў, стварэння невыносных умоваў для акупантаў. 30 чэрвеня 1941 г. у дадатак да дырэктывы ЦК КП(б)Б прымае дырэктыву «Аб пераходзе на падпольную работу партыйных арганізацый раёнаў, занятых ворагам», а 1 ліпеня – «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага», у якой больш канкрэтызаваліся мэты і задачы партызанскай барацьбы, вызначаліся сродкі сувязі і метады канспірацыі і г.д.

Як вынік – 16 ліпеня 1941 г. Гітлер зняў з вермахту і акупацыйных уладаў усялякія абмежаванні на выкарыстанне самых жорсткіх мераў у адносінах да мясцовага насельніцтва. «Мы можам знішчаць усё, што накіравана супраць нас...» Такая пазіцыя акупантаў цалкам адпавядала інтарэсам маскоўскага кіраўніцтва – бо яна была залогам пашырэння незадаволенасці насельніцтвам акупаваных раёнаў новай адміністрацыяй. Таму партыйнымі органамі, знішчальнымі атрадамі і іншымі ўстановамі рабілася ўсё, каб забяспечыць адразу супрацьстаянне паміж мірным насельніцтвам і акупантамі. З гэтай мэтай знішчалася ўсё, што магло нармалізаваць жыццё пад акупацыяй – асабліва бытавое жыццё. Знішчаліся прадпрыемствы, склады, палі з няўбраным зернем, вывозілася жывёла, прыпасы, тавары. Найбольш паспяхова і паслядоўна гэтыя мерапрыемствы прайшлі на ўсходзе, і менавіта там найбольш шырока і праявіў сябе партызанскі рух.

Такім чынам, разгортванне партызанскага руху мела дзве галоўныя мэты – якія можна прасачыць ў дакументах партыі і ўрада. Найбольш відавочная – гэта мэта ваенная. Яе сутнасць у тым, каб зрабіць як мага больш цяжкімі ўмовы існавання нямецкіх войскаў на захопленай тэрыторыі, а так сама парушаць сродкі камунікацыі, асабліва чыгунку, што значна ўскладніць пастаўкі на фронт і манёўранасць вермахту. Другая мэта – больш глабальная, палітычная. Сутнасць яе ў тым, каб надаць партызанскаму руху ўсенародны характар. Гэтага патрабавалі ўмовы ідэалагічнай вайны. Неабходна было недапусціць аніякага паразумення паміж нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй і мірным насельніцтвам, якое апынулася пад акупацыяй. І дзеля гэтага рабілася ўсё, нават знішчаліся матэрыяльныя фонды, запасы харчавання, з мэтай – прымусіць акупантаў адразу перайсці да канфіскацыі дзеля забеспячэння вермахту і Рэйху. Гэтая палітыка з поспехам была рэалізаваная на ўсходзе, але на захадзе Беларусі і ў цэнтральных раёнах былі свае асаблівасці разгортвання партызанкі – як усеагульнага руху. Менавіта ўсеагульнасць, усенароднасць партызанскага руху дазволіць гаварыць аб народнай падтрымкі камуністычнай палітыкі даваеннага часу і з’явіцца мацнейшым прапагандысцкім інструментам у камуністычнай ідэалогіі.

Для арганізацыі партызанкі і падполля кампартыя спецыяльна пакінула на Беларусі 1215 камуністаў дзеля арганізацыі кіравання падполлем і партызанкай, а ўсяго за 1941 г. на акупіраваную тэрыторыю Беларусі было накіравана больш за 8000 камуністаў і каля 5000 камсамольцаў.

Але ствараліся атрады і самастойна, без «загаду звыш». У ліку такіх быў Пінскі партызанскі атрад пад камандаваннем В.З.Каржа, які налічваў каля 60 чалавек. На тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Палескай вобласці актыўна дзейнічаў атрад «Чырвоны Кастрычнік». Яго кіраўнікі Ц.П.Бумажкоў і Ф.I.Паўлоўскі 6 жніўня 1941 г. сталі першымі партызанамі – Героямі Савецкага Саюза. У Чашніцкім раёне ўзброеную барацьбу супраць акупантаў узначаліў Ц.Я.Ермаковіч, у Суражскім раёне быў створаны атрад, на чале якога стаў М.П.Шмыроў, якога называлі ў народзе «Бацькам Мінаем». На аснове знішчальных батальёнаў узнікаюць партызанскія атрады ў Парыцкім, Лельчыцкім, Ельскім, Лоеўскім, Рагачоўскім, Мехаўскім і іншых раёнах Беларусі. Усяго самастойна ўзнікла каля 60 атрадаў і груп.

Тым не менш, большую частку партызанскіх фарміраванняў склалі арганізаваныя партыйна-савецкімі органамі. Яшчэ да акупацыі ўсходняй Беларусі ў Магілёве, Лёзне, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Полацку, іншых населеных пунктах ствараліся кароткатэрміновыя курсы і падрыхтоўчыя цэнтры дыверсанцкай працы. У выніку, за ліпень-верасень у цэнтралізаваным парадку было сфарміравана звыш 430 партызанскіх атрадаў і арганізацыйных груп, у якіх налічвалася больш 8300 чалавек. Менавіта яны сталі арганізацыйным ядром для многіх баяздольных партызанскіх фарміраванняў.

Дзейнасць партызан выклікала ў захопнікаў пэўную заклапочанасць, але маштабы партызанкі яшчэ былі нязначныя. Толькі на ўсходзе Беларусі немцы сутыкнуліся з цяжкасцямі ў забеспячэнні групы армій «Цэнтр» усім неабходным «з выпадку разбурэння партызанамі чыгуначных шляхоў». Каб пакончыць з дзейнасцю «лясных бандытаў», а так сама ліквідаваць, адлавіць салдат-акружэнцаў, у ліпені-жніўні 1941 г. была здзейснена першая буйнамаштабная карная аперацыя пад назвай «Прыпяцкія балоты». Але пад час яе правядзення партызан карнікі не сустрэлі, таму знішчалі мірных жыхароў і акружэн-
цаў – усяго 13788 чалавек. Гэтая аперацыя паўплывала на змяненне адносін мірнага насельніцтва да немцаў у гэтым рэгіёне з нейтральнага да рэзка варожага.

Тым не менш, восень 1941 г. вызначаецца як крызіс партызанкі. Цэнтральнае маскоўскае кіраўніцтва больш цікавілася падзеямі на франтах. Да того, ні з Масквой, ні з Чырвонай Арміяй не існавала сувязі. Партызаны не ведалі, што адбывалася на франтах, а нямецкая прапаганда выкарыстала гэта для дэзінфармацыі як мірных жыхароў, так і партызан. Аб’яўлялася аб заняцці Масквы і Уралу, што вызвала маральны крызіс. Вялікая няўпэўненасць была і з тым, як доўга працягнецца вайна. Да таго, у атрадах не было зброі і боепрыпасаў, харчавання і цёплай вопраткі. У выніку жорсткіх карных мер акупантаў частка атрадаў была разгромлена, а іншыя, не атрымаўшы падтрымкі ад насельніцтва, распаліся ці перайшлі на паўлегальнае становішча. Але і ў зімовых умовах каля 200 партызанскіх атрадаў і груп працягвалі ўзброеную барацьбу.

Шырокае распаўсюджанне партызанкі на Беларусі

Вызначальны ўплыў на развіццё партызанскай барацьбы аказала Маскоўская бітва. І не толькі з прычыны таго, што разгром немцаў сведчыў аб тым, што вайна будзе працяглай і агрэсар будзе разгромлены. Але яшчэ адзін факт – пад час контрнаступлення Чырвоная Армія адкінула нямецкія войскі да ўсходняй мяжы Беларусі і нават утварыла вялікі разрыў у фронце – так званыя «Суражскія...» ці «Віцебскія вароты», праз якія беларускія партызаны паўгода атрымлівалі ўсё неабходнае. Да таго, усходняя Беларусь з гэтага часу стала галоўнай крыніцай забеспячэння групы армій «Цэнтр» усім неабходным – а ў зруйнаваным пад час адступлення Чырвонай Арміі рэгіёне гэта адзначала пачатак палітыкі рабаўніцтва і адпаведна – масавага народнага супраціўлення.


На вясну-лета 1942 г. прыпадае ўздым партызанскага руху ў Беларусі, у асаблівасці, усходняй яе часткі. Гэты ўздым звязаны з паступова растучым разуменнем важнасці правільнай і дакладнай арганізацыі і кіравання падпольным і партызанскім рухам. Але гэта разуменне прыйшло не адразу. У лютым быў створаны прарыў у фронце паміж нямецкімі групамі армій «Поўнач» і «Цэнтр», і стварыліся ўмовы для наладжвання сувязяў з віцебскімі партызанамі. Але толькі 20 сакавіка 1942 г. была створана
Паўночна-Заходняя аператыўная група пры штабе фронту, і толькі пазней, ў маі 1942 г. будзе створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. На чале ЦШПР быў пастаўлены кіраўнік ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка. У верасні
1942 г., разумеючы важнасць беларускай складаючай партызанкі, ствараецца
Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) пад кіраўніцтвам сакратара ЦК КП(б)Б П.З.Калініна. Яны адыгралі станоўчую ролю ва ўдасканаленні пабудовы і кіраўніцтва, а таксама забеспячэнні зброяй, узрыўчаткай, радыёсувяззю, каманднымі кадрамі. З дапамогай штабоў арганізацыя партызанскіх сіл Беларусі набыла ў 1942 г. якасна новыя рысы. Шырокае распаўсюджанне атрымала атрадная форма арганізацыі партызан. Атрад стаў асноўнай баявой адзінкай ўзброеных патрыётаў. Атрады аб’ядноўваліся ў брыгады. З цягам часу брыгады ўтваралі вышэйшыя формы аб’яднання – занальныя і абласныя партызанскія злучэнні, першыя з якіх на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў другой палове 1942 г. Працэс арганізацыі партызанкі завяршыўся ў 1943 г., адзінкі ўсё болей набывалі вайсковую пабудову. Брыгады ў асноўным складаліся з атрадаў, якія дзяліліся на ўзводы, аддзяленні. У некаторых брыгадах і палках існавалі таксама батальёны, у атрадах – роты. Апрача таго, існавалі партызанскія палкі і ваенна-аператыўныя групы.


Характэрнай рысай партызанскага руху ў 1942 г. стала вызваленне ад акупантаў значных тэрыторый і ўтварэнне там
партызанскіх зон. Першая такая зона ўзнікла ў студзені-лютым 1942 г. на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна былой Палескай вобласці. Яе кантраляваў «гарнізон Ф.I.Паўлоўскага», які ў сваім складзе налічваў 13 атрадаў (звыш 1300 чалавек). «Гарнізон» распаўсюджваў свой уплыў і на частку населеных пунктаў суседніх раёнаў – Глускага, Любанскага, Старадарожскага, Капаткевіцкага.

Цэнтрам партызанскага руху ў Магілёўскай вобласці з вясны 1942 г. стаў Клічаўскі раён, дзе базіравалася даволі буйная групоўка партызан. 20 сакавіка 1942 г. партызанскія атрады пасля напружанага 12-гадзіннага бою авалодалі раённым цэнтрам Клічаў і завяршылі поўнае вызваленне раёна ад акупантаў. Прыкметную ролю ў развіцці партызанскага руху ў гэтай зоне адыграў 208-ы партызанскі атрад, які ў пачатку красавіка
1942 г. прыбыў у клічаўскія лясы з Мінскай вобласці. Камандзір атрада палкоўнік У.I.Нічыпаровіч (былы камандзір 208-ай стралковай дывізіі) устанавіў сувязь з камандаваннем мясцовых атрадаў. Па яго ініцыятыве было прынятае рашэнне аб’яднаць партызанскія сілы Клічаўскай зоны (быў створаны
аператыўны цэнтр) з мэтай паляпшэння каардынацыі, баявога ўзаемадзеяння, узмацнення актыўнасці і мэтанакіраванасці іх баявых дзеянняў. Пры гэтым атрады, якія ўваходзілі ў партызанскія аб’яднанні, не трацілі сваёй самастойнасці. Плануючы баявыя дзеянні, яны з дапамогай аператыўных штабоў ажыццяўлялі іх каардынацыю, праводзілі сумесныя баявыя аперацыі.

Віцебская вобласць з пачатку 1942 г. з’яўлялася прыфрантавой. Многія партызанскія атрады там падтрымлівалі трывалую сувязь з Віцебскім абкомам і ЦК КП(б)Б, што дзейнічалі за лініяй фронту, а таксама з ваеннымі саветамі 3-яй і 4-ай ударных армій праз «Суражскія» ці»Віцебскія» вароты. Праз іх з Вялікай зямлі віцебскія партызаны атрымлівалі ўсё неабходнае.

Наогул, фактар існавання «Суражскіх» варотаў быў вызначальны дзеля распаўсюджання партызанкі на ўсходнюю і цэнтральную Беларусь. па-першае, праз «вароты» на ўсход, у тыл Чырвонай Арміі было накіравана 35 тыс. людзей, у тым ліку
20 тыс. – у Чырвоную Армію. Так сама вывозілася вялізарная колькасць харчавання – зерне, бульба, выводзілася жывёла.

У сваю чаргу на захад шырокім патокам ішлі сфарміраваныя і спецыяльна падрыхтаваныя ў так званым Асобым беларускім збору – спецыяльных дыверсанцкіх курсах – дыверсійныя групы і партызанскія атрады. Усяго прайшло на Беларусь 174 груп і яшчэ больш партызанаў – каля 13 тыс. чалавек. Акрамя таго, накіроўваліся спецы-адзіночкі і спецыялісты па арганізацыі на месцах дыверсійных груп. Спецыялісты-інжэнеры кіравалі будаўніцтвам палявых і лясных аэрадромаў, іх было пабудавана каля 50, і прынялі яны пазней больш за 6000 самалёта-вылетаў. Акрамя людзей, шырокім патокам ішла зброя. Так, было дастаўлена каля 60 тыс. вінтовак, 15 тыс. аўтаматаў,
5 тыс. кулямётаў. Каля 400 тон
выбуховых рэчаў разыйшліся па атрадах і спрыяла падрыву чыгунак. Але самае галоўнае – гэта 150 радыёстанцый, якія дазволілі наладзіць кантакты з кіраўніцтвам – ЦШПР і БШПР, а так сама паміж брыгадамі і зонамі. Менавіта з гэтага моманту, калі з’яўляецца каардынацыя, партызаны ўяўляюць сабой грозную ваенную сілу. Не трэба забывацца і на ідэйную барацьбу за душы насельніцтва. Праз «вароты» прайшло больш за мільён экземпляраў рознай прапагандысцкай літаратуры, савецкіх газет і часопісаў. Праз «вароты» на Беларусь было дастаўлена некалькі мабільных друкарняў, і да канца 1943 г. пачало выдавацца каля 140 найменаванняў газет, у тым ліку 65 на беларускай мове, што гаворыць аб іх арыентацыі на простае насельніцтва.

Створаная структура прафесійных дыверсанцкіх групаў і атрадаў – гэта касцяк будучага ўсенароднага супраціўлення. Але за ўсенародны характар партызанкі трэба было яшчэ змагацца. Першыя поспехі прыйшлі амаль адразу. Акупанты дапусцілі празмерна многа памылак са сваёй жорсткасцю, чым спрыялі прыцягненню ў партызанку шырокіх колаў насельніцтва. Так, распачаўшыйся яшчэ восенню 1941 г. генацыд яўрэйскага народу падштурхнуў яго прадстаўнікоў да ўцякання ў лясы. У сакавіку 1942 г. нямецкае камандаванне выдала загад аб вяртанні ў канцэнтрацыйныя лагеры захопленых у палон у 1941 г. салдат-беларусаў. Раней іх адпусцілі па хатах, бо колькасць узятых у палон была неверагодна вялікай, на ўсіх лагероў не хапала. Дзесяткі тысяч былых салдат Чырвонай Арміі пайшло ў лес, і сотні тысяч іх родзічаў пачалі суперажываць савецкай партызанке. Менавіта ў 1942 г. распачаліся аперацыі спачатку па дабравольнаму, а потым насільнаму вывазу астрабайтэраў на прымусовыя работы ў Германію. Так, у адпаведнасці з дырэктывай, атрыманай адміністрацыяй Розенберга 11 сакавіка 1943 г., было запатрабавана каля 1 млн. жанчын і мужчын з акупіраваных усходніх абласцей. Доля Беларусі ў пазначаных пастаўках павінна была складаць каля 1000 чалавек штодзённа. Дзесяткі тысяч маладых людзей, ратуючыся ад гвалтоўнага ўгону ў Германію, ішлі ў партызаны. Вядома, што тысячы бацькоў, што заставаліся жыць на вёске, так сама станавіліся прыхільнікамі савецкай партызанкі.

Трэба так сама адзначыць, што шырокаму развіццю партызанкі ў 1942 г. на Беларусі паспрыялі і ваенныя абставі-
ны
– справа ў тым, што летам 1942 г. немцы разгарнулі наступленне на поўдні Савецкага Саюза, куды перакінулі амаль усе свае сілы, нават ахоўныя дывізіі з Беларусі. Такім чынам, тыя паліцэйскія ахоўныя ваенныя часці з еўрапейскіх саюзнікаў Германіі (а так сама літоўцаў, латышоў, украінцаў) не маглі супрацьстаяць росту і арганізацыйнай сталасці партызанаў і зачыніліся ў гарнізонах. Калі восенню 1941 г. і пачатку 1942 г. партызаны займаліся галоўным чынам арганізацыйнай работай, стварэннем сваіх баз пашырэннем свайго ўплыву на насельніцтва, то зараз стварыліся самыя спрыяльныя ўмовы дзеля шырокіх ваенных аперацый. Толькі за 1942 г. партызаны разграмілі больш за 160 гарнізонаў, а вясной-летам 1943 г. – больш за 220 гарнізонаў.

На пачатак студзеня 1943 г. колькасць партызан у Беларусі перавысіла 56 тыс. чалавек. Узброеную барацьбу супраць захопнікаў вялі 56 брыгад, якія аб’ядноўвалі 220 атрадаў. Акрамя таго, налічвалася 292 самастойна дзейнічаючых атрадаў. Партызанскі рэзерв складаў на гэты час звыш 150 тыс. чалавек.

З ростам партызанскіх сіл узрастала і баявая актыўнасць патрыётаў. 17 студзеня 1942 г. партызанскія атрады Ф.I.Паўлоўскага і А.I.Далідовіча разграмілі моцны нямецкі гарнізон у райцэнтры Капаткевічы. Яны захапілі шмат зброі і сотні тон збожжа, якое было падрыхтавана для адпраўкі ў Германію. У лютым гэтага ж года фарміраваннямі Ф.I.Паўлоўскага, I.Р.Жулегі, А.Ц.Міхайлоўскага, А.Ф.Каваленкі былі разгромлены гарнізоны ў мястэчку Азарычы, а таксама на станцыі Муляраўка. У выніку значна пашыралася Кастрычніцкая партызанская зона.

У сакавіку 1942 г. Мінскі падпольны абком партыі арганізаваў баявы рэйд па тэрыторыі Любанскага, Жыткавіцкага, Ленінскага, Старобінскага, Чырвонаслабодскага, Слуцкага раёнаў. У ім удзельнічалі даволі значныя сілы партызан – атрады А.I.Далідовіча, М.М.Розава, А.I.Патрына, Г.М.Сталярова, В.З.Каржа – усяго каля 600 чалавек. Партызаны рухаліся двума паралельнымі напрамкамі, праходзячы за ноч па 25-30 км.
Іх нечаканае з’яўленне наводзіла паніку на фашыстаў і іх памагатых. Па шляху яны знішчалі гарнізоны, сельскія і валасныя ўправы, узрывалі масты, праводзілі шырокую агітацыйную работу сярод насельніцтва.

У выніку да красавіка 1942 г. Любанская і Кастрычніцкая зоны канчаткова зліліся ў адну – утварылася самае буйное злучэнне партызанскіх атрадаў Мінскай і Палескай абласцей, якое панавала ў міжрэччы Случы і Пцічы. Узначальвалі злучэнне сакратары Мінскага падпольнага абкома КП(б)Б – спачатку В.I.Казлоў, а пасля яго ад’езду ў Маскву – Р.Н.Мачульскі. Накшталт Любанска-Кастрычніцкай партызанскай зоны на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў розны час дзейнічала некалькі дзесяткаў іншых зон. Найбольш значныя з іх – Баранавіцкае, Беластоцкае, Брэсцкае, Вілейскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае, Палескае, Пінскае абласныя злучэнні.

Важнае значэнне ў барацьбе з акупантамі мелі ўдары партызан па камунікацыях праціўніка, у першую чаргу па чыгунках, мастах і буйных вузлах. Пашырылася гэтая дзейнасць летам 1942 г., калі Чырвоная Армія вяла цяжкія абарончыя баі ля Сталінграда.

У пачатку жніўня 1942 г. дыверсійная група брыгады «За Савецкую Беларусь» Віцебскай вобласці ўзарвала чатырохпралётны мост праз раку Дрысу на магістралі Полацк – Даўгаўпілс. Рух па ім быў адноўлены толькі праз 16 сутак.
25 жніўня партызаны атрада імя М.Ц.Шыша Пінскай вобласці разграмілі гарнізон у Бастыні на чыгунцы Баранавічы – Лунінец. У канцы жніўня партызанскія атрады пад кіраўніцтвам С.Г.Жуніна, Д.А.Кулікова, Г.С.Мысніка зрабілі ўдалы налёт на станцыю Слаўнае на лініі Мінск-Орша. Яны разбілі варожы гарнізон, спалілі будынак станцыі, склады з ваеннай маёмасцю і прадуктамі, разбурылі шляхі, падарвалі дзве вадакачкі і воданапорную вежу.

Рост партызанскага руху выклікаў хвалю карных варожых экспедыцый. За май-лістапад 1942 г. нямецкія ваенныя, СС правялі больш 40 карных аперацый у розных раёнах Беларусі, нават у тых, дзе партызанка мела невялікія памеры. У ходзе іх ворагу часам удавалася на некаторы час адцясніць патрыётаў з раёнаў іх пастаяннай дыслакацыі, але ліквідаваць партызанскі рух ён не здолеў. Большыя перамогі карнікі атрымлівалі ў «барацьбе» з мірным насельніцтвам – якое знішчалася тысячамі. Супраць гэтых экспедыцый выступала цывільнае нямецкае кіраўніцтва на чале з В.Кубэ, але не з-за любові да беларусаў, а з таго, што там разумелі – насілле пародзіць насілле, і партызанка сапраўды прыме ўсенародны характар. Так варожасць і саперніцтва паміж рознымі ведамствамі ў Рэйху адбілася і на сітуацыі на Беларусі. Па меры таго, як нарошчвала ўдары Чырвоная Армія, рос і мацнеў партызанскі рух, шырылася супраціўленне насельніцтва эканамічным, ваенным і палітычным мерапрыемствам захопнікаў.

Значна паспрыяла развіццю партызанкі і наданню ёй усенароднага характару змяненне вельмі жорсткай пазіцыі камуністычнай партыі ў адносінах да калабарантаў і мірнага насельніцтва, якое выконвала распараджэнні акупацыйных уладаў. Загадам І.Сталіна, як наркома абароны ад 5 верасня
1942 г. «Аб задачах партызанскага руху» галоўнай мэтай партызан было нават не змаганне з немцамі – а знішчэнне ідэйных ворагаў – нацыянальных дзеячаў, удзельнікаў акупацыйнай адміністрацыі, паліцэйскіх, старастаў. Гэта патрабавалася дзеля таго, каб не даць насельніцтву адчуць альтэрнатывы савецкаму строю. Патрабавалася ад партызан нават знішчаць сялян, што выконваюць абавязковыя пастаўкі акупантам. Вядома, гэта не спрыяла добрым адносінам сялян і партызан, таму гэтыя патрабаванні не выконваліся. Невыносныя ўмовы акупацыйнага рэжыму, генацыд яўрэяў, масавыя пакаранні, карныя экспедыцыі і іншыя шматлікія пралікі нямецкіх уладаў адштурхнулі беларусаў ад «новага парадку», прапанаванага акупантамі.

А з пачатку 1943 г. адносіны Савецкага ўраду да калабарантаў змяніліся. У лютым 1943 г. ЦК КП(б)Б і Прэзідыўм ВС БССР звярнуліся са зваротам да супрацоўнікаў калабарантскіх устаноў, у якім абяцалася дараванне здрады, калі яны пяройдуць да партызан, ці наладзяць з партызанамі і падполлем супрацоўніцтва. Яшчэ раней, у снежні 1942 г. такія абяцанні былі дадзены непасрэдна Масквой. У выніку, распачынаецца масавае дэзерцірства з Беларускай самааховы і беларускіх паліцэйскіх атрадаў.

У ідэйным супрацьстаянні савецкая прапаганда мела некалькі козыраў. Першы – гэта нявызначанасць статусу беларускай тэрыторыі ў складзе акупіраванай немцамі прасторы. Другі – гэта «зямельнае пытанне», немцы не далі права маёмасці на зямлю. Трэці – гэта аднаўленне цэркваў у партызанскіх зонах. Усе выпадкі нядобрасумленных адносін партызан да мясцовага насельніцтва пачалі жорстка карацца. Так, за гады вайны, згодна з рашэннямі партызанскіх судоў, за цяжкія ўчынкі былі расстраляныя 2345 чалавек.

Пасля паспяховага заканчэння Сталінградскай бітвы, іншых франтавых аперацый 1943 г., у першую чаргу бітвы пад Курскам, партызанскія сілы сталі множыцца яшчэ хутчэй. Толькі ў Мінскай вобласці за 1943 год у партызанскія атрады ўступіла звыш 22 тыс. чалавек. Агульная колькасць партызан сяганула больш чым за 100 тыс. чалавек, пры гэтым вялікую колькасць людзей у атрады не бралі – нехапала зброі, харчавання, таму сотні тысяч знаходзіліся ў так званым рэзерве.

Яскрава праявіліся ў 1943 г. асаблівасці развіцця савецкай партызанкі ў заходняй частцы Беларусі, звязаныя яны былі з больш ранняй гісторыяй гэтага рэгіёну. Да 1939 г. Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, таму менавіта польскае антыфашысцкае падполле мела тут вялікі ўплыў. Гэты ўплыў улічвалі і ў Маскве ў 1941 г., калі ў ліпені і снежні падпісвалі пагадненні аб супрацоўніцтве з польскім эмігранцкім урадам. Згодна з ім Масква не спрыяла спецыяльна там стварэнню савецкіх партызанскіх атрадаў. У той жа час умовы для распаўсюджання савецкай партызанкі былі вельмі спрыяльныя. Вяртанне польскіх памешчыкаў, якія пачалі адбіраць размеркаваную сярод сялян зямлю вызвала рэзкую незадаволенасць і гатоўнасць да выбуху. Але камуністы мала гэтым скарысталіся. Да канца 1942 г. на Заходняй Беларусі ў радах савецкай партызанкі было толькі 11,1 тыс. чалавек, савецкія партызаны актыўна супрацоўнічалі з Арміяй Краёвай.

Польскія ж падпольныя арганізацыі пачалі стварацца прадстаўнікамі польскага эміграцыйнага ўрада ўжо восенню
1939 г. Самай вялікай і ўплывовай сярод іх быў
Саюз узброенай барацьбы. Гэта арганізацыя стала ядром польскай ваеннай арганізацыі Арміі Краёвай (АК), утворанай у лютым 1942 г. Галоўнай мэтай АК было адраджэнне незалежнай польскай дзяржавы ў межах 1939 г., а не барацьба з немцамі.

Разрыў савецкім урадам адносін з польскім кіраўніцтвам (Катынская справа) у Лондане ў красавіку 1943 г. прывёў да пагаршэння зносін паміж АК і партызанскім рухам у Беларусі.
22 чэрвеня 1943 г. ЦК КП(б)Б разаслаў падпольным партыйным цэнтрам закрытае
пісьмо «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР», у якім прапанавалася ўсімі сродкамі весці барацьбу з польскімі нацыяналістычнымі групамі і ў той жа час стварыць савецкія партызанскія атрады і групы з удзелам палякаў.

За асенне-летні перыяд 1943-1944 гг. атрады Навагрудскай акругі АК правялі 81 аперацыю супраць беларускіх партызан. Пры гэтым размова ідзе аб баявых дзеяннях, у якіх удзельнічалі сотні байцоў з абодвух бакоў. Так, 8 мая 1944 г. каля
в. Целяшэвічы Дзяржынскага раёна адбылося ўзброенае сутыкненне асноўных сіл Стаўбцоўскага злучэння АК і некалькіх атрадаў партызанскай брыгады імя I.Сталіна, у якім прымалі ўдзел 500 чалавек злучэння Арміі Краёвай і 200 беларускіх партызан. У выніку польскі бок страціў 40 чалавек забітымі і столькі ж параненымі, не абышлося без страт і ў беларускіх партызан. Адначасова з разгортваннем барацьбы супраць беларускіх партызан па ініцыятыве польскага боку з канца 1943 г. пачалося супрацоўніцтва камандавання атрадаў АК з германскімі акупацыйнымі ўладамі. Яно праявілася ў забеспячэнні зброяй і амуніцыяй злучэнняў АК. У шэрагу выпадкаў такая пазіцыя кіраўніцтва АК выклікала недавер польскага насельніцтва, якое імкнулася весці барацьбу з немцамі і, нягледзячы на забарону, ішло да савецкіх партызан. Так, вясной 1943 г. у брыгаду імя Чкалава Баранавіцкай вобласці ўлілася група капітана запасу польскай арміі А.Свентаржыцкага, якая затым была пераўтворана ў роту.

Патрабавалася тэрмінова ўзмацніць савецкую партызанку на захадзе Беларусі. Гэтаму садзейнічала перадыслакацыя шэрагу партызанскіх злучэнняў з усходніх у заходнія вобласці, а таксама іх перамяшчэнне ў межах асобных абласцей. Да зімы 1943-1944 г. баявымі рэйдамі на захад былі перакінуты 12 брыгад і 14 асобных атрадаў, агульнай колькасцю каля 7 тысяч чалавек. У выніку гэтай акцыі колькасць партызанскіх сіл у заходніх абласцях павялічылася да 37 тыс. чалавек, а колькасць атрадаў узрасла з 60 да 282. Разам з мясцовымі партызанамі яны ўтварылі амаль суцэльны партызанскі фронт.

Напярэдадні ажыццяўлення Чырвонай Арміяй аперацыі «Баграціён» у чэрвені 1944 г. узброеныя фарміраванні Арміі Краёвай на тэрыторыі Заходняй Беларусі налічвалі каля 20 тыс. салдат і афіцэраў. Найбольш буйнымі атрадамі АК на Беларусі былі фарміраванні Навагрудскай акругі, якія аб’ядноўвалі звыш
7 тыс. чалавек асабовага складу. У Лондане для іх быў распрацаваны спецыяльны
план «Бура», які зацвердзіў камандуючы АК 20 лістапада 1943 г. Гэтым планам прадугледжвалася падняць паўстанне і захапіць тэрыторыю Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі польскім падполлем і атрадамі АК у момант адступлення нямецкіх войск.

Да таго, Армія Краёва вызначылася дзеяннямі, якія ставяць яе на адну ступень з атрадамі СС і айнзацгрупамі – якія займаліся генацыдам мірнага насельніцтва. Узброеныя акцыі фарміраванняў Арміі Краёвай на Беларусі былі накіраваны супраць патрыятычна настроенага карэннага беларускага насельніцтва. Ахвярамі дзейнасці польскага нацыяналістычнага падполля на Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны сталі каля 10 тыс. грамадзян БССР. У асноўным гэта былі мірныя жыхары, партызанскія сем’і, прадстаўнікі нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі.

Партызанка у перыяд вызвалення Беларусі

У выніку дзейнасці падпольных партыйных камітэтаў і пад уплывам перамог Чырвонай Арміі ў рады партызан Беларусі на працягу 1943 года ўступіла больш за 96 тыс. чалавек, асабовы склад партызанскай арміі вырас з 56724 да 153488 байцоў. У гэтым жа годзе з розных калабаранцкіх фарміраванняў у партызанскія атрады ўлілося каля 12 тысяч чалавек.

Важнае значэнне для развіцця, партызанскага руху мела матэрыяльна-тэхнічная дапамога Вялікай зямлі. Толькі ў 1943 г. авіяцыяй партызанам Беларусі было дастаўлена 20,5 тыс. вінтовак, больш 11 тыс. аўтаматаў, 973 ПТР, 1235 кулямётаў і мінамётаў, звыш 2,6 тыс. пісталетаў, 43038 тыс. патронаў, звыш 120 тыс. ручных гранат, 390,5 тоны толу, 97,8 тыс. дыверсійных мін. Але асноўнымі крыніцамі ўзбраення ўсё ж заставаліся мясцовыя рэсурсы. Таму ў 1943 г. не было, бадай, буйнога партызанскага атрада ці брыгады, якія б не мелі сваёй майстэрні па вырабу і рамонту зброі, вытворчасці мін, гранат і г.д.

Паказчыкам роту майстэрства партызан з’яўлялася правядзенне ў адзін тэрмін у межах усёй акупаванай тэрыторыі Беларусі буйнамаштабных аперацый, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Рэйкавая вайна». На Беларусі ў 1943-1944 гг. аперацыя «Рэйкавая вайна» ажыццяўлялася ў тры этапы. Яна ставіла мэтай зрыў ваенных перавозак праціўніка і максімальнае садзейнічанне наступленню Чырвонай Арміі. Першы этап пачаўся ў ноч з 3 на 4 жніўня 1943 г. і працягваўся да сярэдзіны верасня 1943 г., другі – з 19 верасня 1943 г. да пачатку лістапада 1943 г. (ён атрымаў назву «Канцэрт»). За час 1-га і 2-га этапаў «рэйкавай вайны» партызаны ўзарвалі звыш 200 тыс. рэек. Былі разбураны чыгуначныя лініі Цімкавічы-Асіповічы,. Бабруйск-Старушкі, Жлобін-Калінкавічы. На многіх чыгуначных магістралях рух быў перапынены ад 4 да 15 сутак, а ўчасткі Магілёў-Крычаў, Полацк-Дзвінск, Магілёў-Жлобін, Баранавічы-Лунінец былі выведзены са строю на яшчэ большы тэрмін. Адначасова партызаны пускалі пад адхон эшалоны, узрывалі масты, вадакачкі, чыгуначныя станцыі.

Трэці этап «рэйкавай вайны» быў распачаты ў ноч на
20 чэрвеня 1944 г., незадоўга да правядзення савецкімі войскамі аперацыі «Баграціён». На гэтым этапе партызаны Беларусі непасрэдна ўзаемадзейнічалі з наступаючымі войскамі Чырвонай Арміі. У ходзе аперацыі яны падарвалі 61 тыс. рэек (у першы дзень 40775), знішчылі 8 чыгуначных мастоў. Былі поўнасцю выведзены са строю асноўныя чыгуначныя лініі, часткова паралізаваны варожыя перавозкі амаль па ўсіх дарогах Беларусі.

Яскравым паказчыкам баявых поспехаў партызан у 1943 г. з’яўляецца тое, што пад іх кантролем знаходзілася 60% акупаванай тэрыторыі, значная частка якой была цалкам вызвалена ад захопнікаў. Сур’ёзна занепакоеныя такім становішчам, фашысты на працягу 1943 г. правялі звыш 60 буйных карных аперацый супраць партызан і насельніцтва. У шматдзённых баях апрача ахоўных і паліцэйскіх сіл прымалі таксама ўдзел многія тысячы кадравых салдат і афіцэраў вермахта. На іх узбраенні былі танкі, артылерыя, самалёты.

У час правядзення карных аперацый вораг лютаваў не толькі супраць партызан, але масава знішчаў мірнае насельніцтва. Усяго за гады акупацыі Беларусі захопнікі правялі звыш 140 карных аперацый. У іх удзельнічалі 5 ахоўных, 1 пяхотная,
1 спецыяльнага прызначэння, 1 матарызаваная СС, 2 вучэбна-палявыя дывізіі, а таксама часці 3-яй танкавай, 2, 3 і 4-ай палявых армій вермахта, шматлікія паліцэйска-вышукальныя сілы і падраздзяленні войск сатэлітаў. Мэтай гэтых экспедыцый, безумоўна, было не толькі жаданне праціўніка расправіцца з партызанамі, але і больш важкі намер – выканаць гітлераўскія планы па рэзкаму скарачэнню людскога патэнцыялу Беларусі
(на 75%).

Такім чынам, партызанка на Беларусі стала важным ваенна-палітычным фактарам стратэгічнага значэння, які паказаў крах акупацыйнай палітыкі немцаў. Размах дзеянняў беларускіх партызанаў можна параўнаць з вынікамі любой буйной наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі. Партызанамі былі знішчаны ці паранены звыш 500 тыс. немцаў, узарвана 11,1 тыс. чыгуначных саставаў і 34 бронепаязды, знішчаны 29 чыгуначных станцый, 19 тыс. аўтамашын, 305 самалётаў, 1355 танкаў і бронемашын. Страты партызан склалі 45 тыс. забітымі, але да іх дадаюцца сотні тысяч мірных жыхароў, знішчаных пад час правядзення 140 карных экспедыцый.

Дзейнасць беларускіх партызанаў знайшла належную ацэнку з боку кіраўніцтва краіны. 88 партызан-беларусаў сталі Героямі Савецкага Саюза, 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. 16 ліпеня 1944 г. у вызваленым Мінску адбыўся вялікі мітынг і парад партызанскіх атрадаў з усёй Беларусі, у якім прыняло ўдзел больш за 30 тыс. партызан. Гэта было прызнаннем вялікай заслугі насельніцтва Беларусі ў барацьбе супраць акупантаў.

Падпольная барацьба

Адначасова з узброенай партызанскай барацьбой разгортвалася падпольная антыфашысцкая дзейнасць у гарадах і іншых населеных пунктах. Партыйна-савецкія ўлады напярэдадні акупацыі Беларусі паклапаціліся аб тым, каб пакінуць заканспіраваныя групы, арганізаваць яўкі, распрацаваць розныя віды сувязі. На гэта арыентавала дырэктыва ЦК КП(б)Б ад
30 чэрвеня 1941 г. аб пераходзе на падпольную работу партарганізацый раёнаў, занятых ворагам. Звярталася ўвага на тое, што партызанская барацьба павінна знаходзіцца ў полі зроку і весціся пад непасрэдным кіраўніцтвам заканспіраваных падпольных партыйных структур. Мясцовыя парторганы ў сціслыя тэрміны правялі работу па ўтварэнню на тэрыторыі Беларусі
партыйна-камсамольскага падполля. Да поўнай акупацыі рэспублікі ў 89 раёнах Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай, Палескай і Пінскай абласцей былі арганізацыйна аформлены раённыя падпольныя парторганы (райкомы, тройкі) на чале з сакратарамі або членамі былых парторганаў.

У чатырох абласцях – Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай і Пінскай – заставаліся абласныя парторганы. Для арганізацыйна-кіруючай дзейнасці ў тыле ворага былі пакінуты звыш 1200 камуністаў, у тым ліку 8 сакратароў абкомаў і 120 сакратароў гаркомаў і райкомаў партыі. Усяго ж для нелегальнай работы ў Беларусі заставалася звыш 8500 камуністаў. Кіраўніцтва камсамола рэспублікі на акупаванай тэрыторыі пакінула
73 кіруючых работнікаў, больш за 1400 ячэек, у якіх у агульнай колькасці налічвалася звыш 5 тыс. чалавек. Па меркаванню партыйнага і камсамольскага кіраўніцтва, пакінутыя ў тыле ворага камуністы і камсамольцы павінны былі з’явіцца тым ядром, вакол якога згуртуюцца ўсе свядомыя і патрыятычныя сілы. Трэба зазначыць, што з пастаўленай мэтай пакінутыя партыйныя і камсамольскія работнікі, радавыя камуністы і камсамольцы справіліся паспяхова, аб чым сведчаць размах, глыбіня і агульныя вынікі супраціўлення захопнікам.

Як і партызанскія фарміраванні, папярэдне створанае і самастойна ўзнікшае падполле адразу ж прыступіла да дыверсійна-баявой і палітычнай дзейнасці. У Мінску ўжо ў другой палове 1941 г. падпольшчыкі ўзрывалі склады са зброяй і ваеннай маёмасцю, цэхі і майстэрні па рамонту баявой тэхнікі, вырабу харчавання, знішчалі варожых чыноўнікаў, салдат і афіцэраў. У снежні 1941 г., у час напружаных баёў пад Масквой, яны ажыццявілі паспяховую дыверсію на чыгуначным вузле: вынікам яе з’явілася тое, што ў суткі адсюль на фронт адпраўлялася толькі 5–6.

Акупацыйная адміністрацыя ў Мінску атрымлівала звесткі аб актыўнай дыверсійна-баявой дзейнасці падпольшчыкаў Брэста, Гродна, Мазыра, Віцебска, іншых гарадоў Беларусі. За верасень-кастрычнік у Беластоку было спалена тры вайсковыя склады, у Брэсце – адзін харчовы, у Вілейцы – склад са зброяй і боепрыпасамі. У пачатку лістапада гомельскія падпольшчыкі на чале з Ц.С.Барадзіным, Р.I.Цімафеенка і I.Б.Шылавым схавалі ў рэстаране скрынку з узрыўчаткай і мінай з часавай наводкай. Калі там сабраліся нямецкія афіцэры, каб ушанаваць поспехі войск вермахта пад Масквой, грымнуў магутны выбух, які знішчыў дзесяткі афіцэраў і аднаго генерала.

На Аршанскім чыгуначным вузле эфектыўна дзейнічала група К.С.Заслонава. У снежні 1941 г. брыкета-вугальнымі мінамі яна вывела са строю некалькі дзесяткаў паравозаў: частка з іх была ўзарвана і замарожана на станцыі, іншыя ўзарваліся на шляху да фронту. Скардзячыся з гэтага выпадку, аршанская група бяспекі і СД паведамляла свайму кіраўніцтву: «Дыверсіі на чыгуначнай лініі Мінск-Орша сталі такімі частымі, што кожную з іх паасобку не апішаш. Не праходзіць ніводнага дня, каб не было здзейснена адной альбо некалькіх дыверсій».

Небяспечную для свайго жыцця дзейнасць у акупаваным Магілёве праводзіла група медыкаў-падпольшчыкаў. У яе склад уваходзілі ўрачы У.П.Кузняцоў, А.I.Паршын, Ф.I.Пашанін, якія ўсе загінулі, сярэдні і малодшы медперсанал. Знішчыўшы сапраўдныя медыцынскія карткі і сфабрыкаваўшы новыя, яны здолелі адправіць за горад сотні байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі.

Пасля перамогі ў Маскоўскай бітве падпольная барацьба ў гарадах і населеных пунктах Беларусі шырылася і паглыблялася. Відавочную ролю ў гэтым адыграў той фактар, што была праведзена работа па ўстанаўленню сувязі кіраўніцтва падполля з Вялікай зямлёй, адкуль праз аэрадромы партызанскіх фарміраванняў падпольшчыкам паступалі не толькі неабходныя звесткі, але і значная дапамога зброяй, мінна-ўзрыўной тэхнікай, медыкаментамі. Умацавалася сувязь падполля з насельніцтвам, партызанскімі атрадамі і групамі. Усё гэта разам самым станоўчым чынам адбілася на дзейнасці падполля.

Мінскія падпольшчыкі ў 1942 г. сваю ўвагу засяродзілі на масава-агітацыйнай рабоце сярод жыхароў горада, сістэматычных дыверсіях на розных аб’ектах, зборы для партызан разведвальных звестак, вызваленні ваеннапалонных і патаемнай адпраўцы іх у лес да партызан. Не абышлося і без цяжкіх страт. У сакавіку-красавіку 1942 г. за турэмныя краты трапіла больш за 400 чалавек, у тым ліку члены падпольнага ГК КП(б)Б С.I.Заяц (Зайцаў), I.П.Казінец, Г.М.Сямёнаў. 7 мая яны былі павешаны, а яшчэ 251 чалавек былі расстраляныя. Мінскае падполле знайшло ў сябе сілы зноў узняцца на барацьбу. На нарадзе ў маі 1942 г. былі прааналізаваны прычыны правалу, і былі створаны аддзелы: разведкі, агітацыі і прапаганды, ваенны, арганізацыі дыверсій, сфарміраваны пяць падпольных райкомаў партыі, шэраг падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый на прадпрыемствах і ва ўстановах. Падпольшчыкі выпускалі газету «Звязда», лістоўкі, мелі сувязь з падполлем Асіповічаў, Оршы, Бабруйска, Дзяржынска, Узды, Калодзішчаў, Смалявічаў, іншых гарадоў і населеных месцаў Беларусі.

У ноч на 26 верасня 1942 г. зноў пачаліся арышты ўдзельнікаў падполля. Сярод іх – сакратар падпольнага гаркома I.К.Кавалёў, члены камітэта Дз.А.Караткевіч, В.К.Нікіфараў, К.I.Хмялеўскі, сакратары райкомаў Н.Я.Герасіменка (з сям’ёй), М.К.Каржанеўскі, I.I.Матусевіч, М.А.Шугаеў, кіраўнікі падпольных арганізацый і груп, актыўныя падпольшчыкі Л.Я.Адзінцоў, М.А.Багданаў, Е.М.Баранаў і іншыя.

Удар, нанесены акупантамі мінскаму падполлю восенню 1942 г., быў вельмі цяжкім, але і ён не прымусіў патрыётаў скарыцца. Сведчаннем таму былі расклееныя 21 кастрычніка 1942 г. больш чым у 300 месцах горада лістоўкі з заклікам яшчэ мацней біць акупантаў.

З мэтай дыскрэдытаваць падполле была распрацавана версія аб здрадзе кіраўніцтвам ГК КП(б)Б, у першую чаргу яго сакратаром I.К.Кавалёвым. На жаль, гэтай фальшыўцы гітлераўскіх спецслужб паверылі ў ЦК КП(б)Б, і на доўгія гады над мінскім падполлем навісла хмара недаверу. Мінскае падполле і пасля другога правалу працягвала сваю дзейнасць. Цесную сувязь з ім мелі шэраг партызанскіх брыгад. У горадзе практычна не было ніводнага прадпрыемства ці ўстановы, дзе б ні дзейнічалі патрыёты. Дзесяткі дыверсійных груп былі створаны на Мінскім чыгуначным вузле. У другой палове 1943 г. тут было праведзена больш за 50 дыверсій. Па ўдакладненных данных, у складзе мінскага падполля самааддана змагалася звыш 9 тыс. чалавек, больш тысячы камуністаў і звыш 2 тысяч камсамольцаў, антыфашысты замежных краін. За час акупацыі ў Мінску было праведзена звыш 1500 дыверсій. Тут нашлі сваю пагібель многія высокапастаўленыя асобы, у тым ліку генеральны камісар Беларусі В.Кубэ.

У Віцебску ў 1941-1942 гг. дзейнічала 56 падпольных груп. Адной з іх з кастрычніка 1942 г. кіравала В.З.Харужая, якая была накіравана сюды ад БШПР. 13 лістапада 1942 г. фашысты схапілі і пасля доўгіх допытаў закатавалі яе, а таксама С.С.Панкову, Е.С.Суранаву, К.Д.Балдачову, сям’ю Вераб’ёвых. Пасмяротна В.З.Харужай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Шырокі размах набыў падпольны рух у Асіповічах, Барысаве, Бабруйску, Оршы, Жлобіне, Петрыкаве, Полацку, Брагіне, Добрушы, Калінкавічах, Мазыры, іншых населеных пунктах. Асабліва актыўна дзейнічалі падпольшчыкі на чыгуначным транспарце. На тэрыторыі Беларусі фактычна не было ніводнай колькі-небудзь значнай станцыі, дзе б ні змагаліся патрыёты. Шырокую вядомасць набылі баявыя подзвігі маладых обальскіх падпольшчыкаў. Падпольная камсамольская арганізацыя «Юныя мсціўцы» на чыгуначнай станцыі Обаль Віцебскай вобласці была створана вясной 1942 г. Узначальвала гэту арганізацыю камсамолка Ефрасіння Зянькова. У склад яе ўваходзіла каля 40 чалавек. Усяго маладыя падпольшчыкі зрабілі 21 дыверсію: спалілі льнозавод, пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, карысныя разведдадзеныя, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро і інш. Амаль усе падпольшчыкі былі арыштаваныя і пакараныя смерцю, у тым ліку Н.А.Азоліна, М.П.Аляксеева, Н.М.Давыдава, З.М. артнова, Ф.Ф.Слышанкова і іншыя. Пасля вайны Ефрасінні Зяньковай і Зінаідзе Партновай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У заходніх абласцях Беларусі таксама дзейнічалі антыфашысцкія арганізацыі, што ствараліся па ініцыятыве камуністаў, былых актывістаў КПЗБ, камсамольцаў, іншых патрыётаў. У маі 1942 г. на базе антыфашысцкіх груп Васілішкаўскага, Шчучынскага, Радунскага, Скідальскага раёнаў быў створаны «Акруговы беларускі антыфашысцкі камітэт Баранавіцкай вобласці». Арганізатарам камітэта з’яўляліся Г.М.Картухін, А.I.Іваноў, А.Ф.Манковіч і Б.I.Гардзейчык. Камітэт правёў значную работу па стварэнню новых і актывізацыі дзейнасці існуючых груп і арганізацый. Восенню 1942 г. пад кіраўніцтвам гэтага камітэта барацьбу з акупантамі вялі больш за 260 падпольшчыкаў.

Важная роля ў разгортванні антыфашысцкага руху ў Брэсцкай вобласці належала створанаму ў маі 1942 г. па ініцыятыве былых членаў КПЗБ I.П.Урбановіча, М.Е.Крыштафовіча, I.I.Жыжкі «Камітэту барацьбы з нямецкімі акупантамі». Камітэт не абмяжоўваў сваю дзейнасць толькі раёнамі Брэсцкай вобласці, а распаўсюджваў уплыў на шэраг раёнаў Баранавіцкай і Беластоцкай абласцей.

У Гомелі актыўную барацьбу з ворагам вялі падпольныя групы на чыгуначным вузле, паравоза-вагонарамонтным заводзе, лесакамбінаце, гарадской электрастанцыі, іншых прадпрыемствах горада – усяго больш за 400 чалавек. Іх дзейнасцю кіраваў аператыўны цэнтр у складзе Ц.С.Барадзіна, I.Б.Шылава, Р.I.Цімафеенкі. 8 мая 1942 г. у час падрыхтоўкі падрыву гарадской электрастанцыі гэтыя асобы і дзесяткі іншых актыўных падпольшчыкаў былі схоплены разведвальна-карнай службай ворага.

Вясною 1942 г. каля 40 груп Магілёва (больш за 400 чалавек) аб’ядналіся ў падпольную арганізацыю «Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі», якую ўзначальваў мясцовы настаўнік К.Ю.Мэтэ. Камітэт каардынаваў дзейнасць групы чыгуначнікаў, настаўнікаў, рабочых хлебазавода, аўтарамонтнага завода, фабрыкі штучнага шоўку, работнікаў абласной бальніцы, былых ваеннаслужбоўцаў і іншых. Дзякуючы пільнасці, надзейнай канспірацыі і ўдалай структуры арганізацыі магілёўскаму падполлю доўгі час удавалася пазбягаць масавых правалаў і арыштаў.

У Асіповічах у ноч на 30 ліпеня 1943 г. была здзейснена адна з самых буйных дыверсій другой сусветнай вайны. Адзін з кіраўнікоў падполля камсамолец Фёдар Крыловіч, падлажыў дзве магнітныя міны пад эшалон з гаручым, які павінен быў адысці ў бок Гомеля. Але партызаны пашкодзілі чыгунку, і эшалон быў пераведзены ў парк, дзе ў гэты час знаходзілася яшчэ тры эшалоны з вогненебяспечнымі грузамі. Праз некаторы час раздаліся выбухі. Пажар перакінуўся на іншыя эшалоны, нагружаныя ваеннай тэхнікай, боепрыпасамі і авіябомбамі. Амаль 10 гадзін немцы не маглі ліквідаваць пажар, які суправаджаўся выбухамі авіябомб, снарадаў і мін. У выніку аперацыі былі поўнасцю знішчаны 4 эшалоны, у тым ліку адзін з танкамі «тыгр», 31 цыстэрна з гаручым, 63 вагоны са снарадамі, авіябомбамі, мінамі.

Аналіз такой гістарычнай з’явы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, як дзейнасць антыфашысцкага падполля на часова акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі, сведчыць, што падполле з пачатку і да канца свайго існавання (а праз яго за гады вайны прайшло звыш 70 тыс. чалавек) было цесна звязана з народнымі масамі, абапіралася на іх пастаянную падтрымку і канкрэтную дапамогу. У яго ўзнікненні і дзейнасці вялікую ролю адыгралі камуністы, што знаходзіліся ў варожым тыле і карысталіся даверам мясцовага насельніцтва. Сведчаннем гэтага з’яўляецца і той факт, што за тры гады варожай акупацыі ў партыю непасрэдна на акупаванай тэрыторыі Беларусі ўступіла звыш
12,5 тыс. патрыётаў.

Вынікі: Такім чынам, партызанская барацьба і падпольнае супраціўленне на Беларусі носіць усенародны характар, і няхай былі свае рэгіянальныя адрозненні і ўсенародны характар савецкай партызанкі не адразу ўзнік на ўсёй тэрыторыі Беларусі – тым не менш, гэта з’яўляецца вельмі важным паказчыкам – наш народ не прыняў «новы парадак», які сілай насаджаўся захопнікамі.

Кантрольныя пытанні да тэмы №7

  1.  Што вы можаце сказаць пра партызанку на Беларусі ў 1941 г.?
  2.  Якія фактары паспрыялі шырокаму развіццю партызанскага руху на Беларусі ў 1942 г.?
  3.  Якія рэгіянальныя асаблівасці наглядаліся ў развіцці партызанкі на Беларусі і з чым гэта было звязана?
  4.  Якія мэты ўскладала Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання на партызанскі рух на Беларусі і наогул – на захопленых тэрыторыях?
  5.  У выніку чаго стала магчымым з’яўленне партызанскіх зон?
  6.  Якія беларускія падпольныя арганізацыі вы ведаеце?
  7.  Якія накірункі падпольнай работы лічыліся галоўнымі?


РАЗДЗЕЛ Ш. РАЗГРОМ ФАШЫСЦКАГА БЛОКА. ЗАВЯРШЭННЕ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ І ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВОЙНАЎ

ТЭМА 8. ПАДЗЕІ НА ФРАНТАХ ВАЙНЫ. КРУШЭННЕ НАСТУПАЛЬНАЙ СТРАТЭГІІ ГЕРМАНСКАГА ВЕРМАХТА

Лекцыя 9. Падзеі на франтах вайны. Крушэнне наступальнай стратэгіі германскага вермахта

Асноўныя паняцці:

бітва каля вострава Мідуэй; бітва ў Каралавым моры; Эль-Аламейн; загад №227; аперацыя «Эдельвейс»; этапы Сталінградскай бітвы; аперацыя «Кальцо»; ударная групоўка Гота; «паветраны мост»; сепаратны мір; аперацыя «Цытадэль»; Курскі выступ; этапы Курскай бітвы; аперацыя «Кутузаў»; аперацыя «Румянцаў»; група армій «Поўдзень»; «Блакітная дывізія»; «Усходні вал»; «Рэйкавая вайна»; канферэнцыя ў Касабланцы; канферэнцыя ў Квэбэке; Цегеранская канферэнцыя; «усеагульная бяспека»; аперацыя «Аверлорд»; «польскае пытанне»; «Вялікая тройка».

Пашырэнне маштабаў Другой сусветнай вайны. Перамогі саюзных войск у Афрыцы, Міжземнамор’і і на Ціхім акіяне

Паражэнне нямецка-фашысцкай арміі пад Масквой мела важныя палітычныя і стратэгічныя вынікі. Досыць хутка арганізацыйна аформілася антыгітлераўская кааліцыя, якая атрымала назву «Аб’яднаныя нацыі». Гэтыя дзяржавы абавязаліся супрацоўнічаць у вайне да поўнай перамогі. Такім чынам, тэатр ваенных дзеянняў пашыраліся на новыя часткі планеты.

Актыўныя баявыя дзеянні ў пачатку 1942 г. разгарнуліся на Ціхім акіяне. Японія акупіравала Малазію, Інданэзію, Філіпіны, Бірму, нанесла буйнае паражэнне англійскаму флоту ў Сіамскім заліве і англа-амерыканскаму флоту ў Яванскай аперацыі, захапіўшы панаванне на моры. Аднак ужо ў маі-чэрвені амерыканцы нанеслі паражэнне японскаму флоту ў Каралавым моры і каля вострава Мідуэй. Пры гэтым яны скарысталіся японскай тактыкай выкарыстання моцных авіянясучых груповак. Менавіта з гэтага часу галоўнай сілай на моры з’яўляецца авіяносец.

У Міжземным моры італа-германскаму флоту ўдалося ўстанавіць кантроль на шляхах, якія вялі ў Афрыку. У студзені-лютым 1942 г. італа-германскія войскі разграмілі брытанскія часці ў Лівіі і занялі Бенгазі. У Атлантычным акеане вельмі актыўна дзейнічалі германскія «ваўкі» – падводныя лодкі, якія тапілі англійскія і амерыканскія транспартныя судны, пагражалі зрывам марскіх камунікацый саюзнікаў. Германскі надводны флот і авіяцыя перабазіраваліся ў Нарвегію, перашкаджаючы руху паўночных канвояў у Савецкі Саюз, якія дастаўлялі грузы па праграме ленд-лізу ў СССР.

Аднак з вясны 1942 г. суадносіны сіл пачалі змяняцца на карысць антыгітлераўскай кааліцыі. У Афрыцы італа-германскія войскі, у складзе 8 італьянскіх і 4 нямецкіх дывізій (з іх
4 танкавыя і 2 матарызаваныя), так і не здолеўшы захапіць сталіцу Егіпта Каір, перайшлі ў раёне Эль-Аламейна да абароны.
А восенню 1942 г. для англа-амерыканскіх войскі перайшлі ў наступленне. У канцы кастрычніка – пачатку лістапада 1942 г. 8-я брытанская армія, у склад якой уваходзілі англійскія, аўстралійскія, індыйскія, навазеландскія, паўднёва-афрыканскія, грэчаскія, французскія, польскія дывізіі і брыгады, у ходзе двухтыднёвых наступальных баёў зламала супраціўленне італа-нямецкіх войск пад Эль-Аламейнам, нанесла ім вялікія страты і выгнала з Егіпта. Гэтая перамога стала значнай падзеяй для заходніх саюзнікаў. Яна змяніла абставіны ў Паўночнай Афрыцы і на Міжземным моры на іх карысць. У час бітвы пад Эль-Аламейнам італьянцы і немцы страцілі 55 тыс. забітымі, параненымі і палоннымі, 320 танкаў і каля 1 тыс. гармат. Але гэ-
та – не паваротны пункт у вайне, ці на словах У.Чэрчыля «паварот лёсу ў вайне».

8 лістапада 1942 г. амерыканска-англійскія войскі высадзіліся ў Паўночнай Афрыцы ў Марока. 13 мая 1943 г. італа-германскія войскі ў Тунісе капітуліравалі. Іх агульныя страты склалі больш за 300 тыс. салдат і афіцэраў, з іх 30 тыс. забітымі. Ваенныя дзеянні ў Паўночнай Афрыцы закончыліся.

У ліпені-жніўні 1943 г., калі ішла буйнейшая бітва на Курскай дузе, англа-амерыканскія войскі высадзіліся на востраве Сіцылія і авалодалі ім. 25 ліпеня 1943 г. фашысцкі рэжым у Італіі паў. З верасня яна заключыла перамір’е з саюзнікамі, а
13 кастрычніка 1943 г. Італія аб’явіла вайну Германіі.

Ваенныя дзеянні на савецка-германскім фронце

У красавіку 1942 г. націск Чырвонай Арміі на германскія войскі паслабеў. Наглядаўся недахоп рэзерваў, тэхнікі, граматнага кіраўніцтва. Тым не менш, на лета 1942 г. Стаўка запланавала як абарончыя аперацыі, так і буйныя наступальныя. Армія выкарыстала час для папаўнення асабовага складу, тэхнікі, вывучэння вопыту вайны. Але і вермахт значна ўзмацніў сваю ўдарную сілу. Германія пераадолела крызіс, выкліканы крахам плана «Барбароса». Гітлераўскае кіраўніцтва планавала на лета 1942 г. разграміць Чырвоную Армію яшчэ да адкрыцця саюзнікамі другога фронту ў Еўропе.

8 мая 1942 г. пачалося наступленне германскіх войскаў у Крыму. Выкарыстаўшы тактыку клінавога прарыву фронту, якая ўжо добра сябе паказала ў 1941 г., немцы разграмілі войскі Крымскага фронту і 15 мая захапілі Керч, а 4 ліпеня пасля жорсткай асады быў захоплены Севастопаль.

Адначасова з баямі ў Крыме разгарнуліся актыўныя дзеянні каля Харкава. Тут да наступлення рыхтаваліся абодва бакі. 12 мая з раёну «барвенкоўскага выступу» пачалося наступленне войск Паўднёва-Заходняга фронту, якое было перарвана контрударам групоўкі Клейста 17 мая. У выніку яго да 23 мая 6-я нямецкая армія і групоўка Клейста акружыла савецкія арміі ў кальцо. Страты склалі 267 тыс чалавек, у тым ліку 200 тыс палоннымі, 652 танка, 4,7 тыс. гармат і мінамётаў і г.д. У выніку фронт быў значна паслаблены і да ліпеня 1942 г. пад час буйнамаштабнага наступлення вермахт захапіў Данбас і выйшаў у непасрэдна да Сталінграда і Паўночнага Каўказу.

У гэтых умовах патрабавалася прымаць надзвычайныя меры па ўмацаванню ваеннай дысцыпліны ў арміі. 28 чэрвеня 1942 г. прымаецца загад №227, больш вядомы як «Ні кроку назад!», ствараюцца штрафныя роты і батальёны, куды накіроўваюць дэзерціраў і «няўстойлівых». Масава ствараюцца загараджальныя атрады, якія ставяцца ў тыле савецкіх дывізій і мэта якіх – расстрэльваць бягучых з поля бою. Распачынаецца другая хваля эвакуацыі прадпрыемстваў з рэгіёнаў, якім пагражае акупацыя.

Летам 1942 г. Гітлер паставіў дзве мэты – захапіць Каўказ і Сталінград. З захопам Каўказа вораг спадзяваўся паралізаваць базы Чарнаморскага флоту, захапіць савецкія нафтапромыслы і перарваць важны маршрут паставак ленд-лізаўскіх тавараў у СССР. Бітва за Каўказ, пад назвай «Эдельвейс», працягвалася з 25 ліпеня 1942 г. па 9 кастрычніка 1943 г. Немцы здолелі падыйсці толькі да Маздока (25 жніўня) і Наварасійска
(10 верасня 1942 г.). Захапіць Грозны і Туапсе сілаў ім не хапіла. А ў 1943 г. іх каўказская групоўка была разбітая і паланёная. Бітва за Каўказ праходзіла
ў цеснай сувязі з Сталінградскай бітвай, якая аказала непасрэдны ўплыў на абставіны ў раёне Каўказа.

Сталінградская і Курская бітвы. Карэнны пералом у вайне

28 чэрвеня 1942 г. нямецкія войскі перайшлі ў наступленне і прасунуліся на 150-400 км, захапілі Данбас, стварылі непасрэдную пагрозу Паўночнаму Каўказу і Сталінграду.

Сталінградская бітва мела некалькі этапаў. Першы абарончы этап цягнуўся з 17 ліпеня па 18 лістапада. Нягледзячы на жорсткае супраціўленне савецкіх войск, 25 жніўня 1942 г. нямецкая 6-я армія дасягнула заходніх межаў горада.
З паўднёвага захаду прасоўвалася 4-я танкавая армія і румынскія часткі. Савецкае камандаванне праводзіць рэарганізацыю франтоў і перакідвае да Сталінграда стратэгічныя рэзервы –
15 стралковых дывізіі і 3 танкавых корпуса. Зноў ствараліся атрады народнага апалчэння, знішчальныя батальёны.
У верасні распачынаюцца жорсткія баі на тэрыторыі горада. 14 кастрычніка пасля чарговага наступлення, нямецкім войскам удалося выйсці да Волгі на невялікім участку фронту каля завода «Барыкады». Але гэта быў іх апошні поспех. У вулічных баях немцы страцілі сваю галоўную перавагу – свабоду манёўру, неслі велізарныя страты. Набліжалася вайна – усё гэта падрывала маральныя здольнасці нямецкіх войск.

Другі этап Сталінградскай бітвы – гэта контрнаступленне савецкіх войск (19 лістапада 1942 г. – 2 лютага 1943 г.), а так сама і аперацыя «Кальцо» па ліквідацыі паланёнай групоўкі праціўніка. Рашэнне аб контрнаступленні было прынята яшчэ ў верасні і рыхтавалася тайна, нават не ўсе члены ДКА аб ім ведалі. Групоўка савецкіх войскаў не нашмат пераўзыходзіла нямецкую, толькі па танках была перавага ў 2,2 разы. Але быў удала выбраны момант наступлення, калі нямецкія войскі яшчэ не здолелі стварыць абаронныя рубяжы, да таго, найбольш баяздольныя дывізіі былі ўцягнутыя ў баі за горад, а флангі прыкрывалі італьянскія і румынскія войскі.


Наступленне пачалося раніцай 19 лістапада 1942 г. з двух напрамкаў і ўжо 23 лістапада 1942 г. войскі самкнуліся каля гарадоў Калач і Савецкі, акружыўшы 330 тыс. чалавек
6-й палявой і 4-й танкавай арміі вермахта.

Для дэблакіравання акружаных нямецкае камандаванне стварыла ўдарную групоўку Гота, якая 12 снежня распачала наступленне на Сталінград. Але гэтая спроба, як і спроба наладзіць «паветраны мост» скончыліся для акружэнцаў безпаспяхова. 10 студзеня пачалося наступленне на акружэнцаў, а 31 студзеня і 2 лютага расчлененыя групоўкі нямецкіх армій капітулявалі. Аперацыя «Кальцо» паспяхова завяршылася. У палон было захоплена 113 тыс. чалавек, у тым ліку 2,5 тыс. афіцэраў і 24 генералы, на чале з камандуючым 6-й арміяй фельдмаршалам Ф.Паўлюсам. На полі бітвы было падабрана каля 140 тыс. салдат і афіцэраў.

Паражэнне пад Сталінградам вызвала глыбокі палітычны крызіс у Германіі. Вера германскага народа, а самае галоўнае, германскага салдата, у перамогу была страчана. Актывізаваўся рух Супраціўлення ў краінах, акупіраваных Германіяй і ў самой Германіі. Пачалася крытыка дзейнасці ваеннага кіраўніцтва, а самае галоўнае – нацысцкай партыі і асабіста фюрэра. У краіне была аб’яўлена трохдзённая жалоба.

Разгром пад Сталінградам вызваў крызіс і ў адносінах паміж саюзнікамі Германіі. Румынія і Венгрыя заклікалі Берлін да заключэння сепаратнага міру з заходнімі краінамі, а Мусаліні наадварот – з СССР. Ён лічыў, што перамагчы Савецкую Расію немагчыма. Турцыя, якая сімпатызавала нямецкім перамогам у 1941 г., імкнулася захаваць нейтралітэт. Змяніліся ўзаемаадносіны паміж СССР, Англіяй і ЗША. Апошнія добра разумелі, што перамога ў Еўропе можа адбыцца і без іх удзелу. Таму з вясны 1943 г. амерыканскі генштаб пачаў, са згоды Ф.Рузвельта, ствараць моцную групоўку ў Англіі.

Перамога мела выключнае значэнне для Савецкага Саюза. Яна паказала насельніцтву – што перамога магчымая, але перамога будзе няскорай і дасягнуць яе магчыма праз вялікія страты. Страты сапраўды былі вялізныя. З 17 ліпеня 1942 г. па
2 лютага 1943 г. у Чырвонай Арміі было забіта 478 тыс. чалавек, паранена 650 тыс. Шмат было страчана тэхнікі – больш 4 тыс. танкаў і 3 тыс. самалётаў, 15 тыс. гармат і мінамётаў.

У Сталінградскай бітве мужна змагаліся нашы землякі. 62-й арміяй камандаваў беларус генерал А.І.Лапацін, намеснікам камандуючага войскамі Сталінградскага і Данскога франтоў быў генерал К.А.Каваленка, 17-й паветранай арміяй камандаваў генерал С.А.Красоўскі, 5-й танкавай арміяй – генерал А.І.Лізікаў (загінуў 27 ліпеня 1942 г.). Стралковымі дывізіямі ў Сталінградскай бітве камандавалі Г.П.Ісакаў, А.І.Пастрэвіч. Штаб 21-й арміі ўзначальваў генерал В.А.Пянькоўскі. У баях за Сталінград званне Героя Савецкага Саюза атрымалі нашы землякі лётчыкі М.І.Абрамчук, Ф.Ф.Архіпенка, Р.В.Ксянзоў, П.Я.Галавачоў.

У працяг Сталінградскай бітвы кардынальных пераменаў дабіліся войскі паўночна-заходняга раёна. 18 студзеня 1943 г. імі была прарваная блакада Ленінграда. У горад пачало паступаць харчаванне для знясіленага насельніцтва. Былі ўзмоцнены войскі Ленінградскага фронту, і стратэгічная ініцыятыва тут канчаткова перайшла да Чырвонай Арміі.

Дзеля стабілізацыі палажэння на ўсходнім фронце немцы ахвяравалі Паўночнай Афрыкай. З Егіпта і Еўропы яны перакінулі 33 дывізіі, 3 брыгады, часткі люфтвафэ. Вясной 1943 г. у выніку моцнага контрудару паўднёвей Харкава немцы занялі абарону. Яны яшчэ ўяўлялі моцную сілу і рыхтаваліся перахапіць ініцыятыву ў Чырвонай Арміі. Кіраўніцтва Германіі вырашыла пачаць летам 1943 г. новае наступленне (аперацыя «Цытадэль»). Рашаючае наступленне павінна было змяніць на карысць Германіі становішча на фронце, падняць маральны дух вермахта і насельніцтва, утрымаць ад развалу фашысцкі блок.

Месцам наступлення быў выбраны Курскі выступ у фронце з савецкага боку. Тут немцамі планавалася нанесці ўдары з боку Арла і Белгарада, акружыць і знішчыць савецкую групоўку. Дзеля гэтага вермахт сканцэнтраваў лепшыя свае часткі, якія налічвалі больш за 900 тыс. салдат і афіцэраў, каля 2700 танкаў, звыш 2 тыс. самалётаў і каля 100 тыс. гармат і мінамётаў. Вялікія надзеі ўскладваліся на самыя новыя танкі T-V «Тыгр», T-VI H «Пантэра», штурмавыя гарматы «Фердынанд», самалёты «Фоке-Вульф-190А» і «Хенкель-129». 15 красавіка 1943 г. Гітлер падпісаў загадна падрыхтоўку аперацыі «Цытадэль».

Савецкае камандаванне своечасова разгадала планы немцаў і вырашыла ў наўмыснай абарончай аперацыі выматаць ударныя групоўкі ворага, а потым перайсці ў наступленне на ўсім паўднёвым участку фронту. На Курскім выступе была пабудавана глыбока эшаланіраваная абарона ў 8 рубяжоў глыбінёй да 300 км. Войскі Цэнтральнага (К.Ракасоўскі) і Варонежскага (Н.Ватуцін) франтоў налічвалі 1337 тыс. чалавек, 3306 танкаў і САУ, каля
20 тыс. гармат і мінамётаў, 2900 самалётаў. Акрамя таго, Стаўка сабрала ў Сцяпным фронце (І.Конеў) вялікія рэзервы – каля
580 тыс. чалавек, 1,5 тыс. танкаў. Каардынавалі дзеянні ад Стаўкі маршалы Г.К.Жукаў і А.М.Васілеўскі.

На першым этапе бітвы з 5 па 23 ліпеня 1943 г. Чырвоная Армія вельмі ўдала абаранялася, асабліва на Цэнтральным фронце. Пачалася бітва з масіраванага артылерыйскага абстрэлу нямецкіх пазіцый савецкай артылерыяй, у выніку чаго быў ліквідаваны фактар нечаканасці. Вермахт кінуў на прарыў абароны амаль усе свае сілы. Ужо ў першы дзень у баю ўдзельнічала да 700 танкаў. Нясучы вялікія страты, вораг да
11 ліпеня паглыбіўся на асобных участках Цэнтральнага фронту на 6-12, а Варонежскага фронту на 10-18 км., але мэт сваіх не дасягнуў. 12 ліпеня адбылася досыць буйная танкавая бітва каля Прохараўкі, ў якой удзельнічала каля 1100 танкаў. Сілы вермахта хутка таялі. 17 ліпеня Гітлер аддаў загад перапыніць наступленне.

Другі этап Курскай бітвы – гэта контрнаступленне Чырвонай арміі (з 12 ліпеня па 23 жніўня 1943 г.). У межах стратэгічнага наступлення былі праведзены аперацыі «Кутузаў». Яе сутнасць была ў тым, каб раздрабіць і знішчыць варожую групоўку па частках. Але немцы занялі актыўную мабільную абарону і не дазволілі выканаць задачу. Зноў праціўнік быў недаацэнены. Аперацыя «Румянцаў» прадугледжвала акружэнне і знішчэнне групы армій «Поўдзень». Асабліва жорсткія баі разгарнуліся заходней Харкава, у выніку якіх
23 жніўня горад быў вызвалены, стварыліся ўмовы для далейшага вызвалення Левабярэжнай Украіны і выхаду да Дняпра.

У выніку перамогі вораг канчаткова страціў стратэгічную ініцыятыву. Акрамя таго, вермахт недалічыўся 30 лепшых сваіх дывізій, з іх 7 танкавых. Маральны дух нямецкіх салдат моцна пахіснуўся, бо перамога над СССР стала немагчымай. Але і страты савецкіх войск былі велізарныя. 254,4 тыс. было забіта, 608,8 паранена. Было страчана каля 6 тыс. танкаў, 1600 самалётаў. Страты вермахта ў людзях былі ў 3,5 разоў меншыя. Танкаў яны страцілі 1,3 тыс., самалётаў каля тысячы. Па сутнасці, нашы «геніяльныя» палкаводцы дасягалі перамог крывёй простага салдата.

Дзякуючы поспехам Чырвонай Арміі саюзнікі 10 ліпеня 1943 г. бесперашкодна ажыццявілі захоп вострава Сіцылія. Хутка ў краіне адбудзецца дзяржаўны пераварот і Італія заключыць мір з саюзнікамі. Узмацніліся спробы Венгрыі так сама падпісаць сепаратны мір з Захадам. Восенню 1943 г. іспанскі дыктатар Франка вывеў сваю «Блакітную дывізію» з-пад Ленінграда. Узмацніўся крызіс у адносінах паміж Фінляндыяй і Германіяй.

Пасля паражэння летам 1943 г. гітлераўскае камандаванне аддае загад на стварэнне стратэгічнага абарончага рубяжа – «Усходняга вала» – які меў мэту не пусціць Чырвоную Армію на тэрыторыю Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Са жніўня да снежня 1943 г. Чырвоная Армія, разграміўшы групу армій «Поўдзень», вызваліла палову Украіны і паўднёва-усходнюю частку Беларусі з горадам Гомель.

У ходзе Курскай бітвы актыўную дапамогу савецкім войскам аказвалі партызаны. У тыле нямецкай групы арміі «Цэнтр» на чыгуначных камунікацыях беларускія партызаны правялі аперацыю «Рэйкавая вайна», у выніку якой яны падарвалі больш за 121 тыс. рэек і пусцілі пад адхон 833 варожыя эшалоны, 184 чыгуначныя масты, чым у значнай ступені скавалі перавозкі праціўніка. Так, у жніўні 1943 г. перавозкі для групы арміі «Цэнтр» скараціліся на 40%.

Звыш 100 тыс. савецкіх воінаў былі ўзнагароджаны ардэнамі і медалямі, больш за 180 – зоркай Героя Савецкага Саюза. Сярод іх беларусы: старшы лейтэнант А.К.Гаравец, адзіны ў свеце лётчык, які ў адным паветраным баю збіў 9 варожых самалётаў, лётчыкі І.М.Ерашоў, С.А.Карнач, К.А.Шабан, М.І.Альхоўскі, М.К.Шут, танкісты С.І.Чубукоў, В.М.Гінтаўт, пехацінцы Ф.Ф.Бруй, П.І.Шпетны, М.Л.Співак і іншыя.

У баях на Курскай дузе вызначыліся нашы землякі генералы: С.А.Красоўскі – камандуючы 2-й паветранай арміяй, П.П.Корзун – камандуючы 47-й арміяй, камандзіры авіякарпусоў З.А.Каравацкі, А.С.Благавешчанскі, С.Г.Кароль, начальнікі штабоў армій В.А.Пянькоўскі, А.Р.Бацюня, М.Р.Брылёў, А.В.Петрушэўскі і іншыя, камандзіры дывізій І.А.Даніловіч, Д.В.Казакевіч, М.М.Макаўчук, Ф.І.Перхаровіч, І.Я.Малашыцкі, камандзіры танкавых брыгад І.І.Гусакоўскі, П.М.Рудкін, І.І.Якубоўскі, М.Л.Ярмачок і іншыя.

Умацаванне антыгітлераўскай кааліцыі. Праблема другога фронту

Вайна значна паўплывала на міжнародную дзейнасць такой арганізацыі, як Камінтэрн. 22 мая 1943 г. газета «Праўда» апублікавала пастанову Прэзідыўма выканкама Камінтэрна аб самароспуску. Гэта было абгрунтавана тым, што кіраваць рабочым рухам з аднаго цэнтра лічылася немагчымым. Сталін у адказах карэспандэнту агенцтва «Рэйтэр» асабліва ўказаў – што Масква гэтым крокам паказала, што не жадае працягваць палітыку «сусветнай рэвалюцыі». Гэта значна аблягчыла адносіны Савецкага ўрада з краінамі Захаду. Але і камінтэрнаўскія структуры не зніклі – яны былі пераведзены пад крыло адзела міжнароднай інфармацыі ЦК УКП(б).

У 1942 г. савецкі ўрад патрабаваў, каб ўзброеныя сілы ЗША і Англіі правялі ў Заходняй Еўропе аперацыі большага размаху і гэтым прымусілі гітлераўскае камандаванне зняць з савецка-германскага фронту не менш 40 дывізій. Урады абедзвюх краін на словах пагаджаліся, але пад рознымі прычынамі адкладвалі адкрыццё другога фронту ў Еўропе. Так, на сумеснай Англа-амерыканскай канферэнцыі ў Касабланцы ў студзені 1943 г. яны вырашылі галоўны накірунак сваёй дзейнасці перанесці ў Міжземнамор’е і захапіць Сіцылію. У пачатку чэрвеня 1943 г. саюзнікі афіцыйна давялі да Масквы тое, што другі фронт у
1943 г. адкрыты не будзе. Сталін адказаў, што давер СССР да саюзнікаў знаходзіцца пад пагрозай. Аднак пасля перамогі пад Курскам Чырвонай Арміі заварушыліся памочнікі Ф.Рузвельта. Яны лічылі, што прэстыж СССР у выніку аднаасобнай перамогі над Германіяй не дазволіць ЗША дыктаваць умовы пасляваеннага светапарадку. На англа-амерыканскай
канферэнцыі ў Квэбэке ў жніўні 1943 г. згадзіліся на правядзенне аперацыі «Аверлорд» – фарсіравання Ла-Манша 1 мая 1944 г. А далей, у лістападзе
1943 г. Ф.Рузвельт нават будзе патрабаваць таго, каб штурм Берліна быў праведзены амерыканскімі войскамі.

Вызначанасць з тэрмінамі адкрыцця другога фронту палепшыла адносіны паміж СССР, Англіяй і ЗША. Склаліся магчымасці да сумеснай сустрэчы трох лідэраў кааліцыі.
У кастрычніку 1943 г. у Маскве прайшла канферэнцыя міністраў замежных спраў, на якой быў падпісаны пратакол, пацвярджаючы намеры саюзнікаў адкрыць другі фронт і разгледжаны пытанні, якія выносіліся на сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў. Была падпісана «Дэкларацыя чатырох дзяржаў па пытанню аб усеагульнай бяспекі», якую ад імя гаміньданаўскага ўрада падпісаў пасол Кітая ў Маскве. Такім чынам гэтая краіна надзялялася статусам вялікай дзяржавы.

Цегеранская канферэнцыя, на якой упершыню сустрэліся Ф.Рузвельт, У.Чэрчэль і І.Сталін прайшла з 28 лістапада па
1 снежня 1943 г.
У 1943 г. ужо бачная была перспектыва перамогі. Для гэтага важна было разам з ЗША і Англіяй прыступіць да падрыхтоўкі планаў пасляваеннага ўрэгулявання.

На канферэнцыі былі прыняты такія важныя рашэнні, як «Дэкларацыя аб сумесных дзеяннях у вайне супраць фашысцкай Германіі і аб пасляваенным супрацоўніцтве», ухвалена дэкларацыя аб прынцыпах «усеагульнай бяспекі». Былі ўхвалены таксама такія важныя рашэнні, як патрабаванне «безагаворачнай капітуляцыі Германіі», аб аднаўленні незалежнасці Аўстрыі, аб адказнасці нямецкіх ваенных злачынцаў і іншыя. Сталін спачатку згадзіўся с прапановай саюзнікаў аб расчляненні Германіі на асобныя дзяржавы, але да 1945 г. змяніў сваё рашэнне. Савецкі лідар паабяцаў уступіць у вайну супраць Японіі пасля капітуляцыі Германіі, але на ўмовах, якія падлягалі вызначэнню ў далейшым.

Канчаткова было прынятае рашэнне пачаць аперацыю «Аверлорд»адкрыццё другога фронту ў Еўропе ў маі 1944 г. СССР абавязаўся ў момант высадкі саюзнікаў правесці буйнамаштабную наступальную аперацыю.

Шмат крыві савецкаму лідэру папорціла «польскае пытанне». Да гэтага часу адносіны паміж польскім урадам у эміграцыі (дакладней, у Лондане) і Масквой былі разарваныя па прычыне абнародавання немцамі факту расстрэлу савецкімі ўладамі пад Катынью тысяч польскіх афіцэраў. Да гэтага адносіны складваліся адносна добра, на тэрыторыі СССР нават быў створаны з палонных салдатаў польскай арміі корпус генерала Андэрса колькасцю каля 75 тыс.чалавек, які потым змагаўся ў Афрыцы і Італіі. У.Чэрчыль прапанаваў правесці ўсходнюю мяжу Польшчы па лініі Керзана, але далучыць да яе тэрыторыю Усходняй Прусіі – супраць чаго выступіў Сталін. Таму пытанне аб польскай мяжы было перанесена на далейшыя сустрэчы. Гэта яшчэ больш абвастрыла савецка-польскія супярэчнасці.

Цегеранская канферэнцыя мела надзвычай вялікае палітычнае значэнне. Яна знаменавала вышэйшую ступень у развіцці адносін унутры антыфашысцкай кааліцыі – была створана так званая «Вялікая тройка», існаванне якой гаварыла пра блізкія адносіны паміж лідэрамі свету. Цегеранская «Дэкларацыя трох дзяржаў аб сумесных дзеяннях у вайне супраць фашысцкай Германіі і пасляваенным супрацоўніцтве» паказала ўсяму свету паслядоўнасць намераў саюзнікаў на поўную перамогу і абадзёрыла Чырвоную Армію, якая, па словах Сталіна, пачала стамляцца ад аднаасобнай барацьбы з Германіяй.

Вынікі: у канцы 1942 – 1943 гг. канчаткова была парушана мара германскага кіраўніцтва аб сусветным панаванні і аб перамозе над СССР. Вызначальныя перамогі Чырвонай Арміі пад Сталінградам і Курскам, зняцце блакады Ленінграда і пачатак вызвалення Украіны падштурхнулі саюзнікаў да больш актыўных дзеянняў па падрыхтоўцы адкрыцця другога фронту і вымусіла ісці на кантакты з кіраўніцтвам СССР у пытаннях пасляваеннага светапарадку. Гэта гаворыць аб тым, што менавіта СССР з’яўляецца галоўным фактарам дасягнення карэннага пералому ў вайне з гітлераўскай Германіяй і яе саюзнікамі.

Кантрольныя пытанні да тэмы №8

  1.  Чаму перамогі саюзнікаў на Ціхім акіяне і ў Паўночнай Афрыцы не можна лічыць паваротам у лёсе Другой сусветнай вайны?
  2.  Якія мэты на лета-восень 1942 г. ставіліся перад германскімі войскамі на рускім фронце?
  3.  Якія падзеі суправаджалі выданне загада №227 «Ні шагу назад!» у савецкай арміі?
  4.  Якія этапы мае Сталінградская бітва? Як складваліся падзеі пад час кожнага з этапаў?
  5.  Якія міжнародныя вынікі мела перамога Чырвонай Арміі пад Сталінградам? Якія вынікі перамога мела для салдат і насельніцтва СССР?
  6.  Чаму менавіта пад Курскам Германія намеціла буйную наступальную аперацыю?
  7.  Якая стратэгія была абрана савецкім камандаваннем у Курскай бітве?
  8.  Як вырашаўся лёс другога фронту ў Еўропе? Чаму толькі восенню 1943 г. было прынятае канчатковае рашэнне аб правядзенні дэсантнай аперацыі ў Паўночнай Францыі?
  9.  Якія пытанні разглядаліся на Цегеранскай канферэнцыі? Чаму гэтая канферэнцыя мела вялізарны палітычны ўплыў на міжнародныя адносіны?


ТЭМА 9. ВЫЗВАЛЕННЕ БЕЛАРУСІ АД ГЕРМАНСКІХ ЗАХОПНІКАЎ

Лекцыя 10. Вызваленне Беларусі ад германскіх захопнікаў

Асноўныя паняцці:

Смаленская аперацыя; Камарын; Беларускі фронт; Гомельска-Рэчыцкая аперацыя; Калінкавіцка-Мазырская аперацыя; 1-ая польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі; этапы аперацыі «Баграціён»; сістэма абароны «Фатэрлянд»; 1-ы, 2-гі і 3-і Беларускія франты; 1-ы Прыбалтыйскі фронт; «кацёл»; авіяполк французскіх лётчыкаў «Нармандыя»; трэці этап «рэйкавай вайны»; дзяржаўныя ваенныя пазыкі; прызыў у Чырвоную Армію; партызанскі парад; канверсія; рэшткавы прынцып дапамогі лёгкай прамысловасці; калгасная сістэма; трохгадовы план развіцця грамадскай жывёлагадоўлі.

Пачатак вызвалення Беларусі

Разгром нямецкіх войскаў летам 1943 г. на Курскай дузе дазволіў Чырвонай Арміі перайсці ў стратэгічнае наступленне і ўжо ў верасні 1943 г. распачаць шырокамаштабную аперацыю па вызваленню Украіны і Беларусі. 23 верасня 1943 г. часці 15-га стралковага корпуса Цэнтральнага фронту фарсіравалі Днепр і вызвалілі ад нямецкіх акупантаў першы раённы цэнтр Палескай вобласці – гарадскі пасёлак Камарын. 20 воінам, якія вызначыліся пры фарсіраванні Дняпра ў раёне Камарына, было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. А праз некалькі дзён злучэнні 65-й арміі на ўчастку Карповічы-Уборкі фарсіравалі раку Сноў і з баямі 27 верасня вызвалілі райцэнтр Церахоўка Гомельскай вобласці.

У ходзе правядзення Смаленскай аперацыі войскі Заходняга і Бранскага франтоў 26 верасня ўступілі на зямлю Беларусі і вызвалілі раённы цэнтр Хоцімск Магілёўскай вобласці, а праз два дні Мсціслаў. 29 верасня войскі 50-й арміі Бранскага фронту авалодалі г. Крычавам. 1 кастрычніка былі вызвалены райцэнтры Магілёўскай вобласці Чэрыкаў і Краснаполле.

Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання паставіла задачу перад войскамі Калінінскага, Заходняга і Цэнтральнага (з 20 кастрычніка 1943 г. Беларускага) франтоў – разграміць нямецкую армейскую групоўку «Цэнтр» і вызваліць ад ворага ўсю тэрыторыю Беларусі. У Стаўцы меркавалі, што вермахт летам 1943 г. панёс вялікія страты, канчаткова дэмаралізаваны і таму не зможа стрымаць наступлення Чырвонай Арміі. Аднак вермахт восенню 1943 г. паказаў, што яшчэ не страціў сваёй баяздольнасці.

6 кастрычніка 1943 г. пачалося наступленне савецкіх войскаў на Віцебскім напрамку. Ужо на другі дзень часці 3-й і 4-й савецкіх армій вызвалілі ад немцаў Невель і 320 іншых населеных пунктаў. Аднак замацаваць свой поспех яны не здолелі. Германскае камандаванне перакінула ў раён Гарадка з іншых участкаў фронту 7 пяхотных і 1 танкавую дывізіі. Наступленне было спынена. Гарадоцкая наступальная аперацыя была адноўлена толькі ў снежні 1943 г. Гарадок быў вызвалены 24 снежня 1943 г. часцямі 11-й гвардзейскай і 43-й армій. Вялікімі былі страты войскаў Калінінскага фронту. На Віцебскім напрамку ў кастрычніку-снежні 1943 г. яны склалі 169 тыс. чалавек.

У асенне-зімовай кампаніі 1943-1944 гг. войскі Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі К.К. Ракасоўскі) удала правялі Гомельска-Рэчыцкую і Калінкавіцка-Мазырскую аперацыі, у выніку якіх 18 лістапада 1943 г. быў вызвалены горад Рэчыца, 26 лістапада Гомель і 14 студзеня 1944 г. Мазыр. На поўдні рэспублікі войскі Беларускага фронту прасунуліся больш як на 200 кіламетраў у глыб варожай абароны ў паласе шырынёй звыш 100 кіламетраў. У той самы час савецкія войскі вызвалілі яшчэ некалькі раёнаў Віцебскай і Магілёўскай абласцей.

У баях за вызваленне Беларусі ўдзельнічала і 1-ая польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі пад камандаваннем палкоўніка З.Берлінга, сфарміраваная на тэрыторыі СССР. Першы бой яна правяла 12 кастрычніка 1943 г. пад мястэчкам Леніна каля Горак. У гэтым баі зараджалася савецка-польская садружнасць.

Восенню і зімой 1943-1944 г. войскі Чырвонай Арміі поўнасцю ці часткова вызвалілі 36 раёнаў нашай рэспублікі,
36 райцэнтраў і два абласных цэнтры – Гомель і Мазыр. Яны занялі зручныя пазіцыі, з якіх
летам 1944 г. пачалася Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён». Наступленне савецкіх войск на беларускай зямлі праходзіла ва ўмовах усеагульнай падтрымкі і дапамогі з боку партызан і ўсяго насельніцтва рэспублікі.

Першыя аднаўленчыя мерапрыемствы

26 лістапада войскі Беларускага фронту вызвалілі першы абласны цэнтр Беларусі – Гомель, куды адразу ж пераехалі ЦК КП(б)Б, урад Беларусі і БШПД. Урад Беларусі адпаведна з пералікам распрацаваных у Маскве першачарговых мерапрыемстваў па аднаўленні народнай гаспадаркі і культуры ў вызваленых раёнах прымае праграму сваіх канкрэтных дзеянняў. Яна была зацверджаная VІ сесіі Вярхоўнага Савета БССР, якая адбылася 21-24 сакавіка 1944 г. у Гомелі. У першую чаргу аднаўляліся прадпрыемствы і галіны народнай гаспадаркі, важныя для забеспячэння арміі.

Працоўныя вызваленай часткі Беларусі самаадданай працай дапамагалі ўсімі сіламі і сродкамі фронту. Аднаўляліся прамысловыя прадпрыемствы, якія забяспечвалі патрэбы фронту, чыгункі, шашэйныя масты, узлётна-пасадачныя пляцоўкі палявых аэрадромаў, адбудоўвалася разбуранае жыллё. Вясной 1944 г. ужо працавала больш як 100 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх былі занятыя больш за 40 тыс. рабочых. Асаблівая ўвага ўдзялялася аднаўленню чыгункі. У лютым на яе аднаўленні ў вызваленых раёнах працавала больш за 5 тыс. чалавек, і да чэрвеня яна ў асноўным была адноўлена.

Шырока разгарнуліся работы па аднаўленню разбуранага жылога фонду. Аднаўлялася сістэма аховы здароўя. Шырокі размах атрымала шэфства працоўных калектываў над вайсковымі шпіталямі і патрыятычны рух донараў. Дзяржава адразу стала праяўляць клопат аб дзецях, якія засталіся без бацькоў. У чэрвені 1944 г. ужо працавала 37 дзіцячых дамоў, у якіх выхоўвалася больш за 3700 дзяцей. Аднаўлялася сістэма адукацыі. У чэрвені 1944 г. у вызваленчых раёнах працавалі 1458 школ, вучобай было ахоплена каля 150 тыс. дзяцей. 1 кастрычніка 1943 г. на станцыі Сходня пад Масквой аднавіў работу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Вялікае значэнне для савецкага ўрада мела ідэалагічная праца сярод вызваленага насельніцтва. Галоўнымі праваднікамі савецкай прапаганды павінны былі стаць дамы культуры, бібліятэкі, кінаўстаноўкі. Менавіта там паказвалі дакументальныя кінастужкі, выпісвалася савецкія газеты і часопісы. Да чэрвеня 1944 г. былі адноўлены 24 дамы культуры, 503 хаты-чытальні,
44 гарадскія і раённыя бібліятэкі і абласная бібліятэка ў Гомелі.
У лістападзе 1943 г. аднавіла работу кінасетка рэспублікі.
У вызваленых раёнах працавала 54 кінаўстаноўкі, 9 кінатэатраў, звыш 5 тыс. радыёкропак.

Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён»

Да лета 1944 г. становішча на савецка-германскім фронце склалася на карысць Чырвонай Арміі, якая ўтрымлівала стратэгічную ініцыятыву. План разгрому групы нямецка-фашысцкіх армій «Цэнтр» быў абмеркаваны ў Стаўцы і зацверджаны ў канцы мая 1944 г. Гэта аперацыя ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Баграціён». Згодна з планам, прадугледжвалася прарваць абарону нямецкіх войскаў на цэнтральным участку савецка-германскага фронту, расчляніць групу армій «Цэнтр» на часткі і разграміць іх паасобку. Асаблівая ўвага надавалася акружэнню і паланенню германскіх дывізій.

Савецкаму боку ў гэтай аперацыі супрацьстаяла група армій «Цэнтр», дзве армейскія групоўкі «Поўнач» і «Паўночная Украіна». Агульная колькасць праціўніка складала каля 1,2 млн. салдат. На ўзбраенні іх было 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 1350 баявых самалётаў. На тэрыторыі Беларусі гітлераўцы стварылі моцную глыбока эшаланіраваную абарону глыбінёй да 270 км пад назвай «Фатэрлянд», тым самым падкрэсліваючы, што ад яе залежыць лёс Германіі.

Войскі Чырвонай Арміі ўваходзілі ў склад чатырох фран-
тоў – 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх (камандуючыя К.К.Ракасоўскі, Г.Ф.Захараў і І.Д.Чарняхоўскі), 1-га Прыбалтыйскага фронту (камандуючы I.X.Баграмян). Агульная колькасць савецкіх войскаў складала 2,4 млн. салдат, 36,4 тыс. гармат і мінамётаў, 5,2 тыс. танкаў і самаходных артылерыйскіх установак і 5,3 тыс. самалётаў. Да таго, у тыле ворага дзейнічалі 150 партызанскіх брыгад і 49 асобных атрадаў агульнай колькасцю больш за
143 тыс. чалавек.

У адпаведнасці з планам асаблівае значэнне надавалася разгрому найбольш моцных флангавых нямецкіх вайсковых груповак. 23 чэрвеня 1944 г. войскі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту прарвалі абарону «Усходняга валу» на паўночным захадзе ад Віцебска. Войскі 39-й арміі 3-га Беларускага фронту прарвалі абарону праціўніка і абышлі г. Віцебск з паўднёвага і паўднёва-заходняга напрамку. Ноччу
25 чэрвеня часці 43-й і 39-й армій злучыліся ў Бешанковіцкім раёне, акружыўшы ў
«кацёл» 5 дывізій 3-й нямецкай танкавай арміі. 26 чэрвеня Віцебск быў вызвалены, а да 27 чэрвеня 1944 г. «кацёл» быў ліквідаваны, каля 20 тыс. салдат і афіцэраў былі забітыя, больш за 10 тыс. паланёныя. Аперацыя па акружэнню варожай групоўкі пад Віцебскам была праведзена агульнавайсковымі арміямі пры падтрымцы авіяцыі і без удзелу буйных танкавых злучэнняў – гэта яе асаблівасць.

Амаль адначасова з падзеямі пад Віцебскам арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі акружылі 6 дывізій нямецкай арміі. Пры гэтым так сама шырока выкарыстоўвалася авіяцыя фронту. Да 28 чэрвеня 1944 г. варожая групоўка колькасцю ў 40 тыс. чалавек была ліквідавана.

Працягваючы паспяхова распачатае наступленне войскі
3-га Беларускага фронту 3 ліпеня 1944 г. вызвалілі сталіцу Беларусі
. Першым у Мінск уварваўся танк малодшага лейтэнанта Д.Г.Фролікава 2-га гвардзейскага танкавага корпуса. Услед за ім у Мінск літаральна ўварваліся асноўныя сілы 4-й гвардзейскай танкавай брыгады 2-га гвардзейскага танкавага корпуса, якім камандаваў генерал-маёр А.С.Бурдзейны. Услед за танкістамі рушылі ў бой за вызваленне Мінска часці 11-й і 31-й агульнавайсковых армій. Гераічна змагаліся на вуліцах Мінска воіны перадавых батальёнаў 220-й і 352-й стралковых дывізій. Радавы Сувораў з 1315-га стралковага палка ўстанавіў дзяржаўны сцяг над Домам Урада. Да канца 3 ліпеня 1944 г. у Мінску не было ўзброеных нямецкіх салдат.

На ўсходзе ад Мінска была акружана 105-тысячная групоўка нямецкіх войскаў, якая да 11 ліпеня 1944 г. перастала існаваць.
З вызваленнем Мінска скончыўся
першы этап аперацыі «Баграціён». Галоўныя сілы групы армій «Цэнтр» былі разбіты. У паласе савецка-германскага фронту з’явіўся разрыў шырынёй звыш 400 кіламетраў. Спробы тэрмінова ліквідаваць яго не прынеслі поспеху германскаму камандаванню.

Пасля вызвалення Мінска пачаўся другі этап аперацыі
(5 ліпеня – 29 жніўня 1944 г.), падчас якога Чырвоная Армія завяршыла знішчэнне акружанага каля Мінска праціўніка.
Як развіццё плана «Баграціён», былі ажыццёўлены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая і Шаўляйская наступальныя аперацыі. 28 ліпеня быў вызвалены г. Брэст
, і было завершана вызваленне Беларусі.

Пад час рэалізацыі другога этапу Беларускай аперацыі была поўнасцю разгромлена групоўка армій «Цэнтр», нанесена рашаючае паражэнне групоўкам «Поўнач» і «Паўночная Украіна» і рэзервовым войскам, што былі перакінуты ў Беларусь з Германіі, Нарвегіі, Італіі, Галандыі. Да канца жніўня Чырвоная Армія дасягнула прыгарада Варшавы – Прагі.

У ходзе Беларускай аперацыі былі разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, а 50 дывізій страцілі звыш паловы свайго складу. Агульныя страты нямецкіх войскаў і іх саюзнікаў склалі каля 500 тыс. салдат і афіцэраў. Урон з савецкага боку быў таксама істотным. Чырвоная Армія страціла 765815 салдат і афіцэраў (з якіх 178507 чалавек забітымі).

У выніку аперацыі «Баграціён» Чырвоная Армія вызваліла Беларусь, частку Літвы і Латвіі, уступіла на тэрыторыю Польшчы і падступіла да межаў Усходняй Прусіі. Германскае камандаванне было вымушана перакінуць з Заходняга фронту ў Еўропе на беларускі тэатр ваенных дзеянняў 46 дывізій і
4 брыгады, што значна паспрыяла паспяховаму правядзенню наступлення англа-амерыканскіх войскаў у Францыі.

На працягу ўсёй Беларускай наступальнай аперацыі салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі паказвалі ўзоры масавага гераізму. Кожны дзень у баях за Беларусь савецкія воіны здзяйснялі сотні гераічных учынкаў. У баях за Беларусь вызначылася больш за 402 тыс. воінаў Савецкай Арміі, якія былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а больш як 1500 салдатам, афіцэрам і генералам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Акрамя таго ў час Беларускай аперацыі вызначыліся 600 вайсковых часцей і злучэнняў, якія атрымалі ганаровыя імёны «Віцебскіх», «Барысаўскіх», «Магілёўскіх» і інш. Разам з савецкімі авіяцыйнымі часцямі ў складзе 1-й паветранай арміі самааддана змагаўся 1-ы асобны знішчальны авіяполк французскіх лётчыкаў «Нармандыя». За мужнасць і гераізм, праяўленыя французскімі лётчыкамі пры вызваленні Беларусі, і ў прыватнасці на рацэ Нёман, палку было прысвоена назва «Нёманскі».

Такім чынам, у выніку аперацыі «Баграціён» стратэгічнае становішча на Усходнім фронце карэнным чынам змянілася на карысць Чырвонай Арміі. Савецкія войскі ўступілі на тэрыторыю Польшчы, непасрэдна наблізіліся да дзяржаўнай мяжы з Германіяй. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкай Германіі ўступіла ў сваю канчатковую стадыю.

Па ацэнцы аперацыі «Баграціён» з боку нямецкага камандавання, яна лічылася яшчэ большай катастрофай для вермахта, чым паражэнне пад Сталінградам. Беларуская наступальная аперацыя па свайму размаху, колькасці сіл, што ўдзельнічалі ў ёй, з’яўляецца адной з буйнейшых бітваў Другой сусветнай вайны. І гэтая бітва была цалкам прайграная нямецкімі генераламі.

У выніку поспеху Чырвонай Арміі ў Паўночнай Францыі
6 чэрвеня 1944 г. без вялікіх цяжкасцяў прайшла грандыёзная дэсантная аперацыя англа-амерыканскіх войскаў, канчатковай мэтай якой было стварэнне другога фронту. У Германіі склалася змова генералітэту з мэтай звяржэння Гітлера і заключэння сепаратнага міру з краінамі Захаду. Але замах на жыццё фюрэра не ўдаўся і Германія пад кіраўніцтвам Гітлера працягвала ісці да сваёй катастрофы.

Узаемадзеянне партызан, падпольшчыкаў і насельніцтва з войскамі Чырвонай Арміі

Адным з вызначальных фактараў хуткай перамогі пад час аперацыі «Баграціён» з’яўляецца шырокі партызанскі рух ва ўсходніх раёнах Беларусі і дапамога з боку насельніцтва Беларусі. Важнейшай акцыяй беларускіх партызан было правядзенне трэцяга этапу «рэйкавай вайны», пачатага за тры дні да наступлення савецкіх войск. Партызаны падарвалі больш за 40 тыс. рэек, паралізаваўшы рух на чыгунцы. Гэта значна знізіла мабільнасць нямецкіх войскаў, па сутнасці паралізавала іх магчымасць да шырокага манёўру.

З пачаткам наступлення Чырвонай Арміі партызаны самастойна вызвалілі шэраг населеных пунктаў, іх атрады займалі важныя плацдармы, пераправы праз рэкі. Актыўную дапамогу і падтрымку савецкім войскам аказвалі жыхары Беларусі. Разам з партызанамі яны разбуралі варожыя камунікацыі, дарогі, рабілі лясныя завалы, паказвалі варожыя засады, мінныя палі, пераправы, з’яўляліся праваднікамі, выконвалі даручэнні. Шмат дзе ствараліся атрады самаабароны, якія мужна баранілі свае вёскі ад падпальшчыкаў, ад адступаючых груп ворага. Мясцовае насельніцтва дапамагала фарміраванням Чырвонай Арміі адшукваць салдат і афіцэраў разбітых нямецка-фашысцкіх часцей. З дапамогай мясцовых жыхароў толькі на тэрыторыі Віцебскай вобласці было ўзята ў палон ці знішчана пры аказанні супраціўлення каля 9 тыс. салдат і афіцэраў.

14 чэрвеня 1944 г. у адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б было створана 185 знішчальных батальёнаў. Яны налічвалі 16640 байцоў. Ім дапамагалі 7 тыс. груп садзейнічання, якія налічвалі 42730 чалавек. Толькі за ліпень 1944 г. імі былі паланёныя звыш 22 тыс. чалавек.

У гарадах і населеных пунктах падпольныя арганізацыі стваралі групы для назірання за прамысловымі прадпрыемствамі і памяшканнямі, якія падрыхтоўваліся гітлераўцамі да ўзрыву. Дом Урада, будынак ЦК КП(б)Б, Акруговы Дом афіцэраў, многія дамы і прадпрыемствы ў Мінску ўдалося выратаваць толькі дзякуючы таму, што перадавыя часці, якія ўварваліся ў горад, хутка наладзілі кантакт з мясцовымі падпольшчыкамі і пры іх дапамозе неадкладна размініравалі будынкі.

Акрамя непасрэднай дапамогі ваенным, насельніцтва вызваленых раёнаў шмат рабіла для аднаўлення інфраструктуры рэспублікі, якая ў першую чаргу была партэбна для далейшага паспяховага наступлення. Яны выходзілі на аднаўленне чыгунак, шашэйных і грунтовых дарог, на будаўніцтва мастоў. За кароткі тэрмін было адноўлена больш як 10 тыс. км чыгуначнага палатна і 1735 чыгуначных мастоў, пабудавала 2950 новых мастоў. За тры дні працоўныя Мінска аднавілі мост цераз раку Свіслач, перашылі чыгуначнае палатно. Ужо 9 ліпеня ў Мінск прыбыў першы цягнік, а ў Брэст першы цягнік прыбыў ужо на трэці дзень пасля яго вызвалення. Насельніцтва Беларусі прыцягвалася да мабілізацыі сродкаў у фонд абароны, у час збору хлеба і іншых прадуктаў, падпіскі на трэцюю ў 1944 г. і чацвёртую ў 1945 г. дзяржаўныя ваенныя пазыкі.

Шырока на вызваленай тэрыторыі прайшоў прызыў у Чырвоную Армію. Тэрыторыя заходняй і цэнтральнай Беларусі не пазнала шырокай эвакуацыі ў 1941 г., таму людскія рэзервы захаваліся, не гледзячы на палітыку генацыду з боку нямецкіх акупацыйных уладаў. За перыяд з пачатку вызвалення Беларусі да сярэдзіны студзеня 1945 г. у армію было мабілізавана звыш 560 тыс. чалавек, да якіх дадаліся 147 тыс. удзельнікаў партызанскага руху. Але перад гэтым адбыўся парад партызанаў, які з’явіўся той высокай ацэнкай ўкладу беларусаў у справу агульнай перамогі.

Мітынг і парад працоўных і партызан Мінска і Мінскай вобласці адбыўся 16 ліпеня 1944 г. На яго сабралася 50 тыс. працоўных сталіцы і больш за 30 тыс. партызан, быў запрошаны камандуючы 3-м Беларускім фронтам генерал арміі І.Д.Чарняхоўскі і дэлегацыя працоўных горада Горкага (зараз Ніжні Ноўгарад). Грандыёзны партызанскі парад з’явіўся дастойным завяршэннем гераічнай барацьбы партызан і ўсіх жыхароў рэспублікі супраць нямецкіх захопнікаў.

Аднаўленне народнай гаспадаркі

Вызваленая Беларусь была разрабавана і зруйнавана, велізарныя страты панесла не толькі гаспадарка рэспублікі, але і насельніцтва, прыроднае асяроддзе. Людскія страты, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, склалі 2 млн. 220 тыс. грамадзян. 209 з 270 гарадоў і 9200 вёсак было спалена і разбурана. У вялікіх гарадах – Мінску, Віцебску, Оршы, Гомелі, Полацку разбурэнні жыллёвага фонду складалі 70-90%. Трэцяя частка насельніцтва засталася без прытулку. Па агульным узроўні развіцця Беларусь вярнулася да 1928 г.

Разбурэнню падверглася каля 10 тыс. прадпрыемстваў прамысловасці і транспарту (85% даваеннай колькасці), пры чым вялікая частка была зруйнавана знішчальнымі атрадамі пад час адступлення Чырвонай Арміі ў 1941 г. Цалкам былі разбураны электрастанцыі рэспублікі. Сельская гаспадарка так сама значна пацярпела. У параўнанні з 1940 г. на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, на палову – пагалоўе буйной рагатай жывёлы, на 61% коней, на 89% свіней.

Першапачатковыя мэты аднаўлення гаспадаркі БССР прадугледжвалі наладжванне работы транспарту – для своечасовых паставак тавараў і ўзбраенняў для арміі, наладжванне работы мясцовай прамысловасці і сельскай гаспадаркі для забеспячэння патрэб наступаючай арміі.

У першую чаргу аднаўлялася цяжкая прамысловасць і транспарт, якія задавальнялі патрэбы арміі. У Мінску былі пабудавалі завод імя Варашылава (рамантаваў танкі), авіяцыйны завод (рамантаваў і збіраў самалёты), аўтазборачны завод. Да мая 1945 г. па БССР было ўведзена ў строй 8000 прадпрыемстваў і 4000 арцеляў і майстэрань. Аб’ём іх прадукцыі складаў 20,4% ад даваеннага ўзроўню. Пачалася падрыхтоўка будаўніцтва ў Мінску аўтамабільнага, трактарнага, веласіпеднага заводаў, у Гродзенскай вобласці – першага ў Беларусі цукровага завода.

Аднаўленню гаспадаркі значна паспрыяла дапамога ад цэнтра. У 1943 г. саюзны ўрад выдзеліў БССР 37 млн. руб.,
у 1944 г. – 400,8 млн. руб., у 1945 – 1
,200 млн. руб. У 1944 г. – першай палове 1945 г. у рэспубліку былі вернутыя і атрымана новых 37 металаапрацоўчых прадпрыемстваў (7 тыс. станкоў), некалькі турбагенератараў, энергапаяздоў і іншае абсталяванне.

Сельская гаспадарка аднаўлялася больш марудна, чым прамысловасць. Дапамога мела невялікія аб’ёмы, да таго, зноў адраджаліся калгасы. Так, да вясны 1945 г. 95% даваенных калгасаў і саўгасаў былі адноўлены, працавала 300 МТС. Памеры пасяўных плошчаў вясной 1945 г. складалі 73,8% ад даваенных, але ў вытворчасці ўдзельнічала толькі палова даваеннай колькасці калгаснікаў, у асноўным жанчыны, налічвалася толькі трэць трактароў ад 1941 г. Як вынік, у 1945 г. валавы збор збожжа склаў менш паловы ад даваеннага.

Свае асаблівасці мела аграрная палітыка ў заходніх абласцях БССР. Яна пачалася з упарадкавання сялянскага землекарыстання. Уводзілася норма зямлі на адзін сялянскі
двор – 10-15 га. З адрэзкаў ад вялікіх і сярэдніх гаспадарак надзяляліся зямлёй малазямельныя і беззямельныя сяляне, у выніку чаго былі падарваны высокатаварныя сялянскія гаспадаркі. Там жа пераважна эканамічнымі метадамі аднаўляліся і ствараліся калгасы.

Пад канец вайны беларускія прадпрыемствы былі вызвалены ад вытворчасці прадукцыі для патрэб фронту, іх перавялі на выпуск тавараў народнага спажывання (пастанова ДКА СССР ад 26 мая 1945 г. «Аб мерапрыемствах па перабудове прамысловасці ў сувязі са скарачэннем вытворчасці ўзбраенняў»). Праходзіла пераразмеркаванне рабочай сілы, сыравіны, матэрыялаў і грашовых сродкаў, аднаўляліся элементы цывільнага кіраўніцтва гаспадаркай – трэсты, глаўкі, наркаматы. Аднаўленне гаспадаркі ішло з дапамогай ад цэнтра і часткова за кошт рэпарацый з Германіі.

Пад час аднаўлення акрэсліліся асаблівасці, якія паўплывалі на далейшае развіццё гаспадаркі БССР. У прамысловасці больш хуткімі тэмпамі адраджалася машынабудаванне і вельмі марудна адраджалася лёгкая прамысловасць.

З наладжваннем мірнага жыцця была адноўлена традыцыя пяцігадовага планавання развіцця гаспадаркі. У 1946 годзе пачалася чацвёртая пяцігодка. Яе мэтамі было аднаўленне народнай гаспадаркі ў межах даваеннага ўзроўню і перавышэнне даваеннага ўзроўню вытворчасці на 16%. Прадугледжвалася паскорана развіваць машынабудаванне, стварыць новыя галіны прамысловасці – трактара і аўтамабілебудаванне, выпуск лакаматываў, гідратурбін, матацыклаў, веласіпедаў, швейных машын; аднавіць і развіваць энергетычную гаспадарку, пашырыць паліўную базу рэспублікі. Дзеля выраўноўвання эканамічнага патэнцыялу рэспублікі трэбы было павялічыць долю заходніх рэгіёнаў па выпуску валавой прадукцыі ўсёй рэспублікі з 9,1% у 1940 г. да 22,6% у 1950 г.

Для выканання гэтых задач былі пашыраны правы рэспубліканскіх і мясцовых органаў кіравання гаспадарчай дзейнасцю, у лёгкай прамысловасці ўводзіліся элементы ўнутрызаводскага гаспадарчага разліку. Рэспубліка атрымлівала дапамогу ад цэнтра кваліфікаванымі рабочымі, інжынерамі і служачымі; бюджэтнымі датацыямі, тэхнікай і абсталяваннем, сыравінай. Прыходзіла дапамога і па лініі ААН. У 1945-1947 гг. Беларусь атрымала 142 тыс. тон грузаў на суму 61 млн. долараў. Гэта прадукты харчавання, адзенне, абутак, лекі, абсталяванне для прамысловасці.

Лёгкая, харчовая прамысловасць Беларусі працягвалі атрымліваць дапамогу па рэшткаваму прынцыпу. У 1950 г.
(у параўнанні з 1940 г.) было выпушчана баваўняных тканін 17,7%, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 33%, бялізнавага трыкатажу 31,6%, макаронных вырабаў 73%, хлебабулачных – 57,3%, прадукцыі мясаапрацоўчай прамысловасці 65%.

У выніку правядзення пяцігодкі змянілася структура прамысловай вытворчасці. Знізілася ўдзельная вага традыцыйных для Беларусі лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай вытворчасці, вырасла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. Узніклі дыспрапорцыі ў структуры народнай гаспадаркі. Адначасова тэхнічнае і тэхналагічнае аснашчэнне прадпрыемстваў было на высокім узроўні, што стварала падставу для хуткіх тэмпаў развіцця.

Камандна-адміністрацыйныя метады кіравання гаспадаркай дазволілі вырашыць складаныя праблемы пасляваеннага адраджэння прамысловасці. Але бліжэй да канца чацьвёртай пяцігодкі яны ўжо сталі тормазам далейшага развіцця эканомікі Беларусі.

У сельскай гаспадарцы БССР была цалкам адноўлена калгасная сістэма. Але калгасам нехапала працоўных рук, а засуха 1946 г. і неабходнасць аказваць харчовую дапамогу іншым рэгіёнам СССР паставіла беларусаў на мяжу голаду. У верасні 1946 г. Савет Міністраў СССР і ЦК ВКП(б) прынялі пастанову «Аб мерах па ліквідацыі парушэнняў Статута сельскагаспадарчай арцелі ў калгасах». Згодна з ёй, калгасам Беларусі былі вернутыя 100 тыс. га зямлі, а так сама жывёла, якая знаходзілася ў карыстанні асобных людзей і ўстаноў. Паколькі насельніцтва з неахвотай вярталася да калгаснага ладу жыцця, у чэрвені 1948 г. ВС СССР выдаў указ «Аб высяленні ў аддаленыя раёны асоб, якія злосна ўхіляюцца ад працоўнай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы і вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця». Акрамя рэпрэсіўных мераў сталі прымацца і канкрэтныя праграмы дапамогі сельскай гаспадарцы.

У 1948 г. урад СССР прыняў пастанову «Аб мерах дапамогі сельскай гаспадарцы Беларускай ССР у 1949 годзе». Згодна з ёй БССР было выдзелена 3 тыс. трактароў, 2 тыс. плугоў да іх, 1,1 тыс. сеялак, 600 складаных малатарняў і г.д. У 1949 г. прыняты трохгадовы план развіцця грамадскай жывёлагадоўлі. Рост пагалоўя ў гаспадарках Беларусі ажыццяўляўся ў выніку закупак беларускімі калгасамі ў рэгіёнах СССР маладняку жывёлы, а потым яе дарошчвання на месцы, і ў 1950 г. пагалоўе жывёлы склала 1/3 ад 1940 г. Але развіццю сельскай гаспадаркі перашкаджала слабая матэрыяльная зацікаўленасць калгаснікаў у выніках сваёй працы, а метад кіравання гаспадаркай на вёсцы – прымус – з’яўляўся галоўнай прычынай упадку аграрнай вытворчасці. Планы на развіццё сельскай гаспадаркі на Беларусі выкананы не былі.

Вялізны ўрон панесла беларуская культура. Акупанты разбурылі 7 тыс. школ, разрабавалі 5144 культурныя ўстановы , у тым ліку інстытуты, навукова-даследчыя цэнтры, Акадэмію навук, музеі, тэатры, клубы, Дварцы культуры, звыш 4738 бальніц, амбулаторый. З вялікімі цяжкасцямі аднаўлялася сістэма адукацыі. У 1944-1945 навучальным годзе ўжо дзейнічалі больш за 10 тыс. агульнаадукацыйных школ, у якіх навучалася 1260 тыс. дзяцей.

Вынікі: Вызваленне Беларусі – гэта подзвіг усяго савецкага народа, але асаблівае месца тут належыць і самім беларусам, якія ў складзе Чырвонай Арміі, партызанскіх атрадаў, падпольных груп і ў індывідуальным парадку прыклалі максімум намаганняў да хутчэйшага вызвалення сваёй Радзімы – Беларусі. З дапамогай усяго Савецкага Саюза ішло адраджэнне гаспадаркі Беларусі. Але пры аднаўленні прамысловасці ўлічваліся інтарэсы не канкрэтнай рэспублікі – а ўсёй краіны, таму наглядаліся пэўныя дыспрапорцыі прамысловага развіцця, недастатковая ўвага да сельскай гаспадаркі. Тым не менш, вялікі воінскі і працоўны подзвіг здзейснілі беларусы ў 1943-1946 гг.

Кантрольныя пытанні да тэмы №9

  1.  Калі і ў выніку якіх ваенных аперацый былі вызваленыя першыя населеныя пункты на Беларусі?
  2.  Чаму Чырвоная Армія не здолела вызваліць Беларусь цалкам у 1943 г.?
  3.  Як зваліся сістэмы нямецкіх абаронных збудаванняў на Беларусі?
  4.  Якія інтэрнацыянальныя ваенныя часці прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі?
  5.  Якія мэты стаялі пад час першых аднаўленчых работ на Беларусі ў 1943-1944 гг.?
  6.  У чым былі асаблівасці правядзення першага і другога этапу Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён»?
  7.  Якую ролю адыгрывалі партызанскія фарміраванні на Беларусі пад час правядзення аперацыі «Баграціён»?
  8.  У чым праявіліся дыспрапорцыі пад час аднаўлення народнай гаспадаркі БССР у пасляваенныя гады?
  9.  Чаму, на ваш погляд, аднаўленне сельскай гаспадаркі значна адставала ад тэмпаў аднаўлення прамысловасці ўвогуле?


ТЭМА 10. САВЕЦКІ ТЫЛ У ГАДЫ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

Лекцыя 11. Савецкі тыл у гады вайны

Асноўныя паняцці:

мабілізацыйны народна-гаспадарчы план; патокавы метад; вытворчасць працы; метад акадэміка Е.Патона; унутраныя дзяржаўныя заёмы; ваенны падатак; нарміраваны гандаль; натуральны дзяржпадатак; ленд-ліз; пачыны; ўсасаюзныя сацыялістычныя спаборніцтвы; рух шматстаночнікаў; рух за сумяшчэнне сумежных прафесій; рух рацыяналізатараў і вынаходнікаў; рух тысячнікаў; камсамольска-маладзёжныя брыгады; выпуск звышпланавай прадукцыі; Фонд абароны; лагерныя канструктарскія бюро; устаноўка рэактыўных мінамётаў; Завод «Гомсельмаш»; званне «франтавых» брыгад; верш Я.Купалы «Беларускім партызанам»; песня Н.Сакалоўскага «Мы – беларусы!»; Савецкае Інфармацыйнае Бюро; Савет па справах Рускай Праваслаўнай Царквы пры Саўнаркоме СССР; танкавая калона імя Дзімітрыя Данскога; авіяэскадрылля імя Аляксандра Неўскага.

Перавод эканомікі СССР на ваенны лад

Барацьба з германскай агрэсіяй ішла не толькі на франтах, але і ў тыле Чырвонай Арміі. Важнасць гэтай працы вельмі добра ўсведамляла кіраўніцтва СССР, якое шмат намаганняў выкарыстала для забеспячэння фронту ўсім неабходным: узбраеннямі, ваеннай тэхнікай, боепрыпасамі, палівам, а таксама харчаваннем, абуткам, адзеннем і шмат чым іншым. Нягледзячы на цяжкасці вайны, людзі здолелі закласці ў савецкім тыле падмурак ваеннай перамогі над Германіяй.

Ваенная акупацыя Германіяй заходніх рэгіёнаў СССР паставіла савецкую гаспадарку краіны ў надзвычай складаныя ўмовы. Пад акупацыяй апынулася каля 40% насельніцтва, трэць прамысловасці і вялікія, да паловы, сельскагаспадарчыя актывы. 30 чэрвеня 1941 г. ЦК ВКП (б) і СНК СССР прымаюць мабілізацыйны народна-гаспадарчы план на ІІІ квартал 1941 г. які павінен быў перавесці эканоміку цалкам на ваенныя рэйкі. Аднак гэты паварот не ўдалося здзейсніць у дастатковай меры па прычыне таго, што ў першыя месяцы вайны краіна панесла велізарныя матэрыяльныя і людскія страты.

Усходнія раёны СССР – асноўная ваенна-прамысловая база

Страта эканамічнага патэнцыялу на захадзе краіны, прывяла да пераўтварэння Урала, Заходняй Сібіры і Сярэдняй Азіі ў асноўную базу ваеннай эканомікі СССР. Сюды за ліпень-снежань 1941 г. былі эвакуіравана 2593 прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку 1523 буйныя. З тэрыторыі Беларусі ва ўсходнія раёны краіны было адпраўлена абсталяванне і кадры 124 буйных прамысловых прадпрыемстваў. Тым не менш, у канцы 1941 г. адбылося крытычнае падзенне аб’ёмаў прамысловай вытворчасці. Больш падрабязна глядзіце аб рэарганізацыі прамысловасці і гаспадарчай дзейнасці ў тэме 5.

Наступальныя аперацыі Чырвонай Арміі патрабавалі ўсё большых паставак ваеннай тэхнікі. Пастаўкі стрымліваліся з-за таго, што не хапала паліва, электраэнергіі, металу. Асабліва вострай стала гэтая праблема да канца 1942 г. У выніку ДКА прыняў шэраг рашэнняў накіраваных на павышэнні здабычы вуглю ў раёнах Кузбаса, Урала, Падмаскоўя. У 1943 г. з-за баёў на Каўказе, знізіла здабычу нафтаздабываючая прамысловасць, але вытворчасць бензіну вырасла на 10%, а дызпаліва ў 2,3 разы. У дапамогу бакінскаму нафтаваму раёну хутка развіваўся Урала-Волжскі нафтавы раён. У 1943 г. павялічылася выпрацоўка электраэнергіі, прычым амаль палову энергіі давалі электрастанцыі Урала і Заходняй Сібіры. На працягу 1943 г. былі вырашаны праблемы, звязаныя з недахопам металу, электраэнергіі і паліва. Былі вынайдзены новыя дакладныя тэхналогіі і формы арганізацыі працы. Так, патокавы метад дазволіў на авіяматорных заводах павялічыць паказчыкі па вытворчасці працы на 25%. У выніку ў 1943 г. прамысловасць дала фронту 35 тыс. самалётаў ці на трэць больш за 1942 г. Пачаўся выпуск новых мадыфікацый самалётаў – знішчальнікаў Ла-5 ФН, Як-9, двухмеснага штурмавіка Іл-2 і інш.

Хутчэй за ўсё развівалася танкабудаўніцтва. Тут упершыню быў выкарыстаны метад адліўкі вялікіх стальных дэталяў у металічных формах, што дазволіла знізіць працаёмкасці і павялічыць вытворчасць працы ў 3 разы! Шэраг заводаў выкарыстоўваў больш перадавы метад штампоўкі дэталяў замест ліцця і коўкі. Ручная зварка карпусоў была заменена на аўтаматычную па метаду акадэміка Е.Патона.

У верасні 1943 г. танкабудаўнікі пачалі пастаўляць на фронт новы цяжкі танк ІС- ці Іосіф Сталін. Канструктар Ж.Коцін дастойна адказаў на з’яўленне ў немцаў «Тыграў» і «Пантэр».
У пачатку 1943 г. на фронт так сама пайшлі першыя самаходна-артылерыйскія ўстаноўкі САУ-122, а крыху пазней – ІСУ-152 і ІСУ-122. Спыніўся ў 1943 г. выпуск лёгкіх танкаў, за кошт гэтага колькасць танкаў, якія былі прадстаўленыя фронту ў гэтым годзе крыху скарацілася ў параўнанні з 1942 г. У 1943 г. вырасла колькасна і якасна вытворчасць стралковай зброі. Асаблівая ўвага надавалася выпуску аўтаматычнай зброі – пісталетам-кулямётам і кулямётам.

Рост ваеннага патэнцыялу абапіраўся на адпаведную сістэму фінансавання. Але ў СССР не было такіх магчымасцяў, як у Германіі, якая абрабавала і працягвала рабаваць захопленыя краіны Еўропы. Асноўнай крыніцай фінансавання вайны ў СССР становіцца падатковая сістэма і ўнутраныя дзяржаўныя заёмы, а так сама банальная эмісія грошаў. У 1944 г. доля прамых ваенных выдаткаў складала 58% дзяржаўнага бюджэту. Рэзка абясцэньваліся грошы, што цяжка ўдарыла па простым грамадзянам. З 1942 г. быў уведзены ваенны падатак, які распаўсюджваўся на гарадское і на сельскае насельніцтва, на іждзевенцаў, ваеннаслужачых тылавых частак. За гады вайны па яму сабралі 72,1 млрд. рублёў. З чатырох ваенных займаў паступіла ў бюджэт 89,7 млрд. рублёў. Да таго, урад «замарозіў» уклады насельніцтва ў ашчадных касах.

Сярэдні заробак да канца вайны склаў прыблізна ад 270 рублёў у гандлі да 470 рублёў у прамысловасці і 525 на чыгунцы. Адначасова кошты на харчаванне ў нарміраваным гандлі былі наступныя – 1 руб. за 1 кг хлеба, 12 руб за 1 кг мяса, 25 – за 1 кг масла. Рынкавыя кошты былі значна вышэйшыя – да 130 руб за 1 кг мукі, 230 руб за 1 кг мяса, 150 руб за 1 дзесятак яек.

Рэсурсы дзяржавы ў сферы забеспячэння былі вельмі абмежаванымі, таму былі вызначаны катэгорыі асоб, якія забяспечваліся ў першую чаргу, і перш за ўсё гэта былі ваенныя і рабочыя ВПК. У выніку акупацыі былі страчана 47,1% плошчаў, занятых пад пасевамі зерневых і тэхнічных культур. Увогуле па краіне ў 1941 г. валавы збор зерня склаў толькі 57,9% у параўнанні за 1940 г. Вёска аддала фронту значную частку сваіх рабочых рук. Колькасць працаздольных мужчын на сяле да канца 1942 г. скарацілася на 60%. Заставаліся інваліды, хворыя, не прыдатныя да ваеннай службы, старые і падлеткі. Месца прызваных у Чырвоную Армію мужчын занялі жанчыны, падлеткі, пенсіянеры і інваліды. У сувязі з недахопам працоўных рэсурсаў на сяле да выканання сельскагаспадарчых работ прыцягвалася працоўнае насельніцтва гарадоў, частка служачых, навучэнцы старэйшых класаў, студэнты тэхнікумаў і ВНУ
(у 1942 г. – каля 2 млн. чалавек).

Значна знізіліся даходы сялянскіх сем’яў нават у параўнанні з цяжкімі 30-мі гадамі. Галоўную частку даходаў яны атрымлівалі ад асабістых гаспадарак, бо калгасы амаль нічога не плацілі. Але і гэтая прадукцыя прадавалася, каб сплаціць дзяржпадаткі і падпісацца на абавязковыя дзяржзаймы. У дадатак, сялянскі двор павінен быў выканаць і натуральны дзяржпадатак – гэта абавязковыя пастаўкі зерня, мяса, малака і г.д. Кошты такіх дзяржзакупак былі сімвалічнымі. Ураджайнасць зерневых культур знізілася амаль удвая – з 8,6 да 4,4 ц на гектар. У 1942 г. удалося сабраць толькі 25 млн. т зерня. Колькасць статку кароў скарацілася напалову, значна зменшыліся надоі малака. Між тым фронт патрабаваў харчавання, а прамысловасць сыравіны.

На патрэбы арміі былі перададзены аўтамабілі, трактары, коні, якіх на вёсцы заставалася ўсё меней і меней. Новыя пастаўкі тэхнікі для сельскай гаспадаркі спыніліся, і каля 80% работ прыходзілася весці ў ручную.

За гады вайны скарацілася вытворчасць прадметаў спажывання. Галоўным чынам яны накіроўваліся на патрэбы фронту. Узнік дэфіцыт амаль на ўсё, што парадзіла шырокае распаўсюджанне спекуляцыі, на якой нажылі вялікія капіталы пэўныя «дзяльцы». Ва ўмовах карткавай сістэмы і татальнага дэфіцыту шырокія памеры набыў менавы гандаль.

Дапамога СССР па ленд-лізу

Для Савецкага Саюза досыць вялікае значэнне мела дапамога, якую аказалі саюзнікі па лініі ленд-ліза. Пры гэтым саюзнікі мелі вельмі прагматычныя і карыслівыя мэты – недапусціць выхаду СССР з вайны з Германіяй, але і не дапусціць вялікага перавесу Чырвонай Арміі над вермахтам.

Агульны аб’ём паставак ацэньваецца ў суму 11,3 млрд. даляраў, з іх 10 – з ЗША, астатняе – з Англіі. Пры гэтым трэба адзначыць, што прыкладна 12% грузаў так і не дайшло да савецкіх партоў. Усе грузы склалі каля 4% валавой вытворчасці СССР і гэта вельмі нязначная лічба, але па некаторых паказчыках дапамога была значная.

Так, прыкладна 25% грузаў – гэта прадукты харчавання, што вельмі важна было ва ўмовах вострага харчовага крызісу ў СССР. Саюзнікі паставілі каля 70% усіх аўтамабіляў, якія выкарыстоўваліся ў СССР, 12% танкаў, каля 20% франтавых знішчальнікаў. А дэсантныя судны, некаторыя віды радыёлакацыйнай і гідраакустычнай тэхнікі ў СССР нават не выпускаліся. Пастаўляліся так сама тэхналагічныя лініі, дакладныя станкі, стратэгічная сыравіна, якой не меў Савецкі Саюз. Каля паловы грузаў – 47% паступала праз Ціхі акіян і яшчэ па чвэрці ішло паўночным марскім шляхам і паўднёвым – праз Мурманск і Персідскі заліў. 11 мая 1945 г. прэзідэнт Г.Трумэн перапыніў пастаўкі СССР у сувязі з заканчэннем вайны ў Еўропе.

Значэнне паставак па ленд-лізу для Савецкага Саюза было вялікім, асабліва ў галіне паставак прамысловага абсталявання і аўтамабіляў. Але перабольшваць яго значэнне, як гэта робіцца на Захадзе, не трэба. Адсутнасць дапамогі ад саюзнікаў пагоршыла б становішча насельніцтва СССР, і паўплывала б на працягласць вайны ў бок павелічэння яе працягласці, але перамога ўсё роўна прыйшла б на нашу зямлю.

Працоўны подзвіг савецкага народа

Вайна мабілізавала працаўнікоў савецкага тылу, якія таксама адчувалі сябе ўдзельнікамі вялікай бітвы за свабоду сваёй Айчыны. У лютым 1942 г. Прэзідыум ВС СССР выдаў Указ «Аб мабілізацыі працаздольнага гарадскога насельніцтва для работы на вытворчасці і ў будаўніцтве на перыяд ваеннага часу». Мабілізацыі падлягалі мужчыны ад 16 да 55 гадоў і жанчыны ад 16 да 45 гадоў з ліку не занятых у дзяржаўных установах і на прадпрыемствах. Для большасці жыхароў дэвізамі працоўнай дзейнасці сталі «Усё – для фронту, усё – для перамогі над ворагам!». Дасягненні савецкай эканомікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі б немагчымы без працоўнага гераізму савецкіх людзей.

Энтузіязм панаваў у працоўных калектывах, асабліва з пачаткам перамог на фронце. Шырока выкарыстоўваліся пачыны, якія дазвалялі значна павялічыць вытворчасць працы, эканоміць матэрыяльныя рэсурсы, павялічваць выпуск прадукцыі. Сярод іх найбольш значнымі з’яўляліся ўсесаюзныя сацыялістычныя спаборніцтвы, рух шматстаночнікаў, рух за сумяшчэнне сумежных прафесій, рух рацыяналізатараў і вынаходнікаў, рух тысячнікаў, рух ударнікаў і камсамольска-маладзёжных брыгад і інш. У сельскай гаспадарцы аднавілася спаборніцтва жаночых трактарных брыгад. На транспарце шырокае распаўсюджанне атрымалі пачыны, накіраваныя на эканомію паліва і выкарыстанне яго малакаларыйных сартоў, правядзенне бягучых рамонтаў транспарту сваімі сіламі і г.д. Шырокія памеры набыў рух за выпуск звышпланавай прадукцыі. У 1943 г. пачынаецца рух маладзёжных брыгад за паляпшэнне якасці, выкананне і перавыкананне плана. Дзякуючы гэтаму ў 1943-1945 гг. значна павялічыўся выпуск не толькі прамысловай прадукцыі, колькі баявой тэхнікі, узбраенняў і боепрыпасаў, адбывалася бесперапыннае ўдасканаленне танкаў, гармат, самалётаў.

Узніклі пачыны дабравольных адлічэнняў ва ўсялякія абарончыя фонды. З ліпеня 1941 г. па пачыну маскоўскага завода «Чырвоны пралетарый» усе працуючыя пачалі штомесячна адлічваць у Фонд абароны частку свайго заробку, а калгаснікі – частку працадзён. У фонд паступіла да сакавіка 1942 г. больш за
4 млрд. руб., каля 8 тон серабра, 90 кг золата. Ад калгасаў і калгаснікаў паступілі дзесяткі тысяч тон харчавання. Перад зімой 1941 г. насельніцтва перадало Чырвонай Арміі 1175 тыс. пар валёнак, 500 тыс. кажухоў і звыш 4,5 млн. іншых цёплых рэчаў. І гэта ва ўмовах значнага зніжэння ўзроўню ўласнага спажывання, пастаяннага недахарчавання.


Сітуацыя з кадрамі абвастралася таму, што ў армію было мабілізавана шмат кваліфікаваных рабочых, а велізарныя страты ў Чырвонай арміі патрабавалі пастаяннага папаўнення войска. Як вынік – значна скарацілася колькасць рабочых і служачых, занятых ў вытворчасці. Калі да вайны колькасць рабочых і служачых складала амаль 34 млн. чалавек, дык у канцы 1942 г. толькі 18,5 млн., прычым прыкладна трэцяя частка занятых прыпадала на жанчын і падлеткаў. Рабочых рук катастрафічна не хапала, не гледзячы на вельмі жорсткую кадравую палітыку. Тым не менш, прынятыя мабілізацыйныя меры знаходзілі падтрымку і паразуменне. Ва ўмовах ваеннай пагрозы грамадзяне краіны былі гатовы працаваць без сну і адпачынку, выконваючы і перавыконваючы працоўныя нормы ў 2, 3, 5, 10 і больш разоў
.

Своеасаблівым подзвігам была праца савецкіх канструктараў, якія стварылі лепшыя ўзоры ўзбраенняў у гады вялікай Айчыннай. Шмат хто з іх вымушаны быў працаваць у так званых «шаражках» – лагерных канструктарскіх бюро, у няволі. Але яны добра ведалі, што працуюць не на асобу, а дзеля свабоды свайго народа.

Выдатныя дасягненні былі ў авіябудаўніцтве. Канструктар С.У.Ільюшын стварыў унікальныя браніраваныя штурмавікі Іл-2, Іл-8, Іл-10. Канструктары У.М.Петлякоў і А.М.Тупалеў стварылі пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі Пе-2 і
Ту-2, якія пераўзыходзілі знакамітыя нямецкія «Хейнкелі» і «Юнкерсы». Знішчальнікі Як-7 А.С.Якаўлева і Ла-5 С.А.Лавачкіна панавалі ў паветры ў канцы вайны.

Панічны жах наводзіла на нямецкіх салдат устаноўка рэактыўных мінамётаў – «кацюш». У 1942 г. савецкая прамысловасць выпусціла 3237 такіх установак, што дазволіла камплектаваць «гвардзейскія мінамётныя часці» пры Стаўцы Галоўнага Камандавання. Лепшым танкам 2-й сусветнай вайны лічыцца Т-34, створаны М.І.Кошкіным, галоўным канструктарам танкавага КБ на Харкаўскім заводзе.

І шмат, шмат прозвішчаў можна прывесці. Гэта і стваральнікі аўтаматычнай стралковай зброі, гармат, падводных лодак, мінамётаў і г.д. Каб пералічыць усіх герояў-інжэнераў і канструктараў, не хопіць усіх старонак гэтага падручніка.

Ураджэнцы Беларусі – героі савецкага тылу

Значны ўклад у перамогу над ворагам унеслі працоўныя Беларусі, эвакуіраваныя на ўсход краіны. Знаходзіліся яны галоўным чынам у Паволжы, на Урале, у Заходняй Сібіры. У асноўным эвакуіраваныя прадпрыемствы зліваліся з мясцовымі, аднароднымі па профілю. Аднак, каля 20 пераважна буйных прадпрыемстваў захавалі самастойнасць. Ужо ў жніўні-верасні 1941 г. пачалі даваць прадукцыю 15 эвакуіраваных заводаў, у кастрычніку-лістападзе – яшчэ 20. Да лета 1942 г. на абарону працавалі больш за 60 беларускіх прадпрыемстваў.

Беларускія працоўныя так сама паказвалі ўзоры працоўнага гераізму. Завод «Гомсельмаш» пачаў даваць прадукцыю праз месяц ад свайго прыбыцця ў Курган. За такі ж час стаў даваць ваенную прадукцыю Гомельскі станкабудаўнічы завод. У верасні 1941 г. далі прадукцыю гомельскія паравозавагонарамонтны і суднарамонтны заводы, віцебскія станкабудаўнічы імя Камінтэрна, фабрыкі імя КІМ і імя К.Цэткін, у кастрычніку-лістападзе – гомельскі завод «Рухавік рэвалюцыі», Віцебскі іголкавы, фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» і іншыя прадпрыемствы.

Беларусы былі зачынальнікамі шматлікіх пачынаў. Гомельскія станкабудаўнікі ужо да сакавіка 1942 г. значна скарацілі фактычныя затраты часу на выпуск асноўных вырабаў. За гады вайны калектыў завода тры разы заваёўваў першае месца і шэсць разоў другое месца ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве.


Восенню 1942 г. маладыя рабочыя, эвакуіраваныя з Беларусі, ўключаліся ў патрыятычны рух за стварэнне
камсамольска-маладзёжных брыгад, якія браліся за самыя адказныя заданні. Лепшым з іх прысвойвалася званне «франтавых». Першай камсамольска-маладзёжнай брыгадай на заводзе «Гомсельмаш» стала брыгада Ф.Мельнікава.
З вытворчым планам 1943 г. брыгада справілася на 224%.
За выдатныя вытворчыя паказчыкі ў кастрычніку 1943 г. брыгадзе быў уручаны пераходны Чырвоны сцяг абкама камсамола і прысвоена званне лепшай франтавой камсамольска-маладзёжнай брыгады Курганскай вобласці. Ужо ў 1944 г. на заводзе «Гомсельмаш» працавала 113 камсамольска-маладзёжных брыгад, з якіх 26 мелі званне
«франтавых».

Адвагу і стойкасць праяўлялі беларускія чыгуначнікі.
З небяспекай для жыцця яны вадзілі паязды ў прыфрантавой паласе, падвяргаліся налётам варожай авіяцыі. Зачынальніцай пачыну сярод чыгуначнікаў была жанчына – А.М.Чухнюк. Яна правяла цяжкавагавы састаў з апярэджаннем графіка, без дадатковага набору паліва. За высокія паказчыкі ў рабоце яна была ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Такую ж узнагароду атрымалі беларускія чыгуначнікі А.В.Глебаў, М.А.Макараў, I.П.Першукевіч, А.А.Янкоўскі.

Частка эвакуіраванага насельніцтва, а гэта па падліках болей за 1,5 млн. чалавек, працавала ў сельскай гаспадарцы трактарыстамі, камбайнерамі, жывёлаводамі, паляводамі, брыгадзірамі, старшынямі калгасаў. Многія беларусы, якія самааддана і мужна працавалі ў савецкім тыле, атрымалі ганаровыя званні лепшых па прафесіі, пераможцаў спаборніцтваў, перадавых работнікаў, а таксам былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Дзейнасць беларускіх устаноў і арганізацый у савецкім тыле

У савецкім тыле знаходзілася шмат прадстаўнікоў беларускай навукі і культуры. На ўсход былі эвакуіраваны 60 навукова-даследчых інстытутаў і лабараторый, 6 тэатраў, больш 20 вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. Вучоныя БССР вялі даследаванні, скіраваныя на ўдасканальванне тэхналогіі вытворчых працэсаў у прамысловасці, ажыццяўлялі пошук сыравіны, вырашалі праблемы павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, распрацоўвалі эфектыўныя метады лячэння параненых і інш.

У Маскве, Алма-Аце, Ташкенце, Чымкенце, Фрунзе і іншых гарадах аднавілі сваю работу навукова-даследчыя, вышэйшы і сярэднія навучальныя ўстановы, у тым ліку Акадэмія навук БССР. У 1943 г. на станцыі Сходня пад Масквой аднавіў работу Белдзяржуніверсітэт, у Яраслаўлі – Мінскі медыцынскі інстытут.

Свой уклад у агульную справу разгрому ворага ўносілі дзеячы беларускай культуры. Яны стваралі новыя мастацкія творы, выступалі перад воінамі Чырвонай Арміі, прымалі ўдзел у зборы грошай на патрэбы абароны. Знаходзячыся ў савецкім тыле, працоўныя Беларусі сваёй гераічнай і самаадданай працай сумесна з усімі народамі краіны стваралі трывалы падмурак перамогі над фашысцкай Германіяй.

Пастаноўкі Беларускага драматычнага тэатру імя Янкі Купалы ў Томску карысталіся заўсёды вялікім поспехам.
З 1 верасня 1941 г. да 1 студзеня 1942 г. тэатр ажыццявіў пастаноўку больш як 10 спектакляў,
 у тым ліку «Партызаны» К.Крапівы, «Хлопец з нашага горада», «Рускія людзі» К.Сіманава, «Фронт» А.Карнейчука і інш. Разгарнулі сваю работу і іншыя тэатры Беларусі. У Горкім з пачатку 1942 г. пачаў дзейнічаць Беларускі тэатр оперы і балета, у Маскве – Рускі тэатр БССР. Насельніцтва рускіх гарадоў знаёмілася з беларускай культурай, а беларускія культурныя дзеячы вучыліся на лепшых узорах рускай культуры.

Важным перыядам у развіцці беларускай літаратуры з’яўляюцца ваенныя гады. Літаратары, кампазітары, мастакі, акцёры так сама змагаліся, і на вельмі важным фронце – ідэалагічным. Яны выхоўвалі ў савецкіх людзей стойкасць, мужнасць і гераізм. На ўсю краіну прагучаў верш народнага паэта Беларусі Я.Купалы «Беларускім партызанам». Кампазітар Я.Цікоцкі напісаў аперу «Алеся», прысвечаную беларускім партызанам, У.Залатароў 5-ю сімфонію на тэму абароны Радзімы, М.Аладаў сімвалічную паэму «З дзённіка партызан». Песня Н.Сакалоўскага «Мы – беларусы!» пасля вайны стала гімнам БССР.

Знаходзячыся ў савецкім тыле, працоўныя Беларусі сваёй гераічнай і самаадданай працай сумесна з усімі народамі краіны стварылі трывалы падмурак перамогі над Германіяй.

Палітычная агітацыя і прапаганда

Вялікая Айчынная вайна была так сама і ідэалагічнай вайной, вайной супраць нацысцкай антычалавечай ідэалогіі. Менавіта ў ваенныя гады камуністычная ідэалогія змагла паказаць сваю жыццяздольнасць і пашырыць уплыў сярод савецкага народа.

Важную ролю ў ідэалагічнай працы выконвае сістэма інфармавання аб падзеях у грамадстве, дзяржаве, на франтах.
24 чэрвеня 1941 г. было ўтворана Савецкае Інфармацыйнае Бюро, якое за гады вайны выдала звыш 2,5 тыс. зводак. Трэба адзначыць, што ў першыя месяцы праца Саўінфармбюро не карысталася даверам сярод насельніцтва, бо пад час адступленняў яно выдавала звычайную фразу – «...на франтах без перамен...» – што не адпавядала рэчаіснасці і так нараджала вялікую колькасць слухаў. Але з пачаткам этапу перамог Чырвонай Арміі давер да зводак значна падымаецца, і дзейнасць гэтага органа становіцца важным фактарам унутранай палітыкі.

Моцнымі ідэалагічнымі рычагамі былі кіно, друк, радыё, наглядная агітацыя. Не здарма ў самыя цяжкія дні для СССР, у лістападзе 1941 г., быў праведзена ваенны парад на Краснай плошчы. Галоўная яго мэта – разысціся ў выглядзе шматтысячных копій дакументальных стужак па Савецкаму Саюзу і падняць баявы дух у арміі і тыле. Кінапракат выканаў сваю задачу на выдатна.

У 1944-1945 гг. ЦК ВКП(б) прыняў шэраг важных пастаноў па ідэалагічных пытаннях, у якіх патрабаваў ад работнікаў тэарэтычнага фронту ліквідаваць недахопы ў навуковай працы, шчыльней звязваць свае даследаванні з задачамі, якія стаялі перад савецкім народам.

Вялікая ўвага надавалася масава-палітычнай і ідэалагічнай рабоце сярод насельніцтва раёнаў, вызваленых ад германскіх захопнікаў. Своечасовае інфармаванне насельніцтва вызваленых раёнаў з’яўлялася важнейшай умовай паспяховай мабілізацыі працоўных на аднаўленне гаспадаркі, разбуранай у гады акупацыі, і хутчэйшую ліквідацыю наступстваў акупацыі.
У жніўні 1944 г. ЦК ВКП(б) прыняў пастанову «Аб бліжэйшых задачах партыйных арганізацый КП (б) Беларусі ў вобласці масава-палітычнай і культурна-прасветнай работы сярод насельніцтва».

Але партыя выкарыстала не толькі рэзервы камуністычнай ідэалогіі. Значна паслаблены быў ўціск на веруючую частку насельніцтва і на царкоўную структуру Рускай Праваслаўнай Царквы. Гэта стала вынікам таго, што кіраўніцтва царквы заняла патрыятычную пазіцыю і цалкам выказалася ў падтрымку савецкага ўраду. Царква распачала збор сродкаў для арміі.

У лютым 1943 г. І.Сталін і кіраўнік царкоўнай адміністрацыі мітрапаліт Сергій абмяняліся пасланнямі, а 4 верасня адбылося неверагоднае – Сталін прыняў дэлегацыю РПЦ. У выніку сустрэчы іерархі дабіліся галоўнага – дазволу на скліканне сабора і выбары патрыярха і аднаўленне дзейнасці Свяшчэннага Сіноду. Дазвол царква атрымала на адкрыццё навучальных устаноў – акадэміі і семінарый, а так сама на друкаванне літаратуры.
8 верасня 1943 г. адбыўся сабор, на якім быў абраны патрыярх, а так сама рэзка асуджана палітыка супрацоўніцтва святароў з акупантамі.
8 кастрычніка быў створаны Савет па справах Рускай Праваслаўнай Царквы пры Саўнаркоме СССР. Пачалі адчыняцца для службы храмы, вызваляліся з лагероў выжыўшыя святары, крыху прыціхае «Саюз ваяўнічых бязбожнікаў». Царкоўныя ўстановы і манастыры атрымліваюць правы юрыдычных асобаў.

У адказ царква распачынае збор сродкаў на фарміраванне танкавай калоны імя Дзімітрыя Данскога і авіяэскадрыллі імя Аляксандра Неўскага. Гістарычныя вобразы князёў-абаронцаў зямлі Рускай і генералаў Новага часу так сама актыўна выкарыстоўваюцца дзеля падняцця патрыятычнага духа. Невыпадкова, што ў гады вайны быў зняты сімвалічны фільм «Аляксандр Неўскі», які распавядае пра разгром немцаў на Чудскім возеры.

Вынікі: Самаадданая праца савецкага народа, а так сама і беларусаў, дзеля Перамогі базіравалася ў першую чаргу на любві да сваёй Радзімы, на тэрыторыю якой прыйшоў страшэнны вораг. Але пэўную складаючую працоўнага гераізму мае і ідэалагічная праца, якая вялася партыйнымі органамі. Беларусы паказалі не толькі прыклады гераізму на франтах вайны, але і самаадданасць на прадпрыемствах, чыгунцы, у сельскай гаспадарцы.

Кантрольныя пытанні да тэмы 10

  1.  Якія рэгіёны СССР становяцца пад час вайны галоўнымі пастаўшчыкамі ваеннай тэхнікі і зброі?
  2.  Якія галіны ваенна-прамысловага комплексу развіваліся найбольш паскоранымі тэмпамі? Якія прычыны вы можаце указаць?
  3.  Як адбывалася фінансаванне ваенных выдаткаў у Савецкім Саюзе? У чым была галоўная розніца ў гэтай практыцы між Германіяй і СССР?
  4.  Якія памеры мела дапамога СССР ад саюзнікаў? Пастаўкі якой прадукцыі былі найбольш карыснымі для СССР?
  5.  Якія вы ведаеце варыянты пачынаў працоўных? Каго з беларускіх рабочых вы можаце назваць, як ударнікаў працы?
  6.  Каго з выдатных савецкіх канструктараў вы можаце назваць? Што яны зрабілі дзеля агульнай Перамогі?
  7.  Якую ролю выконвалі беларускія культурныя дзеячы, якія працавалі ў тыле?
  8.  Чаму савецкае кіраўніцтва спрыяльна стала адносіцца да Рускай Праваслаўнай Царквы ў гады вайны?


ТЭМА 11. ЗАКАНЧЭННЕ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ І ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВОЙНАЎ

Лекцыя 12. Заканчэнне Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. Перамога

Асноўныя паняцці:

дэсант у раёне горада Дз’еп; паўстанне ў Парыжы; наступленне ў Ардэнах; Львоўска-Сандамірская аперацыя; Яска-Кішынёўская аперацыя; Усходне-Пруская аперацыя; Вісла-Одэрская аперацыя; Заходне-Карпацкая аперацыя; Карпацска-Дуклінская аперацыя; вызваленне Прагі; Крымская канферэнцыя; зоны акупацыі; рэпатрыяцыя; Краёвая Рада Народавая; Польскі Камітэт нацыянальнага вызвалення; канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска; Карлсхорст; Берлінская аперацыя; парад Перамогі; рэпарацыі; Савет міністраў замежных спраў; мірныя дагавары; атамная бомба; Хірасіма і Нагасакі; Квантунская армія; А.Васілеўскі; Акт аб безагаворачнай капітуляцыі; армія генерала У.Андэрса; Монтэ-Касіна; гарыбальдзійскія дывізіі; Цэнтральны камітэт былых савецкіх ваеннапалонных; Арганізацыя Аб’яднаных Нацый; міжнародны ваенны трыбунал; міжнароднае правасуддзе.

Адкрыццё другога фронту

Ашаламляльныя перамогі чырвонай Арміі прымусілі кіраўніцтва Англіі і ЗША паскорыць мерапрыемствы, накіраваныя на адкрыццё другога фронту ў Еўропе. Гэта так сама адпавядала інтарэсам СССР, бо па словах І.Сталіна на Цегеранскай канферэнцыі Чырвоная Армія ўжо стамілася адна змагацца супраць германскай ваеннай машыны.

Гісторыя пытання аб другім фронце пачынаецца яшчэ ў пачатку 1942 г., калі пасля перамогі пад Масквой склаліся выдатныя магчымасці для высадкі саюзнікаў у Паўночнай Францыі. Але спроба высадзіць дэсант на ўзбярэжжы ў раёне горада Дз’еп скончылася сакрушальным паражэннем саюзнікаў. Аперацыя была дрэнна распрацавана, у ёй удзельнічала мала войскаў, таму нямецкім войскам у Францыі без вялікіх намаганняў удалася нейтралізаваць гэтую спробу. Савецкі Саюз працягваў несці адзін асноўны цяжар у барацьбе з фашысцкай Германіяй.

Праблема другога фронту, як галоўная задача на 1944 г., абмяркоўвалася на Цегеранскай канферэнцыі «Вялікай тройкі». Менавіта ў Тэгеране Масква атрымала завярэнні аб правядзенні буйной дэсантнай аперацыяй на поўначы Францыі не пазней 1 мая 1944 г. Але толькі 6 чэрвеня аперацыя «Аверлорд», у якой удзельнічалі амерыканскія, англійскія і канадскія войскі, была ўдала праведзена. Гэта буйнейшая дэсантная аперацыя ў гісторыі чалавецтва. Саюзнікі мелі над немцамі перавагу ў колькасці асабовага саставу і танкаў у 3 разы, у самалётах – боль чым у 60 разоў, валодалі поўным панаваннем і на моры. 15 жніўня амерыканскія і французскія злучэнні высадзіліся і на поўдні Францыі. 11 верасня дзве групоўкі саюзнікаў злучыліся і ўтварылі адзіны стратэгічны фронт у Заходняй Еўропе.

Як беларускія партызаны аказвалі дапамогу Чырвонай Арміі пад час вызвалення Беларусі, так і французскі рух Супраціўлення, які налічваў у сваіх радах 500 тыс. чалавек, дапамагаў саюзным войскам. Так, 18 жніўня пачалося ўсеагульнае паўстанне ў Парыжы, і праз 4 дні горад быў у руках паўстанцаў. Да канца года Францыя і большая частка Бельгіі былі вызвалены. Саюзныя арміі падыйшлі да граніц Германіі. Гэтыя поспехі саюзнікаў шмат у чым залежалі ад дапамогі Чырвонай Арміі. Так, у другой палове снежня 1944 г. немцы пачалі наступленне ў Ардэнах, арміі саюзнікаў стаялі на мяжы разгрому. У выніку Чырвонай Арміі прыйшлося распачаць раней запланаванага Вісла-Одэрскую аперацыю, што азначала дадатковыя страты сярод савецкіх салдат.

У лютым 1945 г. саюзныя арміі пачалі агульнае наступленне на Захадзе. Фарсіраваўшы ў сакавіку Рэйн, яны акружылі ў Руры 325-тысячную групоўку нямецкіх войск, якая капітулявала ў красавіку. З гэтага часу саюзныя арміі прасоўваліся на ўсход, практычна не сустракаючы арганізаванага супраціўлення немцаў.

Вызваленчы паход у Еўропу

Пасля завяршэння аперацыі «Баграціён» было праведзена 20 буйных наступальных аперацый, якія вызначылі канчатковую перамогу краін антыгітлераўскай кааліцыі над нямецка-фашысцкім блокам і мілітарысцкай Японіяй.

У ходзе летне-асенняга наступлення 1944 г. толькі ў трох ваенных аперацыях – Беларускай, Львоўска-Сандамірскай і Яска-Кішынёўскай на фронце працягласцю 2200 кіламетраў – ад Заходняй Дзвіны да Чорнага мора было разгромлена звыш 170 дывізій праціўніка. Амаль поўнасцю была вызвалена тэрыторыя СССР. Выведзены з вайны саюзнікі Германіі – Румынія, Балгарыя, Фінляндыя і Венгрыя. Вельмі напружанымі былі баі на подступах да Усходняй Прусіі ў Прыбалтыцы. Германскае кіраўніцтва, як у свой час савецкае, прымае надзвычайныя меры па ўмацаванню баявога духу салдат. Са снежня 1944 г. дэзерціры прыгаворваліся да смяротнага пакарання, а іх сем’і да канфіскацыі маёмасці і пазбаўлення свабоды. У сакавіку 1945 г. у вермахце былі ўведзены ваенна-палявыя суды. Блізілася расплата за развязаную вайну і гэта стала асновай упартага супраціўлення наступленню савецкай арміі.

12 студзеня 1945 г. войскі шасці франтоў, у тым ліку трох Беларускіх, пачалі Усходне-Прускую, Вісла-Одэрскую і Заходне-Карпацкую наступальныя аперацыі. Савецкае камандаванне змагло забяспечыць значную перавагу над праціўнікам у жывой сіле, а таксама ў тэхніцы. У выніку гэтых аперацый было знішчана і разгромлена больш за 100 дывізій, вызвалена амаль уся Польшча і частка Чэхаславакіі. Савецкія войскі прасунуліся на захад больш чым на 500 кіламетраў, выйшлі на р. Одру за 60 кіламетраў ад Берліна.

Пры вызваленні польскай сталіцы Варшавы вылучыліся салдаты і афіцэры 47-й арміі, якой камандаваў ураджэнец Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, генерал-лейтэнант Ф.І.Перхаровіч, які быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Гераічна змагаліся на польскай зямлі тысячы салдат і малодшых камандзіраў, выхадцаў з Беларусі. Радавы П.В.Касцючык, баец 218-га стралковага палка, ураджэнец Пухавіцкага раёна 15 студзеня 1945 г. у крытычны момант бою закрыў сабой амбразуру дзота, за што яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. А ўсяго 61 беларус за свае гераічныя ўчынкі, здзейсненыя пры вызваленні Польшчы быў удастоены зоркі Героя.

У выніку паспяховага ажыццяўлення Карпацска-Дуклінскай аперацыі савецкія войскі сумесна з 1-м чэхаславацкім армейскім корпусам, які быў сфарміраваны на тэрыторыі Савецкага Саюза, уступілі на тэрыторыю Чэхаславакіі. 5 мая ў Празе пачалося паўстанне, паўстаўшыя звярнуліся да савецкага камандавання з просьбай аб дапамозе. 9 мая 1945 г. пры актыўнай падтрымцы насельніцтва вызвалілі Прагу.
140 тыс. воінаў Чырвонай Арміі загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць чэхаславацкага народа.

Чырвоная Армія выканала сваю вызваленчую місію, вызваліўшы адзінаццаць краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы з насельніцтвам 113 млн. чалавек.

Крымская канферэнцыя

З 4 па 11 лютага 1945 г. у вызваленым Крыму, у Лівадзійскім палацы імператара Мікалая II, прайшла другая канферэнцыя «Вялікай тройкі». На гэтай сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні пасляваеннага ўпарадкавання ў Еўропе. На канферэнцыі было падпісана сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз два-тры месяцы пасля капітуляцыі Германіі. Саюзнікі згадзіліся з умовамі, на якіх Сталін разрываў нейтралітэт у адносінах з Токіа, гэта вяртанне Сахаліна і Курылаў, а так сама эканамічная экспансія СССР у Кітаі і Карэі.

На канферэнцыі абмеркавалі ўмовы безагаворачнай капітуляцыі Германіі і прынцыпы абыходжання з ёй, як з прайграўшай краінай. Вызначаліся зоны акупацыі трох краін, а «Вялікі Берлін» так сама падзяляўся на тры часткі. Была вызначана сума рэпарацыяў з Германіі – усяго 20 млрд. долараў, з якіх на 10 млрд. прэтэндаваў СССР.

У Ялце было падпісана сакрэтнае пагадненне, якое датычылася абмену ваеннапалоннымі і рэпатрыяцыі ў краіны пражывання вывезеных насільна ці выехаўшых дабравольна грамадзян. У СССР ваеннапалонныя і острабайтэры часта разглядаліся як здраднікі Радзіме і дабравольна выехаўшыя на працу ў варожую краіну. Шмат пакут і здзекаў чакала гэтых людзей на радзіме.

На канферэнцыі зноў паўстала «польскае пытанне». ЗША і асабліва Англія настойвалі на вяртанне ў Варшаву эмігранцкага ўрада, а СССР ужо прызнаў створаныя органы Краёвай Рады Народавай і Польскага Камітэту нацыянальнага вызвалення, дзе большасць мелі камуністы. Тым не менш, Сталін згадзіўся на павялічэнне тэрыторыі Польшчы за кошт тэрыторыі Усходняй Германіі, але мяжа з СССР была вызначана па «лініі Керзана».

Кіраўнікі трох краін прынялі рашэнне аб скліканні
25 кастрычніка 1945 г. у Сан-Францыска канферэнцыі Аб’яднаных Нацый з мэтай падрыхтоўкі статута міжнароднай арганізацыі па бяспецы.

Па ацэнках удзельнікаў канферэнцыі і аналітыкаў, савецкая дэлегацыя пайшла пад час канферэнцыі на большыя ўступкі саюзнікам, чым тыя ўступалі Сталіну. Тым не менш, канферэнцыя прадэманстравала адзінства мэт трох дзяржаў у прадбачанні хуткай перамогі над Германіяй, разам з тым калі прыйшоў час рыхтавацца да міру, усё цяжэй станавілася пераадолець глыбокае адрозненне інтарэсаў і поглядаў паміж партнёрамі па кааліцыі ваеннага часу.

Берлінская аперацыя

У выніку цяжкіх баёў у лютым-сакавіку 1945 г. на тэрыторыях Усходняй Памераніі, Сілезіі, Аўстрыі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі савецкімі войскамі былі вырашаны буйныя стратэгічныя задачы, і створаны ўмовы для штурму Берліна.

Савецкае камандаванне з гэтай мэтай падрыхтавала моцную армейскую групоўку ў складзе 1-га і 2-га Беларускага, 1-га Украінскага франтоў, Дняпроўскай ваеннай флатыліі, а таксама 1-й і 2-й армій Войска Польскага. Гэта групоўка мела ў сваім складзе каля 2,5 млн. чалавек, больш за 41000 гармат і мінамётаў, больш за 6250 танкаў і 7500 самалётаў. Суадносіны ў сілах у параўнанні з немцамі складалі: у людзях 2,5:1, у артылерыі 4:1, у танках і САУ 4,1: 1, у авіяцыі 2,3:1.

Штурм Берліна пачаўся 16 красавіка 1945 г. Дзесяць дзён спатрэбілася савецкім войскам, каб пераадолець абарону немцаў на подступах да горада. Больш за тыдзень доўжыліся баі ў самім Берліне. 30 красавіка Гітлер застрэліўся, а 2 мая гарнізон Берліна капітуляваў. 7 мая ў Рэймсе немцы падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі з заходнімі краінамі. Гэта вызвала незадаволенасць Сталіна, і па яго патрабаванню 9 мая 1945 г. у
0 гадзін 43 хвіліны у
Карлсхорсце, у прысутнасці прадстаўнікоў камандавання ўсіх саюзных армій, быў падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі.

Тысячы нашых землякоў удзельнічалі ў баях на тэрыторыі Германіі. 70-ці з іх было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У іх ліку вызначылася 7 генералаў і адміралаў, 50 афіцэраў і 12 салдат і малодшых камандзіраў. 26 лётчыкаў-беларусаў за праяўленую мужнасць у небе Германіі атрымалі зоркі Герояў Савецкага Саюза. У час баёў над Усходняй Прусіяй атрымаў другую Залатую Зорку героя П.Я.Галавачоў. За гады вайны П.Я.Галавачоў зрабіў 457 баявых вылетаў, удзельнічаў у 127 паветраных баях, асабіста знішчыў 31 нямецкі самалёт.

У ноч на 9 мая 1945 г. усе радыёстанцыі Савецкага Саюза перадалі доўгачаканую вестку аб вялікай Перамозе. Вайна ў Еўропе закончылася. 24 чэрвеня 1945 г. на Краснай Плошчы ў Маскве адбыўся парад Перамогі.

Патсдамская канферэнцыя

З 17 ліпеня па 2 жніўня 1945 г. прайшла новая сустрэча кіраўнікоў краін пераможцаў. Праходзіла яна ў новым складзе. Амерыканскі бок прадстаўляў Г.Трумэн, Англію – спачатку У.Чэрчыль, а з 28 ліпеня К.Этлі, партыя якога перамагла ў парламенцкіх выбарах.

Галоўным было «германскае пытанне». Яно вырашалася наступным чынам – раззбраенне, дэмілітарызацыя, ліквідацыя ваеннай прамысловасці, знішчэнне і судовае праследаванне нацыянал-сацыялізму, пакаранне ваенных злачынцаў, аднаўленне дэмакратычнай структуры палітычнага жыцця. Дэталізаванае было пытанне аб спагнанні рэпарацый з Германіі. У Патсдаме саюзнікі згадзіліся перадаць СССР Кёнігсберг, і значную частку Усходняй Германіі Польшчы. СССР пацвердзіла свой намер выступіць вайной супраць Японіі.

У Патсдаме быў зацверджаны Савета міністраў замежных спраў, галоўнай задачай якога была падрыхтоўка праектаў мірных дамоваў з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй.

Аднак, трэба заўважыць, што шырокаму кругу пытанняў вылучалася шмат разыходжанняў. Амерыканская і англійская дэлегацыі разглядалі савецкую палітыку ў Балгарыі і Румыніі, як парушэнне ялцінскай Дэкларацыі аб вызваленай Еўропе. Галоўныя разнагалоссі праявіліся ў пытаннях аб будучым Германіі і аб Польшчы. І па гэтых пытаннях прэзідэнт ЗША Г.Трумэн займаў вельмі жорсткую пазіцыю, бо за плячыма ён меў атамную бомбу.

Такім чынам, Патсдам знаменаваў сабой пачатак канца паразумення паміж саюзнікамі па антыфашысцкай кааліцыі, і ўсё ж канферэнцыя мела вялікае міжнароднае значэнне, бо сваю ролю ў захаванні міру яна адыграла.

Разгром Квантунскай Арміі. Капітуляцыя Японіі

8 жніўня 1945 г. савецкае кіраўніцтва заявіла японскаму паслу, што з 9 жніўня СССР знаходзіцца з Японіяй у стане вайны. Значна раней, 5 красавіка, Масква разарвала пакт аб ненападзе.
А яшчэ раней, у верасні 1944 г. Генштаб пачаў рыхтаваць планы ваенных аперацый на Далёкім Усходзе. Пасля Ялцінскай канферэнцыі сталі прымацца канкрэтныя шагі па ўмацаванню
ўсходняй групоўкі Чырвонай Арміі. Пасля капітуляцыі Германіі, у маі-чэрвені 1945 г. на Далёкій Усход перакідваліся чатыры арміі, у тым ліку адна танкавая, якія мелі вопыт ваенных дзеянняў у падобных прыродных умовах.

Вайна з боку СССР была аб’яўлена пасля таго, як японскі ўрад адмовіўся на ганаровую капітуляцыю па ўмовах Патсдамскай канферэнцыі. На ўступленні Савецкага Саюза ў вайну настойвалі ЗША. Па падліках амерыканскіх ваенных, для перамогі над Японіяй Амерыцы патрабавалася 1,5 года і армія ў
7 млн. чалавек. Але ЗША не жадалі дзяліць з СССР вынікі пе-
рамогі над Японіяй. Таму
6 і 9 жніўня па загаду Трумэна на японскія гарады Хірасіма і Нагасакі былі скінутыя атамныя бомбы. Гэта бамбардзіроўка не вырашалі ваенных мэтаў, але дэманстравала прэтэнзіі ЗША на аднаасобнае сусветнае лідэрства.

Манжурская наступальная аперацыя (9 жніўня –
2 верасня) праводзілася войскамі Забайкальскага, 1-га і 2-га Далёкаўсходніх франтоў, сіламі Ціхаакіянскага флоту і Амурскай ваеннай флатыліі. Колькасць савецкіх войскаў складала
1669,5 тыс. чалавек, тэхнікі – 26 тыс. гармат і мінамётаў, 5,5 тыс. танкаў і САУ, 3,8 тыс самалётаў. ЗША даслалі морам вялікую колькасць аўтатранспартных сродкаў.

Квантунская японская армія колькасцю больш за 1млн. салдат і афіцэраў, 6,6 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 1,2 тыс. танкаў, звыш 1,9 тыс. баявых самалётаў размяшчалася на тэрыторыі 17 умацаваных раёнаў на мацерыку, на астравах існавалі так сама моцныя сістэмы абароны. Камандаванне Чырвонай Арміі (кіраваў аперацыяй А.Васілеўскі) выкарыстала спрыяльную лінію мяжы і хутка акружыла большасць японскіх часцей і прыступіла да іх ліквідацыі. З 19 жніўня японскія часткі пачалі маава прымаць умовы капітуляцыі.

У другой палове жніўня былі праведзены Паўднёва-Сахалінская і Курыльская дэсантныя аперацыі. Савецкі Саюз вярнуў Паўднёвы Сахалін і Курыльскія астравы. Савецкія войскі былі ўведзены ў Паўночную Карэю. Аперацыі праводзіліся сіламі Ціхаакіянскага флоту, паветранымі сіламі і сухапутнымі войскамі і прадстаўлялі сабой прыклады высокай ступені ўзаемадзеяння розных родаў войск.

Тысячы беларусаў вызначыліся і ў гэтай бітве. Так, 203-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерала Г.С.Здановіча, ураджэнца Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, з упартымі баямі прайшла 1350-кіламетровы марш па цяжкапраходнай мясцовасці Маньчжурскага плато Вялікага Хінгана, фарсіравала р. Ляохэ, авалодала горадам Фусінь. За здзейснены подзвіг Г.С.Здановічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

2 верасня 1945 г. Японія падпісала Акт аб безагаворачнай капітуляцыі. Другая сусветная вайна закончылася перамогай антыфашысцкай кааліцыі.


Удзел воінаў-беларусаў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у складзе саюзных армій і Еўрапейскім руху Супраціўлення

На ўсіх этапах Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ разам з усімі народамі адзінай краіны – Савецкага Саюза – уносіў свой уклад у перамогу над фашызмам. Звыш 1,3 млн. жыхароў Беларусі былі мабілізаваны ці добраахвотна ўступілі ў рады Чырвонай Арміі. Толькі ў 1944-1945 гг. у Чырвоную Армію было мабілізавана звыш 755 тыс. жыхароў Беларусі. Сотні тысяч беларусаў загінулі на франтах вайны, у партызанскіх атрадах і падполлі.

З ўраджэнцаў Беларусі вызначылася многа таленавітых палкаводцаў: начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР, генерал арміі, кавалер ордэна «Перамога» А.І.Антонаў; маршалы Савецкага Саюза В.Д.Сакалоўскі і І.І.Якубоўскі, маршал авіяцыі С.А.Красоўскі, генералы арміі І.І Гусакоўскі, В.П.Маргелаў, І.Я.Шаўроў, генерал-палкоўнікі А.Р.Бацюня, У.Р.Вашкевіч, І.П.Камера, Ф.І.Кузняцоў, М.В.Паўлоўскі, А.В.Петрушэўскі, віцэ-адмірал В.П.Дрозд, контр-адміралы В.Е.Ананіч, А.І.Гурын – усяго 217 генералаў і адміралаў. Толькі ў складзе Ваенна-паветраных Сіл СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны налічвалася 5305 і ў бранятанкавых войсках звыш 2500 афіцэраў беларусаў па паходжанню.

Нашы землякі прынялі актыўны ўдзел у антыфашысцкім руху Супраціўлення ў заходніх краінах Еўропы, а так сама ў ваенных фарміраваннях, якія ваявалі ў складзе армій заходніх саюзнікаў.

У адпаведнасці з пагадненнем ад 14 жніўня 1941 г. паміж СССР і Польшчай прадугледжвалася стварэнне на тэрыторыі СССР польскай арміі. Камандуючым арміі польскі эмігранцкі ўрад прызначыў генерала У.Андэрса. У сакавіку 1942 г. польская армія ў СССР налічвала звыш 75 тыс. салдат і афіцэраў, з якіх каля 10% былі ўраджэнцамі Заходняй Беларусі. Са згоды савецкага ўрада польская армія генерала Андэрса была накіравана ў 1942 г. у паўднёвыя раёны Ірана і Ірака. У чэрвені 1943 г. з яе складу быў вылучаны 2-гі корпус для ўдзелу ў баявых аперацыях саюзных войскаў. Значную частку гэтага злучэння складалі ўраджэнцы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Польскі корпус у складзе 8-й брытанскай арміі вызначыўся ў Італіі ў бітве за Монтэ-Касіна. У час наступлення корпуса вызначылася вялікая колькасць беларусаў (I.Буглак, Р.Буслак, I.Віршыч, С.Голуб, I.Драчынскі, Т.Купрыян, Б.Пачыкоўскі, У.Пашкоўскі, I.Станкевіч, П.Сыч, А.Цаюн, У.Юргілевіч, С.Янкоўскі). Многія з іх атрымалі высокія брытанскія і польскія баявыя ўзнагароды. Поспех 2-га польскага корпуса пад Монтэ-Касіна быў аплачаны вялікай крывёю. Ён страціў 70% асабовага складу.

У гады Вялікай Айчыннай вайны дзесяткі тысяч нашых землякоў апынуліся ў нямецкім палоне ці былі вывезены ў акупіраваныя германскімі войскамі краіны Еўропы. Многія з іх збеглі з палону і працягвалі барацьбу супраць фашызму ў еўрапейскім руху Супраціўлення. Дзесяткі ўраджэнцаў Беларусі былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі гэтых краін. Так, у дэпартаменце Марбіян у Францыі ў Супраціўленні змагаўся ўраджэнец Магілёўшчыны лейтэнант Ф.Кажамякін. Пасмяротна ён быў адзначаны вышэйшай узнагародай Францыі – ордэнам Ганаровага легіёна.

Інжынер з Дзяржынска А.Варанкоў удзельнічаў у стварэнні партызанскага атрада з былых савецкіх ваеннапалонных у Бельгіі. У ліку 30 іншых савецкіх партызан быў узнагароджаны вышэйшым бельгійскім ваенным ордэнам.

Ураджэнец Віцебшчыны В.А.Квіцінскі камандаваў Асобай партызанскай брыгадай імя К.Готвальда, якая вызначылася ў Славацкім нацыянальным паўстанні 1944 г., яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. За актыўны ўдзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на славацкай зямлі Героем Савецкага Саюза таксама стаў гамельчанін Б.Ф.Калач.

У італьянскім Руху Супраціўлення прымаў удзел 19-гадовы студэнт з Мінска Аляксандр у якасці памочніка камандзіра 16-й гарыбальдзійскай дывізіі «Вагано». Аляксандр загінуў у снежні 1944 г. На італьянскай зямлі загінуў таксама А.К.Кісялёў, ураджэнец вёскі Стары Стан Клімавічскага раёна, які змагаўся ў гарыбальдзійскай партызанскай брыгадзе «Матэоці».

Апынуўшыся ў канцэнтрацыйных лагерах, людзі з нашай рэспублікі наладжвалі кантакты з удзельнікамі антыфашысцкага руху на волі, прымалі ўдзел у стварэнні баявых цэнтраў, якія дзейнічалі ў лагерах смерці. У Маўтхаўзене пасля смерці генерала Д.М.Карбышава падпольную арганізацыю ўзначаліў ураджэнец Чавусаў палкоўнік Л.Я.Маневіч. Пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны план паўстання і перад вызваленнем паўстаўшыя захапілі лагер.

Найбольш моцным і арганізаваным быў рух савецкіх патрыётаў у Францыі. Там у кастрычніку 1943 г. быў створаны Цэнтральны камітэт былых савецкіх ваеннапалонных. Добра арганізаваныя атрады з савецкіх ваеннапалонных наносілі гітлераўцам адчувальныя страты. Існавалі нават жаночы атрад – «Радзіма». Камандзірам атрада была выбрана мінчанка Н.І.Лісавец, а пасля яе хваробы – Р.З.Сямёнава-Фрыдзон. Абедзве атрымалі званне лейтэнантаў французскай арміі.

Ураджэнец Магілёўшчыны В.Мяшкова ўзначальваў партызанскі атрад «Ягуар», які дзейнічаў на тэрыторыі паўночнай Францыі і паўднёвай Бельгіі. На яго баявым рахунку знішчэнне нямецкай радыёлакацыйнай станцыі пад Клермонам, адкуль праводзілася карэкціроўка палётаў нямецкіх ракет «ФАУ-1» і «ФАУ-2».


Нашы землякі – ўдзельнікі Руху Супраціўлення, былі салдатамі адзінай арміі, якая змагалася супраць агульнага вора-
га – германскага фашызму.
Сваёй барацьбой, сваёй крывёю яны ўнеслі ўклад у барацьбу еўрапейскіх народаў за вызваленне сваіх краін.

Беларусь – адна з краін-заснавальніц ААН. Страты беларускага народа ў вайне

Пасля трохгадовай нямецкай акупацыі Беларусь, якая няспынна змагалася з ворагам, нягледзячы на страты, узбагаціла свой палітычны статус. 27 красавіка 1945 г. Міжнародная канферэнцыя ў Сан-Францыска, скліканая для заснавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прыняла рашэнне аб уключэнні БССР у лік краін-заснавальніц гэтай арганізацыі, што з’явілася прызнаннем міжнароднай супольнасцю вялікага ўкладу народа Беларусі ў разгром фашызму ў гады Другой сусветнай вайны.

Сталін дамагаўся ўключэння дзвюх рэспублік у новы сусветны орган, спасылаючыся на велізарныя страты і ўклад Беларусі і Украіны ў перамогу над фашысцкаю Нямеччынай. Але ёсць меркаванне, што Сталін так сама праследаваў яшчэ адну мэту, калі настойваў на членстве савецкіх рэспублік у ААН. Гэтае ён рабіў больш з той прычыны, каб суняць украінскі і беларускі нацыянальныя рухі, якія выявілі сябе ў часе акупацыі. Прэм’ер-міністр Чэрчыль на Ялцінскай канферэнцыі згадзіўся з першымі довадамі Сталіна. «Я спачуваю Беларусі, – сказаў ён, – якая перамагае тыранаў, сплываючы крывёю».

А крыві пралілася на Беларусі сапраўды зашмат. На пачатак мая 1945 г., калі скончылася вайна, Беларусь страціла звыш
2,2 млн. Жыхароў, 380000 было дэпарціравана чорнарабочымі ў Германію. Было спалена альбо разбурана 209 гарадоў і мястэчак і 9 200 вёсак (1,2 млн. будынкаў). Рэспубліка страціла 61% коней. 69% буйной рагатай жывёлы. 89% свіней, 78% авечак. Матэрыяльныя страты ў дзяржаўных цэнах 1941 г. дасягалі
75 млрд. рублёў. Буйнейшыя гарады, такія як Мінск альбо Віцебск, на 80-90% ляжалі ў руінах.

Нюрнбергскі працэс над ваеннымі злачынцамі

Для правядзення суда над нямецкімі ваеннымі злачынцамі быў створаны міжнародны ваенны трыбунал. Ён дзейнічаў з 20 лістапада 1945 г. да 1 кастрычніка 1946 г. у Нюрнбергу. Трыбунал быў створаны Лонданскім пагадненнем паміж СССР, ЗША, Англіяй і Францыяй ад 8 жніўня 1945 г., да якога далучылася яшчэ 19 краін свету. Трыбунал устанавіў змест злачынстваў гітлераўцаў супраць чалавецтва і прыгаварыў кіраўнікоў трэцяга Рэйху і генералаў вермахту – усяго 24 асобы. Падсудныя: Герынг, Рыббентроп, Кейтэль, Розенберг, Франк, Фрык, Кальтенбруннэр, Штрэйхер, Йодль, Заўкель, Зэйс-Інкварт і Борман, Гесс, Функ і Рэдэр, Шырах, Шпеер, Нейрат і інш. мелі адвакатаў на свой выбар, усе правы падсудных былі захаваныя. Усяго адбылося 403 паседжанні, якія шырока асвячаліся 249 карэспандэнтамі з розных краін свету. Былі заслуханы сведкі і разгледжаны больш за
5 тыс. дакументальных пацверджанняў злачынстваў нацыстаў.
З Беларусі такія дакументы прадставіла Надзвычайная дзяржаўная камісія па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў. Але галоўнае – віна даказвалася на падставе дакументаў, складзеных самімі абвінавачанымі.

Ваенны трыбунал прызнаў злачыннымі такія арганізацыі, як СС, СД, гестапа, нацыянал-сацыялістычную партыю. Трыбунал паказаў небяспеку адраджэння фашызму і нацызму ў любой форме і даказаў неправамоцнасць версіі аб «прэвентыўным» характару вайны фашысцкай Германіі супраць СССР. Нюрнбергскі трыбунал распачаў практыку міжнароднага правасуддзя, упершыню ў гісторыі развязванне вайны было прызнана цяжэйшым міжнародным злачынствам.

У першыя пасляваенныя месяцы і гады ў Беларусі прайшлі судовыя працэсы над нацысцкімі ваеннымі злачынцамі і асобамі, якія супрацоўнічалі з акупантамі, ў Мінску, Бабруйску, Віцебску, Гомелі і іншых гарадах, на якіх яны былі асуджаны і панеслі пакаранне за здзейсненыя злачынствы на тэрыторыі нашай рэспублікі. Даказальную базы для гэтых працэсаў так сама прадставіла Надзвычайная дзяржаўная камісія па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў. Створана яна была паводле Указа Прэзідыўма ВС СССР ад 2 лістапада 1942 г. з ліку дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў навукі і культуры. У рэспубліках ствараліся рэспубліканскія камісіі садзейнічання НДзК. Беларускую рэспубліканскую камісію, створаную ў пачатку
1944 г. узначальваў Першы сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка. У абласцях дзейнічалі абласныя камісіі. Імі былі сабраныя бясспрэчныя док
азы па справах нямецкіх ваенных злачынцаў.

Вынікі і ўрокі вайны

Вайна, якую распачала нацысцкая Германія супраць Савецкага Саюза, не была звычайнай вайной нават па самым жорсткім паняццям новага XIX стагоддзя. Гэта была вайна на знішчэнне цэлых народаў, у тым ліку ўсходнеславянскіх, якія на той час будавалі сацыялістычнае грамадства. Метады гэтай вайны прынцыпова адрозніваліся ад метадаў, якія выкарыстоўваліся немцамі ў заходнееўрапейскіх ваенных кампаніях. Па сутнасці гітлераўскае кіраўніцтва паставіла перад нашай краінай пытанне аб жыцці і смерці, і ў выніку атрымала адказ усіх народаў Савецкага Саюза ў форме Вялікай Перамогі.

Пад час вайны шмат памылак дапусціла кіраўніцтва СССР, і асабліва асабіста І.Сталін і вышэйшы генералітэт. Але гэта было наша кіраўніцтва, а як вядома, народ мае тых кіраўнікоў, якіх заслугоўвае, і нашы народы атрымалі Перамогу так, як маглі. Пасляваенная савецкая прапаганда перамогу прысудзіла выключна перавагам сацыялістычнага строю, але гэта не зусім так. Калі вырашаецца пытанне аб існаванні цэлых народаў, менавіта імкненне народаў да выжывання становіцца галоўным і рашаючым фактарам жыццяздольнасці краіны. Толькі разам, аб’яднаўшыся, народы СССР здолелі супрацьстаяць агрэсіі паловы Еўропы.

Фактарам перамогі з’яўляецца так сама масавы гераізм, які засноўваўся на самаахвяраванні асобы дзеля агульнай перамогі. Нездарма ў Чырвонай Арміі больш 200 разоў паўтарылі подзвіг А.Матросава, масавай з’явай было выкарыстанне ў паветраных баях тараннага ўдару. 561 лётчык выкарыстаў яго як апошні сродак. У той жа час нямецкія асы і простыя лётчыкі нават над Берлінам не рызыкавалі тараніць савецкія самалёты.

Вайна паказала, што савецкі салдат можа прайсці баявую падрыхтоўку прама на полі бою і пераўзысці свайго ворага, не гледзячы на езуіцкую дзейнасць «асабовых аддзелаў». Савецкі салдат – паняцце шматнацыянальная. Зоркі Герояў Савецкага Саюза атрымалі сотні і дзесяткі прадстаўнікоў дзесяткаў нацый і нацыянальнасцяў адной краіны. Гэта рускія, якуты, украінцы і абхазы, беларусы і літоўцы, татары і карэлы, яўрэі і эстонцы і г.д.

Вялікая Айчынная вайна з’яўлялася толькі часткай вялікай, глабальнай Другой сусветнай вайны, якая адбілася на жыцці больш за 75% насельніцтва планеты. Вайна паказала, як лёгка яна можа пачацца, і як цяжка яе спыніць. Больш адказнасці патрабавалася ад вядучых краін свету ў правядзенні сваёй знешняй і ўнутранай палітыкі.

Кантрольныя пытанні да тэмы №11

  1.  Што прымусіла саюзнікаў паскорыць у 1944 г. мерапрыемствы па стварэнню другога фронту?
  2.  Якія краіны былі вызвалены ад фашыстаў і нацыстаў пад час вызваленчага паходу ў Еўропу Чырвонай арміі ў 1944-1945 гг.?
  3.  Якія пытанні разглядаліся на Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцыях? Чаму бакам усе цяжэй было знайсці паразуменне?
  4.  Калі быў падпісаны канчатковы акт аб капітуляцыі Германіі? Чаму краіны лічаць, што Германія капітулявала раней?
  5.  Які ўдзел прымалі беларусы ў руху Супраціўлення ў Еўропе?
  6.  Чаму, на ваш погляд, БССР была ўведзена ў склад краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый?
  7.  Якое пакаранне панеслі ваенныя злачынцы і кіраўнікі нацысцкай Германіі?
  8.  З чаго вынікаюць, на ваш погляд, галоўныя вынікі Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны?


ЗАКЛЮЧЭННЕ

Лекцыя 13. Заключэнне

Шмат часу прайшло з моманту завяршэння Вялікай Айчыннай вайны, зыходзіць пакаленне, якое памятае жахі гэтай страшэннай трагедыі нашага народу. Але людзі памятаюць пра вайну. Яна прайшла праз кожную хату ці кватэру, у кожнай сям’і ёсць загінуушыя ў віхуры ваенных падзей. Таму не можа згінуць так проста памяць пра тое гора, якое прыйшло да нас 65 год таму назад.

Павінны мы памятаць і пра нашых герояў. Каля 400 тыс. воінаў-беларусаў узнагароджаны баявымі ардэнамі і медалямі, урадавымі ўзнагародамі СССР. 444 беларусы ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, чацвёра з іх – маёр авіяцыі П.Я.Галавачоў, камандзір танкавай брыгады І.І.Гусакоўскі, камандзір танкавай брыгады С.Ф.Шутаў, камандзір танкавай брыгады І.І.Якубоўскі – двойчы. 67 беларусаў сталі кавалерамі ордэна Славы трох ступеней – савецкага аналага Георгіеўскага крыжа Расійскай імперыі.

Сотні тысяч беларусаў самааддана працавалі ў савецкім тыле, у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, забяспечвалі Чырвоную Армію зброяй, боепрыпасамі, амуніцыяй, харчовымі прадуктамі. Дзесяткі тысяч нашых суайчыннікаў за свой працоўны подзвіг у час Вялікай Айчыннай вайны былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Пяцёра машыністаў-чыгуначнікаў сталі Героямі Сацыялістычпай Працы: А.В.Глебаў, М.А.Макараў. І.П.Першукевіч, А.М.Чухнюк, А.А.Янкоўскі.

Подзвіг нашых герояў увекавечаны ў шматлікіх мемарыялах, помніках, манументах і абелісках на нашай зямлі і за яе межамі. У 1949 г. у Берліне ў Трэптаў-парку адкрыты помнік, які сімвалізуе Перамогу над фашызмам і нацызмам. У Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Балгарыі, Югаславіі пасля вайны адчынены мемарыялы загінуўшым на тэрыторыі гэтых краін савецкім салдатам.

У рэспубліках былога СССР уведзена больш за 100 тыс. помнікаў і мемарыялаў. На беларускай зямлі 8,5 тысяч помнікаў, мемарыялаў, абеліскаў з імёнамі тых, хто не вярнуўся з вайны, быў закатаваны акупантамі, і без імёнаў.

Увекавечванне памяці загінаўшым у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі пачалося яшчэ ў ваенныя гады. Увекавечыць памяць аб важнейшых бітвах імкнуліся перш за ўсё самі воіны. І ужо за гады вайны з’явілася шмат часовых абеліскаў і проста крыжоў над магіламі нашых салдат. У сакавіку 1944 г. СНК БССР прыняў пастанову «Аб ахове і выкарыстанні гістарычных і архітэктурных помнікаў і ўвекавечваць памятных месцаў і падзей, якія звязаны з вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». А пасля заканчэння вайны, у ліпені
1945 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб азнаменаванні перамогі і ўвекавечванні памяці воінаў Чырвонай Арміі і партызан, загінуўшых у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза». Менавіта ў ім упершыню 3 ліпеня аб’яўлялася усенародным святам Перамогі і вызвалення беларускага народа. Закон прадугледжваў узвядзенне помніка Перамогі ў Мінску і шматлікіх помнікаў на магілах воінаў і партызан, над якімі бралі шэфства школы, прамысловыя прадпрыемствы, грамадскія арганізацыі.

У 1966 г. урад рэспублікі прыняў рашэнне аб стварэнні Хатынскага мемарыялу – помніка 9200 беларускім вёскам, якія поўнасцю ці часткова былі знішчаны фашыстамі. Мемарыял быў адчынены 5 ліпеня 1969 г. да 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і стаў адразу вядомы ва ўсім свеце. Менавіта гэты мемарыял сімвалізуе ўсе тыя незвычайныя, невыносныя пакуты, якія зведаў беларускі народ. Уражлівае помнік у горадзе Жодзіна ў гонар маці-патрыёткі Анастасіі Фамінічны Купрыянавай, чые пяць сыноў змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і загінулі. Малодшы з іх – Герой Савецкага Саюза Пётр Купрыянаў закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, паўтарыўшы подзвіг А.Матросава.

Асобае месца ва ўшанаванні подзвігу салдата, які змагаўся супраць нацызму і фашызму, займае Брэсцкая крэпасць. Мемарыял крэпасці-герою быў адкрыты 25 верасня 1971 г. Кампазіцыйным цэнтрам ансамбля з’яўляюцца галоўны манумент «Мужнасць» – нагрудная скульптура воіна і штык-абеліск вышынёй 100 м. Побач – трыбуны і трохярусны некропаль, дзе пахаваны астанкі 850 абаронцаў крэпасці, непадалёк гарыць Вечны агонь Славы. Мемарыял ствараўся як помнік гераізму савецкіх салдат, але не трэба забывацца і на тое, што ў верасні 1939 г. крэпасць зведала тыднёвую жорсткую асаду нямецкіх войск, і абаранялі яе беларусы, салдаты польскай арміі.

Як даніна ўдзячнасці беларусаў Чырвонай Арміі вырас і
5 жніўня 1969 г. быў адкрыты велічны
Курган Славы. Сотні тысяч людзей прыняло ўдзел яго насыпанні. Сімвалам славы беларускіх воінаў і партызанаў з’яўляецца ансамбль плошчы Перамогі ў Мінску, дзе Вечны агонь – гэта жывы напамінак аб патрыётаў, аддаўшых жыццё за Беларусь.

Помнікаў трохгадовай партызанскай барацьбы з’яўляецца мемарыял «Прарыў», які створаны ў 1971 г. паблізу Ушач у Віцебскай вобласці. На вяршыні ўзгорку ў разрыве бетоннай глыбы бронзавая 9-метровая фігура партызана, нахіленая наперад. Побач умураваны 33 надмагільныя пліты з імёнамі герояў прарыву.

Імёны воінаў, партызан, падпольшчыкаў увекавечаны ў назвах паркаў, плошчаў, праспектаў, вуліц гарадоў і гарадскіх пасёлкаў. Своеасаблівым летапісам народнага подзвігу стала кніга «Навечна ў памяці народнай», у якой сабраны біяграфіі больш за 2 тыс. Герояў Савецкага Саюза, прадстаўнікоў 42 нацыянальнасцяў, якія змагаліся за вызваленне Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў. Праяўленнем глыбокай павагі і светлай памяці воінаў, партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, расстраляных і спаленых жывымі з’яўляецца 146-тамовае выданне гісторыка-дакументальных хронік «Памяць», якое будзе завершана да 60-годдзя Вялікай Перамогі.

Ніхто не забыты, нішто не забыта – гэтыя словы гавораць аб тым, што гераічнае мінулае навекі застанецца ў народнай памяці як слава ветэранаў, як боль страт. Жыве гэтае мінулае ў свядомасці і сэрцах не толькі людзей старэйшага пакалення, але і іх дзяцей, унукаў, праўнукаў, якія не ведалі вайны. Жыве і вучыць жыць па самых высокіх мерках патрыятызму і маралі. Вучыць ненавідзець вайну, цаніць і абараняць мір.


ПЫТАННІ ДА ЗАЛІКУ

  1.  Гістарыяграфія і крыніцы вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі.
  2.  Перыядызацыя Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.
  3.  Міжнародная сітуацыя ў свеце ў 30-х гадах ХХ ст. Ачагі напружанасці ў Азіі, Афрыцы і ў Еўропе. Фарміраванне фашысцкага блоку.
  4.  Савецка-французска-англійскія перамовы ў канцы
    1930-х гадоў. Савецка-германскія дагаворы1939 года.
  5.  Пачатак Другой сусветнай вайны. Прычыны і характар вайны.
  6.  Уз’яднанне Беларусі. СССР і краіны Балтыі. Савецка-фінская вайна. Дзейнасць СССР на міжнароднай арэне.
  7.  Акупацыя Германіяй еўрапейскіх краін. Падрыхтоўка Германіі да вайны з СССР.
  8.  Напад Германіі на СССР. Прыгранічныя баі ў Беларусі.
  9.  Мабілізацыя сіл і сродкаў для барацьбы з агрэсарам, эвакуацыйныя мерапрыемствы.
  10.  Абарончыя баі пад Мінскам, Бабруйскам, Оршай, Віцебскам, Магілёвам, Гомелем. Гераізм савецкіх воінаў. Прычыны няўдач Чырвонай Арміі летам-восенню 1941 г.
  11.  Дзейнасць першых партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп і падпольных арганізацый.
  12.  Дзейнасць СССР на міжнароднай арэне. Пачатак стварэння антыгітлераўскай кааліцыі.
  13.  Генеральны план «Ост». Ваенна-эканамічныя мэты захопнікаў.
  14.  Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел акупіраванай тэрыторыі. Акупацыйны апарат кіравання.


  1.  Палітыка генацыду. Карныя экспедыцыі. Канцэнтрацыйныя лагеры.
  2.  Калабарацыянізм. Арганізацыі беларускіх калабарантаў.
  3.  Эканамічная і сельскагаспадарчая палітыка германскіх акупацыйных улад.
  4.  Станаўленне і развіццё партызанскага руху і падпольнай барацьбы. Арганізацыя і дзейнасць ЦШПР і БШПР і іншых структур, кіруючых дзейнасцю партызан і падпольшчыкаў.
  5.  Баявая дзейнасць партызан. Рэйкавая вайна.
  6.  Узаемаадносіны партызан і насельніцтва. Партызанскія зоны.
  7.  Прапаганда і агітацыя сярод насельніцтва. Культурна-асветніцкая дзейнасць партызан.
  8.  Партыйнае, камсамольскае, антыфашысцкае падполле. Арганізацыйная структура і склад.
  9.  Дзейнасць падпольшчыкаў Мінска, Магілёва, Гомеля, Брэста, Гродна, і інш. гарадоў Беларусі.
  10.  Армія Краёва і яе формы барацьбы. Беларусы ў Арміі Краёвай.
  11.  Карэнны пералом у вайне ў 1942-1943 гг. Перамогі ў Афрыцы, міжземнамор’і і на Ціхім акіяне. Сталінградская і Курская бітвы. Цегеранская канферэнцыя. Пытанне аб Другім фронце.
  12.  Пачатак вызвалення Беларусі. Узаемадзеянне партызан, насельніцтва і войск Чырвонай Арміі.
  13.  Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён». Вызваленне Мінска. Партызанскі парад.
  14.  Аднаўленне народнай гаспадаркі рэспублікі.
  15.  Савецкі тыл у гады вайны. Дзейнасць Камітэта Абароны.
  16.  Дзейнасць беларускіх ўстаноў і арганізацый ў тыле.
  17.  
    Вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Еўропу. Капітуляцыя Германіі.
  18.  Канферэнцыі саюзнікаў у Тэгеране, Ялце і Патсдаме. Абмеркаванне будучага Еўропы і свету.
  19.  Беларусы ў складзе саюзных армій (польская армія генерала Андэрса) і Еўрапейскага руху Супраціўлення.
  20.  Вайна СССР супраць Японіі. Заканчэнне Другой сусветнай вайны. Вынікі і ўрокі сусветнай вайны.
  21.  Беларусь – адна з краін-заснавальніц ААН. Нюрнбергскі працэс.
  22.  Людскія і матэрыяльныя страты беларускага народа. Ушанаванне памяці загінуўшых у Беларусі.
  23.  Гарады героі. Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны.
  24.  Ураджэнцы Беларусі – Героі Савецкага Саюза і поўныя кавалеры ордэна Славы.


СПІС ЛІТАРАТУРЫ

  1.  Аблова Р.Т. Это было в Белоруссии: Из истории борьбы молодежи в партизанских отрядах и подполье. – М.: Мол. гвардия, 1957. – 192 с.
  2.  Алатри П. Происхождение фашизма. – М.: Изд. иностр. лит., 1961.– 462 с.
  3.  Anpassung – Kollaboration – Widerstand. Kollektive Reaktion auf die Okkupation. Hrsg. von Wolfgang Benz, Johannes Houwink ten Cate, Gerhard Otto. – Berlin, 1996. – 303 s.
  4.  Анатомия войны: Новые документы о роли германского монополистического капитала в подготовке и ведении Второй мировой войны. – М.: Прогресс, 1971. – 528 с.
  5.  Андрющенко Н.К. Народное ополчение Белоруссии. – Мн.: Наука и техника, 1980. – 128 с.
  6.  Артемьев И.Н. Позывные Москвы: Воспоминания ген.-майора технических войск об организации радиосвязи в боевых условиях. – Мн.: Беларусь, 1978. – 192 с.
  7.  Баграмян И.Х. Так начиналась война. – 3-е изд. – Киев: Политиздат Украины, 1984. – 495 с.
  8.  Батов П.И. В походах и боях. – 4-е изд. испр. и доп. – М.: Изд.-во ДОСААФ, 1984. – 511 с.
  9.  Бахман К. Кем был Гитлер в действительности. – М.: Прогресс, 1981. – 207 с.
  10.  Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941-1945 гг.): Бібліягр. паказ. літ.(1941-1971 гг.). / Склад. Р.М. Чыгірова, Э.І. Ляўко.– Мн.: Дзярж. б-ка БССР, 1980. – 299 с.
  11.  Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945: Энцыклапедыя / Рэдкал.: I.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. – Мн.: Гал. рэд. БелСЭ, 1990. – 680 с.


  1.  Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: Праблемы гістарыяграфіі крыніцазнаўства: Зб. арт.. – Мн.: Бел. навука,
    1999. – 253 с.
  2.  Белорусские остарбайтеры: Угон населения Белоруссии на принудительные работы в Германию (1941-1944): Док. и материалы: В 2 кн. Кн.1-2 / Сост. Г.Д. Кнатько и др. – Мн.: НАРБ, 1996-1997; Кн. 1. (1941-1942). – 1996. – 302 с; Кн. 2. (1943-1944). 1997. – 469 с.
  3.  Бессонов Б.Н. Фашизм: идеология, политика. – М.: Высш. шк., 1985. – 279 с.
  4.  Бирюзов С.С. Суровые годы. 1941-1945. – М.: Наука, 1966. – 560 с.
  5.  Большая ложь о войне: Критика новейшей буржуазной историографии Второй мировой войны. – М.: Воениздат, 1971. – 368 с.
  6.  Брюханов А.И. В штабе партизанского движения. – Мн.: Беларусь, 1980. – 256 с.
  7.  Буг в огне. – 3-е изд., испр. и перераб. – Мн.: Беларусь, 1977. – 446 с.
  8.  Бурдерон Р. Фашизм: идеология и практика. – М.: Прогресс, 1983. – 165 с.
  9.  Буханов В.А. Европейская стратегия германского фашизма: 1933 – 1939. – Свердловск: Изд-во Урал. ун-та, 1991. – 162 с.
  10.  Василевский А.М. Дело всей жизни. – 4-е изд. – М.: Политиздат, 1983. – 514 с.
  11.  В грозные годы: Воспоминания участников борьбы против немецко-фашистских оккупантов на территории Гомельской и Полесской обл. – Мн.: Беларусь, 1973. – 397 с.
  12.  В едином строю: Воспоминания участников партизанского движения в Белоруссии 1941-1944. – Мн.: Беларусь, 1970. – 531 с.
  13.  Вела нас партия: Воспоминания советских партизан и подпольщиков Могилевской области периода Великой Отечественной войны. – Мн.: Беларусь, 1984. – 447 с.
  14.  Великая Отечественная война 1941-1945: Энциклопедия/ Гл. ред М.М. Козлов; Редкол.: Ю.Я. Барабаш, П.А. Жилин, В.И. Канатов и др. – М.: Сов. энцикл., 1985. – 832 с.
  15.  Великая Отечественная война Советского Союза 1941-1945: Крат. история. – 2-е изд. – М.: Воениздат, 1970. – 631 с.
  16.  Великая Отечественная война Советского Союза 1941-1945: Крат. науч.-попул. очерк. – 2-е изд. М.: Политиздат, 1973. – 542 с.
  17.  Werner Maser Adolf Hitler. Zegende, Mythos, Wirhlichceit 3 rd end Munish 1976. – 32 s.
  18.  В лесах Белоруссии: Воспоминания советских партизан и немецких антифашистов. – Мн.: Беларусь, 1977. – 399 с.
  19.  В непокоренном Минске: Документы и материалы о подпольной борьбе советских патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944) / Сост. Л.В. Аржаева, П.П. Липило. – Мн.: Беларусь, 1987. – 238 с.
  20.  Война в тылу врага: О некоторых проблемах истории советского партизанского движения в годы Великой Отечественной войны. Вып. 1. – М.: Политиздат, 1974. – 447 с.
  21.  Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. В 3-х т. Т. 1-3 / Гл. редкол.: А.Т. Кузьмин и др. – Мн.: Беларусь, 1983 – 1985; Т. 1. – 1983. – 591 с.; Т. 2. – 1984. – 551 с.; Т. 3. – 1985. – 531 с.
  22.  Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944): Док. и материалы. В 3 т. Т. 1-3. – Мн.: Беларусь, 1967-1982; Т. 1. Зарождение и развитие партизанского движения в первый период войны (июнь 1941 – ноябрь 1942). – 1967. – 744 с.; Т. 2. Развитие всенародного партизанского движения во второй период войны. Кн. 2 (июль – декабрь 1943 г.). – 1978. – 814 с.; Т. 3. Всенародное партизанское движение в Белоруссии на завершающем этапе (январь – июль 1944). – 1982. – 792 с.
  23.  В тылу врага: (Очерки, дневники, записки об участии комсомола и молодежи в партизанской борьбе). – М.: Мол. гвардия, 1943. – 220 с.
  24.  В тылу врага: Листовки партийных организаций и партизан Великой Отечественной войны (1941-1945 гг.). – М.: Госполитиздат, 1962. – 344 с.
  25.  Гальдер Ф. Военный дневник: Ежедневные записи начальника Генерального штаба сухопутных войск. 1939-1942 гг. Т.1-3 / Пер. с нем. П.А.Жылина. – М.: Воениздат, 1968-1971.; Т. 1. От начала войны с Польшей до конца наступления на западном фронте (14.08.1939 г. – 30.06.1940 г.). – 1968. 509 с.; Т.2. От запланированного вторжения в Англию до начала восточной кампании (1.07.1940 – 21.06. 1941 гг.). – 1969. 628 с.; Т.3. От начала восточной кампании до наступления на Сталинград (22.06.1941 – 24.09.1942 гг.). – 1971. 408 с.; Книга 1. – 408 с.; Книга 2. – 368 с.
  26.  Галкин А.А. Германский фашизм. – М.: Наука, 1989. – 352 с.
  27.  Геббельс И. Последние записи: Дневники 1945 года. – Смоленск: Русич, 1993. – 416 с.
  28.  Герои подполья: О подпольной борьбе сов. патриотов в тылу немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Вып. 2. – 3-е Изд., испр. и доп. – М.: Политиздат. Вып. 2. 1972. – 479 с.
  29.  Gerlach Christian. Kalkulierte Morde: die deutsche Wirtschafts – und Vernichtungspoltik in Wessrussland 1941 bis
    1944. – Ha
    mburg, 1999. – 1232 s.
  30.  Гинцберг Л.И. На пути в имперскую канцелярию. германский фашизм рвется к власти. – М.: Наука, 1972. – 455 с.
  31.  Гісторыя Беларускай ССР. У 5 т. Т.4. Беларусь напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза (1938 – 1945 гг.). – Мн.: Навука і тэхніка, 1975. – 640 с.
  32.  Год кризиса, 1938-1939: Документы и материалы. В 2 т. Т 1 – 2. / М-во иностр. дел СССР; Редкол.: А. П. Бондаренко и др. М.: Политиздат, 1990.; Т. 1. 29 сентября 1938 г. – 31 мая 1939 г. – 555 с.; Т. 2. 2 июня 1939 г. – 4 сентября 1939 г. – 431 с.
  33.  Гречко А.А. Годы войны. 1941-1943. – М.: Воениздат, 1976. – 574 с.
  34.  Гудериан Г. Воспоминания солдата. – Смоленск: Русич, 1998. – 653 с.
  35.  Долготович Б.Д. Беларусь в годы Великой Отечественной войны. – Мн.: Полымя, 1994. – 141 с.
  36.  Долготович Б.Д. Военачальники – сыны Беларуси на фронтах Великой Отечественной войны. – Мн.: БНТУ, 2003. – 145 с.
  37.  Дастанка М.Е. Газета «Звязда» у гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941 – май 1945 гг.). – Мн.: Выд-ва БДУ, 1970. – 193 с.
  38.  Деларю Ж. История гестапо: перевод с французского – Смоленск: Русич, 1998. – 478 с.
  39.  Денисевич А. Орлиное племя: Записки комсомольского работника. – Мн.: Беларусь, 1972. – 399 с.
  40.  Дмитриев М. А. Во имя жизни: Воспоминания помощника комиссара 10-й Журавичской партизанской бригады. – Мн.: Беларусь, 1981. – 189 с.
  41.  Доморад К.И. Разведка и контрразведка в партизанском движении Белоруссии. 1941-1944 гг. / Под ред. И.М. Игнатенко. – Мн.: Наука и техника, 1995. – 256 с.
  42.  «Donn kom die deutsche Macht»: weiβrussische Kinderhäftlinge in deutschen Konzentrationslagern 1941–1945; eine Dokumentation. – Köln, 1999. – 205 s.
  43.  Europa untern Hakenkrenz: Die Okkupationspolitil des dentschen Faschismuz, 1938–1945: in 8 Bd. Bd.1. – Berlin: Dt.Verl.der Wiss., 1988. – 284 s.
  44.  Ермолович В.И., Жумарь С.В. Огнем и мечом: Хроника польского националистического подполья в Белоруссии (1939-1953 гг.). – Мн.: БелНИЦДААД, 1994. – 112 с.
  45.  Жадов А.С. Четыре года войны. – М.: Воениздат, 1978. – 334 с.
  46.  Жилянин Я.А. и др. Без линии фронта / Я.А. Жилянин, И.Б. Позняков, В.И. Лузгин. – 2-е изд., испр. и доп. – Мн.: Беларусь, 1979. – 382 с.
  47.  Жуков Г.К. Воспоминания и размышления. В 3 т. Т. 1-3. 9-е изд. – М.: Изд-во АПН, 1988.; Т. 1. – 303 с.; Т. 2. – 328 с.;
    Т. 3.– 351 с.
  48.  Жумарь С.В. Оккупационная периодическая печать на территории Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. – Мн.: БелНИЦДААД, 1996. – 284 с.
  49.  Загорулько М.М., Юденков А.Ф. Крах плана «Ольденбург»: О срыве экономических планов фашистской Германии на временно оккупированной территории СССР. – М.: Экономика, 1975. – 383 с.
  50.  За край родной: Воспоминания партизан и подпольщиков Барановичской области – Мн.: Беларусь, 1978. – 286с.
  51.  Залескі А.І. Быт беларускіх сялян у партызанскім краі. – Мн.: Выд-ва АН БССР, 1960. – 210 с.
  52.  Залесский А.И. В партизанских краях и зонах: Патриотический подвиг советского крестьянства в тылу врага (1941-1944 гг.). – М.: Соцэкгиз, 1962. – 397 с.
  53.  Зборнік лістовак усенароднай партызанскай барацьбы ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-1944). – Мн.: Дзярж. выд-ва БССР, 1952. – 547 с.


  1.  Зверства немецко-фашистских захватчиков: Док.
    вып. 8. – М.: Воениздат, 1943. – 75 с.
  2.  Зверства немецко-фашистских захватчиков: Док. вып. 14.– М.: Воениздат, 1945. – 80 с.
  3.  Зуевич И.Т. Райком в подполье: Рогачевский райком партии в период Великой Отечественной войны. – Мн.: Беларусь, 1972. – 238с.
  4.  История Великой Отечественной войны Советского Союза. 1941-1945. В 6 т. Т. 1-6. – М.: Воениздат, 1960 – 1965.;
    Т. 1. Подготовка и развязывание войны империалистическими державами. – 1960. – 535 с.; Т. 2. Отражение советским народом вероломного нападения фашистской Германии на СССР. Создание условий для коренного перелома в войне. (июнь 1941 – ноябрь 1942 гг.) . – 1961. – 681 с.; Т. 3. Коренной перелом в ходе Великой Отечественной войны. (ноябрь 1942 – декабрь 1943 гг.). – 1961. – 662 с.; Т. 4. Изгнание врага из пределов Советского Союза и начало освобождения народов Европы от фашистского ига (1944 г.).– 1962. – 728 с.; Т. 5. Победоносное окончание войны с фашистской Германией. Поражение империалистической Японии (1945 г.). – 1963. – 658 с.; Т. 6. Итоги Великой Отечественной войны.– 1965. – 319 с.
  5.  История ВЛКСМ и Всесоюзной пионерской организации имени В.И. Ленина. – М.: Просвещение, 1983. – 366 с.
  6.  История Второй мировой войны, 1939-1945. В 12 т.
    Т. 1-12. – М.: Воениздат, 1973-1982.; Т. 1. Зарождение войны. Борьба прогрессивных сил за сохранение мира. – 1973. – 367 с.; Т. 2. Накануне войны. – 1974. – 479 с.; Т. 3. Начало войны. Подготовка агрессии против СССР. – 1974. – 503 с.; Т. 4. Фашистская агрессия против СССР. Крах стратегии «молниеносной войны». – 1975. – 535 с.; Т.5. Провал агрессивных планов фашистского блока. – 1975. – 511 с.; Т.6. Кореной перелом в войне. – 1976. –
    519 с.; Т.7. Завершение коренного перелома в войне. – 1976. –
    551 с.; Т. 8. Крушение обоорнительной стратегии фашистского блока. – 1977. – 527 с.; Т. 9. Освобождение территории СССР и европейских стран. Война на Тихом океане и в Азии. – 1978. – 575 с.; Т. 10. Завершение разгрома фашистской Германи. 1979. – 543 с.; Т. 11. Поражение милитаристской Японии. Окончание второй мировой войны. – 1980. – 495 с.; Т. 12. Итоги и уроки второй мировой войны. – 1982. – 495 с.
  7.  История Коммунистической партии Советского Союза: В 6 т. Т. 5, кн. 1. (1938-1945 гг.). – М.: Политиздат, 1970. – 723 с.
  8.  Калинин П.З. Партизанская республика. – 3-е изд. – Мн.: Беларусь, 1973. – 367 с.
  9.  Кершоу Я. Гитлер (След в истории). – Ростов н/Д: Феникс, 1997. – 320 с.
  10.  Климов И., Граков Н. Партизаны Вилейщины. –
    2-е изд. – Мн.: Беларусь, 1970. – 382 с.
  11.  Кнатько Г.Д. Рукописные издания партизан Белорус-
    сии. – Мн.: Наука и техника, 1979. – 86 с.
  12.  Козлов В.И. Люди особого склада. – Дораб. и доп. изд. – Мн.: Беларусь, 1973. – 399 с.
  13.  Коммунистическая партия в период Великой Отечественной войны (июнь 1941 - 1945 гг.): Док. и материалы. – М.: Госполитиздат, 1961.– 704 с.
  14.  Коммунистическая партия в период Великой Отечественной войны (июнь 1941 - 1945 гг.): Док. и материалы. – М.: Политиздат, 1970. – 494 с.
  15.  Комсомол – нашей партии доблестный сын: Из истории ЛКСМ Белоруссии. – Мн.: Госиздат БССР , 1960. – 492 с.
  16.  Комсомол Белоруссии в Великой Отечественной войне: Док. и материалы / Ин-т истории партии при ЦК КПБ; Сост.
    Г.Н. Шевела.– Мн.: Беларусь, 1988. – 495 с.

  1.  Кондакова Н.И. Идеологическая победа над фашизмом. 1941-1945 гг. – М.: Политиздат, 1982. – 176 с.
  2.  Корж Е.С. Вся жизнь – Отчизне. – Мн.: Беларусь,
    1984. – 239 с.
  3.  Короткевич А.Т. Обелиск у дороги: О боевом пути партизанской бригады «За Советскую Белоруссию». – 2-е изд. – Мн.: Беларусь, 1987. – 207 с.
  4.  Краўчанка І.С. Работа Кампартыі Беларусі ў тылу ворага (1941-1944 гг.). – Мн.: Выд-ва АН БССР, 1959. – 175 с.
  5.  Кузьменко В.И. Советская интеллигенция в партизанском движении в Белоруссии. – Мн.: Наука и техника, 1991. –
    118 с.
  6.  Куликов В.Г. Всемирно-историческая победа советского народа в Великой Отечественной войне. – М.: Знание, 1975. –
    64 с.
  7.  Kultur – Propaganda – Oeffentlichkeit. Intentionen deutchen Besatzungspoltik und Reaktionen auf die Okkupation. Hrsg. von Wolfgang Benz, Gerhard Otto und Anabella Weismann. – Berlin, 1998. – 261 s.
  8.  Лемешонок В.И. Героические страницы освобождения Белоруссии: Операция «Багратион». – Мн.: Беларусь, 1984. – 48 с.
  9.  Лемешонок В.И. Идейно–политическая работа Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. – Мн.: Беларусь, 1988. – 220 с.
  10.  Ленинский комсомол в Великой Отечественной войне. – М.: Мол. гвардия, 1975. – 336 с.
  11.  Ливенцев В.И. Партизанский край: Боевой путь 1-й Бобруйской партизанской бригады в Великой Отечественной войне. – 4-е изд. – Мн.: Беларусь, 1988. – 319 с.
  12.  Липило П.П. КПБ – организатор и руководитель партизанского движения в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. – Мн.: Госиздат БССР, 1959. – 250 с.
  13.  Люди нарочанского края: Воспоминания участников революционной борьбы и Великой Отечественной войны. – Мн.: Беларусь, 1975. – 590 с.
  14.  Мазуров К.Т. Незабываемое. – 2-е изд.– Мн.: Беларусь, 1987. – 415 с.
  15.  Малиновский Р.Я. Величие победы. – М.: Знание,
    1965. – 32 с.
  16.  Мачульский Р. Вечный огонь: Партизанские записки.
    2-е изд., испр. и доп. – Мн.: Беларусь, 1969. – 446 с.
  17.  Мерецков К.А. На службе народу. – 3-е изд. – М.: Воениздат, 1983. – 432 с.
  18.  Михайлашев Н.А. Буря гнева: Записки чекиста. – Мн.: Беларусь, 1971. – 255 с.
  19.  Моладзь Беларусі ў баях за Радзіму.– М.: Выд-ва ЦК КП(б)Б «Сов. Беларусь» 1943.– 137 с.
  20.  Мюллер Н. Вермахт и оккупация. (1941-1944)– М.: Воениздат, 1974. – 387 с.
  21.  Набатов Г. Ю. Юные подпольщики. – Мн.: Беларусь, 1966. – 144 с.
  22.  Нічога не забудзем, нічога не даруем: Дакументы аб зверствах нямецкіх акупантаў на Беларусі. – Мн.: Выд-ва
    Цк КП(б)Б «Сов. Беларусь», 1943. – 33 с.
  23.  Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941-1944). – Мн.: Бел НДЦДААС, 1995. – 416 с.
  24.  Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2. (1921-1966). – Мн.: Беларусь, 1967. – 286 с.
  25.  Очерки истории Ленинского комсомола Беларуси. – Мн.: Беларусь, 1975. – 536 с.
  26.  Павлов Я.С. В суровом сорок первом. – Мн.: Беларусь, 1985. – 272 с.
  27.  Партийное подполье в Белоруссии, 1941-1944: Страницы воспоминаний. Минская область и Минск / Ин-т истории АН БССР и др.; Сост. С.И. Портасенок, С.К. Грабовский, Н.Е. Достенко и др. – Мн.: Беларусь, 1984. – 367 с.
  28.  Партийное подполье в Белоруссии, 1941-1944: Страницы воспоминаний. Витебская, Могилевская, Гомельская, Полесская области / Ин-т марксизма-ленинизма при ЦК КПСС; Сост. С.К. Грабовский, Н.Е. Достенко, А.И. Залесский и др. – Мн.: Беларусь, 1985. – 415 с.
  29.  Партийное подполье в Белоруссии, 1941-1944: Страницы воспоминаний. Вилейская, Барановичская, Пинская, Брестская, Белостокская области / Ин-т марксизма-ленинизма при ЦК КП Белоруссии – филиал Ин-т марксизма-ленинизма при ЦК КПСС; Сост. Е.Н. Филатова и др. – Мн.: Беларусь, 1986. – 415 с.
  30.  Партызанская барацьба беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Зб. успамінаў і арт. арганізатараў і актыўных удзельнікаў партыз. вайны супраць ням.-фашысц. захопнікаў у гады Вялік. Айчын.вайны.– Мн.: Дзярж. выд-ва БССР, 1959. – 365 с.
  31.  Пикер Г. Застольные разговоры Гитлера. – Смоленск: Русич, 1993.– 496 с.
  32.  Подпольные комсомольские органы Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941-1944): Крат. сведения об орг., структуре и составе. – Мн.: Беларусь, 1976. – 320 с.
  33.  Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941-1944): Крат. сведения об орг., структуре и составе. – Мн.: Беларусь, 1975. – 272 с.
  34.  Поляков Л.Е. Цена войны: Демографический аспект. – Мн.: Финансы и статистика, 1985. – 136 с.
  35.  Пономаренко П.К. Всенародная борьба в тылу немецко-фашистских захватчиков. 1941-1944 / Отв. ред. А.М. Самсонов. – М.: Наука, 1986. – 440 с.

  1.  Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941-1944: Документы и материалы. – 2-е изд. – Мн.: Беларусь, 1965. – 464 с.
  2.  Преступные цели – преступные средства: Документы об оккупационной политике фашистской Германии на территории СССР (1941-1944 гг.) – 3-е изд. / Сост. Г.Ф. Заставенко; Под ред. Е.А. Болтина, Г.А. Белова. – М.: Экономика, 1985. – 328 с.
  3.  Проэктор Д.М. Европа – век ХХ. Войны. Их уроки. Воля к миру. – М.: Знание, 1984. – 208 с.
  4.  Раманоўскі В. Саўдзельнікі ў злачынствах. – Мн.: Беларусь, 1964. – 288 с.
  5.  Розанов Г.Л. Сталин – Гитлер. Док. очерк сов.-герм. дипломат. отношений, 1939-1941 гг. – М.: Междунар. отношения, 1991. – 224 с.
  6.  Рокоссовский К.К. Солдатский долг. – М.: Воениздат , 1988. – 367 с.
  7.  Ромма Ф. Мужала молодость в боях: Записки секретаря подпольного обкома комсомола. – Мн.: Беларусь, 1974. – 286 с.
  8.  Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. – Мн.: Беларусь,
    1981. – 287 с.
  9.  Рутич С.П. Навеки юные / Лит. запись М. И. Дольца. – Мн.: Беларусь, 1980. – 272 с.
  10.  Самойлов Э.В. Фюреры: общая теория фашизма. В 3 кн. Кн. 1 – 3. – Б. м.: СЭЛС, 1993.
  11.  Сацункевич И.Л. Суровая быль. – 2-е изд. – Мн.: Беларусь, 1979. – 287 с.
  12.  Совершенно секретно! Только для командования! Стратегия фашистской Германии в войне против СССР: Документы и материалы.– М.: Наука, 1967. – 752 с.
  13.  СС в действии : Документы о преступлениях СС. – М.: Прогресс, 1969. – 624 с.
  14.  
    Сталин И.В. О Великой Отечественной войне Советского Союза.– М.: Госполитиздат, 1951. – 208 с.
  15.  Судебный процесс по делу о злодеяниях, совершенных немецко-фашистскими захватчиками в Белорусской ССР (15 – 29 января 1946 г.). – Мн.: Госполитиздат БССР, 1947. – 472 с.
  16.  Сямашка Я.І. Армія Краёва на Беларусі. – Мн.: Бел. выд-ва Т-ва «Хата», 1994. – 416 с.
  17.  Тельпуховский Б.С. Основные периоды Великой Отечественной войны (1941-1945 гг.). – М.: Мысль, 1965. – 148 с.
  18.  Типпельскирх К. История Второй мировой войны: Пер. с нем. – М.: Изд-во иностр. лит., 1956. – 607 с.
  19.  Титков И.Ф. Бригада «Железняк». – 2-е изд.– Мн.: Беларусь, 1982. – 270 с.
  20.  Тозик А.А. В дни суровых испытаний: Укрепление рядов КП(б)Б в условиях подполья в годы Великой Отечественной войны (1941-1944 гг.). – Мн.: Изд-во БГУ, 1981. – 160 с.
  21.  Туронак Ю.Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй / Пер. з пол. В. Ждановіч; Камент.і А.М. Літвіна. – Мн.: Беларусь, 1993. – 236 с.
  22.  Умрейко С.А., Залесский А.И., Кобринец П.Н. Патриотизм учителей и школьников Белоруссии в борьбе против немецко-фашистских оккупантов. – Мн.: Изд-во БГУ, 1980. –
    176 с.
  23.  Факторович А.А. Крах аграрной политики немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии. – Мн.: Беларусь, 1979. – 150 с.
  24.  Chiari Bernhard: Alltag hinter der Front: Besatzung, Kollaboration und Widerstand in Weiβruβland 1941–1944. – Duesseldorf, 1998. – 412 s.

  1.  
    Хацкевич А.Ф., Крючок Р.Р. Становление партизанского движения в Белоруссии и дружба народов СССР. – Мн.: Наука и техника, 1980. – 320 с.
  2.  Хромович Г.А. Три партизанских года: Записки секретаря подпольного райкома Компартии Белоруссии. – 2-е изд. – Мн.: Беларусь, 1967. – 240 с.
  3.  Цанава Л. Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков. Ч. 1-2. – Мн.: Госиздат БССР, 1949 – 1951; Ч. 1. Зарождение и развитие партизанского движения. – 1949. – 351 с; Ч. 2. Мощный рост партизанского движения. – 1951. – 1031 с.
  4.  Черчиль У. Вторая мировая война. В 3 кн. Кн. 1 – 3. – М.: Воениздат, 1991.
  5.  Шевела Г.Н. Подпольные комсомольские органы Белоруссии в тылу врага в годы Великой Отечественной войны / ЛКСМ Белоруссии. – Мн., 1969. – 34 с.
  6.  Шевела Г.Н. Комсомол Белоруссии в Великой Отечественной войне: Документы и материалы / Сост.
    Г.
     Н. Шевела. – Мн.: Беларусь, 1988. – 495 с.
  7.  Ширер. Взлёт и падение третьего рейха. В 2 т. Т. 1-2. – М.: Воениздат, 1991.
  8.  Энциклопедия Третьего Рейха. – М.: Локид: МИФ, 1996. – 587 с.
  9.  Юденков А.Ф. Политическая работа партии среди населения оккупированной советской территории. 1941-1944 гг. – М.: Мысль, 1971. – 358 с.
  10.  Якубовский Н.А. Помощь советского тыла партизанам: Материально-техническое обеспечение. – Мн.: Беларусь, 1973. – 206 с.
  11.  Якубовский Н.А. В тыл врага: Помощь страны кадрами партизанскому движению в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. – Мн.: Беларусь, 1979. – 175 с.


Вучэбнае выданне

Шымуковiч Сяргей Фадзеявiч

Вялікая Айчынная вайна савецкага народа

(у кантэксце Другой сусветнай вайны)

Курс лекцый

Адказны за выпуск С.С. Жаўрыд

Мастак вокладкi А.А. Стасевiч

Пад аўтарскай рэдакцыяй

Кампьютэрная верстка Н.М.Азарэвiч

Падпiсана ў друк 4.11.2004.

Папера афсетная. Гарнiтура «Таймс». Фармат 1/16.

Друк трафарэтны. Ум.др.арк. 13,48. Ул.-выд.арк. 14,5.

Тыраж  410 экз. Заказ  424.

Акадэмiя кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь

Лiцэнзiя №02330/0056905 ад 01.04.2004 г.

Надрукавана ў Рэдакцыйна-выдавецкiм цэнтры

Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь  з арыгiнал-макету заказчыка.

220007, г. Мiнск, вул. Маскоўская, 17.




1. Тема- Принципы оптимальной организации рабочего места правила техники безопасности и гигиены при работе на.html
2. Загальні положення Автоколивні генератори прямокутних імпульсів ГПІ мультивібратори МВ це пристрої
3. Силовой анализ механизма]
4. The cmp builds unity nd enhnces mutul understnding by gthering youth of different ntionlities lnguge nd culture in the cretive nd dynmic ctivity of lerning how to step
5. План. Теория познания в немецкой классической философии Кант Гегель
6. Реферат на тему Коносамент
7. Преобразование Фурье
8. Управление культуры и кино администрации Марксовского муниципального района Муниципальное образовате
9. ТЕМА ЧЕЛОВЕКА Энергетическая система человека построена на взаимовлиянии различных энергетических пото
10. ЛЕКЦІЯ 6 СТРУКТУРА ЦІНИ ТА ФОРМУВАННЯ ЇЇ ЕЛЕМЕНТІВ Мета лекції- Ознайомити зі складом ціни т
11. Франциск Скорина
12. Тема 3. Організаційні та методологічні основи психологічної допомоги Телефону довіри
13. Облік розрахунків векселями
14. Евгений Иванович Носов
15. ДИПЛОМНА РОБОТА ЕФЕКТИВНІСТЬ ЦИТОЛОГІЧНОГО МЕТОДУ ДОСЛІДЖЕННЯ В ДІАГНОСТИЦІ ПЕРЕДРАКУ І РАКУ ШИЙКИ
16. Реферат- Понятие защитник и адвока
17. is were re will be m Give
18. Курсовая работа- Методика аудиту готової продукції та ії реалізації
19. по теме- Решение задач
20. D S ~лгісіндегі экономикалы~ ~су ~алай к~рінеді S ~исы~ыны~ о~~а жылжуы;экономикалы~ ~су моделіні~ аз к~рсе