У вас вопросы?
У нас ответы:) SamZan.net

Паходжанне і месца звяроў ў сістэме жывёльнага свету

Работа добавлена на сайт samzan.net: 2015-07-05

Поможем написать учебную работу

Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.

Предоплата всего

от 25%

Подписываем

договор

Выберите тип работы:

Скидка 25% при заказе до 4.3.2025

Тэма 9. Агульная характаРыстыка і асаблівасці класа звяроў

1. Паходжанне і месца звяроў ў сістэме жывёльнага свету.

2. Асаблівасці вонкавай і ўнутранай будовы.

3. Гадавы цыкл жыцця звяроў.

4. Экалагічныя групы звяроў.

5. Эпiдэмiчная роля звяроў

1. Паходжанне і месца звяроў ў сістэме жывёльнага свету

Смактуны, або звяры (Mammalia) – вышэйшы клас падтыпу хрыбетных жывёл, найбольш высокаарганізаваныя яго прадстаўнікі. Гэта вышыня арганізацыі заключаецца ў тым, што ўсе сістэмы органаў у іх дасягаюць найбольшай дыферэнцоўкі, а галаўны мозг – найбольш дасканалай будовы. Сістэма класа смактуноў да цяперашняга часу канчаткова не ўстаноўлена. Некаторыя сістэматыкі атрады драпежнікаў і ластаногіх аб’ядноўваюць у адзін атрад. Кітападобных падзяляюць на два атрады. Большасць навукоўцаў уключаюць атрад мазоляногія ў атрад парнакапытныя. Натуральна, спрэчнасць узрастае з паніжэннем рангаў таксонаў. Так, колькасць відаў, па Морысану (1965), складае 4237, па Андэрсану і Джонсу (1967) – 4060, па В. Сакалову (1973–1979) – 4012. На тэрыторыі Беларусі 74 віды, якія аб’ядноўваюцца ў 6 атрадаў, 19 сем’яў і 43 роды.

З’явіліся звяры на зямлі ў трыясавым перыядзе (230 млн гадоў назад). Паходзяць яны ад зверападобных паўзуноў тэрыядонтаў, якія існавалі яшчэ ў пермскім перыядзе. У трэцічным перыядзе (60-70 млн. гадоў назад) клас смактуны дасягнуў росквіту. Яны шырока рассяліліся па зямлі і прыстасаваліся да існавання ў самых разнастайных умовах: на сушы, у глебе, прэсных і салёных вадаёмах, а некаторыя авалодалі актыўным палётам у паветры. Яны хутка прыстасоўваліся да зменаў жыццёвых умоў, паспяхова канкуравалі паміж сабой і іншымі арганізмамі. У працэсе эвалюцыі ў смактуноў узніклі многія прыкметы і ўласцівасці, якія дазволілі звярам выйсці пераможцамі ў барацьбе за існаванне і заняць іх сучаснае месца ў агульнай сістэме прыроды.

Сваю назву смактуны атрымалі таму, што іх самкі выкармліваюць дзіцянят малаком, што выдзяляецца спецыяльнымі малочнымі залозамі, якія ў сваю чаргу з’яўляюцца відазмененымі трубчатымі потавымі залозамі. Да найбольш істотных асаблівасцяў звяроў, якія адрозніваюць іх ад астатніх хрыбетных жывёл, адносяцца наступныя: цела іх пакрыта валасамі; грудная поласць адасоблена ад брушной асаблівай грудабрушной перегародкай (дыяфрагмай), маецца толькі левая дуга аорты; чэрап забяспечаны дзвюма патылічнымі мышчалкамі, якія сучляняюцца з першай хрыбеткай; кожная палова ніжняй сківіцы складаецца з адной зубной косткі; смактуны нараджаюць жывых дзіцянят; адносяцца да істот, якія маюць пастаянную тэмпературу цела (37–380С); гэта гамаятэрмныя жывёлы.

З’яўляючыся часткай ляснога біяцэнозу, смактуны аказваюць вялікі ўплыў на ўсё жыццё лесу. Удзел смактуноў у біяцэнозе абумоўлівае галоўным чынам іх харчаванне. Схематычна трафічны ланцуг звяроў можна ўявіць наступным чынам: звяры – пярвічныя кансументы спажываюць для жыццядзейнасці пярвічных прадуцэнтаў (зялёныя расліны ці іх органы); пярвічных кансументаў (траваедных звяроў) спажываюць другасныя кансументы (драпежнікі). Кожная папуляцыя звяроў харчуецца і служыць стравай другой папуляцыі. Паслядоўнасць папуляцый, якія харчуюцца, завецца трафічным ланцугом. Кожная папуляцыя ўяўляе сабой звяно гэтага ланцуга. Па ланцугу харчавання ў аднабаковым парадку перадаецца біямаса (у выглядзе стравы) і звязаная з ёй энергія. Ланцугі харчавання служаць абавязковым элементам біяхімічных кругазваротаў рэчываў і патоку энергіі. Прыклад драпежніцкага ланцуга: трава – заяц – рысь. З павелічэннем трафічнага ўзроўню павялічваецца памер асобін, пры гэтым памяншаюцца шчыльнасць папуляцыі, біятычны патэнцыял і прадукцыйнасць па біямасе. Біямаса драпежнікаў складае каля 1% біямасы фітафагаў.

Віды, якія прыстасаваныя да харчавання пэўнай стравай і толькі ў выпадку надзвычайнай неабходнасці змяняюць кармавы рэжым, завуцца алігафагамі (паўночны алень). Віды, прыстасаваныя да харчавання шырокім спектрам раслін і другіх жывёл, завуцца ўсяеднымі ці эўрыфагамі (дзік, мядзведзь, барсук). Віды, прыстасаваныя да харчавання вельмі абмежаваным колам раслін або жывёл, завуцца стэнафагамі (выдра). Большасць смактуноў пры недахопе асноўных кармоў пачынаюць сілкавацца рэзервовымі, ці дадатковымі.

Памеры і маса звяроў мяняюцца ў шырокіх межах. Самым маленькім звярком ў сусветнай фауне лічыцца землярыйка белазубка-малютка з атрада вусякаедных. Яе даўжыня (з хвастом) складае 45 мм, а вага – усяго 1,2–1,7 г. Буйнейшы звер – сіні (кіт даўжыня 33 м і маса да 190 т). Ва ўмовах Беларусі самым буйным лічыцца зубр (каля 1 т). Пераважная большасць звяроў дробных і сярэдніх памераў.

2. Асаблівасці вонкавай і ўнутранай будовы

Цела ўсіх звяроў пакрыта валасяным покрывам. Волас – гэта рагавое ўтварэнне, у ім адрозніваюць ніжнюю пашыранаю частку – цыбуліну і доўгі стрыжань, які выступае звонку, ніжняя яго частка разам з цыбулінай утварае корань воласа. У большасці звяроў валасы дзеляцца на 2–3 катэгорыі. Звонку футра бачны доўгія восцевыя валасы. Пад імі знаходзіцца густы і далікатны падпушак. Часта сярод восці можна бачыць яшчэ больш доўгія накіравальныя валасы. Валасы размяшчаюцца пэўнымі групамі. Асаблівае відазмяненне валасоў уяўляюць вібрысы, або адчувальныя валасы, размешчаныя групамі на мордзе (вусы), а зрэдку лапах і брушным баку цела.

Валасяное покрыва абараняе звера ад неспрыяльных экалагічных уздзеянняў, садзейнічае рэгуляцыі тэмпературы цела, маскуе жывёлу. У звяроў у асноўным два віды валасоў: доўгая і рэдкая восць і больш кароткі і густы пушок. Валасяное покрыва развіваецца з узростам жывёл і перыядычна мяняецца на працягу года (лінька). Лінька носіць сезонны характар, пры гэтым суправаджаецца зменай афарбоўкі. У большасці відаў дзве лінькі. Тэрміны пачатку і працягу лінек залежаць ад метэаралагічных умоў, полу і ўзросту жывёл.

Скура звяроў складаецца з двух асноўных слаёў: паверхневага эпідэрмісу і больш глыбокага корыуму. Клеткі эпідэрмісу па меры набліжэння да яго паверхні ўсё больш рагавеюць, адміраюць і паступова злушчваюцца, замяняюцца новымі клеткамі, якія паступаюць з больш глыбокага слою, што носіць назву мальпігіевага. У апошні пранікае ў выглядзе смочкаў паверхневы слой корыуму. У гэтых смочках развіваюцца малюсенькія крывяносныя капіляры і адчувальныя цельцы. Глыбей у скуры размяшчаюцца крывяносныя сасуды, нервы і ўтвараецца тлушч. Скура насычана залозамі – трубчатымі і альвеалярнымі. Да першых переважна адносяцца потавыя залозы, да другіх – сальныя. Да вытворных эпідэрмісу адносяцца кіпцюры, капыты, часткова рогі пустарогіх.

Апорай усяго арганізма звера з'яўляецца шкілет (рыс. 5). Мазгавая каробка адрозніваецца вялікім аб’ёмам у адпаведнасці з моцным развіццём галаўнога мозгу. Кожная палова ніжняй сківіцы створана толькі адной зубной косткай, якая непасрэдна сучляняецца з чэрапам. Чэрап сучляняецца з хрыбетнікам двума мышчалкамі.

На паміжсківічных і верхнясківічных костках, а таксама ніжняй сківіцы размешчаны зубы. Карані іх апушчаны ў лункі, а з сківіцы выступаюць каронкі, у большасці відаў пакрытыя цвёрдай эмаллю, якая засцерагае зубы ад сцірання. Унутры зуба маецца поласць (пульпа), у яе ўваходзіць злучальны смачок з крывяноснымі сасудамі і нервамі. Праз пульпу зуб атрымлівае з крыві спажыўныя рэчывы.

Рыс. 5. Вонкавая будова звера:

1 – галава; 2 – шыя; 3 – тулава; 4 – пярэднія канечнасці; 5 – заднія канечнасці; 6 – грудзі; 7 – жывот; 8 – пах; 9 – бок цела; 10 – спіна; 11 – карак; 12 – крыж; 13 – лапатка; 14 – плячо; 15 – перадплечча; 16 – запясце; 17 – кісць; 18 – сцягно; 19 – галёнка; 20 – ступня

Зубная сістэма звяроў складаецца з зубоў рознага тыпу. Пярэднія зубы называюцца разцамі (incisivi). За імі размешчаны ў кожнай палове сківіцы па адным іклу (canini), далей – перадкарэнныя (praemolares) і карэнныя зубы (molares). Перадкарэнныя зубы ў адрозненне ад карэнных з’яўляюцца ў маладых жывёл у выглядзе малочных зубоў, якія пазней змяняюцца пастаяннымі. Калі-нікалі зубы працягваюць расці на працягу ўсяго жыцця смактуноў (напрыклад, у грызуноў). Агульная колькасць зубоў, наяўнасць розных груп, а таксама будова моцна адрозніваюцца ў асобных груп і відаў звяроў. Апісанне зубных сістэм адбываецца ў выглядзе зубных формул. Асобныя тыпы зубоў абазначаюцца ў іх першымі літарамі лацінскіх назваў, а іх колькасцьпростым дробам, дзе ў лічніку паказваецца колькасць зубоў у адной палове верхняй сківіцы, а ў займенніку – у ніжняй сківіцы.

Агульная колькасць зубоў роўная падвоенай суме ліку зубоў у формуле. Напрыклад, зубная формула ваўка: i 3/3, c 4/4, p 4/4, m 2/3 = 42; вавёркі: i 1/1, p 2/1, m 3/3 = 22. Колькасць зубоў у звяроў вагаецца ад 12 (у аўстралійскага плавальнага пацука) да 200 (у некаторых дэльфінаў). Іх будова, размяшчэнне і колькасць залежаць ад характару стравы.

Рыс. 6. Шкілет звера:

1 – чэрап; 2 – ніжняя сківіца; 3 – - шыйныя хрыбеткі; 4 – грудныя хрыбеткі;

5 – паяснічныя хрыбеткі; 6 – крыж; 7 – хваставыя хрыбеткі; 8 робры; 9 – грудзіна; 10 – лапатка; 11 – плячавая костка; 12 – лакцявая костка; 13 – прамянёвая костка; 14 – косткі запясця; 15 – косткі пясці; 16 – фалангі пальцаў пярэдняй канечнасці; 17 – таз; 18 – сцягно; 19 – вялікая бярцовая костка; 20 – малая бярцовая костка;

21 – косткі запясця; 22 – косткі плюсны; 23 – фалангі пальцаў задняй канечнасці; 24 – каленная рэпка

Характэрная асаблівасць будовы хрыбта звяроў – плоскія сучленныя паверхні хрыбетак, дакладны падзел хрыбетніка на аддзелы, пастаянны лік шыйных хрыбетак (7 ш.). У плечавым поясе ў звяроў адсутнічаюць каракоіды. Лапатка валодае добра развітым прадольным грэбнем. У адных відаў добра развіта ключніца, у другіх яна рудыментарная або нават адсутнічае (рыс. 6).

Шкілет парных канцавін моцна мяняецца ў залежнасці ад складу жыцця і спосабу руху. У звяроў, якія хутка бегаюць, косткі канцавін падоўжаны, лік пальцаў скараціўся, цела абапіраецца на іх канцы. У рыючых звяроў косткі пакарочаныя.

Мускулатура звяроў вельмі складаная. Ступеня розных груп цягліц залежыць ад функцый адпаведных органаў і частак цела. Характэрна значнае развіццё скураной мускулатуры, якая абумовіла вялікую рухомасць скуры.

Спецыфічная для звяроў грудабрушная перагародка (дыяфрагма), якая аддзяляе грудную поласць ад брушной. Яна выконвае важную ролю ў працэсе дыхання.

Органы стрававання адрозніваюцца вялікай складанасцю, стрававальны тракт падоўжаны, дыферэнцаваны, добра развіты стрававальныя залозы. Стрававальны тракт пачынаецца з рота, які мае аблямоўку губамі, уласцівымі толькі звярам. У ротавай поласці мускулісты язык. У некаторых звяроў (хамякоў) у пачатку ротавай поласці ўтвараюцца зашчочныя мяшкі, якія служаць для збірання і пераносу корму. У ротавай поласці страва здрабняецца зубамі і апрацоўваецца сліной, якая выдзяляецца чатырма парамі залоз. Далей праз глотку страва паступае ў стрававод, а затым у страўнік, які забяспечаны шматлікімі залозамі. Абём і будова страўніка ў залежнасці ад тыпу харчавання ў розных відаў моцна адрозніваецца. Страўнік большасці звяроў складаецца з некалькіх аддзелаў. Асабліва складаная яго будова ў жвачных капытных, страўнік якіх мае 4 аддзелы: рубец, сетку, кнігу і сычуг. Са страўніка страва рухаецца ў дванаццаціперсную кішку, у якую адкрываюцца вывадныя пратокі падстраўнікавай залозы і пячонкі; іх сокі выконваюць важную ролю ў працэсе стрававання.

Кішэчнік падзяляецца на тонкі, тоўсты і прамы аддзелы. У тонкіх кішках завяршаюцца хімічныя (ферментацыйныя) працэсы стрававання і пачынаецца ўсмоктванне прадуктаў стрававання ў кроў, якое ў сваю чаргу працягваецца ў тоўстых кішках. На мяжы паміж тоўстымі кішкамі размешчана сляпая кішка, якая мае выгляд падоўжанага вырасту. У некаторых звяроў яна заканчваецца чэрвепадобным адросткам, У сляпой кішцы адбываюцца працэсы браджэння. Найбольшага развіцця яна дасягае ў жывёл, якія харчуюцца грубымі расліннымі кармамі.

Кішэчнік заканчваецца прамой кішкой. Агульная даўжыня яго залежыць ад характару харчавання жывёлы. Звычайна ў раслінаедных кішэчнік адносна даўжэйшы, задрапежных.

Сістэма дыхання звяроў вельмі дасканалая. Яна забяспечвае інтэнсіўны газаабмен, што служыць адной з прычын высокай пастаяннай тэмпературы цела.

Лёгкія ўяўляюць сабой два губчатыя мяшкі, у якіх складана разгаліноўваюцца паветраносныя шляхі – бронхі. Апошнія заканчваюцца агромністай колькасцю танкасценных пузыркоў (альвеол), аплеценых крывяноснымі капілярамі; у драпежнікаў іх налічваецца да 500 млн. У сценках альвеолаў адбываецца газаабмен, у працэсе якога кроў аддае вуглякіслы газ і абагачаецца кіслародам. Дыхальныя рухі, абумоўленыя скарачэннем грудной клеткі дыяфрагмы, у буйных жывёл даволі павольныя (каля 10 у мінуту), а ў дробных вельмі інтэнсіўныя (да 200 у мінуту), змяняюцца ў залежнасці ад тэмпературы цела пры перагрэве.

Крывяносная сістэма забяспечвае вялікую інтэнсіўнасць току крыві, высокі ўзровень абмену рэчываў і падтрыманне ўстойлівай тэмпературы цела. Сэрца чатырохкамернае; маецца толькі адна – левая дуга аорты, якая адыходзіць ад левага жалудачка. Прайшоўшы праз сістэму артэрый па вялікім крузе кровазвароту, кроў вяртаецца да сэрца па двух буйных пярэдніх полых венах і па адзіночнай задняй полай вене, якая ўпадае ў правае перадсэрдзе. З правага жалудачка вянозная кроў накіроўваецца па лёгачнай артэрыі ў лёгкія. Пасля акіслення ў лёгкіх артэрыяльная кроў вяртаецца па двух лёгачных венах, якія ўпадаюць ў левае перадсэрдзе.

Органамі выдзялення служаць ныркі. Ад кожнай з дзвюх нырак адыходзіць па адным мачаточніку. Мачаточнікі ўпадаюць у мачавы пузыр, які адкрываецца ў мочавыпускальны канал, у самцоў сюды ж выходзіць семяносны праток палавога члена.

Палавыя залозы самцоў – семяннікі – маюць выгляд парных органаў авальнай формы. У вусякаедных і шэрага іншых звяроў яны ўвесь час знаходзяцца ў поласці цела. У большасці смактуноў семяннікі размяшчаюцца ў спецыяльным мяшочку (машонцы). У грызуноў машонка злучаецца з брушной поласцю, у якую ўцягваюцца семяннікі ў стане спакою, у перыяд спарвання семяннікі апускаюцца ў машонку. Палавыя органы самцоў маюць залозістыя прыдаткі, выдзяленні якіх увільгатняюць семянную вадкасць (сперму) і выконваюць іншыя функцыі.

Палавыя органы самак – парныя яечнікі – ляжаць у брушной поласці. Ад кожнага яечніка адыходзіць па яйцаводзе, яйцаводы адкрываюцца ў матку, дзе развіваецца зародак. У час развіцця эмбрыёна ў матцы ўзнікае характэрнае для смактуноў утварэнне дзіцячае месца, або плацэнта. З дапамогай плацэнты ажыццяўляецца харчаванне зародка, газаабмен і выдаленне прадуктаў распаду.

У звяроў маецца шэраг залоз унутранай сакрэцыі, якія вылучаюць у кроў складаныя хімічныя рэчывы – гармоны, што стымулююць розныя жыццёвыя працэсы. Каля гартані ляжыць шчытападобная залоза, якая прадуцыруе тыраксін; калі яго недахоп ў арганізме, то парушаецца абмен рэчываў. У грудной поласці перад грудной косткай знаходзіцца валлёвая залоза, моцна развітая ў маладых жывёл. Яе гармон стымулюе палавое паспяванне арганізма. Важную ролю іграюць прыдаткі прамежкавага мозгу – гіпофіз і эпіфіз, а таксама надныркавая залоза. Гармоны, якія вылучаюцца палавымі залозамі самцоў і самак, уплываюць на іх палавую актыўнасць, вызначаюць развіццё другасных палавых прыкмет і праяўленне спецыфічных для размнажэння асаблівасцяў паводзін.

Органы адчування ў смактуноў развітыя вельмі добра. Вялізную ролю ў жыцці звяроў іграюць нюх і слых. Вочы асабліва вялікія ў начных звяроў. З дапамогай органаў адчування звяры знаходзяць страву і адзін аднаго, арыентуюцца ў прасторы.

На высокім узроўні развіцця знаходзіцца цэнтральная нервовая сістэма. Галаўны мозг адносна буйных памераў, складаецца з 5 аддзелаў: пярэдні мозг, прамежкавы, сярэдні, мазжачок і прадаўгаваты. Найбольш моцна развіты пярэдні мозг, або вялікія паўшарі. Яны маюць кару з шэрага нервовага рэчыва. Паверхня пярэдняга мозгу, асабліва ў вышэйшых прадстаўнікоў класа, бароздкаватая. Добра развітая кара вялікіх паўшаряў вызначае магчымасць узнікнення вельмі складаных умоўных рэфлексаў, якія выпрацоўваюцца ў выніку жыццёвага вопыту жывёлы. У спалучэнні з народжаннымі безумоўнымі рэфлексамі і інстынктамі яны ствараюць усю разнастайнасць праяўленняў вышэйшай нервовай дзейнасці звяроў.

3. Гадавы цыкл жыцця звяроў

Для прыроды характэрныя цыклічныя змяненні, выкліканыя вярчэннем Зямлі вакол сваёй восі і Сонца: на працягу сутак чаргуюцца ноч і дзень, на змену зіме прыходзць вясна, якая паслядоўна мяняецца летам, восенню. Умовы існавання звяроў (кормнасць, ахоўнасць) таксама мяняюцца, таму ў іх выпрацаваўся комплекс марфалагічных адаптацый і прыстасавальных рэакцый, якія маюць рэгулярны цыклічны характар.

У сувязі з гэтым выдзяляюць сутачную і сезонную цыклічнасць жыццядзейнасці звяроў. На працягу сутак у звяроў назіраюцца перыяды харчавання і адпачынку. Дробныя смактуны могуць быць актыўнымі круглыя суткі. Многія звяры вядуць начны лад жыцця. Гэта выклікана рознымі прычынамі: неабходнасцю пазбегнуць празмернага перагрэву ад сонца, калі ў дзень тэмпература набліжаецца да крайняй мяжы, сачэння збоку ворагаў, ад якіх у начы лягчэй схавацца; здабываць у страву іншых жывёл, якія актыўныя ноччу. Начныя жывёлы часта маюць вялікія вочы і вушы, апошнія валодаюць добра развітай сдольнасцю да эхалакацыі. Значная частка смактуноў – дзённыя, дакладней, найбольш дзейныя ў раннія і вячэрнія гадзіны. Разам з тым ў залежнасці ад сезону і надвор’я гэта заканамернасць можа моцна мяняцца.

На працягу года кармавыя і ахоўныя ўмовы ўгоддзяў падвергнуты моцнай змене. Гэта выклікае адпаведныя рэакцыі ў паводзінах звяроў. Некаторыя з іх робяць вандроўкі або міграцыі. Іншыя ўпадаюць у спячку або глыбокі сон. Часцей за ўсё спячка назіраецца зімой і зрэдку цягнецца 6–7 месяцаў. У зімовую спячку ўпадаюць амаль усе кажаны, вожыкі, соні. У барсука, янотападобнай сабакі, бурага мядзведзя сапраўднай спячкі няма, а толькі доўгі, больш-менш моцны сон, пры якім тэмпература цела амаль не паніжаецца, жывёла пільна прыслухоўваецца да таго, што адбываецца звонку і ў выпадку небяспекі пакідае сховішча. У звяроў з сапраўднай спячкай усе фізіялагічныя працэсы рэзка запавольваюцца, скарачаецца лік дыхання, паніжаецца тэмпература цела. За кошт назапашанага падскурнага і ўнутранага тлушчу арганізм атрымлівае неабходную вільгаць і энергію. Усё гэта дае магчымасць жывёле, якая спіць, перажыць цяжкі час года і выйсці са сховішча, калі ў прыродзе з’явіцца дастаткова стравы і стане цёпла.

Вялікае значэнне для звяроў маюць сховішчы, у якіх яны хаваюцца ад ворагаў, дрэннага надвор’я і выводзяць дзіцянят. Некаторыя звяры, у прыватнасці капытныя і шэраг драпежнікаў, не маюць спецыяльных жытлаў, а хаваюцца ў густых зарасніках розных раслін. Прымітыўны тып сховішча ўяўляе сабой логава – неглыбокая яма ў зямлі або снезе, зробленая зверам або якая існавала раней, дзе ён адпачывае звычайна ўсяго адзін або некалькі разоў і больш у яе не вяртаецца. Затым ідуць розныя закрытыя сховішчы і перш за ўсё натуральныя – дуплы, пустоты пад вывернутымі або падмытымі каранямі. Многія жывёлы самі будуюць сабе норы, бярлогі, хаткі, гнёзды.

У жыццядзейнасці звяроў важнае месца адводзіцца харчаванню. Харчаванне звяроў адрозніваецца вялікай разнастайнасцю: расліны, бесхрыбетныя і хрыбетныя жывёлы, падаліна, мінеральныя кармы (засоленая глеба і вада). Адны віды прыстасаваны да харчавання пэўнай стравай і толькі ў выпадку крайняй патрэбы мяняюць кармавы рэжым, іншыя – усяедныя. Усіх наземных смактуноў можна падзяліць на раслінаедных, вусякаедных, драпежных, тых, што ядуць падаль, усёедных. Такая класіфікацыя звяроў умоўная, бо нават тыпічныя драпежнікі, якія харчуюцца тканкамі іншых жывёл, часта ўжываюць у страву расліны і іх часткі. Большасць звяроў пры недахопе асноўных кармоў пачынаюць сілкавацца рэзервовымі або дадатковымі. Нераўнамернае забеспячэнне кормам выклікала шэраг прыстасаванняў у звяроў, у тым ліку паяданне двайной-трайной порцыі стравы, калі яе шмат, утварэнне тлушчавых адкладаў пад скурай і на ўнутраных органах, запасанне корму.

У жыццёвым цыкле звяроў важнае месца адводзіцца размнажэнню. Палавая спеласць у іх залежыць ад віду. Напрыклад, у дробных грызуноў яна наступае праз 45 дзён пасля нараджэння. У буйных звяроў палавая спеласць наступае значна пазней: у дзіка, аленя, лася на 2–3 годзе жыцця. Размнажэнне падзяляецца на некалькі этапаў: гон, цяжарнасць, нараджэнне дзіцянят, выхаванне патомства. Перыяд размнажэння ў звяроў адпавядае часта вызначанаму сезону, і самка прыносіць адзін памёт у год (лось, алень, дзік, воўк і іншыя). У іншых выпадках лік вывадкаў узрастае да 2–3, але перыяд размнажэння ў цэлым застаецца звязаным з пэўным сезонам (зайцы, андатра, вавёрка). Некаторыя віды спарваюцца і прыносяць дзіцянят у самы розны час года (часткова выдра). Шэраг жывёл размнажаюцца не штогод (слон, радзей зубр).

Сярод звяроў ёсць як манагамы, якія жывуць парамі (воўк, бабёр), так і палігамы, у якіх самец у перыяд гону спарваецца з некалькімі самкамі (лось, алень, дзік, многія грызуны). Перыяд разбіўкі на пары называюць гонам. Гон суправаджаецца жорсткімі бойкамі паміж самцамі, сачэннем самак самцамі і іншымі праяўленнямі. Часта пакрытыя самкі зыходзяць ад самцоў і жывуць асобна да нараджэння дзіцянят.

Працягласць цяжарнасці залежыць ад віду звяроў. У дробных звяркоў (землярыек, мышэй, палёвак) яна цягнецца ад 1617 да 2025 дзён. Больш буйныя звяры выношваюць дзіцянят даўжэй: дзік 120140, мядзведзь –  каля 210, лось – каля 250260 дзён.

Дзіцяняты звяроў нараджаюцца добра сфармаванымі, хаця ў большасці відаў сляпымі, голымі або пакрытымі пушком. Цяляты капытных нараджаюцца настолькі добра развітымі, што ўжо хутка могуць ісці за маці. У тых жывёл, якія не маюць добрых сховішчаў, дзіцяняты нараджаюцца больш развітымі. Палавая спеласць звяроў залежыць ад віду, так, у дробных мышападобных грызуноў каля 45 сутак, у сабакавых каля года, у буйных капытных 23 гады. У выхаванні патомства бяруць удзел або абодва бацькі (гэта характэрна для манагамаў), або толькі самка (палігамаў).

Колькасць дзіцянят мяняецца ў залежнасці ад віду жывёл, кармавых умоў, узросту самкі, шчыльнасці насялення дадзенай папуляцыі. Буйныя жывёлы (лось, алень) прыносяць 12 дзіцяняты, дробныя здольны прынесці 1015. У гады ўраджаю насення ігліцавых парод вавёрка прыносіць да 3 памётаў у год па 510 штук у кожным, пры недахопе паўнацэннага корму – не больш за 2 памёты, якія складаюцца ў сярэднім з 25 дзіцянят. Мацёрыя самкі, як правіла, больш пладавітыя. З павялічэннем шчыльнасці папуляцыі пладавітасць самак падае. Ваганні колькасці папуляцыі залежыць ад шэрага фактараў. Добрая кармавая база, адсутнасць ў месцах пражывання ўзбуджальнікаў хвароб, спрыяльныя ўмовы надвор’я, адсутнасць стыхійных бедстваў і фактараў турботы садзейнічаюць павелічэнню колькасці папуляцыі. Як правіла, на мяжы арэалу пашырэння віду шчыльнасць папуляцыі ніжэйшая, за цэнтральную частку.

Працягласць жыцця ў прадстаўнікоў розных відаў звяроў вельмі розная. Дробныя звяркі менш даўгавечныя, за больш буйных. У прыродзе рэдка асобіны дасягаюць гранічнага ўзросту, бо, як правіла гінуць значна раней ад хвароб, стыхійных бедстваў і ворагаў. Буры мядзведзь дажываў да 34 гадоў, тыгр, алень, дзік – да 19 гадоў, воўк – да 25, землерыйкі-буразубкі – менш за 1,5 года.

У гадавым жыццёвым цыкле звяроў назіраецца такая з’ява, як лінька – змена валасянога покрыва звяроў. Звычайна лінька носіць сезонны характар, часта суправаджаецца зменай афарбоўкі. Яна знаходзіцца ў цеснай залежнасці ад сезонных зменаў метэаумоў. У большасці нашых наземных звяроў зімовае валасяное покрыва значна гусцейшае і пышнейшае за летняе. Сезонны дымарфізм (розніца ў афарбоўцы і якасці валасянога покрыва) слаба выражаны ў рыйных, водных звяроў, а таксама тых, што ўпадаюць ў спячку. У большасці відаў дзве лінькі, але ў некаторых іх колькасць даходзіць да 3–4. Тэрміны пачатку і працягласць лінек залежаць ад метэаралагічных умоў, полу, узросту, укормленасці жывёлы і таму мяняюцца па гадах. Але парадак сезоннай змены валасоў на асобных частках цела носіць заканамерны характар і ў асноўным захоўваецца штогод. Пры гэтым звычайна вясновая і восеньская лінькі праходзяць у адваротным парадку (вясновая з галавы да хваста, восеньская – з хваста да галавы).

4. Экалагічныя групы звяроў

Смактуны, як і птушкі, селяцца ў тым або іншым ландшафце. Асяроддзе пражывання наклала моцны адбітак на будову і лад жыцця звяроў. Будова цела і экалогія звяроў фармаваліся пераважна ў сувязі са спосабамі здабычы стравы, характарам руху. Кожны від звяроў займае сваю экалагічную нішу. Гэтая ніша мае пэўныя ўмовы існавання віду – кормнасць і ахоўнасць галоўным чынам. Такія ландшафты, як лес, лугі, палі, азёры і рэкі, маюць даволі розныя ўмовы існавання звяроў. Гэтая разнастайнасць ў працэсе эвалюцыі выклікала прыстасаванне да яе прадстаўнікоў класа смактуноў. Прыстасаванне да ўмоў існавання прывяло да марфалагічных і анатамічных змен у звяроў, узнікнення відавой разнастайнасці.

Усіх звяроў Беларусі ў залежнасці ад таго, якому ландшафту яны аддаюць перавагу, можна падзяліць на 3 групы: лясныя, каляводныя і звяры адкрытых прастораў. Часта бывае так, што адзін і той жа звер сустракаецца ў розных ландшафтах.

Лясныя звяры – найбольш прадстаўнічая экалагічная група. Сярод іх сустракаюцца як буйныя, так і дробныя прадстаўнікі, лазальныя, землярыйныя і капытныя. У харчаванні экалагічнай групы лясных звяроў вельмі важную ролю выконваюць вегетацыйныя часткі дрэў і хмызнякоў, і асабліва іх плады і насенне, якія з'яўляюцца высокакаларыйнай стравай.

Да гэтай групы адносяцца такія віды, як лось, алень, дзік, куніца, барсук, вавёрка, палятуха, заяц–бяляк і іншыя. Такія драпежнікі, як воўк, лісіца і некаторыя іншыя, выкарыстоўваюць як лясныя ландшафты, так і адкрытыя (палі, лугі). У адных яны знаходзяць добрыя ахоўныя ўмовы, у другіх – корм.

Каляводныя звяры маюць наступныя экалагічныя асаблівасці: абцякальную форму цела, канечнасці пакарочаныя, часта з плавальнай перапонкай паміж пальцаў, добра плаваюць, глыбока ныраюць. Да гэтай групы адносяцца бабёр, выдра, андатра, норка, вадзяная палёўка і іншыя.

Звяры адкрытых прастораў прыстасаваліся да жыцця сярод палёў, лугоў, хмызнякоў. Ва умовах Беларусі да гэтай групы адносяцца шматлікія мышападобныя грызуны, заяц–шарак, крапчаты суслік.

У залежнасці ад таго, якія адносіны склаліся ў звяроў з чалавекам, іх падзяляюць на наступныя групы: вельмі моцна сінантропныя (мыш дамавая, пацук шэры, пацук чорны); моцна сінантропныя (рукакрылыя, тхор чорны); сярэдне сінантропныя (крот, вожык, вавёрка, соні, мыш палявая, мыш лясная, мыш жаўтагорлая, мыш-малютка, вадзяная палёўка); слаба сінантропныя (буразубка звычайная, вадзяная кутора, белазубка малая, гарнастай, ласка, норка); вельмі слаба сінантропныя (заяц–бяляк, воўк, рысь, куніца лясная, дзік, лось, алень).

5. Эпідэмічная роля звяроў




1. Типсы френч белый 800 р
2. Лабораторная работа Исследование распределения напряжения по гирлянде изоляторов Содержание 1 Вве
3. Теория государства
4. Гамлетовский комплекс лирического героя поэзии А Блока
5.  Калиброванный пруток ГОСТ 595073 ГОСТ 741775 ГОСТ 855975 ГОСТ 856078
6. Современные способы закрытия дефектов свода черепа
7. Будущее человечества и прогресс генетики
8. І Виговський підписав ~ Гадяцький трактат Противники Директорії УНР Рад
9. ТЕМА 4.2. Введение в фармакологию средств действующих на эфферентную нервную систему
10. Курсовая работа- Роль изографа Никиты Павловца в русской истории XVII века