Поможем написать учебную работу
Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.
Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.
PAGE 1
Дзмітрый БУГАЕЎ
ЯШЧЭ РАЗ ПРА КАНДРАТА КРАПІВУ
"Цэлая эпоха ў літаратуры". Так гаварылася пра Кандрата Крапіву ў газеце "Літаратура і мастацтва" ў сувязі са 105-годдзем з дня нараджэння пісьменніка. Гаварылася слушна, бо К. Крапіва сапраўды надзвычай ярка адлюстраваў у вельмі шматграннай творчасці цэлую эпоху беларускага жыцця. Адлюстраваў таленавіта і рознабакова сродкамі паэзіі, прозы, драматургіі, а таксама крытыкі і публіцыстыкі.
Вядома, гэта была эпоха савецкая, пазначаная па-наваннем камуністычнай ідэалогіі, якой, прынамсі, афіцыйна ў паслякастрычніцкія гады трымаўся К.Крапіва. Ён імкнуўся аддана служыць бальшавіцкай уладзе. I яна, хоць часам выяўляла незадаволенасць некаторымі ягонымі творамі, урэшце ўшаноўвала яго па савецкіх мерках дастаткова шчодра: К. Крапіва меў званні народнага пісьменніка БССР і Героя Сацпрацы, быў акадэмікам Акадэміі навук БССР і 26 гадоў працаваў на пасадзе яе віцэ-прэзідэнта, тройчы ўганароўваўся Дзяржаўнай прэміяй СССР, прычым два разы атрымліваў яе яшчэ тады, калі яна называлася Сталінскай, адзначаўся Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Купалы, выбіраўся ў склад Вярхоўнага Савета БССР, быў яго старшынёю. Гэтыя і іншыя ўшанаванні рабіліся, канечне ж, з улікам савецкай прававернасці К. Крапівы, публічнага адстойвання ім бальшавіцкай ідэалогіі. Але і значнасць асобы пісьменніка, маштаб яго таленту, выдатныя творчыя дасягненні ў літаратуры і навуцы таксама гаварылі сваё важкае слова ў тым афіцыйным прызнанні. А маштаб крапівоўскага таленту і яго здзяйсненняў быў настолькі відавочны, што пісьменніка яшчэ пры жыцці ставілі побач з нашымі выдатнымі класікамі. "Крапіва з'явішча такое ж наспела-немінучае, як і Купала, Колас, Багдановіч. Постаць Кандрата Крапівы мне бачыцца зусім поруч, можа, найбліжэй да гэтага вялікага сузор'я, што ўзышло на навальнічым небасхіле нашага веку. Калі гаварыць мовай таго ж паэтычнага вобраза, то гэтая новая зорка таксама ж першай велічыні і, па сутнасці, той жа класічнай плеяды, зорка са сваім яскравым, калюча-зыркім святлом", пісаў у 1971 г. паэт і навукоўца Мікола Арочка. Думаецца, што ён ніколькі не перабольшваў.
Трэба яшчэ мець на ўвазе, што ў сапраўдных мастакоў творчасць ніколі не зводзіцца да ілюстрацыі ідэалагічных дактрын і палітычных поглядаў. Калі пісьменнік арыентуецца на спасцжэнне рэчаіснасці, яе глыбіннае адлюстраванне, дык праўда жыцця ў яго творах уладарна прабіваецца насуперак светапоглядна-палітычнай зададзенасці, па сутнасці, шмат у чым перакрэслівае яе.
У К.Крапівы гэта заўважалася пастаянна. У афіцыйных выказваннях ён паслядоўна падкрэсліваў адданасць савецкай уладзе, а як мастак паказваў наша жыццё пры ёй, тагачасныя бальшавіцкія парадкі з такой праўдзівасцю, што яны выразна выяўлялі сваю карэнную заганнасць. I ў гэтым адна з галоўных прычын даўгавечнасці найлепшых твораў пісьменніка, іх актуальнасці і ў наш час, калі пра бесчалавечную сутнасць бальшавіцкай дыктатуры, яе здзек з народа сумленныя людзі гавораць адкрыта і на поўны голас, а савецкая эпоха скончылася, бо перастала існаваць яе самае моцнае апірышча таталітарная дзяржава Савецкі Саюз, хоць па ім яшчэ плачуць многія рэтраграды.
Нарадзіўся Кандрат Кандратавіч Атраховіч (такое сапраўднае прозвішча Крапівы) 5 сакавіка 1896 г. у вёсцы Нізок на Уздзеншчыне ў сялянскай сям'і, якая нялёгкай працай здабывала штодзённы кавалак хлеба і таму не давала ленавацца і дзецям. Карысць ад гэтага была відавочная. Вучыўся хлопец чатыры гады ў царкоўнапрыходскай школе ў Нізку, потым у апошнім класе народнага вучылішча ў мястэчку Узда, пасля ў гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах і Койданаве (цяпер Дзяржынск), якое закончыў у 1913 г. Экстэрнам здаў экзамены на званне народнага настаўніка, бо "гарадское вучылішча ніякай спецыяльнасці не давала ", - падкрэсліваў К. Крапіва ў аўтабіяграфіі "Ад маленства да сталасці". Настаўнічаў у вёсцы Мнішаны, але нядоўга у 1915 г. быў прызваны ў армію. За тры месяцы закончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў. Быў на фронце ў Румыніі. Даслужыўся да паручніка, а потым і да капітана. У 1918 г. дэмабілізаваўся як настаўнік. Зноў настаўнічаў, цяпер у вёсцы Каменка. У жніўні 1920 г. зноў быў прызваны ў армію, ужо ў Чырвоную, у якой праслужыў да кастрычніка 1923 г. І яшчэ нейкі час працаваў настаўнікам (зноў нядоўга) у вёсцы Астравок. У маі 1925 г. пераехаў у Мінск, дзе працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. У трыццацігадовым узросце, ужо маючы ўласную сям'ю, паступіў у Белдзяржуніверсітэт на літаратурнае аддзяленне педфака, якое закончыў у 1930 г., і стала заняўся літаратурнай працай, а пазней, у дадатак да яе, і навуковай дзейнасцю. I тое, і другое калі трохі і перапынялася, дык толькі ў час войнаў, якіх на долю К. Крапівы выпала яшчэ тры (савецка-польская ў 1939 гг, савецка-фінская ў 1939 1940 гг. і Вялікая Айчынная).
Вершы пачаў пісаць у 16 гадоў у Койданаўскім вучылішчы. Але прызнання тады не атрымаў. Яно прыйшло пазней у перыяд службы ў Чырвонай Арміі. 13 красавіка 1920 г. К.Атраховіч змясціў у газеце "Красноармейская правда" вершаваны фельетон на рускай мове "Жили-были". Гэта першае друкаванае выступленне пісьменніка. Але па-сапраўднаму акрэслілася яго творчая дарога, калі ён перайшоў на родную беларускую мову. «Канчаткова знайшоў сябе толькі тады, калі пачаў пісаць па-беларуску і друкавацца ў газеце "Савецкая Бела-русь"», пісаў К. Крапіва, маючы на ўвазе беларускамоўную газету 1920-х гг.
ВЕРШАВАНАЯ САТЫРА, ЯЕ АДМЕТНАСЦЬ
Першая публікацыя Крапівы ў "Савецкай Беларусі" сатырычны верш "Сваты", надрукаваны 23 мая 1922 г. У тым жа годзе пісьменнік яшчэ 15 разоў выступаў на старонках гэтай вельмі папулярнай тады газеты, дзе адразу высока ацанілі яго талент, рашучасць у выкрыванні шматлікіх недахопаў жыцця. "3 вёскі змываць дакастрычніцкі бруд задача мая ўдарная ", абвяшчаў трохі пазней К.Крапіва. Але словам сатырыка бічаваў ён якраз тыя заганы, якія былі тыповымі для рэчаіснасці паслякастрычніцкай, нараджаліся ці ўзмацняліся пры новай уладзе. Узяць хоць бы той самы бюракратызм. Яго пісьменнік з бляскам высмеяў у грацыёзна-лёгкім па рытме, але з'едліва-выкрывальным па сатырычным напале вершы "Не губі сябе, дзяўчына". Маладой ды прывабнай дзяўчыне тут даецца добрая сяброўская парада не ісці замуж за "саўчына" савецкага чыноўніка, які сваёй бюракратычнай закаранеласцю і бояззю праяваў жыцця, натуральных чалавечых пачуццяў далёка перасягнуў самых заядлых бюракратаў ранейшых часоў. Ды і напладзіла ж нібыта народная савецкая ўлада чыноўнікаў розных рангаў столькі, што жах бярэ. Кандрат Крапіва заўважыў пачварна хуткі рост савецкага чыноўніцтва яшчэ ў 1920-я гг. і ўдарыў па небяспечнай тэндэнцыі на поўную сілу. I, вядома ж, выклікаў рэзкую незадаволенасць новых уладароў, якія працяглы час афіцыйна разглядалі верш як шкодны, ідэйна заганны.
Зрэшты, "Не губі сябе, дзяўчына" твор не самы ранні. Ён датуецца 1927 г. Але выразную сатырычную накіраванасць мелі ўсе крапівоўскія вершы, надрукаваныя ў "Савецкай Беларусі" яшчэ ў 1922 г. I гэта невыпадкова. Час паказаў, што творчы дыяпазон у пісьменніка вельмі вялікі. Яму былі падуладныя і каларытнае рэалістычнае побытапісанне, і глыбокі, змястоўны псіхалагічны аналіз, і тонкая распрацоўка абвостраных драматычных канфліктаў. Але магутны сатырычны талент мастака выявіўся з асаблівай яскравасцю. Крапіва-сатырык у беларускай літаратуры займае выключнае месца. "Зайздрасць, карыслівасць, кар'ерызм, лянота, прагнасць, падхалімаж, угодлівасць, труслівасць, хамства, бюракратызм, хапужніцтва, прыстасавальніцтва, крывадушнасць, высакамернасць... Вось супроць усяго гэтага выступае наш Крапіва з адкрытым забралам і па-рыцарску не ведае страху ў адзінаборстве са злом. Меч яго сатыры заўсёды выняты з ножнаў і гатоў абрынуцца на галаву ворага", пісаў славуты скульптар Заір Азгур, якому Кандрат Крапіва і знешнасцю, і сваёй апантанасцю ў барацьбе з чалавечымі і грамадскімі заганамі трохі нагадваў Дон Кіхота.
Надзённыя па тэматыцы, часта не пазбаўленыя і непасрэднай агітацыйнасці сатырычныя вершы і байкі К.Крапівы, што забяспечылі яму вялікую папулярнасць яшчэ ў 1920-я гг, звычайна ствараліся як жывы водгук на канкрэтныя падзеі свайго часу, нараджаліся з жаданнем пісьменніка "ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім паправіць". Як, напрыклад, у байцы "Дзед і баба".
Ёсць звесткі, што байка "Дзед і баба" ў падзейнай канве ўзнаўляла канкрэтны жыццёвы выпадак гісторыю адной паездкі пісьменнікавага бацькі з другой жонкай мачыхай Кандрата Кандратавіча. У час той паездкі, як і ў байцы, мажная жанчына спрабавала дапамагаць маладому коніку, "седзячы на возе". А ён адчуў палёгку толькі пасля таго, як баба з воза злезла. Мачыха не вельмі ладзіла і з бацькам сатырыка Кандратам Міхайлавічам, і з нявесткай Аленай Канстанцінаўнай (жонкай К. Крапівы). У аўтабіяграфіі "Ад маленства да сталасці" К.Крапіва згадваў, што ягоная жонка мусіла ратавацца ад пераследавання свекрыві пераездам у Мінск. А ў рамане "Мядзведзічы" ёсць каларытнае апісанне "ваўкаватай панурасці" ў хаце Верамейчыкаў. Тая панурасць таксама не прыдуманая пісьменнікам. Яна была ў бацькоўскім доме. І стварала яе зноў жа мачыха.
Але ў байцы пра Бабу, прататыпам якой стала наравістая мачыха, гаворыцца не з сатырычнай з'едлівасцю, а з гумарыстычнай усмешкай. У выніку атрымаўся зграбны і дасціпны твор са значным абагульненнем, выказаным у заключных строфах байкі: «Ва ўстановах часам ёсць /Вось такія ж "бабы": / Здэцца, й робяць яны штось, / Але справы слабы. / Цы такая не ўцячэі / Скажам ёй нарэшце: / Мо без вас было б лягчэй? I Паспрабуйце злезці!».
Сказана таксама з гумарам, але і з выразнай павучальнасцю, скіраванай супроць пустой валтузні і бачнасці справы там, дзе ёсць толькі яе імітацыя, супроць паказухі ў шырокім сэнсе, якая практыкавалася бальшавіцкай уладай ва ўсе часы яе існавання.
Вельмі лаканічна, але з афарыстычнай трапнасцю сфармуляваная маральная выснова ў байцы "Дыпламаваны Баран": «Другі баран ні "бэ ", ні "мя", А любіць гучнае імя». Тут узятыя пад абстрэл тупасць, уласцівая не толькі натуральным, прыродным баранам, прэтэнцыёзнае невуцтва, дасціпна паказанае ў падзейнай частцы, разгорнутай з бляскам.
У байцы "Саманадзейны Конь" зноў даецца афарыстычная выснова пра заганнасць нічым не падмацаванага, але агрэсіўнага славалюбства: "Мне часта крыкуны мільгаюць у вачах Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах". Гэтая выснова таксама лагічна вынікае з сюжэтнай часткі твора.
Груба-бессаромны падхалімаж, карыслівае жаданне дагадзіць начальству любой цаной высмейваюцца ў байцы "Махальнік Іваноў". Як і ў байцы "Дзед і Баба", сатырык тут абышоўся без жывёльных персанажаў, традыцыйных для твораў гэтага жанру. Але гэта ніяк не пашкодзіла твору.
У сатырычных вершах і байках К. Крапіва арыентаваўся ў першую чаргу на простага чалавека. Таму натуральная жывасць апавядальнай інтанацыі, гранічная яснасць і вывераная лаканічнасць, бадай, найбольш прыкметныя асаблівасці крапівоўскай сатыры. 3 гэтай арыентацыяй звязаны і гушчыня побытавых фарбаў, і прастамоўны каларыт усёй гаворкі, і шчодрае выкарыстанне самых разнастайных прыёмаў народнай сатыры з яе выключнай трапнасцю і выразнасцю.
Незвычайная папулярнасць сатырычных вершаў і баек К.Крапівы, іх рэдкасная ўстойлівасць перад разбуральнай сілай часу абумоўленыя і той у канчатковым выніку вырашальнай акалічнасцю, што яны напісаныя вельмі дасціпна, з вялікай сэнсавай ёмістасцю, а то і з афарыстычнай скандэнсаванасцю, звычайна ўласцівай народнай прыказцы і прымаўцы, наогул крылатым словам. Нездарма ж трапныя, віртуозна адшліфаваныя канцоўкі з некаторых вершаў і многіх баек К. Крапівы трывала ўвайшлі ў народны абыходак, сталі прыказкамі і прымаўкамі ці, прынамсі, выразамі, якія ведае, мусіць, кожны адукаваны беларус.
Кандрат Крапіва, зразумела, не быў заснавальнікам беларускай байкі, хоць такая думка неаднаразова сцвярджалася ў крытыцы. Ягонымі папярэднікамі ў галіне байкі ў нас былі Альгерд Абуховіч і Францішак Багушэвіч, Альберт Паўловіч і Максім Багдановіч, Янка Купала і Якуб Колас. Але менавіта з творчасцю Кандрата Крапівы звязаны найбольшы ўздым жанру ў нашай літаратуры. Гэты творца з усіх беларускіх пісьменнікаў найлепш адчуў магчымасці байкі. Ён стварыў яе выдатныя, практычна нікім не перасягнутыя ў нас узоры і шмат зрабіў для яе тэарэтычнай абароны тады, калі байку ўвогуле намагаліся спісаць у архіў. А ўжо ў 1980-я гг. напісаў артыкул з красамоўнай назвай "Заўсёды жадана я", у якім сказаў пра старажытнасць байкі і глыбіннасць яе каранёў у народнай свядомасці. "Напэўна, і тады, калі людзі яшчэ не ўмелі пісаць, байка жыла ў народзе", зазначыў пісьменнік, падкрэсліваючы, што і на беларускай глебе яна вырастала з сатырычнай казкі, сатырычнага апавядання, анекдота, прыказкі і прымаўкі. Але шмат узяла і з досведу іншых літаратур, па-свойму выкарыстоўваючы традыцыі славутых байкапісцаў свету ад Эзопа да Івана Крылова. Крылоўскі ўплыў на беларускую байку ўвогуле і на баечную творчасць К. Крапівы ў прыватнасці асабліва значны і плённы. К.Крапіва надаў беларускай байцы надзвычайную папулярнасць, зрабіў яе сапраўды народнай. I гэта яго галоўная заслуга.
Крапівоўскай сатыры, у першую чаргу байкам, але і найлепшым сатырычным вершам таксама, уласцівыя бясспрэчная, проста кідкая арыгінальнасць, глыбіня абагульненняў, непаўторная нацыянальная самабытнасць, выразна выяўленая ў яркім нацыянальным каларыце. Вядома, нацыянальная адметнасць гэтыхтвораў не вычэрпваецца тым, што і месца дзеяння ў іх, і дзейныя асобы трывала звязаны з Беларуссю, нясуць на сабе выразны адбітак яе прыроднага і грамадска-сацыяльнага каларыту. Галоўнае, што сам гумар К.Крапівы, яго смех нацыянальна своеасаблівыя, тыпова беларускія і, прынамсі, у найлепшых узорах сапраўды народныя. "Увабраўшы ў сябе ўсе асаблівасці і ўсе спрадвечныя традыцыі гэтага жанру, крапівінскія байкі глыбока нацыянальныя, самабытныя. Яны ўсе ад народнага розуму, народнай дасціпнасці, жывога, іскрыстага народнага слова, народнага жарту і народнага гумару. Яснасць і даступнасць слова, дакладнасць кожнага радка, арганічная сувязь з фальклорам, гранічны лаканізм, пазбяганне надакучлівага дыдактызму, дынамічнасць у абмалёўцы падзей і герояў усё гэта дапамагае крапівінскай байцы з найлепшымі вынікамі трапляць у цэль, найхутчэй дабівацца пастаўленай мэты", слушна пісаў Міхась Лынькоў.
Асобнай гаворкі патрабуе сёння антырэлігійная сатыра. У савецкія часы для нашых пісьменнікаў крытыка рэлігіі была ледзь не абавязковай. I К.Крапіва выяўляў вялікую актыўнасць. Рэлігійны светапогляд ён, па словах сучаснага даследчыка С. Лаўшука, адмаўляў "рэзка, размашыста, безапеляцыйна". Слушным гэтае пісьменніцкае адмаўленне прызнаць, вядома, нельга. Але пад сатырычны абстрэл К.Крапівы, абгрунтавана падкрэслівае даследчык, "падпадалі не столькі догматы царквы, колькі яе служкі святары розных рангаў". А яны далёка не заўсёды прытрымліваліся і прытрымліваюцца святасці, якую прапаведуюць для іншых. Таму сусветная літаратура і фальклор многіх краін назапасілі багаты вопыт дасціпнага і з'едлівага высмейвання крывадушнасці несумленных рэлігійных служак розных веравызнанняў і канфесій. К.Крапіва таксама быў дасціпны і вынаходлівы ў антырэлігійных творах. Яны, як правіла, вызначаюцца бясспрэчнай мастацкасцю і ў свой час карысталіся папулярнасцю, асабліва ў асяроддзі атэістаў. Гэта неаднаразова засведчана ў дачыненні да сатырычнай паэмы "Біблія" (1926) К.Крапівы пародыі на Святое Пісанне.
Для шчырага верніка такая пародыя непрымальная. Але як мастацкі твор крапівоўская "Біблія" мае свае вартасці. Пераказваючы ў парадыйным, знарочыста спрошчаным зніжэнні некаторыя біблійныя эпізоды, пісьменнік дамогся мастацкага эфекту ўжо тым, што вёў аповед у камедыйным, жартоўна-забаўляльным ключы, з выкарыстаннем маляўнічага побытапісання, будзённа прыземленай дэталізацыі. У выніку біблійныя персанажы (Бог, прарокі, святыя) падаюцца не ў арэоле святасці, а знарок акарыкатурана. Яны паказваюцца як звычайныя, зямныя і грэшныя людзі з многімі чалавечымі заганамі. Гэта падкрэсліваецца і гумарыстычнымі загалоўкамі раздзелаў паэмы, ужываннем прыказак і хлёсткіх выразаў з побытавай сферы ("Баба клопату не мела, дык купіла парася", "Раз начальства загадала, дык здыхай, але мясціся " і інш.).
На парадыйную скіраванасць твора працуюць падкрэслена-размоўныя інтанацыі падзейнага пераказу, іранічны аўтарскі каментар і разгорнутыя адступленні з публіцыстычнай афарбоўкай і зваротам да савецкай рэчаіснасці. Шырока выкарыстоўваецца лексіка розных стылёвых пластоў, якія змешваюцца зноў жа знарок, уводзяцца элементы справа-вога стылю новага часу (міліцыя, самагонны апарат, зарплата і інш.), увогуле скрозь гучыць побытавае, часта грубаватае, але ў парадыйным плане трапнае слова, якое ніяк не вяжацца з узвышанай мовай кананічнай Бібліі. Але такая кантраставасць, разлічаныя няўвязкі, розныя нестыкоўкі і ёсць галоўны сродак парадыявання. Сам верш паэмы вынаходліва-гнуткі, сатырычна-з'едлівы і часам афарыстычны. Ён таксама ўзмацняе парадыйны эфект.
Жорсткасць грамадзянскай вайны адлюстраваная ў паэме з прыгодніцкімі элементамі "Ш к і р у т а" (1928).
Ярка і маштабна выявіўся сатырычны талент пісьменніка ў іранічнай па вызначальнай танальнасці, фантастычнай па сюжэтнай канве паэме-казцы "Xвядос Чырвоны нос" (1930). Тут дасціпна высмейваюцца п'янства, якім найбольш злоўжывае галоўны герой твора Хвядос, бюракратызм, пасяджэнцкая мітусня і пустаслоўе ("На канцы парадку дня аб чым хочаш балбатня "), галавацяпства і падхалімаж, у камічным святле падаюцца казусы тагачаснай гаспадарчай практыкі, розныя анекдатычныя выпадкі, ёсць напоўненыя глыбокім сэнсам выпады супроць гвалтоўнай калектывізацыі («Лозунг кінуў ён такі: "Ці калгас, ці Салаўкі"»), шмат увагі аддаецца асмяянню багемных настрояў у літаратурным асяроддзі, накіданы трапна шаржаваныя партрэты некаторых пісьменнікаў (Ц.Гартнага, М.Зарэцкага, П.Глебкі і інш.).
У першых друкаваных рэдакцыях твора К. Крапіва пад націскам партыйных ідэолагаў мусіў пайсці і на палітычныя абвінавачванні ў адрас рэпрэсаваных бальшавікамі былых сяброў па літаб'яднанні "Узвышша" (А.Бабарэкі, У.Дубоўкі, Я.Пушчы і інш.), многіх дзеячаў беларускай культуры і навукі. Усе яны сумленна працавалі на карысць Бацькаўшчыны і з цягам часу (у пасляваенныя гады) былі афіцыйна рэабілітаваныя. Пасля гэтага сатырык, вядома, скараціў скіраваныя супраць іх месцы. Але тое, што такія выпады былі ў творы, факт істотны, не падлеглы забыццю. Бо ён паказвае, як згубна для творцаў паддавацца кан'юнктурным патрабаванням, дыктату ідэалагічных наглядчыкаў. Мастак жа на тое і мастак, каб ва ўсім кіравацца ўласным разуменнем жыцця і творчасці.
Да вершаванай сатыры звяртаўся К.Крапіва і ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Ён працаваў у франтавым друку, а з сакавіка 1943 г. быў адказным рэдактарам газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну". Тады сатырычнае слова пісьменніка мела выразную антыфашысцкую скіраванасць і набывала трапнасць, як у "Э п і т а ф і і", напісанай у сувязі са знішчэннем савецкімі падпольшчыкамі кіраўніка гітлераўскай акупацыйнай улады ў Беларусі Кубэ: "Тут ляжыць высокі чын / Кубэ, Гітлераў служака, /Пры жыцці быў сукін сын / 1загінуў як сабака",
У пасляваенны час К. Крапіва стварыў некалькі сатырычных вершаў, эпіграм і шэраг баек, сярод якіх вылучаюцца "Д з і ц я, В о ж ы к і 3 м я я", "П л ывец-тэарэтык", "Асёл Ісуса Хрыста", "Шлях і д а і с ц і н ы". Але такой шырокай народнай папулярнасці, як сатыра 1920-х гг., яны не набылі.
Немалыя здабыткі ў К. Крапівы ў галіне мастацкай прозы. Класічным творам, скіраваным супроць прыстасавальніцтва, можна назваць сатырычнае апавяданне "М о й с у с е д" (1927). Тут буйным планам пададзены вобраз чалавека-флюгера, які нават прозвішча (Лукавіцын - Цыбульскі - Цыбулевіч) змяняе ў залежнасці ад палітычный кан'юнктуры. Сутнасна ён блізкі да Мікіты Зноска з Купалавых "Тутэйшых". Але К. Крапіва не пераймаў Я. Купалу. Ён па-свойму адлюстраваў характэрную рысу нашай беларускай псіхалогіі, якая праз вякі жыцця народа пад прыгнётам стала настолькі гнутка-падатлівай, па-рабску пакладзістай, што ўжо ўзнікае, здаецца, рэальная пагроза страты намі сваёй нацыянальнай адметнасці, свайго менталітэту. А без гэтага ж народ увогуле асуджаны на знікненне.
Значным дасягненнем у беларускай даваеннай прозе стаў раман К.Крапівы "Мядзведзічы" (1932), прысвечаны паказу вёскі напярэдадні калектывізацыі. Ён напісаны ў грунтоўнай апавядальнай манеры, багатай наразнастайныя апавядальныя інтанацыі, з глыбокім псіхалагічным даследаваннем чалавечых характараў. Праўдзівасць твора, у якім уступкі ідэалагічнай дагматыцы бальшавікоў адносна нешматлікія, забяспечыла раману доўгае жыццё. Ён умацоўваў і развіваў традыцыю рэалістычнага побытапісання, якая і цяпер вельмі плённая ў беларускай літаратуры. Пра гэта сведчаць многія творы нашай прозы, у тым ліку такія выдатныя, як "Палеская хроніка" Івана Мележа, дзе нямала сугучнага з крапівоўскім раманам.
КАМЕДЫЯ "ХТО СМЯЕЦЦА АПОШНІМ"
3 1933 г. Кандрат Крапіва пачаў працу ў драматургіі. У гэтай галіне творчасці ён трывала абапіраўся на нашы нацыянальныя традыцыі, перш за ўсё купалаўскія, многае ўспрыняў з вопыту рускай класікі (Дз. Фанвізіна і М.Гогаля, А. Грыбаедава і А. Астроўскага, А. Чэхава і М. Горкага). Яго п'есы на працягу паўстагоддзя ставіліся на беларускай сцэне, некаторыя з вялікім поспехам ішлі за межамі рэспублікі і Савецкага Саюза.
Па сваіх жанравых разнавіднасцях драматургія К.Крапівы таксама даволі разнастайная. Яму належаць п'есы "Канец дружб ы" (1933, палітызаваная драма пра жорсткасць, што тады ўсталёўвалі бальшавікі ў людскіх узаемаадносінах), "Партызаны" (1937, гераічная драма пра зацятасць барацьбы ў грамадзянскую вайну), прафесійна зробленыя псіхалагічныя драмы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны "Проба агнём" (1943), "3 народам" (1948), "Людзі і д'яблы" (1958), псіхалагічная драма пра жыццё медыкаў "На вастрыі" (1982), лірычная камедыя "Пяюць жаваранкі" (1950), так званая вытворчая п'еса "3ацікаўленая асоба" (1953), аднаактоўка "Валодзеў гальштук" (1943). Усе яны нясуць на сабе выразны адбітак часу, былі, а некаторыя і застаюцца актуальнымі па тэматыцы і праблемнай скіраванасці, у большасці вызначаюцца канфліктнай напружанасцю, сюжэтнай вастрынёй, вынаходлівасцю інтрыгі, часам, як у "Людзях і д'яблах", падмацаванай і дэтэктыўнымі паваротамі, карысталіся (бадай, толькі за выключэннем "Зацікаўленай асобы") увагай гледачоў.
Але з найбольшым бляскам талент Крапівы-драматурга выявіўся ў жанры сатырычнай камедыі. У гэтым жанры ён, як слушна сцвярджалі маскоўскія даследчыкі, працягваў "найлепшыя традыцыі выкрывальнай рускай камедыі, перш за ўсё традыцыі Гогаля і Шчадрына". У беларускай літаратуры папярэднікамі Кандрата Крапівы ў сатырычнай драматургіі былі і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з яго "Пінскай шляхтай" (1866) і "Залётамі" (1870), і Карусь Каганец з яго "Модным шляхцюком" (1910), і Янка Купала з неўміручымі "Тутэйшымі" (1922) і Еўсцігней Міровіч з камедыяй "Кар'ера Брызгаліна" (1925).
Галоўная ўдача драматурга ў камедыі "Хто смяецца апошнім" (1939) заключаецца ў тым, што ён стварыў маштабныя, напісаныя з вялікім запасам абагульнення характары дзейных асобаў, і перш за ўсё шматпланавыя тыпы адмоўных персанажаў, якія ў выкрывальна-сатырычным жанры зусім правамерна прыцягваюць найбольшую ўвагу аўтара.
"Рэзананс сатырычнага твора, пры ўсіх іншых аднолькавых умовах, залежыць ад значнасці аб'екта, на які гэты твор накіраваны. Аб'ект сатыры падобны да звона: калі па вялікім звоне ўдарыць нават маленькім малаточкам, дык гук будзе вялікі, а па маленькім звоне хоць бі вялікім молатам, гуку вялікага не будзе ", вельмі слушна і нават дасціпна зазначаў пісьменнік у адным з пасляваенных артыкулаў пра шляхі развіцця нашай драматургіі. Гэтая думка мае вельмі важнае значэнне для правільнай ацэнкі сатырычных твораў. I яна цалкам стасуецца да камедыі "Хто смяецца апошнім". У асобе Гарлахвацкага тут узяты пад абстрэл сапраўды значны сатырычны аб'ект, вельмі небяспечны "свінтус грандыёзус" ("свіння вялікая"), які пры зручных, спрыяльных для яго акалічнасцях становіцца надзвычай агрэсіўным, нахабна замахваецца ў першую чаргу на сумленных людзей. У такіх умовах змагацца з гарлахвацкімі вельмі нялёгка, бо яны пускаюць у ход усё палітычную дэмагогію, шантаж, запалохванне, брудныя плёткі, а пры выпадку могуць нацягнуць на сябе і маску добрага сябра, чулага чалавека, што часова павінна прыкрыць іх воўчыя зубы.
Метады, якімі дзейнічае Гарлахвацкі, сеючы страх і ўсеагульную падазронасць, паказаны ў камедыі з выключнай пераканальнасцю. Літаральна здзіўляюць "гнуткасць" Гарлахвацкага, яго выкрутлівасць і вынаходлівасць, уменне імгненна прыстасавацца да сітуацыі, на хаду змяніць тактыку. У гэтых адносінах асабліва добра "страляюць" некаторыя фарсава-вадэвільныя па сваім паходжанні сцэны. Можна прыгадаць, напрыклад, спрытны трук Гарлахвацкага, калі ён, уцякаючы праз акно ад раз'юшанай жонкі, загадвае дарэшты збянтэжанаму і зняслаўленаму Тулягу выканаць незайздросную ролю "хлопчыка для біцця" ці, лепш сказаць, громаадвода.
Варты асаблівай увагі і бліскучы ход канём у канцы трэцяга акта, дзе, здавалася, ужо канчаткова выкрыты прайдзісвет усё ж спрабуе ратавацца, прызнаўшыся, што нібыта для "розыгрышу" чытаў чужы даклад. Камедыйнае майстэрства драматурга ў гэтых і падобных да іх эпізодах дасягнула дасканаласці.
Выкрываючы Гарлахвацкага, драматург фактычна з гуманістычных пазіцый уздымаў голас у абарону чалавечнасці, калі яна ў савецкай таталітарнай дзяржаве прыніжалася найбольш.
Гарлахвацкі займаецца і шкодніцкай дзейнасцю. У свой час ён спрабаваў разлажыць цэлы наркамат (па цяперашняй тэрміналогіі міністэрства). У такім кірунку, сцвярджаецца ў п'есе, Гарлахвацкі актыўнічаў яшчэ ў Кіеве, але там праваліўся. Дык высокія заступнікі накіравалі яго ў Беларусь, у навуковы інстытут геалогіі, выдаўшы яўнага невука за спецыяліста ў галіне палеанталогіі. Таму ён, застаўшыся сам-насам з мамантавымі косткамі, ные: "Маслы праклятыя! Што я з вамі рабіць буду? Дажыўся таварыш Гарлахвацкі, няма чаго сказаць! Косткамі абклаўся, палеантолагам стаў. А было ж раней -Гарлахвацкаму банкеты, Гарлахвацкаму авацыі, Гарлахвацкі мог любога ў бараноў рог скруціць. I раптам косткі! Скруці яе, праклятую, калі хочаш! Запхнулі мяне прыяцелі ў гэту дзіру. Далей ад небяспекі. I спецыяльнасць такую ўдружылі, з якой нікуды не паткнешся, - палеанталогія. Гэта значыць, сядзі, Гарлахвацкі, і не рыпайся, а то можаш і нас аскандаліць. Сядзі ціха, а калі спатрэбіцца - пазавём. Сядзець то тут зацішна... Але Гарлахвацкі сядзець не прывык вось у чым бяда ".
Праўда, крыху далей Гарлахвацкі і тут, у інстытуце геалогіі, абяцае разгарнуцца, даказаць, на што ён здатны, і так зблытаць "карты, што свой свайго не пазнае". Сёе-тое ў гэтым сэнсе яму сапраўды ўдаецца зрабіць, часова ашальмаваўшы прафесара Чарнавуса і прымусіўшы Тулягу, зноў на пэўны час, выконваць ролю парабка ад навукі.
Націскаючы на гэтую часовасць і паказваючы, што ў перыяд непасрэднага дзеяння ў творы для Гарлахвацкага няма спрыяльных умоваў, К.Крапіва імкнуўся да таго, каб камедыя без перашкодаў прайшла праз цэнзурнае сіта. I драматургу гэта ўдалося.
Знарочыстае шкодніцтва, якім (па п'есе) займаўся Гарлахвацкі, бальшавікі шукалі ўсюды, спісваючы на яго правалы свайго няўмелага гаспадарання. Маўляў, ва ўсім вінаватыя злосныя ворагі народа. Так "наводзіўся цень на пляцень", апраўдваліся карэнныя заганы савецкай таталітарнай сістэмы, якая не давала магчымасці разгарнуцца сапраўдным працаўнікам.
Але гаворка пра замаскаванае шкодніцтва Гарлахвацкага ў камедыі "Хто смяецца апошнім" стала вырашальнай для шчаслівага лёсу твора ў даваенныя і пазнейшыя гады.
3 цягам часу матывы, звязаныя са шкодніцтвам Гарлахвацкага, ва ўспрыманні камедыі станавіліся ўсё менш істотнымі, а на першы план у вобразе Гарлахвацкага вылучаліся самадурска-дыктатарскія замашкі персанажа, яго нахрапістасць, бесцырымоннасць у абыходжанні з людзьмі, ледзь прыкрытая, а то і зусім адкрытая пагарда да іх, непераборлівасць у сродках, густа замешаная на спекулятыўна-карыслівых разліках дэмагогія, настырлівы кар'ерызм, агрэсіўнае невуцтва, якое сваю бездапаможнасць, поўную некампетэнтнасць у справе імкнецца кампенсаваць спрытным прыстасавальніцтвам, жангліраваннем высокімі паняццямі.
Як ваяўнічы невук на пасадзе, што "кіруе" разумнымі і адукаванымі людзьмі, Гарлахвацкі і набыў бясспрэчную тыповасць. Гэта ж галоўны, карэнны тып эпохі, таго часу, калі пад размовы пра нібыта нябачаную ў свеце культурную рэвалюцыю менавіта напорыстыя невукі, маральна непераборлівыя, але ўчэпістыя і зубастыя, нахабныя да неймавернасці, ішлі да кар'ерных вышыняў, не спыняючыся ні перад чым. Гэта яны давялі да галоднай смерці выдатнага генетыка Мікалая Вавілава, які думаў пра тое, каб накарміць свет. Яны ж ужо ў 1947 г. выганялі з Беларусі генетыка, вавілаўскага паслядоўніка, тагачаснага прэзідэнта АН БССР Антона Жэбрака.
Як ускоснае сведчанне жывучасці гарлахвацкіх можна разглядаць і выкрывальны фельетон з красамоўным загалоўкам "Гарлахвацкі піша дысертацыю" (такі фельетон ведае беларуская пасляваенная перыёдыка), і таксама ў свой час апублікаваную інфармацыю, калі за чужыя працы падначаленых парабкаў ад навукі набывалі доктарскія ступені і акадэмічныя званні высокачыноўныя невукі. Дарваўшыся да вялікай улады, яны станавіліся асабліва небяспечнымі.
3 высокім майстэрствам паказаны ў камедыі "Хто смяецца апошнім" вяртлявы пляткар і зайздрослівы падхалім Зёлкін, здольны на любую подласць, каб дагадзіць начальству, бо зусім нікчэмны там, дзе трэба займацца не балбатнёй, а справай. Хораша, з рознабаковым асвятленнем намаляваны разумны, але палахлівы вучоны Туляга, якога ў паказушна-крывадушным грамадстве можна прымусіць працаваць на невукаў. Праўда, у п'есе ён дзякуючы спрыяльнаму збегу абставінаў урэшце кладзе на лапаткі самога Гарлахвацкага. Але ў нашым рэальным жыцці такое калі і здараецца, дык не часта. Тут мы ў масе сваёй, як тыповыя беларусы, звычайна бываем асцярожнымі да прыніжанасці і тады ў пэўнай меры нагадваем не толькі запалоханага Тулягу, але і Лукавіцына Цыбульскага Цыбулевіча, высмеянага ў апавяданні "Мой сусед".
Паказваючы перамогу Тулягі, драматург выбраў аптымальны варыянт, у рэальным жыцці даволі рэдкі, а ў складаных для нашай краіны ўмовах 1930-х гг. і ўвогуле выключны. Але такая аптымальнасць была неабходнай, каб пераадолець цэнзурныя рагаткі, пазбегнуць папрокаў за празмерную крытычнасць п'есы.
I Гарлахвацкі, і Зёлкін, і Туляга праз тую трапнасць, з якою яны паказаны ў камедыі, сталі знакавымі фігурамі, набылі значэнне назыўных вобразаў шырокага гучання, прыдатных для характарыстыкі многіх людзей з адпаведнымі заганамі.
У сатырычных творах цалкам станоўчыя героі атрымліваюцца менш яркімі ў параўнанні з героямі адмоўнымі. Так адбылося і ў камедыі "Хто смяецца апошнім". Тут з персанажаў станоўчых бездакорна выпісаны, бадай, толькі эпізадычныя па сваёй ролі ў сюжэце фігуры прыбіральшчыцы цёці Каці і дворніка Нічыпара. А прафесар Чарнавус як мастацкі вобраз не такі яркі. Ён галоўны антыпод невука Гарлахвацкага, але ягонай напорыстасці не мае. У шэрагу эпізодаў ён выглядае хліпка-разгубленым. Няма ў яго глыбокага разумення людзей. Ды і ягоная прынцыповасць, шмат хвалёная многімі крытыкамі, на справе часам дае прыкры "збой", разумеецца гатоўнасцю на кампраміс з тым самым Гарлахвацкім, калі той пачынае запабягаць (крывадушна) перад прафесарам, абяцаючы яму начальніцкае садзеянне. Гэткай крывадушнасці прафесар не заўважае і пра подласць Гарлахвацкага амаль да канца камедыі не здагадваецца.
Значная выкрывальная роля у п'есе належыць сакратару парткама Левановічу, фігуры па тых часах бадай што абавязковай. Выказваецца Левановіч востра, але па сутнасці з'яўляецца рэзанёрам, надзеленым бальшавіцкай правільнасцю і партыйнай непагрэшнасцю.
Сярод прыхільнікаў Левановіча і асабліва Чарнавуса сваёй энергічнасцю вылучаецца Вера, сімпатычная дзяўчына на пасадзе малодшага навуковага су-працоўніка. Але яе выратавальная ў дачыненні да прафесара місія хутчэй сімвалічная, чым абгрунтаваная рэальнымі ўмовамі часу.
Увогуле ж камедыя "Хто смяецца апошнім" напісана з вялікім майстэрствам. Драматургу ўдалося ўражліва перадаць трывожную напятасць грамадскай атмасферы 1930-х гг, разгарнуць імклівае сюжэтнае дзеянне з нечаканымі паваротамі і займальнай інтрыгай, энергетыку для якой дае востры, сацыяльна значны канфлікт. Праз гэты канфлікт, што рухае падзеі ў творы, характары дзейных асобаў, найперш сатырычных, выяўляюцца вельмі арганічна і шматбакова. Іх жыццёвасць падкрэсліваецца і праз яркую моўную індывідуалізацыю персанажаў. Уласна моўнае майстэрства драматурга заслугоўвае самай высокай пахвалы. Кідаецца ў вочы басавітасць начальніцкіх нот у яшчэ не выкрытага Гарлахвацкага, афіцыёзная, але па-свойму яркая дырэктыўнасць у мове беззаганнага (па партыйнай наменклатурнасці) Левановіча, хапатлівая мітуслівасць у манеры гаворкі Зёлкіна, падкрэслена палахлівая абачлівасць і асцярога ў Тулягі, народная яркасць у Нічыпара і цёці Каці. Вось як Нічыпар разважае пра Гарлахвацкага, пра ягоны стол у дырэктарскім кабінеце: "Гэта, брат, стол! Каб некалі мне такі пляц зямлі, то яб гаспадаром быў". Пра паводзіны невука яшчэ пры пасадзе: у "Гарлахвацкага крукам носа не дастаць". Яму "раскоша тут, як шчупакуў сажалцы ". Пра імітацыю навуковай працы пад кіраўніцтвам крывадушнага аферыста: "Працуюць і смаку не чуюць". Цёця Каця трапна гаворыць пра палюбоўніцкія вылазкі Гарлахвацкага з вяртлявай жонкай Зёлкіна: "Учора адвячоркам з Зіначкай за горад імчаў на таксі, дык аж пыл курэў".
Часам у рэпліках персанажаў слова падпявае слову. Вось жонка Гарлахвацкага заўважыла, што ён глядзіць на Зіну Зёлкіну, "як кот на сала". Ідзе папераджальны ківок юрліваму мужу. Той апраўдваецца: "Што табе здалося? " Жонкаў адказ: "Глядзі, каб не збылося!". Знарочыстага падкрэслівання тут няма, а грацыёзная трапнасць бясспрэчная.
I цалкам меў рацыю Андрэй Макаёнак, калі пісаў: "Крапіва дакладна будуе сцэнічную фразу, у яго рэпліках лішніх слоў няма выкрасліць якое-небудзь слоўца проста немагчыма, бо кожная фраза ім выняньчана! I ключ гэтага майстэрства я бачу ў афарыстычнасці не інтэлігенцкай, кніжнай, а ў вечна жывой народнай фразеалогіі, з якой Кандрат Кандратавіч... заўсёды быў у вялікай дружбе. І таму вынікае яшчэ адна якасць яго драматургіі: у рэпліках, прадуманых глыбока як з пункту гледжання псіхолага, так і з пункту гледжання лінгвіста, заўсёды яўна гучыць падтэкст". У камедыі "Хто смяецца апошнім" падтэкставая глыбіня асабліва значная.
Высокая моўная дасканаласць твора, маштабнасць галоўных характараў п'есы, вялікі запас "трываласці", які яны маюць перад разбуральным уздзеяннем часу, іх здольнасць у розныя перыяды паварочвацца да нас то адной, то другой сваёй гранню сталі прычынай таго, што камедыя "Хто смяецца апошнім" зрабілася класічным творам савецкай драматургіі. Яна ж належыць і да найбольш рэпертуарных, ці сцэнічных, нашых п'ес. Яе ставілі прафесійныя і самадзейныя тэатры Беларусі, шматлікія тэатральныя калектывы ў іншых рэспубліках былога Савецкага Саюза. Ішла п'еса таксама на сцэнах нямецкай (у горадзе Котбус), польскай (у Варшаве), чэшскай (у Празе).
У сатырычнай камедыі "Мілы чалавек" (1945) створаны маштабны вобраз непатапляльнага прайдзісвета-махляра. Ён мае прозвішча Жлукта, а "мілым чалавекам" называецца таму, што выступае ў ролі блат-майстра, здольнага на многае. Гэты цынічны не менш за Гарлахвацкага дзялок ідэалагічным ці палітычным шкодніцтвам не займаецца, на бальшавіцкую ўладу не замахваецца, а толькі спрытна, з вялікай вынаходлівасцю выкарыстоўвае няўвязкі ў камандна-бюракратычнай савецкай сістэме, якая прэтэндавала на рэгламентацыю ва ўсім. Але і яна не магла справіцца з такой роллю, бо рэальнае жыццё ўпарта супраціўляецца абсурднай рэгламентацыі ў вялікім і малым.
"Няма на савецкай зямлі такога месца, дзе б нягоднікі заставаліся пераможцамі", зазначае ў п'есе Канягін, працверазелы і раптоўна "перавыхаваны" памагаты Жлукты. Гэтай рэплікай камедыёграф страхаваўся ад папрокаў за ўяўнае перабольшанне маштабаў жлуктаўшчыны. Але на самай справе якраз Жлукта і выходзіў пераможцам. Пасля скандальнага, аднак, па сутнасці, выпадковага правалу ў горадзе Н., дзе адбываецца дзеянне, ён заказвае два білеты ў мяккім вагоне да Ташкента (каб быць яшчэ далей ад фронту, ад якога ён уцёк). Гэткага павароту пісьменніку не даравалі савецкія цэнзары. Яны то забаранялі п'есу, то дамагаліся яе перапрацоўкі. А Жлукта, які асабліва не таіўся і сам называў сябе папраўкай да савецкай "сістэмы размеркавання", у рэальным жыцці перажыў самую гэтую сістэму і напоўніцу раскашуецца і цяпер. I будзе раскашавацца, пакуль існуе так званы блат асноўнае апірышча жлуктаў (сёння яго называюць карупцыяй).
У многім перагукваецца з "Хто смяецца апошнім" яшчэ адзін выдатны камедыйны твор К. Крапівы "Брама неўміручасці" (1972). Аўтар назваў п'есу фантастычнай камедыяй. Атрымаўся ж востра-канфліктны твор з нязвыкла-парадаксальнай пастаноўкай маральна-этычных праблем і моцнай філасофскай заглыбленасцю. Фантастычная ў ім толькі ідэя фізічнай неўміручасці асобнага чалавека. Аднак такая неўміручасць, калі б яна была дасягальнай, стала б сапраўдным пракляццем для чалавечага роду. Бо індывідуум, зрабіўшыся бессмяротным, перакрэсліў бы далейшую эвалюцыю чалавека, магчымасць яго развіцця. Гэта, па словах пісьменніка, "тая ж смерць. Не, горш смерці".
Вельмі слушна гаворыцца ў п'есе і пра пагрозлівую супярэчлівасць навуковага прагрэсу, які дае людзям нямала дабротаў, але можа быць выкарыстаны і для знішчэння чалавецтва, самога жыцця, прынамсі, на нашай планеце.
Сутыкнуўшы герояў "Брамы неўміручасці" са складанымі філасофскімі, маральна-этычнымі, экалагічнымі і іншымі праблемамі, якія ўсё больш пагрозліва насоўваюцца на нас, драматург атрымаў магчымасць паказаць сваіх персанажаў у незвычайных абставінах. А гэта дазволіла стварыць жыццёвыя, нібы выхапленыя з самой рэчаіснасці, чалавечыя вобразы. Сярод іх, як заўсёды ў К.Крапівы, вылучаюцца персанажы сатырычныя, акрэсленыя кідкімі, добраўзважанымі штрыхамі. Гэта Дажывалаў, Кароўкін, Торгала, Застрамілава і Скараспей. Праз іх выразна выяўляецца крытычны пафас п'есы, яе галоўная выкрывальная накіраванасць.
Драматургія К.Крапівы, асабліва яго сатырычная камедыяграфія, стала выдатнай з'явай у развіцці беларускай літаратуры і тэатральнага мастацтва, усёй культуры ўвогуле. "3 яго лёгкай рукі беларуская камедыя ў пашане ўсюды", казаў А. Макаёнак. I падкрэсліваў: "Калі б не было Кандрата Кандратавіча, то не было б і мяне, а, можа, і ўсіх нас". Меліся наўвазе сатырыкі і драматургі, творчасць якіх развівалася пад уздзеяннем Кандрата Крапівы. Ад імя гэтых пісьменнікаў Мікалай Матукоўскі ў артыкуле "Мы ўсе вучыліся ў яго" зазначаў: "Кандрат Кандратавіч увайшоў у наша жыццё, у нашу кроў, у нашу свядомасць з дзіцячых гадоў, з маленства". У К.Крапівы, працягвае М. Матукоўскі, "мы вучыліся разумець прыроду гумару, смешнага, недарэчнагаў звычайных, будзённых рэчах". I тут няма перабольшання. Бо практычна ўсе беларускія сатырыкі, якія прыйшлі ў літаратуру ў 1920-я гг. і пазней, зведалі моцны ўплыў К.Крапівы, так ці іначай арыентаваліся на пракладзенае ім рэчышча. Традыцыі ж ягонай драматургіі знайшлі свой працяг і развіццё ў творчасці Андрэя Макаёнка і Кастуся Губарэвіча, Аркадзя Маўзона, Мікалая Матукоўскага і Алеся Петрашкевіча, Аляксея Дударава і Анатоля Дзялендзіка ды іншых аўтараў.
Вельмі плённа працаваў К.Крапіва да апошніх дзён свайго жыцця (яно абарвалася 7 студзеня 1991 г.) на навуковай ніве. Яго літаратуразнаўчыя артыкулы пра байку і сатырычную камедыю даўно атрымалі шырокае прызнанне. Уражваюць сваёй маштабнасцю дасягненні пісьменніка ў мовазнаўстве, асабліва ў лексікаграфіі, якая яшчэ з даваенных гадоў развівалася пад знакам Кандрата Крапівы. У пасляваенны час ён быў рэдактарам пяцітомавага Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, шэрагу беларускіх арфаграфічных слоўнікаў, некалькіх выданняў Руска-беларускага і Беларуска-рускага слоўнікаў, важкіх навуковых прац па сучаснай беларускай літаратурнай мове.
Даводзілася К.Крапіве выступаць супроць ваяўнічых наскокаў на нашу мову з боку дамарослых невукаў з вульгарызатарскімі прэтэнзіямі і расейскіх шавіністаў (палемічны артыкул "Шкодная блытанінаў пытаннях мовы", з'едлівы верш-водпаведзь "Дзе ж яна, галоўная самая?").
Але ў асобных творах ("Балабонь да пары, балабонь!", "Кат у няміласці", "3 фашыстоўскай падваротні" і інш.) пісьменнік, паддаўшыся афіцыйным ідэалагічным патрабаванням, высмейваў так званых нацдэмаў, выдуманых беларускіх буржуазных нацыяналістаў. Гэтыя палітычныя ярлыкі тады навешваліся на сапраўдных патрыётаў, якія шчыра клапаціліся пра нашу нацыянальную культуру, а то і паказвалі згубнасць бальшавіцкага наступу на яе.
Дарэчы, ёсць сведчанне (яно належыць Антон Адамовічу), што некаторыя сатырычныя вершы байкі К.Крапівы ("Саромлівы", "Чорт", "Грамафон" "Сава, Асёл ды Сонца", "Фіга на талерцы" і інш, першапачаткова таксама скіроўваліся супроць бальшавіцкай улады. Потым сатырык прыглушаў гэтую скіраванасць ці перайначваў яе ў процілеглым кірунку, дапісваючы новыя канцоўкі. Так было зроблена ў дачыненні да байкі "Сава, Асёл ды Сонца", у якой дапісаны радкі пра "фашысцкіх соў і іх заступнікаў аслоў".
Вартая добрага слова перакладчыцкая праца Кандрата Крапівы. Яна ахоплівае паэзію, прозу і драматургію творы Дз.Фанвізіна, М.Гогаля і А.Астроўскага, I.Крылова, А.Пушкіна, М.Някрасава А.Чэхава, М.Горкага, У.Маякоўскага і А.Твардоўскага, Т.Шаўчэнкі і А.Міцкевіча, Я.Гашака, Ў.Шэкспіра, Ш.Руставелі і інш. Кола пісьменніцкіх імён даволі шырокае. Так зноў выяўляецца маштабнасць у дзейнасці К.Крапівы, разнастайнасць ягоных прыхільнасцяў.
Кандрат Крапіва пражыў без двух месяцаў 95 гадоў. Выключнае для беларускага літаратара даўгалецце. Праўда, у апошні час ужо амаль не бачыў. Але і тады захоўваў выдатную памяць, ясны розум, неабвержнасць логікі і творчы патэнцыял, які пры вельмі моцным інтэлекце неяк пераадольвае праявы фізічнай нямогласці.
PAGE
PAGE 1