Будь умным!


У вас вопросы?
У нас ответы:) SamZan.net

БЕЛАРУСКАЯ МОВА. ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА

Работа добавлена на сайт samzan.net:

Поможем написать учебную работу

Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.

Предоплата всего

от 25%

Подписываем

договор

Выберите тип работы:

Скидка 25% при заказе до 9.11.2024

Установа адукацыі

“МАГІЛЁЎСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ХАРЧАВАННЯ”

Кафедра гуманітарных дысцыплін

-

БЕЛАРУСКАЯ МОВА. ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА

              Канспект лекцый для студэнтаў 1-га курса вочнай і завочнай форм навучання            

                                                                   ўсіх спецыяльнасцей

                                                                   Магілёў 2006

УДК 808.26

ББК 81.2 Бел

     С

Разгледжана і рэкамендавана да выдання на пасяджэнні кафедры ГД

Пратакол № ___ ад ___ 2006 г.

                                                              Складальнік: ст. выкладчык  А. М. Савіцкая

                                                               Рэцэнзенты:

кандыдат філалагічных навук, ст. выкладчык кафедры рускай, беларускай і замежных моў БРУ А. М. Міхалёва

ст. выкладчык кафедры ГД А. А. Чугай

             У сціслай і даступнай форме выкладзены асноўныя пытанні вучэбнага курса па прафесійнай лексіцы беларускай мовы. Асаблівая ўвага скіравана на тэрміналогію і афіцыйна-справавы стыль.

             Для студэнтаў ВНУ нефілалагічных спецыяльнасцей, можа быць выкарыстана аспірантамі і выкладчыкамі ў якасці дадатковай крыніцы пры падрыхтоўцы да семінарскіх заняткаў, залікаў, экзаменаў, пры афармленні справавых лістоў.   

                                                            

                                                                 УА “Магілёўскі дзяржаўны

                                                                     універсітэт харчавання”, 2006


 

Змест

1

Лекцыя 1. Мова і соцыум……………………………………………...

4

2

Лекцыя 2. Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы………………………………………………………………………..

8

3

Лекцыя 3. Беларуская мова ў 20-м стагоддзі…………………………

11

4

Лекцыя 4. Беларуская мова на сучасным этапе……………………...

16

5

Лекцыя 5. Праблемы беларуска-рускай інтэрферэнцыі……………..

19

6

Лекцыя 6. Функцыянальныя стылі беларускай мовы……………….

22

7

Лекцыя 7. Граматычныя асаблівасці навуковага стылю…………….

29

8

Лекцыя 8. Жанры навуковай літаратуры……………………………..

34

9

Лекцыя 9. Лексікалогія………………………………………………...

40

10

Лекцыя10. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага ўжывання…………………………………………………………………..

45

11

Лекцыя 11. Шляхі і крыніцы фарміравання беларускай навуковай тэрміналогіі………………………………………………………………...

49

12

Лекцыя 12. Лінгвістычнае ўпарадкаванне тэрміналогіі……………..

54

13

Лекцыя 13. Асаблівасці словаўтварэння беларускай навуковай тэрміналогіі………………………………………………………………...

58

14

Лекцыя  14. Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю……………….

64

15

Лекцыя 15. Групы афіцыйна-справавых дакументаў………………...

68

16

Лекцыя  16. Справавыя лісты…………………………………………..

71

17

Лекцыя 17. Справавая карэспандэнцыя……………………………….

73

18

Дадатак да тэмы “Афіцыйна-справавы стыль”………………………….

77

19

Спіс літаратуры……………………………………………………………

85

20

Спасылкі …………………………………………………………………..

86

Канспект лекцый прызначаны для студэнтаў  1-га курса вочнай і завочнай форм навучання ўсіх спецыяльнасцей. Дапаможнік уключае 17 лекцый, тэматыка якіх адпавядае тэмам рабочай праграмы. Да кожнай лекцыі дадзены асобны спіс літаратуры, уведзены рубрыкі “Асноўныя паняцці” і “Цікава ведаць”, што дапаможа скіраваць увагу студэнтаў на важныя моўныя паняцці і пашырыць кругагляд. Тэарэтычныя пытанні асвятляюцца сцісла і даступна і дапаўняюцца ілюстрацыйным матэрыялам, узятым з розных галін навукі. У канцы дапаможніка даецца агульны спіс літаратуры, дадатак да тэмы “Афіцыйна-справавы стыль”.

Канспект лекцый можа быць выкарыстаны для падрыхтоўкі да семінарскіх заняткаў, залікаў і экзаменаў па беларускай мове.


ЛЕКЦЫЯ 1. Мова і соцыум

  1.  Тэрмін “мова”. Функцыі мовы ў грамадстве.
  2.  Міждысцыплінарныя  сувязі  мовы.
  3.  Білінгвізм. Аспекты беларуска-рускага білінгвізму.
  4.  Беларуская  мова  сярод  славянскіх моў.

Асноўныя паняцці: соцыум, мова, білінгвізм, моўныя сем’і, мёртвая мова.

Літаратура:

  1.  Ляшчынская В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная  лексіка: Вучэбны дапаможнік.- Мінск: РІВШ   БДУ, 2001.
  2.  Шакун Л. М. Гісторыя беларускага мовазнаўства: Вучэбны дапаможнік. - Мінск: Універсітэцкае, 1995.
  3.  Руденко  Е. Н. Белорусский язык. Профессиональная лексика: Учебное пособие для студентов  вузов. – Мінск: Тетрасистемс, 2005.

1.Тэрмін “мова”. Функцыі мовы ў грамадстве

Беларуская мова з’яўляецца адной з высокаразвітых нацыянальных моў народаў свету. Яна элемент нацыянальнай культуры, асноўны сродак зносін у розных сферах дзейнасці чалавека. У мове адлюстроўваюцца думкі і пачуцці народа, яго грамадскі вопыт, ход гістарычнага развіцця, узровень эканомікі, навукі, мастацтва. Таму гісторыя станаўлення і развіцця беларускай мовы самым непасрэдным чынам звязана з сацыяльна-гістарычнымі і культурна-грамадскімі ўмовамі жыцця беларускага народа, залежыць ад эканамічнага і палітычнага становішча дзяржавы на розных  этапах яе існавання.

Тэрмін “мова” абазначае сістэму гукавых, слоўнікавых і граматычных сродкаў, якія актывізуюць работу мыслення і з’яўляюцца сродкам зносін, абмену думкамі, узаемнага разумення людзей у грамадстве1 (соцыуме). Роля мовы ў жыцці грамадства вялікая. Гукавая мова можа  выражаць, адлюстроўваць, выказваць усё пра навакольны свет, змяняючыся ў залежнасці ад умоў жыцця, эканомікі, ступені развіцця духоўнай культуры  грамадства. Мова – істотная адзнака народа, нацыі, племені. Мова ўзнікае ў грамадстве і з  патрэб грамадства. Адчуванне мовы, пачуццё адзінства мовы, з дапамогай чаго ажыццяўляецца сувязь чалавека са сваім народам, дазваляе кожнаму лічыць сябе прыналежным да пэўнай  нацыі, народа.

Функцыі  мовы:

  1.  Камунікатыўная (мова выступае як сродак зносін).
  2.  Пазнавальная (чалавек успрымае, атрымлівае пэўную інфармацыю, папаўняе свае веды).
  3.  Намінатыўная (з дапамогай мовы даюцца назвы навакольнаму свету; у адных выпадках назвы лёгка растлумачыць, у іншых немагчыма з сучаснага пункту гледжання мовы: парэчкі, неруш, нельга, ноч, зямля, вясна).
  4.  Кагнітыўная (мова выступае як сродак мыслення).
  5.  Акумулятыўная (мова як сродак назапашвання і захавання ведаў, сацыяльнага вопыту народа).
  6.  Экспрэсіўная функцыя (з дапамогай мовы выражаюцца адносіны да акружаючых людзей, да з’яў і падзей рэчаіснасці).
  7.  Эстэтычная (мова як сродак уздзеяння на думкі і пачуцці; выклікае эмоцыі: радасць, смутак, задавальненне, крыўду і г. д). Эстэтычная функцыя мовы ўвасабляецца ў мастацкай літаратуры, сцэнічным маўленні, красамоўстве.

2. Міждысцыплінарныя  сувязі  мовы

Беларуская мова цесна звязана з іншымі дысцыплінамі: гісторыяй, літаратурай, правам. Яна развіваецца і суіснуе разам з гісторыяй краіны. Змены, якія адбываюцца ў палітычным жыцці краіны, адлюстроўваюцца і ў гістарычным развіцці мовы. Прыклад таму – дзяржаўны характар мовы ў часы ВКЛ і ў цяперашні час; заняпад мовы ў складзе Рэчы Паспалітай і ў Расійскай імперыі.

Літаратура – гэта від мастацтва, мастацтва слова. Дзякуючы багаццю мовы, разнастайнасці значэнняў слоў, літаратура стварае арыгінальныя мастацкія творы ў жанры  паэзіі, драмы, эпасу.

Сацыяльны статус беларускай мовы як дзяржаўнай пацвярджаецца заканадаўствам (правам), замацоўваецца яе функцыянаванне ў розных сферах дзейнасці чалавека, у тым ліку і ў афіцыйна-справавой.

3. Білінгвізм. Аспекты беларуска-рускага білінгвізму

Білінгвізм ‘двухмоўе’ -  гэта з’ява адначасовага існавання ў дзяржаве двух моў, афіцыйна замацаваных  законам. Напрыклад, у Бельгіі дзве дзяржаўныя мовы: французская і фламандская; у сучаснай Швейцарыі існуе чатыры дзяржаўныя мовы: нямецкая, французская, італьянская, рэтараманская; у Інданезіі выкарыстоўваецца каля 200 моў, у Дагестане - каля 30.

26 студзеня 1990 г. быў прыняты “Закон аб мовах у Беларускай ССР”. Увядзенне закона было разлічана на 1 верасня 1990г. і рэалізацыя яго на працягу 10 год. За гэты тэрмін неабходна:

а) на працягу 3 год увесці беларускую мову ў афіцыйныя дакументы грамадзян; у навуку; культуру; сродкі масавай інфармацыі; маркіроўку тавараў;

б) на працягу 3–5 год – у дзяржаўныя ўстановы, органы дзяржаўнай улады і кіравання;

в) на працягу 5 год – у справаводства, у тэхнічную і праектную дакументацыю, падчас выбараў народных дэпутатаў, у сферу абслугоўвання, дзіцячыя ўстановы;

г) на працягу 10 год – у юрыдычныя ўстановы, установы адукацыі (сярэднія, сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя з абавязковай здачай экзамену).

14 мая 1995 г. адбыўся першы агульнарэспубліканскі рэферэндум, у выніку якога другой дзяржаўнай мовай стала руская. Як паказвае жыццё, беларуская мова цяпер не з’яўляецца рэальным сродкам зносін нацыі. Праблема двухмоўя мае 3 аспекты: псіхалінгвістычны, педагагічны і сацыякультурны.

Псіхалінгвістычны прадугледжвае пытанні развіцця беларускай мовы, яе ўдасканалення і сферы ўжывання з пункту гледжання псіхалогіі.

Педагагічны  прадугледжвае пытанні навучання  беларускай мове ва ўмовах існавання другой  мовы (рускай).

Сацыякультурны  прадугледжвае пытанні суіснавання беларускай і рускай моў у грамадстве і ў культурным жыцці.

Моўная сітуацыя сёння парадаксальна. Большасць насельніцтва (80% з 10 млн. называюць сябе беларусамі, а 70 % лічаць роднай мовай беларускую), гаворыць на беларускай мове (з дыялектным адценнем), але літаратурная  беларуская мова не мае прэстыжу як мова адукацыі і прафесійнага росту. На карысць мовы працуе інтэлігенцыя, перыядычны друк (газеты “Наша ніва”, “Літаратура і мастацтва”, часопісы “Полымя”, “Маладосць”, “Роднае слова”), беларускамоўны Інтэрнет, грамадская арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны”, выдавецкі  праект “Беларускі кнігазбор”,  службы  роднага  слова. Генеалагічная і структурная  блізкасць рускай і беларускай моў працуе на выцясненне беларускай мовы  як маючай іншы сацыяльны статус. Але ж сучасная тэндэнцыя фарміравання лінгвістычнай карты свету адназначна накіравана на захаванне моў. У Беларусі рэальнае ўмацаванне статуса дзяржаўнасці мовы і пашырэнне сацыяльнай базы можа быць дасягнута шляхам сумесных намаганняў асобных людзей, грамадскіх арганізацый і дзяржавы.

4. Беларуская  мова  сярод  славянскіх моў

Беларуская мова – адна са славянскіх моў індаеўрапейскай сям’і. Моўная сям’я – гэта вялікая група моў, якая аб’ядноўваецца паводле паходжання і гістарычнага развіцця, паводле агульнага моўнага матэрыялу. У залежнасці ад ступені блізкасці моў паміж сабой моўныя сем’і падзяляюцца на групы і падгрупы.

Цікава ведаць: лінгвістыка, або мовазнаўства, выдзяляе індаеўрапейскую, іберыйска-каўказскую, фіна-угорскую, цюркскую, мангольскую, тунгуса-маньчжурскую, кітайска-тыбецкую, аўстраазіяцкую, семіта-хаміцкую, кайсанскую і іншыя моўныя сем’і. Тэрмін “індаеўрапейскія мовы” прапанаваны нямецкім моваведам-санскрытолагам Францам Бопам (1791-1867), адным з заснавальнікаў параўнальна-гістарычнага метаду вывучэння моў.

Індаеўрапейская моўная сям’я ўключае такія падгрупы: індыйская (пенджабі, бенгалі, орыя, маратхі, сіндхі, цыганская); іранская (персідская, таджыкская, курдская, афганская, асецінская, тацкая); балтыйская (літоўская, латышская); раманская (іспанская, французская, партугальская, італьянская, правансальская, румынская, каталійская, малдаўская, рэтараманская); германская (дацкая, нарвежская, шведская, ісландская, фарэрская – паўночнагерманскія мовы; нямецкая, англійская, нідэрландская, фламандская, ідыш – заходнегерманскія); кельцкая (ірландская, шатландская, гальская, брэтонская, уэльская); славянская (беларуская, руская, украінская – усходнеславянскія; польская, кашубская, чэшская, славацкая, сербскалужыцкая – заходнеславянскія; балгарская, македонская, сербскахарвацкая - паўднёваславянскія). Некаторыя мовы ўваходзяць у індаеўрапейскую сям’ю як асобныя падгрупы: грэчаская, албанская, армянская. Бываюць мовы ізаляваныя, не ўваходзяць у склад сем’яў: японская, карэйская. Ёсць мовы мёртвыя, якія актыўна  не ўжываюцца ці зусім не ўжываюцца, так як  няма носьбітаў мовы: санскрыт, ведыйская, скіфская, харэзмская, пруская, лацінская, гоцкая, бургундская, карнуэльская, стараславянская, палабская, старажытнагрэчаская, візантыйская.

Старажытныя славяне некалькі стагоддзяў карысталіся мовай, якая складалася з блізкароднасных дыялектаў. Гэту мову называюць агульнаславянскай ці праславянскай. Гэта была беспісьмовая мова. Яна спачатку была распаўсюджана на параўнальна невялікай тэрыторыі – паміж Одэрам і Дняпром. Але ў першым тысячагоддзі нашай эры праславянскія плямёны рассяляюцца па Усходняй Еўропе і Балканскім паўвостраве. Рассяленне доўжылася аж да 6-7ст.ст. У выніку славяне засялілі вялізныя тэрыторыі, сувязі паміж плямёнамі зменшыліся; славяне ўваходзілі ў кантакты з народамі, якія належалі розным моўным групам, змешваліся з рознаэтнічным насельніцтам. Таму хутка ў праславянскай мове ўзніклі дыялектныя разыходжанні. У выніку ўзніклі тры групы будучых славянскіх моў. У лексіцы, фанетыцы, марфалогіі, сінтаксісе беларуская мова бліжэй стаіць да рускай і ўкраінскай мовы. Але ёсць асаблівасці, якія яднаюць яе з іншымі славянскімі мовамі.

усходнеславянскія мовы

заходнеславянскія

паўднёваславянскія мовы

бел.

рус.

украін.

польск.

чэшск.

балгар.

серб.

харв.

сват

сват

сват

swat

svat

сват

сват

сват

вока

око

око

оko

oko

око

око

око

кроў

кровь

кров

krew

krev

кръв

крв

крв

лес

лес

ліс

las

les

дрэва

дерево

дерево

drzevo

drevo

древо

древо

древо

Некаторыя славянскія (агульнаславянскія) словы на беларускай глебе займелі іншае значэнне. Так, слова “блага” абазначае ‘кепска’. Беларуская мова мае свае адметнасці ў марфалогіі, фанетыцы:

  •  зычны [р] – зацвярдзелы; гэта з’ява мае праславянскі дыялектны характар; доказам гэтаму з’яўляецца наяўнасць зацвярдзелага [р] у сербскахарвацкай  і польскай мовах;
  •  зычны [г] -  фрыкатыўны; такі гук ёсць у паўднёварускіх гаворках, чэшскай, славацкай, лужыцкай мовах;
  •  дзеканне – цеканне (пераход д – дз’, т- ц’); гэта з’ява адлюстроўвалася ў старабеларускіх помніках з 1300 года, а гэта значыць, што сама з’ява ўзнікла раней dziwo [дз’]; music; kucie [ц’] – чытаем у “Лісце да Абуховіча”;
  •  гук [ў] – гэта з’ява зафіксавана ў смаленскай грамаце 1229 года; ў перадавалася літарамі  в, у, оу, γ; ловъко, дръвъ, моучком, не вдовз    (не вдолгу); адбываецца пераход [л] - [ў], калі гэта былі спалучэнні ъл, ьл: вълък – воўк; вълна – воўна;
  •  поўна / няпоўнагалоссе оро, оло, ора, ола / ра, ла: город, горад / град.

ЛЕКЦЫЯ 2. Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы

  1.  Канцэпцыі паходжання беларускай мовы.
  2.  Этапы развіцця беларускай літаратурнай мовы.
  3.  Нацыянальныя дзеячы ў галіне мовы.

Асноўныя паняцці: моўныя масівы, спецыфічныя асаблівасці мовы.

Літаратура:

  1.  Шакун Л. М. Гісторыя беларускага мовазнаўства: Вучэбны дапаможнік. - Мінск: Універсітэцкае, 1995.
  2.  Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. – Мінск: Універсітэцкае, 1984.

1.Канцэпцыі паходжання беларускай мовы

У 18 ст. у Еўропе стала прыкметна узрастаць цікавасць з боку грамадскасці да пытанняў паходжання народаў, вялікіх і малых, да іх моў, этнаграфіі, вусна-паэтычнай  творчасці.  

У пач. 19 ст. такая зацікаўленасць узмацнілася; на гэтым грунце складваўся  параўнальна-гістарычны метад вывучэння моў.

Абудзілася цікавасць і да беларускага народа, да яго мовы. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі палітычныя прычыны: падзелы  Рэчы Паспалітай у к. 18ст. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1773, 1795). Беларусь увайшла ў склад Расійскай імперыі. Узнікла пытанне: хто такія беларусы; якою моваю яны карыстаюцца? Прыярытэт у вырашэнні гэтых пытанняў узялі афіцыйныя ўлады. Было заяўлена, што Расія вярнула сабе частку рускага народа, і хоць назва “Беларусь” і вытворныя ад яго словы і ўжываліся ў дарэвалюцыйных выданнях, але ж да самай рэвалюцыі афіцыйна Беларусь абазначалі тэрмінамі “Западно–русский  край” і “Северо–Западный край”. З польскага боку выказваліся прэтэнзіі разглядаць Беларусь як частку Польшы, беларускую мову - як дыялект польскай мовы. І той і другі бок адмаўлялі самастойнасць беларускага народа і яго мовы. Нават у энцыклапедычных даведніках таго часу (1874г.) з’явіліся выказванні: “Назва Беларусі ёсць геаграфічны тэрмін і не мае асобнага этнаграфічнага значэння, таму што ні асобнай народнасці ці нават асобнага племені беларускага не існавала....Беларуская гаворка складаецца з рэштак старой мовы, што падпала пад моцны ўплыў польскай”. Вядомыя рускія лінгвісты І.І. Сразнеўскі, А.А Патабня, А.І. Сабалеўскі лічылі беларускую мову дыялектам вялікарускай гаворкі.

Але ў першай палове 19 ст. польскія лінгвісты сталі разглядаць беларускую мову як самастойную сярод іншых славянскіх моў (Ян Чачот); з рускіх вучоных як самастойную мову разглядаў М.І. Надзеждзін; з украінскіх вучоных – М.А. Максімовіч. Выключную ролю ў вывучэнні беларускай мовы, адстойванні інтарэсаў цэлага народа адыграў акадэмік Я. Карскі (трохтомная праца “Беларусы”). Асновай фарміравання беларускай мовы стала агульнаўсходнеславянская (або старажытнаруская) мова з яе дыялектамі. Існавала 2 культурныя, эканамічныя аб’яднанні, вакол якіх фарміраваліся 2 дыялекты , або моўныя масівы :

1) вакол Мінска, Гародні, Навагрудка, Брэста;

2) вакол Віцебска, Смаленска, Полацка.

Даследчыкі мяркуюць, што гэтыя дыялекты паслужылі асновай развіцця беларускай літаратурнай мовы. Я. Карскі, А.Сабалеўскі лічаць, што першае месца ў фарміраванні мовы належыць Віцебска-Полацкаму дыялекту. М. Жураўскі, Г. Станг даказваюць, што ў аснову старажытнай беларускай літаратурнай мовы лёг Навагрудска-Гродзенскі масіў. Асноўнай прычынай, якая не дазваляе ўстанавіць ісціну, з’яўляецца адсутнасць даследаванняў па  гістарычнай дыялекталогіі.

Важную ролю ў развіцці старажытнай беларускай мовы адыграла пісьменнасць, мова якой набліжалася да жывой гутарковай. Менавіта ў пісьмовай мове фарміраваліся арфаграфічныя нормы і традыцыі. Веды аб развіцці беларускай мовы чэрпаюцца з помнікаў старажытнабеларускага пісьменства, створаных пачынаючы з 12ст. Гэта былі дзелавыя паперы: граматы, дагаворы, акты, даравальныя, надпісы на рэчах. Напрыклад: крыж Е. Полацкай (12 ст.); дагавор Полацка з Рыгай (13-14 стст.); “Літоўская метрыка”, “Судзебнік караля Казіміра Ягелончыка” (15 ст.).

У гэтых творах знайшлі адлюстраванне паасобныя фанетычныя і граматычныя асаблівасці беларускай мовы. Яны мелі спарадычны характар і не набылі ўнармаванасці. Дзелавая пісьменнасць у адносінах да іншых жанраў выступае як найбольш унармаваная мова 15-18 стст. Гэта тлумачыцца тым, што дзелавыя паперы пісаліся па выпрацаванай схеме, якую трэба было вытрымліваць. З граматычных асаблівасцей можна вылучыць:

  1.  канчаткі -ы-,  -і- ў мн.л. Наз. скл.: небесы, мытнікі, слугі;
  2.  канчаткі -ы- , -і-  замяняюцца на –амі; -ямі ў Тв.скл.: з браты – з братамі ;
  3.  з человеки – з человеками;
  4.  формы дзеепрыметнікаў цяп. часу з суфіксамі -учы; -ючы; -ачы; -ячы  выступаюць у функцыі дзеепрыслоўяў: летучы, служачы;
  5.  інфінітыў мае не  – ти, а  - ть: воевати – воевать;
  6.  у сінтаксісе ідзе набліжэнне да народнай гутарковай мовы: поехали до Витебска; наглядаецца паўтарэнне прыназоўніка: Была за яго братом за родным за Стецко.
  7.  лексіка дзелавых помнікаў прадстаўлена агульнаславянскім пластом (лічэбнікамі і агульнаўжывальнымі словамі), а таксама запазычанымі:

- паланізмамі: маёнтак;

- германізмамі: рахунак; лацінізмы: экзекуцыя.

.

2.Этапы развіцця беларускай літаратурнай мовы

Першая спроба перыядызацыі гісторыі беларускай мовы была зроблена акад. Я.Карскім у пачатку 20 ст. Лічыцца, што весці перыядызацыю неабходна з таго часу, калі ў мове пачалі выяўляцца спецыфічныя рысы (найбольш характэрныя, адметныя рысы беларускай мовы), якія адносяцца да 14 стагоддзя. Л.Шакун вылучае 3 перыяды:

1.   10-13 стст. -  перыяд старыжытнарускай мовы ;

2.   14-18 стст. – перыяд старабеларускай літаратурнай мовы ;

3.   канец 18 ст.- нашы дні – перыяд новай беларускай літаратурнай мовы (канец 18 ст. – 1863г.; канец 80-х гадоў 19ст. – пачатак 20 ст.; пачатак 20 ст. – нашы дні).

Існавалі магутныя цэнтры Полацк (862г.) і Кіеў. Кіеўскім князям удаецца аб’яднаць большасць усходнеславянскіх земляў у Кіеўскую Русь (праіснавала да 13ст.). У 988 годзе было прынята хрысціянства і разам з гэтым прыйшла пісьменнасць на стараславянскай мове. Хоць ёсць меркаванні, што пісьменнасць на Русі зарадзілася раней (у пачатку 10ст.). У гэты перыяд узніклі летапісы “Аповесць мінулых гадоў“, “Слова аб палку Ігаравым...”, пропаведзі Е.Полацкай і К.Тураўскага. У выніку міжусобіц Кіеўская Русь распалася. У такіх умовах большую самостойнасць набывалі дыялекты. Мясцовыя моўныя рысы шырока адлюстроўваліся ў пісьмовых помніках. На падставе гэтых пісьмовых сведчанняў вучоныя мяркуюць, што к 13 ст. гаворкі мелі столькі адметнага ў фанетычным, граматычным, лексічным складзе, што можна было гаварыць аб трох самостойных усходнеславянскіх мовах.

14-ст. характарызуецца адыходам ад старажытнарускіх традыцый;

15-16 стст. – інтэнсіўным развіццём спецыфічных рыс беларускай мовы: аканнем, яканнем, дзеканнем, цеканнем;

17-ст. – пачаткам заняпаду пісьменнасці і мовы;

18-ст. характарызуецца заняпадам старажытнабеларускай літаратурнай мовы.

У 14-16 стст. у складзе ВКЛ сфарміравалася беларуская народнасць, а ў 15-16 стст. завяршылася фарміраванне яго мовы. З часоў Скарыны яна называлася “простой русский язык”, “простой русский диалект”, “простая молва”, у Маскоўскай Русі называлася “белороссийский язык”. Сама назва “Белая Русь” (Беларусь) упершыню сустракаецца ў першай палове 17 ст. у польскай літаратуры (адпаведна і назва “мова беларуская”). Літаратурная мова ВКЛ склалася ў актавай пісьменнасці на аснове паўночна-ўсходніх гаворак (масіў Вільня-Полацк-Віцебск-Смаленск). Гэта была дзяржаўная мова. На ёй ствараліся летапісы, вяліся дыпламатычныя перапіскі, ствараліся дзяржаўныя дакументы. На гэтай мове напісаны першыя кнігі: Псалтыр, Евангелле, Катэхізіс; юрыдычныя кнігі – “Статут ВКЛ”( тры рэдакцыі). 15-16 ст.ст. лічаць “залатым векам “ у гісторыі беларускай мовы, таксама культуры, літаратуры.

У 1569 г. была прынята Люблінская унія, у выніку якой утварылася феадальная федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Пачалася паланізацыя, хоць напачатку  беларуская і польская мовы былі раўназначнымі. У 1696г. Варшаўскі сейм афіцыйна адмяніў ужыванне беларускай мовы ў дзелавых дакументах. У 1795г. адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расіі. Мова па-ранейшаму не дапускалася ў афіцыйны ужытак. У 1840г. Мікалай 1 выдаў загад аб увядзенні на Беларусі рускага заканадаўства і рускай мовы ва ўстановах; забаранялася нават ужываць саму назву ”Беларусь”. Знаходжанне Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай і ў складзе Расійскай імперыі адмоўна адбілася на яе развіцці.

Менавіта ў часы заняпаду  мовы ў асяроддзі навукоўцаў–беларусаў умацоўваецца разуменне самабытнасці беларускага народа, прызнанне гістарычнай ісціны. Адсюль бярэ пачатак беларускае нацыянальнае Адраджэнне. Прадстаўнікі яго беларуска-польскія пісьменнікі першай паловы 19ст. – Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін – Марцінкевіч; другая палова 19ст. – К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч, пазней Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч і інш.; выдавецтвы “Загляне сонца і ў наша аконца”, “ Наша ніва”, “ Наша доля”.

Аднак ва ўмовах адсутнасці ўласнай дзяржаўнасці, забароны беларускай мовы ў сферы афіцыйна–справавых зносін працэс складвання сучаснай літаратурнай мовы запавольваўся і расцягнуўся амаль на стагоддзе. Яшчэ ў пачатку 20ст. мова была неўнармаваная, развівалася ў асноўным у мастацкай літаратуры, але ўжо шмат было зроблена: выйшла навуковае даследаванне ў 3-х тамах Я. Карскага ”Беларусы”, слоўнік І. Насовіча; зборы народных песень Е. Раманава; пасля рэвалюцыі ў 1918 г. выйшла граматыка Браніслава Тарашкевіча. Найбольш спрыяльнымі былі 20–я гады 20ст., калі ажыццяўлялася палітыка беларусізацыі; з канца 30–х гадоў роля мовы  звужаецца; у 1938 г. выйшла пастанова  “Аб абавязковым вывучэнні ў школах рускай мовы”. Беларуская мова выцясняецца. 60–я – 80–я гады – застойны час, калі наогул па заяве бацькоў мова не вывучалася.  У першую чаргу гэта адмоўна паўплывала на стан нацыянальнай самасвядомасці ўсяго народа. У пачатку 90-х гадоў 20-га ст. пачынаецца новая хваля беларускага адраджэння, гэта была яшчэ адна спроба беларусізацыі. У новы перыяд вывучэнне мовы пастаўлена на прафесіянальную (навуковую) аснову. Створаны падручнікі, даведнікі, слоўнікі, акадэмічная граматыка, манаграфіі.

3.Нацыянальныя дзеячы ў галіне мовы

Самыя раннія працы аб беларускай мове датуюцца кан. 18 – пач. 19 ст.: Андрэй Мейер “Описание Кричевского графства” 1786г. Гэта падарунак аўтара графу Пацёмкіну пасля далучэння ўсходніх зямель Беларусі да Расіі ў 1772г.; П. Шпілеўскі “Словарь белорусского наречия”(1845г.), “Заметки белорусца о белорусском языке” (1853г.). У станаўленне беларускай мовы ўнеслі свой уклад фалькларысты: І. Насовіч, Е. Раманаў, П. Бяссонаў, П. Шэйн, М.Доўнар–Запольскі, А.А. Шахматаў, Б. Тарашкевіч. Сучасныя вядомыя моваведы: Л. Шакун, П. Шуба, Л. Злобін, А. Замоцін, Е. Мяцельская, Я. Камароўскі, Л. Антанюк, А. Крывіцкі, А. Падгайскі і інш.

Цікава ведаць:  750 г.н.э. – першы спосаб друкавання кніг у Карэі. 40–я гады 15ст. – пачатак друкавання кніг Іаганам Гутэнбергам.

ЛЕКЦЫЯ 3. Беларуская  мова ў  ХХ стагоддзі

  1.  Б. Тарашкевіч. “Беларуская граматыка для школ” (1918).
  2.  Грамадскія функцыі мовы ў 20-я гады.
  3.  Моўныя рэформы савецкага часу (1933г., 1957г.).

Асноўныя паняцці: рэформа правапісу, беларусізацыя, “тарашкевіца”.

Літаратура:

  1.  Беларуская мова. Энцыклапедыя. – Мінск,1994.- С.464.
  2.  Бергман А. Браніслаў Тарашкевіч. Часопіс “Роднае слова”. – 1992.- № 1.- С. 69-74.
  3.  Яновіч А. “Беларуская граматыка” Браніслава Тарашкевіча. Часопіс “Беларуская мова і літаратура ў школе”. – 1990. - № 9.- С. 16-19.

1.Б. Тарашкевіч. “Беларуская граматыка для школ” (1918)

Б. Тарашкевіч быў знакамітым філолагам, літаратарам, публіцыстам, правадыром сялянскіх арганізацый у Польшчы, лідэрам БСГ, аўтарам першай у гісторыі беларускай мовы навуковага падручніка беларускай граматыкі і сінтаксісу. Упершыню “Граматыка беларускай мовы для школ” убачыла свет у 1918 годзе у Вільні, у друкарні Марціна Кухты, дзе выходзіла “Наша ніва”. Характарызуючы сваё выданне, Тарашкевіч абвяшчаў, што ў яе аснову пакладзена “найбольш характэрная і найбольш чыстая гутарка беларускай мовы, што мае цвёрды [р] і вялікае аканьне”; паводле слоў аўтара адхіленні ад пісьмовых традыцый дапускаюцца толькі ў тых выпадках, “калі гэтага вымагае яснасць сістэмы або чыстасць мовы”. Задача граматыкі – неадкладная неабходнасць упарадкавання граматычных і правапісных норм беларускай літаратурнай мовы; магчыма гэта стала толькі пасля таго, як у газетах і літаратурных творах на беларускай мове з’явіліся адлюстраванымі спецыфічныя асаблівасці беларускай мовы. Спалучэнне дыялектнай асновы беларускай мовы са здабыткамі новай пісьменнасці на беларускай мове стала перадумовай паспяховага вырашэння праблем, пастаўленых перад аўтарам. Граматыка складалася з наступных раздзелаў:

1.Гукі. 2. Часціны мовы. 3. Падзел слова. 4. Правапіс. 5. Сказ.

У раздзеле “Гукі” аўтар вылучае зычныя і галосныя; глухія і звонкія; з асаблівасцей можна адзначыць:

  •  ужыванне[г] выбухнога: мазгі, ганак;
  •  [дж], [дз] – асобныя гукі;
  •  аканне (пераход ненаціскнога о,э – а);
  •  пазіцыйныя змены зычных (вымаўленне звонкіх перад глухімі і наадварот: кніжка – [кн’ішка];

У раздзеле “Часціны мовы” вылучаліся імя (назоўнік), прымета (прыметнік), чысло (лічэбнік), займя (займеннік), дзеяслоў, прыслоўе, прыймя (прыназоўнік), злуч (злучнік), кліч (клічнік). З асаблівасцей можна адзначыць:

  •  наяўнасць сямі склонаў: сёмы – клічны (браце, браты!);
  •  у жаночым родзе прысутнічаў парны лік: дзьве хаце;
  •  наяўнасць варыянтных форм знамянальных часцін мова: вядзёр – вёдраў (у ніякім і жаночым родзе назоўнікаў Р. скл. мн л.); старастай – старастам ( форма назоўніка м.р. Тв. скл.); сьвятой – сьвятое, сіняй – сіняе (форма прыметніка ж. р. Р. скл. адз. л.); касьцьмі – касьцьма – касьцямі (форма наз. Тв. скл. мн. л.); ямо – ядзём, дамо – дадзём (форма дзеясл. 1-й асобы мн. л.); нясе – нясець, думае – думаець (форма дзеясл. 1-ага спр. 3-й ас. адз. л.); двух – двох (лічэбнік ва ўскосных склонах);
  •  наяўнасць адной формы часціны мовы пры разнастайнасці дыялектных варыянтаў: братом, ласём, палём (форма наз. Д. скл. мн. л); аб братох, ласёх,

палёх (М. скл. мн.л.) – характэрна  для паўднёва-заходняга дыялекту; седзіцё, крычыцё (дзеясл. 2-ага спр. 2-й ас. мн. л.) – характэрна для паўночна-заходняга дыялекту. Гэтыя формы аб’ядноўвала тое, што яны былі распаўсюджаны ў мове тагачаснай беларускай пісьменнасці, нормы якой складваліся стыхійна. Правілы напісання аўтар падзяляў на такія, “калі пішацца так, як чуваць (фанетычны прынцып) і калі пішацца не так, як чуваць” (марфалагічны). Правілы фанетычнага прынцыпу:

  •  абазначэнне цвёрдасці шыпячых і зацвярдзелых;
  •  падаўжэнне зычных;
  •  напісанне  ры, лы  не пад націскам у словах тыпу: крыві, глытаць;
  •  пераход [в] - [ў] ;
  •  ужыванне прыстаўных в, г: вока, гэты;
  •  аканне і яканне (хоць гэта правіла было не да канца паслядоўным);
  •  асіміляцыя зычных па мяккасці: сьнег.

Правіла марфалагічнага прынцыпу: правапіс зычных на стыку марфем: матцы, але ёсць і непаслядоўны падыход да гэтага прынцыпу: францускі, грамадзкі. Правапіс запазычаных слоў Тарашкевіч раздзяліў на два аспекты: правапіс слоў, узятых з чужой мовы даўно, і правапіс слоў, узятых з чужоў мовы нядаўна. Паколькі словы першай групы асіміляваны беларускай мовай, аўтар прапанаваў пісаць іх адпаведна з вымаўленнем. Словы другой групы захоўваюць напісанне, уласцівае ім у той мове, з якой яны ўзяты: тэлеграф, літэратура, монолёг, плян, сыстэма. Такі падзел суб’ектыўны і патрабаваў далейшага ўдасканалення.

У раздзеле “Сказ” вызначаны члены сказы, тыпы сказаў, сістэма знакаў прыпынку (коска, пункт ‘кропка’, працяжнік, два пункты ‘двукроп’е’, пункт з кропкай ’кропка з коскай’, недаказ ‘шматкроп’е’).

Галоўныя рысы беларускай мовы ў граматыцы былі вызначаны сцісла, але даволі поўна і правільна. Лінгвістычная тэрміналогія ў большасці захавалася да нашага часу; нешта ў пэўнай частцы было зменена і дапоўнена. Аўтару не ўдалося да канца распрацаваць напісанне  е  ў ненаціскным становішчы, правапіс запазычаных слоў і інш. Пры жыцці аўтара граматыка выдавалася 6 разоў, апошні – у 1931 годзе. У 1991 годзе 5-е выданне было перавыдадзена ў Мінску фотамеханічным спосабам. Граматыка была высока ацэнена грамадскасцю, таму што ў ёй “правільна вызначаны асноўныя законы беларускай літаратурнай мовы і праз гэта намечаны шляхі яе далейшага развіцця”. У гісторыю беларускай мовы гэта граматыка ўвайшла і пад другой назвай – “тарашкевіца”, па прозвішчы вядомага вучонага.

2.Грамадскія функцыі мовы ў 20-я гады

У гісторыі Савецкай Беларусі адметнымі з’яўляюцца 20-я гады, вядомыя правядзеннем беларусізацыі. Упершыню афіцыйна палітыка беларусізацыі была выкладзена ў прынятай 15 ліпеня 1924 года пастанове 2-ой сесіі ЦВК 6-га склікання “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай

палітыкі”. Яна мела спецыяльны раздзел аб мерапрыемствах у галіне адукацыі.

Адзначалася:

а) увесці беларускую мову як абавязковы прадмет вывучэння ва ўсіх тыпах школ;

б) перавесці выхаванне і навучанне на беларускую мову ў дзіцячых садках, а затым і ў першыя гады навучання працоўных школ;

в) абавязковымі прадметамі  выкладання павінны быць беларуская і руская мовы;

г) забеспячыць установы выкладчыкамі;

д) забеспячыць навучальныя установы адпаведнай літаратурай на беларускай мове;

е) арганізаваць курсы беларусазнаўства.

У 1925 годзе Пленум ЦК партыі  абмяркоўваў нацыянальную палітыку ў галіне адукацыі. У рэзалюцыі было адзначана, што правільным будзе прызнанне дзяржаўнымі 4-х моў: рускай, беларускай, польскай, яўрэйскай, пры ўсім гэтым развіццё мовы, літаратуры, школы, культуры на беларускай мове прызнаецца асноўнай справай. У 1924 – 25г.г. усе чатырохкласныя школы перайшлі на беларускую мову; у 1925г. іх было 94%; сямігодак – 76%. Улічваліся інтарэсы нацыянальных меншасцей; у 1932г. было 6 263 (90 %) бел. школ, 252 (3,6 % ) польскіх, 221 (3,2 %) яўрэйская школа, 99 (1 %) рускіх, 22 украінскія, 17 латышскіх, 12 літоўскіх, 11 нямецкіх, 1 эстонская школа, 64 змешаныя. У заслугу палітыкі беларусізацыі 20-гадоў з поўнай падставай можна аднесці аднолькавасць ў навучальна-выхаваўчым працэсе школ сельскай і гарадской мясцовасці. Пазней гэта адзінства патрабаванняў было парушана. У вёсцы ўсталявалася беларуская мова, у горадзе – руская. Іншы раз гэта нават супрацьпастаўляла маладое пакаленне горада і вёскі. Паколькі ў сацыяльным плане горад развіваецца хутчэй, то вынікае непаўнацэннасць сельскага жыхара, безумоўна, у яго ўзнікае жаданне пазбавіцца мовы, на якой гаворыць, і авалодаць мовай равеснікаў, зн. рускай. Бацькі іншы раз нават пераводзілі дзяцей у рускамоўныя школы.

У 1939 годзе з уз’яднаннем Заходняй і Усходняй Беларусі палітыка распаўсюджання беларускай мовы перамясцілася на Заходнюю Беларусь. Праводзілася паступова, 7 снежня 1939 года выйшаў загад Наркама асветы БССР. Па загаду беларуская мова была абавязковай для выкладання ва ўсіх школах. На пачатку вайны беларускіх школ было каля 90 % у Заходняй частцы Беларусі. Вялікая заслуга ў беларусізацыі 20-х гадоў належыць ураду і народнай інтэлігенцыі, у першую чаргу настаўнікам. Для школ былі выдадзены падручнікі па беларускай мове: “Беларуская граматыка” Пачобкі, “Пачатковая граматыка” і “Школьная граматыка беларускай мовы” Я. Лёсіка, “Методыка роднай мовы” К. Міцкевіча (Я. Коласа).

3.Моўныя рэформы савецкага часу (1933г., 1957г.)

Рэформа правапісу – гэта сацыяльна ўсвядомлены, заканадаўча аформлены грамадска-палітычны акт, скіраваны на перагляд арфаграфічных прынцыпаў і норм. Галоўныя фактары правядзення: наяўнасць працяглых і ўстойлівых пісьмовых традыцый і замацаваных практыкай пісьма норм правапісу; дыялектная разгалінаванасць мовы і роля асобных дыялектаў у фарміраванні літаратурнай мовы; ступень даследаванасці мовы; наяўнасць лінгвістычных кадраў; улік асаблівасцей арфаграфічных сістэм блізкароднасных моў; усведамленне грамадскасцю рэформы; традыцыі культуры; палітыка-ідэалагічныя фактары (плюралізм думак, правы чалавека). Гэтыя фактары і вызначылі характар змен, прынятых рэформай беларускага правапісу 1933 года. Ёй папярэднічала Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 года. У ёй удзельнічала 69 чалавек (беларускія вучоныя, а таксама замежныя госці), сярод іх можна назваць С. Некрашэвіча, Я. Лёсіка, В.Ластоўскага, П.Бузука, А.Багдановіча і інш. У 1929 годзе быў выдадзены “Беларускі правапіс” (праект), сюды было ўключана 77 арфаграфічных правіл. Затым праца вучоных была перарвана арыштам некаторых членаў Камісіі. Канчаткова Пастанова была прынята 26 жніўня 1933года “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”. З улікам яе ў 1934 годзе быў выдадзены разгорнуты звод арфаграфічных правіл “Правапіс беларускай мовы”. Асаблівасці пастановы наступныя:

  1.  перадача на пісьме акання, якання;
  2.  ужыванне не, без нязменна: не быў (прапаноўвалася – ня быў);
  3.  правапіс в перад о, у, але Орша, Урал;
  4.  адсутнасць ь у словах сьнег, жыцьцё;
  5.  ужыванне апострафа;
  6.  марфалагічны прынцып напісання слоў тыпу: прыказчык, перапісчык, грамадскі і г.д.;
  7.  у запазычаных словах у большасці выпадкаў ужываецца аканне: прафесар, эканоміка, але для інтэрнацыянальных рэвалюцыйных слоў ёсць выключэнні: рэволюцыя, совет, большэвік;
  8.  ужыванне л цёрдага ў запазычаных словах: метал, план, алмаз, клас ( у праекце – клюб, плян, металь і г. д.);
  9.  ужыванне  э, ы у словах запазычаных пасля д, т: сістэма, дыплом ( у праекце – гэрб, гэрой, сымболь);

10) замацаванне ў напісанні ф: кафедра, арфаграфія (замест п, хв,х, т);

11) ужыванне спалучэнняў тр, др у запазычаных словах: тэатр, літр, цыліндр;

12) формы “пралетары, бары, алюміні” замяняліся формамі на –ій,-ый: алюміній, барый, пралетарый;

13) замацаванне дзеепрыметнікаў незалежнага стану цяперашняга часу з суф. –учы-, -ючы-, -ачы-, -ячы-: уваходзячы, рамантуючы;

14) замацаванне формы загаднага ладу множнага ліку: станьма і станьце, кіньма і кіньце;

15) ва ўласных назоўніках сустракаліся выключэнні: Чэрнышэўскі, Шэўчэнка, Орджанікідзе, Владзікаўказ, Тіханаў;

16) ужыванне канчаткаў –а-,-я- ў Р. скл. адз. л. м. р.: механізма, алюмінія.

У правапісе 1933 года было многае абумоўлена палітычнымі меркаваннямі: прывесці правапіс у адпаведнасць з рускай арфаграфічнай традыцыяй, а не адлюстраваць нацыянальную спецыфіку беларускай мовы.

Арфаграфічныя пытанні былі абмеркаваны і пазней на спецыяльных канферэнцыях АН БССР у 1950 і 1952 годзе. Арфаграфічная камісія на чале з Я. Коласам і К. Крапівой распрацавала “Праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу”, які быў зацверджаны ў 1957 годзе пастановай “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу”. Удакладнены наступныя правілы:

  1.  пашырэнне акання на ўсе словы незалежна ад паходжання, за выключэннем канцавога іо, ыо: Шаўчэнка, рэвалюцыя, але трыо, Токіо:
  2.  асобнае напісанне часціц бы (б), жа (ж): пайшоў бы;
  3.  пашырэнне дзекання і цекання: пекцін, пункцір;
  4.  асіміляцыйная мяккасць не перадавалася: снег, жыццё;
  5.  пашырэнне ўжывання канчаткаў –у-, -ю- ў Р. скл. адз.л. м.р.: алюмінію, азоту.

Рэформа беларускага правапісу 1933 года і яе вынікі былі расцэнены як негатыўная з’ява ў гісторыі беларускай мовы, якая павярнула яе развіццё на шлях самавынішчэння і асіміляцыі рускай мовай. Гэты правапіс называюць “наркомаўкай, рэпрэсіраваны правапіс. Зараз склалася сітуацыя, якая зноў на парадак дня востра паставіла пытанне аб правапісе беларускай мовы і яе граматычных нормах.

ЛЕКЦЫЯ  4. Беларуская мова на сучасным этапе

  1.  Формы беларускай мовы. Беларуская літаратурная мова. Літаратурная норма.
  2.  Дыялектная мова.
  3.  Мова і маўленне.

Асноўныя паняцці: дыялекты, літаратурная норма, мова і маўленне.

Літаратура:

  1.  Ляшчынская В.А. Беларуская мова.Тэрміналагічная лексіка: Вучэбны дапаможнік. - Мінск: РІВШ БДУ, 2001.
  2.  Сямешка Л. І. Курс беларускай мовы: Падручнік /Л.І.Сямешка, І.Р.Шкраба, З.І.Бадзевіч. - Мінск: Універсітэцкае, 1996.

1.Формы беларускай мовы. Беларуская літаратурная мова. Літаратурная норма.

Беларуская нацыянальная мова мае дзве разнавіднасці, дзве формы: літаратурную ў яе пісьмовай і вуснай формах і народна-дыялектную. Літаратурная і дыялектная мовы знаходзяцца ў цеснай сувязі і ўзаемадзеянні, але паміж імі існуе істотная розніца.

Літаратурная мова - гэта вышэйшая, унармаваная, стылістычна разгалінаваная форма нацыянальнай мовы, якая выступае ў вуснай і пісьмовай формах. Яна абслугоўвае асноўныя сферы дзейнасці народа. Гэта мова школы, навукі, друку, радыё, тэлебачання, тэатра, мастацкай літаратуры, дзяржаўных устаноў. Наяўнасць нормы - асаблівасць літаратурнай мовы, якая адрознівае яе ад дыялектнай.Унармаванаць літаратурнай мовы заключаецца ў тым, што ў ёй рэгламентуецца значэнне і ўжыванне слова, а вымаўленне, напісанне, утварэнне граматычных форм слоў падпарадкуецца агульнапрынятаму ўзору (норме). Сучасныя нормы мовы адлюстраваны ў слоўніках, даведніках, падручніках, спецыяльных манаграфіях па мове.

Сістэму норм літаратурнай мовы складаюць:

- арфаэпічныя нормы (правільнасць вымаўлення);

- арфаграфічныя (правільнасць напісання);

- лексічныя (ужыванне слова ва ўласцівым яму значэнні; правільнае спалучэнне слоў па сэнсу);   

- граматычныя (правільнае ўжыванне граматычных форм слоў і правільная пабудова сказаў);

- стылістычныя (адпаведнае ўжыванне моўных сродкаў у пэўным стылі);

- пунктуацыйныя (правільнасць ужывання знакаў прыпынку);

Нормы абавязковыя для ўсяго грамадства, дзякуючы ім дасягаецца адзінства літаратурнай мовы; яна даступная і зразумелая ўсяму народу. Таму нормы літаратурнай мовы ахоўваюцца грамадствам праз школу, друк, радыё і г. д. Змены норм зацвярджаюцца ўрадавымі пастановамі.

2.Дыялектная мова

Дыялектная мова - гэта сукупнасць мясцовых гаворак, што бытуюць у вуснай форме на Беларусі. Існуюць паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні дыялект. Гэтыя дыялекты раздзяляюцца паласой пераходных, або сярэднебеларускіх, гаворак, што знаходзяцца абапал лініі Ашмяны – Мінск – Бабруйск – Гомель (Ашмянскі, Валожынскі, Маладзечанскі, Дзяржынскі, Мінскі, Лагойскі, Барысаўскі, Рагачоўскі, Бярэзінскі, Чэрвеньскі раёны).

Паўночна-ўсходні: Віцебская вобласць, большая частка Магілёўскай вобласці, поўнач Мінскай вобласці.

Паўднёва-заходні дыялект: Брэсцкая вобласць, Гомельская, поўдзень Мінскай, большая частка Гродзенскай вобласці.

Акрамя гэтага, у склад сучаснай беларускай дыялектнай мовы ўваходзіць адасобленая група заходне-палескіх, ці брэсцка-пінскіх, гаворак. Яны значна адрозніваюцца ад усіх іншых гаворак асноўнага беларускага дыялектнага масіву.

Кожны дыялект мае свае спецыфічныя асаблівасці:

паўночна- ўсходні

паўднёва- заходні

1)дысімілятыўнае аканне: вЂда, зімля, зямля

1)недысімілятыўнае аканне: вада, зямля

1а быў (фанетычнае адрозненне)

1а буў

2) буряк, ріка [р']

2) бурак, рака [р] зацвярдзелы

3) збожжа (падаўжэнне зычных)

3) збожа ці збож’е (адсутнасць падаўжэння)

4) сцяной, мяжой (тв.склон, адз. лік)

4) сцяною, мяжою (тв.склон, адз. лік)

5) вокны; вёдры (наз.склон, мн.лік)

5) вокна, вёдра

6) садам, палям (дав. склон, мн.лік)

6) садом, палём

7) у садах, у палях (месн. склон, мн.лік)

7) у садох, у палёх

8) вучуць, гаворуць (3-я асоба, мн.лік)

8) вучаць, гавораць

9) вязець, нясець, бярэць (3-я асоба, адз.лік)

9) вязе, нясе, бярэ

10) наеўся (зваротная форма дзеяслова)

10) наеўса

11) буду хадзіць (форма дзеяслова будучага часу)

11) хадзіцьму

12) пляменнік (уласналексічны дыялектызм)

12) нябог

Сярэднебеларускія пераходныя гаворкі маюць асаблівасці і таго і другога дыялекту; таксама маюць адметныя рысы: ходзя, робя ( 3-я асоба адз. л.), проўда, казоў (казаў).

Асаблівасці брэсцка-пінскіх гаворак: вода, нога; вэчор, зыма; ліс (лес), хліб; мнята (мята), мняса (у літ. мяса); купыты, ходыты (інфінітыўная форма); купляць, лоўляць (3-я асоба мн. л.). Палескія гаворкі ў найбольшай ступені захоўваюць блізкасць з іншымі славянскімі мовамі (украінскай, польскай).

Наяўнасць дыялектаў не парушае адзінства беларускай нацыянальнай мовы. Яны больш старажытныя, чым сама беларуская мова. Працэс групавання гаворак у дыялекты адбываўся у эпоху кансалідацыі беларускіх земляў у межах Тураўскага і Полацкага княстваў.

У наш час новыя дыялекты не толькі не ўтвараюцца, але і паступова сціраюцца адрозненні паміж існуючымі; разбураюцца дыялектныя межы. Дыялекты - аснова нацыянальнай мовы.

А.А.Крывіцкі так выказаўся пра карыстанне дыялектнай мовай: ”Гэта яднае родных і блізкіх людзей, згуртоўвае землякоў, звязвае патомкаў з продкамі, дазваляе суадносіць сучасныя моўныя сродкі з каштоўнымі скарбамі дыялектнага мінулага, асвойваць іх”.

3.Мова і маўленне

Мова і маўленне складаюць адзінае цэлае, іх нельга супрацьпастаўляць. Яны суадносяцца як агульнае і прыватнае. Сродкі зносін, узятыя самі па сабе, без канкрэтнага выкарыстання, - гэта мова; тыя ж самыя сродкі, выкарыстаныя непасрэдна ў канкрэтнай сітуацыі, - гэта маўленне.

Маўленне матэрыяльнае, яно ўспрымаецца слыхам, зрокам, яно заўсёды запатрабавана жыццёвай сітуацыяй, якая і вызначае выбар тых ці іншых моўных сродкаў. Прымета маўлення - яго індывідуальны характар. Маўленне заўсёды належыць пэўнай асобе, таму яно дапускае вар’іраванне формаў, індывідуальную словатворчасць. Некаторыя з’явы, што ўзнікаюць у маўленні, могуць пераходзіць з часам у мову. Напрыклад, у беларускай мове словы адлюстраваць, мэтазгодна, ажыццяўленне, дабрабыт створаны і ўведзены ва ўжытак У.Дубоўкам.

Маўленне псіхалагічна арганізавана, г.зн., складаецца з некалькіх паслядоўных фаз (арыенціроўка, планаванне, рэалізацыя плана, кантроль).

Маўленне бывае ўнутранае і знешняе. Унутранае маўленне прызначана толькі самому сабе. Думаючы “сам сабе”, чалавек афармляе думкі сцісла, вылучае значныя паняцці, апускаючы тыя, што яму здаюцца вядомымі ці не такімі значнымі.

Знешняе маўленне разлічана на іншую асобу, таму яно патрабуе паўнаты ў афармленні думкі, пабудовы дакладнага, выразнага, з дастаткова разгорнутай думкай тэксту.  

Знешняе маўленне класіфікуецца па розных прыметах: яно можа быць вусным і пісьмовым, маналагічным і дыялагічным. Паводле механізмаў утварэння вуснае маўленне ўключае: гаварэнне і слуханне. Пісьмовае маўленне ўключае пісьмо (перадачу гукавых сігналаў пры дапамозе графічных знакаў, літар) і чытанне (“расшыфроўку” графічных знакаў і разуменне іх значэння). Асноўная мэта ўсіх чатырох відаў маўленчай дзейнасці - перадача сэнсу, зместу, дасягненне камунікатыўнай мэты. Знешняе маўленне рэалізуецца ў форме маналога або дыялога. Маналог (грэч.monos-‘адзін’ і logos- ‘слова’) - разгорнутая форма маўлення ад першай асобы, адрасаваная слухачам або чытачам і разлічаная на пасіўнае ўспрыманне. Маналог падпарадкаваны адной тэме, ён звычайна загадзя рыхтуецца. Для яго характэрны вялікія адрэзкі тэксту.

Дыялог (грэч.dialogos-‘размова’) – форма маўлення, у якой удзельнічаюць два ці больш чалавек і якая характарызуецца непасрэднай сувяззю выказванняў з сітуацыяй. Выказванне ў дыялогу, звернутае да суразмоўцы, называюць рэплікай.

Тэкст (лац.textum-‘тканіна, спалучэнне, спляценне’) - гэта падрыхтаванае выказванне (вуснае ці пісьмовае) з устойлівым сэнсавым адзінствам і сістэмай кампанентаў, функцыянальна аб’яднаных у адзіную структуру. Тэкст падпарадкаваны адной тэме. Асноўнымі ўласцівасцямі тэксту з’яўляюцца разгорнутасць, паслядоўнасць, звязнасць, закончанасць. Тэкст расчляняецца на кампаненты па тэматычным прынцыпе: тэма, падтэма, мікратэма; па семантыка-сінтаксічным прынцыпе: сказ, звышфразавае адзінства, фрагмент, глава, частка, закончаны твор.

Важную ролю ў тэксце выконвае абзац. Звычайна абзац афармляе пачатак новай думкі і ў той жа час паказвае на заканчэнне папярэдняй. Абзацнае чляненне – істотны бок любога тэксту, звязаны з яго стылем, сэнсавым рытмам. Пры дапамозе абзацаў можна надаць тэксту выразны характар. Можна выразіць дынаміку, хуткую змену падзей.

У залежнасці ад спосабу перадачы зместу і ўнутранай арганізацыі тэксту адрозніваюць тыпы маўлення: апавяданне, апісанне, разважанне.

ЛЕКЦЫЯ 5. Праблемы беларуска – рускай інтэрферэнцыі

1.Паняцце слова” інтэрферэнцыя”. Моўная інтэрферэнцыя.

2.Віды моўнай інтэрферэнцыі і іх характарыстыка.

3.Стан і перпектывы развіцця мовы.

Асноўныя паняцці: інтэрферэнцыя, інтэрферэма.

1.Паняцце слова” інтэрферэнцыя”. Моўная інтэрферэнцыя.

Слова “інтэрферэнцыя” шырока ўжываецца ў навуковай літаратуры. Ёсць паняцці ”інтэрферэнцыя хваль”, “інтэрферэнцыя радыёхваль”, ”інтэрферэнцыя святла”, “інтэрферэнцыя вірусаў”. Лац.inter- ‘ паміж’ +ferens- ‘які нясе, нясучы’.

Інтэрферэнцыя хваль – з’ява, якая наглядаецца пры адначасовым распаўсюджанні ў прасторы некалькіх хваль і якая заключаецца ў стацыянарным распаўсюджанні і рзмеркаванні амплітуды і фазы выніковай хвалі. Інтэрферэнцыя святла - на экране характэрнае чаргаванне светлых і цёмных плям. Інтэрферэнцыя ў мове - узаемадзеянне элементаў розных моўных сістэм ва ўмовах  білінгвізму. Гэта ўзаемадзеянне праяўляецца ў адхіленнях ад норм іншай мовы, міжвольным (несвядомым) перанясенні ў яе сістэму асаблівасцей роднай мовы і, наадварот, перанясенні ў родную мову асаблівасцей іншай мовы. Такая з’ява наглядаецца ў беларускай мове: руская мова ўплывае на родную (нацыянальную) мову, а нацыянальная мова – на рускую.

2.Віды моўнай інтэрферэнцыі і іх характарыстыка.

Вылучаюць віды інтэрферэнцыі:

  •  фанетычная;
  •  акцэнтная;
  •  лексічная;
  •  марфалагічная;
  •  сінтаксічная;
  •  словаўтваральная.

Фанетычная інтэрферэнцыя:

  •  змена [ д, т]  на [ дз’, ц’]: пекцін, брыгадзір( рус. пектин, бригадир);
  •  прыстаўны в перад о, у: вуха, вока (рус: око, ухо);
  •  [р] і шыпячыя [ж, ч, ш, дж] – зацвярдзелыя: жэнь- шэнь, бяроза ( рус. жень- шень, берёза);
  •  [г] – фрыкатыўны;
  •  наяўнасць [ў] , што ўтвараецца ў становішчы пасля галоснай перад зычнай (або ў канцы слова) з [у, в, л]: праўда ( рус. правда), воўк (рус. волк), няўжо (рус. неужели);
  •  наяўнасць прыстаўных [і, а] перад санорнымі [р, л, м] пры збегу зычных: амшарына, імгла, іржавы, ілгаць (рус. мгла, ржавый, лгать);
  •  наяўнасць [дж, дз]: дождж, дзверы (рус. дождь, дверь);
  •  падаўжэнне зычных у становішчы паміж галоснымі (акрамя зычных губных [б, п, м, ф], [р]): ноччу, мышшу, сумессю(рус. ночью, мышью, смесью);
  •  наяўнасць чаргавання [ро, ло// ры,лы] адпаведна: глотка - глытаць, кроў – крыві (рус. глотать, крови);
  •  захаванне цвёрдага вымаўлення зубных [д,т] у словах іншамоўнага паходжання: тэатр, дыплом (рус. театр, диплом).

Марфалагічная інтэрферэнцыя:

  •  чаргаванне заднеязычных [г, к, х] асновы са свісцячымі [з, ц, с] назоўнікаў 1-скл. у давальным і месным склонах адз. л. і ў месным склоне адз. л. назоўнікаў 2-скл.: абалонцы, раўнавазе, ткачысе, стозе (рус. оболочке, ткачихе, стогу);
  •  наяўнасць канчатка –і ў давальным і месным склонах адз. л. назоўнікаў 1-скл. з мяккай асновай: зямлі (рус. земле), але: рэакцыі, канцэнтрацыі (рус. реакции, концентрации);
  •  ужыванне канчатка –ам у творным склоне адзіночнага ліку назоўнікаў агульнага роду, што абазначаюць асоб мужчынскага полу: старастам, дзядзькам (рус. старостой, дядей);
  •  ужыванне канчаткаў –у; -ю ў родным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду назоўнікаў 2-скл., што абазначаюць абстрактныя паняцці, з’явы прыроды, рэчыўныя назоўнікі і хімічныя элементы: аміяку, вугляроду, аб’ёму, снегу, рэалізму (рус. углерода, снега, объёма);
  •  наяўнасць канчаткаў –у;-ю ў месным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду асабовых назоўнікаў 2-скл.: аб трактарысту, аб герою (о трактористе, о герое);
  •  абмежаванасць ужывання кароткіх форм прыметнікаў і дзеепрыметнікаў, выцясненне іх поўнымі формамі: пабудаваны, раскрыты (рус. построен, раскрыт);
  •  наяўнасць форм роднага і давальнага склону займеннікаў мужчынскага і ніякага роду тыпу: майго, твайго, свайму (рус. моего, твоего, своего);
  •  наяўнасць мяккага [ц]  у 3-яй асобе дзеясловаў мн.л., а ў 2-м спр. і ў 3-яй асобе адз. л.: экспартуюць, транспартуюць, возіць (рус. экспортируют, транспортируют, возит);
  •  наяўнасць суфіксаў –учы-; -ючы-; -ачы-; -ячы- ў дзеепрыслоўях незакончанага трывання: канкурыруючы, размяркоўваючы; возячы (рус. конкурируя, распределяя);
  •  адсутнасць зваротнай формы дзеепрыметнікаў: (рус.) распространяющийся – (бел.) які распаўсюджаны.

Лексічная інтэрферэнцыя:

  •  уласнабеларуская лексіка: адмова, вырай, вір, дзівак (рус. отказ, юг, омут, чудак);
  •  ужыванне паланізмаў (слоў з польскай мовы): бэз, рыдлёўка, скарга, кепска (рус.сирень, лопата, жалоба, плохо);
  •  ужыванне лацінізмаў: колер, літара, артыкул (рус. цвет, буква, статья);
  •  ужыванне германізмаў: ахвяра, варта, кошт, дрот, кірмаш, цукар (рус. жертва, охрана, стоимость, провод, базар, сахар).

Сінтаксічная інтэрферэнцыя:

Асаблівасці кіравання ў словазлучэннях:

  •  падзякаваць сястры – (рус.) благодарить сестру;
  •  жарты з мяне – шутки надо мной;
  •  гаварыць пра ўраджай – говорить об урожае;
  •  ажаніцца з Валяй – жениться на Вале;
  •  сустракацца па вечарах – встречаться по вечерам;
  •  бачыў на свае вочы – видеть своими глазами;
  •  хварэць на грып – болеть гриппом;
  •  глядзець сябе – смотреть за собой;
  •  два (тры, чатыры) дамы (сувязь: дапасаванне) – два дома;
  •   пайсці ў грыбы – пойти за грибами;
  •  пайсці па ваду – пойти за водой;
  •  старэйшы за ўсіх – старше всех;
  •  за пяць кіламетраў ад аб’екта – в пяти километрах от объекта.

Словаўтваральная інтэрферэнцыя. У беларускай мове, як і ў рускай, марфемны спосаб утварэння слоў самы прадуктыўны. Але правапіс слоў, утвораных суфіксальным, прэфіксальным спосабам, ажыццяўляецца па фанетычным і марфалагічным прынцыпах: рассыпаць, узлёт, мноства, хараство, купецкі, мастацкі, палескі – фанетычны прынцып; любанскі, французскі, грамадскі - марфалагічны прынцып (рус. рассыпать, взлёт, множество, любаньский, полесский, купеческий, французский).

Акцэнтная інтэрферэнцыя. Націск у рускай і беларускай мовах можа супадаць і можа адрознівацца месцам націску.

Адрозненне:

(бел.) крапіва – (рус.) крапива

         аптовы -             оптовый

         зачытаны -        зачитанный

         нажніцы -          ножницы

Супадзенне:

         дагавор – договор

         кулінарыя – кулинария

         дыспансер – диспансер

         пісьменнасць -  письменность

Кожны адзначаны выпадак моўнай інтэрферэнцыі і будзе інтэрферэмай.

3.Стан і перпектывы развіцця мовы

Беларуская мова на сучасным этапе не выкарыстоўваецца як дзяржаўная ў розных сферах жыцця рэспублікі, не з’яўляецца рэальным сродкам зносін нацыі. Выкарыстоўваецца ў культурных мерапрыемствах, у перыядычных выданнях і г. д., але выкарыстанне яе нешырокае, звужанае. Якія перспектывы развіцця беларускай мовы? Тут можна адзначыць такія кірункі:

  •  яна поўнасцю выцесніцца з ужытку рускай мовай і захаваецца ў гутарковым стылі ;
  •  ужыванне яе будзе абмежавана пэўнымі сферамі дзейнасці народа (афіцыйна-справавой, публіцыстычнай);
  •  мова застанецца ў мастацкім стылі, у мастацкай літаратуры.

Беларуская мова – развітая мова свету, і дзякуючы таму, што на ёй пішуць творы, роднай мовай яе лічаць большасць насельніцтва Беларусі, яна мае магчымасці развівацца, то можна сцвярджаць, што мова не знікне, яе лёс залежыць ад кожнага грамадзяніна Беларусі.

ЛЕКЦЫЯ 6. Функцыянальныя стылі беларускай мовы

  1.  З гісторыі стылю.
  2.  Азначэнне стылю і стылістыкі.
  3.  Стылі беларускай мовы і іх характарыстыка.
  4.  Навуковы стыль і яго асаблівасці.

Асноўныя паняцці: стыль, стылістыка.

Літаратура:

  1.  Ляшчынская В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка: Вучэбны дапаможнік. – Мінск: РІВШ БДУ, 2001.
  2.  Цікоцкі М. Я. Стылістыка беларускай мовы. Вучэбны дапаможнік для факультэта журналістыкі. – 2-е выд., перапрацаванае і дапоўненае. – Мінск: Універсітэцкае, 1995.

1.З гісторыі стылю

Слова ‘стыль’ паходзіць ад лац. stilus (грэч. stylos), яно абазначала палачку з завостраным канцом для пісання на дошчачках, пакрытых воскам. На другім канцы палачкі была лапатачка, якой разгладжвалі воск, калі трэба было сцерці напісанае ці выправіць памылку. Гарацый раіў часцей сціраць напісанае, не задавальняцца першым выражэннем думкі, удасканальваць спосаб выражэння. У лацінскай мове з’явілася новае значэнне гэтага слова – ‘манера пісьма, спосаб выкладання думак’. У гэтым новым сваім значэнні слова было запазычана ўсімі еўрапейскімі мовамі.

У славянскіх мовах яно фігурыравала як стыль або штыль. Зараз слова “стыль” ужываецца ў значэннях ‘стыль пісьменніка’, ‘стыль кіраўніцтва’, ‘стыль адзежы’, ‘спартыўны стыль’ і г.д. Гаворачы пра стыль мовы, мы  называем яго функцыянальны стыль, г. зн. той стыль, які абслугоўвае пэўную сферу чалавечай дзейнасці.

2.Азначэнне стылю і стылістыкі.

Што такое функцыянальны стыль? Гэта разнавіднасць мовы, якая абслугоўвае пэўную сферу чалавечай дзейнасці; гэта адбор моўных сродкаў, іх сукупнасць для перадачы пэўнай інфармацыі. Навука, якая займаецца вывучэннем стыляў, называецца стылістыкай. Стылі характарызуюцца сферай прымянення, мэтай зносін, асноўнымі відамі тэкстаў і моўнымі асаблівасцямі, формай існавання (гл. табліцу). Вылучаюць наступныя стылі мовы: афіцыйна-справавы, публіцыстычны, гутарковы, мастацкі, навуковы.


Стылі

Сферы выкарыстання

Мэты зносін

Стылявыя рысы

Моўныя сродкі

Разнавіднасці

Размоўны

Быт., сямейныя і сяброўскія зносіны

Абмен думкамі, інфармацыяй з блізкімі, знаёмымі людзьмі

Натуральнасць маўлення, эмацыянальнасць, ацэначны характар, адсутнасць строгай лагічнасці

Бытавая лексіка, агульнаўжывальная лексіка, фразеалагізмы, экспрэсіўна-эмацыянальная лексіка, няпоўныя, пытальныя, клічныя сказы

Размоўна-бытавая, размоўна-афіцыйная

Мастацкі

Духоўная сфера жыцця грамадства

Уздзейнічаць на думкі і пачуцці чытача, эстэтычныя ўяўленні

Вобразнасць, эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць, індывідуальнасць аўтара

Агульнаўжывальная лексіка, вобразна-выяўленчыя сродкі

Проза, паэзія, драматургія

Публіцыстычны

Палітыка- ідэалагічная, грамадска-эканамічная, культурная і г.д.

Інфармаваць, фарміраваць грамадскую думку

Даходлівасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць

Агульнаўжывальная, грамадска-палітычная лексіка, метафарызацыя тэрмінаў, загадны лад дзеясловаў

Газетна-публіцыстычны, радыё-журналісцкі, прамоўніцкі

Афіцыйна-справавы

Афіцыйныя дакументы, канцылярская, юрыдычная і дыпламатычная сферы

Рэгуляцыя афіцыйных адносін

Паслядоўнасць, дакладнасць выкладу, аб’ектыўнасць ацэнак, стандартызацыя, адсутнасць эмацыянальнасці

Абстрактная, спецыяльная лексіка, канцылярызмы, складаныя сказы

Уласна заканадаўчы, дыпламатычны, афіцыйна-канцылярскі

Навуковы

Навука і тэхніка, вучэбны працэс

Паведаміць агульныя ці прыватныя істотныя прыкметы прадмета, з’явы, растлумачыць іх сутнасць

Абстрактнасць, дакладнасць, аб’ектыўнасць, аргументаванасць, доказнасць

Агульнаўжывальная лексіка, тэрміны, развітыя апавядальныя сказы, злучнікавая падпарадкавальная сувязь

Уласна навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны, навукова-тэхнічны


3.Стылі беларускай мовы і іх характарыстыка

Афіцыйна-справавы стыль2. Аблугоўвае сферу афіцыйных і дзелавых зносін людзей, устаноў; мэта зносін – рэгуляцыя афіцыйных адносін, камунікатыўная мэта; асноўныя віды тэкстаў – загады, справаздачы, указы, законы, дагаворы і г. д.; моўныя асаблівасці – дакладнасць, паслядоўнасць, сухасць маўлення, афіцыйнасць; ужываюцца своеасаблівыя ўстойлівыя лексічныя адзінкі, так званыя канцылярызмы: давесці да ведама, дагаворныя бакі, вызначаецца заканадаўствам. Форма існавання – пісьмовая.

Публіцыстычны стыль. Абслугоўвае грамадскае жыццё, палітыку; мэта – агітацыйна-прапагандысцкая, даць інфармацыю аб грамадска важных справах, інфармацыйнае ўздзеянне на свядомасць і пачуцці людзі; віды тэкстаў – выступленні на мітынгу, артыкулы у газеце, нарысы, гумарэскі, даклады; моўныя асаблівасці – даходлівасць, эмацыянальнасць, палымянасць маўлення, агульнаўжывальная лексіка, сустракаюцца тэрміны і дыялектная лексіка, выкарыстоўваюцца метафары, параўнанні, гіпербалы – усё гэта робіць мову вобразнай, яркай, даходлівай; інфармацыйнасць патрабуе дакладнасці, недапушчэння памылак у датах, прозвішчах, назвах арганізацый, устаноў. Форма існавання – пісьмовая.

Гутарковы стыль. Абслугоўвае сферу бытавых адносін (сямейных, сяброўскіх); мэта – камунікатыўная, абмен думкамі, інфармацыяй з блізкімі, знаёмымі; асноўныя віды тэкстаў – гутаркі, запіскі, пісьмы; моўныя асаблівасці – натуральнасць маўлення, эмацыянальнасць, адсутнасць строгай лагічнасці, ацэначны характар моўных сродкаў; непадрыхтаванасць маўлення, суб’ектыўнасць; вялікую ролю адыгрываюць інтанацыя, жэсты, міміка; часта ўжываюцца асабовыя займеннікі, выклічнікі, часціцы, гутарковая лексіка, простыя сказы, словы-сказы, няпоўныя сказы (у дыялогах), пытальныя сказы, клічныя. Форма існавання – вусная.

Мастацкі стыль. Абслугоўвае эстэтычную і духоўную сферу жыцця грамадства; мэта – мастацка-эстэтычная, эстэтычнае ўздзеянне на духоўны свет чалавека, інфармацыя аб духоўным вопыце чалавецтва; віды тэкстаў – апавяданні, аповесці, раманы, вершы, казкі; моўныя асаблівасці – ужыванне разнастайнай лексікі (нейтральнай, кніжнай, дыялектнай, жаргоннай), мова вобразная, эмацыянальная; шырока ўжываюцца разнастайныя тыпы сказаў (простыя, складаныя, ускладненыя). Усё гэта падпарадкавана аўтарскай задуме -  раскрыццю мастацкіх вобразаў.

4.Навуковы стыль і яго асаблівасці

Навуковы стыль абслугоўвае сферу навукі і тэхнікі; мэта – пазнавальная, паведамленне аб дасягненнях навукі і тэхнікі, іх тлумачэнне; віды тэкстаў – выступленні, даклады на навуковых канферэнцыях, лекцыі, артыкулы, дыспуты, падручнікі, дысертацыі, манаграфіі; моўныя асаблівасці – інфармацыйнасць, лагічнасць, аб’ектыўнасць, доказнасць, ужыванне тэрмінаў, шмат абстрактнай лексікі, пабочных і ўстаўных канструкцый. Форма існавання – пісьмовая. З развіццём сродкаў масавай камунікацыі ўзрастае роля і вуснай формы навуковай мовы. Экстралінгвістычныя прыкметы навуковага стылю – гэта дакладнасць, абстрактнасць, лагічнасць, аб’ектыўнасць. Яны арганізуюць усе астатнія моўныя сродкі, якія фарміруюць навуковы стыль.

Так, тэксты навуковага стылю прымушаюць ужываць мнагазначныя стылістычна нейтральныя словы толькі ў адным значэнні, радзей – двух  значэннях. Напрыклад: адкрыць ’адчыніць’, ‘даць магчымасць’, ’стварыць’, ’паслужыць пачаткам’, ‘пачатак сходу’, ‘зрабіць вядомым тое, што скрывалася’, ’заўважыць у кім-небудзь здольнасці’. У навуковым стылі рэалізуецца толькі адно значэнне ’заўважыць, знайсці ў выніку даследавання нешта зусім новае’. Выпадкі мнагазначнасці тэрмінаў у межах адной навукі ўвогуле сустракаецца рэдка. Ідэальная тэрміналогія не павінна мець мнагазначных тэрмінаў.

Навуковы стыль характарызуецца абагульняльнасцю. Амаль кожнае слова ў навуковым тэксце абазначае паняцце. Напрыклад, аміяк ’хімічнае злучэнне азоту з вадародам NH; бясколерны газ з рэзкім пахам, прымяняецца для вытворчасці ўгнаенняў, у халадзільных устаноўках’.

Аснову навуковага стылю складаюць агульналітаратурныя, стылістычна нейтральныя словы (міжстылёвыя). Міжстылёвая лексіка аб’ядноўвае словы, якія аднолькава свабодна выкарыстоўваюцца ў любым тыпе выказвання. Міжстылёвая лексіка з’яўляецца цэнтрам лексічнага складу (гл. схему).

ЛЕКСІКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

размоўная лексіка

міжстылёвая лексіка

кніжная лексіка

літ.-разм.

разм.-бытавая

прастамоў-ная

навуко-вая

афіцыйна-справавая

газетна-публіцыст.

Да яе адносяцца словы, якія называюць найбольш звыклыя, шырока распаўсюджаныя прадметы, з’явы, дзеянні: вецер, снег, абутак, вуліца, гаварыць, будынак, дзень, газ, па, насуперак, дзякучы.

У навуковых тэкстах агульнаўжывальнае слова можа набываць пэўную стылістычную афарбоўку – функцыянальную: цяпло ’нагрэты стан чаго-небудзь (паветра, прадмета)’, ‘цёплая пара года’;

цяпло (фіз.) ‘энергія хаатычнага руху малекул і атамаў, з якіх складаецца цела’.

Пэўную частку лексікі тэкстаў навуковага стылю складаюць словы агульнанавуковага выкарыстання, якія ўжываюцца ў навуковых працах самых розных галін ведаў. Напрыклад: аналіз, дослед, працэс, гіпотэза, тэорыя, узаемасувязь, абумовіць, абгрунтаваць, прадугледзець, планаваць і інш.

Самую спецыфічную групу лексікі навуковых тэкстаў складаюць тэрміны3, да якіх адносяцца словы, спалучэнні слоў, што групуюцца ў тэрміналагічныя аб’яднанні паводле пэўнай галіны навукі, тэхнікі, напрыклад, тэрміны медыцыны, хіміі, эканомікі і інш. Тэрміны вызначаюцца прыналежнасцю да пэўнага тэрміналагічнага поля, не патрабуюць кантэксту для свайго выяўлення. Яны залежаць ад зместу і метадалогіі той навукі, якую тэрмін прадстаўляе. Напрыклад, слова “перыяд” (лац. periodos – "абход, кругазварот"):

  •  у астраноміі мае значэнне "прамежак часу, на працягу якога адбываюцца ўсе фазы якога-небудзь паўторнага працэсу";
  •  матэматыцы – "адна лічба ці група лічбаў у перыядычным дробе";
  •  у лінгвістыцы – "складаная сінтаксічная канструкцыя, якая пры чытанні распадаецца па інтанацыі на дзве (ці болей) часткі";
  •  у геалогіі – ‘час, на працягу якога ўтварыліся горныя пароды, якія складаюць геалагічную сістэму’;
  •  у фізіцы – ‘перыяд вагання, прамежкі часу, праз якія сістэма, што ажыццяўляе ваганне, вяртаецца ў зыходны стан’.

Узнікненне і функцыянаванне тэрмінаў абумоўлена развіццём навукі, тэхнікі, мастацтва. Тэрміналогія хутка папаўняецца новымі адзінкамі. Навуковы стыль не характарызуецца даступнасцю. Аднак гэта не значыць: ”Чым менш зразумела, тым больш навукова”. А. Герцэн пісаў: “Цяжкіх навук няма, ёсць толькі цяжкія выклады…дактрынёры да таго прывыкаюць да ўродлівай мовы, што іншай не ўжываюць, ім яна здаецца зразумелай”.

У межах навуковага стылю вылучаюць падстылі. Гэта звязана са зместам навукі, мэтай і задачамі, якія стаяць перад аўтарам навуковага тэксту. Вылучаюць падстылі:

- уласна навуковы ;

- навукова - папулярны;

- навукова – вучэбны;

- навукова – тэхнічны.

Навукова-папулярны і навукова-вучэбны падстылі адрозніваюцца вобразнасцю і эмацыянальнасцю. Мэта такіх тэкстаў – актывізаваць увагу, лагічнае мысленне. Экспрэсіўнасцю адрозніваецца навуковае маўленне, але словы, у семантыцы якіх ёсць ацэнка, не ўжываюцца. Напрыклад, даволі поўна, дакладны, дадатны – прымальныя ў навуковым маўленні, бо ў іх адсутнічае ацэначнасць. Або яшчэ прыклад:

  1.  фосфар -  простае рэчыва, белае, паўпразрыстае, якое плавіцца пры 44,2 С, вельмі ядавітае; на паветры ў цемнаце фосфар свеціцца і можа ўзгарацца. Ён не раскладаецца на іншыя рэчывы, аднак, калі яго нагрэць без доступу паветра, то ён набывае чырвона-фіялетавы колер, перастае свяціцца ў цемры, робіцца неядавіты і не самаўзгараецца на паветры, прычым гэтыя новыя ўласцівасці не знікаюць, нават калі награванне спыняецца.Такім чынам, адбываецца ператварэнне аднаго рэчыва ў другое, але ператварэнне асаблівае: узятае рэчыва не раскладаецца, да яго нічога не далучаецца;
  2.  фосфар (грэч. ‘што нясе святло’) – хімічны элемент, які лёгка ўзгараецца і свеціцца ў цемры; утрымліваецца ў мінералах, у арганізме жывёл і раслін;
  3.  фосфар, вядома, ядавітае рэчыва, але яго ўласцівасць свяціцца дае магчымасць прымяняць фосфар для аздаблення гадзіннікаў; таксама выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання адзення ў розных шоу – гэта робіць відовішчы фантастычнымі, незвычайнымі, прыцягальнымі.

Першы і другі тэксты адрозніваюцца акадэмізмам, інфармацыя ў іх “сухая”. У трэцім тэксце інфармацыя падаецца з мэтай зацікавіць, прыцягнуць увагу чытача, слухача.

Адметнасцю навуковых тэкстаў з’яўляецца пэўны адбор і выкарыстанне фразеалагізмаў, менавіта кніжных фразеалагізмаў: краевугольны камень, пад знакам, актуальная тэма, чырвоная нітка, аддаваць належнае, камень спатыкнення. Функцыя фразеалагізмаў у навуковых тэкстах – намінатыўная, у той час як у мастацкім ці публіцыстычным тэксце яны выкарыстоўваюцца, каб надаць мове вобразнасць. Пранікненне элементаў аднаго стылю ў другі без парушэння стылістычнай цэласнасці тэксту сведчыць аб незамкнутасці стыляў. Найбольш пранікальнымі лічацца мастацкі і публіцыстычны стылі, найменш – афіцыйна-справавы.

ЛЕКЦЫЯ 7. Граматычныя асаблівасці навуковага стылю

1.Марфалагічныя асаблівасці.

2.Асаблівасці сінтаксісу.

3.Парадак слоў.Сродкі лагічнай сувязі.

Асноўныя паняцці: прамы парадак слоў, інверсія.

Літаратура:

  1.  ЛяшчынскаяВ.А.Беларуская мова.Тэрміналагічная лексіка: Вучэбны дапаможнік. – Мінск: РІВШ БДУ, 2001.
  2.  Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Вучэбны дапаможнік для факультэта журналістыкі. – 2-е выд., перапрацаванае і дапоўненае. – Мінск: Універсітэцкае, 1995.

1.Марфалагічныя асаблівасці

Марфалогія і сінтаксіс у адрозненне ад лексікі і фразеалогіі не валодаюць функцыянальнай замацаванасцю сваіх адзінак за пэўным стылем.

На першы погляд у навуковых тэкстах сустракаюцца ўсе часціны мовы, іх формы, разнастайныя сінтаксічныя канструкцыі. Больш уважлівы разгляд вымушае канстатаваць факты спецыфікі ўжывання марфалагічных і сінтаксічных сродкаў у навуковым стылі. Гэта спецыфіка заключаецца ў частотнасці ўжывання тых ці іншых форм, перавазе выкарыстання пэўных тыпаў сказаў і інш.

Марфалагічныя асаблівасці.

У навуковых тэкстах выкарыстоўваюцца амаль усе часціны мовы. Выключэнне складаюць выклічнікі – гэта нязменныя словы, якія не адносяцца ні да самастойных, ні да службовых часцін мовы. Яны служаць для выражэння пачуццяў, экспрэсіўных ацэнак і г.д. (эх, ура, брава, калі ласка, дзякуй, бах, хлоп).

Для навуковых тэкстаў характэрна ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў на –анне(-янне), -энне(-енне), -ка, -цыя, -цце  з абстрактным значэннем, пры гэтым ніякі род гэтых назоўнікаў пераважае, таму што ён найбольш адцягнена-абагульнены па сваім граматычным значэнні, напрыклад:

Хлебапячэнне, тэхналагічны працэс вытворчасці хлебных вырабаў.

Складаецца з аперацый: прасейванне мукі, магнітная ачыстка яе і змешванне паводле рэцэпта; растварэнне і фільтрацыя солі; падрыхтоўка дражджэй. На цестамясільных машынах гатуюць цеста з пшанічнай мукі з дабаўленнем дражджэй, з аржаной – аржаных заквасак. Цеста бродзіць пры тэмпературы 30С, пры гэтым утварае смакавыя і араматычныя рэчывы, набывае порыстасць. Гатовае цеста дзеляць на кавалкі пэўнай формы залежна ад гатунку вырабу (БелСЭ).

Большасць дзеясловаў-выказнікаў ужываецца ў форме 3-яй асобы цяперашняга часу, паколькі абазначаюць не дынамічны стан у момант маўлення, а цяперашні час, пастаянны, надчасовы, напрыклад:

Цукар, харчовы прадукт з цукровых буракоў або цукровага трыснягу; складаецца з цукрозы. Тэхналагічны працэс вырабу Ц. з цукровых буракоў (маюць 17 – 20% цукрозы): буракі мыюць і разразаюць на тонкую стружку; на дыфузійных апаратах з яе атрымліваюць дыфузійны сок, які апрацоўваюць нягашанай вапнай (дэфекацыя) і вуглякіслым газам (сатырацыя); потым сок фільтруюць, насычаюць сярністым газам (сульфітацыя), выпарваюць і атрымліваюць утфель – цукровы сіроп, сумесь крышталікаў цукрозы і міжкрыштальнага сіропу. Крышталікі аддзяляюцца на цэнтрыфугах, прамываюцца і высушваюцца, атрымліваецца цукар-пясок (БелСЭ).

Дзеясловы ў форме прошлага часу незакончанага трывання выкарыстоўваюцца для выражэння змены паслядоўнасці дзеянняў, часавай паслядоўнасці, напрыклад:

Вучоныя распрацавалі гэты метад (аптычнае кручэнне) дзеля цытрусавых пекцінаў. Аналіз выконваўся наступным чынам. Спачатку вымяралася ўдзельнае кручэнне пачатковага раствору, пасля чаго пекцінавыя рэчывы колькасна асаджаліся ў выглядзе меднай солі і адфільтроўваліся. Потым вымяралася ўдзельнаяе кручэнне  фільтрату. Розніца кручэння да і пасля асаджэння пекцінавых рэчываў прама прапарцыянальна іх канцэнтрацыі (удзельнае кручэнне цытрусавага пекціну + 230).

Пры дзеяслова-выказніках выкарыстоўваюцца займеннікі з адцягненым значэннем – ён, яна, яно, яны, мы. Займеннік Я не выкарыстоўваецца ў навуковых тэкстах, ён апускаецца або замяняецца займеннікам МЫ , так званае “аўтарскае мы”. Ён падкрэслівае адзінства таго, хто гаворыць або піша, з іншымі асобамі, агульнасць інтарэсаў аўтара і аўдыторыі, да якой ён звяртаецца, напрыклад:

Як мы можам бачыць, арганізацыя працы – самастойная галіна дзейнасці, аб’ектам якой з’яўляецца праца. Яна абапіраецца на ўласцівыя толькі ёй метады і прынцыпы.

У тэкстах навуковага стылю ўжываюцца прыметнікі, але яны выступаюць як сродак класіфікацыі (прыкмет, з’яў, відаў, гатункаў). Напрыклад:

У якасці каагулянта пры вырабе мяккіх сыроў, такіх як “Фермерскі”, “Дачны” выкарыстоўваюцца  кіслоты (малочная, саляная, воцатная).

Простая форма прыметніка (чысты, густы) – нейтральная, таму ўжываецца ва ўсіх стылях. Формы вышэйшай ступені параўнання з суфіксамі –ейш(-эйш), -ш- не ўласцівы навуковым тэкстам. Больш распаўсюджана складаная форма: больш эфектыўны, менш кіслы.

Форма дзеяслова – дзеепрыметнік – значна абмежавана ва ўжыванні ва ўсіх стылях мовы. Гэта абмежаванне выклікана перш за ўсё асаблівасцямі ўтварэння дзеепрыметнікаў. Так, дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу, утвораныя пры дапамозе суфіксаў –уч(-юч), -ач(-яч), а прошлага часу пры дапамозе суфіксаў –ўш-, -ш-, лічацца ненарматыўнымі, паколькі ў пачатковай форме аманімічныя адпаведным дзеепрыслоўям.

Параўнаем: дзеепрыметнік

дзеепрыслоўе

узнаўляючы (абмен) які?

узнаўляючы       што робячы?

выступіўшы (дакладчык)

выступіўшы       што зрабіўшы?

уваходзячы (элемент)

уваходзячы        што робячы?

Аналіз навуковых тэкстаў паказаў, што няма строгіх нормаў ва ўжыванні ці абмежаванні адназначных дзеепрыметнікаў. Можна сустрэць непаслядоўнасць ва ўжыванні такіх дзеепрыметнікаў і ў слоўніках (“Словарь-справочник по маркетингу”. – Мн.: Выш. школа, 1993): пранікаючае цэнаўтварэнне, пульсуючы графік, напамінаючая рэклама, упраўляючы па гандлі і кіраўнік службы збыту.

Дзеепрыметнікі залежнага стану цяперашняга часу ўтвараюцца з дапамогай суф.-ем-, -ім-. Але яны таксама не характэрны сучаснай беларускай літаратурнай мове, таму ўжыванне іх таксама абмежавана. Навуковыя тэксты характарызуюцца рэдкім ужываннем дзеепрыметнікаў з –суф. –ем-, -ім- : кантралюемы тавар, канверціруемая валюта (канверсуемая), прасуючыя машыны. Найбольш ужывальныя формы дзеепрыметнікаў з суф. –ен-, -эн-, -н-, -л-, -т-: сказаны, адкрыты, занесены, запраграмаваны, створаны.

Формы дзеепрыслояў пашыраны ў навуковых тэкстах, асабліва з суфіксамі –ачы (-ячы); -учы (-ючы). Напрыклад:

Падкрэсліваючы самастойнасць арганізацыі працы як элемента арганізацыі вытворчасці, неабходна адзначыць, што між усімі ўваходнымі элементамі ў яе састаў існуе цесная ўзаемасувязь. Зыходзячы з азначэння арганізацыі працы, можна вызначыць (абазначыць) наступныя задачы, што стаяць перад гэтай галіной: тэхніка-тэхналагічныя, эканамічныя, псіха-фізіялагічныя і інш.

Выкарыстанне нехарактэрных для беларускай мовы форм дзеяслова ў навуковых тэкстах не адпавядае норме. Даследчыкі лічаць, што “найбольш разбураюць лад мовы неўласцівыя ёй афіксы”.

2.Асаблівасці сінтаксісу

Для навуковых тэкстаў характэрны розныя сінтаксічныя сродкі. Найбольш ўжывальныя з розных тыпаў сказаў паводле мэты выказвання апавядальныя сказы. Асноўная іх задача – паведамленне, якое выражаецца ў сцвярджальнай або адмоўнай форме. Напрыклад:

Вакуум-апараты бываюць перыядычнага і бесперапыннага дзеяння.  

Пытальныя сказы ў навуковым стылі абмежаваны. Часцей за ўсё яны надаюць адценне навукова-папулярнага выкладу інфармацыі. Напрыклад:

У якіх суадносінах знаходзіцца беларуская літаратура і сусветная?

- Пытанне цяжкае. І трохі балючае. Балючае, бо трэба шчыра прызнацца, што беларускую літаратуру ведаюць у свеце ўсё яшчэ кепска…

Сказы ў навуковых тэкстах, як правіла, двухсастаўныя, развітыя, ускладненыя. Сярод ускладненняў пашыраны аднародныя члены сказы, якія звязаны паміж сабой інтанацыяй пералічэння, злучнікамі (і, а, але). Напрыклад:

Харчовая каштоўнасць сыру абумоўлена прысутнасцю незаменных кіслот, вітамінаў, лятучых і высокамалекулярных тлустых кіслот, кальцыевых, фосфарнакіслых і іншых мінеральных солей.

Пры аднародных членах сказа можа стаяць абагульняльнае слова, якое ў навуковых тэкстах выконвае лагічную функцыю, напрыклад:

Фізічныя ўласцівасці рэчываў і сістэм выражаюцца праз фізічныя параметры: каэфіцыенты вязкасці, дыфузіі, каэфіцыенты цеплаправоднасці і тэмператураправоднасці, удзельную цеплаёмістасць.

Аднародныя члены сказа неабходна афармляць так, як аформлена абагульняльнае слова (у прыкладзе – абагульняльнае слова і аднародныя члены сказа маюць форму вінавальнага склону).

Пабочныя словы, канструкцыі ў навуковых тэкстах указваюць на адносіны паміж часткамі выказвання, а таксама нясуць дадатковыя звесткі, тлумачэнні, удакладненні, папраўкі. Напрыклад:

Такім чынам, комплекснае вырашэнне праблем па ўсіх напрамках, якімі займаецца арганізацыя працы, дазваляе знайсці аптымальныя варыянты эфектыўнага выкарыстання сродкаў вытворчасці і рабочай сілы.

У навуковых тэкстах выказнік можа быць простым дзеяслоўным ў форме цяперашняга часу або састаўным іменным з асноўным кампанентам назоўнікам, напрыклад:

Мяккі сыр – высакаякасны харчовы прадукт, які атрымліваецца пры ферментатыўным, кіслотным або камбінаваным згусанні малака з наступнай апрацоўкай сырнага згустку і сырнай масы, з выспяванне або без яго.

Выбар тыпу складанага сказа ў навуковых тэкстах характарызуецца логікай, зместам выкладу. Найбольш ужывальныя складаназалежныя сказы, што адпавядае патрабаванням доказна-лагічнага выкладу матэрыялу, напрыклад:

Матрыца для фармавання цеставай стужкі ўяўляе сабой латунны дыск, у якім ёсць усяго адна шчыліна даўжынёй 600 мм і шырынёй 1,2 мм.

Даданы сказ дазваляе больш дакладна перадаць інфармацыю, дадзеную ў галоўным сказе.

  1.  Парадак слоў

Парадак слоў у навуковых тэкстах адносна свабодны, г. зн. можа быць прамы і адваротны (інверсія), у залежнасці ад мэты выказвання.

Азначэнне – дзейнік - акалічнасць спосабу дзеяння – выказнік - дапаўненне (прамы парадак слоў).

Дзейнік – азначэнне – выказнік – акалічнасць - дапаўненне (інверсія).

Трэба памятаць, што пры прамым парадку слоў, на апошняе месца ставіцца слова, якое заключае ў сабе новую, найбольш важную інфармацыю. Пры адваротным парадку слоў такі член сказа выносіцца або ў пачатак, або ставіцца ў канцы сказа. Напрыклад:

Сыроватачныя бялкі застаюцца пры такіх умовах растваральнымі. - прамы парадак слоў.

У працэсе сычужнай каагуляцыі малака выдзяляецца толькі казеін. – інверсія.

Дакладнасць і яснасць выказанай думкі залежыць ад правільнага выбару парадку слоў у сказе. Трэба сачыць, каб слова, якое залежыць ад іншага, стаяла ў сказе побач з ім або як мага бліжэй. Калі паміж кампанентамі аднаго словазлучэння стаіць многа слоў іншых словазлучэнняў, то выказаная думка можа аказацца незразумелай, напрыклад:

Рашэнні, у сувязі з вынікамі праверкі брыгады намі прынятыя і агульным сходам зацверджаныя, з боку адміністрацыі ніякіх істотных заўваг на мелі.

У тэкстах навуковага стылю выкарыстоўваюцца і сродкі лагічнай сувязі: лексічныя паўторы, пабочныя словы, злучнікі, асабовыя займеннікі 3-й асобы, указальныя займеннікі, напрыклад:

З мяккіх сыроў найбольшай увагі заслугоўваюць сыры, якія вырабляюць спосабам тэрмінакіслотнай каагуляцыі бялкоў малака. Іх выраб мае шэраг пераваг перад сычужнымі і кіслотнымі сырамі, яны карыстаюцца вялікім попытам у насельніцтва. Асноўныя напрамкі ў галіне ўдасканалення тэхналогіі сыроў:

  •  выраб сыроў з ферментацыяй сырнай масы;
  •  выраб сыроў з пабочнай сыравіны;
  •  выраб сыроў з прымяненнем раслінных напаўняльнікаў.

Безумоўна, праца ў гэтым напрамку з’яўляецца актуальнай.

лекцыя 8. Жанры навуковай літаратуры

  1.  Анатацыя.
  2.  Рэзюмэ.
  3.  Рэферат.
  4.  Тэзісы.
  5.  Спосабы выкладання навуковай інфармацыі.

Асноўныя паняцці: анатацыя, рэзюмэ, рэферат, тэзісы.

Літаратура:

  1.  Кузнецов И., Лойко Л. Рефераты, контрольные, курсовые и дипломные работы. /Под ред. проф. А. Макарова. – Мінск, 1998.
  2.  Кузнецов И. Рефераты, курсовые и дипломные работы: Методика подготовки и оформления: Учебно-методическое пособие. – 2-изд. – М., 2004. 

1.Анатацыя

Анатацыя (лац. annotation’заўвага, паметка’ – кароткае тлумачэнне ці крытычная заўвага, якая ідзе за бібліяграфічным апісаннем якога-небудзь сачынення (на адваротным баку тытульнага ліста або кнігі, на каталожнай картцы і г.д.); разгорнутая анатацыя – сціслая характарыстыка ідэйнай накіраванасці зместу, прызначэння кнігі, артыкула і г.д.

Анатацыя ўяўляе сабой кароткую абагуленую характарыстыку твора друку (кнігі, артыкула), якая ўключае іншы раз і яго ацэнку. Асноўнае яе прызначэнне – даць некаторыя ўяўленні аб кнізе, артыкуле, навуковай працы з тым, каб рэкамендаваць яе пэўнаму колу чытачоў. Таму ў анатацыі не патрабуецца выкладання зместу твора, як часцей за ўсё даецца ў выглядзе пераліку ў змесце (“в оглавлении”).

Прыклады анатацый можна знайсці на другой (іншы раз на апошняй) старонцы кожнай кнігі. Гэта як бы візітная картка, па якой чытач (ці пакупнік) мяркуе аб тым, наколькі дадзеная кніга яму карысна. Анатацыя ў такім выпадку іграе ролю рэкламы.

Па сваім характары анатацыі могуць быць даведачнымі, без крытычнай ацэнкі твора, і рэкамендацыйныя, якія ўтрымліваюць такую ацэнку.

Па ахопу зместу анатуемага дакумента і чытацкім прызначэнні адрозніваюць агульныя анатацыі, якія характарузуюць дакумент у цэлым, разлічаныя на шырокае кола чытачоў; спецыялізаваныя, якія раскрываюць матэрыял толькі ў пэўных аспектах, што цікавіць спецыялістаў.

Даведачныя анатацыі характарызуюць крыніцу з п. гл. тыпу выдання, яго літаратурнай формы, чытацкага адрасу, а таксама даюць звесткі аб выкарыстаным матэрыяле. Уключэнне ў анатацыю разнастайных звестак аб кнізе, яе тэарэтычных і практычнай каштоўнасці, дакументальных крыніцах павышае яе эфектыўнасць. Аднак пры ўсім гэтым трэба дабівацца лаканічнасці і кампактнасці звестак аб анатуемым творы.

Зыходзячы з патрабаванняў да анатацый, іх аб’ём можна давесці ад некалькіх слоў  да 10 - 15 радкоў. Абавязковымі патрабаваннямі да даведачных анатацый з’яўляюцца канкрэтнасць і прастата выкладу. Прыкладная схема даведачнай анатацыі такая:

  •  удакладненне загалоўка;
  •  кароткія звесткі, звязаныя са зместам;
  •  звесткі, звязаныя з аўтарам;
  •  асаблівасці выдання;
  •  чытацкі адрас (на каго разлічана?)

Рэкамендацыйныя анатацыі звычайна з’яўляюцца спецыялізаванымі і прадугледжваюць іншы падыход да выкладу і літаратурнаму афармленню. Варта звярнуць увагу на значнасць (важнасць) твора (кнігі), тады неабходна ўказаць на тое, чаму кніга (артыкул) будзе карысна  і цікава чытачу, што ў ёй можа прыцягнуць увагу ; што паможа чытачу ў павышэнні яго кваліфікацыі, азнаямленні з навейшымі дасягненнямі навукі і тэхнікі.

Істотную ролю ў вызначэнні якасці рэкамендацыйнай анатацыі адыгрывае паслядоўнасць выкладу. Анатацыя можа пачынацца са звестак аб аўтару, што дасць уяўленне аб накіраванасці твора і аб яго якасці; з заўваг па сутнасці пытання, што прыцягне ўвагу чытача к анатуемаму твору; з ацэнкі твора ў шэрагу іншых аналагічных кніг (артыкулаў), што зверне ўвагу чытача іменна на гэты твор. Напрыклад:

Кузняцоў І. М. Рэфераты, курсавыя і дыпломныя работы: Методыка падрыхтоўкі і афармлення: Вучэбна- метадычны дапаможнік. – 2-выд. – М.: Выдавецка-гандлёвая карпарацыя “Дашкаў і К”, 2004. – 352 с.

Гэта кніга – ужо другое выданне аўтара, але больш дапоўненае і ўдакладненае. Першае выдадзена ў Мінску, другое – у Маскве.

У дапаможніку разглядваецца ўвесь працэс падрыхтоўкі вучэбных навуковых работ – ад выбару тэмы да яе абароны.

У ім змяшчаюцца рэкамендацыі па падрыхтоўцы, напісанні і афармленні кантрольных, курсавых і дыпломных работ у адпаведнасці з патрабаваннямі Даст РФ і РБ. Прыведзены карысныя парады па выбары тэмы, збору, аналізе і апрацоўцы інфармацыі. Асаблівая ўвага надаецца працы над рукапісам разнастайных відаў работ, прадстаўлення тэкставага і ілюстрацыйнага матэрыялу. У якасці дадаткаў даюцца ўзоры афармлення асобных элементаў навуковых прац, неабходны даведачны матэрыял.

Дапаможнік прызначаны для студэнтаў вну, навучэнцам гімназій, каледжаў, тэхнікумаў, выкладчыкам, а таксама ўсім, хто хоча павысіць культуру сваёй навуковай працы.

Цікоцкі М. Я. Стылістыка беларускай мовы: Вучэбны дапаможнік для факультэта журналістыкі. – 2-е выд., перапрац. і дап. – Мн.: Універсітэцкае, 1995. – 294с.

Раглядаюцца пытанні тэарэтычнага і практычнага характару, якія датычацца спецыфікі функцыянальных стыляў і асаблівацей ужывання стылістычна маркіраваных сродкаў лексікі, марфалогіі і сінтаксісу беларускай літаратурнай мовы. Асаблівая ўвага надаецца мове і стылю сродкаў масавай інфармацыі і прапаганды.

Для студэнтаў факультэта журналістыкі, можа быць выкарыстана студэнтамі-філолагамі беларускіх універсітэтаў і інстытутаў, а таксама настаўнікамі сярэдніх школ.  

2.Рэзюмэ

Рэзюмэ (фр. resume) – ‘кароткае выкладанне сутнасці напісанага, сказанага ці прачытанага; кароткі вывад, заключны вынік чаго-небудзь’.

Рэзюмэ блізка прымыкае да анатацыі. Але паміж анатацыяй і рэзюмэ ёсць істотная розніца: у той час як анатацыя коратка характарызуе асноўныя ідэі твора (кнігі, артыкула), то рэзюмэ – яго вывады, галоўныя вынікі. Паняцце ’рэзюмэ’ таксама’ існуе ў афіцыйна-справавым стылі, у справаводстве. Там яно мае значэнне сціслай кароткай інфармацыі аб сабе, складзеная прэтэндэнтам на вакантнае месца. У нейкай ступені гэта самарэклама, якая дазваляе кіраўніцтву арганізацыі папярэдне азнаёміцца з суіскальнікамі працы з тым, каб пры непасрэдным кантакце спыніцца на адным з іх.

3.Рэферат

Рэферат (лац. referre’дакладваць, паведаміць’) – даклад на пэўную тэму, які ўключае агляд адпаведнай літаратуры і іншых крыніц; выкладанне зместу навуковай працы, кнігі і г.д.

Мэта рэферата – адказаць на пытанне, што новага, істотнага змяшчае кніга, артыкул. Рэферат (у адрозненне ад анатацыі) змяшчае канкрэтныя ідэі, вывады аўтара; адказвае на пытанне: што заключаецца ў дадзенай публікацыі?

Рэферыруючы нейкі твор, варта дастаткова поўна, канкрэтна і паслядоўна перадаць яго змест у максімальна сціслай і па магчымасці абагуленай форме. Адначасова  з гэтым рэферат – не механічны пераказ работы, а выклад яе сутнасці. Калі неабходна для асвятлення зместу навуковай работы, у рэферат могуць быць уключаны лічбавыя дадзеныя, табліцы, графікі, малюнкі, чарцяжы, схемы.

Змест рэферыруемага твора выкладаецца аб’ектыўна ад імені аўтара. Калі ў першасным матэрыяле галоўная думка сфармулявана недастаткова дакладна, у рэфераце яна павінна быць канкрэтызавана і вылучана. Рэферат рыхтуецца на аснове некалькіх крыніц ( можа быць і адна крыніца). Гэта не сачыненне, а агляд публікацый, які не патрабуе ні фантазій, ні выказвання новых ідэй. Канечне, у рэфераце можна прыводзіць уласныя сцвярджэнні, але яны не заўсёды падыходзяць. Вылучаюць наступныя віды рэфератаў:

  •  вучэбныя;
  •  кантрольныя;
  •  службовыя;
  •  творчыя.

Незалежна ад віду рэферат можа быць раздзелены на тры асноўныя часткі: загалоўную, уласна рэфератыўную і даведачны апарат. Спачатку збіраюцца зыходныя матэрыялы на зададзеную тэму (кнігі, артыкулы, заметкі, ілюстрацыі), потым вытрымкі з іх групуюцца ў тым парадку, які патрэбны аўтару. З зыходнымі матэрыяламі можа дапамагчы Інтэрнет, з  практычнымі навыкамі аўтар павінен справіцца сам. У залежнасці ад віду рэферата выкарыстоўваюць розныя мадэлі падрыхтоўкі. Зыходны матэрыял абагульняецца, кампануецца, канкрэтызуецца: перачытваецца чарнавы варыянт рэферата не адзін раз і затым зноў карэкціруецца або дапаўняецца, выяўляюцца асноўныя звесткі, якія павінны ўвайсці ў рэферат. Ад другарадных звестак пазбаўляюцца. Затым ў лагічнае цэлае сінтэзуецца, абагульняецца каштоўная інфармацыя ў адпаведнасці з мэтамі рэферата. У працы патрэбны разгорнутыя аргументы, разважанні, параўнанні. Матэрыялы падаюцца ў форме апісання ці канстатацыі, большы ўхіл робіцца на дакладнасць, сцісласць, яснасць, прастату. Схема рэферата можа быць такая:

  •  аўтар, назва, месца і год выдання кнігі, яе тыраж;
  •  тэма артыкула (кнігі);
  •  структура, кампазіцыя;
  •  асноўны змест кожнага раздзела;
  •  наяўнасць ілюстрацыйнага матэрыялу (малюнкі, фотаздымкі, табліцы, схемы);
  •  адрасат.

Вучэбныя рэфераты выконваюцца ў якасці самастойных работ ў школе і вну. Мэта – навучыцца працаваць эфектыўна. Эфектыўнасць – гэта не аб’ём, а максімум выніку пры мінімуме затрат сіл і часу.

Кантрольныя рэфераты выкарыстоўваюцца для праверкі гатоўнасці чалавека да працы. У кантрольным рэфераце студэнт паказвае сябе. У ім адлюстроўваюцца свае асабістыя адносіны да вывучаемага пытання. Рэферат пішуць пры паступленні ў аспірантуру і іншыя навучальныя ўстановы. У кантрольным рэфераце матэрыял трэба падаць так, каб даказаць сваё маральнае права займацца гэтай тэмай; падкрэсліць важнасць тэмы, для гэтага трэба выкарыстаць працы вядомых вучоных. Кантрольныя рэфераты могуць быць выкарыстаны і пры працаўладкаванні маладога спецыяліста на пэўную пасаду.

Службовыя рэфераты рыхтуюцца як службовыя заданні. Звязана гэта з тым, што кіраўніцтву трэба тэрмінова вывучыць нейкае пытанне, а часу няма. Заданне даецца рэферэнту, сакратару, спецыялісту; час падрыхтоўкі можа абмяжоўвацца. На дапамогу можна прыцягнуць Інтэрнет.

Творчыя рэфераты рыхтуюцца для сябе і не маюць канкрэтнай мэты, г.зн. не абмежаваны часам, аб’ёмам. Мэта рэфератаў – гэта ўдасканаленне сябе, сваёй навуковай працы, падрыхтоўка да дысертацыі, выступленняў на канферэнцыях, для публікацый у Інтэрнеце, навуковых зборніках.

Кампазіцыя рэферата:

  •  тытульны ліст;
  •  змест;
  •  уводзіны;
  •  асноўная частка;
  •  заключэнне;
  •  бібліяграфічны спіс;
  •  дадатак;
  •  дапаможныя ўказальнікі.

4.Тэзісы

Тэзіс (грэч. thesis ‘палажэнне, сапраўднасць якога павінна быць даказана; асноўнае палажэнне’). Тэзісы – коратка сфармуляваныя асноўныя палажэнні даклада, лекцыі, паведамлення; у ідэалістычнай філасофіі Гегеля – зыходная ступень дыялектычнага развіцця; у антычным вершаскладанні – месца ў вершы, якое не нясе рытмічнага націску і ў спалучэнні з моцнымі складамі ўтварае рытм верша.

Тэзісы – вывады і абагульненні, якія слухач (чытач) запісвае ў форме цытат або ўласных фармулёвак, што маюць характар сцвярджэння. У тэзісах раскрываюцца асноўныя ідэі артыкула, кнігі, твора. Тэзісы дазваляюць абагуліць матэрыял, перадаць яго змест шляхам сціслых запісаў. Тэзісы складаюцца пры паўторным чытанні (слуханні). Тэкст разбіваецца на часткі, у кожнай з іх вылучаецца галоўнае. Падрыхтаваць тэзісы – значыць запісаць галоўныя думкі тэксту. Звычайна тэзісы нумаруюцца, бо так лягчэй захаваць логіку аўтарскіх разважанняў. З дапамогай тэзісаў можна запісаць лекцыі, а не падрабязна канспектаваць. Тэзісы бываюць:

  •  асноўныя – галоўныя палажэнні, якія абагульняюць змест крыніцы, або галоўныя вывады;
  •  простыя – гэта галоўныя думкі, якія ўваходзяць састаўной часткай у канспект, рэферат; простыя тэзісы можна вылучыць з усіх частак кнігі (артыкула), нават пры першапачатковым азнаямленні (асноўныя ж можна скласці пасля поўнага высвятлення сутнасці ўсёй кнігі). К асноўнаму тэзісу можа быць састаўлена некалькі простых тэзісаў, якія тлумачаць асноўны;          
  •  складаныя тэзісы ўжываюць, калі за асноўнымі тэзісамі будуць ісці простыя, як у складаным плане: пункты і падпункты;
  •  тэзісы-цытаты прымяняюць пры напісанні рэцэнзій і анатацый для параўнання розных пунктаў гледжання.

Фармулёўка тэзісаў павінна быць дакладнай і кароткай. Прагледзім прыклад тэзісаў па пытанні “Анатацыя”.

1.Анатацыя як жанр навуковай літаратуры.

2.Абагулены характар і ацэначнасць анатацый.

3.Анатацыя – візітная картка кнігі.

4.Змест і кампазіцыя даведачных анатацый:

   а) тып выдання (дапоўненае, перапрацаванае);

   б) адрасат;

   в) дакументальная аснова матэрыялаў;

5.Спецыялізаваны характар рэкамедацыйных анатацый.

6.Агульнасць і адрозненне ў афармленні рэкамендацыйных і даведачных анатацый .

Ва ўсіх жанрах навуковай літаратуры  выкарыстоўваюцца цытаты.

5.Спосабы выкладання навуковай інфармацыі

Асноўныя спосабы выкладання навуковай інфармацыі: апісанне, апавяданне, разважанне, доказ.

Апісанне прадугледжвае агульнае ўражанне ад прадмета, з’явы, пералік розных прыкмет, агульная ацэнка; даецца адказ на пытанне: які ? Напрыклад:

Як сыравіна для вытворчасці безмучнога хлеба трыцікале мае шэраг пераваг у параўнанні з пшаніцай і жытам: утрымлівае шмат вітамінаў і амінакіслот, незаменных кіслот (валін, ізалейцын, фенілалалін), можа станоўча ўплываць на працэс браджэння цеста.

Апавяданне ўключае пачатак, развіццё і канец  дзеяння; пытанне: што адбываецца з прадметам, з’явай? Напрыклад:

Адліты пат4 засыпаюць зверху цукровай пудрай ці цукрам-пяском у залежнасці ад выкарыстанага для форм матэрыялу. Пасля студнеўтварэння пат выбіраюць з форм і старанна ачышчаюцьз дапамогай шчотак ці ў ток сціснутага паветра ад крухмалу ці аддзяляюць ад лішкаў цукру-пяску ці цукровай пудры. Частка цукру-пяску застаецца на паверхні пату, як негіграскапічнае ахоўнае пакрыццё, якое паляпшае яго знешні выгляд.

Разважанне ўключае асноўную думку, пункты гледжання, супастаўленне, вывад; задаюцца пытанні: чаму прадмет такі? чаму так адбываецца з’ява? Напрыклад:

Нярэдка ўзнікае пытанне: чаму малекула дадзенага рэчыва не валодае яго фізічнымі ўласцівасцямі. Для таго каб лепш зразумець адказ на гэта пытанне, разгледзім некалькі фізічных уласцівасцей рэчываў, напрыклад, тэмпературу плаўлення і кіпення, цеплаёмістасць, шчыльнасць, механічную трываласць, цвёрдасць, электраправоднасць. Тэмпература плаўлення і кіпення, трываласць і цвёрдасць вызначаюцца трываласцю сувязей паміж малекуламі ў дадзеным рэчыве пры пэўным агрэгатным стане ; таму прымяненне падобных паняццяў да асобнай малекулы не мае сэнсу…

Доказ уключае гіпотэзу і ўласна доказ; ставіцца пытанне: чаму? – таму што. У адрозненне ад разважання ў доказе выражаецца ўпэўненасць. Напрыклад:

Атамная цеплаёмістасць большасці простых рэчываў у цвёрдым стане ляжыць у межах 22 -29 Дж (моль. К). З правіла Дзюлонга і Пці выцякае, што  раздзяліўшы 26 на ўдзельную цеплаёмістасць простага рэчыва, лёгка вызначаную  з  вопыту, можна знайсці  набліжанае значэнне мольнай масы атамаў адпаведнага  элемента, а значыць, прыбліжанае значэнне атамнай масы элемента.

Прыёмы выкладання навуковых матэрыялаў.

1.Строга паслядоўны, які патрабуе шмат часу, таму што аўтар, не закончыўшы поўнасцю чарговы раздзел, не можа пераходзіць да наступнага. Для апрацоўкі аднаго раздзелу патрабуецца пераспрабаваць некалькі варыянтаў, у гэты час астатні матэрыял ляжыць нерухома.

2. Цэласны патрабуе амаль удвая меней часу на падрыхтоўку працы, бо спачатку пішацца ўвесь твор цалкам, затым адбываецца апрацоўка па частках і дэталях, уносяцца пры гэтым дапаўненні і выпраўленні.

3. Выбарачны прыём выкарыстоўваецца даследчыкамі. Па меры падрыхтаванасці фактычных даных аўтар апрацоўвае матэрыялы ў любым парадку, выбірае той прыём выкладання, які найбольш для яго аптымальны, каб аформіць канчатковы рукапіс. Тут важна вылучыць кампазіцыйныя элементы: уводзіны, вывады, прапановы, бібліяграфію, дадаткі, указальнікі.

ЛЕКЦЫЯ 9. Лексікалогія

1.Прадмет вывучэння лексікалогіі. Лексічнае значэнне слова.

2.Сінонімы, амонімы, антонімы, паронімы.

3.Лексіка паводле паходжання.

Асноўныя паняцці: слова, лексіка, значэнні слоў, калькаванне, “трасянка”.

Літаратура:

  1.  Сямешка Л. І. Курс беларускай мовы. – Мінск: Універсітэцкае, 1996.
  2.  Цікоцкі М. Я. Стылістыка беларускай мовы. – Мінск: Універсітэцкае, 1995.5

1.Прадмет вывучэння лексікалогіі. Лексічнае значэнне слова

Лексікалогія – гэта навука аб словах, аб слоўнікавым складзе мовы. Ад грэч. logos ‘навука’ (слова, паняцце),  lexicon ’славесны’, ‘выраз’, ‘сукупнасць слоў, якія ўваходзяць у склад якой-небудзь мовы’. Задача лексікалогіі – вывучэнне і сістэматызацыя слоўнікавага складу, вывучэнне шляхоў развіцця значэнняў слоў, іх паходжанне, вызначэнне сферы ўжывання. Асобныя напрамкі лексікалогіі, выпрацаваўшы ўласныя метады, сталі самастойнымі навуковымі дысцыплінамі. Так узніклі семасеалогія (навука аб значэнні слоў), этымалогія (навука аб паходжанні слоў), фразеалогія (навука аб устойлівых спалучэннях слоў), лексікаграфія (навука, якая сістэматызуе словы і выдае іх у выглядзе слоўнікаў), стылістыка (навука аб слове як сродку выразнага маўлення).

Прадметам вывучэння лексікалогіі з’яўляецца слова. Слова – найменшая сэнсавая адзінка мовы, гэта гук або комплекс гукаў, які ўжываецца як самастойная цэласная адзінка і служыць сродкам зносін. Слова ўспрымаецца ў адзінстве формы і зместу. Значэнне слова – гэта унутраны бок яго, змест; гучанне – знешні бок, форма. Змест і форма знаходзяцца ў непарыўным адзінстве. Змест слова складае яго лексічнае значэнне. Словы ў мове выконваюць намінатыўную функцыю, г. зн. абазначаюць прадметы, іх якасць, дзеянне, стан, прымету дзеяння, колькасць. Гэтыя абагуленыя значэнні прадметнасці, прыметы, дзеяння, колькасці – граматычныя, яны даюць падставу для вылучэння назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў, лічэбнікаў і г. д. Такім чынам, слова валодае граматычным значэннем.

Лексічнае значэнне – гэта суаднесенасць слова з адпаведным паняццем, з’явай рэчаіснасці. Паняцце – гэта вынік адлюстравання і абагульнення ў свядомасці чалавека істотных прымет і ўласцівасцей асобных прадметаў і з’яў. Напрыклад, маянэз ‘соус з яечнага жаўтка, расліннага масла, воцату і разнастайных прыпраў’ – гэта лексічнае значэнне слова; граматычнае значэнне ‘назоўнік мужчынскага роду адзіночнага ліку 2-ога скланення’. Не абазначаюць паняццяў службовыя словы.

Аднак было б памылковым сцвярджаць, што лексічнае значэнне зводзіцца толькі да паняцця. Напрыклад, у слове “вялізны”, акрамя семантычнага зместу, у значэнні дадаткова выяўляюцца адносіны таго, хто гаворыць: адабрэнне ці неадабрэнне. Толькі тэрміны абазначаюць “чыстыя паняцці”, не ўскладненыя эмоцыямі. Лексічнае значэнне слова – не застылае, статычнае, яно развіваецца. Прырода яго неаднолькава. У залежнасці ад таго, адчуваецца ці не адчуваецца прыкмета, характэрная рыса, што ляжыць у аснове назвы, вылучаюць значэнні:

  •  матываваныя (гэта значэнні вытворных слоў): бяліць ‘рабіць белым’, настольнік ‘абрус, тканіна, якой накрываюць стол’;
  •  нематываваныя (значэнні невытворных слоў): зіма, ісці, клён.

Слова можа пашыраць ці звужаць сваё значэнне, можа знікаць з ужытку. Напрыклад, слова “піва” звузіла сваё значэнне і цяпер абазначае не ўвогуле ‘тое, што п’юць’, а ‘спецыяльна прыгатаванае пітво пэўных якасцей’. Выйшла з ужытку слова “каліта”, яго значэнне перадаецца сучасным “кашалёк”. Значэнне можа быць:

  •  прамое (першаснае, асноўнае), калі слова абазначае “чыстае паняцце”, без дадатковай семантыкі: цвёрды грунт, вада льецца, неглыбокі ручай;
  •  пераноснае, якое ўзнікае ў залежнасці ад прыметы, пакладзенай у аснову пераносу назвы з аднаго прадмета, з’явы на другі: неглыбокі сон, цвёрды характар, гаворка льецца;
  •  фразеалагічна звязанае, якое рэалізуецца ва ўстойлівых зваротах (фразеалагізмах): зубы з’есці, ісці на свой хлеб;
  •  сінтаксічна абумоўленае, якое рэалізуецца ў кантэксце: - Не прадстаўнік паліцыі, а авечка ты дурная, вось хто ты! (Я. Колас).

У сучаснай мове адны словы могуць мець адно значэнне (адназначныя, монасемантычныя словы) і шмат значэнняў (два і больш; гэта мнагазначныя словы ці полісемантычныя). Адназначныя словы: вецер, сасна, бегчы, дэканат, тралейбус. Мнагазначныя словы: іголка (сасны), свінцовая (хмара), крыло (самалёта). Адрозніваюць некалькі відаў мнагазначнасці: метафара, метанімія, сінекдаха. Усе гэтыя значэнні пераносныя. У метафары шляхі пераносу назвы на другі прадмет па форме, колеры, функцыі, па месцы знаходжання, напрыклад: воблака пылу, залатыя каласы, покрыва ночы, хвост калоны. Метанімія – гэта перанос па сумежнасці ў прасторы, у часе, назвы матэрыялу на выраб, імя ўласнага на выраб: разліць вядро, чытаць пераклад, есці са срэбра, на стале ляжыць печыва, магутны дызель. Сінекдаха – гэта перанос назвы часткі на цэлае, назвы агульнага на канкрэтнае, родавай назвы на відавую:. статак у 50 галоў, лес багаты птушкай, дзічка – ‘яблыня’ і ‘плод яблыні’, шэрыя курткі рагаталі.

2.Сінонімы, амонімы, антонімы, паронімы

Амонімы (грэч. homos ‘аднолькавы’ і onyma ‘імя’) – словы аднолькавыя па гукавым складзе, але розныя па семантыцы. Прычыны ўзнікнення амонімаў: абмежаваная колькасць гукаў, запазычанні з іншых моў (лава ‘прадмет сялянскай мэблі’ і ‘вывяржэнне вулкана’), распад семантычных сувязей у мнагазначных словах (журавель ‘птушка’ і ‘прыстасаванне пры калодзежы’). Амонімы бываюць поўныя (лексічныя), якія поўнасцю супадаюць ва ўсіх граматычных формах (корт ‘тканіна’, ‘пляцоўка для гульні’); няпоўныя, у якіх супадзенне няпоўнае. Вылучаюць графічныя амонімы (амографы), якія адрозніваюцца месцам націску (прыклад і прыклад); фанетычныя амонімы (амафоны), якія адрозніваюцца ў напісанні, а гучанне аднолькавае (казка – [каска] ); граматычныя амонімы (амаформы), якія адрозніваюцца разнастайнасцю граматычных форм, а супадаюць толькі ў асобных формах (палі ад ‘поле’ і ‘паліць’).

Сінонімы (грэч. synonimos ‘аднаіменны’) – гэта блізкія або ідэнтычныя па значэнні словы, якія адрозніваюцца стылістычнай афарбоўкай ці семантычнымі адценнямі. Група слоў на аснове агульнасці значэння ўтварае сінанімічны рад: дарога, шлях, гасцінец, шаша. У сінанімічным радзе ёсць нейтральнае слова з агульным значэнем. Такое апорнае слова называецца дамінантай. Вакол дамінанты групуюцца словы з больш прыватным значэнем. Дамінантай у прыведзеным сінанімічным радзе з’яўляецца слова “дарога”. Сінонімы бываюць семантычныя (ідэаграфічныя), стылістычныя, семантыка-стылістычныя, абсалютныя сінонімы (дублеты), кантэкстуальныя.

Семантычнымі называюцца сінонімы, якія адрозніваюцца адценнем значэння: размаўляць - дыскутаваць; песціць – лашчыць – мілаваць.

Стылістычнымі называюцца сінонімы, якія адрозніваюцца стылістычнай афарбоўкай: паветра – эфір (літ.), турма – кутузка (гутарк.).

Семантыка-стылістычнымі называюцца сінонімы, якія адрозніваюцца і семантыкай і сферай ужывання адначасова: пісаць – крэмзаць, весці – валачы.

Сустракаюцца сінонімы, адрозненне якіх зусім не выражана. Гэта дублеты, напрыклад: арфаграфія – правапіс, аб’ява – абвестка.

Словы, якія збліжаюцца па другарадных, частковых прыметах (у кантэксце), называюцца сітуацыйнымі ці кантэкстуальнымі сінонімамі, напрыклад: Ад таго пажаўцеў, пасох, пагніў маладняк (І. Пташнікаў). Закалыханыя, спяць песні, усе трэлі, свісты, перасвісты, куванні, звоны, перазвоны, куганні, гулы, перагуды, лясныя шумы, перашумы.

Паронімы (грэч. para ‘каля’ onyma ‘імя’) – аднакаранёвыя словы, якія належаць да адной часціны мовы, маюць блізкае гучанне і напісанне (адрозніваюцца ў напісанні адной літарай або некалькімі), але адрозніваюцца па значэнні, напрыклад: туляцца ‘блукаць’ і туліцца ‘гарнуцца, хінуцца’. Паронімы ўзнікаюць у выніку запазычання іншамоўных слоў: эканоміка ‘арганізацыя, структура і стан народнай гаспадаркі’ і эканомія ‘ашчаднасць’; таксама паранімічную пару могуць утвараць словы славянскага паходжання: асобны ‘адасоблены, самастойны’ і асобы ‘незвычайны, выключны’.

Антонімы (грэч. anti ‘супраць’) – словы, якія абазначаюць лагічна процілеглыя, але суадносныя паняцці. У антанімічныя адносіны ўступаюць далёка не ўсе словы сістэмы часцін мовы. Антанімічныя пары здольны ўтвараць тыя словы, значэнне якіх мае якасна-ацэначны характар, а таксама словы са значэннем процілегла накіраваных дзеянняў, прымет і ўласцівасцей прадмета: кіслы – салодкі, халодны – гарачы, дзень – ноч. Прыметнікі, значэнне якіх пазбаўлена прыметы якасці, антонімаў не маюць: шакаладная (цукерка), лясная (сцяжынка). Няма антонімаў у лічэбнікаў, значнай колькасці займеннікаў. У мнагазначных словах кожнае значэнне мае свае антонімы. Так, антонімам да слова “пустая” ў спалучэнні са словам “бутэлька” з’яўляецца слова ”поўная”, а ў спалучэнні са словам “размова” – “змястоўная”.

3.Лексіка паводле паходжання

Лексіка беларускай мовы паводле паходжання падзяляецца на дзве вялікія групы:

  •  спрадвечна беларуская лексіка;
  •  запазычаная лексіка.

У спрадвечна беларускай лексіцы вялікі пласт складаюць словы агульнаславянскія, якія існуюць у тых ці іншых формах ва ўсіх славянскіх мовах: маці, брат, дзед, сват, свёкар, сын, нага, рука, сэрца, рака, поле, луг, восень, год, дзень, зіма, ноч, раніца, бяроза, воўк, гаварыць, цёплы, воля, адзін, я, ты і г. д. Гэты пласт лексікі сфарміраваўся яшчэ да 6 – 7 стст.

Другі пласт – усходнеславянская лексіка, якая склалася ў 7 – 14 стст.: боты, вяроўка, дудка, жалейка, кубак, лыжка, журчаць, даўгарукі, смуглы, тулава, шчака, гадзюка, жаваранак, зяблік, карова, веліч, вёска, вораг.

Трэці пласт – уласнабеларуская лексіка, якая ўзнікла  ў 13 – 14 стст. – нашыя дні): абрус, астрог, волат, вячысты, рухаць, клопат, лазня,вораг, пасярод, іржа, вуха, вось, крывавы, бярэзнік, спявак, сцежка, слухач, вырай.

Запазычанне слоў – няспынны працэс, уласцівы мове на працягу ўсёй гісторыі яе існавання і абумоўлена эканамічнымі, палітычнымі, гандлёвымі, культурнымі, навукова-тэхнічнымі зносінамі. Крыніцай запазычвання могуць выступаць роднасныя (славянскія) і няроднасныя (неславянскія) мовы. Лексіка запазычваецца пры неабходнасці назваць прадмет, паняцце. У такім выпадку запазычванне слова адбываецца разам з запазычваннем рэаліі: канвеер, гітара, галіфэ. Многія запазычаныя словы даюць магчымасць замены апісальнага звароту адным словам: спрынтэр ‘бягун на кароткія дыстанцыі’, каагуляцыя ‘узбуйненне часціц у дысперсных сістэмах; вядзе да выпадзення з калоіднага раствору асадку’. Іншамоўныя словы могуць запазычвацца не толькі ў адзінстве гучання і значэння. Часам іншамоўныя словы перакладаюцца з дапамогай адпаведных марфем мовы, якая запазычвае. Такі працэс называецца калькаваннем: біяграфія (грэч. bios ‘жыццё’, grapho ‘пішу’) – жыццяпіс; манускрыпт – рукапіс. Вялікая колькасць слоў запазычана са славянскіх  моў:

  •  паланізмы: моц, скарб, гузік, палац, хцівы, блакітны, агрэст, кабета, літасць, тлусты, млын;
  •  з украінскай мовы: бадзёры, забабоны, плюгавы, журыцца, чупрына;
  •  русізмы: азнаменаваць, вінтоўка, мясарубка, саратнік, чарцёж;

Запазычаныя словы з неславянскіх моў:

  •  грэцызмы: акадэмія, кафедра, камедыя, геаметрыя, космас, фантазія, бібліятэка;
  •  лацінізмы: аўтар, акцёр, дэкан, дырэктар, інспектар, прафесар, гумар, тэрмін, цэнтр, атэстат;
  •  германізмы: жабрак, майстар, слесар, швагер, варта, рота, гандаль, ганак, ланцуг, лямпа, труна, шафа, фальварак, цукар, гафт, коўдра, цэгла, футра, барва;
  •  з французскай мовы: абажур, абсурд, акварэль, афіша, апарат, бюро, бламанжэ;
  •  англіцызмы: байкот, бар, баскетбол, бокс, біфштэкс, долар, танк, фільм, трэнер;
  •  з італьянскай і іспанскай мовы: акорд, арыя, бас, віла, капэла, купал, кампазітар, фантан;
  •  са скандынаўскіх моў: акула, вікінг, нарты, сані, тундра, якар.

АСНОЎНЫЯ ПРЫКМЕТЫ ЗАПАЗЫЧАНЫХ СЛОЎ

  1.  Наяўнасць у слове літары ф: фарба, фабрыка.
  2.  Пачатковая галосная о, э, а : Эма, ода, атака.
  3.  Спалучэнне ге, ке, хе ў корані слоў: агент, схема, кельма.
  4.  Спалучэнне бю, кю, вю, мю, пю, фю ў корані: бюро, кювет, рэвю, камюніке, капюшон, фюзеляж.
  5.  Спалучэнне галосных у корані (ау, іо, ыо, еа, эа, іё, ыё): ідэал, Трыо, геаметрыя, аул і г. д.
  6.  Цвёрдасць зычных  д, т у спалучэннях дэ, тэ, ды, ты: дэтэктыў, тэатр, дыплом, дэкаратар.
  7.  Прыстаўкі –а-, -анты-, -архі-, -контр-, -рэ-, -дэ-, -дыс-, -амфі-: амаральны, антыцыклон, рэфармацыя і г. д.
  8.  Суфіксы -–ізм-, -ызм-, -іст-, -ыст-, -ір-, -ыр: арганізм, капіраваць, сацыяліст.
  9.  Наяўнасць у слове спалучэнняў –ум, -ус, -юс: подыум, конус, полюс.
  10.  Наяўнасць спалучэнняў зычных –дл-, -тл-, -шт-, -шп-: вяндліна, тлусты, штаб, шпрыц.
  11.  Наяўнасць спалучэнняў –ен-, -ён-, -эн-: маёнтак, енк, пэндзаль.     

Прыток запазычанай лексікі непазбежны, як непазбежны зносіны розных народаў і краін. За кошт запазычанняў пашыраюцца сінанімічныя рады і актывізуецца тэрмінаўтварэнне. Ужыванне запазычаных слоў павінна быць апраўдана. У большасці сваёй запазычаныя кніжныя словы зусім не абавязковыя  ў бытавых моўных зносінах. У беларускай літаратурнай мове шмат запазычанняў з рускай мовы. Да іх трэба падыходзіць з тымі ж патрабаваннямі, што і да ўсякіх іншых запазычанняў: “…з двух блізкіх слоў, запазычанага і роднага, лепшае тое , якое дакладней выражае паняцце” (В. Бялінскі). У газеце чытаем: “Яны, дзве маладыя і бадзёрыя дзяўчынкі, таропяцца да кароўніка”. У гэтым сказе не апраўдана ўжыты русізм “таропяцца”. У беларускай мове ёсць цудоўны адпаведнік “ спяшаюцца”. Засмечаная русізмамі мова атрымала назву “трасянка”. Неапраўданае змяшэнне рускай і беларускай лексікі ўспрымаецца як паказчык нізкай моўнай культуры.

ЛЕКЦЫЯ 10. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага ўжывання

  1.  Лексіка беларускай мовы паводле ўжывання. Агульнаўжывальная лексіка.
  2.  Лексіка абмежаванага ўжывання. Дыялектызмы.
  3.  Спецыяльная лексіка. Тэрміны. Прафесіяналізмы.
  4.  Размоўна-бытавая лексіка.

Асноўныя паняцці: дыялектызм, тэрмін, прафесіяналізм, табу, жаргон, арго.

Літаратура:

  1.  Беларуская мова: Фанетыка. Арфаэпія: Падручнік для навучэнцаў педвучылішчаў /Я. М. Адамовіч. Выд. 2-е. – Мінск: Выш. школа, 1992.
  2.  Ляшчынская В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка. – Мінск, 2001.
  3.  Сямешка Л І. Курс беларускай мовы. – Мінск, 1996.
  4.  Цікоцкі М. Я. Стылістыка беларускай мовы. – Мінск, 1995.
  5.  Янкоўскі Ф. М. Беларуская мова. 3-е выд. – Мінск, 1978.

1.Лексіка беларускай мовы паводле ўжывання. Агульнаўжывальная лексіка

Аснову мовы складаюць усім добра вядомыя словы, якія ўваходзяць у лексікон кожнага чалавека. Гэта агульнаўжывальныя словы. Да іх можна аднесці такія словы, як “заўтра, каляндар, маці, краіна, ён, дрэва, прыгожы” і г. д. У процівагу ім існуюць словы, якімі карыстаюцца не ўсе, толькі некаторыя носьбіты мовы, якія жывуць у межах пэўнай тэрыторыі або ўтвараюць замкнутую сацыяльную ці прафесіянальную групу. Такія словы складаюць лексіку абмежаванага ўжывання: дыялектную, спецыяльную, размоўна-бытавую.

2.Дыялектная лексіка

Дыялектная лексіка (дыялектызмы) абмежавана тэрыторыяй ужывання. Вылучаюць наступныя дыялектызмы:

  •  уласналексічныя;
  •  этнаграфічныя;
  •  семантычныя;
  •  фанетычныя;
  •  граматычныя;
  •  словаўтваральныя.

Уласналексічныя дыялектызмы -  гэта тыя назвы з’яў, прадметаў, для абазначэння якіх у літаратурнай мове ўжываюцца словы з іншай асновай, напрыклад: пасталы ‘лапці’, гала ‘прастора’.

Этнаграфічныя дыялектызмы – назвы прадметаў, з’яў, якія не маюць адпаведніка ў літаратурнай мове: бодня ‘вялікая бочка’, кабат ‘жаночае адзенне без рукавоў’.

Семантычныя – агульнанародныя словы, якія ўжывацца ў пэўнай мясцовасці з іншым значэннем, чым у літаратурнай мове: чалавек ‘муж’, гуска ‘белая лілея’, пушыцца ‘дзьмуцца’.

Фанетычныя – словы, што адлюстроўваюць фанетычныя асаблівасці пэўнай гаворкі: болото, забуў, штрап.

Граматычныя – такія словы, што адлюстроўваюць граматычныя асаблівасці дыялекту: хадзіцьму (форма будучага часу, літаратурная – буду хадзіць), ходзя (форма 3-й асобы адз. л. 2-ога спр.), смяяліса (зваротная форма дзеялова з постфіксам –са, у літаратурнай мове  постфікс –ся, смяяліся), жывець (форма 3-яй асобы адз. л. 1-ага спр.).

Словаўтваральныя дыялектызмы – словы, якія адрозніваюцца ад адпаведных літаратурных словаўваральнымі сродкамі: настольніца – настольнік (літ.), вобуй – абутак (літ.), жаўранак – жаваранак (літ.). 

3.Спецыяльная лексіка. Тэрміны. Прафесіяналізмы

Да спецыяльнай лексікі адносяць словы, якія ўжываюць і разумець людзі пэўнай спецыяльнасці. Гэтыя словы ўключаюць тэрміналагічную і прафесійную лексіку.

Тэрмін (лац. terminus ‘канец, мяжа’) – гэта спецыяльнае слова ці спалучэнне слоў, створанае для дакладнага выражэння спецыяльных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў, напрыклад: менеджмент ‘кіраванне вытворчасцю; сукупнасць прынцыпаў, метадаў, сродкаў і форм кіравання вытворчасцю’, гідрат ‘злучэнні рэчываў з вадой, напрыклад, медны купарвас ‘. Тэрмін -  спецыяльнае паняцце, якое ўзнікае ў пэўнай галіне навукі, тэрмін – імя гэтаму паняццю. Асаблівасцю тэрмінаў з’яўляецца тое, што значэнне звычайнага слова можа быць растлумачана, а сутнасць тэрміна павінна быць максімальна вызначана. У тэрмінах заключаецца “максімальна дакладнае, канцэнтраванае, эканамічнае выражэнне тых агульных і прыватных паняццяў, з якімі спалучана навуковая і тэхнічная дзейнасць чалавека”. Сукупнасць тэрмінаў пэўнай навукі называецца тэрміналогіяй. Слова “тэрміналогія” мае два асноўныя значэнні:

  •  сістэма тэрмінаў адной галіны навукі, тэхнікі, мастацтва;
  •  сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай мовы.

Так, можна гаварыць аб біялагічнай, лінгвістычнай, правазнаўчай, эканамічнай, матэматычнай і іншых тэрміналогіях. Тэрміны патрабуць спецыяльнай падрыхтоўкі ў пэўнай галіне навукі, тэхнікі, культуры, яны зразумелыя толькі тым, хто вывучае, займаецца, працуе ў гэтай сферы. Прафесійная падрыхтоўка патрабуе авалодвання тэрмінамі. Для бухгалтара важна ведаць сутнасць тэрмінаў “дэпазіт, калькуляцыя, дэбет” ; для механіка – “кампрэсар, акумуляцыя” і г. д. Тэрмін валодае шэрагам асаблівасцей. Адназначнасць тэрміна. Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце ў навуцы і тэхніцы, а кожнаму паняццю павінен адпавядаць адзін тэрмін. Напрыклад, у матэматыцы тэрмін “каардынатная прамая” абазначае ‘прамая з выбранымі на ёй пачаткам адліку, адным адрэзкам і накіраваннем’; у хіміі, біялогіі тэрмін “адсорбцыя” - ‘паглынанне часціц газу ці растворанага рэчыва паверхневым слоем вадкага ці цвёрдага рэчыва’. Паколькі мнагазначнасць шырока прадстаўлена ў агульнай лексіцы, то яна (мнагазначнасць) знаходзіць распаўсюджанне і ў тэрміналогіі.

Асабліва яна назіраецца сярод дзеясловаў як больш абстрактных слоў: заключыць – 1)’здзейсніць здзелку’, ‘ажыццявіць дагавор’; 2)’спыніць выступленне’, ‘абагуліць’. Навука і тэхніка імкнецца пазбегнуць мнагазначнасці ў тэрміналогіі. У пэўных выпадках назіраецца тэндэнцыя дыферэнцыяцыі шляхам суфіксальных утварэнняў ці ўжывання розных граматычных форм. Тэрмін “дэпанент” мае два значэнні: 1)’укладчык дэпазіту’, 2)’асоба, якой належыць грашовая сума, не выплачаная прадпрыемствам або ўстановай з якіх-небудзь прычын у вызначаны час. Каб пазбегнуць мнагазначнасці, са значэннем ’укладчык дэпазіту’ выкарыстоўваецца тэрмін “дэпазітар”, а тэрмін “дэпанент” – са значэннем ‘асоба, якой належыць грашовая сума’.

Тэрмін характарызуецца адсутнасцю экспрэсіі, эмоцый. Іншы раз тэрміны шырока ўжываюцца ў паўсядзённым жыцці і зразумелы насельніцтву – гэта агульназразумелыя тэрміны: эпідэмія, банк.

Прафесійная лексіка (прафесіяналізмы) блізкія да тэрмінаў; розніца ў тым, што тэрмін – афіцыйная назва, узаконеная ў пэўнай галіне навукі ; прафесіяналізм – слова, распаўсюджанае пераважна ў гутарковай мове, сярод людзей пэўнай прафесіі, спецыяльнасці: у шафёраў – “баранка”, у газетчыкаў – “ляп” (памылка), “паласа” (старонка газеты), “падвал” (ніжняя часка паласы газеты).

Цікава ведаць (з гісторыі тэрміналогіі): тэрміналагічная лексіка беларускай нацыянальнай літаратурнай мовы пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. Яе склад вызначаецца зместам нешматлікіх кніг і брашур вучэбнага і навукова-папулярнага характару, што з’явіліся яшчэ ў дарэвалюцыйны час на беларускай мове пасля абвяшчэння царызмам так званага “закона аб свабодзе друку”, і зместам розных артыкулаў, якія публікаваліся на старонках беларускіх газет і часопісаў таго часу. Словы і словазлучэнні, што ўжываліся для абазначэння паняццяў, мелі агульнаўжывальны характар, аднак паступова акрэсліваліся такія прыкметы тэрмінаў, як адназначнасць, сістэмнасць арганізацыі тэрмінаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі задача стварэння беларускай тэрміналогіі была аб’яўлена адной з першачарговых, і ў 1924 годзе пачалася свядомая, мэтанакіраваная тэрмінатворчасць. Галоўны прынцып дзейнасці Навукова-тэрміналагічная камісія вызначыла так: “ Што тычыцца самога характару тэрміналогіі, то ў аснову яе браліся словы, якія існавалі ў жывой народнай мове…” Але паколькі народная лексіка ўсё ж заставалася тэматычна абмежаванай і неўнармаванай, то гэта прадвызначыла шырокую дублетнасць і варыянтнасць тэрмінаў, незразумеласць семантычных сувязей паміж тэрмінамі, праектны характар першых тэрміналагічных слоўнікаў. Кіруючымі напрамкамі ў вызначэнні шляхоў развіцця беларускай мовы былі названы: арыентацыя на ўласнабеларускія лексічныя і словаўтваральныя сродкі, пераасэнсаванне семантыкі слоў, паглыбленне ў рэсурсы тэрытарыяльных дыялектаў. Аб гэтым пісалі Я. Лёсік “Некаторыя ўвагі да беларускае літаратурнае мовы” (1924), С. Некрашэвіч “Да пытаньня аб укладаньні слоўніка жывой беларускай мовы” (1925).

4.Размоўна-бытавая лексіка

Размоўна-бытавая лексіка ўжываецца пераважна ў размоўным стылі, хаця многія яе словы блізкія да агульнаўжывальных і сустракаюцца ва ўсіх стылях. У беларускай літаратурнай мове, якая склалася на аснове жывых народных гаворак, рэзкую мяжу паміж агульнаўжывальнымі і размоўна-бытавымі словамі наогул правесці вельмі цяжка.

Напрыклад :

размоўныя :

агульнаўжывальныя:

галёкаць

крычаць

засівіць

забяліць

згадка

успамін

зглуміць

сапсаваць

згрызота

перажыванні

лайдак

лодар

скокі

танцы

Многія размоўна-бытавыя словы ўжываюцца ў мастацкім стылі, у публіцыстычным. Найбольш экспрэсіўнай разнавіднасцю размоўнай лексікі з’яўляецца прастамоўная. Гэта стылістычна зніжаныя словы: валацуга, выперці, жлукціць, гніда, змікіціць. Прастамоўныя словы і выразы часцей маюць адмоўнае значэнне, яны ўжываюцца са спецыяльнай стылістычнай устаноўкай – для надання тэксту гумарыстычнай або іранічнай афарбоўкі:

                            Ды перабраў тут дзядзька меру:

                            На слуп узбіўся, на халеру,

                            Ды так аб падлу штурхануўся,

                            Што свет яму перавярнуўся…

Я. Колас “Новая зямля

У размоўна-бытавую лексіку ўваходзяць таксама жарганізмы ( фр. jargon ‘умоўная гаворка’) – гэта сукупнасць лексічных асаблівасцей якога-небудзь кола людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, сумесным дзеяннем. Большасць жаргоннай лексікі – экспрэсіўна афарбаваныя словы. У наш час жаргонныя словы сустракаюцца ў мове школьнікаў, студэнтаў, напрыклад: зазубрыць, кол, пара, засыпацца, хвост, продкі, жалезна, шпора. Да жарганізмаў належаць умоўныя словы і назвы, якія бытуюць у асяроддзі прадстаўнікоў розных прафесій і сацыяльных груповак. Гэта так званыя аргатызмы – засакрэчаны, тайны жаргон, які вядомы толькі вузкаму колу людзей ( знахараў, шаптуноў, злодзеяў).

Аргатызмамі трэба лічыць таксама лаянкавыя словы, шматлікія скарочаныя і спрошчаныя фармулёўкі, распаўсюджаныя сярод людзей, якія не сочаць за сваёй мовай, фанабэрацца “моднымі” слоўцамі, накшталт “сіла”, “стыльна”, “законна”, “жалезна”. У апошні час вылучаюць табуістычную лексіку(ад слова “табу” – ‘строгая забарона’) як разнавіднасць жарганізмаў. Гэта найбольш грубыя лаянкавыя словы, якія абражваюць чалавека; распаўсюджаны сярод людзей нявыхаваных, няўстойлівай псіхікі. Жаргонная лексіка засмечвае літаратурную мову і не мае права існаваць у ёй. Яны зрэдку сустракаюцца пры апісанні пэўных сацыяльных з’яў, для моўнай характарыстыкі асобных персанажаў.

ЛЕКЦЫЯ 11. Шляхі і крыніцы фарміравання беларускай навуковай тэрміналогі

1.Тэрміны вузкаспецыяльныя і міжнавуковыя. Тэрміны-інтэрнацыяналізмы.

2.Адаптацыя запазычаны тэрмінаў у беларускай мове.

3.Аманімія, сінанімія, антанімія ў тэрміналагічнай лексіцы.

4.Асаблівасці перакладу тэрмінаў з рускай мовы на беларускую.

Асноўныя паняцці: тэрміны-інтэрнацыяналізмы, інтэрнацыянальныя словаўтваральныя сродкі, адаптацыя лексем; аманімія, сінанімія, антанімія тэрмінаў; транскрыпцыя і транслітарацыя.

Літаратура:

  1.  Даўгулевіч Н. М. Запазычаная лексіка сферы інфармацыйных тэхналогій. – Веснік адукацыі. – 2004. - № 1.
  2.  Ляшчынская В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка. – Мінск, 2001.
  3.  Словарь иностранных слов. – 14 изд., испр. – М.: Русский язык, 1987.

1.Тэрміны вузкаспецыяльныя і міжнавуковыя. Тэрміны-інтэрнацыяналізмы

Тэрміны могуць быць вузкаспецыяльныя і міжнавуковыя (агульнанавуковыя)6. Вузкаспецыяльныя разумеюць і ўжываюць толькі спецыялісты: суфіксоіды ‘элементы слова, якія па сваёй ролі набліжаюцца да суфіксаў’; люмінафоры ‘рэчывы, што выклікаюць свячэнне’. Міжнавуковыя тэрміны ўжываюцца ў працах розных галін ведаў: сінтэз, гіпотэза, планаваць.

У беларускай мове тэрміны паводле паходжання можна падзяліць на ўласныя і іншамоўныя. Сярод іншамоўных тэрміны-інтэрнацыяналізмы займаюць значнае месца ў беларускай навуковай тэрміналогіі. Часцей за ўсё гэта словы з грэчаскай ці лацінскай моў: амонімы (грэч.homos ‘аднолькавы’+  onyma ‘імя’ -  homonyma); апліката (лац. applicata ‘прылеглая, сумежная’); вібратар (лац. vibrare ‘дрыжаць’); фанатэка (грэч. phone ‘гук’); плазматрон (лац. plasma ‘фізічнае рэчыва ў моцна іанізаваным стане, прычынай можа служыць высокая тэмпература ці сутыкненне часціц газу з хуткімі электронамі’ + (элек)трон ‘генератар’ – газаразрадны прыбор для атрымання “нізкатэмпературнай” плазмы.

Даволі часта ўжываюцца іншамоўныя (інтэрнацыянальныя) сродкі ўтварэння тэрмінаў:

  •  прыстаўкі: анты-‘супраць’ (грэч.) антываенны, архі-‘галоўны’ (грэч.) архіважны, інтэр- ’паміж’ (лац.), супер-‘звыш’ (лац.) супергульня, суб- ‘пад’ (лац.) субінспектар, экс- ‘былы’ (лац.) экс-прэзідэнт, дэ-‘адмена’ (лац.) дэмаралізацыя, ды-‘два’ (грэч.) дыграф, віцэ-‘замест, намеснік’ (лац.) віцэ-адмірал, бі- ‘два’ (лац.) біквадратны, дэз- ‘знішчэнне’ (фр.) дэзінфармацыя;
  •  суфіксы: -ізм- (байранізм, дарвінізм), -іст-, -тар- (дэбітар, аўдытар);
  •   словаўтваральныя фарманты: -ацыя (канцэнтрацыя),-лог/логія (біялогія), -фон (мікрафон), мікра ‘малы’ (мікракосмас), макра ‘вялікі’ (макраэканоміка), біё ‘жыццё’ (біёлаг), тэле ‘далёка’ (тэлеаб’ектыў), гідра ‘водны’ (гідрастанцыя), аэра ‘паветраны’ (аэрадынаміка), ультра ‘далей, зверх’ (ультрагук).

2.Адаптацыя запазычаных тэрмінаў у беларускай мове

Апошнія дзесяцігоддзі 20-га і пачатку 21-га стст. характарызуюцца значным папаўненнем лексікі сучаснай беларускай мовы запазычаннямі. У першую чаргу гэты працэс тлумачыцца пазамоўнымі фактарамі – кардынальнымі пераўтварэннямі ў жыцці грамадства, развіццём навукі, тэхнікі. У беларускай мове проста адсутнічаюць адпаведныя словы, якія існуюць у мове-крыніцы; часцей за ўсё гэта звязана з адсутнасцю паняццяў, вызначаных і названых пэўнымі тэрмінамі ў мове-крыніцы. Адметныя асаблівасці запазычвання тэрмінаў:

  •  пісьмовы шлях пранікнення запазычаных тэрмінаў;
  •  свядомае ўздзеянне на працэс запазычвання (хоць ёсць магчымасць планамернага і заканамернага фарміравання тэрміналогій);
  •  стан развіцця і ўжывання нацыянальнай мовы;
  •  роля моў-суседак (у прыватнасці, праз рускую мову ідзе запазычванне ў беларускую);
  •  пранікненне запазычаных слоў у старабеларускую мову, а затым у сучасную беларускую мову (пульс, рэцэпт, кмін, лілея, пальма).

У складзе розных тэрмінасістэм беларускай мовы выкарыстоўваюцца запазычанні з:

- лацінскай мовы: аўдыт, аўкцыён, абсорбцыя, адсарбент, аргумент;

- грэчаскай мовы: метафара, гіпс, ідэя, аналогія, гіпатэнуза;

- нямецкай: біржа, валюта, рэнтабельны, кварцавы, вінт, дросель, муфта, вентыль;

- французскай: бюджэт, акцыя, бетон, брыкет, кабіна, эксплуатацыя, рэле, жанр, кантраст, мантаж, сюжэт;

- італьянскай: мецца-сапрана, санет, гальванічны, фірма, сальда, банк, мафія;

- англійскай мовы: бізнес, бартэр, ваўчар, маркетынг, менеджмент, блок, ралі, фарсунка, тэкст, фальклор.

У сённяшнім постіндустрыяльным грамадстве роля інфармацыйных тэхналогій надзвычай важная. Менавіта ў галіне камунікацый і новых тэхналогій наглядаецца вялікая колькасць слоў з англійскай мовы (англіцызмы і амерыканізмы ‘запазычанні з амерыканскага варыянта англійскай мовы’). Галоўная праблема звязана з засваеннем  новых слоў беларускай мовай. Хуткасць развіцця інфармацыйных тэхналогій выклікае масавыя запазычанні, якія або не фіксуюцца ў слоўніках, або адлюстроўваюцца з парушэннем арфаграфічных і арфаэпічных норм. Пры запазычванні слоў-тэрмінаў адбываецца іх частковае падпарадкаванне законам беларускай мовы, адбываецца адаптацыя слоў, якая ўключае:

1) гукі [ж, дж, р, ц, ч, ш,] вымаўляюцца цвёрда і ў арфаграфіі запісваюцца як зацвярдзелыя: брыкет, джоўль;

2) гук [г] фрыкатыўны: маркетынг;

3) пераход о,э – а (аканне): геаметрыя, канцэнтрацыя;

4) частковы пераход д – дз’ (дзеканне): дзюбель, дэтэктыў;

5) частковы пераход т – ц’ (цеканне): карацін, пекцін, але аўдытар, тэрмометр;

6) змяненне граматычных форм пад уздзеяннем законаў беларускай граматыкі: драма, тэарэма ( у грэч. мове  - ніякі род; у бел. мове – жаночы род); эліпсіс, сепсіс ( у грэч. мове – жаночы род, у бел. мове – мужчынскі род);

7) змяненне марфемнай структуры: конус, бонус (у лац. мове – муж. род) – конус, бонус (у бел. мове) або cursus – курс; рroduktus – прадукт (канчатак us страчваецца); акварыум, дэндрарыум (um – былы лацінскі канчатак); vexillum,  decretum, ellementum – вексель, дэкрэт, элемент (канчатак знік);

8) пераход у (складовага) - ў (нескладовае) пасля галоснай: роўмінг, ноўтбук;

9) адсутнасць падаўжэння ў іншамоўных лексемах: банер;

10) праяўленне пабочнага націску; некаторыя запазычаныя словы з’яўляюцца складанымі (ці з’яўляюцца ўстойлівымі спалучэннямі і ўяўляюць сабой адно фанетычная цэлае): он-лайн (англ. on- line, ад on’на’ + line’лінія’). Асноўны націск перамясціўся на апошні склад.У гэтым выпадку ў першым складзе праяўляецца пабочны націск: он-лайн.

11) у беларускай мове англійскія словы набываюць катэгорыю склону: канцэрн (-а, -у, -ам, -е), эскалацыя, дысплей, сайт. Ёсць выпадкі, калі форма не змяняецца: інтэрв’ю, мультымедыя.

У сувязі з гэтым існуюць фанетыка-графічныя варыянты засваення запазычаных слоў (лексем), але гэта натуральны працэс, уласцівы кожнай мове. Якія прычыны ўзнікнення варыянтаў?

1.Уплыў моў-пасрэднікаў, у прыватнасці, рускай мовы. Так, у слове ”Інтэрнет” ужыванне галоснай  е  для абазначэння цвёрдасці  н  не адпавядае беларускаму вымаўленню і звязана з пасрэдніцтвам рускай мовы; больш правільна будзе ўжываць  э. Тое ж можна сказаць аб словах “дысплей, пейджэр.

2.Розныя спосабы перадачы запазычанняў: транскрыпцыя – гукавая перадача іншамоўнай лексікі сродкамі прымаючай мовы; транслітарацыя – палітарная перадача слова: англ. browser – (спосаб транскрыпцыі)браўзер, (спосаб транслітарацыі) броўзер; англ. computer – (спосаб транскрыпцыі) камп’ютэр, (спосаб транслітарацыі) кампутэр.

3.Аманімія, сінанімія, антанімія ў тэрміналагічнай лексіцы

Тэрміны ў пэўнай тэрмінасістэме могуць уступаць у сінанімічныя, антанімічныя, аманімічныя адносіны. Сінанімічныя тэрміны характарызуюць аднолькавыя паняцці: фіцінг, муфта ‘дэталь, пры дапамозе якой злучаюцца пры разьбе трубы’; ахраматызм, дальтанізм ‘здольнасць аптычнай сістэмы не раскладаць светлавога праменя на састаўныя колеры пры пераламленні’; калумбіт, ніабіт ‘мінерал класа вокісаў і гідравокісаў чорнага або буравата-чорнага колеру; руда ніобію’.

Тэрміны могуць абазначаць супрацьлеглыя паняцці. Амаль у кожнай галіне навукі, тэхнікі выдзяляюць антонімы: актыў – пасіў, лізіс ’растварэнне, аслабленне’ – крызіс ‘паваротны пункт, рэзкі пералом’; монасемія – полісемія; бедная руда – багатая руда; вадкае паліва – цвёрдае паліва; пункт замярзання – пукт кіпення; жорсткая вада– мяккая вада; насычаныя растворы – ненасычаныя растворы; растваральныя рэчывы – нерастваральныя рэчывы; упускны клапан – выпускны клапан; закрыты фланец – адкрыты фланец; мантаж – дэмантаж; камфорт – дыскамфорт; плаўкі электрод – няплаўкі электрод і г. д. Няцяжка заўважыць, што антанімічнасць ствараецца дзякуючы розным словам з супрацьлеглым паняццем; дзякуючы выкарыстанню антанімічных прэфіксаў, антанімічных асноў (дробназярністы – буйназярністы); наяўнасці прэфікса з адмоўным значэннем у адной лексеме і адсутнасцю яго ў другой.

Аманімія тэрмінаў узнікае пры распадзе полісеміі, ці калі мнагазначнае слова ў выніку разыходжання значэнняў утварае аднолькавыя па гучанні, але розныя па значэнні словы-тэрміны. Такія тэрміны належаць розным тэрмінасістэмам, у выніку назіраецца міжнавуковая аманімія:

  •  марфалогія (ад грэч. morphe ‘форма’ і logos ‘слова, вучэнне’) – у лінгвістыцы – раздзел граматыкі, які вывучае формы слоў; у біялогіі – навука аб форме і будове чалавека і жывёл; у батаніцы – навука, якая вывучае будову і формаўтварэнне раслін;
  •  грэбень (тэх., агранам., гідраўл.);
  •  хобат (анатам., тэх.);
  •  абарачальнасць (эканам., хім.);
  •  матрыкс (лац. matriks ‘аснова’) – у біялогіі – дробназярністае рэчыва, якое запаўняе ўнутрыклетачныя структуры і прасторы паміж імі; у паліграфіі – адзін са сродкаў вырабу эластычных форм высокага друку;
  •  дэльта ‘нізіна ў вусці ракі, прарэзаная вялікай колькасцю рукавоў і пратокаў’ (геаграф.); у лінгвістыцы – ‘чацвёртая літара грэчаскага алфавіта’; у фізіцы, хіміі – ‘абазначэнне аднаго са станаў рэчыва, напрыклад, дэльта-жалеза’(гэта адзін са станаў жалеза, у якім яно знаходзіцца пры t ад 1401 да 1528; не магнітнае; растварае вуглярод).

4.Асаблівасці перакладу тэрмінаў з рускай мовы на беларускую

Галоўная задача пры перакладзе тэкстаў навуковага стылю з рускай мовы на беларускую заключаецца ў наступным:

  •  перакладаць неабходна не кожнае слова паасобку, а ў кантэксце, каб тэкст быў дакладным і мілагучным, каб кожны тэрмін адпавядаў свайму паняццю;
  •  неабходна памятаць, што вялікая колькасць слоў-тэрмінаў запазычана і яшчэ не канчаткова адаптавана ў беларускай мове; асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на выключэнні ў правапісе   ў; е, ё – я; о, э – а; падоўжаных зычных; д – дз’ і т – ц’; у большасці выпадкаў іншамоўныя словы выступаюць як выключэнні;
  •  тэрміны, як і агульнаўжывальныя словы, у большасці выпадкаў падпарадкуюцца законам беларускай граматыкі: скланяюцца (біржа – біржай, ліцэнзія - ліцэнзіяй), спрагаюцца (фрахтаваць – фрахтую ‘від арэнды (судна, самалёта)’, утвараюць ступені параўнання (больш актуальна), але ў выпадку з прыметнікамі, дзеепрыметнікамі ёсць свае асаблівасці: у беларускай мове пераважаюць поўныя формы прыметнікаў (падаткавая, камерцыйнае); дзеепрыметнікі ўжываюцца ў поўнай і кароткай форме (зроблена, даследавана, даследаваная), але зусім адсутнічаюць зваротныя формы на –ся: параўнаем, вращающийся (рус.) – які варочаецца (бел); у дзеепрыметнікаў таксама абмежавана ўжыванне суфіксаў –уч-, -юч-, -ач-, -яч-, -ем-, -ім-, -ўш-, -ш- (кіруючыя органы, кіруемы); найбольш ўжывальныя суфіксы –ен-, -ан-, -н-, -т-, -л- (запраграмаваная, выпечаная, падагрэтая). Пры перакладзе дзеепрыметнікаў можна ўжыць блізкія па значэнні прыметнікі, дзеясловы, назоўнікі.

Пры перакладзе тэрмінаў не трэба забывацца на такую з’яву, як моўная інтэрферэнцыя7. Неабходна ўлічваць адрозненні беларускай і рускай моў на ўсіх узроўнях: фанетычным, арфаграфічным, марфалагічным, сінтаксічным.

ЛЕКЦЫЯ 12. Лінгвістычнае ўпарадкаванне тэрміналогіі

1.Тэрмінасістэмы (эканамічна-бухгалтарская, фізіка-тэхнічная, медыка-біялагічная, прамыслова-гандлёвая і г. д.).

2.Патрабаванні да тэрмінаўжывання.

3.Лексічныя, семантычныя, граматычныя асаблівасці тэрміналогіі.

4.Асаблівасці выкарыстання разам з тэрмінам сімвалаў, лічбаў.

Асноўныя паняцці: тэрміналагічная сістэма, сэнсавая афарбоўка, словы-тэрміны, словазлучэнні-тэрміны, сімвалы, формулы, лічбы.

Літаратура:

  1.  Ляшчынская В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка. – Мінск, 2001.
  2.  Цікоцкі М. Я. Стылістыка беларускай мовы. – Мінск: Універсітэцкае, 1995.
  3.  Руденка Е. Н. Белорусский язык. Профессиональная лексика. – Мінск, 2005.

1.Тэрмінасістэма (эканамічна-бухгалтарская, фізіка-тэхнічная, медыка-біялагічная, прамыслова-гандлёвая і г. д.)

Кожны тэрмін з’яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы. А пэўная тэрміналагічная сістэма абмежавана адной галіной навукі. Тэрміны ў межах пэўнай сістэмы – члены адной сям’і. Яны залежаць адзін ад аднаго, кожнае слова мае сваё месца. Гэтая сістэмная залежнасць адзінак унутры тэрміналогіі – галоўная характарыстыка адзінак гэтага тыпу. Так, тэрмін выяўляе адназначнасць і атрымлівае яе менавіта праз прыналежнасць да дадзенай сістэмы. Напрыклад, слова “флюс” у медыцынскай тэрміналогіі азначае ‘паднадкосцевы ці паддзяснёвы гнайнік, які суправаджаецца ацёкам тканак вакол’, флюс у металургіі ‘матэрыял, які ўводзіцца ў шыхту пры выплаўцы і пераплаўцы металаў для ўтварэння шлакаў пэўнага саставу’. Тэрміналагічныя сістэмы розных галін навукі і тэхнікі, нягледзячы на іх адрозненні, маюць агульныя рысы, паколькі складаюцца з лексічнага матэрыялу той мовы, на якой гавораць вучоныя, і з выкарыстаннем некаторых лагічных заканамернасцей. Так, напрыклад, у мінералогіі паслядоўна пры ўтварэнні тэрмінаў выкарыстоўваецца словаўтваральны сродак –іт-, -ыт-: вулканіт, гейзерыт, кальцыт; у хіміі ўжываецца словаўтваральны сродак -ый-, -ій- для абазначэння хімічных элементаў: германій, гелій, індый, натрый і г. д. Тэрміны, такім чынам, суадносяцца з іншымі найменнямі ў пэўнай галіне навукі і тэхнікі і ўтвараюць разам тэрміналагічную сістэму, ці тэрмінасістэму. Можна гаварыць пра эканамічна-бухгалтарскую, фізіка-тэхнічную, медыка-біялагічную, гандлёвую, харчовую і іншыя тэрмінасістэмы. Напрыклад:

каштарыс, дэбіторская запазычанасць, трасат, трасант, пасіў – эканамічна-бухгалтарская тэрмінасістэма;

аказіянальны, вакатыў, інфінітыў, кампаратыў – лінгвістычная тэрмінасістэма;

пастэрызацыя, гамагенезацыя, нармалізацыя, ферментацыя, дэнатурацыя – харчовая (малочная) прамысловасць;

прывад, паўправаднік, інтэрпаляцыя, генерыраваць, дэфармацыя, вібрацыя -  тэхнічная тэрмінасістэма.

2.Патрабаванні да тэрмінаўжывання

Асноўныя патрабаванні да тэрмінаўжывання: дакладнасць, яснасць, адназначнасць, сістэмнасць, г. зн. тэрмін павінен ужывацца ў адным значэнні, без дадатковых сэнсавых афарбовак (памяншальна-ласкальных, павелічальна-пагарджальных, прастамоўных, гутарковых), павінен адпавядаць канкрэтнаму навуковаму паняццю, якое ўжываецца ў межах пэўнай галіны навукі. У сувязі з павышэннем культурнага ўзроўню народа, з развіццём навукі і тэхнікі колькасць тэрмінаў , якія, не губляючы сваіх тэрміналагічных функцый, атрымліваюць шырокае літаратурнае выкарыстанне, значна павялічваецца. Гэтаму садзейнічаюць газеты, радыё, масавая навукова-папулярная літаратура. Аднак менавіта тут часцей за ўсё сустракаюцца выпадкі загрувашчвання тэкстаў вузкаспецыяльнымі тэрмінамі і прафесіяналізмамі. Вось урывак з артыкула ветэрынарнага ўрача (надрукаваны ў газеце):

Яшчур – вострае кантагіёзнае захворванне, якое рапаўсюджваецца ў выглядзе эпізаотыі і паражае пераважна буйную рагатую жывёлу. Хвароба характарызуецца наступнымі прыметамі:з’яўленне на венцах капытоў, у ротавай поласці, сасках вымені эрозій з выразнай здольнасцю да хуткага загнойвання.

Падкрэсленыя словы будуць незразумелыя большасці чытачоў, на якіх разлічаны артыкул. Гэта яшчэ раз даказвае, што вузкаспецыяльныя тэрміны павінны ўжывацца ў навуковай літаратуры, значэнне такіх слоў зразумела толькі спецыялістам. У іншых сферах дзейнасці трэба ўжываць або агульназразумелыя тэрміны, або пазбягаць іх выкарыстання зусім, замяняючы іх даступнымі тлумачэннямі.

3.Лексічныя, семантычныя, граматычныя асаблівасці тэрміналогіі

Тэрміны паводле будовы суадносяцца са словамі ці спалучэннямі слоў, часцей за ўсё са словазлучэннямі. Разгледзім падрабязна кожную групу тэрмінаў.

1.Словы-тэрміны не могуць існаваць па-за межамі часцін мовы, але ў якасці тэрмінаў выкарыстоўваюцца толькі назоўнікі, прыметнікі, прыслоўі, дзеясловы. Асноўную колькасць слоў-тэрмінаў складаюць назоўнікі. Напрыклад: паўфабрыкат, рэкламаванне, купон, буцік, дэмпінг (слоўнік па маркетынгу); акрэдытыў, акцыз, аўдыт, аўдытар (слоўнік менеджэра); каагуляцыя, дэнатурацыя, інактывацыя, казеін, фермент (са слоўніка інжынера-тэхнолага малочнай прамысловасці). У якасці аднаслоўных тэрмінаў часта выкарыстоўваюцца ўласныя імёны, якія, перайшоўшы ў разрад тэрмінаў, становяцца агульнымі назоўнікамі. Да такіх тэрмінаў можна аднесці адзінкі вымярэння фізічных велічынь, названыя ў гонар адкрывальнікаў, напрыклад: ампер ‘адзінка сілы току’ – па прозвішчы французскага фізіка А. М. Ампера; джоўль ‘адзінка энергіі’ – па прозвішчы англійскага фізіка Дж. П. Джоўля; паскаль ‘адзінка ціску’ – па прозвішчы французскага вучонага Б. Паскаля. У ролі тэрміна выкарыстоўваюцца ўласныя назоўнікі і як утваральныя асновы, напрыклад: у хімічнай тэрміналогіі выкарыстоўваюцца прозвішчы вучоных, у гонар якіх названы хімічныя элементы: Курчатаў – курчатавій, Кюры – кюрый, Мендзялееў – мендзялевій (мендзелеявіт) і г. д. Іншы раз для ўтварэння тэрміна выкарыстоўваецца спалучэнне імя і прозвішча вучонага: дацкі фізік Нільс Бор – хімічны элемент нільсборый. У якасці асновы слова-тэрміна выкарыстоўваецца геаграфічная назва – уласны назоўнік: Каліфорнія – каліфорній, Амерыка – амерыцый, францыя – францый, Рэйнская зямля – рэній, Германія – германій і інш. Уласны назоўнік становіцца часткай складаных аднаслоўных тэрмінаў: амперметр ‘прыбор для вымярэння сілы пастаяннага і пераменнага электрычнага току’.

У якасці слоў-тэрмінаў таксама ўжываюцца прыметнікі. У параўнанні з шырока ўжывальнымі назоўнікамі іх даволі мала. Тым менш прыметнікі-тэрміны можна сустрэць у розных тэрмінасістэмах: у эканоміцы – дэпазітны, валютны, тэрміновы, падаткавы; у хіміі, фізіцы – (жалеза) арматурнае, бромістае, вязкае, загартаванае, двухсярністае, самароднае, метэарытнае, стужачнае, перанасычанае і г. д.

Дзеясловы таксама ўжываюцца ў якасці тэрмінаў. Так, слоўнік па маркетынгу называе такія дзеяловы: ацэньваць, забяспечваць, павышаць, маркіраваць, прагназаваць, канверсаваць, інвесціраваць; у фізіцы, хіміі – дысацыіраваць, сінтэзаваць, разбаўляць, спальваць, звадкоўваць.

У ролі тэрмінаў прыслоўі ўжываюцца рэдка. Але ўсё ж сустракаюцца ў некаторых галінах навукі, культуры, тэхнікі: у тэхніцы – накрыж, шчыльна, дысперсійна, даволі пастаянна, упоперак; у медыцыне – унутрывенна, дынамічна, уручную.

2.Словазлучэнні-тэрміны шырока выкарыстоўваюцца ў навуцы і тэхніцы. Вылучаюць свабодныя і несвабодныя словазлучэнні. У свабодных словазлучэннях кожны кампанент па-за межамі тэрміна можа ўступаць у сувязь з іншымі словамі, напрыклад: ёмкасць рынку, рынак пакупніка, серная кіслата, канцэнтрацыя раствору. Кожны кампанент з’яўляецца тэрмінам. У несвабодных словазлучэннях-тэрмінах можна выдзеліць кампанент, які можа і не быць тэрмінам, напрыклад: бацькоўская фірма, белы тавар – тэрміны маркетынгу, дзе ‘бацькоўская, белы’ – словы агульнаўжывальныя, якія не маюць тэрміналагічнага значэння, калі ўжываюцца па-за тэрмінам. Тое ж можна сказаць пра тэрміны “водазліўная вежа, абсалютная велічыня, глаўберава соль”. У словазлучэннях-тэрмінах наглядаецца спалучэнне назоўніка з назоўнікам (галоўнае і залежнае слова): доза выпраменьвання, растваральнасць рэчыва, сульфат кальцыю, крыніца атрымання. У якасці кампанента тэрмінаў з галоўным словам агульным назоўнікам выступаюць уласныя назоўнікі: закон Авагадра, закон Кулона, прынцып Ферма, шкала Цэльсія, піраміда Маслава, індэкс Нільсана (у эканоміцы). Часам у склад кампанента тэрміна-словазлучэння ўваходзіць два прозвішчы адразу, носьбіты якіх мелі дачыненне да адкрыцця, напрыклад: ураўненне Клапейрона-Мендзялеева, закон Джоўля-Ленца, энергія Гібса. Радзей сустракаюцца прыназоўнікавыя тэрміны-словазлучэнні: выдаткі на захаванне, адмаўленне ад іску, кансалтынг па менеджменту. Шырока прадстаўлены тэрміны-словазлучэнні, якія ўяўляюць сабой спалучэнне прыметніка з назоўнікам, дзе прыметнік выступае ў ролі азначэння, але ўсё ж выконвае не якасную характарыстыку, а ўдакладняльную, класіфікацыйную: у эканоміцы - баланс аперацыйны,  злучальны, раздзяляльны, уступны, ліквідацыйны; у фізіцы – карозія анодная, катодная, нераўнамерная, глебавая, сухая, паскораная, скразная, нажавая, паслойная; у харчовай прамысловасці – бульбапрадукты сухія, замарожаныя, абсмажаныя, ахалоджаныя, кансерваваныя, канцэнтраваныя. Прыметнік у складзе тэрміна не можа мець формаў ступеней параўнання, нават калі гэта якасны прыметнік, напрыклад: сухія прадукты, сухая карозія – тут прыметнікі маюць толькі форму скланення і не маюць форм ступеней параўнання. У складзе тэрмінаў-словазлучэнняў могуць быць вытворныя прыметнікі ад уласных назоўнікаў: рэнтгенаўскія промні (адкрыты нямецкі фізікам К. Рэнгенам), дызельнае паліва (па прозвішчы нямецкага інжынера Дызеля).

3.Адметнасцю сучаснай навуковай тэрміналогіі беларускай мовы з’яўляцца трохслоўныя і шматслоўныя тэрміны. Гэта звязана з удакладненнем, дапаўненнем галоўнага кампанента, каб больш дэталёва выразіць абазначанае паняцце, каб больш адлюстраваць колькасць прыкмет паняцця, з другога боку, гэта звязана з адсутнасцю аднаслоўных тэрмінаў. Добра было б, калі можна замяніць словазлучэнне-тэрмін аднаслоўным тэрмінам: схема размяшчэння – кампаноўка; вядучы прэзентацыі тавару –дэманстратар; уласцівасць рэчываў растварацца – растваральнасць; колькасць рэчыва, растворанага ў пэўнай колькасці растваральніка – канцэнтрацыя (раствору). Састаўныя тэрміны падобныя да простых перш за ўсё тым, што яны абазначаюць адно цэласнае паняцце. У трох- і шматслоўных тэрмінах апорным словам з’яўляецца назоўнік, напрыклад: фонд заработнай платы, бюджэтныя ўстановы і арганізацыі, метад бухгалтарскага ўліку, кантрольны пакет акцый, свабодна канверсаваная валюта. Часткова састаўныя тэрміны спрашчаюцца, утвараючы складаныя словы, абрэвіятуры: капітальныя ўкладанні – капукладанні, перфарацыйная карта – перфакарта; Амерыканская асацыяцыя маркетынгу – ААМ; Еўрапейская эканамічная супольнасць – ЕЭС. Іншы раз замяняюцца іншамоўнымі словамі: даведнік цэн па відах і гатунках тавараў або па відах паслуг – прэйскурант.

4.Асаблівасці выкарыстання разам з тэрмінам сімвалаў, лічбаў

Выдзяляюць у навуковых тэкстах і такі адметны пласт, як рознага тыпу скарачэнні, абрэвіятуры, лічбы, сімвалічныя і формульныя абазначэнні: к. к. дз. – каэфіцыент карыснага дзеяння; ВНП – валавы нацыянальны прадукт; Па – паскаль ‘адзінка вымярэння ціску’; кДж – кілаДжоўль ‘адзінка вымярэння энергіі’; Fе, О – жалеза, кісларод;  корань квадратны; Н О – формула вады; СuSО 5НО – медны купарвас; 5% - пяць працэнтаў і інш. Гэта агульнапрынятыя скарачэнні, формулы; яны уніфікаваны, адпавядаюць стандарту афармлення. Шырока выкарыстоўваюцца ў навуковых (эканамічных, фізічных, хімічных і інш.) тэкстах лічэбнікі. Тут важна звярнуць увагу на граматычны бок такіх спалучэнняў. Калі слова-тэрмін (назоўнік, прыметнік, дзеепрыметнік, парадкавы лічэбнік) спалучаецца з лічэбнікамі “два, тры, чатыры”(2, 3, 4), то тэрмін будзе мець форму назоўнага склону, множнага ліку: 2 малекулы, 3 атамы. Калі ўжываецца дробавы лічэбнік і ў лічніку “два, тры, чатыры”, то назоўнік (рус.знаменатель) таксама мае форму назоўнага склону множнага ліку: тры пятыя гадзіны. Звычайна лічэбнікі ў навуковых тэкстах запісваюцца лічбамі. Ужытыя сімвалічныя, формульныя, лічбавыя абазначэнні даюць магчымасць эканоміць пісьмовую мову, больш дакладна перадаваць навуковыя паняцці.

ЛЕКЦЫЯ 13. Асаблівасці ўтварэння беларускай навуковай тэрміналогіі

1.Прадуктыўныя спосабы словаўтварэння.

2.Тэрміналагізацыя.

3.Уніфікацыя і стандартызацыя тэрмінаў.

4.Сучасны стан беларускай тэрміналогіі. Тэрміналагічныя слоўнікі.

Асноўныя паняцці: тэрміналагізацыя, уніфікацыя, стандартызацыя, дэрыват.

Літаратура:

Ляшчынская В.А. Беларуская мова.Тэрміналагічная лексіка: Вучэбны дапаможнік. – Мінск: РІВШ БДУ, 2001.

1.Прадуктыўныя спосабы словаўтварэння

Тэрміны, як і звычайныя словы літаратурнай мовы, утвараюцца паводле законаў і на аснове законаў словаўтварэння беларускай мовы. Аднак утварэнне тэрмінаў мае свае адметнасці, свае асаблівасці, вывучэнне якіх дапаможа правільнай тэрмінатворчасці, удасканальванню сучасных тэрмінаў ў беларускай мове. Так, да гэтага часу ідуць пошукі беларускага адпаведніка да рускага слова “кислота”. Спачатку было прапанавана некалькі адпаведнікаў: квас, кісля, кісласць; пазней – кіслата, кісліна, пасля рэформы 1933 года замацаваўся адзін тэрмін – кіслата.

Для беларускай мовы пытанне аб утварэнні тэрмінаў асабліва актуальнае яшчэ і па прычыне абмежаванага ўжывання беларускай мовы ў сферы навукі і тэхнікі, а як вынік гэтага – недастаткова распрацаваная і практычна рэалізаваная, ужывальная тэрміналогія. Вылучаюць наступныя спосабы ўтварэння тэрмінаў:

  •  сінтаксічны;
  •  суфіксальны;
  •  прэфіксальны (прыставачны);
  •  прэфіксальна-суфіксальны;
  •  аснова- і словаскладанне;
  •  абрэвіяцыя;
  •  семантычны (тэрміналагізацыя).

Сінтаксічны спосаб – самы прадуктыўны спосаб утварэння тэрмінаў; ён прадугледжвае рознага тыпу спалучэнні:

прыметнік + назоўнік - інвентарная кніга, адсарбіраванае рэчыва, акустычная ізаляцыя;

назоўнік + назоўнік – вільготнасць паветра, вышыня гука, дысперсія хвалі, дэфекты ў крышталі;

назоўнік + прыметнік + назоўнік: адвод ахалоджанай вады, вільготнасць фармовачнай сумесі, грэбень высокага ціску, датчык актыўнага супраціўлення, ёмістасць акумуліраванай энергіі;

назоўнік + назоўнік + назоўнік – працэс удзімання кальцыю, мадулятар сістэмы сувязі;

назоўнік + прыназоўнік + прыметнік (дзеепрыметнік) + назоўнік – печ з тарцовай загрузкай, ліст для глыбокай выцяжкі, барабан з адлітымі баразёнкамі;

назоўнік + прыназоўнік + назоўнік + назоўнік – барабан для ачысткі адлівак;

назоўнік + прыметнік + назоўнік + назоўнік – працэс прамога атрымання жалеза, частата зваротна-паступальнага руху крышталізатара.

Апорным словам у такіх спалучэннях з’яўляецца назоўнік. Усе сінтаксічныя тэрміны можна раздзяліць на два тыпы паводле ступені сэнсавага раздзялення іх: непадзельныя і фармальна падзельныя. Непадзельныя тэрміны-словазлучэнні нагадваюць фразеалагізмы літаратурнай мовы: гусіныя лапкі (батан.), саляная кіслата.

Суфіксальны спосаб з’яўляецца вельмі прадуктыўным; тэрміны ўтвараюцца ад асноў уласных і агульных назоўнікаў, уласнабеларускіх і іншамоўных слоў:

  •  ад уласных імён утвараюцца тэрміны пры дапамозе суфіксаў –ізм-, -ызм-, -эізм-, -янств-, -ўств-: дарвінізм, піфагарэізм, талстоўства, канфуцыянства;
  •  -іт-, -ыт-: калумбіт, дамейкіт, турынгіт, прустыт;
  •  ад агульных назоўнікаў утвараюцца тэрміны з дапамогай суфіксаў –нн-, -енн-, -к-, -ск, -н-: навядзенне, насычэнне, аўдытарскі, наладка, паверка, бартэрны.

Шырока выкарыстоўваюцца іншамоўныя ўтваральныя асновы: сінтэтыка – сінтэтычны; алюміній – алюмініраванне, алюмініевы; балансаваць – балансаванне. Выкарыстоўваюцца іншамоўныя суфіксы –ізм-, -фікацыя-, -аж-, -іст-, -ацыя- (-яцыя-) і інш.: градацыя, дрэнаж, электрыфікацыя, эгаіст, ізаляцыя, канцэнтрацыя.

Прэфіксальны спосаб характарызуецца далучэннем прэфікса да цэлага слова: антыцыклон, суперфасфат. Сярод прэфіксаў можна вызначыць уласныя і іншамоўныя, пры гэтым прэфіксы -ультра-, -звыш-, -экстра- маюць адно значэнне ‘шмат, звыш’, але прэфікс “ультра” адрозніваецца большай прадуктыўнасцю.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ: дэцы (лац.) ‘дзесяць’; метр (грэч.) ‘вымяраю’; літр (грэч.) ‘фунт’; дэ (лац.) ‘з, на’ - дэцэнтралізацыя; дыя (грэч.) ‘раздзяленне, узаемасувязь’ – дыяспара; грама (грэч.)’запіс’ – дыяграма; генез (грэч.) ‘паходжанне’ – генезіс; графія (грэч.) ‘пішу’ – біяграфія; доза (грэч.) ‘порцыя’ – біядоза; дынаміка (грэч.) ‘моц, сіла’; аўта (грэч.) ‘сам’; база (грэч.) ‘аснова’ – аўтабаза.

Прэфіксальна-суфіксальны спосаб утварэння тэрмінаў характарызуецца далучэннем прэфікса і суфікса да ўтваральнай асновы адначасова: рас-крытык-ава-ць.

Аснова- і словаскладанне – гэта спосаб, калі тэрміны ўтвараюцца ў выніку спалучэння як уласных, так і іншамоўных частак: аграфірма, відэатэрмінал, архівасховішча, вільгацеізаляцыя, землеўпарадкаванне.

Складана-суфіксальны спосаб – утварэнне тэрмінаў шляхам складання асноў і далучэннем суфіксаў, напрыклад: аднатыпны, мясарэзка, сокавыціскалка.

Бяссуфіксны спосаб – характэрная з’ява ў тэрмінатворчасці. Тэрміны ўтвараюцца шляхам адсячэння суфіксаў, напрыклад: надлом, напал, ціск, абгар, абмер.

Утварэнне тэрмінаў спосабам абрэвіяцыі разнастайнае:

  •  складанне першых літар назвы (адзіная дзяржаўная сістэма справаводства – АДСС);
  •  складанне першых гукаў назвы (тэхніка-эканамічная інфармацыя –ТЭІ);
  •  спалучэнне часткі слова і цэлага (зарплата, перфакарта, дзяржсектар);
  •  спалучэнне назваў першых гукаў слоў ці іх частак і цэлага апошняга слова (ДАст);
  •  спалучэнне цэлага слова і першых літар назвы (персанальная ЭВМ, мікра-ЭВМ.

2.Тэрміналагізацыя

Утварэнне тэрмінаў семантычным спосабам (або тэрміналагізацыя) надзвычай пашыраная з’ява, інакш кажучы, адбываецца пераасэнсаванне агульўжывальных слоў і пераход іх у тэрмінасітэму. Як правіла, тэрміналагічная намінацыя – гэта другасная з’ява. Асаблівая роля пры тэрміналагізацыі агульнаўжывальнага слова належыць матывацыі,у першую чаргу метафары і метаніміі. Метафара дае перанос значэння па падабенстве, напрыклад: рукаў ‘частка адзення’ і пераасэнсаваныя словы, якія сталі тэрмінамі – рукаў ракі, рукаў пажарны. Асабліва метафарызуюцца назвы частак цела чалавека (вушка, язык, плячо); назвы жывых істот, частак іх цела, жылля (гняздо, крыло, лапкі, нос, пяро); назвы частак адзення (кажух, гарлавіна, рукаў, шапка) і інш.

У сучасным тэрмінаўтварэнні ў адрозненне ад перыяду 20 – 30-х гадоў агульнаўжывальныя словы набываюць тэрміналагічнае значэнне пераважна ў складзе састаўных тэрмінаў8, напрыклад: альфа-промні, дымавая засаўка, лішкавае паветра, амплітуда вагання. Тэрміны адрозніваюцца ад сваіх агульнаўжывальных аманімічных слоў граматычымі формамі. Так, часта ў тэрміналагічным значэнні назоўнікі выкарыстоўваюцца ў форме множнага ліку, напрыклад: воды (мінеральныя), нафты, маслы. Асобныя тэрміны ўласнага паходжання ўзяты з размоўнай лексікі  і выдзяляюцца ўсё ж сваім размоўна-бытавым характарам: задзірына ‘задранае месца на гладкай паверхні’, таваразнавец і таваразнаўца, выпіхач (рус. выталкиватель). Тэрміналагізацыя характэрна ўсім тэрмінасістэмам.

3.Уніфікацыя і стандартызацыя тэрмінаў

У сучасных умовах пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы адной з важных праблем паўстае тэарэтычная і практычная распрацоўка пытанняў беларускай тэрміналогіі. Важным з’яўляецца стварэнне адзінага навуковага стылю беларускай мовы, банка яго лексічных сродкаў. Сучасная сітуацыя  нагадвае час актыўнай распрацоўкі тэрміналогіі ў 20-я гады, а таксама яшчэ раней, у кан. 19 – пач. 20 ст. ст. Развіццё сучаснай тэрміналогіі неабходна даследаваць у аспекце развіцця, упарадкавання, структурна-семантычным і словаўтваральным. Важным пытаннем удасканалення моўнага афармлення беларускай тэрміналогіі выступае аналіз умоў і магчымасцей “згортвання” шматслоўных намінацый, здольных дакладна перадаваць змест паняцця: (рус.) печатающее устройство – друкавальнае прыстасаванне – прынтар. Пры арыентацыі на практыку рускага тэрмінаўтварэння і ў выніку практычнай нязручнасці аналітычнай дэрывацыі (утварэння) у тэрміналогіі часта ўзнікаюць выпадкі выкарыстання аднаслоўных запазычаных тэрмінаў у беларускай тэрміналогіі. Ёсць выпадкі, калі запазычанне не вызначаецца аб’ектыўнай неабходнасцю, так як ёсць адпаведная словаўтваральная база ў выглядзе пэўнага словазлучэння: кіруючае прыстасаванне – кіравальнік (але не можа быць “кіруючае слова”, “кіруючая лінія”). Стварэнне аднаслоўных беларускіх тэрмінаў на аснове існуючых словазлучэнняў абмяжоўваецца часта не толькі словаўтваральнымі магчымасцямі, але і дадатковымі адценнямі магчымага дэрывата, нязвычнасцю ўтвараючага фарманта: друкавальнае прыстасаванне – друкавальнік (параўнаем: ‘друкар’ – ‘работнік друкарскай справы’). Стварэнне аднаслоўных тэрміналагічных намінацый неабходна з пункту гледжання зручнасці і эканомнасці моўных сродкаў, а таксама і з пункту гледжання канкурэнтаздольнасці нацыянальнага тэрміна і запазычанага. Актыўнасць англамоўных слоў атрымала назву “экспансія англамоўных тэрмінаў”. Шматслоўныя рускія і створаныя на іх аснове беларускія тэрміны ніяк не могуць супрацьстаяць гэтаму актыўнаму працэсу.

Супастаўляльны аналіз беларускай, рускай, украінскай тэрміналогій з тэрміналогіяй англійскай і французскай паказвае, што ў англійскай і французскай мовах аналітычныя тэрміны (каторыя складаюцца з некалькіх слоў) хоць і складаюць значную частку тэрмінасістэм, аднак не такую шырокую, як ва ўсходнеславянскіх мовах. Тэрмінасістэма нацыянальнай мовы фарміруецца двума шляхамі:

  •  тэрміналагічная намінацыя працэсаў, з’яў, якія ўжо вядомы навуцы; гэта звязана з расшырэннем існуючых аднаслоўных ці шматслоўных намінацый шляхам далучэння пэўных азначэнняў, дапаўненняў і іншых канкрэтызуючых кампанентаў;
  •  тэрміналагічная намінацыя новага паняцця.

Працэс тэрмінатворчасці носіць індывідуальны характар. На яго значны ўплыў аказвае ступень нацыянальнай самасвядомасці навуковай інтэлігенцыі, ступень адаптаванасці тэрмінасістэмы да ўспрымання і засваення дасягненняў НТП, насычанасць тэрмінасістэмы. Праектаванне тэрміналагічных сістэм з зададзенымі характарыстыкамі з’яўляецца актуальнай праблемай сучаснай тэрміналагічнай работы. Прынцыпы распрацоўкі тэрміналогіі:

  •  стыхійнае “натуральнае” складванне тэрміналагічнай лексікі;
  •  арганізаваная, мэтанакіраваная работа.

У сучасных умовах міжнароднага супрацоўніцтва і абмену навуковай інфармацыяй праблема ўпарадкавання навуковай тэрміналогіі ў нацыянальнай мове і міжнародная каардынацыя тэрміналагічнай работы набывае міжнароднае значэнне. Уніфікацыю тэрміналогіі, як адзначаюць сучасныя спецыялісты, трэба вылучыць у якасці адной з актуальных задач моўнай палітыкі, якая можа быць вырашана дзякуючы супрацоўніцтву дзяржаў. У краінах СНД наглядаюцца дзве тэндэнцыі ў навукова-даследчай рабоце:

- развіццё навуковай тэрміналогіі ў нацыянальнай рэспубліках; развіццё навуковага стылю нацыянальных моў;

- інтэграцыя навуковых даследаванняў, імкненне да максімальнага збліжэння на аснове рускай тэрміналогіі, уніфікацыя тэрміналогіі (скарачэнне неапраўданай разнастайнасці назваў, прывядзенне слоў-тэрмінаў да аднолькавай струтуры, формы). Неабходна адрозніваць “натуральны” працэс міжнароднай (міжнацыянальнай) уніфікацыі тэрмінаў і свядомую работу па уніфікацыі. Вядучую ролю ў развіцці асноўных тэндэнцый выконвае руская мова. У цяперашні час актывізуецца роля рускай мовы як сродку міжнародных навуковых сувязей, што ў сваю чаргу звязана з узрастаннем яе ролі як сродку уніфікацыі тэрміналогіі ва ўсходнеславянскіх мовах.

4.Сучасны стан беларускай тэрміналогіі. Тэрміналагічныя слоўнікі

Распрацоўка любой тэрміналогіі – справа сур’ёзная, яна вымагае цеснага супрацоўніцтва мовазнаўцаў з прадстаўнікамі адпаведных навук. Ідэя уніфікацыі з арыентацыяй на рускую мову добра прыжылася ў навуковых і дзяржаўных установах. Але справа ў тым, што многія уніфікаваныя тэрміны знаходзяцца ў прынцыповай супярэчнасці з беларускімі моўнымі традыцыямі і арфаграфіяй. Так, сучасная фізіка-хімічная тэрміналогія ўключае звыш шасці дзесяткаў такіх элементаў. У найменнях “гелій, літый” і інш. выкарыстоўваюцца неўласцівыя беларускай мове “канчаткі” –ій-,-ый-. Падобныя няўдалыя запазычанні, узятыя непасрэдна з рускай мовы, патрабуюць уважлівага асэнсавання і большай адаптацыі ў нашай мове. Пры ўпарадкаванні хімічных элементаў, напрыклад, неабходна кіравацца наступнымі прынцыпамі: 1) па магчымасці захаваць семантыку паходжання слова; 2) прывесці напісанне ў адпаведнасць з беларускімі моўнымі традыцыямі; 3) неабходна саблюдаць мілагучнасць і лёгкасць вымаўлення; 4) неабходна прытрымлівацца  міжнародных стандартаў. У.Паўловіч прапануе ўпарадкаваць элементы па наступных групах:

  •  захаванне асновы лацінскай назвы – barium – бар, iridium – ірыд;
  •  змякчэнне канцавой зычнай лацінскай асновы – magnesium – магнезь, aluminium – алюмінь;
  •  ужыванне суфіксаў –ань-,-энь- -  lithium – ліцень, cadmium – кадмень;
  •  ужыванне суфікса –ель-  (калі лацінсая аснова заканчваецца на –n) rhenium – рэнель;          
  •  ужыванне суфіксаў –ен-, -эн- - francium – францэн, gallium – гален;
  •  пераклад на беларускую мову з улікам семантыкі паходжання – silicium – крэмень (або старажытная назва крэмнію “гега”); апошняя назва захавалася ў дыялектах.

Праект аўтара заслугоўвае ўвагі, але рэалізацыя яго -  гэта доўгая і марудная праца.

Кожны новы тэрмін, які ствараецца, можна пракантраляваць, паколькі тэрмін фіксуецца ў працах, слоўніках. Пры Міністэрстве адукацыі РБ працуе Тэрміналагічная камісія, мэта якой – стварэнне, стабілізацыя тэрміналогіі ўвогуле і пэўных тэрмінасістэм у прыватнасці. Словы-тэрміны фіксуюцца ў слоўніках. Складаннем слоўнікаў займаецца лексікаграфія. Вылучаюць энцыклапедычныя і лінгвістычныя слоўнікі. Энцыклапедычныя слоўнікі – даведачныя навуковыя выданні, якія даюць кароткія звесткі па асобных галінах навукі і тэхнікі, літаратуры і мастацтва. Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, з’явы, прадметы, падзеі. У такіх слоўніках няма граматычных і стылістычных характарыстык слова, няма прыкладаў у тэксце. Лінгвістычныя слоўнікі тлумачаць значэнне слова, яго ўжыванне, паходжанне і г.д. Да лінгвістычных слоўнікаў адносяцца і тэрміналагічныя. У апошнія гады выдадзена шмат слоўнікаў розных галін навукі і тэхнікі. Гэта  тлумачальныя слоўнікі і перакладныя. Воь толькі некаторыя:

  1.  Інфарматыка: Беларуска-рускі тэрміналагічны слоўнік. – Мінск, 1996.
  2.  Кароткі эканамічны слоўнік. – Мінск, 1993.
  3.  Краткий русско-белорусский словарь экономических и бухгалтерский терминов. – Мінск, 1993.
  4.  Маркетинг: Словарь-справочник. – Мінск, 1993.
  5.  Павловец Д. Д. Старченко В. Н. Русско-белорусский словарь спортивных терминов. – Мінск, 1995.
  6.  Расейска-беларускі хімічны слоўнік. – Мінск, 1993.
  7.  Русско-белорусский словарь делопроизводственной и архивной терминологии. – Мінск, 1997.
  8.  Русско-белорусский политехнический словарь. Около 157000 терминов. В 2-х томах. – Мінск, 1997.
  9.  Русско-белорусский словарь. Изд. 4-е. -  Мінск, 1993.
  10.  Слоўнік эканамічных тэрмінаў. – Мінск, 1992.

Праца над складаннем новых тэрміналагічных слоўнікаў і ўдасканаленні існуючых працягваецца.

ЛЕКЦЫЯ 14. Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю

1.Агульная характарыстыка.

2.Паняцці “дакумент” і “службовы дакумент”. Функцыі дакументаў.

3.Лексіка-граматычныя асаблівасці і стандартызаванасць мовы афіцыйна-справавога стылю.

4.Спосабы выкладання матэрыялу ў дакуменце. Рубрыкацыя.

Асноўныя паняцці: дакумент, службовы дакумент.

Літаратура:

  1.  Барлас Л. Г. Русский язык. Стилистика. Пособие для учителей. – М.: Просвещение, 1978.
  2.  Басаков М. Я. Делопроизводство и корреспонденция в вопросах и ответах: Учебное  пособие для студентов. – 2-е изд., перераб. и допол. – Ростов-на Дону: Феникс, 2000.
  3.  Валочка Г. Тэкст на ўроку перакладу. – Часопіс “Роднае слова”. – 1993.- №5.
  4.  Камароўскі Я. М., Мяцельская Е.С. Беларуская мова: Дапаможнік для абітурыентаў. – 2-е выд., перапрац. і дап. – Мн.: Універсітэцкае, 1993.
  5.  ЛяшчынскаяВ.А.Беларуская мова.Тэрміналагічная лексіка: Вучэбны дапаможнік. – Мінск: РІВШ БДУ. 2001.
  6.  Паневчик В.В. Делопроизводство. Документационное и оргтехническое обеспечение управления: Практикум, 2-е изд. – Мінск, БГЭУ, 2004.
  7.  Цікоцкі М. Я. Стылістыка беларускай мовы. – Мінск: Універсітэцкае, 1995.

1.Агульная характарыстыка

Афіцыйна-справавы стыль абслугоўвае афіцыйна-справавую, канцылярскую, юрыдычную, дыпламатычную сферы грамадскай дзейнасці чалавека. Рэалізуецца ён у дзяржаўных дакументах, указах, дагаворах, законах і кодэксах, актах, даверанасцях, пратаколах, аб’явах, заявах, справаздачах, канвенцыях, дэкларацыях, камюніке і інш. Вылучаюць падстылі: заканадаўчы, адміністрацыйна-канцылярскі, дыпламатычны. Функцыянуе афіцыйна-дзелавы стыль у пісьмовай форме, таму асабліва важна, каб не было двухсэнсоўных і расплывістых фармулёвак. Галоўнае ў мове афіцыйных дакументаў – паслядоўнасць і дакладнасць выкладу фактаў, аб’ектыўнасць ацэнак; афіцыйны тон; спецыфічная стандартнасць мовы; адсутнасць экспрэсіўна – эмацыянальнай лексікі. Прыклад.

 У вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі прымаюцца грамадзяне РБ, замежныя грамадзяне, якія пражываюць у Беларусі і маюць сярэднюю адукацыю: на дзённае навучанне ва ўзросце да 35 гадоў, на навучанне без адрыву ад вытворчасці – без абмежавання ва ўзросце. 

2.Паняцці “дакумент” і “службовы дакумент”. Функцыі дакументаў

Што ж такое дакумент, службовы дакумент?

Слова “дакумент”лацінскага паходжання і абазначае ‘пасведчанне, спосаб доказу’. Дакумент – гэта матэрыяльны аб’ект з замацаванай ў ім інфармацыяй для перадачы яе ў часе і прасторы. Дакумент выступае адначасова і як прадмет працы кіраўніка, і як яго вынік.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ: у “Слоўніку рускай мовы” Ожагава С. І. чытаем:

Дакумент  

  1.  Справавая папера, якая пацвярджае які-небудзь факт ці права на што-небудзь.
  2.  Тое, што афіцыйна пацвярджае асобу прад’яўніка (пашпарт і інш.).
  3.  Пісьмовае пасведчанне (сведчанне) аб чым-небудзь.

Функцыі дакумента:

  •  інфармацыйная (фіксуюцца факты, падзеі разумовай і практычнай дзейнасці чалавека);
  •  арганізацыйная (забяспечваецца ўздзеянне на калектыў для арганізацыі і каардынацыі іх дзейнасці);
  •  камунікатыўная (забяспечваюцца знешнія сувязі прадпрыемстваў і арганізацый);
  •  юрыдычная (змест дакумента выкарыстоўваецца ў якасці доказу пры разглядзе спрэчных пытанняў), шэраг дакументаў першапачаткова надзелены юрыдычнай функцыяй – гэта дагаворная дакументацыя, натарыяльна завераныя дакументы;
  •  выхаваўчая (дакумет дысцыплінуе выканаўцу, патрабуе павышанага ўзроўню адукацыйнай падрыхтоўкі).

Любы дакумент функцыянуе сумесна з іншымі дакументамі. Сукупнасць узаемазвязаных дакументаў, якія выкарыстоўваюцца ў пэўнай сферы чалавечай дзейнасці, называецца сістэмай дакументацыі.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ: Дакументы вылучаюць па відах дзейнасці (планавыя, навукова-тэхнічныя, праектна-каштарысныя і г. д.); па спосабе фіксацыі інфармацыі (пісьмовыя, графічныя, кіна-фота-фонадакументы); па месцы складання (для рашэня знешніх і ўнутраных пытанняў); па ступені галоснасці (сакрэтныя, зусім сакрэтныя, адкрытыя); па юрыдычнай сіле (сапраўдныя і фальшывыя); па тэрмінах выканання (тэрміновыя і нетэрміновыя); па стадыях падрыхтоўкі (чарнавыя і арыгінал); па тэрмінах захоўвання (пастаяннага і часовага захоўвання).

Кожны дакумент патрабуе дакладнасці, лагічнасці выкладу, адназначнасці. Пэўныя дакументы маюць устойлівую форму размяшчэння матэрыялу, напрыклад, заява, пратакол,; для іншых выкарыстоўваюцца гатовыя бланкі і нават кнігі, напрыклад, ордэры, пасведчанні рознага тыпу, бухгалтарскія кнігі. Усе віды афіцыйна-справавых тэкстаў характарызуюцца прысутнасцю своеасаблівай лексікі, марфалогіі, сінтаксісу.

Тэксты афіцыйна-справавога стылю адрозніваюцца уніфікацыяй і стандартызаванасцю мовы. Сутнасць уніфікацыі заключаецца ў скарачэнні неапраўданай разнастайнасці дакументаў, прывядзенні іх да аднастайных форм, структуры, моўных канструкцый. Сутнасць стандартызаванасці заключаецца ва ўзвядзенні ў норму, абавязковую для прымянення, аптымальных правіл і патрабаванняў па распрацоўцы і афармленні дакументаў. Вынікі распрацоўкі афармляюцца ў выглядзе міждзяржаўных, дзяржаўных, галіновых стандартаў, а таксама стандартаў арганізацый, устаноў.

3.Лексіка-граматычныя асаблівасці і стандартызаванасць мовы афіцыйна-справавога стылю

Лексіка тэкстаў афіцыйна-справавога стылю адрозніваецца шырокім выкарыстаннем стандартных лексічных сродкаў, так званых канцылярскіх штампаў, напрыклад: адзначаны наступныя недахопы, за справаздачны перыяд, прымаючы пад увагу, у канструктыўных абставінах, прыцягнуць да адказнасці, паслухаўшы і абмеркаваўшы і г. д. Да тэрміналогіі афіцыйнага стылю адносяцца словы, што абазначаюць асоб (ісцец, кватэраўладальнік, наймальнік), назвы дакументаў (распараджэнне, тэлефанаграма, загад, пратакол, даведка), часткі дакумента (парадак дня, слухалі, згодны, у загад, дадатак). У тэкстах афіцыйна-справавога стылю шырока ўжываюцца іменныя часціны мовы, а сярод  іх аддзеяслоўныя назоўнікі (пашырэнне, прыцягненне, узгадненне, знаходжанне, пазбаўленне, пастанова), назоўнікі для абазначэння пасад, званняў, провішчы (доктар навук, прафесар, член-карэспандэнт). Прыметнікі ўжываюцца ў асноўным адносныя (экалагічная, навакольнае, чарговае, рэспубліканскі і г. д.). Шырока ўжываюцца прэдыкатыўныя словы (трэба, можна, нельга, неабходна). Асаблівае месца займае дзеяслоў. Форма інфінітыва выступае ў значэнні неабходнасці звычайна пасля слоў “загадваю, пастанаўляе, патрэбна, неабходна”. Напрыклад:

Ваеннаслужачы павінен цвёрда ведаць, умела і добрасумленна выконваць патрабаванні воінскага статута і свае абавязкі…

Загадваю прызначыць на пасаду намесніка…

Формы інфінітываў больш ужываюцца ў загадах, менш – у дагаворах. Іншы раз сустракаецца інфінітыў са значэннем сцвярджальнасці, напрыклад:

Адобрыць ініцыятыву калектыву працоўных…

Акрамя інфінітыва, ужываюцца  асабовыя формы дзеясловаў і кароткія формы дзеепрыметнікаў у значэнні ‘неабходнасць’, ‘загад’, ‘прадпісанне’: прад’яўляюцца, аказваюць, патрабуюць, прашу, заяўляем; адзначана, зацверджана. 

У афіцыйна-справавым стылі выкарыстоўваюцца састаўныя злучнікі: у выніку чаго, для таго каб, з прычыны таго што; прыназоўнікі: з мэтай, у сувязі, на працягу, у выніку, за выключэннем. Сінтаксіс тэкстаў кніжны, неэмацыянальны. Сказы поўныя, апавядальныя, як правіла, двухсастаўныя. З аднасастаўных вылучаюцца інфінітыўныя сказы, пэўна-асабовыя. Парадак слоў прамы. Простая мова, як правіла, адсутнічае (за выключэннем судовага пратакола), адсутнічаюць таксама мадальныя словы (пабочныя); безумоўна, могуць ужывацца простыя ўскладненыя сказы; складаныя сказы. Прыклад:

Артыкул 5. Абарона моў.

Усякія прывілеі ці абмежаванне правоў асобы па моўных прыкметах недапушчальныя. Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўнай і іншай мовы, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць (з Закона аб мовах у РБ). – Сказ просты, апавядальны, двухсастаўны, ускладнены аднароднымі дзейнікамі.

4.Спосабы выкладання матэрыялу ў дакуменце. Рубрыкацыя

У тэкстах афіцыйна-справавога стылю выкладанне матэрыялу (інфармацыі) неаднолькавае. Зыходзячы з таго, якая мэтавая ўстаноўка, то і спосабы падачы інфармацыі розныя:

-  канстатацыя ўжываецца, калі неабходна данесці нейкія канкрэтныя факты (акты, тлумачальныя запіскі і г.д.);

- паведамленне ужываецца, калі неабходна папярэдзіць, пацвердзіць, выказаць просьбу, інфармаваць, запрасіць (даведкі, зводкі, тэлеграмы і г. д.);

- апісанне ўжываецца ў арганізацыйных дакументах з апісаннем праў, абавязкаў (статуты, палажэнні, інструкцыі).

Рубрыкацыя – гэта размеркаванне матэрыялу па рубрыках, г. зн. па раздзелах службовага дакумента, па асобных графах. Рубрыкацыя дакумента ажыццяўляецца ў залежнасці ад яго віду (гэта пратакол,  загад,  заява  і г. д.), таму і суразмернасць частак розная. Яна ўключае назву дакумента, каму адрасуецца (адрасат), хто падрыхтаваў дакумент (адрасант), тэкст, дата падрыхтоўкі і подпіс. Большая па сваіх памерах графа “тэкст”.

ЛЕКЦЫЯ 15. Групы афіцыйна-справавых дакументаў

1.Групы афіцыйна-справавых дакументаў.

2.Віды запісу тэкстаў (лінейны, трафарэт, табліца, анкета).

3.Паняцце рэквізіту, фармуляра, бланка.

4.Правілы афармлення дакументаў.

Асноўныя паняцці: трафарэт, анкета, табліца, рэквізіт, фармуляр, бланк.

Літаратура:

Басаков М. Я. Делопроизводство и корреспонденция в вопросах и ответах: Учебное  пособие для студентов. – 2-е изд., перераб. и допол. – Ростов-на Дону: Феникс, 2000. Паневчик В.В. Делопроизводство. Документационное и оргтехническое обеспечение управления: Практикум, 2-е изд. – Мінск, БГЭУ, 2004.

          Паневчик В.В. Делопроизводство. Документационное и оргтехническое обеспечение управления: Практикум, 2-е изд. – Мінск, БГЭУ, 2004.

1.Групы афіцыйна-справавых дакументаў.

Існуе наступная класіфікацыя афіцыйна-справавых дакументаў па сваім функцыянальным прызначэнні: 9

  •  асабістыя (заява, аўтабіяграфія, даручэнне, распіска);
  •  распарадчыя (загад, пастанова, распараджэнне);
  •  фінансавыя і ўліковыя (бухгалтарскі баланс, пенсійнае даручэнне, справаздачы аб прыбытках і ўбытках, плацёжныя даручэнні, справаздача аб выдатках, акты рэвізіі касы, квітанцыі);
  •  адміністрацыйна-арганізацыйныя (план, кантракт, справаздача, дамова);
  •  інфармацыйна-даведачныя (даведка, дакладная запіска, службовая і тлумачальная запіска, акт, тэлефанаграма, факс, пратакол);
  •   арганізацыйныя (статут, палажэнне, інструкцыя, штатны расклад);
  •  справавыя лісты (пісьмы, карэспандэнцыя).

2.Віды запісу тэкстаў (лінейны, трафарэт, табліца, анкета)

Як адзначалася раней, тэкст службовага дакумента адрозніваецца лаканічнасцю перадачы інфармацыі, стандартызаванасцю і уніфікацыяй. Па ступені уніфікацыі адрозніваюць віды запісу тэкстаў:

  •  лінейны; у лінейным запісе афармляюцца палажэнні, статуты, правілы; тэкст афармляецца ў радкі, саблюдаюцца абзацы, магчыма, вылучыць раздзелы, главы;
  •  трафарэт; трафарэтныя дакументы маюць зараней надрукаваны тэкст з прабеламі, якія запаўняюцца пры канчатковым афармленні ў залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі (афармленне заявы, некаторых загадаў);
  •  анкета; гэта спосаб запісу тэксту, калі пастаянная інфармацыя размяшчаецца ў левай частцы ліста, радкамі адзін пад другім у форме назоўнікаў у назоўным склоне, а пераменная інфармацыя ўносіцца ў дакумент у працэсе яго састаўлення ў правай частцы ліста; анкетным запісам змадэліраваны загады па прыёму на працу, пераводу на новае месца працы, па звальненні, кадравыя дакладныя і тлумачальныя запіскі;
  •  табліца; тэкст, прадстаўлены ў выглядзе табліцы, валодае вялікай інфармацыйнай ёмістасцю, дазваляе строга класіфікаваць інфармацыю і суміраваць аналагічныя дадзеныя; пастаянная інфармацыя размешчана ў загалоўках граф ( радкоў), а пераменная (у лічбавым ці слоўным выражэнні) – на перасячэнні адпаведных граф і радкоў; у таблічнай форме афармляецца штатны расклад, графік адпачынку і г. д.

3.Паняцце рэквізіту, фармуляра, бланка

Сукупнасць замацаваных на лісце паперы пэўнага фармату інфармацыйных элементаў дакумента называецца фармулярам. Два асноўныя фарматы дакументаў – А-4, А-5. Фармуляр мае 3 зоны: службовае поле дакумента, поле для размяшчэння вуглавога (падоўжнага) штампа і рабочае поле дакумента. Службовае поле  - гэта частка плошчы фармата, прызначанае для палёў дакумента і замацавання яго для захоўвання. Левы верхні вугал – поле для размяшчэння штампа. Астатняя частка фармуляра – рабочае поле. Плошча фармата запаўняецца інфармацыйнымі элементамі дакумента, г. зн. рэквізітамі. Адрозніваюць рэквізіты пастаянныя і пераменныя. Пастаянныя рэквізіты паўтараюцца ва ўсіх дакументах дадзенай назвы (дадзенай групы). Пераменныя – наносяцца непасрэдна пры падрыхтоўцы канкрэтнага дакумента. Пастаянныя рэквізіты: герб, таварны знак, код арганізацыі, назва арганізацыі, даведачныя дадзеныя аб арганізацыі, рахунак, назва дакумента. Пераменныя: дата, рэгістрацыйны нумар, адрасат, рэзалюцыя, тэкст дакумента, пячатка, адзнака аб паступленні дакумента ў арганізацыю.

Бланкам дакумента называюць ліст паперы дазволенага фармату з нанесенымі на ім пастаяннымі рэквізітамі. Прымяненне бланкаў скарачае працаёмістасць складання дакументаў, павышае эстэтычны бок яго афармлення. Бланкі дапускаецца рыхтаваць тыпаграфскім спосабам ці з дапамогай сродкаў размнажальнай тэхнікі. Для арганізацыі, яе структурнага падраздзялення, службовай асобы ўстанаўліваюць наступныя віды бланкаў:

  •  агульны бланк выкарыстоўваецца для афармлення любых відаў дакументаў, акрамя пісем; ён уключае рэквізіты: герб, назву арганізацыі;
  •  бланк пісьма ўключае герб, эмблему арганізацыі, код арганізацыі, даведачныя дадзеныя аб арганізацыі;
  •  бланк канкрэтнага віду дакумента ўключае герб, эмблему, код формы дакумента, назву арганізацыі, назву дакумента, месца і дату складання..

4.Правілы афармлення дакументаў

Кожная група афіцыйна-справавых дакументаў мае свае асаблівыя (спецыфічныя) правілы афармлення.10 Але існуюць і агульныя правілы, сярод якіх можна вылучыць наступныя пункты: фармат паперы, памеры палёў (левае -20 – 35 мм, верхняе – не менш за 20, правае і ніжняе – не менш за 10 мм), нумарацыя старонак, афармленне дат, напісанне лічбаў, напісанне фізічных велічынь, напісанне матэматычных формул, скарачэнне слоў, афармленне знакаў прыпынку і сімвалаў. Фармат паперы А-4, А-5 выкарыстоўваецца пры напісанні загадаў, пісьмаў, іншых распарадчых дакументаў; А-3 – для вялікіх табліц, схем. Прымяненне стандартных фарматаў у справаводстве забяспечвае эканомію паперы, дае магчымасць выкарыстаць сродкі механізацыі і аўтаматызацыі пры складанні і апрацоўцы дакументаў. Нумаруюцца ўсе старонкі, акрамя першай. Нумар старонкі наносіцца на верхнім полі, пасярэдзіне, на адлегласці не менш як 10 мм ад верхняга абрэзу. Нумар старонкі пішацца арабскімі лічбамі без знакаў прыпынку і без указання слова “ старонка” і розных скарачэнняў, тыпу: “стар.”, “с.”, “ст.” і працяжнікаў.

Даты можна афармляць лічбавым і слоўна-лічбавым спосабам:

лічбавы – 01. 09. 2000;

слоўна-лічбавы – 01 верасня 2000 года (ці 01 верасня 2000 г.);

працяглы перыяд часу афармляецца – 1990 – 1995; справаздачны перыяд – 1999/2000 год; у вялікіх архівах дапускаецца такі запіс: 2000.09.01 (год, месяц, чысло).

У дакументах дапускаюцца агульнапрынятыя скарачэнні: горад – г.; сяло – с.; пасёлак – п.; таварыш – т.; прафесар – праф.; дацэнт – дац.; начальнік – нач.; пункт 3 – п. 3; падпункт 1.1 – падп. 1.1; малюнак 5 – мал. 5; раздзел 2 – раздз. 2; тысяча рублей – тыс. р.; мільён рублей – млн.р.; міністэрства – м-ва; завод – з-д; раён – р-н; колькасць – к-ць; чалавека-гадзіна – чал.-гадз.; ПК – персанальны камп’ютэр; РБ; НДІ; і гэтак далей – і г. д.; і таму падобнае – і т. п.; і іншыя – і інш.; такім чынам – т. ч.

У дакументах сустракаюцца шматзначныя лічбы, дробы, літарна-лічбавыя і слоўна-лічбавыя спалучэнні. Афармленне іх наступнае:

14 287 624 – лічбы групуюцца;

ІЛ-18;

дробы 1/2, 3/4 - запіс праз нахіленую рыску;

нумар тэлефона -  23 03 23;

адрас – вул. В. Садовая, д. 69а (д. 27/2);

парадкавыя лічэбнікі – 8 Сакавіка, 3-е пытанне, 21-е стагоддзе.

Усе меры даўжыні, плошчы і іншыя фізічныя велічыні прыводзяцца скарочана: 10 т, 15м, 90%, 1000 кг, 36, 6 С, - 10 С, 20 м/с (ці 20 метраў у секунду). Матэматычныя формулы у дакументах аддзяляюцца ад тэксту зверху і знізу адлегласцю ў тры інтэрвалы. Калі некалькі формул, то іх трэба нумараваць арабскімі лічбамі: (2), (9), (1.3), (6.5), дзе 1,6 – абазначэнне нумару раздзела (главы), 3,5 – нумары формул у іх. Ёсць выпадкі, калі спасылаюцца ў дакуменце на формулу, тады афармленне наступнае: згодна з формулай (4); у адпаведнасці з формулай (2.5). Знакі прыпынку ўжываюцца разнастайныя: коска, кропка, кропка з коскай, пытальнік, клічнік. Працяжнік можа ўжывацца як дэфіс, як знак пераносу і ў якасці замены слова “ёсць”: сацыяльна-палітычныя метады, дэмакратыя – шлях да прагрэсу. У дакументах, дзе словы паўтараюцца і запісваюцца ў слупок, іх можна замяніць двухкоссем і словамі “тое ж”:

Кастрычніцкі раён…

“…………….”

“……………”

Тое ж

Тое ж.

ЛЕКЦЫЯ 16. Справавыя лісты

1.Групы справавых лістоў па функцыянальным прызначэнні.

2.Кароткая характарыстыка зместу справавых лістоў.

3.Справавыя лісты паводле аспектаў.

Асноўныя паняцці: карэспандэнцыя, камерцыйны, аферта, рэкламацыя, акцэпт.

Літаратура:

Басаков М. Я. Делопроизводство и корреспонденция в вопросах и ответах: Учебное  пособие для студентов. – 2-е изд., перераб. и допол. – Ростов-на Дону: Феникс, 2000.

Паневчик В.В. Делопроизводство. Документационное и оргтехническое обеспечение управления: Практикум, 2-е изд. – Мінск, БГЭУ, 2004.

Виноградова С. Н. Коммерческа деятельность: Учеб. пособие. – Мінск: Выш. шк., 1998.

1.Групы справавых лістоў па функцыянальным прызначэнні.

Справавы ліст (сінонімы: службовае пісьмо, службовы ліст) – гэта агульнапрынятая назва вялікай колькасці інфармацыйна-даведачных дакументаў, якія выкарыстоўваюцца для рашэння бягучых задач кіравання. Асноўная прыкмета, па якой лісты вылучаюць у асобную групу дакументаў, з’яўляецца перасылка іх па пошце. Па функцыянальным прызначэнні справавыя лісты бываюць:

  •  лісты, якія патрабуюць адказу (ліст-запыт, ліст-просьба, ліст-прапанова);
  •  лісты, якія не патрабуюць адказу (ліст-папярэджанне, ліст-напамін, ліст-запрашэнне, суправаджальны ліст).

З другога боку, справавыя лісты могуць быць ініцыятыўныя, якія пасылае арганізацыя, прадпрыемства і г. д. (ініцыіруе); пісьмы-адказы, якія рыхтуе і адпраўляе ініцыіруючаму боку арганізацыя-партнёр (або кліент). Да ініцыятыўных лістоў адносяцца лісты-запыты, лісты-просьбы, лісты-прапановы, лісты-напаміны. Лісты-адказы ўключаюць пісьмы-пацвярджэнні, лісты-паведамленні, лісты-запрашэнні, суправаджальныя і гарантыйныя лісты.

2.Кароткая характарыстыка зместу справавых лістоў

Разгледзім справавыя лісты больш падрабязна па іх прызначэнні.

1.Лісты-просьбы выкладаюць якую-небудзь просьбу, вельмі коратка і з павагай падкрэсліваюць зацікаўленасць арганізацыі ў яе хуткім выкананні, зараней выражаючы падзяку за намаганні ў яе выкананні.

2.Лісты-прапановы (аферты) – гэта пісьмовыя прапановы адной асобы (аферэнта) іншай асобе (акцэптанту) , якая выражае жаданне заключыць з ім дамову (дагавор). Аферта мае пэўны, указаны тэрмін дзеяння.

3.Лісты-запыты ўжываюцца, калі пакупнік звяртаецца да прадаўца, імпарцёра, эксперта з просьбай даць падрабязную інфармацыю аб тавары ці паслугах.

4.Суправаджальныя лісты складаюць пры адпраўцы адрасату якіх-небудзь дакументаў ці матэрыяльных каштоўнасцей. Такія пісьмы ўтрымліваюць дадатковую інфармацыю аб прыкладаемых дакументах. Суправаджальнае пісьмо з’яўляецца і сродкам кантролю за рухам дакументаў і матэрыяльных каштоўнасцей.

5.Лісты-напаміны накіроўваюць у тых выпадках, калі не ўдаецца з дапамогай тэлефонных перагавораў ці асабістых кантактаў атрымаць неабходны вынік. У лістах утрымліваецца не толькі напамін аб выкананні ўзятых абавязкаў, але і гаворыцца аб магчымых мерах, якія будуць прыняты пры іх невыкананні.

6.Лісты-пацвярджэнні высылаюцца для пацвярджэння атрыманых дакументаў ці матэрыяльных каштоўнасцей. Іншы раз у іх прыводзіцца спіс дакументаў і матэрыяльных каштоўнасцей.

7.Гарантыйныя пісьмы накіроўваюцца з мэтай пацвярджэння дадзеных раней абавязкаў ці агавораных умоў. Гарантаваць могуць якасць працы, тэрміны выканання заказаў, аплата тавараў, паслуг, арэндуемых памяшканняў.

8.Лісты-паведамленні ўжываюцца, калі неабходна аб чым-небудзь паведаміць ці зацвердзіць.

9.Лісты-запрашэнні могуць адрасавацца індывідуальнаму ці калектыўнаму адрасату. Пры вялікай колькасці адрасатаў мэтазгодна выкарыстоўваць зробленыя тыпаграфскім спосабам трафарэты, у якіх запаўняюцца ад рукі прозвішча, імя, імя па бацьку запрошанага, час і дзень падзеі, на якую запрашаецца адрасат.

3.Справавыя лісты паводле аспектаў

Справавыя лісты паводле аспектаў, г. зн. розных бакоў абслугоўвання кіраўнічай дзейнасці дзеляць на:

  •  камерцыйную карэспандэнцыю (пісьмы);
  •  справавую карэспандэнцыю.

Камерцыйны ‘гандлёвы, не ваенны’ (слоўнік Ожагава С. І.). Камерцыйная карэспандэнцыя складаецца ад імя юрыдычнай асобы пры заключэнні і выкананні камерцыйнага пагаднення. Такім чынам, пагадненні (дагаворы) могуць быць заключаны шляхам абмену лістамі (пісьмамі), тэлеграмамі, факсамі, падпісанымі бокам, які іх пасылае, г. зн. заключэнне дагавору (пагаднення) па перапісцы. Па сваім прызначэнні камерцыйная карэспандэнцыя падзяляецца на тры віды:

  1.  Ліст-запыт і адказ на яго; запыт можа быць накіраваны на спецыяльным бланку арганізацыі. Калі такога бланка няма, то заказ афармляецца ў форме справавога ліста. Запыт павінен уключаць назву тавара (паслуг), артыкул, нумар мадэлі, цану адзінкі тавару, магчымую скідку, падатак на продаж,  цану за партыю, від разліку (чэк, наяўны, безнаяўны), апісанне тавару, спосаб транспарціроўкі, адрас адпраўкі, подпіс адказнай асобы.
  2.  Аферта (прапанова) і адказ на яе (акцэпт) – пісьмовая згода аб пастаўцы партыі тавару на абгавораных умовах.
  3.  Рэкламацыя і адказ на яе. Рэкламацыя – камерцыйны дакумент, які ўяўляе сабой прад’яўленне прэтэнзій да боку, што парушыла прынятыя на сябе абавязкі, і патрабаванні аплаціць страты.

Справавая карэспандэнцыя абслугоўвае ўпраўленчы працэс (дзейнасць): адміністрацыйную дзейнасць, планаванне, кантроль, камунікатыўна-рэгулюючую дзейнасць. Не ўключае гандлёвыя сувязі. Выкарыстоўваюцца лісты гарантыйныя, цыркулярныя (высылаюцца вышэйшымі арганізацыямі падначаленым прадпрыемствам, арганізацыям з мэтай данесці пэўныя звесткі, устаноўкі, інструкцыі), запрашэнні, пацвярджэнні і інш.

Справавая і камерцыйная карэспандэнцыя абслугоўвае таксама знешнеэканамічныя сувязі. Пры агульнай тэндэнцыі да уніфікацыі форм карэспандэнцыі ўсё ж наглядаецца шмат адрозненняў у фармуляры дакумента і саставу рэквізіту. Так, у англійскім фармуляры  - 12 рэквізітаў, у нямецкім – 15).

ЛЕКЦЫЯ  17. Справавая карэспандэнцыя

1.Патрабаванні да афармлення справавых лістоў. Кампазіцыя.

2.Моўнае афармленне.

3.Маўленчы этыкет справавых лістоў.

Асноўныя паняцці: спалучальнасць слоў, этыкет у справавой карэспандэнцыі.

Літаратура:

Басаков М. Я. Делопроизводство и корреспонденция в вопросах и ответах: Учебное  пособие для студентов. – 2-е изд., перераб. и допол. – Ростов-на Дону: Феникс, 2000.

1.Патрабаванні да афармлення справавых лістоў. Кампазіцыя

Разгледзім падрабязна справавую карэспандэнцыю з боку кампазіцыі, моўнага афармлення. Паўторым, што справавы ліст – адзін з асноўных спосабаў афіцыйнай сувязі паміж арганізацыямі, фірмамі, інафірмамі і асобнымі грамадзянамі. Таму ліст павінен складацца на аснове і ў адпаведнасці са стандартам. Ліст афармляецца на бланку для пісьмаў і ўключае наступныя часткі:

  •  назва арганізацыі;
  •  паштовы адрас;
  •  камунікацыйныя і камерцыйныя дадзеныя;
  •  дата, індэкс;
  •  спасылкі на індэкс і дату ўваходзячага дакумента;
  •  загаловак тэксту, тэкст;
  •  подпіс, прозвішча.

Тэкст пісьма павінен складацца з дзвюх лагічна звязаных частак. У першай частцы ўказваюцца факты, падзеі, прычыны, якія паслужылі асновай для напісання ліста, а таксама прыводзяцца спасылкі на дакументы, у якіх гэтыя факты і прычыны выкладзены. У другой частцы змешчаны вывады, прапановы, просьбы, рашэнні, заключэнні.

Пісьмо павінна быць прысвечана аднаму пытанню. У выпадку звароту ў адну арганізацыю па некалькіх пытаннях, рэкамендуецца складаць некалькі пісем; гэта дае магчымасць павысіць аператыўнасць падрыхтоўкі і апрацоўкі дакументаў.

2.Моўнае афармленне

Справавыя лісты маюць сваё асаблівае моўнае афармленне У іх выкарыстоўваюцца правераныя практыкай канструкцыі фраз, таму асоба, якая займаецца складаннем (напісаннем) справавога ліста, павінна ведаць і выкарыстоўваць ужо вядомыя мадэлі. Першае, аб чым нельга забывацца, - гэта ветлівы зварот:

Паважаны пан дырэктар!

Шаноўны спадар Іван Пятровіч! – гэта першая канструкцыя – зваротак.

Наступныя фразы з’яўляюцца распаўсюджаным “стандартным” пачаткам тэксту:

Хацелася б нагадаць Вам, што ………..

Даводзім да Вашага ведама, што ……..

Нагадваем, што ………….

Паведамляем, што …………

Калі аўтар - асоба юрыдычная, то дзеянні перадаюцца ад 3-яй асобы адзіночнага ліку або ад 3-яй асобы множнага ліку:

Просім ………

Пацвярджаем ………….

Кааператыў гарантуе ……………

Савет дырэктараў, адміністрацыя настойліва просяць ……………..

Калі аўтар – асоба фізічная, то дзеянні перадаюцца ад 1-ай асобы адзіночнага ліку:

Прашу ……….

Папярэджваю …………

У якасці заключных могуць быць выкарыстаны фразы:

Настойліва просім ………….

Просім прабачыць нам за затрымку з адказам …………………

Разлічваем, што нашы заўвагі будуць улічаны …………………………

Просім Вас не затрымліваць адказ ………

Падагуліўшы, можна сказаць, што ў тэксце справавога ліста большую колькасць слоў складаюць дзеясловы і аддзеяслоўныя назоўнікі: разлічваць, нагадваць, паведамляць, прасіць, даводзіць, пацвярджаць; заканчэнне, пагашэнне, выплата, затрымка, выкананне, пастаўка і г. д. Незакончанае трыванне дзеясловаў і аддзеяслоўныя назоўнікі падкрэсліваюць дынамічны  стан, патрабуючы завяршэння дзеяння. Сказы часта ўжываюцца аднасастаўныя:

Хацелася б нагадаць аб заканчэнні тэрміну выплаты ……

Падбор слоў у сказах павінен адпавядаць патрабаванням спалучальнасці іх паміж сабой. Напрыклад:

  •  ініцыятыва – браць на сябе..; выступаць з..; падтрымліваць.. ; праяўляць..; стрымліваць..; уступаць..;
  •  кіраўніцтва – браць на сябе..; ажыццяўляць..; умацоўваць..; адмяжоўвацца ад ..; ускласці..;
  •  падатак – плаціць...; зніжаць..; скарачаць..; збіраць..; спаганяць..; сыскваць..;
  •  абавязкі – ускласці..; выконваць..; несці..; вызваляцца.; размяркоўваць.

Аналіз моўнага боку тэкстаў службовых лістоў выявіў некаторыя цяжкасці ў выкарыстанні граматычных форм і лексем. Сярод лексічных памылак можна вылучыць наступныя:

свабодная вакансія – слова “вакансія” ўжо мае значэнне ‘свабоднае месца’; будзе правільна ўжыць “вакансія”;

адыгрывае значэнне - правільна  “мае значэнне”;

мае ролю – правільна “ адыгрывае ролю”;

эфектны спосаб – правільна “эфектыўны спосаб”;

асабовы ўдзел – правільна “асабісты ўдзел”;

асабісты склад – правільна “асабовы склад”.

Цяжкасці ў выкарыстанні некаторых граматычных форм наступныя, напрыклад:  

  •  дзякуючы (каму? чаму?) – прыназоўнік ужываецца з назоўнікам  Давальнага склону: дзякуючы намаганням;
  •  па загаду – канчатак –у , калі прыназоўнік   па   ў спалучэнні з назоўнікам адпавядае значэнню слоў “паводле, адпаведна”: па плану, па сігналу;
  •  у адпаведнасці (з чым?) – спалучаецца з формай назоўніка Творнага склону: у адпаведнасці з законам;
  •  адпаведна (чаму?) – спалучаецца з формай назоўніка Давальнага склону: адпаведна загаду, закону;
  •  згодна (з чым?) – спалучаецца з  формай Творнага склону: згодна з законам;
  •  паводле (чаго?) – спалучаецца з формай Роднага склону: паводле інструкцыі;
  •  больш за – простая форма прыслоўя вышэйшай ступені параўнання ўжываецца з прыназоўнікам за: больш за месяц выканана… ;
  •  інфармацыя (аб чым?) – залежнае слова ўжываецца ў Месным склоне: інфармацыя аб пастаўках…;
  •  канферэнцыя (па чым?) – залежнае слова мае форму Меснага склону: канферэнцыя аб навуковых дасягненнях;
  •  вопіс (чаго?) – залежнае слова мае форму Роднага склону: вопіс матэрыяльных каштоўнасцей;
  •  распіска ( у чым?) – залежнае  слова знаходзіцца ў форме Меснага склону: распіска ў атрыманні грошай;
  •  пасяджэнне, нарада (аб чым?) – залежнае слова стаіць у Месным склоне: нарада па праекце, аб укараненні;
  •  загадчык (чаго?) – залежнае слова мае форму Роднага склону: загадчык аддзела;
  •  два, тры, чатыры – пры гэтых лічэбніках залежныя словы маюць форму Назоўнага склону множнага ліку: тры бланкі, чатыры пісьмы;
  •  канчатак –у;- ю у Родным склоне адзіночнага ліку назоўнікаў 2-ога скланення мужчынскага роду, што абазначаюць абстрактныя паняцці, рэчыўныя, палітычныя плыні і вучэнні; канчатак –а;-я у Родным склоне адзіночнага ліку назоўнікаў 2-ога скланення мужчынскага роду, што абазначаюць адзінкі вымярэння, установы, арганізацыі, адушаўлёныя прадметы, геаграфічныя паняцці: літра, ампера, завода, банка, горада, дырэктара і г. д.

3.Маўленчы этыкет справавых лістоў

Як і ў вусным маўленні, у справавых лістах павінен падтрымлівацца этыкет. Што ён уключае? Не трэба забываць, што ў лісце павінны быць ужыты словы, што выражаюць пашану да адрасата: шаноўны, паважаны і г. д. Калі імя замяняецца займеннікам, то ён пішацца з вялікай літары, напрыклад:

Загадзя ўдзячны Вам за……;

Дзякуем Вам за…………..;

Запрашаем Вас ……… .

Таксама ўжываюцца дзеясловы са станоўчым значэннем, дзеясловы ветлівасці: дзякуем, прабачце, гарантуем, спадзяемся, будзем задаволены.

Саблюдаючы ўсе патрабаванні ў афармленні справавых лістоў( кампазіцыя, моўнае афармленне, маўленчы этыкет), можна разлічваць на поспехі ў працы.

ДАДАТАК

Узор даведкі аб працоўным стажы

ЗАТ “Мадэм”                                                Райвыканкам Ленінскага раёна

Даведка

23.12.200* № 7

г. Мінск

Агульны працоўны стаж Крупко Паўла Паўлавіча, эканаміста аддзела продажу і маркетынгу, які пражывае па адрасе: вул. Каліноўскага, д. 8, кв. 19, г. Мінск, складае 9 (дзевяць) гадоў.

Даведка выдадзена па стану на 04. 07.200*.

Дырэктар                                       (подпіс)   Ініцыялы, прозвішча

Начальнік аддзела кадраў            (подпіс)   Ініцыялы, прозвішча

Узор заявы

Вытворчы аддзел      Дырэктару Мінскага

ЗАЯВА      станкабудаўнічага завода

20.06.2006 №____     нам. нач. вытворчага аддзела

       Захарэвіч Марыі Пятроўны

       Рэзалюцыя

Прашу дазволіць мне чарговы водпуск за 2005 год з 25 ліпеня 2005 года.

Нам. начальніка

вытворчага аддзела  Подпіс  Захарэвіч М.П.


Узор пісьма-напаміну

ААБ “Беларусбанк

Вул. Сурганава, 64,

2200141, г. Мінск

Тэл.: 231-61-57

Факс: 231-61-50

22. 11. 2003 № 09-01/104

На № ___ад__________

                                                                                 ЗАТ “Мадэм”

                                                                                 Генеральнаму дырэктару

                                                                       Кныш Я. Р.

                                                                       Пр. Пушкіна, 112

                                                                       220070, г. Мінск

                                                                     

                                          

                                                           Міхаіл Уладзіміравіч Самадзееў.

                                                           Падрыхтаваць піьмо-просьбу

                                                           з абгрунтаваннем адтэрміноўкі

                                                            пагашэння крэдыту да 28.11.2003

 

                                                           Подпіс дырэктара ЗАТ “Мадэм”

                                                           25.11.2003

Хацелася б нагадаць Вам аб тэрміне па выплатах працэнтаў і пагашэнні крэдыту, выдадзенага нашым банкам 15.11.2000 (на тэрмін тры гады пад 40 % у год) у суме 450 млн. беларускіх рублёў.

На жаль, Вашым бокам у вызначаныя тэрміны (да 16.11.2003) сума пазыковых сродкаў не была пагашана.

Настойліва просім на працягу двух каляндарных тыдняў пакрыць банку страты ў памеры 15 млн. беларускіх рублёў, нанесеныя несвоечасовай выплатай, а таксама пагасіць крэдыт. Па заканчэнні прызначанага тэрміну мы вымушаны будзем звярнуцца ў суд.

Упраўляючы банкам                  (подпіс)         Ініцыялы, прозвішча

Іваноў Леанід Міхайлавіч

У справу 06 – 11

Падрыхтаваны адказ

Зых. № 06-11/ 35

Подпіс      Самадзееў

  1.  ЗАТ “Мадэм”

                                                              № 87 / 06-07

Узор пісьма-падзякі

НВА “Сож”                                                 НПО “Сож”

вул. Вакзальная, 18,                                   ул. Вакзальная, 18,  

246005, г. Гомель-5                                    246005, г. Гомель-5

тэл. (0232) 21-32-11, факс 21-32-12         тел. (0232) 21-32-11, факс 21-32-11                        

р/р10690760001101 у Гомельскім            р/р1069076000101 в Гомельском

аддзяленні Белбізнесбанка, код 531        отделении Белбизнесбанка, код 531

15.08.2002 № 06-08/131                             Камерцыйнаму дырэктару

На № 08-07/107 ад 20.07.2002                   ТАА “Менеджмент”

Аб наменклатуры прадукцыі                    сп-ру Стаўруцкаму А. М.

ТАА “Менеджмент”

                                                           Паўднёвы гарадок, 17,

                                                           224005, г. Брэст-5

Паважаны Аляксандр Міхайлавіч!

Дзякуем за прысланую Вамі інфармацыю аб наменклатуры і цэнах прадукцыі, якая ёсць у Вас.

На жаль, большасць вырабаў у прапанаваным Вамі спісе не адпавядае нашаму ўяўленню пра іх кошт, за выключэннем вырабаў па пазіцыях № 2 і 17, пытанне аб набыцці якіх мы гатовы разгледзець пасля атрымання іх падрабязных тэхнічных характарыстык.

Дырэктар НВА                               (подпіс)                     А.М. Ганіч

Лукашук 21 32 14  

                                                                                   

Узор пратакола

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Інстытут паліталогіі Акадэміі навук РБ

ПРАТАКОЛ

21.10. 2005г.

г. Мінск

№ 3

справаздачна-выбарны сход прафсаюзнай арганізацыі

Старшыня – Сазановіч М.М.

Сакратар – Курылава М.І.

Прысутнічалі: 23 чал.

Парадак дня:

  1.  Справаздача прафкома за перыяд з 09.11.2004 г. па 20.10. 2005г.
  2.  Справаздача рэвізійнай камісіі.
  3.  Выбары новага складу прафкома.

1.СЛУХАЛІ:

старшыню прафкома Бурака І.Л., які зрабіў справаздачу аб дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі і прафкома за перыяд пасля папярэдніх перавыбараў прафкома (справаздача прыкладаецца).

ВЫСТУПІЛІ:

Верабей П.П. – старшыня культурна-масавай камісіі.

За справаздачны перыяд камісія арганізавала дзве экскурсіі па памятных мясцінах Міншчыны, тры разы наведвалі спектаклі ў тэатры імя Янкі Купалы, была арганізавана выстаўка малюнкаў дзяцей нашых супрацоўнікаў.

  1.  ПАСТАНАВІЛІ:

Прызнаць работу прафкома за справаздачны перыяд здавальняючай.

2.СЛУХАЛІ:

старшыню рэвізійнай камісіі, які зрабіў справаздачу аб фінансавай дзейнасці прафкома (прыкладаецца).

         2.   ПАСТАНАВІЛІ:

Зацвердзіць справаздачу рэвізійнай камісіі аб фінансавай дзейнасці прафкома за перыяд з 09.11.2004г. па 20.10. 2005 г.

3.СЛУХАЛІ:

Сазановіча М.М. аб выбарах новага складу прафкома.

Прапаную выбраць новы прафком у складзе 7 чалавек адкрытым галасаваннем, старшыню прафкома выбраць на сходзе.

3. ПАСТАНАВІЛІ:

  1.  Выбраць прафком у складзе 7 чалавек.
  2.  Выбары праводзіць адкрытым галасаваннем.
  3.  Падлік галасоў даручыць прэзідыуму сходу.
  4.  Старшыню прафкома выбраць на сходзе.

Вынікі галасавання:

старшыня прафкома Бурак І.Л. (за – 79, супраць – 1, устрымалася 2);

члены прафкома:

Верабей П.П. (за – 75, супраць – 4, устрымалася –3).

     Козлік Р.Р. (за – 82, супраць – няма, устрымалася – няма).

ПАСТАНАВІЛІ: У адпаведнасці з Інструкцыяй аб правядзенні выбараў прафсаюзных органаў лічыць выбранымі ў прафком:

Бурак І.Л. – старшыня прафкома

Верабей П.П. – член прафкома

Козлік Р.Р. – член прафкома

Старшыня сходу  Подпіс  М. Сазановіч

Сакратар    Подпіс  М. Курылава

Узор загада

УА "Магілёўскі дзяржаўны універсітэт

харчавання"

ЗАГАД

25.05.2005                351

г. Магілёў

Аб арганізацыі пераздачы экзаменаў студэнтамі

ў летнюю экзаменацыйную сесію 2005\2006 навучальнага года

З мэтай арганізацыі пераздачы залікаў і экзаменаў ў летнюю экзаменацыйную сесію 2005\2006 навучальнага года

 З А Г А Д В А Ю:

  1.  Вызначыць наступныя тэрміны пераздачы:
    1.  Для студэнтаў дзённага навучання – 23.01.06, 26.01.06, 28.01.06, 1.02.06, 3.02.06.
    2.  Для студэнтаў завочнага навучання – 21.01.06, 28.01.06, 18.02.06, 18.03.06, 15.04.06.
  2.  Дэканам факультэтаў у неабходных выпадках вызначыць індывідуальныя графікі пераздачы і кантраляваць іх правядзенне.
  3.  Загадчыкам кафедраў забяспечыць своечасовую арганізацыю пераздачы: вызначыць месца і час правядзення пераздачы экзаменаў.
  4.  Кантроль       за      выкананнем   загада     ўскласці на загадчыка канцылярыі А.С. Цітову.

РЭКТАР       В.А. ШАРШУНОЎ

Візы

Узор дакладной запіскі

Хімічны цэх

Галоўнаму тэхнолагу

прадпрыемства “Хімвалакно”

Савінаву Я.П.

ДАКЛАДНАЯ ЗАПІСКА

Рэзалюцыя

_____№ 21.05.2005

г. Магілёў

Аб якасці паступаючай абаротнай вады

Даводжу да Вашага ведама, што ў хімічным цэху мае месца адхіленне ад нормаў тэхналагічнага рэжыму з-за нездавальняючай якасці абаротнай вады. Прашу прыняць меры.

Начальнік хімічнага цэха  Подпіс   Карзуноў У.А.

Узор аўтабіяграфіі

Я, Новік Аляксандр Сцяпанавіч, нарадзіўся 15 жніўня 1967 года ў вёсцы Беразоўка Мінскага раёна Мінскай вобласці ў сям'і служачых. Бацька, Сцяпан Іванавіч, працаваў у калгасе шафёрам, маці, Вольга Міхайлаўна, – настаўніцай ў Беразоўскай сярэдняй школе, а цяпер з'яўляюцца пенсіянерамі.

У 1974 годзе я пайшоў у 1 клас Беразоўскай сярэдняй школы, пасля заканчэння якой у 1982 годзе паступіў у Лідскі індустрыяльны тэхнікум, які скончыў у 1986 годзе па спецыяльнасці "тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў". Атрымаў накіраванне на працу ў аўтабазу №2 г. Мінска.

У 1986 годзе быў прызваны ў армію. Служыў у Германіі. Пасля дэмабілізацыі ў 1988 годзе вярнуўся на ранейшае месца працы.

У 1989 годзе паступіў на завочнае аддзяленне Беларускай політэхнічнай акадэміі, якую скончыў у 1994 годзе.

Жанаты, маю дачку.

12 верасня 2005 года     Новік

Узор тлумачальнай запіскі

Назва структурнага

Кіраўніку арганізацыі

падраздзялення

(прадпрыемства)

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Рэзалюцыя

Дата

г. Магілёў

Аб (назва)________

_______________________________________________________________

   (прозвішча, імя, імя па бацьку, пасада)

назва структурнага падраздзялення, з якога часу працуе ў арганізацыі, на прадпрыемстве)

(дата парушэння, від парушэння, выкладанне прычын, абставін парушэння)

_____________________________________________________________________

Назва пасады   Подпіс    Расшыфроўка подпісу

Узор агульнага бланка арганізацыі (вуглавое размяшчэнне)

ЗАТ “Мадэм”

_____№ ________

г. МІНСК                                                                                                         

Узор бланка для пісем з падоўжным размяшчэннем рэквізітаў

ЗАТ “Мадэм”                                            ЗАО “Модем”

ПР. Пушкіна, 112, 220141                         Пр. Пушкина, 112, 220141

г. Мінск                                                       г. Минск

Тэл.: 260-90-78, факс: 213-13-44               Тел.: 260-90-78, факс: 213-13-44

р/р 3017390000045 у філіяле № 4            р/ 3017390000045 в филиале № 4

ААБ “Беларусбанк” г. Мінска,                АСБ “Беларусбанк” г. Минск

МФО 153001, код 343                               МФО 153001, код 343

ВКПА 13547082, УНП 101335477           ОКПО 13547082, УНН 101335477

__________№____________                     ___________№_________________          

На №_________ад_________                    На №________от________________

СПІС літаратуры

  1.  Басаков М. Я. Делопроизводство и корреспонденция в вопросах и ответах: Учебное  пособие для студентов. – 2-е изд., перераб. и допол. – Ростов-на- Дону: Феникс, 2000.
  2.  Барлас Л. Г. Русский язык. Стилистика. Пособие для учителей. – М.: Просвещение, 1978.
  3.  Беларуская мова.  Энцыклапедыя. – Мінск,1994. – С.464.
  4.  Бергман А. Браніслаў Тарашкевіч. Часопіс “Роднае слова”, 1992. – № 1. -

С. 69.

  1.  Даўгулевіч Н. М. Запазычаная лексіка сферы інфармацыйных тэхналогій// Веснік адукацыі. – 2004. - № 1.  
  2.  Кузнецов И., Лойко Л. Рефераты, контрольные, курсовые и дипломные работы. /Под ред. проф. А. Макарова. – Мінск, 1998.
  3.  Кузнецов И. Рефераты, курсовые и дипломные работы: Методика подготовки и оформления: Учебно-методическое пособие. – 2-изд. – М., 2004. 
  4.  Ляшчынская В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная  лексіка: Вучэбны дапаможнік.- Мінск: РІВШ БДУ, 2001.
  5.  Паневчик В.В. Делопроизводство. Документационное и оргтехническое обеспечение управления: Практикум, 2-е изд. – Мінск: БГЭУ, 2004.
  6.  Руденко  Е. Н. Белорусский язык. Профессиональная лексика: Учебное пособие для студентов  вузов. – Мінск: Тетрасистемс, 2005.
  7.  Словарь иностранных слов. – 14 изд., испр. – М.: Русский язык, 1987. 
  8.  Сямешка Л. І. Курс беларускай мовы: Падручнік /Л.І.Сямешка, І.Р.Шкраба, З.І.Бадзевіч. – Мінск: Універсітэцкае, 1996.
  9.  Цікоцкі М. Я. Стылістыка беларускай мовы. Вучэбны дапаможнік для факультэта журналістыкі. – 2-е выд., перапрацаванае і дапоўненае. – Мінск: Універсітэцкае, 1995.
  10.  Шакун Л. М. Гісторыя беларускага мовазнаўства: Вучэбны дапаможнік. - Мінск: Універсітэцкае, 1995.
  11.  Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. – Мінск, 1984.
  12.  Янкоўскі Ф. М. Беларуская мова, выд. 3-е. – Мінск, 1992.
  13.  Яновіч А. “Беларуская граматыка” Браніслава Тарашкевіча// Часопіс “Беларуская мова і літаратура ў школе”. – 1990. – № 9. – С. 16-19.

СПАСЫЛКІ

1 Ожагаў С. І Слоўнік рускай мовы, 14-е выд., - М.: Рус. мова, 1983, с. 813

2 Падрабязней гаворка аб стылі будзе ісці ў лекцыях №14 – 17.

3 Аб тэрмінах падрабязней будзе ісці гаворка ў наступных лекцыях (№10 – 13)

4 Пат (фр. pate’цеста’) – род мармеладу. Незразумелыя значэнні слоў неабходна праверыць па тлумачальнаму слоўніку.

5 Падрабязныя дадзеныя аб выданні дапаможніка глядзіце ў папярэдніх лекцыях.

6 Лекцыя № 6 “Функцыянальныя стылі беларускай мовы. Пытанне № 4; Лекцыя №10, пытанне № 3 ”Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага ўжывання”.

7 Лекцыя № 5 “Праблемы беларуска-рускай інтэрферэнцыі”.

8 Антанюк Л. А. Беларуская навуковая тэрміналогія. – Мінск: Навука і тэхніка, 1987. – С. 54.

9 Глядзіце дадатак

10 Больш падрабязна правільнасць афармлення розных груп дакументаў можна паглядзець у метадычных рэкамендацыях Воранавай А. М. “Афіцыйна-справавыя дакументы.” – Магілёў, 2006.


Вучэбнае выданне


БЕЛАРУСКАЯ МОВА. ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА


Канспект лекцый


Складальнік: Савіцкая Алена Мікалаеўна


Рэдактар Т. Л. Бажанава


Тэхнічны рэдактар А. А. Шчарбакова


Падпісана ў друк   Фармат 60х84 1/16


Папера афсетная. Гарнітура Таймс. Друк трафарэтны.


Ум. друк.л.   Вуч.-выд.л.


Тыраж экз. Заказ


Установа адукацыі


“Магілёўскі дзяржаўны універсітэт харчавання”.


212027, Магілёў, пр-т Шміта, 3


ЛІ № 604  ад 03.06.2003 г.


Надрукавана на рызографе лабараторыі паліграфіі ўтановы адукацыі


“Магілёўскі дзяржаўны універсітэт харчавання”.


212027, Магілёў, пр-т Шміта, 3


ЛП №226  ад 12.02.2003 г.




1. 0701112007 КОНТРОЛЬНОИЗМЕРИТЕЛЬНЫЕ СРЕДСТВА Ред
2.  Обучения персонала в системе кадрового менеджмента
3. Адвокатура, ее место и роль в современном обществе
4. Проблемы вхождения Казахстана в состав Российской империи
5. Текст как единица перевода
6. ДОМАДОМ [5] 2
7. Вы умерли Gme over Марина Никитина21-50-40 Хотите возобновить
8. Типовой рекламный год
9. КИЇВСЬКИЙ НАЦІОНАЛЬНИЙ ЕКОНОМІЧНИЙ УНІВЕРСИТЕТ імені Вадима Гетьмана Факультет УПРАВЛІННЯ ПЕРСОНАЛ
10. Судебники 1497 и 1550 гг
11. Методика преподавания урока географии
12. монстра Каждого из нас волнует вопрос насколько мы способны распоряжаться своей судьбой и как это делать
13. И.Разумовского ГОУ ВПО Саратовский ГМУ им
14. Главная часть тела Кейна или как узнать главного героя
15. Дипломная работа- Учет и налогообложение основных средст
16. антониевский Крест.html
17. Списание ТМЦ. Заполнение формы документа следует начать с выбора склада с которого будет произведено спи
18. реферат дисертації на здобуття наукового ступеня кандидата хімічних наук1
19. Проблема суицида
20. 90жылдарында~ы ~лемдік дамуда орын ал~ан т~бегейлі ~згерістер ~ылыми зерттеушілер ~шін де сондайа~ саясат