Поможем написать учебную работу
Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.
Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.
Віктар Сазонаў
Кожная мова, як i кожны народ, мае свой уласны лёс. Узвышаўся народ узвышалася і яго мова, гiнула мова знiкаў народ. Такая заканамернасць прасочваецца на працягу ўсяго працэсу гiстарычнага развiцця чалавецтва. Зышлi ў нябыт, услед за сваiмi загiнуўшымi мовамi плямёны полаўцаў i печанегаў, знiкла з палiтычных мапаў свету некалi магутная Прусiя… Гэты спiс можна працягваць вельмi доўга, і паўсюдна акрэслiваецца адзін i той жа малюнак гiбель нацыянальнай мовы абавязкова прыводзiць спачатку да духоўнай, а пасля і фiзiчнай гiбелi нацыi, а адраджэнне нацыi пачынаецца з адраджэння нацыянальнай мовы.
У чым жа сакрэт еднасцi гiстарычных лёсаў народа і яго мовы? Чаму кожны народ павiнен захоўваць сваю нацыянальную мову як гарант свайго iснавання? Па якiх прычынах знiкненне нацыянальнай мовы прыводзiць да знiкнення нацыi? Менавiта гэтыя пытаннi зараз з'яўляюцца найбольш актуальнымi для Беларусi, дзе сiтуацыя са станам нацыянальнай мовай дасягнула крытычнай рысы.
У той час, калi беларуская мова абвешчана дзяржаўнай, знiкаюць апошнiя беларускамоўныя школы. Моладзь пакiдае скарбонку беларускай моўнай культуры вёску. Таму актуальнасць дадзенай праблемы на Беларусi надзвычай узрасла. Нават многiя адраджэнскiя структуры цалкам не разумеюць важнасцi моўнага пытання i, дзеля сённяшняй папулярнасцi, сярод у большасцi сваёй расейскамоўнага электарату, пераходзяць на так званае « двухмоўе» , не разумеючы пры гэтым, якую вялiкую небяспеку для беларускага народа нясе страта роднай мовы.
Паказаць на канкрэтных прыкладах, чаму кожны народ павiнен карыстацца роднай мовай, i якiя незваротныя наступствы нясе страта нацыянальнай мовы галоўная задача дадзенага артыкула.
Мова унiкальны сродак зносiнаў памiж людзмi. Але ставiцца да мовы толькi як да сродку зносiнаў найвялiкшая памылка. Акрамя непаўторнай прыгажосцi гучання моўнай палiтры, унiкальнасцi моўных зваротаў i пабудовы сказаў, у ёй закладзена бясконцае мноства незаўважальных, на першы погляд, але вельмi важных функцыяў, вывучэнне якiх будзе прыносiць усё новыя адкрыццi і здзiўляць даследнікаў.
Напачатку возьмем дзеля прыкладу агульнавядомую iнфармацыйную функцыю мовы. Немаўля, якое толькi вучыцца гаварыць, з кожным словам набывае цэлы блок iнфармацыi, без якой яно не зможа арыентавацца ў жыццi. Калi бацькi сказалi яму, што агонь пякучы, то гэты маленькi чалавек ужо ведае, што агонь нельга чапаць рукамi i не пашкодзiць сябе. Са словамi « агонь пякучы», яму, на ўзроўнi падсвядомасцi, перадалася iнфармацыя, набытая ўсiмi яго продкамi, якую небяспеку нясе пякучы агонь, i як з iм трэба абыходзiцца.
На гэтым дробным прыкладзе мы бачым, што мова нясе ў сабе функцыю абароны, захоўваючы iнфармацыю, якая была набытая папярэднiмi пакаленнямi. Авалодаўшы мовай, чалавек набывае гэтую iнфармацыю, што дазваляе яму пашыраць свае веды далей, не губляючы час на вывучэнне таго жыццёвага вопыту, праз якi прайшлi яго продкi.
Зыходзячы з гэтага, можна сцвярджаць, што менавiта праз мову перадаецца большасць ведаў пра сусвет, набытых папярэднiмi пакаленнямi. Кожнае наступнае пакаленне, узбагачаючыся новымi разуменнямi тых цi iншых з'яваў, перадае нашчадкам свае ўяўленнi пра гэта зноў жа праз мову.
Такiм чынам, кожная мова нясе свайму народу пэўную, неабходную для яго iнфармацыю. I iнфармацыя, якую нясе адна мова, нечым, альбо icтотна, адрознiваецца ад iнфармацыi, закладзенай у iншых мовах, гэтак жа, як i менталiтэт аднаго народу адрознiваецца ад менталiтэту iншых народаў.
Савецкая iдэалагiчная школа, якая да ўсяго несла чыста матэрыялiстычны падыход, разглядала мову толькi як сродак зносiнаў, а шматмоўе як перашкоду ў дачыненнях памiж людзьмi. Працэс « злiцця народаў» праходзiў выключна на расейскай нацыянальнай базе, у тым лiку і на базе расейскай мовы. Стваральнiкi адзiнай сацыялiстычнай дзяржавы з шматмоўнага асяроддзя ўвесь час iмкнулiся да аднамоўя. Першая мова, якая на iх думку павiнна была быць выцiснутая расейскай, стала беларуская. Дзеля гэтага і была прыдуманая абсурдная тэорыя пра падабенства моваў.
Пачаць трэба менавiта з «падабенства моваў» . Нас, беларусаў, з даўнiх часоў настойлiва пераконвалi ў тым, што нашая мова вельмi падобная да расейскай, i, маўляў, таму не адбудзецца анiчога кепскага, калi яна паступова будзе замяняцца апошняй i ўрэшце знiкне зусiм. Знiшчальнiкi нашай самабытнасцi добра разумелi, што мова душа народа. Таму, каб знiшчыць нас як народ, найперш трэба было знiшчыць нашу мову.
Але цi так падобныя гэтыя дзве мовы, як нас пераконвалi вякамi?
Калi разглядаць мову толькi як сродак зносiнаў, то сапраўды, усе славянскiя народы могуць зразумець адзiн другога на любой з славянскiх моваў. Але цi мажлiва на чужой мове правiльна зразумець сусвет?
Кожны народ адрознiваецца ад iншых не толькi колерам скуры альбо вачэй, цi iншымi фiзічнымi адметнасцямi, а найперш сваёй ментальнасцю, сваiм непаўторным, самабытным, непадобным на iншыя, разуменнем свету. Цi не ў мове закладзены код гэтага разумення?
Кожнае мiнулае пакаленне нашых продкаў iнфармацыйна узбагачала сваю родную мову, i гэты iнфармацыйны блок застаецца ў мове назаўсёды, увесь час узбагачаючыся новымi разуменнямi. Прыклады і параўнаннi расейскiх і беларускiх моўных аналагаў пакажуць, як i чым адрознiваюцца нашыя мовы ў сваiм разуменнi свету, i чаму кожны народ абавязкова павiнен карыстацца сваёй роднай мовай.
Возьмем некалькi беларускiх слоў, перакладзем iх на расейскую мову i параўнаем, цi аднолькава ўспрымаюцца чалавечым менталiтэтам канкрэтныя з'явы або падзеi, на гэтых, як сцвярджалi савецкiя iдэолагi, вельмi падобных мовах.
Кожны з нас, пасля цяжкай працы, марыць адпачыць і з нецярпеннем чакае свята. Свята. Удумаемся ў гучанне гэтага слова. Першае, з чым яно атаясамляецца гэта свет, святое, святы дзень, светлы.... Народ адлюстраваў у роднай мове сваё разуменне гэтай з'явы, пакінуўшы яго нашчадкам як запавет. Святы дзень, дзень у якім абавязкова павінна быць месца для малітвы, наведвання Храма ці могілкаў, годнага адпачынку, сустрэчаў са сваякамі, сябрамі і блізкімі. Унёсшы ў мову гэтае разуменне, нашыя продкі нібы хацелі паказаць, як яны разумеюць гэты дзень, якія яны ёсць, і які запавет яны пакідаюць сваім нашчадкам.
Ці гэтак жа сама мы ўспрымаем расейскамоўны аналаг слова свята праздник. Праздник, дзень праздный, дзень калі адарваўшыся ад прыгоннай працы можна на ўсю моц сваёй ухарскай шырокай душы глынуць «горкай» і пад «цыганачку» забыцца пра свой цяжкі лёс, ці наадварот, пахваліцца перад ўсім светам сваімі поспехамі, кінуўшы пры гэтым, як бы для пераканання, усё, што ёсць у кішэні музыкам...
Кожны народ адлюстраваў у адной і той жа з'яве сваё бачанне, свой падыход. Свята і праздник нібыта адно і тое, але, як мы бачым, рознае ва ўспрыманні чалавечай свядомасцю.
Розныя мы народы, і мовы нашая розныя.
Ці, напрыклад, слова кат... Уявiце сабе гэтага чалавека, ката. Перад намi паўстае цёмная постаць фiзічна моцнага чалавека, якi з задавальненнем катуе, альбо заўсёды гатовы катаваць сваю ахвяру. Ён вельмi агрэсiўны, штохвiлiнна гатовы на канфлiкт i не сумняваецца ў сваёй перамозе. Гэты чалавек жорсткi не толькi са сваiмi ахвярамi, але і з блiзкiмi яму людзьмi. Яго ўсе ведаюць i баяцца, стараюцца падтрымлiваць з iм толькi добрыя адносiны, або не мець анiякiх. Яму не адважваюцца пярэчыць, нават калi той абсалютна не мае рацыі, i стараюцца не размаўляць пра яго з iншымi людзьмi, або, калi гавораць нешта за вочы, то толькi благое, з асуджэннем. Кат не хавае ад iншых чым ён займаецца, хоць людзi успрымаюць яго і ягоную дзейнасць адмоўна.
Цяпер падумаем пра гэтага чалавека на расейскай мове палач. Уявiце сабе чалавека, палача. Першае, што прыходзiць расейскамоўнаму чалавеку ў галаву палач, гэта непрыемная, але неабходная для грамадства прафесiя. Перад намi ўсплывае постаць чалавека з закрытым тварам, якi трымае ў тайне свой род заняткаў i выконвае iх з халоднай крывёй. Ён вядзе двайное жыццё i са сваiмi блiзкiмi і сябрамi бывае такi ж ласкавы і пяшчотны, як i бязлiтасны са сваiмi ахвярамi. Палач скрытны i маўклiвы, цураецца знаёмстваў з iншымi людзьмi, у побытавым жыццi пазбягае канфлiктаў i вельмi адданы свайму кiраўнiцву чалавек.
Прыкладна так характарызуюць, пры апытаннях пра сваё разуменне слоў кат i палач, беларускамоўныя i расейскамоўныя рэспандэнты адпаведна.
На гэтым невялiкiм прыкладзе мы пераконваемся ў тым, што кожная з разглядаемых моваў нясе розныя ўяўленнi пра аднаго i таго ж чалавека. Беларускамоўным апытаным, акрамя гісторыкаў, нi разу не прыйшла ў галаву думка атаясамляць дзейнасць ката з прафесiяй, хоць усе пра гэта ведаюць, а расейскамоўныя анiяк не маглi пагадзiцца з тым, што палач можа не хаваць род сваiх заняткаў ад знаёмых. Постаць ката беларускамоўнымi i расейскамоўнымi людзьмi ўспрымаецца неаднолькава, а ў некаторых момантах нават супрацьлегла.
Калi ўзяць два гэтыя апiсаннi, без узгадвання таго, пра каго iдзе размова, то ствараецца ўражанне што гэта два розных чалавекi. У расейскай мове па сённяшнi дзень палачом называюць людзей, якiя з халоднай крывёй сумленна выконваюць свае жудасныя абавязкi, служачы пры гэтым іншым людзям або дзяржаве. У беларускай мове катам называюць пераважна людзей, якiя па уласным жаданні здзекуюцца над iншымi, нават калi тыя здзекi носяць лёгкi, або нават чыста псiхалагiчны характар.
Можна зрабiць выснову, што думаючы пра адное і тое ж на розных мовах, чалавек на ўзроўнi падсвядомасцi ўспрымае адныя і тыя ж з'явы па рознаму, i адпаведна па рознаму да iх ставiцца, у залежнасцi ад таго, на якой мове ён думае. Кожнае слова раскрывае чалавеку цэлы файл iнфармацыi, якая адпавядае яму, яго народу і дадзенай тэрыторыi (пры ўмове, што чалавек думае на роднай мове). Гэта адбываецца таму, што менавiта родная мова прайшла на дадзенай, канкрэтнай тэрыторыi праз вякi, удасканалілася ў мiнулых пакаленнях менавiта гэтага, канкрэтнага народу, і прынесла яго нашчадкам найлепшы для iх, найаптымальнейшы варыянт разумення тых цi iншых з'яваў i падзеяў.
Кожная мова, у iдэале, адпавядае толькi свайму народу, i кожны народ, для таго каб дасягнуць максiмальна правiльнага разумення свету, тых з'яваў i падзеяў, якiя ў iм адбываюцца, павiнен карыстацца сваёй, роднай мовай. Менавiта ў мове закладзены моўны менталiтэт, якi адпавядае ўнутранаму стану і светапогляду толькi свайго народа.
Атрымаць нейкую пэўную iнфармацыю можна і на iншай мове, але каб гэтая iнфармацыя максiмальна адпавядала набыткам продкаў, неабходна карыстацца толькi сваёй роднай мовай.
Страта роднай мовы прыводзiць да дысбалансу i разбурэння iнфармацыйнай гармонii, якая звязвае народ з сусветам.
Кожная мова мае свой уласны, непаўторны, непадобны да iншых моўны менталiтэт. Яна удасканальваецца самым народам, праходзiць праз вякi і даходзiць да нашчадкаў як самая багатая спадчына, што пакiнулi продкi. Па духу свайму яна не падобная на iншыя мовы, мае свой уласны светапогляд i адпавядае ў сваiх моўных законах толькi таму народу, якi яе ствараў i ўдасканальваў. Унутранаму стану кожнага народа можа адпавядаць толькi яго родная мова.
Розная мовы прымушаюць чалавека глядзець на свет са сваiмi асаблiвасцямi. Чалавек думае на нейкай пэўнай мове i, безумоўна, яна уносiць у мысленне чалавека свае карэктывы. Разгледзiм такiя важныя аспекты, як вобразнасць i сiмвалiзм чалавечага мыслення.
Чалавек у сваiх думках успрымае свет вобразна. Калi ён пра нешта гаворыць альбо думае, то ў сваёй свядомасцi альбо падсвядомасцi бачыць вобразавы малюнак, што дазваляе яму больш яскрава успрымаць прадмет цi з'яву. Мова, на якой ён думае, уносiць свае карэктывы. Напрыклад, мы думаем па-беларуску пра зоркi. Вобразава ў свядомасцi ўзнiкае цёплая ноч, дастаткова цёмная, але вельмi ласкавая i спакойная. Пах травы i паветра вабяць прайсцiся, сустрэцца з каханай... Так у большасцi вобразава ўспрынялi слова зоркi апытаныя людзi. Зусiм па iншаму, яны ж, убачылi звёзды. На гэты раз ноч уявілася зiмнай, з адчуваннем лёгкай небяспекi і жаданнем хутчэй дацягнуцца да цёплай хаты.
Нiчога ў гэтым дзiўнага няма, таму што ночы, прыкладам, у Iндыi зусiм не такiя як у Нарвегii, i таму iхныя мовы будуць несцi зусiм iншае вобразнае ўспрыманне гэтай з'явы.
А ў тых людзей, якiя карыстаюцца не сваёй мовай, адпаведнай iх тэмпераменту i генетычнаму коду, безумоўна, вобразнасць мыслення будзе размытай, прытупленай, i не будзе адпавядаць iснуючай рэчаiснасцi.
Колькi не думай пра iндыйскую ноч па-нарвежску, яна ўсё адно не стане такой як у Нарвегii. I зоркi &ndash гэта тое самае, што і звёзды па сэнсе, але не тое самае ў вобразавым успрыманнi.
Не менш важны аспект чалавечага мыслення сiмвалiзм. Чалавек успрымае свет не толькi вобразава, але і сiмвалiчна. I зноў, у залежнасцi ад мовы, гэтае успрыманне рознае. Напрыклад, на Беларусi вясёлага жартаўніка заўсёды паважаюць i нiколi не назавуць блазнам. У Расеi такога чалавека з лёгкасцю і нават з пагардай могуць назваць шут. Чаму? Можа таму, што кожнае слова ўспрымаецца яшчэ і сiмвалiчна? Расейскі шут, з яго расейскiм менталiтэтам i ўспрыманнем свету, пакiнуў пасля сябе менавiта такое сiмвалiчнае ўспрыманне, зусiм не такое як блазан. Цi можна ж вясёлага жартаўніка назваць блазнам. А вось па расейску, шутом можна.
Гэты прыклад паказвае, што згубiўшы родную мову, народ губляе і ў сiмвалiчным мысленнi дакладнасць i вастрыню, перастае адэкватна успрымаць людзей i з'явы, згодна з яго менталiтэтам.
Не дзiва, што ў гэтых народаў няма нават цікавасцi да сваёй старадаўняй сiмволiкi, гiстарычных ведаў, разумення мiнуўшчыны, сваiх культурных і духоўных каранёў. Яны, разам з вастрынёй успрымання, губляюць пачуццё гумару і філасофскае разуменне жыцця, робяцца пахмурнымі і нежыццярадаснымі.
На наступным прыкладзе разгледзiм, як мова ўплывае на разуменне чалавекам свайго мейсца ў грамадстве і сваiх абавязкаў перад iм, як шляхi грамадскага развiцця залежаць ад мовы зносiнаў.
Возьмем адукацыйную галіну.
Зноў выкарыстаем ужо апрабаваны раней шлях параўнання расейскiх i беларускiх словаў i таго глыбіннага зместу, якi нясуць абодва варыянты. Возьмем словы учитель i настаўнiк. Само гучанне гэтых словаў у чалавечым успрыманні ўжо прыводзiць да думкi пра рознасць iхняга значэння, а значыць учитель i настаўнiк па рознаму бачаць сваё мейсца ў грамадстве і свае абавязкi перад iм. Апытанне на гэтую тэму праводзiлася выключна сярод расейскамоўных i беларускамоўных настаўнiкаў i iх вучняў, i дало неверагодныя вынiкi.
Расейскамоўныя учителя лiчаць сваю прафесiю элементам дзяржаўнай структуры. Галоўная задача научить сваiх учеников таму матэрыялу, якi закладзены ў дзяржаўнай праграме навучання, а галоўная задача учеников выучить гэты матэрыял, максiмальна наблiжана да таго варыянту, якi выкладаецца. Самастойныя змены ў навучальных праграмах iмi пераважна не практыкуюцца. Нават самыя актыўныя з тых, каму не падабаецца праграма навучання, стараюцца ўнесцi ў яе змены цэнтралiзавана, праз вышэйшыя ворганы, па ўсёй краiне, i вельмi рэдка адважваюцца на падобныя змены ў сваiм уласным класе.
Расейскамоўны учитель лiчыць сябе толькi невялiчкiм звяном ў моцным ланцугу вялiкай дзяржаўнай структуры навучання, адным з маналiтнага настаўнiцкага войска, з павагай ставiцца да сваiх калегаў i амаль заўсёды падкрэслiвае iх перавагу перад вучнямi, нават калi ўпэунены, што яго калегi памылiлiся. Ён перакананы, што менавiта павага з боку учеников да учителя i дысцыплiна, i ёсць галоўныя элементы ў засваеннi вучнямi праграмы.
Учитель вельмi балюча ўспрымае калi даказваецца яго памылка i лiчыць, што тыя, каго ён учит, не маюць права аспрэчваць яго высноваў. Вельмi важнымi ў працэсе навучання ён лiчыць уменне правiльна выстаўляць оценки, оценивая такім чынам знания ученика, педагагiчна занiжаць цi завышаць iх, каб падцягнуць узровень успеваемости. Пры гэтым ён упэўнены, што трэба жорстка караць гультаёў i парушальнiкаў дасцыплiны.
Адной з дзяржаўных, найважнейшых для сябе задачаў, учитель лiчыць пошук разумнейшых вучняў, якiя некалi сваiм розумам i здольнасцямi дапамогуць зрабiць лепшым жыццё яго дзяржавы і ўсяго чалавецтва. З iмi трэба працаваць, дапамагаць i адсейваць ад тых, каму наканавана зарабляць сабе на хлеб фiзічнай працай.
Расейскамоўны учитель заўсёды лiчыць сябе iнтэлiгентам i праводзiць рэзкую мяжу памiж разумнымi i не вельмi, на яго думку, вучнямi, не сумняваючыся пры гэтым, што правiльна оценил апошнiх. Выстаўляючы оценку, ён оценивает веды вучняў і вельмі хоча праз суровасць і прынцыповасць даказаць сваю заклапочанасць будучыняй сваіх учеников.
Такое ўяўленне пра сябе і свае прафесiйныя абавязкi далi пры апытаннi расейскамоўныя настаўнiкi і iх вучнi.
Зусiм па iншаму сябе i свае абавязкi ахарактарызавалi беларускамоўныя рэспандэнты. Яны лiчаць, што галоўная задача вучня вучыцца, а настаўнiка настаўляць таго на найбольш аптымальны шлях навучання. Настаўнiк бачыць сваю працу як асабiсты творчы працэс, а дзяржаўную праграму навучання як дапаможнiк у гэтым. Адказнасць за вынiкi навучання ён адчувае ў першую чаргу перад сабой, сваiм сумленнем i лёсамi сваiх вучняў. Па гэтай прычыне настаўнiк заўсёды здольны на творчыя эксперыменты, змены ў праграме без узгаднення з кiраўнiцтвам. Сваю прафесiю ён разглядае ў першую чаргу як мажлiвасць зарабляць на жыццё i даводзiць свае погляды да пэўнай аўдыторыi, не ўзвышае сваю працу над iншымi. Пры усiм гэтым, настаўнiк ганарыцца сваёй працай i яе важнасцю, трымаецца варта, з павагай да сябе і iншых, але як мага прасцей.
Сваiх калегаў ён разглядае рознабакова, аддаючы перавагу не пасадзе, а асабiстым якасцям кожнага з iх. Нiколi не лiчыць сваiм абавязкам бараніць пазiцыю апошнiх перад вучнямi, калi калегi, на яго думку, памыляюцца.
Настаўнiк не баiцца перад аўдыторыяй прызнаць i свае памылкi, на першае мейсца ў вучнях ставiць не пакорлiвую паслухмянасць, а жывую зацiкаўленасць навучальным працэсам, актыўны ўдзел у спрэчках, здольнасць да самастойнага пошуку iсцiны.
Погляд на адзнакi ў настаўнiка таксама адрознiваецца ад поглядаў учителя. Беларускамоўны настаўнiк выказваецца супраць манiпуляцый адзнакамi, дзеля чаго б гэта не рабiлася. Адзнакам не надаецца такое важнае значэнне, а нездавальняючыя ставяцца вельмi рэдка. Падзел вучняў на iнтэлектуалаў i не, можна сказаць, адсутнiчае. Настаўнiк лiчыць, што ў кожным з iх ён павiнен знайсцi нешта сваё, адметнае і вельмi часта гэтае нешта з'яўляецца больш важным, чым узровень ведаў школьнай праграмы.
Не iснуе і такой рэзкай мяжы памiж iнтэлектуальнай i фiзічнай працай, ўзвышэння адной над другой.
На дадзеным прыкладзе відаць, як па рознаму бачаць сваю мiсiю, свае абавязкi, i сваю ролю ў грамадстве настаўнiкi, у залежнасцi ад таго, якой мовай яны карыстаюцца.
Можна канстатаваць, што такі найважнейшы працэс, як школьнае навучанне (як i многія iншыя працэсы у жыццi грамадства), у значнай ступені залежыць ад той мовы, на якой ён адбываецца. Раней мы ўжо прыйшлi да высновы, што менталiтэту кожнага народа адпавядае толькi яго нацыянальная мова. Гэта значыць, што адукацыйны працэс на чужой мове, дзе расейская мова накладваецца на беларускi менталiтэт, не можа прывесцi да патрэбных вынiкаў i будзе адмоўна адбівацца на светапоглядзе і псiхiчным стане вучняў. Калi для беларускiх школьнiкаў вядзецца выкладанне на расейскай мове, то можна з упэўненасцю сцвярджаць пра iх скалечаны ў падсвядомасцi светапогляд, выправiць якi будзе надзвычай цяжка.
Толькi ў тым выпадку, калi чалавек дасканала валодае роднай мовай, якая адпавядае яго менталiтэту, унутранаму стану, iснуючай рэчаiснасцi гэтай тэрытарыяльнай адзiнкi, яго гiстарычнай i генетычнай памяцi, валоданне iншымi мовамi узбагачае яго, дае мажлiвасць глянуць на сусвет з iншых пазiцый. Калi чужой мовай проста замяняюць яго родную, гэта прыводзiць да неадпаведнасцi яго поглядаў iснуючай рэчаiснасці, разбурае здольнасць правiльнасцi аналiзу, цалкам знiшчае iнтуiцыю.
Іншай, не менш важнай сферай грамадскага жыцця з'яўляецца права. Цывiлiзаваны свет законапаслухмянасць чалавека лiчыць найвышэйшай праявай яго грамадзянскай адказнасцi. Таму права мусiць быць бездакорным, справядлiвым, адпавядаць светапогляду дадзенага народа, яго менталітэту, бо ад гэтага залежаць лёсы і нават жыццi людзей. Права павiнна ўлiчваць светапогляд, лад жыцця і традыцыi народа.
Цi ўплывае моўны менталiтэт на законатворчую дзейнасць? Цi можна ствараць законы для аднаго народа на мове іншага? Паспрабуем адказаць на гэтыя пытаннi.
Звернемся да аднаго яскравага прыкладу. Яшчэ за сталінскімі часамі, у невялічкай беларускай вёсцы, чэкісты арыштоўвалі селяніна. Вакол іх, цесным колам, сабраліся аднавяскоўцы сяляніна, яго сваякі і дапытваліся, за што забіраюць чалавека. Нарэшце адзін афіцэр патлумачыў:
Этот человек преступник. Он преступил закон и понесёт суровое наказание. Советская власть запрещает иметь в личном пользовании лошадь, а у него она была.
Ды які ж ён злачынец, угаворвалі чэкістаў вяскоўцы. Што тут благога мець каня? Каму ж ён гэтым нашкодзіў, якое зрабіў зло?
Я вам русским языком говорю, раздражнёна крычаў афіцэр. Он преступил закон, а вы ни черта не понимаете. Тупые вы какие-то, белорусы.
Так і не зразумеў расейскамоўны чыноўнік, што размаўлялі яны на розных мовах, і таму так і не змаглі зразумець адзін другога.
Мы ўжо разглядалi той працэс, калі кожнае слова нясе сабой цэлы файл iнфармацыi, якi iмгненна раскрываецца ў падсвядомасьцi i ўплывае на ўспрыманне чалавекам той цi iншай з'явы. Якую iнфармацыю атрымлiвае законатворца, cтвараючы законы, калi думае па беларуску злачынец, i ў перакладзе на расейскую мову преступник.
Гучанне гэтых словаў гаворыць само па сабе. Преступник чалавек, якi преступил закон, незалежна ад таго, добры той закон цi кепскi, успрымаем мы яго цi не. Слова злачынец гаворыць нам пра тое, што гэта чалавек, якi робiць, альбо ўжо зрабiў зло, нават калi ў заканадаўстве гэтае дзеянне не будзе лiчыцца парушэннем закону.
Селянiн не меў права трымаць ва ўласнай гаспадарцы каня. Заканадаўчая база ў Савецкiм Саюзе рабiлася на расейскай мове. Расейскi моўны менталiтэт гаворыць пра тое, што селянiн, які адважыўся выгадаваць каня, преступил закон, i таму з'яўляецца преступником. Ступень вызначэння вiны гэтага чалавека мае ў расейскай мове вельмi шырокi дыяпазон, ляжыць у межах разумення слова преступник, i залежыць ужо ад розных ускосных фактараў, такіх, як палiтычная сiтуацыя ў краiне, цi стратэгiчная мэтазгоднасць, цi што-небудзь iншае. Сам факт, што селянiн меў каня, ужо адыходзiць на другi план. На першае мейсца выходзiць наяўнасць парушэння закону.
Селянiн стаў преступнком, i расейскi моўны менталiтэт дазваляе караць преступника, за парушэнне закону з жорсткасцю, якая ляжыць у дыяпазоне ад мiнiмума да максiмума. Кажучы прасцей, селянiн, за тое, што меў каня і такiм чынам парушыў закон, мог атрымаць ад суддзi як проста нараканне, так i найвышэйшае пакаранне, у залежнасцi ад таго, што выгадна дзяржаўнай уладзе. Гэта дазваляе тое разуменне слова преступник, якое закладзена ў расейскай мове i таму на гэтай мове законатворца мог стварыць такi закон.
Беларускi моўны менталiтэт гаворыць пра злачынца, як пра зрабiўшага зло чалавека. Селянiн, якi меў каня, анiяк не мог разглядацца як злачынец, бо тое, што чалавек займеў каня, нельга назваць злом. Такое разуменне не дапускаюць беларускiя моўныя законы і беларускаму законатворцу проста не прыйшло б ў галаву назваць гэтага селянiна злачынцам. Найбольш яго можна акрэсліць парушальнiкам закону, што адпаведна і вызначае ступень яго вiны і моц пакарання. Беларускi моўны менталiтэт прымушае на першае мейсца ставiць наяўнасць альбо адсутнасць у дзеяннях селянiна зла, а не сам факт парушэння закону, i адпаведна прыводзiць да думкi, што падобны закон, калi ён iснуе, не адпавядае здароваму сэнсу, традыцыям гэтага народа, яго разуменню свету.
Можна сцвярджаць, што на беларускай мове, падобны закон не мог узнiкнуць. Гэтага не дазваляе тое разуменне слова злачынец, якое закладзена ў беларускай мове.
Законатворцы Беларусі i сёння карыстаюцца чужой мовай, ствараюць законы па-расейску і толькi пасля перакладаюць iх на беларускую мову. Якiя пачварныя вынiкi могуць з гэтага атрымацца, мы бачылi на згаданым прыкладзе. Поўная неадпаведнасць светапогляду, ладу жыцця, менталiтэту, тэмпераменту і традыцыям гэтага народу! Можа гэта будуць i добрыя законы, але не для гэтай краiны.
Можна сцвярджаць, што згубiўшы родную мову, народ губляе здольнасць нават стварыць для самога сябе справядлiвае права і змушаны жыць у прававым дысбалансе.
Няма на свеце лепшых і горшых моваў, ёсць мова родная і мовы іншыя.
У мове закладзены светапогляд, якi ўплывае на ўсе сферы грамадскага жыцця. Самае галоўнае тое, што кожнаму народу адпавядае толькi яго мова. Уявiце сабе беларускага селянiна, якому гавораць пра тое, што нельга мець у гаспадарцы каня. Ён проста ў гэта не паверыць. Гэта не можа змясцiцца ў яго свядомасцi. А судзiлi такiх людзей па законах, створаных на расейскай мове. Нiяк гэтыя людзi не маглi зразумець, за што iх так жорстка караюць.
Толькi карыстаючыся сваёй роднай мовай, народ можа гарманiчна ўпiсаць новыя разуменнi ў багацейшы досвед, пакiнуты яму продкамi, не паламаўшы еднасцi гэтых узаемаадносiнаў.
Вышэй мы разглядалi ў якасцi прыкладаў непадобныя па гучаннi расейскiя і беларускiя словы і пераканалiся ў тым, што яны маюць рознае значэнне і нясуць неаднолькавую па свайму светапоглядзе iнфармацыю. Для таго, каб дасканала зразумець, што ў кожнай мове ёсць свая душа, свой непаўторны, непадобны на iншыя код разумення сусвету, у якiм закадаваная неабходная, менавiта для гэтага народа, iнфармацыя, якая дапаможа яму не толькi выжыць, але і зрабiць сваё жыццё лепшым, патрэбна абавязкова прааналiзаваць прыклад з аднолькавымi па гучаннi словамi.
Вось слова, якое, на першы погляд, у абодвух варыянтах не мае анiякага адрознення зiма. Зима па-расейску, зiма па-беларуску. Але давайце глянем, якiя эпiтэты надаў расейскi народ сваёй зiме. Зимушка-зима, зима-красавица, матушка-зима, зима-колдунья, кудесница, долгожданная, хранительница і г. д. У беларускай мове, нi ў фальклёры, нi ў лiтаратурнай мове, нi ў гутаркавай, падобныя эпiтэты да слова зiма не ўжываюцца. Наадварот, тут мы сустракаем зусiм адваротнае ўспрыманне. Зiма халодная, нягодная, сварлiвая, праклятая, нiкому не патрэбная, злая i т. п. Відавочна, што беларускамоўныя i расейскамоўныя людзi, калi згадваюць пра зiму, гавораць не пра адно і тое ж, а пра дзве зусiм розныя з'явы. Гэта і зразумела: мову на працягу доўгiх вякоў ствараў i ўдасканальваў сам народ. У тыя часы, калi ў расейскую мову закладвалася iнфармацыйнае разуменне слова зима, расейскi народ чакаў зiму як збавiцеля. Мала якi вораг мог прыйсцi ўзiмку праз iх заснежаныя лясы. Гэта значыць, што можна было спакойна перавесцi дух, i пражыць гэты час без страху. Вось i назвалi зiму ў расейскай мове желанной. Багатыя на жыўнасць лясы заўсёды маглi пракармiць, а зiмой па снезе i звера лягчэй высачыць. Сам па сабе народ фiзічна ўстойлiвы да марозаў, непатрабавальны. Зiма цалкам адпавядала патрэбам i светапогляду расейскага чалавека, таму і зафiксаваў ён у сваёй мове гэтую з'яву так, а не iнакш. Але самае галоўнае гэта iснуючая рэчаiснасць. Народ удасканальваў сваю мову пад уплывам iснуючай рэчаiснасцi, адлюстроўваў у ёй сусвет такiм, якiм сам яго бачыў.
Цi мог беларус, якi жыў пры халодных, вiльготных i сырых балтыйскiх вятрах (iснуючая рэчаiснасць, якой не было на расейскіх землях), адлюстраваць зiму ў сваёй мове так, як расеец. Безумоўна, не. На беларускай зямлi, дзе з даўнiх часоў перакрыжоўвалiся iнтарэсы ўсходу і захаду, поўначы i поўдня, зiма не магла ратаваць людзей i ад вайны. Наадварот, летам можна было адсядзецца ў балотах, якiх было мноства. Зiмой яны замярзалi і паратунку шукаць не было дзе. Беларускi народ, сам па сабе працавiты, руплiвы, не баяўся цяжкай летняй працы, заўсёды iмкнуўся жыць багацей, лепш. Не чакаў гэты народ зiмы як збавiцеля і адлюстраваў яе ў сваёй мове адпаведна.
На вёсках па сённяшні дзень старыя людзі гавораць:
Добра ў нас, прыгожа, хораша, але каб зімы не было, было б яшчэ лепш.
Калi мы звернемся да гiсторыi згаданых двух народаў, то ўбачым, што большасць лёсаносных расейскiх перамог адбылося менавiта зiмой. Войскi Напалеона без бою пакiнулi Маскву. Гэтую бiтву, як i многiя iншыя, Расеi дапамагла выйграць зима.
Родная мова падсвядома падказвае, што, як i калi трэба рабiць, чужынская мова заўсёды ўводзіць у зман, даючы неадпаведную iнфармацыю.
Пададзены прыклад паказвае, што беларускамоўны чалавек успрымае зiму зусiм не так, як расейскамоўны, хоць па гучанні гэтыя словы iдэнтычныя. Да адной i той жа з'явы ў iх розныя адносiны, рознае стаўленне. I кожнаму з гэтых народаў яго мова дае правiльнае тлумачэнне, правiльнае толькi для свайго народа і памылковае для iншых. Тым самым мова засцерагае свой народ ад асiмiляцыi, змешвання і знiкнення.
Хто можа сказаць, як неабходна дзейнiчаць чалавеку, якi вырас у спрыяльных добрых умовах, быў дагледжаны i абаронены ад непрыемнасцяў бацькамi, i якi раптам трапiў у экстрэмальную сiтуацыю? Толькi яго родная мова, у якой закладзены код разумення свету, дзе i змяшчаюцца правiльныя адказы. Чужынская мова ашукае яго.
Кожная мова мае свой уласны, непаўторны, непадобны на iншыя код разумення свету. Па духу свайму яна не падобная на iншыя мовы і адпавядае цалкам i беспамылкова толькi свайму народу. Светапогляду кожнага народа адпавядае толькi яго родная мова, якая нясе яму адпаведны код разумення свету.
Кожны народ адрознiваецца ад iншых тым, што не так як другiя, а па свойму ўспрымае сусвет. Правільны код гэтага ўспрымання закладзены ў яго роднай мове.
Мова выконвае безлiч абарончых функцыяў, каб не даць народу знiкнуць. Але ёсць сярод iх такая, якую можна назваць галоўнай абарончай функцыяй мовы. Гэта стварэнне мацнейшай абарончай сiстэмы iмуннага трохкутнiка.
Цi можам мы прыняць iншую мову, жыць пад яе ўплывам i разумець свет так, як таго патрабуе яна?
Як ужо гаварылася раней, народ укладаў у мову сваё успрыманне свету пад уплывам iснуючай рэчаiснасцi. Але гэтае успрыманне свету адлюстроўвалася не толькi ў мове. Яно ад дзядоў да ўнукаў перадавалася праз генетычную памяць.
Генетычная памяць, як i звычайная, нясе чалавеку iнфармацыю пра сусвет. З кожным пакаленнем яна ўзбагачалася і iшла да нас разам з мовай, як дзве сістэмы, якiя падтрымлiваюць i дапаўняюць адна другую, не даюць адна другой загiнуць. Генетычная памяць i мова на працягу пакаленняў, пад уплывам iснуючай рэчаiснасцi, набывалi прыкладна аднолькавую iнфармацыю, не даючы адна другой збiцца цi зрабiць памылковую выснову пра ўсё тую ж iснуючую рэчаiснасць, пра той свет, у якiм i жыве дадзены народ. Гэтыя тры адзiнкi (генетычная памяць, iснуючая рэчаiснасць i мова), пры ўмове, што яны адпавядаюць адна другой, нясуць аднолькавую iнфармацыю i ствараюць мацнейшае абарончае збудаванне ад знiкнення непаўторнай самабытнасцi свайго народа, ад яго духоўнай i фiзічнай смерцi імунны трохкутнік (мал. 1).
Гэты трохкутнiк i ёсць iмунная сiстэма народа, яго iнстынкт да самазахавання. Iнфармацыя, якую нясе кожны бок iмуннага трохкутнiка, павiнна супадаць i дапаўняць адна адну. У адваротным выпадку, iмунная сiстэма народа распадаецца з-за несупадзення жыццёва важнай iнфармацыi. Уявiце сабе чалавека, якi ўзiмку выйшаў на вулiцу. Халодны балтыйскi вецер (iснуючая рэчаiснасць) прадзiмае да касцей, генетычная памяць нясе iнфармацыю пра тое, што зiма не лепшая пара года для беларуса, а мова (маем на ўвазе расейскамоўнага чалавека) гаворыць пра тое, што зимушка-зима для яго желанная. Якiя ж працэсы адбываюцца ў падсвядомасцi гэтага чалавека ад такога кардынальна супрацьлеглага несупадзення iнфармацыi пра адну і тую ж з'яву. Яго інфармацыйны цэнтар, які павінен быць дакладным, становіцца размытым і неканкрэтным (мал 2).
А ўявiце цэлы народ, якi жыве ў такой супярэчнасцi. Гэты народ, згубiўшы сваю iмунную сiстэму, як хворы на СНIД чалавек, можа iснаваць толькi пры спрыяльных умовах. У крытычных сiтуацыях такi народ гiне. Згубiўшы родную мову, ён разбурыў свой iмунны трохкутнiк, застаўся без iмунiтэту, без iнстынкту да самазахавання і асуджаны на знiкненне, калi своечасова не выправiць становішча. Гэты народ губляе здольнасць змагацца з бядой, супрацьстаяць небяспецы звонку, ён нават губляе здольнасць прымаць правiльнае рашэнне. I калi прыходзiць час рабiць выбар (цi гэта выбар кiраўнiка дзяржавы, цi шляхоў развiцця, цi палiтычнай сiстэмы), гэты народ амаль заўсёды зробiць памылку. Ён губляе ўсе прыкметы народу, перастае быць маналiтным, не адрознiвае сваiх ад чужынцаў, страчвае iнстынкт да самазахавання і здольнасць пераадольваць перашкоды.
Найбольш яскравы таму прыклад Чарнобыль. Калi ўвесь свет ратуецца ад гэтай навалы, беларускi, на сёння ў большасці расейскамоўны народ, якому больш за ўсiх пагражае смяротная небяспека, не можа аб'яднацца для барацьбы з ёю. Людзi ратуюцца паасобку, бо ў кожнага ёсць свой уласны iнстынкт да самазахавання. Народ жа, у цэлым, не згуртаваўся ў еднасць. Людзi з больш-менш «чыстых» тэрыторыяў не ўспрымаюць гэтую трагедыю як сваю, беларускую, нацыянальную, а ставяцца як да бяды нейкай асобнай часткi людзей з забруджаных зонаў. Да перасяленцаў ставяцца не як да братоў-беларусаў, а як да чужынцаў. Пры гэтым сапраўдных чужынцаў прымаюць з радасцю, заўседы знаходзяць для iх мейсца.
Такi стан i ёсць страта ўсiх прыкметаў народа. Гэта і не дзiўна. Стварыць народ без агульнай мовы, якой павiнны карыстацца ўсе немагчыма. Толькi мова, якая нясе сваё, агульнае для ўсяго народу разуменне сусвету, можа аб'яднаць людзей у еднасць, толькi яна можа ўвабраць у сабе думкi асобных людзей i даць iм адзiны накiрунак, найбольш правiльны і адпаведны гэтаму народу.
Без яе хто зробiць гэта? Чужая мова, якая не адпавядае нi генетычнай памяцi, нi iснуючай рэчаiснасцi, гэтага не здольная зрабiць, а можа толькi ашукаць. Менавiта таму родная мова жыццёва неабходная не толькi дзеля дабрабыту, бяспекi, але і дзеля таго, каб выжыць. Анiводны народ, якi страцiў сваю мову, не застаўся на зямлi. Ён спачатку вымiрае духоўна, а пасля і фiзiчна, бо не можа жыць у гэтым свеце без сваёй iмуннай сiстэмы.
Такiм чынам, можна канстатаваць той факт, што мова з'яўляецца неад'емнай часткай iмуннага трохкутнiка, мацнейшай абарончай сiстэмы народу, яго iнстынктам да самазахавання. Без яе iмунны трохкутнiк паступова разбураецца і знiкае зусiм, пакiдаючы гэты народ без iмунiтэту, а значыць i без шанцаў на захаванне сваёй самабытнасцi, сваёй непаўторнасцi, сваёй будучынi, без шанцаў на выжыванне.
Са сказанага вынiкае, што народ, якi згубiў сваю мову, паступова будзе слабець, пакуль не вымра зусiм. Зразумела, што кiраўнiцтва любой дзяржавы павiнна змагацца за непахiснасць i чысцiню нацыянальнай мовы. Той, хто выступае за аслабленне статусу роднай мовы, свядома вядзе гэты народ да згубы. Валоданне адзiнай мовай неабходнасць, i гэтай адзiнай мовай павiнен карыстацца ўвесь народ, усе нацыянальнасцi, з якiх ён складаецца. Бо ў людзей, у межах адной краiны, прыкладна адныя праблемы, адныя радасцi. Адным словам, iснуючая рэчаiснасць для ўсiх адна. Жывучы з гэтым народам, людзi iншых нацыянальнасцяў пачынаюць авалодваць ведамi гэтага народа, яго гiсторыяй, яго жыццёвым вопытам, што і адкладваецца ў iх памяцi і перадаецца нашчадкам праз генетычную памяць (элементы iмуннага трохкутнiка). Што ж застаецца, каб стаць паўнавартасным жыхаром краiны, часткай яе народу? Мова. Толькi яна можа аб'яднаць усiх, незалежна ад нацыянальнасцi, у адзiн народ, што жыццёва неабходна кожнаму. Не авалодаўшы мовай, чужынец не зможа духоўна зразумець гэты народ, будзе цурацца яго, пагарджаць iм, нiколi не стане сваiм.
Кожны асобны чалавек, нацыянальнасць, этнас, i нават партыя, рух, маюць свае асаблiвасцi, жаданнi, патрэбы, але, аб'яднаўшыся адной мовай, у межах адной краiны, яны дзейнiчаюць як адзiн народ, што вельмi неабходна для iх жа ўласнага дабрабыту i бяспекi. Калi ў межах адной краiны нейкая частка людзей не валодае адзiнай мовай, гаварыць пра кансалiдацыю марна губляць час. Яе не будзе, бо людзi ўспрымаюць свет, адныя і тыя ж з'явы па рознаму. Раз'яднаныя непаразуменнем групоўкi, рана цi позна пачынаюць баранiць свае iнтарэсы са зброяй у руках.
Таму, любое, нават дробнае прыніжэнне статусу роднай мовы, ёсць злачынства, накiраванае на выміранне нацыі.
Калi народ губляе сваю мову, ён нейкi час яшчэ жыццяздольны за кошт моцнай генетычнай памяцi, якая яму нiбы дае шанц выправiць памылку. Але праз нейкi час, калi генетычная памяць не падсілкоўваецца мовай, яна пачынае сцiрацца.
Уявiце сабе цэлы народ, якi страцiў памяць. Ён ужо не толькi нежыццяздольны, але і небяспечны для астатнiх. Гэты народ ператвараецца ў марыянетку тых, хто iм кiруе. Страцiўшы з геннай памяццю апошнюю прагу да волi, гэты народ можа ператварыцца ў душыцеля чужой свабоды, небяспечнага для ўсяго свету, але вельмi патрэбнага для тыранаў i захопнiкаў. Менавiта яны зацiкаўленыя ў тым, каб ствараць такiя народы. Адзiн са шляхоў да гэтага знiшчыць нацыянальную мову, што з беларусамі спрабавалі зрабіць стагоддзямі, працягваюць рабіць і зараз.
Можна сцвярджаць, што знiшчэнне нацыянальнай мовы гэта злачынства супраць чалавецтва.
Кожны народ жадае быць не толькi сытым, але і вечным. Народ, якi губляе родную мову пазбаўляе сябе шляхоў у вечнасць. Прычым, губляе ад гэтага не толькi ён, але і усё чалавецтва. Бо ўжо больш не будзе на свеце знiклай мовы, унiкальнай, непаўторнай, з яе, непадобным на iншыя, менталiтэтам. Яна, як i iншыя мовы, сваiм разуменнем свету узбагачае чалавецтва ў цэлым. З яе знiкненнем, нiхто не верне гэтыя страты.
Мы беларусы. Мы старадаўняя хрысціянская нацыя са сваёй унікальнай адметнасцю і гісторыяй, сваім поглядам на сусвет і сваімі культурнымі, духоўнымі каштоўнасцямі. Кожны з нас, хто адчувае сябе сынам ці дачкой гэтай унікальнай зямлі, павінен змагацца за сваю мову, каб не знікла яе гучанне з еўрапейскай моўнай палітры, каб выжыць.
Мы, беларусы, як i ўсе iншыя народы, маем сваiх герояў i сваiх прарокаў. I кожны з iх пакiнуў нам запаветы пра нашу мову. Кажуць, прарокi гавораць голасам Бога. Адзiн з iх, наш нацыянальны герой, паэт прарок Францiшак Багушэвiч сказаў яшчэ 100 гадоў таму « Не пакiдайце нашай мовы беларускай, каб не ўмерлi!»
Можа, гэта нас Бог папярэдзiў?!
Аняменне: з хронікі знішчэння беларускай мовы. Вільня: gudas, 2000. 320с.
Гумбольт В. О различии строения человеческих языков и его влиянии на духовное развитие человечества [1830 1835] // кн.: Гумбольт В. Избранные труды по языкознанию. М.: Прогрес,1984. С. 37 -298.
Иванов Вяч. Вс. О лингвистических исследованиях П.А.Флоренского // Вопросы языкознания. 1986. №6. С.320 364.
Костюхин Е.А. Типы и формы животного эпоса.М.: Наука, 1987. 271с.
Мартынаў В.У. Этнагенэз славян: Мова і міф. Мінск: Навука і тэхніка, 1993. 23с.
Мечковская Н.Б., Супрун А.Е. Знания о языке в средневековой культуре южных и западных славян // История лингвистических учений: Позднее средневековье. Спб.: Наука, 1991. С.105 181.
Реформатский А.А. Введение в языковедение. М.: Просвещение, 1967. 544с.
Соссюр Ф. де. Труды по языковедению. М.: Прогресс, 1977. 696 с.
Этнаграфія Беларусі: Энцык. (Беларус. Сав. Энцыкл.) Мн.: БелСЭ, 1989. 575 с.: іл.
Др. Я. Станкевіч. Беларуска расейскі (Вялікалітоўска расейскі) слоўнік
В.Ластоўскі. Расейска крыўскі (Беларускі) слоўнік. Kaunas, 1924. 834 с.