Поможем написать учебную работу
Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.
Если у вас возникли сложности с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой - мы готовы помочь.
Уводзіны
Ядвігін Ш. адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы жыў на пераломе двух стагоддзяў, двух сацыяльных эпох. Вучань Дуніна-Марцінкевіча, ён быў паплечнікам Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, старэйшым сучаснікам Цішкі Гартнага, М. Гарэцкага, 3. Бядулі. Своеасаблівым і складаным быў яго жыццёвы шлях, нялёгкай была яго творчая біяграфія.
Я. Купала называе Ядвігіна Ш. у ліку тых пісьменнікаў, што на пачатку літаратурнага шляху заахвочвалі яго да мастацкай творчасці. Ён успамінае ў адным з пісем: «У перыяд 19041906 гг. ...я пазнаёміўся з Ядвігіным Ш. (жылі мы па суседству). Гэта была для мяне вялікая падзея, бо я ўпершыню сутыкнуўся з чалавекам, які не толькі пісьменнік, якога друкуюць, але і піша па-беларуску. 3 Ядвігіным Ш. я вельмі зблізіўся. Ён мне шмат расказваў пра незнаёмыя мне да таго часу пісьменніцкія справы і г. д. Чалавек ён быў з вышэйшай адукацыяй (праўда, універсітэта з-за рэвалюцыйных спраў не закончыў), прытым вельмі цікавы і дасціпны субяседнік» [1, с.87].
Публіцыст, празаік (аўтар першага беларускага рамана), паэт, драматург, перакладчык, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч гэта пра Ядвігіна Ш. I на сёння нямала для адной асобы.
Але, на жаль, з усёй кагорты пісьменнікаў-адраджэнцаў пачатку XX ст. постаць Ядвігіна Ш. застаецца ў зацемках з прычыны сваёй загадкавасці, нашай слабой культурна-гістарычнай дасведчанасці, а ягоная творчасць належным чынам не запатрабаваная, не прыцянутая ў сферу навуковага і практычна-азнаямляльнага ўжытку. Хоць заслугі гэтага выдатнага дзеяча беларускай культуры і літаратуры пачатку XX ст. бясспрэчныя. Празаічная спадчына пісьменніка надзвычай шматгранная, вылучаецца жанрава-стылёвай разнастайнасцю, багаццем вобразна-мастацкіх сродкаў, адметнасцю прынцыпаў мастацкай тыпізацыі. Творы строга рэалістычныя, з заглыбленым аналізам сацыяльна-побытавай дамінанты жыцця, лірыка-філасофскія імпрэсіі з налётам сапраўднага рамантызму, псіхалагічныя, гумарыстычныя і сатырычныя навелы, алегарычныя апавяданні, прытчы вось далёка не поўны пералік пісьменніцкага набытку.
Адной з прычын таго, што творчасць Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага) не набыла і не набывае шырокага грамадскага рэзанансу, з'яўляецца даволі павярхоўнае прачытанне яго твораў, калі ўвесь змест іх зводзіцца да выразна стылізатарскай, пераймальніцкай сутнасці "вырастання з фальклору". Алегарычныя апавяданні пісьменніка, прыкладам, успрымаюцца не больш як літаратурная апрацоўка народных гутарак, казак, легендаў і паданняў. Пры гэтым чамусьці ўпарта не прымаецца пад увагу той факт, што літаратура пачатку стагоддзя абсалютна новы ў ідэйна-эстэтычных адносінах этап мастацкага засваення жыцця, калі шпаркімі тэмпамі разгортваўся працэс, які суправаджаўся “...узмацненнем сімвалічных форм паэтычнай мовы, паглыбленнем літаратурнай міфалагізацыі вобразнага мыслення. <...> I гэты працэс не абавязкова азначаў актывізацыю ўнутранага звароту да традыцыйнага міфа і казкі. Хутчэй наадварот. У пачатку XX ст. адкрытага звароту да міфалогіі і фальклору... наглядаецца мала і ў вельмі вузкім маштабе. Сувязь… захоўваецца, але яна ўжо ўскладненая літаратурнай традыцыяй, пераўтвораная шматлікімі эстэтычнымі напластаваннямі, прыхаваная, урэшце, публіцыстычнай надзённасцю мастацкага вырашэння агульнанародных жыццёвых праблем" [2, с. 127].
Адной з галоўных у гэты час, як адзначае Віктар Каваленка, застаецца праблема адносінаў мастацкай свядомасці да духоўнага аблічча чалавека з народа, у першую чаргу селяніна. Героі Ядвігіна Ш. таксама з'яўляюцца тыповымі прадстаўнікамі народа, а яго творы складаюць нейкі адзіны метатэкст з заключанай у ім сацыяльнай, маральна-этычнай і філасофскай праблематыкай. Творы аўтара, якія будуюцца па прынцыпе ўзнаўлення аднаго героя, вобраза, для выяўлення сваёй канцэптуальнай глыбіні і змястоўнасці патрабуюць сумарнага разгляду, у кантэксце ўсёй творчасці. Толькі такі падыход можа адкрыць перспектыву для раскрыцця іх сэнсу. Творы нельга разглядаць у ізаляцыі пазіцый аўтара і яго героя, а толькі праз іх узаемаабумоўленасць, узаемадапаўняльнасць. Віктар Каваленка ўбачыў у творах пісьменніка супрацьпастаўленне патрыярхальнага духоўнаму, што набывае выразна драматычнае абвастрэнне. Апошняе, у сваю чаргу, было абумоўлена глыбокім усведамленнем таго, "што народ не можа пастаяць за сябе, што ён даверлівы, наіўны, што яго лёгка падмануць. У многіх творах Ядвігіна Ш. узмацненне трагічнага пачуцця літаратуры вылілася ў злую насмешку над патрыярхальным сялянскім характарам, у з'едлівы сарказм" [ 2, с. 128]. У алегорыі Ядвігіна Ш. можна знайсці тыпалагічныя рысы пародыі. Такое своеасаблівае "алегарызаванае парадзіраванне" дапамагае не толькі раскрыць неадпаведнасць рэальнасці пісьменніцкаму ідэалу, але і завастрыць увагу на індывідуальна-асобасным, паспрачацца з фальклорнымі пастулатамі шляхам стварэння сітуацый ад адваротнага, перамясціўшы акцэнт на модус парушаных чалавечых адносінаў. Тым самым пісьменнік спакваля падступаўся да разгады нацыянальнага менталітэту, спецыфікі народнага мыслення. Алегорыя паступова перарастае ў сімвал, які не змяшчаецца ў межах адназначнай ацэнкі. Алегорыка-сімвалічныя вобразы ўвасабляюць спрадвечную адметнасць народа, якую нельга раскласці на плюсы і мінусы. "Мысленне" народа паўстае тут і як народнае, I як антынароднае. Яно вечна маладое і старое, як гэты свет. I, нарэшце, гэтае "мысленне" антынамічнае па сваёй унутранай прыродзе мысленне раба і пана.
Але яркі талент Ядвігіна Ш., дэмакратызм яго сацыяльных перакананняў, абстаноўка палітычнага і нацыянальнага ўздыму ў краіне пасля рэвалюцыі 1905 г. дапамаглі пісьменніку ў мастацкай творчасці ўзняцца вышэй звычайнай займальнасці і знайсці сябе як мастака-рэаліста ў распрацоўцы актуальнай для свайго часу тэмы: беларускі селянін, яго гаротнае эканамічнае становішча, палітычнае і нацыянальнае бяспраўе.
Даследаванне творчасці Рыгора Барадуліна займаліся многія крытыкі і літаратуразнаўцы. В. Максімовіч працаваў над вызначэннем жанру і мэтаду. Н. Нямковіч спрабавала вызначыць асобныя рысы яго твораў. А. Дышлевіч раскрыў асобныя моманты з жыцця і творчасці гэтага празаіка. П. Ткачова вызначыла некаторыя рысы творчасці Ядвігіна Ш.. Т. Дасаева раскрыла лірызм творчасці гэтага мастака слова. Як бачым, пра паэта напісана нямала прац, а таксама водгукаў і выказванняў. Але, на жаль, няма грунтоўнай працы пра мастацкую своеасаблівасць прозы Ядвігіна Ш.
Мэта курсавой работы выявіць мастацкія асаблівасці прозы Ядвігіна Ш.
Мэтай прадвызначана вырашэнне наступных задач:
асэнсаваць літаратурную спадчану Ядвігіна Ш. з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі;
па-новаму перачытаць прозу Ядвігіна Ш., паказаць якія важныя і актуальныя праблемы ставіў і вырашаў паэт у творах;
выявіць мастацкія асаблівасці прозы Ядвігіна Ш.
ацаніць наватарскія здабыткі Ядвігіна Ш. ў мастацкім увасабленні задумы.
Абект даследавання творы Ядвігіна Ш.
Прадмет даследавання мастацкія асаблівасці прозы.
1 Мастацкія асаблівасці прозы Ядвігіна Ш.
1.1 Фальклорныя матывы ў творах
Ядвігін Ш. пачаў пісаць задоўга да таго, як з'явілася магчымасць друкаваць напісанае на беларускай мове. Яго зборнікі «Бярозка» (1912) і «Васількі» (1914), выдадзеныя адзін за другім, з'яўляюцца вынікам працы не аднаго дзесяцігоддзя. Тым не менш відавочна, што яго творчасць развівалася ў агульным рэчышчы ранняй дэмакратычнай беларускай прозы. Гэта проза вырастала непасрэдна з фальклору і па сваіх стылявых якасцях мела шмат агульнага з народнай казкай, а першыя апавяданні Ядвігіна Ш. часта прадстаўлялі сабою проста літаратурную апрацоўку народных паданняў, казак, анекдотаў («Важная фіга», «Хлеб», «Суд», «Чортава ласка» і іншыя). Пісьменнік пераказвае паданні накшталт мініяцюры «Хлеб», апрацоўвае легенды («Чалавек»), апісвае камічныя сітуацыі, анекдатычныя выпадкі з жыцця людзей.
Дзейнасць Антона Лявіцкага ў літаратуры пачалася з апрацоўкі фальклорных твораў. Яго роля тут нязначна адрозніваецца ад ролі народнага апавядальніка. Пісьменнік адчуваў гэта, таму частыя ў такіх творах падзагалоўкі: "Народнае апавяданне", "Казка", "3 народнага апавядання" і падобныя. Калі ў некаторых літаратуразнаўчых працах знойдзем закіды А. Лявіцкаму, што ён толькі высмейваў беларускага мужыка, малюючы яго недалёкім, абмежаваным чалавекам, то з імі ў пэўнай ступені можна пагадзіцца. Не паглыбляючыся ў псіхіку чалавека, Ядвігін Ш. канстатуе толькі вонкавае. Даследчыкі сцвярджаюць, што “ў алегорыях Ядвігіна Ш. традыцыйная сімволіка: бярозка сімвал жаночай долі ("Бярозка") [3, с.13], дуб сімвал жыццёвай мудрасці ("Дуб-Дзядуля") [3, с.30], галубкі сімвал кахання, сарока сімвал балбатлівасці ("Вяселле") [3, с.54]. У творах такога тыпу беларускі селянін проста дзейная асоба, гэта яшчэ не вобраз, не тып. Усе насельнікі тут аднолькавыя, роўныя, яны маса, у якой цяжка ўбачыць асобнага чалавека” [4, с.87].
Новым этапам у развіцці Ядвігіна Ш. як пісьменніка з'яўляецца яго імкненне паказаць чытачам побыт беларуса і самога беларуса ў гэтым побыце. Беларус спакон веку шчыры працаўнік. Такі ён і ў Ядвігіна Ш. Тут ужо для кожнага знаходзіцца свая характарыстыка: Васіль Дубінскі ("Золата") рупны і да работы складзен, дарэчны і не зломак, у працы яму ўходу не было; Сымон ("Жывы нябожчык") гаротны праз увесь век свой працаўнік; Тамашыха ("Гаротная") як тая пчолка; адзін з безыменных герояў "Лістоў з дарогі" кінуўся на сваю мазольную працу, прыгатаваны на ўсялякія неспадзеўкі, пілачка другога выцацкала кусцікі ў розныя формы. Тут мы бачым чалавека ў дзеянні, у працы. Пісьменнік не проста называе гэтае дзеянне, а спрабуе падаць яго як працэс, праз які праглядвае настрой і характар чалавека, яго асаблівасці.
Ядвігін Ш. ад фальклорнай устойлівасці, звычнасці пераходзіць да канкрэтызацыі ў апісаннях сваіх герояў: і цяпер, і тады валасы мае былі белыя... толькі цяпер яны белыя, як той на згон зімы брудны, прырыжэўшы снег, а тады яны былі белыя, як добра вытрапаны лён. Вочы мае цяпер, як тая вада вапенная... ("Жывы нябожчык", [3, с. 34]). Апусціў галаву, як той конь убоісты, уніз дый цягаецца, быццам чагось углядаючыся ("Зарабіў",[3, с. 58]).
Як бачым, параўнанні становяцца "матэрыяльнымі". Аўтар супастаўляе сваіх герояўі з тым, што іх акаляе, што яны добра ведаюць, што бачаць кожны дзень.
I на гэтым не спыняецца Ядвігін Ш. Зразумець, адчуць і паказаць чалавека можна пры адной умове: калі ведаеш яго псіхіку. Якім жа бачыў Антон Лявіцкі працоўнага беларуса? Перш за ўсё, гэта чалавек добры і сумленны. Каб выпісаць такія якасц беларуса, пісьменнік ставіць яго ў экстрэмальныя ўмовы. Перш чым адважыцца на злачынства, да якога людзей падштурхоўваюць сацыяльнае зло, нястача, героі Ядвігіна Ш. заўсёды перажываюць душэўныя пакуты. Сірата Гануля ("Зарабляюць"), прымушаная беднасцю апусціцца ў вір распусты, перш чым зрабіць наканаваны крок, усю ноч... пры мамчыным ложку... плакала і малілася, малілася і плакала... У творы няма доўгага апісання Ганулінага настрою, яе думак. Ёсць мастацкая дэталь плакала і малілася, малілася і плакала... Словы як удары метранома, які адлічвае апошнія гадзіны чыстага дзявочага жыцця. I мнагазначнае шматкроп'е, за якім далейшае існаванне (не жыццё) сіраціны са слязьмі, з бядой, з пошукамі выйсця. Бачым чалавека ў момант выбару бачым яго псіхалогію.
Яшчэ адзін герой апавяданняў Сцёпка Тацюк ("Зарабіў"). Жыццёвы прынцып яго каб яды было, як на Дзяды, а работы, як у нядзелю. Такога чалавека не павінна мучыць сумленне пры любых абставінах, абы толькі яму было добра. Сцёпка становіцца здраднікам, зарабляе такім чынам грошы. Здавалася б, на гэтым і закончыцца апавяданне. Аднак пісьменнік хоча давесці, што нават у такіх, пакалечаных гультайствам, людзей ёсць душа, сумленне. Як і ў папярэднім апавяданні, былі ночы, але ўжо пасля выбару. Неспакойныя, трывожныя, як у гарачцы. Ядвігін Ш. нездарма паказвае перажыванні чалавека ўночы у час, калі той застаецца сам-насам з найвышэйшым суддзёй сваім сумленнем, сам-насам са сваімі думкамі, развагамі. Душэўны Сцёпкаў непакой адчуваем праз напружанасць фразы, умела арганізаванай пісьменнікам: ...кідаўся Сцёпка, як у гарачцы: то крычаў, каб каня яму запрагалі, то клікаў Юрку і Кастуся, то будзіў жонку... [ 3, с. 60].
Пакуты вынік таго, што зло пярэчыць натуры чалавека. У Ядвігіна Ш. чалавек звяно, частка адзінай сістэмы прыроды. Калі чалавек частка прыроды, натуральна меркаваць, што душа яго тым больш непасрэдная і чулая, чым бліжэй ён да прыроды. Адсюль у творчасці А. Лявіцкага (дарэчы, у аднаго з першых сярод беларускіх пісьменнікаў) такая антытэза: чалавек горада і чалавек вёскі; першы з папсаванай, надломленай псіхікай, другі захаваў непасрэднасць і чуласць душы.
У апавяданні "Цырк" душа галоўнага яго героя Андрэя Зоркі настолькі чулая, што ён не можа перанесці нават цыркавой сцэны, бо, як яму здаецца, гэта здзек з жывых істот. Аўтар сімпатызуе свайму герою. Каб яшчэ выразней падкрэсліць Андрэеву чуласць, пісьменнік і прозвішча яму абраў яркае, светлае, чыстае Зорка. На наш погляд, у аўтарскім апісанні цыркавога артыста праглядваюць адносіны да гэтага чалавека. Ядвігін Ш. нібы апраўдвае перад чытачом такое стаўленне Зоркі да артыста, пра якога спачатку гаворыць: увесь у чорным нейкі чалавек, сам чорны, як смоўж, затым чарнамазы, пасля слова з параўнання (смоўж) замяняе назву чалавека. I гэта непрывабнасць артыста ўдвая павялічваецца ўдалым параўнаннем: артыст, чорны, як смоўж, муштруе табун, як малако, белых коней. Аўтар не проста праводзіць сваю лінію, а стараецца і нас, чытачоў, упэўніць, што сапраўды чыстая душа можа быць толькі ў вясковага чалавека. Ядвігін Ш. не толькі сам расказвае пра сваіх персанажаў, пра іх учыны. Ён прымушае іх саміх гаварыць пра сябе, матываваць, апраўдваць свае дзеянні, меркаванні, шукаць выхад з пэўнай сітуацыі.
Задумалася Тамашыха. I ажно сама здзівілася, скуль можа брацца столькі бяды, столькі няшчасця, сколькі ўсцяж валілася на яе галаву. I за што? Грэшная? Мо яе грэх найважнейшы, найбольшы за ўсіх? Мо дзеля таго і пакутвае яна за ўсіх? Мо іншым затое лягчэй жывецца? Ой, бо ці ўсё ж яе жыццё не адна пакута? Не адна бяда? Не адна нядоля? [ 3, с.70]
Думае як быццам Тамашыха, але аўтарава прысутнасць надзвычай адчувальная, яны разважаюць, філасофствуюць, мяркуюць разам, іх галасы зліліся. І тут (няўласна-простая мова) знаходка пісьменніка.
Як бачым, працоўны беларус на старонках твораў пісьменніка патрыёт свайго краю. Асабліва гэта відаць у публіцыстычных творах. Абзацы з "Успамінаў":
Мы паміж гэтых народаў як тыя пакрыўджаныя сіроты... Так пакрыўджаныя: адабралі ў нас волю, свабоду... ну, але путы налажыць на нашыя думкі, на нашыя душы не ўдасца!..
Нашы лугі для нас цвітуць; нашыя каласы для нас шэпчуць; нашы рэчкі для нас гудзяць; нашыя лясы для нас шумяць, а нашыя сумныя песні для нас і толькі для нас звіняць і будуць звінець! [3, с. 286];
Сілай можна яго [народ] прыглушыць; праз доўгі час будзе ён цярпець, маўчаць, але адабраць, зніштожыць адкрытую ў ім моц, ніхто нішто не здалее. Ускалыхніце яго сэрцам, ударце, а патайная, дзіўная моц адзавецца і рэхам пакоціцца ўдаль...
Так і з намі беларусамі. Цярпелі мы многа, маўчалі доўга, але ўскалыхнулася сэрца, ударыла ў душу народа, а скрытая ў ім моц адазвалася, загрымела і пакацілася рэха з канца ў канец роднага краю... [ 3, с. 301].
Такім чынам, творца падымае праблему працоўнага беларуса ў горадзе (праблема і сёння актуальная для роднай літаратуры). Ён паказвае, што б з чалавекам ні здарылася, куды б яго лёс ні закінуў, самае дарагое для яго Бацькаўшчына. Гэта думка не толькі ў публіцыстыцы Ядвігіна Ш., а і ў яго мастацкіх творах.
1.2 Спосабы мастацкай тыпізацыі герояў
Як намі было заўважанаважана вышэй, Ядвігін Ш. на працягу сваёй мастацкай дзейнасці адчуваў моцны ўплыў народнай творчасці. Але Ядвігін Ш. яшчэ і пісьменнік-сатырык і гумарыст. Яго таленту больш блізкім аказаўся сатырычна-гумарыстычны струмень у беларускім казачным эпасе. “У філасофскіх апавяданнях Ядвігіна Ш. алегорыя выступала і якасці пэўнага літаратурнага прыёму, які даваў магчымасць паразважаць над унутранай сутнасцю чалавека, жыцця. Але гэта ў меншай ступені прыём, які дазваляў асуджаць, крытыкаваць стан дарэвалюцыйнага грамадства, як гэта сцвярджаецца некаторымі даследчыкамі” [5, с. 50]. Хутчэй за ўсё і гэтым выявіла сябе абвостранае бачанне ўсяго чалавечага шляху ў яго адзінстве, у непарыўнай сувязі ўсіх часоў. Таму прывязваць алегарычнае апавяданне Ядвігіна Ш. да сацыяльнай канкрэтыкі, да пэўных формаў жыцця па меншай меры неабачліва. Форма ўмоўная, фальклорна-міфалагічная адкрывала пісьменніку магчымасць універсалізацыі зместу, складаных абагульненняў, высноваў, філасофскага маралізатарства. Вынайдзеная мастацкая форма алегорыі, іншасказання з'яўлялася адным са шляхоў у агульным рэчышчы літаратуры, якая ставіла перад сабой задачу "... адкрыць селяніну вочы на складаны навакольны свет, каб ён ведаў праўду часу. Але гэта можна было зрабіць толькі праз глыбокае раскрыццё яго ўласнага ўнутранага свету, праз самапазнанне сяляніна" [2, с. 128]. Шлях адвольных абстракцый, шырокіх абстрагаванняў у дадзеным выпадку меў мала шанцаў на поспех: канкрэтна-вобразнае мысленне народа не змагло б правільна ўспрыняць абстрактна-абагульненую думку, ды і проста зразумець сэнс пачутага, прачытанага. Такой магчымасці непаразумення стараўся ўнікнуць і Ядвігін Ш. Сродкам камунікацыі, якім выступала і друкаванае слова, ён удзяляў вялікую ўвагу. Так, у адным са сваіх публіцыстычных артыкулаў "Людзі людзьмі забытыя" (1905) пісьменнік вёў размову аб мове тагачасных перыядычных выданняў, змест якіх з прычыны свайго моўнага афармлення, далёкага ад народнага, шырокаўжывальнага, заставаўся малазразумелым для людзей. Вось чаму і выступаў ён за тое, каб "для селяніна-беларуса... стварыць чытанне, даступнае па форме выкладання і на зразумелым яму дыялекце" [ 6, с. 336]. I зварот самога Ядвігіна Ш. да своеасаблівай формы алегорыі быў практычным крокам на шляху ажыццяўлення гэтай задачы. Падкрэслім: своеасаблівай формы алегорыі. "Сапраўдная", класічная алегорыя, як вядома, імкнецца да адназначнага іншасказання, сэнсавай дакладнасці, калі змест усяго твора звязваецца перадусім з нейкай адной уласцівасцю, адным паняццем, ідэяй, функцыяй. На нашу думку, алегорыя ў дадзеным выпадку выступае найпрасцейшай формай паэтычнага вобраза. У алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш. размова ідзе не пра асобнае чалавечае жыццё (хоць і гэта можа ўгадвацца на паверхні вобраза), а пра быццё цэлага народа, нават усяго чалавецтва; не столькі пра дзень сённяшні, як пра сутнасць цэлай эпохі. Мала ў ядвгінскай алегорыі назіраецца падабенства і з класічным міфам. У класічным міфе, як слушна заўважае В. Каваленка, ператварэнне чалавека ў жывёлу надавала яму сілы, велічы і таямнічай магутнасці. "У творах Ядвігіна Ш. усё наадварот. Аблічча быка гэта знак ніжэйшасці, адкрытае ўказанне на жывёльны пачатак у жыццёвым ладзе" [2, с. 5]. Адсюль становіцца зразумелым, што значэнне і функцыя алегарычнага вобраза ў Ядвігіна Ш. намнога пашыраліся. Сэнс такога вобраза звязваўся не толькі з выкрыццём нейкай чалавечай слабасці, заганы, але і з цяжкасцю, амаль немагчымасцю выкараніць яе з прыроды чалавека, таму што яна стала адным з важных складнікаў яго ўнутранай сутнасці, уласцівасцю душы. Алегорыя баечнага тыпу, прыкладам, прама паказвала на пэўную чалавечую слабасць (баязлівасць, ляноту, дурасць, зазнайства, высакамернасць), якая абавязкова суправаджалася прыхаванай надзеяй на магчымасць яе выкаранення, паступовага знікнення з жыцця, з дапушчальнасцю маральнага перавыхавання асобы. Ядвгінская алегорыя падавала ўсе людскія хібы як іманентныя, арганічна ўласцівыя чалавечай істоце, спрадвечныя, што абсалютна ясна ўсведамляюцца самімі ж баечнымі тыпамі: "...з практыкі жыццёвай ведаў добра стары Падласы, што цяперашні часам з бычаным розумам далёка не зайдзеш" [7, с. 224]. "Чалавечыя" метамарфозы (пераход звяроў у людзей), якія адбываюцца з многімі жывёльнымі персанажамі Ядвігіна Ш., яскравае таму сведчанне. Апавяданне "Вучоны бык" вельмі паказальнае ў гэтым плане. Яно будуецца па прынцыпе сэнсавай узаемаабарачальнасці, калі якасці, уласцівасці, звычкі жывёлаў праецыруюцца на чалавечую асобу і наадварот. Гэтым самым падкрэсліваецца нязменны, іманентны характар унутраных дэтэрмінантаў, абсалютная адсутнасць магчымасці і ўмоваў змянення, перайначвання. I як гэта ні парадаксальна, здольнасць пераходу са стану жывёльнага ў стан чалавечы ёсць відавочнае сведчанне марнасці той звычайнай зямной рэінкарнацыі, якая са зменай фармальнай ніколі не цягне за сабою змены сутнаснай, змястоўнай. "Вучоны бык", які "зусім падабнюсенькі стаўся да чалавека" [2, с. 224], гэта толькі літаратурная парабала, звязаная з выкрыццём сутнасці чалавечай істоты, яе антынамічнай прыроды.
У літаратурнай алегорыі Ядвігіна Ш., дзе фігуруюць вобразы жывёлаў, наогул адсутнічае ўказанне на наяўнасць у іх пэўнага ярка выражанага маральнага дэфекту. Уся загана гэтых жывёльных "тыпаў" у тым, што яны асмельваюцца прэтэндаваць на званне чалавека ўвогуле, не валодаючы пры гэтым ні адной са станоўчых чалавечых якасцяў. Ідучы за логікай развіцця жанру, пісьменнік наўмысна схематызуе сваіх "герояў", пазбаўляе іх магчымасці глыбей, больш рознабакова праявіць сябе ў сваім дачыненні да жыцця. Гэтыя сувязі непамерна спрошчаны. Больш за тое, алегарычныя героі Ядвігіна Ш. проста выключаны з жыццёвай канкрэтыкі, унікаюць жывога з ёй дачынення. "Уся іх сутнасць раскрываецца перадусім у сітуацыі іх духоўнага бяздзеяння, пазбаўленасці любых стасункаў з жыццём, з якім яны маюць сувязь апасродкаваную, досыць прыблізную. Яны звязаны з жыццём толькі па неабходнасці, у сілу збегу абставінаў, стыхійнай выпадковасці. Вось чаму Рабы, герой аднайменнага апавядання Ядвігіна Ш., у апошні момант жыцця колькі ні сіліцца, не можа прыгадаць, што добрага ён зрабіў у жыцці. Адзінае, што прыходзіць яму на розум, тое, што "...праз усё сваё жыццё нікому благога нічога не зрабіў, ну і... смачна еў, смачна піў, смачна спаў" [ 7, с. 29]. Менавіта гэтым ядвігінскія баечныя тыпы прынцыпова розняцца ад сваіх "субратоў" па жанры. Сапраўды, у міфалагічнай традыцыі героі школі не сыходзяць са сцэны, не зрабіўшы нейкага важнага ўчынку, дзеяння, якія напрамую звязваюцца з раскрыццём высакародства іх унутранай сутнасці. Героі філасофскіх алегорый Ядвігіна Ш., па сутнасці, бяздзейнічаюць дзеянне нібы пераведзена за межы мастацкай прасторы, толькі цьмяна разумеецца. Але гэта ніколькі не ўплывае на фармаванне ўнутраных канстантаў герояў і не змяншае іх удзельнай вагі ў агульным працэсе духоўных і фізічных перараджэнняў, метамарфозаў.
Гэтая акалічнасць дала падставу Максіму Багдановічу заўважыць, што "Ядвігін Ш. непазбежна павінны быў уводзіць у вырашэнне задач, якія перад ім паўставалі, цэлы рад спрашчэнняў і прыблізнасцей, павінны быў паказваць з'явы жыцця ў спрошчаным выглядзе, ігнаруючы тонкасці, пазбягаючы псіхалагічных дробязяў, многае выкідаючы, малюючы амаль выключна буйнымі штрыхамі"[8, с. 126-127]. Разам з тым М. Багдановіч чуйна заўважыў і асаблівую прыроду алегарычных апавяданняў Ядвігіна Ш., новыя эстэтычныя прынцыпы мастацкага абагульнення. У прыватнасці, ён пісаў: "Але не гвалцячы прыродны талент, не звужаючы яго размах, не абразаючы сваю мову зрабіў гэта Я[двігін] Ш., не, з любоўнай стараннасцю выпісвае ён фігуры звяроў і птушак, прыкмячае дробныя характэрныя іх рысы, удала карыстаецца гукаперайманнямі, і ўсё гэта для таго, каб зрабіць у выніку сапраўды індывідуальныя вобразы" [8, с. 192]. Прыведзеныя сведчанні М. Багдановіча наконт жанравай прыроды алегарычнага апавядання пісьменніка пераконваюць у правільным разуменні крытыкам задумы мастака, яго здольнасці пераўзысці "памяць жанру", «пераадолець сілаю таленту абмежаванасць "чалавеказнаўчай" функцыі алегарычнага вобраза» (А. Матрунёнак) і стварыць "постаці звяроў і птушак, каторыя рожняцца між сабой не менш, як постаці людзей"[8, с. 129]. Гэтая заўвага яшчэ раз пацвярджае тое, што галоўным для Ядвігіна Ш. было не рэалістычнае і нават не алегарычнае ўзнаўленне рэчаіснасці, а выяўленне перадусім унутраных, прыцемкавых бакоў асобы пад выглядам нейкай метафарычнай міфатворчасці, алегарычнай містэрыі. Тут паядноўваліся алегарычны і побытавы пласты, трагічнае і камічнае, сатырычны і драматычна абвостраны пачаткі з відавочнай скіраванасцю да маралізатарскага павучання, філасофскай эсенцыі. Гэта, у сваю чаргу, дазволіла Альфрэду Матрунёнку засведчыць: "Алегарычнае адавяданне Ядвігіна Ш. складаная з'ява, якая карэнным чынам адрозніваецца ад класічных узораў гэтага жанру, у ім можна знайсці прыкметы самых розных уплываў і традыцый: ад фальклорна-казачных, прытчава-міфалагічных да рэалістычна-бытавых і інтэлектуальна-філасофскіх" [9, с. 106].
Сваімі алегарычнымі творамі, паводле В. Каваленкі, пісьменнік, па сутнасці, адмаўляў міфалагічную традыцыю. Яна не проста істотна трансфармавалася, відазмянялася, але і набывала абсалютна іншую ўнутраную якасць, іншую функцыянальную зададзенасць, скіроўвала ў штоскасць псіхалагічнага дзеяння. Зварот да алегарычных вобразаў, вонкава лёгка распазнавальных, спрыяў раскрыццю бездані чалавечых пакут, гора, няшчасцяў, трывог, перажыванняў, г. зн. фальклорная форма сталася спосабам набліжэння і да антрапалагічнага (быційнага) зместу асобы. Гэта дае падставы весці гутарку пра шматзначнасць феномена ядвігінскага стылю, пра арганічнае засваенне мастаком стылеўтваральных прынцыпаў казкі, алегорыі, прытчы, пра высокую ступень абагульнена-філасофскай думкі.
Раней мы зрабілі заўвагу наконт таго, што Ядвігін Ш. часта кіраваўся прынцыпам ад адваротнага. Як вынік гэтага, у алегарычных апавяданнях пісьменніка адбываецца не ператварэнне чалавека ў жывёлу, а наадварот жывёлы ў чалавека. У гэтым бачыцца водгалас філасофскіх рэмінісцэнцый Фрыдрыха Ніцшэ. Укладваючы ў вусны Заратустры сваю мару аб выратаванні чалавецтва, што звязвалася з узнаўленнем у чалавеку страчанага ў працэсе культурнай эвалюцыі паганскага "першавобраза", Ф. Ніцшэ тым самым нібы заклікаў вярнуцца ў "лона прыроды", каб здабыць шлях звароту да самога сябе: "Мужнасць, вось што на мой клёк ёсць чалавечая перадгісторыя. У самых дзікіх і бясстрашных звяроў чалавек адабраў, з зайздрасці, усе іхнія цноты: і тольи так ён зрабіўся чалавекам" [6, с. 581].
"О, калі б вы былі дасканалыя... як звяры!" [6, с. 56] уздыхае герой Ніцшэ. Адсюль яго "катэгарычны імператыў", звернуты да людзей, якія, на яго думку, "больш драпежнымі павінны стаць... хітрэйшымі, разумнейшымі і быць больш падобнымі да чалавека: бо ён самы драпежны звер" [6, с.223]. Ядвігін Ш. нібы спрабаваў праверыць ніцшэанскі тэзіс на практыцы, упэўніцца ў яго бездакорнасці, праўдзе. Ён звяртаў увагу на сутнасць чалавечай маралі і нібы згаджаўся з высновамі Ніцшэ: мараль прывяла да таго, што інстынкт звера-чалавека стаў дагары нагамі, г. зн. чалавек папросту перастаў быць чалавекам. Але ўся сутнасць у тым, што адбываецца не толькі выраджэнне чалавечага, але і звярынага тыпу і што зварот да "звярынага раю" у прынцыпе немагчымы. Вось чаму ў творах Ядвігіна Ш. ("Сабачча служба", "Дачэсныя", "Рабы", "Падласеныа", "Вучоны бык", "Заморскі звер") назіраецца не толькі вонкавае падабенства чалавека і звера, але і падабенства ў іх паводзінах, дзеяннях, звычках, самім спосабе мыслення. Таму і адкрываюцца ў герояў апавядання "Заморскі звер" вочы на сапраўдную прыроду "заморскай налпы", якая ў сапраўднасці "...амаль не першы чалавек у горадзе, але, як людзі... казалі, надта падобны да налпы" [6, с. 83]. Таму і адбываецца фантастычная метамарфоза з "вучоным быкам", які трапляе "у вялікія чыноўнікі" ("Вучоны бык"), і з'яўляецца магчымасць таго, "...што цяперашнім часам з бычаняці і за дзесятку зробіш чалавека, каторы пасля будзе браць вялікія грошы і за іх, быкоў, заступіць, каб не так намулівалі ім скуру" ("Падласенька").
Ядвігін Ш. вёў спрэчку і з ніцшэансклм пастулатам "воля да ўлады", дакладней, паказваў вынік гэтай ідэі. У якасці пасылкі пісьменнік узяў наступнае прызнанне Заратустры: "Да звышчалавека хіне мяне сэрца, ён найпершае і адзінае маё, а не чалавек не бліжні, не найлепшы" [ 6, с. 318]. I яшчэ: "Ад вас, што выбралі самі сябе, звяртаецца ён да вучняў, павінен пайсці народ выбраны, а ад яго звышчалавек" [6, с. 84]. Ядвігін Ш. горача палемізаваў з гэтымі палажэннямі-прароцтвамі сваімі апавяданнямі "Гадунец" і "Заведзеная надзея". У іх пісьменнік гіпатэтычна спрагназаваў сітуацыю практычнага ўвасаблення, рэалізацыі ідэі звышчалавека: падрабязна, шляхам мастацкай імавернаснасці вымалеваў усе этапы станаўлення, "выспялення" гэтай ідэі ў свеце прыроды і свеце людзей, паказаў яе верагодныя наступствы. Цяжка даводзілася кусцікам ("Гадунец"): хто толькі мог, кожны пры нагодзе стараўся чым-небудзь ім нашкодзіць зламаць галінкі, вырваць з каранямі, прыціснуць да зямлі. I вырашылі яны агульнымі намаганнямі ўзрасціць вялікае дрэва, якое б абараніла іх ад усіх жыццёвых нягодаў. Але добрая ідэя захаваць сябе ад лютых вятроў абарочваецца ўрэшце для іх трагічна: "Таўстое карэнне, вялікія галіны, густыя лісты баранілі іх ад ворагаў: паводак, навальніц, ветраў, але гадунец гэты закрыў ім і... сонца. I пагінулі кусцікі" [6, с. 83].
Ёсць тут і падспудная згода з тым жа заратустраўскім: "3 чалавекам адбываецца тое самае, што і з дрэвам.
Чым больш ён імкнецца ўгору, да святла, тым мацней карані яго імкнуцца ў глыбіню зямлі, уніз, у зло"[ 6, с. 42].
У апавяданні "Заведзеная надзея" з абсалютна адназначным эпіграфам "Не тудой дарога" маем вырашэнне падобнай сітуацыі, але ўжо з праекцыяй на чалавечае грамадства. Жыццё людзей аднаго краю стала ўжо зусім невыносным: "3 лясоў-пушч вырываўся звер і глуміў дабытак, і з лугоў-стэпаў выплывалі прагавітыя свежай крыві ястрабы і зніштожывалі дробязь; з-за гор-граніц навалай наступаў крапчэйшы сілай вораг і няволіў слабейшых братоў сваіх" [3, с. 115]. На сваёй галоўнай радзе людзі "... надумаліся ўзгадаваць паміж сябе такога, каторага веліч і сіла змагла б усіх ворагаў беднага люду" [3, с. 115]. Аўтар не прамінуў тут жа распавесці пра вынік нечалавечых высілкаў: "Гудзеў народ на сходзе. Аддаў ён ужо ўсё, што мог аддаць, і вось цяпер узгадаванаму з астатка гадунцу свайму пачаў выкладаць свой жаль, сваю крыўду, каб заступіўся за іх. Але, як гром з яснага неба, неспадзяванае няшчасце зніштожыла ўжо надзею абяднеўшага народа: яго стогн каціўся па зямлі, але не шыбаў у гару, дзе бы пачуў народны выбранец, а той, спаглядаючы з гэтай вышы ўніз, не мог дагледзець потам і крывёй злітай зямлі, па каторай варушыліся яго маленькія кармільцы" [3, с. 115]. Ідэя празрыстая. Яна ў аснове сваёй мае вечную значнасць, проста зайздросную ўніверсальную прыроду сваёй гістарычнай паўтаральнасці. Падобную пераклічку ідэй назіраем у вершы вядомага рускага паэта і філосафа Уладзіміра Салаўёва "Мы сышліся з табой нездарма...", у якім ёсць наступныя радкі:
Свет из тьмы. Над черной глыбой
Вознестися не могли бы
Лики роз твоих,
Если б в сумрачное лоно
Не впивался погруженный
Темный корень их [10, с. 92].
Такім чынам, мы пераканаліся, што міф-алегорыя ў Ядвігіна Ш. мае літаратурнае паходжанне. Алегарычныя вобразы павінны ўспрымацца хутчэй і як вобразы-паняцці, і як вобразы-ідэі адначасова. Увядзенне казачнай канвы давала магчымасць стварыць эфект "архетыповасці" мастацкую думку змясціць ва ўстойлівыя першасныя схемы ўяўленняў, якія роўныя першавобразам рэчаў і з'яваў. Пісьменнік выкарыстоўваў міф з адваротнай па сутнасці мэтай для вобразнага выражэння той філасофскай карціны рэчаіснасці, якая склалася ў яго галаве. Міф у творчасці Ядвігіна Ш. заўсёды ў той ці іншай ступені травестыя. Хоць нельга абсалютызаваць пры гэтым момант свядомага акта ў працэсе мастацкага абыгрывання міфа. Мастак карыстаўся пэўнымі міфалагічнымі мадэлямі, архетыпамі, якія давалі яму магчымасць свабоднага з імі абыходжання, аблягчалі працэс творчага іх пераструктуравання, але і не дазвалялі выходзіць за пэўную мяжу рэцэптыўнага распазнавання. Тут спрацоўвае не толькі механізм нацыянальнай рэцэпцыі, дакладней, гэты механізм уключаецца ў больш шырокую, універсальную сістэму агульначалавечага культурнага кода, культурнай традыцыі. Тое, што, здавалася б, мае непасрэдныя адносіны да чыста нацыянальнага феномена, пачынае рассоўваць, пашыраць межы свайго ўдзелу і значнасці для іншых наднацыянальных структур з прычыны сталасці сваіх ідэйна-сутнасных канстантаў. Гэта адбываецца дзякуючы пазачасавай зададзенасці ядвігінскай літаратурнай алегорыі, якая набывае ўласцівасці своеасаблівай трансалегорыі, метаалегорыі з ярка выражаным нацыянальна фенаменалагічным кодэксам жыцця.
1.3 Лірычнасць прозы
3 прыходам у літаратуру таленавітага самабытнага празаіка Ядвігіна Ш. (Антон Лявіцкі) крытыкамі былі заўважаны дзве адметныя рысы яго прозы. «Няма спрэчкі, што ў асобе Ядвігіна Ш. мы маем аднаго з найлепшых баечнікаў нашых часоў, пісаў М. Багдановіч у артыкуле «За тры гады» (1913) [8, с. 78]. В. Ластоўскі ў рэцэнзіі на зборнік апавяданняў «Васількі» (1914) выказаў нязгоду з такой аднабаковай характарыстыкай творчасці пісьменніка, як адно толькі баечніка. Не адмаўляючы адзначаную рысу творчасці празаіка, аўтар рэцэнзіі звярнуў увагу на яшчэ адну асаблівасць таленту Ядвігіна Т.: «У яго творчасці я бачу два моманты: творчасць для масы і крык уласнай душы. Першае ў яго праяўляецца дзякуючы набытай сістэме думання, другое вырываецца само з грудзей... [11, с. 209].
Ні ў гумарыстычных апавяданнях, ні ў казках-легендах, ні ў сатырычных алегорыях, каторыя, як слушна заўважыў М. Багдановіч («Калядная пісанка»), “прыбліжаюць нашага аўтара да такіх пісьменнікаў, як Шчадрын і Горкі ў Расеі або Леманскі ў Польшчы, Ядвігін Ш. не праявіў сваёй глыбокай і трагічнай душы. Душа гэта праглянула праз апавяданні «3 бальнічнага жыцця», «Зарабляюць» і ў паэзіях прозай («Раны», «Васількі»). I то праглянула ў іх не ўся душа, ва ўсю глыб і шыр, а ўзварухнулася частачка яе. Спадзяёмся, што аўтар збагаціць яшчэ беларускую літаратуру не адным хвалюючым душу «кавалкам з жыцця», каторае ён умее так добра адтварыць, калі «скалыхнецца сэрца» [8, с. 97].
Варта звярнуцца ў сувязі з гэтым да даследавання I. Чыгрына «Станаўленне беларускай прозы і фальклор» (1976), дзе выказана наступнае меркавание: «Каб хутчэй авалодаць сродкамі сучаснага мастацкага адлюстравання рэчаіснасці і стаць упоравень з патрабаваннямі эпохі, беларуская дакастрычніцкая проза амаль з першых крокаў вымушана была сканцэнтраваць свае сілы на асноўнай форме ўзаемаадносін з фальклорам той, якая грунтуецца на традыцыях выключна літаратурнага спосабу тыпізацыі рэчаіснасці... Беларускія празаікі дакастрычніцкага часу звычайна толькі пачыналі з апрацовак альбо пераказаў народных твораў з тым, каб, засвоіўшы мастацкі вопыт фальклора, адштурхнуцца ад гэтага вопыту і перайсш да чыста літаратурнага спосабу адлюстравання рэчаіснасці, у пераважнай большасці выпадкаў рэалістычнага» [12, с. 149].
У апавяданні Ядвігіна Ш. «Зарабляюць» (1909) сацыяльныя праблемы дарэвалюцыйнай рэчаіснасці раскрываюцца праз лёс дзяцей-сірот Адама і Ганулькі. Сюжэт твора разгортваецца ў форме маналога аднаго з герояў, хлопчыка Адама, што надае апавяданню лірычную інтанацыю : спавядальны характар. Праз успрыманне дзіцяці, наіўнага, чыстага, непасрэднага ў сваіх уяўленнях пра людзей і навакольны свет; разгортваецца гісторыя сям'і, у якой дзяцей выхоўвала адна маці. Апавядальнік перадае не толькі перажытае ім самім, але і тое, што даводзіцца перажываць яго старэйшай сястры. Асаблівае месца ў споведзі героя займаюць успаміны пра маці, з якіх і пачынаецца апавяданне. Хлопчык згадвае, што маму пахавалі не на самых могілках, але «так крышку збоку за плотам, бо казалі, што яна неяк не зусім так, як трэба для могілак, памірала» [3, с. 54].
Відавочна, што маці скончыла жыццё самагубствам. Далей ідзе гаворка пра бацьку, пра якога хлопчык ведае толькі са слоў сястры, што бачыла яго «разы са два», калі сама была маленькая, а Адама яшчэ і на свеце не было. «Нішто, казала, хоць старэнькі, але добры быў: грошы, а то і цукеркаў, бывала, прыносіў і надта пекную пахучую адзежыну меў на сабе. Але я так і не бачыў яго: на пахавунак мамкі ён не прыйшоў. Чаму? Не ведаю» [3, с. 3]. 3 гэтага вынікае, што бацька быў заможным чалавекам і не захацеў ажаніцца з жанчынай, якая паходзіла з ніжэйшых сацыяльных слаёў. За адзінкавымі праяўленнямі ўвагі, рэдкімі наведваннямі і падачкамі хаваецца жорсткі чалавек, абыякавы да лёсу ўласных дзяцей і іх маці. Відаць, ён ускосна вінаваты ў смерці жанчыны.
«Пры мамцы жылі мы ў пекным мураваным доме; дом быў вельмі высокі, але мы жылі зусім нізенька быццам у зямлі», згадвае хлопчык, але не ўспрымае гэту акалічнасць драматычна: яму нават смешна ўспамінаць, як некалі, гледзячы праз аконца, бачылі яны з сястрой, як мільгалі перад вачамі толькі ногі людзей, «як бы людзям галоў і не трэба было» [ 3, с. 56].
Напаўгалоднае існаванне ў халодным падвальным памяшканні, аднак, успамінаецца хлопчыку як самае светлае ў яго жыцці, бо побач была мама. Эпізод гэты ў творы надзвычай моцны па сіле эмацыянальнага ўздзеяння. Аўтар твора паўстае як лірык, майстар псіхалагічнай дэталі. Герой апавядання, да прыкладу, успамінае: «Жыць было добра, спакойна, і гульні свае з Ганулькай мелі›› [3, с. 143]. Хлопчык расказвае, як сястра малявала на сцяне вугольчыкам кветкі, падобныя на тыя, што маляваў мароз на акне, «толькі тыя былі белыя, а гэтыя чорныя». «Чорныя кветкі» мастацкая дэталь, якая паглыбляе драматычнае гучанне твора. Нечаканая асацыяцыя ўзнікае ў хлопчыка пры ўспаміне аб вадзе, якая капала з акна, нагадваючы маленькаму герою твора матчыны слёзы. Відаць, не аднойчы плакала жанчына, гледзячы на сваіх дзяцей, але матчыны слёзы хлопчык успрымае своеасабліва: «Або іншым разам з акна вада стане капаць, вось якраз, як часта, бывала, з вачэй мамчыных: такая перш маленькая капелька, а пасля яна неяк пухне, пухне і зробіцца велізарная, бліскучая і... кап; а потым другая, трэцяя, але таксама памаленьку: кап... кап... кап... Толькі, помню я, раз мамчына капелька ўпала мне на твар, дык такая цёплая была, ажно гарачая, а тыя, што з акна капалі, дык іншым разам замярзалі ў доўгія-доўгія сасулькі, тады мы з Ганулькай аддзіралі іх і гулялі ў крамніка, што цукерю прадае» [3, с. 87]. Маміна сляза гарачая, і яна сагравала дзіцячае сэрца пяшчотай.
Згадвае апавядальнік і пра тое, як часта даводзілася яго героям галадаць, чаму таксама ёсць адпаведнае тлумачэнне: «Здаралася не раз, што есці надта хацелася, а мамка не прыносіла (мусіць, часу не мела), дык затое яна як пачне нам гаварыць, як пачне, а так умела пекна гаварыць: як птушачкі Божыя такія маленькія, бедненькія, а страхі над сабой не маюць, а мы маем; як іх вецер праймае, а да нас не дабіраецца; як яны галодныя спаць садзяцца; і ўсё гэта так пекна, так жаласліва нагаворыць, што аж нам захочацца быць падобнымі да гэтых птушачак Божых, каб і нам холадна было, каб і нам, як гэтыя Божыя птушачкі, галоднымі класціся спаць у халодны кут. I кладзёмся. А мамка доўга яшчэ сядзіць і шые, шые, шые...».
Калі маці памерла, дзеці знайшлі ў яе вопратцы «два злоты» (вадаць, жанчына зашыла іх на «чорны дзень», думаючы пра галодных дзяцей), якія на пэўны час далі ім магчымасць пракарміцца. А калі грошы скончыліся, Ганулька пайшла ў заробкі, а брату напомніла пра матчын запавет: «Ты, Адамка, не дурэй, сядзі ў хаце ды лемантар, як мамка паказывала, грызі, а я пайду грошы зарабляць і на сябе і на цябе» [3, с. 55]. Гэтая дэталь раскрывае яшчэ адну акалічнасць, звязаную з вобразам маці. Значыць, у хаце была і кніжка. Маці вучыла дзяцей грамаце, тлумачыла, як важна гэта для іх далейшага жыцця. Паміж радкоў апавядання прачытваецца цэлы раман пра жыццё гэтай жанчыны натуры духоўна багатай, трапяткой, безабароннай перад ударамі лёсу. Відаць, яна была на самым краі адчаю, калі пайшла на самагубства, пакінуўшы дзяцей, горача любімых ёю.
Далей у творы разгортваецца гісторыя Ганулькі, расказаная ўжо яе братам: хлопчык расказвае, што «заробкі яна дастала ўскорасці: то на пабягушкі, то падлогі мыць, то вады прынесці ці так што якое, але зарабляла, і год за годам ішлі роўна, спакойна...». Але потым сталася нешта незразумелае. Хлопчык не мог уцяміць, чаму, калі «Ганулька вырасла на сталую ўжо дзяўчыну», яе заробкі «неяк зразу ўрваліся». Сітуацыю патлумачыць дворнічыха. Яна гаворыць, што такіх ганарыстых, як Ганулька, паны не любяць. Аднак дзіця не разумее сэнс сказанага.
Праз успрыняцце падлетка падаецца і той момант, калі Ганулька праз ваганні і роспач («Ганулька кідалася ўсюды, шукаючы працы, і змораная прыбягала позна вечарам дахаты, ламала свае ручкі і плакала, плакала...», прьшае рашэнне ахвяраваць сваёй дзявочай годнасцю дзеля таго, каб здабыць сродкі для існавання. Сястра паведамляе Адамку, што яны разам ідуць на службу, дзе ім «дадуць апраткі, кватэру і есці, колькі захочам» [3, с. 90]. Адам успамінае сваю рэакцыю на паведамленне сястры і яе настрой: «Я цешыўся, аж скакаў, і дзівіўся, што Ганулька была вельмі маркотная: амаль не ўсю ноч пракленчыла яна пры маміным ложку малілася і плакала, плакала і малілася» [3, с. 96].
Драматычная развязка наступае ў апавяданні тады, калі герой пачынае ўсведамляць, на што згадзілася сястра. 3 таго дня, як пайшлі яны на службу ў рэстаран, то мелі вопратку і страву. Адам стаў лёкаем, а «Ганульку адзелі, як кралю якую, але работы не назначылі ніякай» і такіх, як Ганулька, «ёсць апроч яе тры» і «усе яны нічога не робяць: ходзяць ад стала да стала, госці іх адны перад другімі просяць да сябе, кормяць, пояць ды яшчэ гасцінцы даюць».
«Мая служба вельмі цяжкая», гаворьціь Адам. I тлумачыць, чым жа яна цяжкая: «Найгорш, калі Ганулька мая родная, каханая сястрычка, седзячы пры адным стале з панамі, крыкне: «Адам! Яшчэ бутэльку віна!». Ляту, нясу, адпячатываю, неяк ногі і рукі мае трасуцца, і мест у шклянкі лію віно на белы, чысты абрус, бо не на віно гляджу; гляджу, як зачараваны, у сінія-сінія вочы сваёй Ганулькі, і хочацца мне крыкнуць на ўвесь гэты рэстаран, не не на рэстаран, а крыкнуць так, каб увесь свет пачуў: «Кідай, сястра, безработную службу! Кідай, дарагая мая!» [3, с. 105].
Для параўнання згадаем: у апавяданнях Якуба Коласа абавязкова прысутнічае пейзаж, як своеасаблівы фон, на якім адбіваюцца пачуцці герояў. У апавяданні ж Ядвігіна Ш. «Зарабляюць» пейзаж адсутнічае. Дзеянне твора адбываецца ў замкнёнай прасторы (дом, дзе жылі дзеці, і рэстаран, куды яны пайшлі працаваць). Адсутнасць пейзажу можна вытлумачыць, з аднаго боку, своеасаблівай будовай твора (апавяданне-маналог), якая не прадугледжвае наяўнасці пейзажнай замалёўкі; з другога боку, гэта можна вытлумачыць пэўнай нявопытнасцю аўтара ў выкарыстанні пейзажу як мастацкага сродку, які паглыбляе раскрыццё ўнутранага свету герояў.
Лірызм у гэтым апавяданні Ядвігіна Ш. выяўляецца не ў знешніх прыкметах, а праз псіхалагічную дэталь, якая ў абранай аўтарам форме перадачы зместу вуснамі хлопчыка падлетка набывае асаблівую эмацыянальную афарбоўку.
Адзначаючы своеасаблівасць лірызму ў прозе Ядвігіна Ш., звернем увагу на тое, што гэты мастацкі сродак амаль не мае мажорнай афарбоўкі і выкарыстоўваецца пісьменнікам найчасцей пры апісанні драматычных і трагічных сітуацый у жыцці сваіх герояў.
Такім чынам, лірызм у рэалістычна-псіхалагічных апавяданнях Ядвігіна Ш. афарбаваны цяжарам перажытага яго героямі, бязрадасным існаваннем, горам і стратамі. Напрыклад, у апавяданні «Гаротная» (1909), дзе раскрываецца трагічны лёс жанчыны Тамашыхі, якая рана засталася сіратой, зведала ў юнацтве шчасце кахання, а потым засталася адна з дзіцем на руках, бо каханы загінуў. Ганьба прымусіла выйсці замуж за п'яніцу Тамаша, ад якога ўсе гады, пакуль ён жыў, цярпела здзекі. Але самым страшным выпрабаваннем для жанчыны з'явілася смерць яе дзяцей: Васілька, Яначкі, Петруся. Дзеянне твора адбываецца ў той момант, калі гераіня імкнецца выратаваць ад цяжкай хваробы апошняга свайго сына. Знахарка Караліха параіла беднай жанчыне пакінуць у пракуранай зеллем хаце з закрытай юшкай і дзвярамі хворае дзіця. I вось Тамашыха праз некаторы час заходзіць у хату, садзіцца каля сына і ўспамінае ўсё сваё жыццё, не ўсведамляючы яшчэ, што сын яе задыхнуўся.
Пісьменнік перадае псіхалагічны стан жанчыны, ахопленай роспаччу і горам. Лірызмам прасякнуты радкі, дзе раскрываецца любоў жанчыны да апошняга з яе дзяцей, хворага Сцяпанкі: «Там з нацягнутай на галоўку грубой посцілкай ляжаў Сцяпанка пацеха і ўся надзея Тамашыхі. Ляжаў ціханька, і толькі худзенькая маленькая ручка звесілася з палка. Тамашыха асцярожна падняла і палажыла гэтую малую ручку на грудзі сына, а сама ціханька, каб не разбудзіць хворага, адышла, села на лаву I задумалася. I, ці то ад дыму, ці то ад гэтых думак, слязіна за слязінай капалі і капалі з вачэй беднай кабеціны...» [3, с. 177].
Асабліва кранае чытача і той эпізод, у якім гаворыцца пра самотныя думкі маленькай Ганулькі, якая сумуе без маці: «I калі, бывала, бачыла яна, як іншыя дзеці песцяцца, прытуляюцца да матчыных грудзей, бегла і яна маленькая, худзенькая да той высокай белавалосай Тэклі, клала сваю галоўку на яе калені і шаптала: «Мама, мама, мама». Але пяшчотаў, яшчэ горш гэткіх слоў Тэкля не любіла. «Не лезь, кажа, да мяне з гэткім абуза, а не дачка ты мне». Плачучы, бегла тады малая Ганулька (Ганулька? Гэта ж яе калісь звалі Ганулькай, ледзь цяпер успомніла Тамашыха), бегла ў які-колечы цёмны куточак або ўціскалася ў запечак і, закрыўшыся, ціханька шаптала сама сабе: «Мама, мама, мама...».
Драматычнае гучанне твораў Ядвігіна Ш. надае ім, узмацняе матыў сацыяльнага пратэсту супроць бесчалавечных умоў існавання чалавека ў тагачаснай рэчаіснасці. І хоць творы гэтыя, паводле слоў даследчыка Л. Голубевай, будуюцца не на сутыкненні характараў, а на апісанні падзей, усё ж «на тым этапе, калі псіхалагічнае апавяданне знаходзілася ў працэсе станаўлення, дасягненнем для прозы былі і псіхалагічныя эцюды, эмацыянальна яркія і праўдзівыя, якімі напоўнена большасць рэалістычных твораў Ядвігіна Ш.» [11, с. 211]. Згаданыя творы Ядвігіна Ш. рэалістычныя. Аднак у сваёй эвалюцыі ад апрацоўкі фальклорных твораў да псіхалагічнага апавядання пісьменнік выкарыстоўваў і рамантычныя сродкі.
Так апавяданне «3 бальнічнага жыцця» (1909) спалучае ў сабе два стылёвьм пласты: лірыка-рамантычны і рэалістычны. Згодна сюжэта апавядання, у бальніцы памірае чалавек, які значыцца пад № 17. Побач з ім няма нікога, хто сагрэў бы яго апошнія імгненні спачуваннем. Побач чужыя людзі (хворыя, служачыя). I сярод іх няма ніводнага, хто б пашкадаваў пакутніка, сказаў яму добрае слова. Адыход чалавека ў нябыт успрымаецца служачымі бальніцы як прыкры выпадак, што прыпаў на час іх дзяжурства і прынёс лішні клопат. Між тым на вачах ачарсцвелых і жорсткіх у сваёй абыякавасці людзей адбываецца трагічная падзея. Праз запісы бальнічнага надзірацеля ў службовай кнізе аўтар дае скупыя звесткі пра галоўнага героя: «1909 года... 23 дня, чорнарабочы 49 лет... Сымон сканчаўся ў ... часоў» [3, с. 156]. А з аўтарскага тэксту, сагрэтага пачуццём спагады і шкадавання да свайго героя, чытач даведваецца пра некаторыя падрабязнасці з яго жыцця, якія маюць даволі абагульнены характар; рысы рэалістычнага пісьма іншы раз набываюць нават прыкметы натуралізму: «Біты з малалецтва сірата, гаротны праз увесь век свой працаўнік, і вось ужо калі жыццё выціснула з яго апошнія сілы, высмактала кроў, высушыла апошнія мазгі, жылы выцягнула, цяпер гэта жыццё, бачачы, што з гэтага чалавека няма больш чаго выдушыць, кінула яго на бальнічнае ложка». Аднак звернем увагу на лірыка-рамантычны стылёвы пласт апавядання. Ён увасоблены ў пачатку і канцы апавядання ў выглядзе пейзажнай замалёўкі, дзе запамінаецца адна мастацкая дэталь: «крывава-жоўтыя лісты». Восень. Непагадзь. Менавіта ў гэтую пару памірае чалавек, яы не зведаў шчасця ў жыцці, памірае ў пакутах і поўнай адзіноце. У творы ўзнікае асацыятыўная паралель паміж паміраючым чалавекам і кляновымі «крывава-жоўтымі лютамі», якія вецер «ганяў з месца на месца, як адкрасаваўшае, нікому не патрэбнае, ні на што нягоднае смяццё» [3, с. 187]. Ці не так лёс круціў і героем апавядання, які скарыўся і падпарадкаваўся нягодам да апошніх хвілін жыцця: «Як увесь свой нядоўгі век быў паслухмяны Сымон, так і ў гадзіну свайго канання астаўся паслухмяным... начальству: у дзевяць сканаў.
Служачы зняў з яго ўсю бялізну і, варочаючы з боку на бок цёплае яшчэ голае цела, палажыў тварам дагары, сцягнуў рукі на грудзі і, прыкрыўшы ўсяго посцілкай, занёс на месца грамніцу і пайшоў ізноў у свой кут драмаць...» [ 3, с. 123].
Дзякуючы спалучэнню рэалістычных сродкаў адлюстравання рэчаіснасці з лірыка-рамантычнымі апавяданне набывае філасофскі падтэкст. Апісанне адзінкавага выпадку перарастае ў роздум пісьменніка пра чалавечае жыццё і смерць, пра часовае і вечнае. Апавяданне завяршаецца сумна-сімвалічнымі радкамі: «Вецер гудзеў. Ліплі крывава-жоўтыя лісты кляніны да памуцеўшых шыб бальніцы, як бы падгледзець хацелі, што там робіцца... На акне, дзе быў крыж, стаялі абапал дзве васковыя свечкі, адна з іх непачынаная, другая крыху падгарэўшы, увесь знак, уся нядоўгая памятка, што на свеце не стала аднаго чалавека» [3, с. 158]. Паводзіны і ўчынкі герояў апавядання псіхалагічна апраўданы не толькі той сітуацыяй, у якую яны трапляюць, але і нечым больш значным, важным іх грамадскім становішчам: «Нават малаіндывідуалізаваная, у асноўным лірыка-публіцыстычная характарыстыка цяжкахворага не здаецца вялікім недахопам твора. Усё ў апавяданні і напружана-драматычная пейзажная замалёўка, і моцнае, знешне стрыманае, але вельмі эмацыянальнае лірычнае адступленне, і нескладаны сюжэт дапамагае паказаць канкрэтнага чалавека, прадстаўніка канкрэтнага сацыяльнага асяроддзя» [12, с. 122]. На шляху да імпрэсіі, вершаў у прозе былі ў Ядвігіна Ш. і апавяданні, якія можна лічыць пераходнымі («Бярозка», 1910 і «Дуб-Дзядуля», 1910). На думку Л. Голубевай «адыход пісьменніка ад сатырычна-гумарыстычнай танальнасці разбурыў форму байкі. Аднак суадносіны паміж адзінкавым і агульным у структуры мастацкага вобраза засталіся па-ранейшаму такімі, якія характэрны для алегорый, хоць галоўныя дзейныя асобы тут людзі, а не прадстаўнікі жывёльнага свету...
Абодва творы ўяўляюць нешта пераходнае паміж алегорыяй і рэалістычным, псіхалагічным апавяданнем. Гэта свайго роду сінтэз традыцыйных фальклорных і ўласна індывідуальных аўтарскіх мастацкіх прыёмаў творчасці, прычым перавага пакуль што зусім відавочна на баку першых» [12, с. 213].
У апавяданні «Бярозка» расказваецца пра цяжкі лёс маладой жанчыны, але яе вобраз абагульнены, пазбаўлены індывідуальных рыс. «Даждаўся Лявон, што яго пацеха Марыська выцягнулася ўгару, як тая маладая, гладкая бярозка. Ад хлапцоў адбою не было, і хоць сэрца кроўю аблівалася, а пара падышла замуж аддаваць». Гісторыя жыцця Марыські пададзена ў творы з дапамогай традыцыйных фальклорных сродкаў. Чытач не ведае, у якой сяміі жыве гераіня пасля замужжа, хто яе крыўдзіць, што з'яўляецца прычынай яе смутку. Вядома толькі, што прыслухаўшыся да парады свайго бацькі, маладая жанчына ў цяжкія хвіліны свайго жыцця скардзіцца адно бярозцы, адкрываючы дрэўцу сваю душу і жаль. Споведзь прыносіць палёгку Марысьцы, але бярозка, не вытрываўшы горкіх скаргаў жанчыны, высыхае. Бацька тлумачыць дачцэ, чаму так сталася: «А ведаеш чаму, гаротніца ты мая? Ведаеш? Гэта ж твой боль, гэта ж твой жаль спарахніў гэту бярозку, бо ты доляй сваёй жалілася ёй. Дрэва і то спужалася такой долі...» [3, с. 54].
У апавяданні «Дуб-Дзядуля» лірызм Ядвігіна Ш. выяўляецца ў паэтызацыі прыроды, дзе адчуваецца моцны ўплыў фальклорнай паэтыкі, і цяга пісьменніка да жанру прытчы і філасофскага асэнсавання з'яў рэчаіснасці. Аднак аўтар яшчэ не здолеў дасягнуць той вышыні, якая ўласціва «Казкам жыцця» Я. Коласа.
Адметнае месца ў творчасці Ядвігіна Ш. займаюць творы «Васількі» (1911), «Раны» (1912), дзе з асаблівай сілай выявіўся лірычны талент празаіка. Дарэчы, А. Лойка «Васількі» называе вершам у прозе, а «Раны» адносіць да сучаснага верлібра. Аналізуючы «Васількі», крытык засведчыў, што гэты твор заняў у творчасці празаіка і ва ўсёй маладой беларускай дарэвалюцыйнай прозе асаблівае месца і найперш паказваў мажлівасць аўтара ў развіцці лірычнай плыні нацыянальнай прозы... «Паглыбленая ўвага да ўнутранага свету чалавека, да праблем духоўнасці (месца мастацтва ў жыцці, адносіны яго да рэчаіснасці, васількі як сімвал красы, жыта як рэчаіснасці), вьмуленне ў слове «чыстага» руху душы, думкі, усё гэта было новым і для Ядвігіна Ш., і для маладой беларускай прозы» [13, с. 298].
Верш у прозе ці імпрэсію «Васількі» нельга суаднесці з рэальным выпадкам. Тым не менш гэты твор вынік пэўнага аўтарскага ўражання, асацыяцыі, настрою, адчування, звязанага з канкрэтнай жыццёвай сітуацыяй. Твор напісаны ў 1911 г. Звернемся да біяграфіі пісьменніка і паразважаем над тым, што магло падштурхнуць яго да напісання гэтага твора. Зоська Верас, якая добра ведала Ядвігіна Ш., згадвала ў сваіх успамінах, што калі будучы пісьменнік вучыўся ў Люцынцы ў школе, арганізаванай дачкой В. Дуніна-Марцінкевіча, то Антону Лявіцкаму (было яму тады 1011 гадоў) падабалася ці то ўнучка Дуніна-Марцінкевіча ці якая іншая дзяўчына з імем Ядвіга. Абуджанае ў дзяцінстве пачуццё не знікла з гадамі. 3 ім звязваецца і псеўданім пісьменніка. Хведар Ільяшэвіч таксама быў схільны думаць, што «будучы пісьменнік... перажыў у Люцынцы нешта глыбокае. Можа, гэта было першае дзіцячае каханне? Можа, тут ужо зачаравалі яго, «як васількі», вочы? Можа, гэта была Ядвіга? На думку У. Содаля, адсюль і паўстае псеўданім пісьменніка Ядвігін Ш., бо сам пісьменнік у «Лістах у дарозе» пісаў пра пачуцці, глыбінныя, патаемныя, пра якія ніхто не павінен ведаць. I звязаны гэтыя пачуцці былі з дзяцінствам, можа, з першым каханнем, што не забываецца ніколі. Ядвігін Ш. пісаў: «Бывае, находзяць думкі іншы раз вясёлыя, то ізноў сумныя, але такія дарагія, такія патайныя, што ажно агаядаешся, быццам баішся, каб хто не падслухаў, не падгледзіў, не дагадаўся іх, бо іх ведаць ніхто не павінен ніхто!». Прыведзеныя вышэй меркаванні даследчыкаў і прызнанне самога аўтара «Васількоў» цікавыя, але яны да канца не высвятляюць, што канкрэтна паслужыла штуршком для напісання твора. Відавочна толькі адно: у аснову яго, што набыў такую незвычайную для маладой беларускай прозы жанравую форму, пакладзены вельмі асабістыя, інтымныя перажыванні аўтара, а лірызм, уласцівы фальклорнай паэтыцы, саступае лірызму іншага кшталту: «Васількі закрасавалі... Не, не закрасавалі!
Дзе ж ім цяпер красаваць? Холад. 3іма. Снег. Не закрасавалі васількі; гэта толькі перад вачамі маімі міганулі яны. Нават не перад вачамі, а так недзе: не то ў думках, не то ў душы ці сэрцы? Не ведаю дзе. Міганулі васількі: васількі ў жыце... неба, як васількі... як васількі, вочкі... мільганулі васількі і... счэзлі..
У красе нашага жыцця мы любім, як красуюць васількі...
А калі паблекнуць васількі, паблекне неба, паблекне на душы, а на сэрцы ляжа холад; калі зямлю пакрые снег, а на тваю галаву быццам сыпне шоран; калі маеш штодзённы цёмны, горкі хлеб, тады толькі ўспомніш, што гэта ад васількоў, ад іх красы, бо... адкрасавалі васількі...» [3, с. 151].
Такім чынам, дзякуючы выкарыстанню лірычных мастацкіх сродкаў, Ядвігін Ш. адыходзіў ад фальклорнай абагульненай паэтыкі, акрэсліваў уласны індывідуальны стыль, напаўняў беларускую прозу новымі жанрамі. Лірызм адыгрываў важную ролю ў творчай эвалюцыі пісьменніка, выступаў як дзейсны псіхалагічны сродак, спрыяў выпрацоўцы норм літаратурнай мовы.
Заключэнне
Такім чынам, па тыпе свайго таленту Ядвігін Ш. адносіцца да пісьменнікаў, якіх менш за ўсё прываблівае ўменне схопліваць прадмет ва ўсёй яго рухомай складанасці і непаўторнасці, уменне ўдыхнуць у яго жыццё. Гэта не стыхія Ядвігіна Ш., не ў гэтым ён бачыць аснову сваёй творчасці. Як мастак Ядвігін Ш. больш філосаф, мысліцель, чым жывапісец. Для яго важны не прадмет, а сэнс прадмета, і іх натхненне ўсплывае толькі для таго, каб праз вернае прадстаўленне прадмета зрабіць у вачах усіх відавочным і асязальным сэнс яго. Галоўная сіла таленту Ядвігіна Ш. не ў творчасці, не ў мастацкасці, а ў думцы, глыбока прачутай, цалкам усвядомленай і развітай.
Творчасць Ядвігіна Ш. ў стылева-тэматычных адносінах вырастала з фальклору і гэтаксама, як і проза Ф. Багушэвіча, Я. Коласа, К. Каганца, уяўляла з сябе літаратурную апрацоўку народных гутарак, казак, легендаў і паданняў. Але ўжо ў прынцыпах тыпізацыі, прыёмах і сродках падачы канкрэтнага матэрыялу, характары пабудовы вобразаў мы бачым якасныя адрозненні мастацкага апавядання ад твораў народнай прозы, мы назіраем нараджэнне інакшага тыпу мастацага мыслення аўтарскага, індывідуальнага. Ядвігін Ш. робіць першыя спробы ў мастацкім асваенні па-новаму рэчаіснасці. Асваенне гэтае вядзецца, у асноўным, у сацыяльна-побытавым ракурсе, з аўтарскім пераасэнсаваннем традыцыйных казачных матываў, увядзеннем праўдападобных рэалістычных дэталяў, вобраза селяніна-апавядальніка. Гэта мы выразна прасочваем у апавяданнях Ядвігіна Ш. «Вучоны бык» і «Заморскі звер» (літаратурная пераапрацоўка народных казак «Мужык і пан» і «Пану навука»).
Творы Ядвігіна Ш. сведчыць пра наяўнасць іншых стылёва-эстэтычных тэндэнцый. Паколькі па прыродзе свайго таленту гэты літаратар быў не толькі гумарыстам, але таксама і лірыкам, то абсалютна заканамерна, што, пачаўшы з празаічных баек і апрацовак фальклорных сюжэтаў, пісьменнік у хуткім часе звярнуўся да псіхалагічнага апавядання, імпрэсіі, верша ў прозе, прытчы, папаўняючы галерэю герояў вясковага асяродку лірычна-паэтычнымі вобразамі. Выпрацоўваючы індывідуальны мастацкі стыль, Ядвігін Ш. шмат зрабіў і для фарміравання норм літаратурнай мовы.
Апавяданні-байкі Ядвігіна Ш. узбагацілі маладую беларускую прозу цэлай гамай сродкаў мастацкай сатыры. Сатырычна-гумарыстычная афарбаванасць апавяданняў Ядвігіна Ш. ствараецца і трапнай камічнасцю сюжэтных сітуацый, і яркай моўнай характарыстыкай дзеючых асоб, і ўменнем паказаць унутраную сутнасць з'явы праз раскрыццё яе знешніх супярэчнасцей.
Наяўнасць псіхалагічных твораў сведчыла аб паглыбленні майстэрства пісьменніка, набыцці аўтарам адметных рыс творчай індывідуальнасці. Пранікненне ў псіхалогію чалавека, раскрыццё яго духоўнага свету (пачуццяў, думак, перажыванняў), зразумела, запатрабавала лексікі, багатай на перадачу розных адценняў чалавечых эмоцый. У кантэксце выпрацоўкі Ядвігіным Ш. мастацкіх сродкаў псіхалагізацыі адметнае месца займае найперш лірызм, так як менавіта праз лірычную напоўненасць мова празаічных твораў набывала гнуткасць і вытанчанасць. Наяўнасць лірызму ў яго творах, сведчыла не толькі пра выяўленне нацыянальнай ментальнасці але і пра выпрацоўку індывідуальнага стылю, што засведчыла паглыбленне псіхалагізму і філасафічнасці. Акрамя таго, ён даў ўзор ўласна лірычнай прозы, сцвярджаючы тым самым неабходнасць такой стылёвай плыні ў беларускай літаратуры.
Такім чынам, шлях Ядвігіна Ш. ад твораў сатырычна завостраных, алегарычных, вельмі блізкіх да фальклорных («3 маленькім білецікам», «Заморскі звер», «Рабы», «Падласенькі») да рэалістычна-псіхалагічных апавяданняў («Зарабляюць», «Гаротная») і лірыка-філасофскіх імпрэсій («Васількі», «Раны») быў выяўленнем агульнай тэндэнцыі развіцця маладой беларускай прозы, якая з першых сваіх крокаў імкнулася пераадолець спрошчанасць фальклорных форм адлюстравання рэчаіснасці, узбагачала фальклорную паэтыку арыентацыяй на кніжную традыцыю, на здабыткі сусветнай культуры. Лірызм быў адным з дзейсных сродкаў у вырашэнні гэтай задачы, у выпрацоўцы індывідуальнага мастацкага стылю.
Спіс выкарыстаных крыніц
1 Купала, Я. Зб. тв: У 7-мі т.т Т. 7. [Тэкст] / Я. Купала. Мн.: Мастацкая літаратура, 1976. 479с
2 Каваленка, В. Міфапаэтычныя матывы ў беларускай літаратуры [Тэкст] / В. Каваленка. Мн.: Навука і тэхніка, 1987. 377с
3 Ядвігін, Ш. Выбраныя творы [Тэкст] / Ядвігін Ш.. Мн.: Мастацкая літаратура, 1976. 389с
4 Нямковіч, Н. Некаторыя адметнасці стылю Ядвігіна Ш. [Тэкст] / Н. Нямковіч. // Роднае слова. 1998. №2. С. 86-91
5 Максімовіч, В. Алегарычнае апавяданне Ядвігіна Ш. [Тэкст] / В. Максімовіч. // Роднае слова. 1998. №6. С. 49-60
6 Ніцшэ, Ф. Так сказаў Заратустра: Кніга ўсім і нікому [Тэкст] / Ф. Ніцшэ. Мн.: Навука і тэхніка, 1994. 581с
7 Бялінскі, В. Выбраныя творы [Тэкст] / В. Бялінскі. Мн.: Навука і тэхніка, 1949. 697с
8 Багдановіч, М. Збор твораў: У 2-х т. Т 2. [Тэкст] / М. Багдановіч. М.: Навука і тэхніка, 1968. 581с
9 Матруёнак, А. Псіхалагічная проза [Тэкст] / А. Матруёнак. Мн.: Навука і тэхніка, 1988. 351с
10 Соловьёв, В. Стихотворения и шуточные пьесы [Текст] / В. Соловьёв. Л., 1974. 577с
11 Дасаева, Т. Лірызм Ядвігіна Ш. [Тэкст] / Т. Дасаева. // Полымя. 2003. №10. С. 209-215
12 Чыгрын, І. Станаўленне беларускай прозы і фальклор [Тэкст] / І. Чыгрын. Мн.: Навука і тэхніка, 1976. 451с
13 Лойка, А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: У 2-х ч. Ч.2. [Тэкст] / А. Лойка. Мн.: Навука і тэхніка, 1989. 599с
14 Дышлевіч, А. На пераломе стагоддзяў. Жыццё і творчасць Ядвігіна Ш. [Тэкст] / А. Дышлевіч. // Роднае слова. 1994. №1. С. 9-12
15 Ткачова, П. Байка ці апавяданне. Творчасць Ядвігіна Ш. 1911-1913 г.г [Тэкст] / П. Ткачова. // Роднае слова. 2001. №9. С. 18-20
16 Гісторыя беларускай літаратура ХХ ст.: У 4-х т.т. Т 1. [Тэкст]. Мн.: Беларуская навука, 2001. 697с
Змест
Уводзіны…………………………………………………………………….3
1 Мастацкія асаблівасці прозы Ядвігіна Ш...…………………………….6
1.1 Фальклорныя матывы ў творах……….……………………………..6
1.2 Спосабы мастацкай тыпізацыі герояў……………………………....9
1.3 Лірычнасць прозы……………………………..……………………15
Заключэнне………………………………………………………………..25
Спіс выкарыстаных крыніц………………………………………………27
РЭФЕРАТ
Курсавая работа складаецца з 27 старонак, выкарыстана 16 крыніц.
Ключавыя словы: фальклор, казка, міф, мастацкія вартасці, алегорыя, лірычнасць, тыпізацыя.
Абект даследавання: творы Ядвігіна Ш.
Прадмет даследавання: мастацкія асаблівасці прозы.
Метады даследавання: апісальны, выбарачны.
Мэта курсавой работы выявіць мастацкія асаблівасці прозы Ядвігіна Ш.
Задачы курсавой работы:
асэнсаваць літаратурную спадчану Ядвігіна Ш. з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі;
па-новаму перачытаць прозу Ядвігіна Ш., паказаць якія важныя і актуальныя праблемы ставіў і вырашаў паэт у творах;
выявіць мастацкія асаблівасці прозы Ядвігіна Ш.
ацаніць наватарскія здабыткі Ядвігіна Ш. ў мастацкім увасабленні задумы.
Вывады: па тыпе свайго таленту Ядвігін Ш. адносіцца да пісьменнікаў, якіх менш за ўсё прываблівае ўменне схопліваць прадмет ва ўсёй яго рухомай складанасці і непаўторнасці, уменне ўдыхнуць у яго жыццё. Гэта не стыхія Ядвігіна Ш., не ў гэтым ён бачыць аснову сваёй творчасці. Як мастак Ядвігін Ш. больш філосаф, мысліцель, чым жывапісец. Для яго важны не прадмет, а сэнс прадмета, і іх натхненне ўсплывае толькі для таго, каб праз вернае прадстаўленне прадмета зрабіць у вачах усіх відавочным і асязальным сэнс яго. Галоўная сіла таленту Ядвігіна Ш. не ў творчасці, не ў мастацкасці, а ў думцы, глыбока прачутай, цалкам усвядомленай і развітай.
Прапановы: работа можа быць выкарыстана на ўроках беларускай літаратуры ў школе, пры напісанні метадычных распрацовак па вывучэнні творчасці Ядвігіна Ш., пры правядзенні літаратурных вечарын.
PAGE 1